Валерый Максімовіч,
літаратуразнаўца. Доктар філалагічных навук.
Шляхам служэння Беларусі
(старонкі творчасці Максіма Гарэцкага)
У гісторыі беларускага прыгожага пісьменства імя Максіма Гарэцкага займае адно з першых месцаў. Пісьменнік шырокага творчага дыяпазону, шматграннага таленту, ён усё жыццё прысвяціў высакароднай справе адраджэння нацыянальнай культуры і літаратуры, выяўленню глыбінных вытокаў народнага жыцця, шматстайных праяў нацыянальнай духоўнасці. Валодаючы вялікім унутраным патэнцыялам, зайздросным творчым запалам, М. Гарэцкі, усведамляючы грамадзянскі абавязак і спраўджваючы творчае і жыццёвае крэда, усяго сябе ахвяраваў на алтар Беларушчыны. Ён смела адкрываў новыя, неабжытыя мацерыкі творчасці, імкнуўся зазірнуць у душу сучасніка, каб выхаваць пачуццё нацыянальнага гонару, самапавагі. Творы пісьменніка пазначаны высокай ступенню мастацкай праўдзівасці і глыбінёй пранікнення ў характар і псіхалогію чалавека.
З імем і лёсам пісьменніка звязана цэлая эпоха ў літаратуры – эпоха кардынальнага перагляду грамадскіх і эстэтычных пазіцый, пераацэнкі каштоўнасцей, эпоха палемічнасці, суровай крытычнасці і патрабавальнасці ў адносінах да рэчаіснасці і да самога чалавека. Гэта быў час, калі з усё большай відавочнасцю паўставала задача актывізацыі пачуцця асабістай адказнасці чалавека ў агульнай плыні гісторыі. М. Гарэцкі, чуйны да новых павеваў мастак, у сілу грамадзянскага тэмпераменту не мог не закрануць праблемы дзейснасці актыўна-творчага пачатку як у асобным чалавеку, так і ў шматлікай людской масе, паказаць, гаворачы словамі Караленкі, значнасць асобы на глебе значнасці масы.
Мастацкі свет твораў М. Гарэцкага настолькі арганічны, насамрэчны, жыццёвы, што не паддаецца грубаму механічнаму прэпараванню. Пісьменнік імкнуўся не парушыць логіку развіцця характару героя, меў на мэце прасачыць працэс яго ўнутранага станаўлення. Самавыяўленню героя надавалася першаступеннае значэнне. Прысутнасць аўтара амаль не заўважалася. У выніку ствараецца ўражанне, што пісьменнікам паказана толькі знешняе дзеянне, рух, у той час як ступень суб’ектыўнага, эмацыянальнага выяўлення абумоўлена выключна ўнутранымі рэфлексіямі галоўнага героя. Таму і дзеянне ў апавяданнях М. Гарэцкага працякае сапраўды нязмушана, натуральна. Менавіта адсюль бярэ пачатак тая суб’ектыўна-аналітычная плынь, якая ў далейшым стала замацуецца ў творчасці К. Чорнага, М. Зарэцкага, Я. Брыля, I. Мележа, М. Стральцова.
Перачытваючы раннія апавяданні М. Гарэцкага, змешчаныя ў зборніку “Рунь” (1914), міжволі заўважаеш, як далікатна, ашчадна адносіцца пісьменнік да герояў: выпісвае кожную рыску. Вядомы літаратурны і грамадскі дзеяч В. Ластоўскі пісаў: «“Рунь” – гэта не зборнік апавяданняў мляўка-стагнальных і не скалазубства з вяскоўца, з яго мазалёў і цемнаты, гэта першая ў нашай літаратуры паэма-трагедыя Маладой Беларусі. Першы голас беларускай, маладой, набалелай душы “на ўвесь свет, на Белу Русь”». В. Ластоўскі высока ацаніў галоўную вартасць зборніка – яго “грунтавы”, “заземлены” псіхалагізм, які сягаў далёка ўглыб, пад “карэнне”.
Сапраўды, апавяданні М. Гарэцкага – гэта свайго роду першаадкрыццё новага і незнаёмага дасюль мацерыка, голасу душы беларуса ў акіяне людской нематы, сацыяльнай неўладкаванасці і агульнага ўбоства жыцця. “…Адраджаць чалавека ў беларусе (не ў другім кім, бо ён [герой аднаго з апавяданняў пісьменніка] – сын беларускага народу і найлепі мог паслужыць Беларусі)” – было асноўнай і адраджэнскай, і жыццёвай, і мастацкай праграмай М. Гарэцкага. Кіруючыся гэтай высакароднай задачай, пісьменнік на першы план у творчасці ставіць трагедыю і боль душы чалавека, шчыра заклапочанага лёсам Бацькаўшчыны. I невыпадкова ў цэнтры ўвагі мастака – лёс маладога беларускага інтэлігента ў першым пакаленні, выхадца з сялянскага асяроддзя, які пакутуе ад “нязгоды” з родным краем. Гэтая “нязгода” – духоўная ўзрушанасць, рэфлексія, інтраспекцыя, – якая ў папярэднікаў толькі абрамляла дзеянне, у М. Гарэцкага становіцца сэнсавыяўленчым ядром, базісам, на ёй трымаецца сюжэтна-кампазіцыйная канва. Асаблівая вобразастваральная мадэль Гарэцкага-псіхолага дапамагае пранікнуць у глыбіню характару персанажа.
Героі М. Гарэцкага раскрываюцца праз дынаміку пачуцця і думкі. Людзі неспакойнага, пошукавага характару, яны, з аднаго боку, прадстаўнікі таго пакалення, якому адкрылася магчымасць далучыцца да культурных набыткаў чалавецтва, а з другога – моцна звязаны з глыбінна народным. Балюча ўспрымаючы несправядлівыя папрокі людзей, накшталт “запанеў, запышэў, гардзіцца”, герой апавядання “У лазні” Клім Шамоўскі разважае: «I лацвей ім… страляць у вочы “запанеў”, ведаючы вагу свае векавечнае працы мужыцкае, а хай бы яны пабачылі боль сэрца і смутак душы ў мяне, прымача ў “панстве” і пасынка вёскі, і яны лепей паехалі б з сахою на родныя палеткі, чымся, адарваўшыся ад дзядоўскіх сяліб, вісець у новым і невыразным паветры…».
Праз самарэфлексію героя М. Гарэцкі выяўляе ў характары Кліма валявы, актыўны пачатак: Клім спрабуе прышчапіць культуру роднай вёсцы, хоць яго захады і разбіваюцца аб глухую сцяну вясковай інертнасці: “Я вёз дамоў кніжкі, каб чытаць ім, – не без крыўды ў голасе гаворыць ён, – а яны кожны вечар, кожнае свята гуляюць у карты ў Мікітавай хаце, а на кніжкі не звярнулі ніякай увагі…”. Адсюль такое адчайнае самаапраўданне, якое сведчыць пра трагедыю духоўнага раздваення героя: «Скуль жа ведаць гэтаму старому вяскоўцу, “прыгонніку” Мікіту, што ён, Клім, вучыўся не дзеля таго, каб “заграбаць” грошы, што ён іншы, што ён жа не цураецца вёскі, любіць яе і шануе, як родны сын, што ён хоча кіравацца ўсімі сіламі, каб бачыць яе цвярозай, светлай, здаволенай жыццём ды сумленнай…». Як бачым, Клім імкнецца апраўдаць і зразумець аднавяскоўцаў, таго ж Мікіту.
Канфлікт героя з аднавяскоўцамі праўдзівы, сітуацыйна апраўданы. Пісьменнік ішоў ад жыцця, ад канкрэтных сітуацый, імкнучыся сродкамі мастацкай мовы перадаць, выразіць непаўторнае аблічча героя, яго памкненні і перажыванні, сум і боль, крыўду і адчай. Духоўны канфлікт героя – гэта канфлікт паміж рэальным, побытавым (сацыяльная неўладкаванасць, бруд, цемната, звыклая абыякавасць) і ідэальным, свядомасна-сутнасным (вера ў лепшую будучыню, у хараство душы чалавека). Менавіта супярэчнасць паміж рэальным і ідэальным прыводзіць героя да глыбокага роздуму, да ўнутранага супрацьстаяння, пэўнай духоўнай дваістасці. Персанажа М. Гарэцкага не задавальняе сацыяльная роля «прымача ў “панстве”» і “пасынка вёскі”. Але яго мары і добрыя намеры разбіваюцца аб глухую сцяну жорсткай рэчаіснасці. I як заканамерны вынік – песімізм і расчараванасць. Праўда, яны не прыводзяць да безвыходнасці і духоўнай дэпрэсіі, а толькі да найвышэйшага напружання ўсіх душэўных сіл, за якім наступае духоўнае ачышчэнне, прасвятленне. У гэтым мы пераконваемся, калі чытаем унутраны маналог героя: “Але не адракацца, не быць здраднікам, а любіць, шанаваць родную Бацькаўшчыну павінен, доўжан…” I далей такое шчымліва-сыноўняе, запаветнае: “Мой родны кут, люблю цябе без меры!”.
Сімптаматычна, што апавяданне заканчваецца светлым лірычным акордам. Паэтызацыя чалавека і яго ўзаемаадносін са светам, на нашу думку, – свядомы крок М. Гарэцкага ў асэнсаванні эпохі “адраджанізму”. Пры знаёмстве з раннімі апавяданнямі лёгка заўважыць, што ўсе галоўныя героі пісьменніка – натуральныя эстэты, рамантыкі духу, яны тонка разумеюць і цэняць хараство і, што асабліва важна, прагнуць не толькі бачыць, але і тварыць гармонію ў жыцці. Унутраны драматызм іх пачуццяў мяжуе з тонкім адчуваннем прыгажосці прыроды, філасофскім асэнсаваннем агульначалавечых ідэалаў, этычных катэгорый дабра і зла, жыцця і смерці, любові і нелюбові. I накал барацьбы за ідэалы з’яўляецца той сілай, якая ўзнімае герояў апавяданняў да вяршынь духу, названых Чалавечай прыгажосцю.
Засяродзіўшыся на разгадцы “праклятых пытанняў”, жадаючы даведацца “не толькі як яно, але і адкуль яно”, Архіп Лінкевіч (апавяданне “Роднае карэнне”), а ўслед за ім і аўтар, імкнецца да разгадкі жыцця, сутнасці нацыянальнага менталітэту. “Што за народ наш, беларусы?” – пытанне Архіпа Лінкевіча становіцца лейтматывам, які пранізвае ўсю творчасць М. Гарэцкага. Таямніца народнага быцця настолькі захапіла героя, што ён цвёрда вырашае “збіраць матэрыялы аб духоўным жыцці свайго народа”.
Глыбокія духоўныя рэфлексіі, сумненні часам прыводзяць Архіпа да агнастыцызму, адмаўлення навукі, сведчаць аб яго філасофскім успрыманні жыцця. Няўрымслівая натура героя спараджае новую загадку, яшчэ адно “праклятае” пытанне: «I то яшчэ дзіва: няхай бы людзі далікатныя, чуткія, не запрацаваныя ад цяжкае працы, няхай бы яны гібелі ад гэткай мукі; дык не, дык жа народ просты, народ, каторага лаюць “цёмным”, чаго ён, гэты шэры, аднатонны народ, па глухіх кутках, у лясах сваіх, сярод балот і пнёў, чаму ён мучыўся і мучыцца ад той жа болькі?». За ўсімі гэтымі разважаннямі героя ў першую чаргу заўважаюцца яго ўласныя пакутлівыя пошукі, звязаныя з разгадкай сэнсу быцця ўвогуле. Адсюль і рэфлексіі, спавядальнасць, роздумы “пра сябе”, унутраныя разгорнутыя маналогі, якія падпарадкоўваюцца задачы чалавеказнаўства – выявіць свет асобы, яе маральную сутнасць, а разам з тым зразумець, асэнсаваць жыццё, разабрацца ў рэчаіснасці.
Менавіта прага красы, гармоніі і разуменне немагчымасці іх здзяйснення прыводзіць галоўнага героя да ўнутранага раздваення, нязгоды са светам. Больш за тое, для Архіпа Лінкевіча прыгажосць выступае адначасна перадумовай і вынікам сацыяльнай роўнасці, справядлівасці як найвышэйшых формаў праяўлення прыгожага ў грамадстве. Гэтая ж думка, толькі з большай сацыяльнай акрэсленасцю, пранізвае і лірычную імпрэсію “Стогны душы”: «Я не хачу трываць! I не вытрываю, бо нельга вытрываць. Я скіну, сарву ланцугі свайго старога жыцця і зраблю жыцце новае. Зраблю! Парву ланцугі спрадвечнай гульні-лені, ланцугі глуму, шальмоўства і страшэннай, аграмаднай цемнаты векавечнай, тыя ланцугі, што робяць з чалавека скаціну, быдлё, што твораць “паноў” і “мужыкоў”».
Героі М. Гарэцкага – вялікія праўдалюбы, максімалісты, што жывуць моцнай прагай жыццёвых перамен, хоць іх мары і добрыя намеры разбіваюцца аб глухую сцяну жорсткай рэчаіснасці. І як заканамерны вынік – песімізм і расчараванасць, якія прыводзяць часам да безвыходнасці, адчаю, духоўнай дэпрэсіі. Падобную сітуацыю назіраем у апавяданні “Рунь”, яго герою Уладзімеру З. даводзіцца “шукаць сабе чалавека спаміж людзей”. У пачатку апавядання, напісанага нібыта ад імя былога таварыша, прыводзіцца наступнае красамоўнае сведчанне: “Я ведаў вялікія сілы яго душы маладой і крыштальную чыстату гэтай душы.
Я ведаў… І я павінен расказаць братам беларусам, якую, можа, сілу, што была спаміж нас, страцілі мы”.
Аўтар падкрэслівае пры гэтым, што Уладзімера З. “займалі не толькі што грамадзянска-палітычныя пытанні, але і перажыванні чалавека, яго псіхалогія. Значыцца тож, любіў ён хараство, прыгажосць, хаця і не любіў паказваць таго занадта, бо па яго сумленню жыццё ў наш практычны век вымагае іншага. Але гэта быў такі рамантык. Колькі вершаў умеў ён напамяць! З беларускай жа народнай паэзіі найбольш ён любіў ціхія легенды і страшныя паданні; таксама – казкі, у каторых даводзіцца, што некалі праўда возьме верх над злом”. Але парадокс у тым, што жыццёвыя абставіны, слепата людская ўцягваюць героя ў бездань пакут, нараджаюць нуду і боль, крыўду і адчай, правакуюць на духоўнае сіроцтва.
Спасцігнуць філасофскую пазіцыю героя магчыма, калі ўзяць пад увагу ўсе яго роздумы “пра сябе”. У іх – квінтэсэнцыя этыка-філасофскіх перакананняў, своеасаблівы маральна-светапоглядны кодэкс, якога прытрымліваецца аўтар і яго герой. Кароткія, але надзвычай ёмістыя прызнанні з’яўляюцца бясспрэчным сведчаннем таго, што для героя вельмі важным быў этычны прынцып, захаванне справядлівасці і сумленнасці ва ўсім, уключаючы і сам працэс нацыянальнага адраджэння.
Пісьменніцкае майстэрства М. Гарэцкага яскрава выявілася ў другі перыяд творчасці (1915 – 1917), калі напісаны апавяданні “Рускі” (1915), “На этапе”, “Генерал”, “Літоўскі хутарок” (усе 1916 г.). Пісьменніку, як вядома, давялося стаць непасрэдным удзельнікам Першай сусветнай вайны, прайсці праз суровыя выпрабаванні і нягоды. Убачанае і перажытае нястрымна вярэдзіла памяць і свядомасць, прымушала наноў задумвацца над праблемай псіхаэмацыянальнага пачування і паводзін чалавека ў жорсткіх абставінах вайны. Ваеннае ліхалецце, паводле глыбокага пераканання пісьменніка, прыносіць шмат фізічных пакут і яшчэ больш пакут духоўных, маральных.
Разбуральны, антычалавечы характар вайны пераканальна паказаны ў апавяданні “Літоўскі хутарок”. Вайна нікога не шкадуе: калечацца чалавечыя лёсы, трагічна абрываюцца маладыя жыцці, крышацца надзеі на ўратаванне, на вяртанне ранейшага ўкладу жыцця. Ліхая навала не абышла і сям’ю хутарскога гаспадара Яна Шымкунаса. Незваротна страчаны гаспадарскі набытак, нанесена глыбокая душэўная рана дачцэ Монці. Героі, якія аказаліся ў эпіцэнтры ваенных баталій, сталі закладнікамі сітуацыі, вымушаны цярпець прыніжэнне чалавечай годнасці, рызыкаваць жыццём. Страшны малох вайны дратуе і нішчыць усё, што трапляецца на яго шляху. Фінал твора адкрыты. Але поўніцца жудаснай атмасферай здранцвення і гібелі ўсяго жывога, адчаем, што цяжкім бярэмем павіс над жыхарамі злашчаснага хутара.
Яшчэ больш суровая праўда пра вайну раскрыта М. Гарэцкім у дакументальна-мастацкіх запісках “На імперыялістычнай вайне”. Пісьменнік вачыма салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады – свайго духоўнага двайніка Лявона Задумы – з гуманістычных, антымілітарысцкіх пазіцый паказвае жудаснае аблічча вайны, малюе антычалавечую карціну бязлітаснай крывавай бойкі, калецтва маладых салдат – фізічнага і духоўнага, – самай высокай мерай вымярае духоўныя магчымасці чалавека, яго здольнасць супрацьстаяць разбуральнай сіле зла, гвалту, нянавісці. Шараговыя ўдзельнікі вайны штодня сутыкаюцца са смерцю, і кожны з іх павінен знаходзіць у сабе моц, каб выстаяць у гэтым пекле, захаваць годнасць і чалавечае аблічча. Занатоўваючы страшныя эпізоды вайны, герой імкнецца пакінуць плён сваіх балючых роздумаў, перажыванняў і турбот. Гэтыя роздумы маюць не толькі асабісты характар, яны непасрэдна спалучаны з агульназначным, агульнанародным, дзе яскрава праступае востры боль за лёс роднага краю. У адзін з такіх момантаў і прыходзяць думкі пра сэнс і характар вайны: «Усё гэта цяпер згіне, як згіну, можа, і я сам… ва славу… ва славу… чаго? Вызвалення “малых” народаў? А ці вызваліцца мой народ? Што яму дасць гэтая вайна?». Пытанні, на першы погляд, застаюцца без адказу. Уласна, самі бязлітасныя абставіны вайны, тая страшная калатнеча, удзельнікам якой даводзіцца быць Лявону, выклікаюць у душы героя магутны пратэст супраць злачыннай машыны вайны, што ненасытна забірае чалавечыя жыцці, прыносіць непапраўнае гора, страшныя пакуты, непамысныя разбурэнні. “Будзь проклят Вільгельм і кожны, хто хоча вайны!” – гэтыя словы вырываюцца з глыбіні душы ў аднаго з шараговых удзельнікаў вайны.
Празаік з максімальнай аб’ектыўнасцю і глыбокай дакументальна-эпічнай перакананасцю паказвае чалавека ў экстрэмальных абставінах вайны. Адлюстраваныя ў дзённіку падзеі пазбаўлены мастацкай ідэалізацыі і гераізацыі. М. Гарэцкі імкнецца спасцігнуць глыбіні чалавечага духу, зразумець паводзіны і ўчынкі чалавека ў кожнай канкрэтнай сітуацыі. У напружаных, трагічных абставінах асобе, з аднаго боку, вельмі цяжка было авалодаць сабой, стрымаць эмоцыі, не паддацца імгненным пачуццям страху і роспачы. З іншага боку, сама атмасфера бою, надзвычайная – стрэсавая – сітуацыя дапамагала гранічна мабілізавацца, адкрыць у сабе прыхаваную моц і рашучасць, праявіць смеласць і адвагу, што часам межавала са здзяйсненнем геройскага ўчынку. Але, нягледзячы на ўсё, вайна ва ўспрыманні Лявона Задумы – вялікае злачынства, жудасны выклік жыццю. Недаравальна тое, што яна пакідае незагойныя душэўныя раны, відавочна дэфармуе ўвесь комплекс светапоглядных і маральна-этычных перакананняў, парушае цэльнасць чалавека як разумнай, культурна-цывілізаванай істоты. Героя не пакідае адчуванне таго, што на яго вачах абрынаюцца асновы жыцця, і ён сам становіцца выканаўцам чыёйсьці злой волі. “А я ж не пасабляю, не – не пасабляю, а сам разам з другімі старанна забіваю людзей. Забіваю такіх жа нявольнікаў, як сам. Што гэта я раблю? Пакуль што я не адчуў усяе глыбіні гэтага жаху! Не адчуў, а толькі думаў, што тут – вялікі страх, і жудасную сутнасць гэтага страху я зразумею толькі некалі пасля…” – у хвіліну пакутлівага роздуму з болем і скрухай прызнаецца сабе Задума. Здольны да глыбокага аналізу ўсяго, з чым сутыкаецца, герой адчувае цяжар віны за здзейсненае, за безліч нявінных ахвяр – такіх, як і ён сам, паднявольных удзельнікаў вайны.
Запіскі “На імперыялістычнай вайне”, якія ўпершыню ўбачылі свет у 1926 г., сталі адметнай з’явай у беларускай літаратуры. Крытыка справядліва аднесла твор да яскравых узораў антываеннай літаратуры, паставіўшы яго ў адзін рад з такімі вядомымі раманамі пра імперыялістычную вайну, як “Агонь” А. Барбюса і “Чалавек добры” Л. Франка.
Неадназначныя працэсы, якія разгортваліся ў краіне пасля 1917 г., не прынеслі карэнных змен у творчую палітру мастака. Пісьменнік, па сведчанні даследчыкаў яго творчасці, паслядоўна прытрымліваўся абранай эстэтычнай пазіцыі і ранейшых поглядаў на ролю мастацтва ў жыцці грамадства. Ён упэўнена рэалізоўваў устаноўкі, сфармуляваныя ў самым пачатку творчага шляху. Каб пазбегнуць магчымых непажаданых абвінавачванняў і неабгрунтаваных закідаў з боку пільнай пралетарскай крытыкі, “неистовых ревнителей” рэвалюцыі, М. Гарэцкі канцэнтраваў увагу на творчай дапрацоўцы, структурнай пераарганізацыі ранейшых твораў з далейшым аб’яднаннем іх у буйныя жанравыя формы. Працэс творчага ўдасканалення ранейшых твораў, паводле справядлівай заўвагі М. Мушынскага, перадусім быў “звязаны з імкненнем пісьменніка праз канкрэтныя чалавечыя лёсы даць разгорнутую гісторыю духоўнага станаўлення інтэлігента-беларуса сялянскага паходжання, а гэта, безумоўна, маштабная мастацкая задача, вырашыць якую была заклікана ўся нацыянальная літаратура”.
Вынікам творчай перапрацоўкі апавяданняў “У лазні” (1912) і “У чым яго крыўда?” (1914) стала аповесць “У чым яго крыўда?” (1925 – 1926). У гэтым творы ў новых гістарычных умовах пісьменнік развівае тэму інтэлігенцыі. Аповесць сцэментавана асобай галоўнага героя – Лявона Задумы, вобразам у многім аўтабіяграфічным, які, разам з аўтарам, маючы пэўны жыццёвы досвед, шмат думае, разважае, аналізуе, бо адкрылася аб’ектыўная магчымасць параўноўваць дзве эпохі – старую і новую. Празаік паказвае працэс паступовага ўзмужнення, сталення героя, выспявання ў ім высакароднага пачуцця вернасці свайму краю, беларускай нацыянальнай ідэі, родным караням. Жыццё прымушала глыбока задумвацца над сутнасцю грамадскіх перамен, шукаць ім аналогіі ў нядаўнім мінулым. Таму ў творах М. Гарэцкага гэтага часу ўзмацняецца аналітычны пачатак, імкненне да шырокага эпічнага ахопу з’яў рэчаіснасці. Многае набывала рэтраспектыўны характар, мінулае ў падтэксце праецыравалася на сучаснасць. Нацыянальна-адраджэнская канва твораў не прыглушалася, а, наадварот, атрымлівала новае эпічнае вырашэнне, ускладнялася сацыяльнымі і грамадскімі супярэчнасцямі эпохі.
Разгледжаныя намі творы – невялікая частка таго літаратурнага мацерыка, што быў створаны дзякуючы творчаму і жыццёваму подзвігу пісьменніка. М. Гарэцкі прысвяціў жыццё беларускаму адраджэнню, самааддана служыў Бацькаўшчыне. Найвялікшы пісьменніцкі клопат палягаў у тым, каб акрэсліць шляхі паяднанасці нацыянальнай інтэлігенцыі з народам, з “родным карэннем”. Яшчэ ў раннім праграмным артыкуле “Развагі і думкі” (1914) празаік, звяртаючыся да маладога сучасніка, у прыватнасці, пісаў: «Калі не хочаш ты расчаравацца ў жыцці, калі-ткі ты папраўдзе ёсць інтэлігент і жывеш не так, што “наеўся, напіўся і хвосцік завіўся”, – не глушы ў сваім дэмакратычным сэрцы беларускіх здаровых народных пачуццяў. Дай веры, не расчаруешся. Не бяжы ад народа, а бяжы да народа. Ён цябе разварушыць. А ў падзяку таму, хто даў табе сэнс жыцця, ты папрацуй шчыра». Словы, прамоўленыя амаль сто гадоў таму, не страцілі актуальнасці і ў нашы дні.
На вялікі жаль, жыццё Максіма Гарэцкага трагічна абарвалася ў самым росквіце творчых сіл. Многія планы і задумы пісьменніка не спраўдзіліся. Але ўсё напісанае рукою выдатнага майстра слова і сёння мае вялікую мастацкую каштоўнасць, вылучаецца грунтоўнасцю, цеснай спрычыненасцю да глыбінных праяў жыцця. Мы не перастаём захапляцца мужнасцю і высакароднасцю гэтага слаўнага сына нацыі. Творы пісьменніка-грамадзяніна здзіўляюць і захапляюць глыбокім пранікненнем у сутнасць народнага жыцця, чалавечай душы. Літаратурная спадчына Максіма Гарэцкага стала арганічнай часткай нацыянальнага прыгожага пісьменства, узорам высокай эстэтычнай вартасці, мастацкай праўдзівасці і шчырай заклапочанасці лёсам чалавека ў бязлітасных віхурах часу.