Алена Ярмоленка,
аспірантка кафедры беларускай літаратуры
Гомельскага дзяржўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны,
магістр філалагічных навук.

Міфалагічная i фальклорная традыцыі ў творчасці Максіма Гарэцкага

Мастацкая творчасць пісьменніка – таямнічая tегга іnсоgnіtа, якую адкрывае для сябе цікаўны чытач, спасцігаючы сутнасць творчай задумы аўтара. Як зямля тоіць незлічоныя скарбы, так і творчасць Максіма Гарэцкага беражліва захоўвае каштоўнасці народнай творчасці – міфалогію і фальклор.

Творы класіка беларускай літаратуры відавочна адлюстроўваюць цікавасць пісьменніка да гістарычнага лёсу народа, да міфалагічнай і фальклорнай спадчыны беларусаў. М. Гарэцкі зразумеў неабходнасць звароту да мінулага дзеля будучыні, стаў адным з даследчыкаў вуснай народнай творчасці і стваральнікам на яе аснове класічнай беларускай літаратуры.

Максіму Гарэцкаму належаць працы па вывучэнні фальклору і міфалогіі. Яго разуменне многіх міфалагічных тэрмінаў – анімізм, дуалізм мыслення, містыцызм, міф, міфалогія і міфалагічны эпас – блізкае да сучаснага, што сведчыць пра глыбокае веданне праблемы. Зробленае ім назіранне пра супольнасць нашай народнай паэзіі з паэзіяй самых далёкіх народаў (у анімістычнасці светапогляду, у слядах першабытнага веравызнання, у формах сямейнага і грамадскага жыцця) не страціла актуальнасці і сёння.

Даследчык вылучаў у фальклоры і міфалогіі захаванае праз многія стагоддзі сведчанне пра самыя старажытныя пласты народнай свядомасці, імкненне да “патаёмнага” ў жыцці, да духоўнага пошуку. Пра літаратурную дзейнасць класіка гаворыць Л. Корань у працы “Цукровы пеўнік”: “Але для М. Гарэцкага ў 10-20-я гг. XX ст. этнаграфічны рамантызм, фальклорная стылізацыя і нават літаратурная міфатворчасць не маглі быць самадастатковымі. Нават самая, здавалася б, кандовая цікавасць М. Гарэцкага да беларускага забабоннага чараўніцтва, да містыкі безумоўна мае на ўвазе больш шырокі кантэкст. М. Гарэцкі турбуецца ні больш ні менш як пра тое, каб паказаць “другім народам зямным, што за народ такі есць беларусы”, што маюць яны не толькі “очень смешные анекдоты и весьма странные суеверия”, а і нешта палепш ад жартаў і забабонаў, нешта гэткае, перад чым прыемна адчыніцца агульналюдская скарбніца векавечных здабыткаў культуры і цывілізацыі...”.

Скарбы беларускай культуры, выкарыстаныя М. Гарэцкім, згадвае і В. Шынкарэнка ў даследаванні “Нястомных пошукаў дарога”: “...схільнасць М. Гарэцкага (1893 – 1938) да канкрэтыкі фактаў у большасці яго апавяданняў і буйных эпічных жанрах, ва ўласна гістарычных творах нечакана змяняецца пераважным выкарыстаннем абагуленых народна-паэтычных вобразаў і прыёмаў. Прычына такой з’явы не ў недахопе ці няведанні гістарычнага матэрыялу, не ў адсутнасці дакументальных крыніц (хоць у адносінах да гісторыі Беларусі і першае, і другое можа мець месца), а ў пэўнасці эстэтычнай задачы, што ставіў перад сабой пісьменнік. У лаканічнай форме яе можна акрэсліць наступным чынам: узнавіць, праспяваць тое, “што ўжо навекі пахавана для пазнейшых часоў”.

Даследчык творчай спадчыны пісьменніка С. Каралевіч зазначае: “М. Гарэцкі – пісьменнік, народжаны беларускай зямлёй, узгадаваны на традыцыях народнай мовы, народнай паэзіі, народнай песні. Маці яго, Е. М. Гарэцкая, яшчэ ў дзяцінстве адкрыла будучаму пісьменніку чароўны свет песеннага фальклору, і на ўсё жыццё захаваў ён прыхільнасць і цікавасць да народнай творчасці”.

Пра збліжэнне мастацкага вобраза з народнай традыцыяй яскрава гаворыць і аналіз моўных сродкаў, праведзены Л. Кныш у артыкуле “Моўныя сродкі ў творах Максіма Гарэцкага”: “Характэрнымі сродкамі выяўленча-мастацкай сістэмы пісьменніка з’яўляюцца фразеалагізмы, прыказкі і прымаўкі. М. Гарэцкі вельмі ўмела ўводзіў іх у кантэкст, шукаючы найболып натуральнае моўнае асяроддзе. Яны выступаюць як у традыцыйна-народным, так і ў трансфармаваным выглядзе і... надаюць творам спецыфічны каларыт і самабытнасць...”.

Асаблівую ўвагу аддаваў пісьменнік народным казкам, старанна вывучаючы іх. У навуковай працы “Гісторыя беларускай літаратуры” ён разважае пра паходжанне казак, гісторыю іх развіцця, спрабуе класіфікаваць вядомыя яму казачныя сюжэты, вызначае асаблівасці беларускай народнай казкі. Заканамерна, што пісьменнік выкарыстоўвае казачныя сюжэты і матывы, захоўваючы некаторыя традыцыі вуснай народнай творчасці ў сваіх апавяданнях.

Каб прасачыць узаемадзеянне мастацкай творчасці пісьменніка і фальклору, неабходна вызначыць структурныя элементы класічнай народнай казкі. Гэтаму дапамогуць працы “Марфалогія казкі” У. Пропа, “Структура чароўнай казкі” Е. Меляцінскага.

Уладзімір Проп пастаяннымі ўстойлівымі элементамі казак называе функцыі дзейных асоб. Лік гэтых функцый абмежаваны, паслядоўнасць заўсёды аднолькавая. Акрэслівае У. Проп і ролі дзейных асоб казкі.

У сваю чаргу Е. Меляцінскі вызначае асноўныя бінарныя апазіцыі, характэрныя для сюжэтных калізій казкі, правілы паводзін галоўнага героя, аналізуе прынцыпы сувязі элементаў структурнай мадэлі казкі, характарызуе казачны хранатоп. Такім чынам, казка – гэта іерархічная структура бінарных блокаў, “у якой апошні блок (бінарны член) абавязкова мае дадатны знак... Бінарная структура, адкрытая яшчэ У. Я. Пропам, не навязваецца казцы звонку, а вынікае з самой прыроды жанру. Бінарнасць палягае ў аснове як вялікіх сінтагматычных блокаў (выпрабаванне – набытак або страта казачных каштоўнасцей), так і любых учынкаў (дзеянне – супрацьдзеянне, стымул – рэакцыя)”.

Беларускія даследчыкі даюць наступнае азначэнне казкі: “...мастацкае, вуснае, пераважна празаічнае апавяданне сацыяльна-бытавога, фантастычнага або авантурна-навелістычнага зместу, якое адлюстроўвае рэчаіснасць праз прызму фантазіі, выдумкі, фальклорнай умоўнасці і заключае дыдактычна-павучальны сэнс. Вызначальная рыса жанру казкі – наяўнасць фантазіі, мастацкай выдумкі”.

Жанравыя асаблівасці казкі прысутнічаюць і ў апавяданнях М. Гарэцкага, казачная паэтыка ўплывае на ўсе ўзроўні арганізацыі твораў пісьменніка і выходзіць за іх межы, уключаючы апавяданні ў шматлікія міжтэкставыя сувязі. Менавіта інтэртэкстуальнасць забяспечвае аднаўленне казачных элементаў, устанаўлівае сувязь паміж вуснай народнай творчасцю і апавяданнем. Пад уплывам культурна-гістарычнай сітуацыі і індывідуальнага стылю аўтара жанравыя асаблівасці казкі трансфармуюцца, пераасэнсоўваюцца, таму могуць быць ідэнтыфікаваны ў структуры апавядання дзякуючы асобным казачным матывам, устойлівым функцыям персанажаў, традыцыйным выразам, своеасаблівым імёнам герояў апавяданняў, інтанацыйна-моўнай пабудове, тропам.

Некаторыя з пералічаных асаблівасцей можна знайсці ў апавяданнях “Панская сучка”, “Смачны заяц”, “Страшная музыкава песня” са зборніка “Досвіткі”, напісаных М. Гарэцкім у 1920-1921 гг., у віленскі перыяд. Гады жыцця ў Вільні, нягледзячы на неспрыяльныя матэрыяльна-побытавыя ўмовы, былі, як сцвярджаюць даследчыкі спадчыны М. Гарэцкага, вельмі плённымі для творчасці. У гэты перыяд напісаны падобныя па паэтыцы і праблематыцы апавяданні, якія М. Мушынскі ў сваім манаграфічным даследаванні “Падзвіжнік з Малой Багацькаўкі” адносіць да “антыпрыгонніцкіх” ці “антыпанскіх”: “Заканамерна, што кніга “Досвіткі” атрымалася тэматычна цэласнай, бо ўключаныя ў яе творы аб’яднаны адзінствам мастацкай задумы. Гэта своеасаблівы “антыпрыгонніцкі”, “антыпанскі” цыкл, адрасаваны, аднак, сучасніку”.

Адзначае М. Мушынскі і пэўны схематызм згаданых апавяданняў: “Вядома, пэўная аўтарская зададзенасць, устаноўка на завостранае выкрыццё прадстаўнікоў пануючага класа ў апавяданнях 1920-1921 гг. усё ж адчуваецца. Гэта прасочваецца на вобразах князя (“Смачны заяц”), “акрутнага і злога пана Дастаеўскага” (“Страшная музыкава песня”)... Прадузятасць непазбежна параджае схематызм, вядзе да ілюстрацыйнасці і аднамерных, спрошчаных характарыстык, пры якіх рысы класавай псіхалогіі не знаходзяць адэкватнай формы індывідуальнага праяўлення”.

Схематызм і спрошчанасць характараў персанажаў, на нашу думку, можна патлумачыць уплывам казачнай паэтыкі, устойлівымі функцыямі і характарыстыкамі герояў, што не пагаршае мастацкай вартасці апавяданняў, а наадварот, кажа пра плённы сінтэз народнага і індывідуальна-аўтарскага, дазваляе пісьменніку стварыць яркія, запамінальныя вобразы, выкарыстоўваючы традыцыйнае вырашэнне канфлікту, кампазіцыю, бінарныя апазіцыі, фальклорныя тропы.

Прыкладам можа служыць апавяданне “Страшная музыкава песня”, якое выяўляе выразныя адзнакі казачнай паэтыкі ў сюжэтнай пабудове твора і сістэме персанажаў, утрымлівае казачныя тропы. Кампазіцыя твора складаецца з традыцыйнага зачыну. “Дзеелася тое за прыгонам. Быў у таго пана, акрутнага і злога пана Дастаеўскага, малады музыка”. Завязка твора гаворыць аб супрацьдзеянні паміж героямі апавядання: Арцёмам Скамарохам і палюбоўніцай пана, якую той прывёз з Варшавы. У асноўнай частцы адбываецца выпрабаванне героя – спакушэнне жаночымі чарамі, барацьба – змаганне са злымі сіламі каля труны памерлай спакусніцы (персаніфікацыяй іх выступае пан) і развязка – перамога героя з дапамогай чароўнай народнай музыкі.

Традыцыйна асэнсоўваюцца аўтарам і вобразы герояў апавядання, для іх характарыстыкі ён выкарыстоўвае народныя эпітэты, метафары і параўнанні. Вобразы музыкі і панаўтвараюць бінарныя апазіцыі: нізкі – высокі, свой – чужы. Пан адносіцца да высокай улады, але прадстаўляе злыя сілы, іншы свет. Просты ж музыка – чароўны герой, які абараняе сваю краіну ад ліха. Вызначальная мова героя і антаганіста ў апавяданні: музыка гаворыць па-беларуску, а пан па-польску.

Прадстаўніцай злых сіл з’яўляецца і чараўніца, палюбоўніца пана, якая спакушае галоўнага героя – музыку Арцёма. Для яе апісання аўтар таксама выкарыстоўвае народныя эпітэты і параўнанні: “Але, як зразумеў музыка, што не простым вокам глядзіць на яго панская палюбоўніца, што нездарма распушчае перад ім свае даўжэнныя, чарнюсенькія, быццам вугалле, косы, што не так сабе хмурыць свае бровы, што не абы-чаго ў яе на бел-румяным твары якоесь нецярплівае, капрызнае ламанне, – як заўважыў усё гэта, страціў ахвоту іграць ёй песні”.

Такім чынам, аснову канфлікту апавядання складае традыцыйная барацьба добрых і злых сіл, прадстаўленых супрацьлеглымі па характарыстыках народнымі персанажамі (пан і прыгонны музыка). Аўтар ужывае казачны матыў выпрабавання героя, асноўныя бінарныя апазіцыі, характэрныя для сюжэтных калізій казкі (свой – чужы, нізкі – высокі), гаваркія назвы асоб, устойлівыя звароты, эпітэты, метафары, параўнанні.

Яшчэ адна адметная рыса апавяданняў М. Гарэцкага – экспліцытная і імпліцытная інтэртэкстуальнасць. 3 першых радкоў апавядання аўтар сам паказвае на сувязь сюжэта твора з біблейскай прытчай: “От жа выйшла гісторыя, зусім, як у той Бібліі аб Язэпе тым Прыгожым і начальнікавай жонцы”. М. Гарэцкі пераасэнсоўвае біблейскі сюжэт, надае твору мясцовы каларыт за кошт выкарыстання традыцыйных беларускіх фальклорных матываў.

Асноўны канфлікт апавядання “Панская сучка” пабудаваны на супрацьстаянні самадура-князя і простай сялянскай жанчыны. Магутны князь меў незвычайную любоў да памерлай сучкі Лэдзі, чыё жыццё цаніў вышэй за жыццё падданых, прыгонных сялян. Лэдзі пакінула сляпых, нядужых шчанюкоў. Каб выкарміць іх, сілай прывозяць у палац Таццяну Турботную, у якой памерла дзіця. Людское малако не дапамагае шчанюкам, а ў іх смерці абвінавачваюць гаротную жанчыну і выдумляюць ёй незвычайнае пакаранне – накарміць так, каб аж піць папрасіла. Гераіня мае сімвалічнае прозвішча Турботная і характарызуецца як цёмная, дурная, брыдкая, нячыстая, зарумзаная бабішча. Ёй супрацьпастаўляецца князь з вялікай і магутнай постаццю, даўгімі вусамі, што “з гонарам вісяць па баках вуснаў”, якія “грэбліва, па-панску выпінаюцца”. Зноў можна назіраць устойлівую бінарную апазіцыю высокі – нізкі, увасобленую ў вобразах князя і прыгоннай сялянкі.

Аўтар уводзіць у апавяданне фальклорны элемент – галашэнне: “Ён [войт] нізка нахінуўся і ўвайшоў у хату. Печ была толькі зачыцена, і едкі дым яшчэ вісеў пад столлю і еў вочы. На лаўцы ляжаў пад белым грубым палатном, з венчыкамі на галоўцы, ссінелы маленькі дзіцёнак... Матка галасіла па дзіцяці:

А мой жа ты дзетачка,
А мой жа ты галубятачка,
Я ж цябе вынасіла, выхварала,
На прыгон у кашолцы насіла,
Сама жытца панскае жала,
Цябе снапочкамі ад сонца загараджала.
А ты ж мой дрыжоны сынулечка...
Хто ж мяне пад старасць прыгледзіць,
Кавалачак хлебца прыдбаець,
Хто ж мне прыгон служыць пасобіць?”.

Ужо даўно князь пакаціў у “бясклапотна-вясёлую” Варшаву, а бабу закармілі амаль да смерці. I ў арыстакратычным салоне баранеса спявала магнату жаласную песню:

“Гаў–гаў–гаў, сучачка!
Гаў–гаў–гаў, цюцечка!
Вечны спакой!
Без пары згінула,
Дзетак пакінула,
Вечны спакой!
Ой, лэдзінятачкі,
Дробны шчанятачкі,
Вечны спакой!..”

Знаўца чалавечай душы М. Гарэцкі супрацьпастаўляе чалавечае жыццё і жыццё панскай сучкі і шчанят. Сапраўднага драматызму ён дасягае з дапамогай апазіцыі: галашэнне маці – спевы маладзенькай баранесы.

Акрамя галашэння і пародыі на яго, аўтар уводзіць у сюжэт і казку, як жанчына выкарміла сваім малаком медзведзянят: "Спазнілася аднойчы ў полі мужычка з дзіцёначкам. Мядзведзь злавіў яе і з дзіцёнкам прыцягнуў у сваю мярлогу. Быў удавец, – мядзведзіца яго здохла, пакінуўшы дзяцей, – дык залучыў бабу, каб была ў яго за гаспадыню. Баба выкарміла медзведзянят разам са сваім дзіцёнкам. Мядзведзь, як рыцар, дбаў аб усёй сямейцы, прынасіў мёду, хлеба і ўсяго, што задавалася сцягнуць на полі ў мужыкоў, у вуллях, у зямца і абы-дзе. Калі медзведзяняты падраслі, добры іх бацька пусціў тую мамку на волю, нават паднёс, кажуць, яе хлапца да самага поля”. Зноў, як і ў папярэднім апавяданні, тэкст утрымлівае традыцыйны канфлікт (прыгонная сялянка – пан), асноўныя бінарныя апазіцыі (свой – чужы, нізкі – высокі), фальклорныя тропы, экспліцытныя інтэртэкстуальныя сувязі, якія дапамагаюць стварыць рэалістычны малюнак жыцця часоў прыгону, калі за сабак разлічваліся людзьмі, а за смерць панскіх шчанят прыгонных чакала смяротнае пакаранне.

У апавяданні “Смачны заяц” галоўны герой – адмысловы кухар, але ён мала мае панскай ласкі, як і Арцём Скамарох з апавядання “Страшная музыкава песня”. Мы бачым традыцыйнае вырашэнне канфлікту – князь і прыгонны селянін, традыцыйныя характарыстыкі героя і антаганіста: злы, гнеўны князь, які калечыць кухара, і няшчасны кухар, які ўрэшце перамагае князя.

Кампазіцыя апавядання таксама мае традыцыйную структуру. Завязка: князь аддае загад засмажыць зайца. Развіццё дзеяння пабудавана на выпрабаванні галоўнага героя: кухар павінен выкарыстаць усе свае незвычайныя здольнасці, каб прыгатаваць ката замест зайца, з’едзенага сабакамі. Майстэрства кухара ператварае мяса ў незвычайную страву, якую высока ацэньваюць князь і яго госці. Кульмінацыі дасягае сюжэт, калі князь выклікае кухара, каб узнагародзіць, а кухар чакае пакарання за падман.

Як і ў апавяданні “Страшная музыкава песня”, супрацьстаянне пана і прыгоннага селяніна не пераходзіць у адкрытую барацьбу, а вырашаецца з дапамогай чароўных сіл, незвычайных здольнасцей героя. Такое вырашэнне канфлікту ў апавяданнях са зборніка “Досвіткі” невыпадковае, яно сведчыць аб перакананні пісьменніка: вострыя класавыя супярэчнасці трэба вырашаць мірным шляхам. М. Мушынскі піша ў манаграфіі: “Назвай зборніка М. Гарэцкі публічна заяўляў, што для беларускага працоўнага селяніна празмерна доўга цягнуліся яго гістарычныя “досвіткі”, а світанак, новы дзень – яшчэ наперадзе, і абуджэнне не настане само па сабе, яго трэба набліжаць упартай працай, актыўнай духоўнай дзейнасцю, зжываючы змрочную спадчыну часоў прыгоннага права”.

Змрочная спадчына часоў прыгоннага права знайшла адлюстраванне ў розных жанрах вуснай народнай творчасці: прыказках і прымаўках, казках і песнях, выкарыстаных М. Гарэцкім для стварэння “антыпрыгонніцкага” цыкла. Яскравым прыкладам могуць служыць апавяданні “Панская сучка”, “Смачны заяц”, “Страшная музыкава песня”, якія нельга асэнсаваць, пакінуўшы па-за ўвагай фальклорную аснову, цытаты і рэмінісцэнцыі са скарбніцы здабыткаў беларускага народа. Яднае апавяданні традыцыйная барацьба добрых і злых сіл, супрацьлеглыя па характарыстыках народныя персанажы (пан і прыгонны селянін), казачны матыў выпрабавання героя, перамога (выратаванне) станоўчага героя з дапамогай чароўнай сілы. Аснова структурнай мадэлі апавяданняў – бінарныя апазіцыі, характэрныя для сюжэтных калізій казкі (свой – чужы, нізкі – высокі). Адметная рыса апавяданняў Максіма Гарэцкага – гаваркія назвы асоб, устойлівыя звароты, эпітэты, метафары, параўнанні. Асобна трэба адзначыць экспліцытную і імпліцытную інтэртэкстуальнасць, што дазваляе дасведчанаму чытачу спасцігнуць творчую канцэпцыю аўтара, які заўсёды імкнуўся да адраджэння духоўнасці ў чалавеку і асэнсоўваў пытанне існавання чалавечай асобы як шлях да гэтага адраджэння.