Радзім Гарэцкі

Янка Купала і браты Гарэцкія


Максім Гарэцкі ў 1909-1913 гг. вучыўся ў Горы-Горацкім каморніцка-агранамічным вучылішчы і тады пазнаёміўся з вершамі Янкі Купалы, апублікаванымі ў “Нашай Ніве”, а потым і з іншымі яго творамі. Ён захапляўся Купалавай паэзіяй і, калі прыязджаў дахаты ў Малую Багацькаўку, чытаў родным, у тым ліку і Гаўрылу. Выразна і артыстычна дэкламаваў вершы са зборнікаў “Жалейка”, “Шляхам жыцця”, “Гусляр”. Гаўрыла Гарэцкі ўспамінаў: «Максім прачытаў сваім братам і сястрычцы ўсю “Жалейку”. Тлумачэнні вершаў Янкі Купалы з “Жалейкі”, якія даваў нам старэйшы брат, былі выключна яскравыя, натхнёныя, узвышаныя. А само чытанне купалаўскіх вершаў Максімам было такім мастацкім, што яно зачароўвала нас, захоплівала, параджала замілаванне паэзіяй Янкі Купалы, палкую любоў да нашага роднага вялікага паэта.
Асабліва магутны ўплыў на нас меў верш Янкі Купалы “А хто там ідзе?”.

У 1912 г. Максім Гарэцкі стаў друкаваць у “Нашай Ніве” нататкі пра розныя падзеі ў Магілёўскай губерні, а ў студзені 1913 г. апублікаваў там пад псеўданімам Максім Беларус першае апавяданне “У лазні”. У той час Янка Купала быў у Вільні, цесна супрацоўнічаў з “Нашай Нівай”, а з сакавіка 1914 г. афіцыйна пачаў падпісваць газету як адказны рэдактар.

Пасля заканчэння вучылішча ў ліпені 1913 г. М. Гарэцкі быў накіраваны на працу каморнікам на Віленшчыну. (Там ён пазнаёміўся і пасябраваў з Янкам Купалам.) Шэраг нататак і апавяданняў пісьменніка звярнулі на сябе ўвагу рэдакцыі “Нашай Нівы”, якая змясціла ліст да яго: “Максіму Беларусу. Дужа дзякуем за Вашы творы, каторыя Вы нам прыслалі ў апошнія часы. Мы верым, кажучы словамі нашых прадзедаў, што праз Вас “памножана будзе слова слаўнай айчызны нашай”, калі толькі агонь, каторы гарыць у Вас, будзе далей разгарацца”.

“Наша Ніва” і яе адказны рэдактар сачылі за лёсам сваіх аўтараў. У верасні 1914 г. пад рубрыкай “Нашы пісьменнікі і грамадскія працаўнікі на вайне” змешчаны фотаздымак М. Гарэцкага з подпісам “М. Гарэцкі, пісьменнік-містык, родам з Магілёўшчыны, каморнік (землямер)”, а 13 лістапада - паведамленне: “Гарэцкі ранены. Наш вядомы пісьменнік М. Гарэцкі, якога фатаграфія была надрукавана ў № 37 “Нашай Нівы”, ранены ў нагу і цяпер лечыцца ў Вільні ў ».

У “Каляднай пісанцы” (Вільня, 1913) М. Гарэцкі надрукаваў публіцыстычны артыкул “Наш тэатр”, а ў № 5 “Нашай Нівы” за 1915 г. Я. Купала змясціў рэцэнзію “Залёты, аперэтка Вінцука Дуніна-Марцінкевіча”, эпіграфам якой узяў вытрымку са згаданага артыкула тое, што “тэатр - сіла непамерная” і “ў адраджэнні беларусаў... можа сыграць вялікую ролю”.

Лёс зноў звёў пісьменнікаў у Смаленску, куды абодва пераехалі ўвосень 1917 г. і дзе сустрэлі Кастрычніцкую рэвалюцыю. Янка Купала працаваў агентам аддзела забеспячэння Заходняй вобласці, Максім Гарэцкі — камендантам жыллёвага аддзела, потым - супрацоўнікам газеты “Известия Смоленского Совета депутатов”, а пазней — загадчыкам розных аддзелаў газеты “Звезда”. На пачатку 1918 г. да брата прыехаў Гаўрыла Гарэцкі, які быў вольны ў сувязі з часовым закрыццём Горы-Горацкага каморніцка-агранамічнага вучылішча, дзе вучыўся. Ён паступіў на працу служачым эканамічнага аддзела Смаленскага Саўдэпа і стэнаграфістам Савета народнай гаспадаркі выканкама Заходняй вобласці (“Облискомзап”).

Гаўрыла Гарэцкі ўспамінаў: «У 1918 годзе ў Смаленску жыў і Янка Купала з маладою жонкаю Уладзіславай Францаўнай, жылі яны на Малой Багаслоўскай вуліцы, у прыдаліннай частцы горада, у аднапавярховым доме. Купала досыць часта запрашаў Максіма ў госці, брат і мяне браў з сабою. Хоць і цяжка жылося ў той час, але Уладзіслава Францаўна заўседы была выключна гасціннай і жыццярадаснай.
<...> Янка Купала і брат разглядалі кнігі па гісторыі Смаленска і Мсціслава, па этнаграфіі Беларусі і Смаленшчыны, па нумізматыцы. Купала паказваў сваю досыць багатую нумізматычную калекцыю, частку якой, разам з дзвюма кнігамі па нумізматыцы, ён падараваў нам.
Купала і брат гаварылі пра беларускую літаратуру, этнаграфію, гісторыю, пра беларускія слоўнікі І.І. Насовіча і У.М. Дабравольскага, які жыў тады ў Смаленску. Самаадданая дзейнасць Насовіча і Дабравольскага па складанні беларускіх слоўнікаў вельмі падабалася Купалу і брату.
<...> Асабліва цікавіўся Янка Купала ў Смаленску “Словам аб палку Ігаравым"...
» Ужо праз год (3.10.1919) Я. Купала закончыў пераклад “Слова...” на беларускую мову.

Падчас жыцця ў Смаленску ўсе яны перанеслі досыць цяжкія хваробы: у студзені 1918 г. Гаўрыла захварэў на плямісты тыфус, пазней Максім - на іспанку, а ў ліпені Янка Купала - на дызентэрыю.

Янка Купала і Максім Гарэцкі ў кастрычніку 1918 г. запісаліся слухачамі факультэта па гісторыі мастацтваў на Смаленскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. Тады ж М. Гарэцкі напісаў заяву ў Смаленскую архіўную камісію “Имею честь просить Архивную Комиссию выдать мне и слушателю того же Института Ивану Доминиковичу Луцевичу (белорусский поэт Янка Купала) разрешение на право пользования книгами и материалами библиотеки Архивной Комиссии”. І падпісаў: “Составитель русско-белосского словарика М. Горецкий”. I сапраўды, у Смаленску ён вельмі рупліва працаваў над стварэннем слоўніка. Яму як мог дапамагаў малодшы брат. У канцы года першы “Руска-беларускі слоўнік” братоў Гарэцкіх выйшаў з друку.

Смаленскі перыяд жыцця Янкі Купалы і братоў Гарэцкіх адзначаны вельмі складанымі гістарычнымі падзеямі: Кастрычніцкая рэвалюцыя; у снежні ў Мінску прайшоў I Усебеларускі з’езд, які бальшавікі разагналі (пра гэта М. Гарэцкі праўдзіва напісаў у 1922 г. у апавяданні “Усебеларускі з’езд 1917 года”). У лютым 1918 - студзені 1919 г. — нямецкая акупацыя Беларусі. 25 сакавіка 1918 г. была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. У кастрычніку 1918 г. Янка Купала напісаў славуты верш “На сход!”, у якім зноў прагучаў заклік да ўсіх беларусаў: “На вялікі сход! Па Бацькаўшчыну!”. Смаленск жыў чаканнем абвяшчэння Беларускай рэспублікі. Аляксандр Чарвякоў паўсюль насіў з сабою “Этнаграфічную карту Беларусі” Яўхіма Карскага, падараваў яе Гаўрылу Гарэцкаму з надпісам: “Ад беларускага камісара”. Прыехалі З. Жылуновіч, Ф. Шантыр, Я. Дыла і інш. Ішла жорсткая барацьба - А. Мяснікоў і многія іншыя бальшавікі былі супраць стварэння БССР, якая ўсё ж напрыканцы 1918 г. у этнаграфічных межах была абвешчаная I Краёвым з’ездам РКП Заходняй камуны (перайменаваны ў I з’езд БКП). Гэта радавала Янку Купалу і братоў Гарэцкіх. Аднак яны сталі сведкамі страшэнных пакутаў людзей: масавых расстрэлаў, бясчынстваў на вёсцы, дэмагогіі, хамства, здзекаў, хлусні, страху... Разабрацца ва ўсёй той блытаніне і катавасіі было складана, у многіх прадстаўнікоў інтэлігенцыі “душа дваілася”... Менавіта тады М. Гарэцкі задумаў, а можа, і пачаў пісаць аповець “Дзве душы” (выйшла з друку ў Вільні ў 1919 г.). Янка Купала ў лісце да Браніслава Эпімаха-Шыпілы пісаў: “Там, жывучы праз увесь цяжкі і жудкі 1918 г., я папраўдзе быў, як непрытомны. Там жа ў Смаленску атрымаў Ваш ліст з просьбай аб пасылцы. Гэтага я ніякімі сіламі зрабіць не мог, бо забаронена было пасылаць што-небудзь з Смаленску”.

На пачатак лютага 1919 г. у газеце “Грамадзянін” пад рубрыкай “З менскага жыцця” з’явілася паведамленне: «Там арганізавалася цяпер “Беларускае літаратурна-навуковае таварыства”, у якім актыўную прымаюць чыннасць... Янка Купала і Максім Гарэцкі, каторыя раней праз увесь час акупацыі былі ў Смаленшчыне». Але ўжо ў канцы лютага рэдакцыю “Звязды” перавялі ў Вільню, туды ж пераехаў і М. Гарэцкі.

У канцы кастрычніка 1923 г. М. Гарэцкі з сям'ёй перабраўся з Вільні ў Менск, дзе таксама сустракаўся з Янкам Купалам. Яшчэ ў Вільні выйшілі два выданні “Гісторыі беларускае літаратуры”, а ў 1924 г. у Мінску - трэцяе. Аўтар асвятліў творчасць Янкі Купалы, адзначыў, што “наш паэт па характары свайго таленту - пераважна лірык. У лірыцы паказаў ён свой магутны паэтычны дар і дасяг памысных рэзультатаў творчасці. Лірызмам душы паэта ахоплены яго эпічныя вершаваныя рэчы, лірыкай перасыпана і яго драма. Лірычных вершаў у Купалы дужа многа. Агульны тон іх элегічны і мякка-сатырычны. <...> Лірыка Купалы более музыкальная, чымсе пластычная; часам гэта проста музыка. <...> Ідэялогія адраджэння ёсць галоўнай прыметай не толькі лірыкі, але ўсея паэзіі песняра”.

13 снежня 1923 г. Валерыю Брусаву споўнілася 50 гадоў. Янка Купала і Максім Гарэцкі разам з Якубам Коласам, Цішкам Гартным, Змітраком Бядулем, Міхасём Чаротам накіравалі віншавальную тэлеграму юбіляру.

Яшчэ ў студзені 1922 г. на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі пачалася дзейнасць Інстытута беларускай культуры. У склад камісіі правадзейным членам увайшоў і Янка Купала, а ў студзені 1925 г. зацверджаны новы склад правадзейных членаў з Янкам Купалам, Максімам і Гаўрылам Гарэцкімі ў тым ліку.

У траўні-чэрвені 1925 г. на Беларусі шырока адзначалася 20-годдзе літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы. У сувязі з гэтым у Інбелкульце адбылося ўрачыстае пасяджэнне, дзе, як паведамляла газета “Савецкая Беларусь”, “добра і падрабязна высветліў ролю Янкі Купалы ў беларускім нацыянальна-культурным адраджэнні пісьменнік Максім Гарэцкі. Па яго прапанове сход ушанаваў маці і жонку песняра, якія прысутнічалі на ўрачыстасці”.

Гаўрыла і асабліва Максім Гарэцкі часта сустракаліся і працавалі з Янкам Купалам у Інбелкульце. Яны ўдзельнічалі ў рабоце Тэрміналагічнай і Літаратурнай камісій, мовазнаўчай секцыі, Камісіі па складанні слоўніка беларускай мовы і інш.

Янка Купала і Гаўрыла Гарэцкі ў красавіку 1927 г. прысутнічалі на VIII Усебеларускім з’ездзе Саветаў, дзе іх абралі кандыдатамі ў члены ЦВК БССР, а ў траўні 1929 г. - членамі ЦВК БССР дзевятага склікання. У снежні 1928 г. Янка Купала і Гаўрыла Гарэцкі сталі першымі акадэмікамі Беларускай Акадэміі навук, урачыстае адкрыццё якой адбылося 1 студзеня наступнага года.

Максім і Гаўрыла Гарэцкія сябравалі з сем’ямі Янкі Купалы, Якуба Коласа і многіх іншых пісьменнікаў і навукоўцаў (3. Бядуля, У. Дубоўка, А. Якімовіч, А. Смоліч, С. Некрашэвіч, А. Лёсік і інш.), сустракаліся не толькі ў афіцыйных і працоўных умовах, але і ў хатніх. Неяк і Гаўрыла Гарэцкі запрасіў да сябе Янку Купалу. Ларыса Восіпаўна Гарэцкая ўспамінала: “Сустрэчы з Янкам Купалам адбываліся найбольш на прэм’ерах у тэатры, на канцэртах. Колькі разоў былі мы і ў яго хаце. Аднойчы нам давялося прымаць высокіх гасцей — Янку Купалу з Уладзіславай Францаўнай у сваім доме. Былі яшчэ і другія госці. Мне ніколі не прыходзілася прымаць такіх дарагіх, выдатных людзей. Звычайна бывалі ў нас нашы равеснікі, роўныя нам — усё было проста.
А тут - вядомыя людзі - сам Янка Купала! Чым жа частаваць? Вось я і надумала, што найлепшым пачастункам будзе тое, што я з дзяцінства лічыла найбольш смачным, найбольш любіла - гэта шынка без сала, чайная каўбаса, сыр галандскі, кансервы шпроты і... пірожныя. Канешне, салодкае віно. Муж ужо па сваёй ініцыятыве набыў мацнейшае пітво, каньяк ці што там яшчэ. Селі мае госці за стол і неяк разгублена глядзяць на мой стол, нерашуча поркаюць відэльцамі. Мяне аж жар працінае ад хвалявання.
Раптам падыходзіць да мяне Іван Дамінікавіч і ціхенька на вуха шэпча: “Ларысачка, а ці ёсць у цябе селядзец?” - “Ёсць!” - “Дык пойдзем”. У кухні мы з ім чысцім селядцы, а суседка па кватэры шпарка накачвае прымус, каб хутчэй зварылася яе бульба, якую яна сабе рыхтавала, а цяпер аддае нам. Калі ўсё было гатова, Іван Дамінікавіч і я досыць урачыста ўнеслі гэты “шыкоўны” пачастунак да нашага застолля. Госці сустрэлі нас шчырым здавальненнем, стала весела і жвава. А мне трохі і палегчэла ад тае няёмкасці. Я была так удзячна Івану Дамінікавічу і яшчэ з большай павагай убачыла ў ім Вялікага Чалавека і такога простага, душэўнага нашага любага паэта Янку Купалу”
.

1929 год - год “вялікага пералому”, суцэльнай калектывізацыі, моцнага абвастрэння барацьбы супраць усякіх праяваў “антыкамуністычнай ідэалогіі”, “буржуазнай нацдэмаўшчыны”. У ліпені 1930 г. Максім і Гаўрыла Гарэцкія былі арыштаваныя і амаль праз год высланыя - першы ў Вятку, другі — на Салаўкі. Многія знаёмыя адвярнуліся ад іх сем’яў (сувязь з “ворагамі народа” небяспечная), але Янка Купала і Уладзіслава Францаўна дапамагалі ім. Калі Ларысе Гарэцкай перад высылкай мужа трэба было тэрмінова паехаць на апошняе спатканне ў Оршу, а грошай не было, Янка Купала пазычыў ёй 75 рублёў.

Янку Купалу не арыштавалі, але шмат разоў выклікалі на допыты ў ДПУ. У знак пратэсту супраць страшэннага гвалту з найлепшых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі ён напрыканцы лістапада 1930 г. пайшоў на самагубства, але лёс захаваў яго жыццё. 4 лютага 1931 г. закончыў жыццё самагубствам першы прэзідэнт Беларускай Акадэміі навук гісторык Усевалад Ігнатоўскі. Магчыма, гэтыя акты самагубства найболып вядомых людзей Беларусі прымусілі ўлады не праводзіць адкрыты судовы працэс па справе “Саюза вызвалення Беларусі”, як меркавалася спачатку, па аналогіі з судовым спектаклем на Украіне, які адбыўся ў Харкаве па справе “Спілка візволення Украіны”.

Ужо 14 снежня 1930 г. у газеце “Звязда” надрукаваны “Адкрыты ліст” Янкі Купалы, у якім ён адмяжоўваўся ад нацдэмаў. Гэта быў пераломны момант у жыцці і творчасці песняра, пасля якога ён быў вымушаны многія творы і выступленні рабіць не ад шчырага сэрца, а так, як патрабавалі тагачасныя палітычныя абставіны. Паэт з тонкай, чуллівай і таму вельмі ранімай натурай асабліва балюча перажываў усе супярэчлівыя і драматычныя падзеі 1930—1940-х гг.

Было цяжка ад таго, што яго праслаўлялі і адначасова забаранялі друкаваць найлепшыя творы ранейшых гадоў.

Янку Купалу Максім Гарэцкі больш не бачыў (10 лютага 1938 г. ён быў расстралянны ў Вязьме, у 1959 г. поўнасцю рэабілітаваны). Гаўрылу Гарэцкаму давялося яшчэ раз здалёк убачыць песняра. Той стаяў побач з Максімам Горкім на параходзе пры ўрачыстым адкрыцці Беламорска-Балтыйскага канала ў жніўні 1933 г. Гаўрыла Гарэцкі быў на беразе сярод натоўпу зняволеных, сасланых і вольнанаёмных будаўнікоў канала. Пазней Янка Купала расказаў пра паездку на канал у лісце “Цуда, створанае бальшавікамі”, надрукаваным у газеце “Літаратура і мастацтва” і “Літаратурнай газеце”.

Гаўрыла Гарэцкі вельмі перажываў, калі даведаўся пра загадкавую смерць Янкі Купалы. Усё жыццё ён насіў у сэрцы вобраз песняра, часта згадваў яго, перачытваў яго творы, пры магчымасці наведваў Уладзіславу Францаўну...

Ён у лісце (19.V.1943 г., Масква) да Ларысы Гарэцкай пісаў: «Учора ўвечары быў у Якуба Коласа - ён сёньня едзе па сям’ю. У Коласа спаткаўся з цёткаю Уладзяю, Купаліхаю. Яна толькі прыехала з Казані. Была стомленая з дарогі, узрушаная спатканьнямі, узнэрваваная. Кінулася да мяне, цалавала і плакала. Яна мае вельмі змучаны выгляд, стомленая, збянтэжаная, адзінокая. Відаць і хочыць узьняцца ў ёй надзея, імкненьне, і раптам усё абрываецца, як успомніць згубу. Колас трапна сказаў пра яе стан верш, сэнс якога прыблізна такі: “Сердце радостно не трепещет у того, для кого уже не бьется другое сердце”. Стала пасьля гэтага вельмі ціха, ціха ў пакоі. А былі там таксама Міхась Лынькоў, Пятрусь Броўка, Максім Танк, адна маладзенькая партызанка з Барысава. Бедная, бедная Уладзя — яна нават ня ведае абставін сьмерці Янкі. Цётка Уладзіслава вітае Цябе і цалуе. Пра ўсіх распыталася.
Усе рукапісы Янкі, увесь яго багаты літаратурны архіў - усё згарэла ў Менску, калі палілі яго немцы. Янка пры жыцьці асабліва шкадаваў аб гэтай страце. Яны нічога з сабою не змаглі захапіць. З полымем згінулі вялікія каштоўнасьці, бязцэнная спадчына беларускае культуры»
.

У лісце ад 25.V.1943 г. адзначыў: “Быў у Купаліхі. Шмат чаго яна апавядала мне пра апошні год жыцця Купалы. Якія цяжкія ў яго былі перажываньні — ад фізычных хвароб і іншых”.

Ліст ад 17.VI.1943 г. з Масквы: «Учора быў я ў гасьцёх у цёткі Уладзіславы, якая жыве ў гасьцініцы “Масква”. Добра пагаманілі. Успамінае яна ўсё Янку, яго апошнія гады. Паказала мне ўсе яго апошнія карткі. Як-небудзь поедзем у Крэматорый, укланіцца праху вялікага нашага песьняра-прарока. Крыўды ўсе свае яна расказала. Вітае Цябе. Казала, што тут у Маскве і Мядзёлка, якая адна з блізкіх і была толькі на хаўтурах. “І вачэй маіх ніхто не зачыніць” — успамінала Уладзіслава адзін з яго вершаў, прадбачлівы. Агледзіў я месца страшное катастрофы. Цяжка проста ўявіць, як мог адбыцца такі выпадак... 28.VІ будзе гадавіна, адбудзецца вечар памяці».

Пра ўражанні ад вечара ў лісце ад 2.VІІ.1943 г.: “Прыйшлі, калі ўжо паэты чыталі свае вершы, прысьвечаныя Купалу. Гэта была самая лепшая частка вечара. Чыталі вершы: М. Танк, П. Глебка, П. Броўка, Пестрак, Астрэйка. Асабліва моцнае ўражаньне засталося ў мяне ад Глебкі, і ад яго чытаньня (выключная шчырасьць і чыстата), і ад вершу: “А ты, сіраціна, жыві”... Народ, які мае палкіх песьняроў, няўміручы. <...> Наогул, вечар быў арганізаваны зусім дрэнна, нядбайна. <...> Толькі выступленьні паэтаў паказалі, што жыве і век будзе жыць Янка Купала, беларускае слова і культура, жыць будзе вечна беларускі народ. А батракі і нядбальства іх - мінуць, памруць”.

Калі Г. Гарэцкі працаваў у 1946 г. на Волзе па інжынерна-геалагічных даследаваннях пад Волжскія і Камскія ГЭС недалёка ад Казані, ён не мог не завітаць у пасёлак Пячышчы, дзе ў 1941-1942 гг. жыў Янка Купала. Ён занатаваў успаміны людзей, якія ведалі паэта, і напісаў артыкул “Памяць аб Купале на Волзе”. Даслаў яго ў газету “Літаратура і мастацтва”, але тады напісанае засталося ненадрукаваным (небяспечны аўтар з “нацдэмаў”; толькі пасля смерці аўтара яго сын апублікаваў артыкул у той самай газеце ў 1989 г.).

Ліст ад 30.1.1947 г. з Масквы: “Увечары хадзіў наведаць цёцю Уладзю. Там было шмат людзей: Канстанцыя, артыст К. Саннікаў, пісьменнік М. Зінгер, Даніла Міцкевіч, дзьве старэнькія жанчыны Ждановічы (маці 76 год, дачцэ пад 50), нейкая маладая дзяўчына і яшчэ розныя госьці зьяўляліся і зьнікалі. Даўно я не бачыў такой калаверці людзей — гэта вельмі стамляе.
Цёця Уладзя... стомленая, роспачлівая, нэўрастэнічная, на ўвесь сьвет пакрыўджаная.
<...>Дабрата ранейшая Купаліхі, фанатычнае адчуваньне адказнасьці за Купалаўскую памяць, яе мучаньні і роспач перамаглі ўсё няпрыемнае.
Цёця Уладзя дала мне плакат памяці Купалы, дзьве кніжачкі, прысьвечаныя яго памяці, фатакартку. Дзякавала за артыкул, казала, што выдрукуюць яго к пятым угодкам. Дала мне прачытаць верш М. Рыльскага - вельмі чулы і прыгожы, дзе ён раўнуе Купалу з Шаўчэнка, адзначае, як граніў Купала беларускае слова, як застаецца ён на вякі вобразам крылатай Беларусі. Чытаў успаміны М. Зінгера, А. Караваевай”
.

Ліст ад 13.11.1955 г. з Масквы: “Толькі што глядзелі, слухалі “Паўлінку” ў філіале МХАТ. Гэта быў не проста спектакль, а трыумф беларускага тэатральнага мастацтва. Слухачы зразумелі артыстаў, часамі панавала тая няўлоўная цішыня, якая ствараецца ў тэатры ў хвіліны найвялікшага ўздыму, калі мастацтва пануе над усёю істотаю людзей. Дык такіх хвілін абсалютнае цішыні было шмат.
А колькі воплескаў, непасрэдных, шчырых у час дзеяньня, колькі сьмеху, сапраўднага захапленьня. Амаль ніколі не адчуваў я такога еднаньня артыстаў і гледачоў, як сёньня.
Гэта нельга выказаць словамі. Насалоду адчуў я найвышэйшую, якой амаль ніколі такой не адчуваў. І радасьць ахапіла ўсё сэрца - вось яно тое вялікае, дзеля якога было столькі ахвяр.
Вось і зараз — так хораша на душы, так радасна. “Ныне отпущаеши” - хочыцца сказаць. Няўміручы народ і яго сапраўды народнае мастацтва!
У тэатры спаткаліся з цёткай Уладкаю - шчыра так пагаманілі, праводзілі яе да Пушкінскай вуліцы, а самі паехалі сюды. Цётка Уладыслава запрашала нас у Мінск да сябе ў госьці, абяцала ўсё паказаць”
.

У лістах да сваёй жонкі Гаўрыла Гарэцкі пісаў: “І ня мог адарвацца ад чытаньня “Дневника” Т. Г. Шаўчэнкі. <...> Чамусьці ўспамінаецца Янка Купала, які быў у нас бліжэй да Шаўчэнкі, чым Якуб Колас. I той незабыўны ўчынак. Ахвяры, ахвяры...” (2.XII.1961); “Сёньня ў “Камунісьце”... у артыкуле Р. Шлопака і С. Якубоўскай “Слаўная гісторыя беларускага народу”, прачытаў такія красамоўныя радкі: “В последние годы в республике особенно усилилась тяга белорусов к русскому языку. Здесь наблюдается естественный процесс - русский язык стал или становится родным для значительной части населения. Этот процесс... содействует подъему культуры белорусского народа”. Многае робіцца больш зразумелым пасьля прачытаньня і паглыбленьня ў сэнс гэтых радкоў... Прыходзіць на думку верш Янкі Купалы “Раскрыйся нанова магіла...” (17.XI.1962); “Зноў наведаў магілы нашых сучаснікаў: Янкі Купалы, цёткі Уладкі, Якуба Коласа, яго жонкі, Ігнатоўскага...” (20.IX.1966); “Цалюсенькі дзень чытаю “Гісторыю беларускай дакастрычніцкай літаратуры”, т. 2. <...> Зараз зноў пачну чытаць пра Янку Купалу - каб набрацца больш сацыяльнага і нацыянальнага аптымізму” (20.ІV.1969, Мінск); “Прачытаў маладыя вершы Купалы - якое хараство! Бяру томік вершаў і паэм Купалы ў дарогу; 25.VI, у дзень нараджэньня, мы будзем недзе блізка ад Вязынкі” (10.VI.1970, Мінск); “А В. С. так памыляецца ў ацэнцы помніка Купалу. Гэты помнік - такі ж шэдэўр мастацтва, як помнік Шапэну, Пушкіну” (18.VIII.1971, Мінск).

Гаўрыла Гарэцкі надрукаваў некалькі ўспамінаў пра Янку Купалу: “Наш Купала - мой Купала” (1980), “А хто там ідзе” (1981), “Вобраз Янкі Купалы ў маім успрыманні” (1982), “Памяць аб Купале на Волзе” (1989).

Янку Купалу ніколі, нават у моманты самых змрочных перажыванняў, не пакідала нязгасная вера ў беларускі народ:
О! Веру, веру, што загнаны
Мяне не здрадзіць мой народ...