Алесь Марціновіч

Так пачынаў Максім Беларус

З 1909 па 1913 год Максім Гарэцкі, як вядома, вучыўся ў Горацкім каморніцка-агранамічным вучылішчы. Як і крыху раней, калі наведваў заняткі ў Вольшы, не прамінаў выпадку, каб пабываць у бацькоў у Малой Багацькаўцы. Праўда, цяпер ад дому было куды далей, таму сустрэчы гэтыя станавіліся радзейшымі. Але яны прыносілі ранейшую асалоду сутыкнення са светам, дарагім і блізкім.

Разам з тым М. Гарэцкі “крыху інакш глядзеў на вясковую глуш, нешта ўспрыняў больш крытычна. Адбывалася тая пераацэнка, якая рана ці позна прыходзіць да кожнага чалавека, вымушанага разлучыцца з малой радзімай. А паколькі к гэтаму часу М. Гарэцкі сёе-тое ўжо пісаў, не магло не выспеліцца і жаданне паспрабаваць свае мажлівасці ў мастацкім творы. Максім разумеў: адна справа – допісы, карэспандэнцыі. Іншая – скажам, апавяданне.

Пакрысе вымалёўвалася і задума. Як і бывае найчасцей у падобных выпадках, пачынаючы аўтар ішоў ад уласнай біяграфіі, ад добра вядомага яму, што падказвала тагачасная рэчаіснасць. I назва апавядання з’явілася без прэтэнзіі на арыгінальнасць – «У лазні».

Рукапіс першага мастацкага твора М. Гарэцкага захоўваецца цяпер у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Акадэміі навук Літвы. Падпісаны ён псеўданімам «Максім Беларус», а далей М. Гарэцкі прыводзіць кароткія біяграфічныя звесткі: «Крэсцьянін вёскі Малае Багацькаўкі Шамоўскае воласці Мсціслаўск. пав. Маг. губ, Макс. Іван. Гарэцкі. Адрас: Горкі Маг. губ., каморніцка-агранамічнае вучылішча, М. І. Гарэцкаму». Апавяданне датуецца 3 студзеня 1913 года, але, як мяркуюць даследчыкі, якія займаюцца вывучэннем творчасці класіка нацыянальнай літаратуры, гэта хутчэй за ўсё дзень адпраўкі твора ў рэдакцыю «Нашай Нівы». Меркаваць падобным чынам дае падставы «Храналогія маіх твораў» М. Гарэцкага, дзе апавя¬данне «У лазні» пазначана 31 снежня 1912 года. Прапанаванае ў газету, яно было апублікавана 25 студзеня 1913 года.

У творы з самага пачатку ўсё проста, як «ў самім тагачасным жыцці: «Вучань апошняга класа каморніцкага вучылішча, казённы стыпендыянт Клім Шамоўскі, к калядам прыехаў удвору і ўжо другі тыдзень жыў у бацькавай хаце ў вёсцы Мардалысаве». Проста ў тым сэнсе, што перад чытачом паўстае звычайны вясковы побыт. Са звыклымі сялянскімі турботамі і такімі рэдкімі радасцямі. Адна з іх – магчымасць схадзіць у лазню. Запрашаюць туды і Кліма, ды ён спачатку працівіцца: «Я й сам не ведаю, ісці мне ці то ўжо не пачынаць. Колькі гадоў не мыўся я ў вашых лазнях, адвык». Як высвятляецца неўзабаве, на тое былі ў хлапца прычыны. Не проста «адвык» ён, Шамоўскі з пагардай ставіцца да бруду, якога шмат у лазні: «Прымыльнік быў плятнёвы, і скрозь пляцень дуў вецер. Пад нагамі мяллё. Каля сценак ляжалі, раскірачыўшы ногі, самадзельныя мяліцы. Кліму было гразна, нячыста непрытульна».

Шамоўскі працівіцца таму, што бачыць у лазні, але разумее і іншае: «Ці я не радзіўся сам у Мардалысаве, ці сам не купаўся ў гэтай гразі, не бачыў усякага бруду?». Здавалася б, толькі змірыцца трэба, успрыняць усё, як належнае, пастаяннае, звыклае. Ды лёгка гэта сказаць, а на самай спра¬ве: «Клім палез, апёк ляжку на гарачым палку, плакаў ад дыму і, махаючы венікам, праклінаў, скрыўджаны, і лазню, і тых глуздоў, хто пабудаваў яе такую. «Жывуць жа людзі, – думаў ён. – Лес пад бокам, жыды ў пана адваявалі яго за даўгі і прадаюць колькі гадоў; і сяляне, кожнагодна пускаючы на гарэлку рубельчыкі і жывучы сярод лесу, маюць лазню... каб яна, даруй божа, згарэла на чыстым полі гэткая».

Тое, што адбываецца ў душы Кліма, не маглі не заўважыць і мужыкі, аднак кінутае адным з іх: «Запанеў наш каморнік, пышан надта Клім Раманавіч, духу баіцца...» яшчэ больш раззлавала хлапца: «Свінні, а не людзі... Я вёз дамоў кніжкі, каб чытаць ім, а яны кожны вечар, кожнае свята гуляюць у карты ў Мікітавай хаце, а на кніжкі не звярнулі ніякай увагі...»

Баліць Клімава душа, кволіцца ад неразумення. I разам з тым не толькі ад неразумення, ёсць яшчэ і іншае, што робіць Шамоўскага чужым у роднай яму вёсцы, сярод людзей, якіх ведае з маленства. Тое самае, пра што пазней, праз шмат дзесяткаў гадоў беларуская літаратура загаворыць на поўны голас, паказваючы так званага гараджаніна першага пакалення, вытлумачваючы яго непрыкаянасць, як бы часовасць знаходжання і ў горадзе, і на сяле. М. Гарэцкі наблізіўся да падобнага разумення колішняга вяскоўца яшчэ восемдзесят гадоў назад, усебакова раскрыўшы характер Кліма Шамоўскага, пільна зазірнуўшы на самы спод яго душы: «I лацвей ім, – думаў Клім далей, – страляць у вочы «запанеў», ведаючы вагу свае векавечнае працы мужыцкае, а хай бы яны пабачылі боль сэрца і смутак душы ў мяне, прымача ў «панстве» і пасынка вёскі, і яны лепей паехалі б з сахою на родныя палеткі, чымся, адарваўшыся ад дзядоўскіх сяліб, вісець у новым і невыразным паветры...».

Гэты Клімаў роздум працягваецца і пасля выхаду хлапца з лазні. Думкі сягаюць ужо далей, ім цесна ў родным Мардалысаве, яны гатовы ахапіць сваёй трывожнасцю ўсю Бацькаўшчыну. Занядбаную, гаротную, богам забытую: «Думкі плылі, чапляліся адна за другую, роем мітусіліся ў галаве. «Беларусь, Беларусь, чым ты была і чаго ты, во, даждала?» – звінела ў адным баку. «I што з табою будзе?» – плыло ў другім».

Шукае Клім выйсце і прыходзіць да высновы, да якой ён рана ці позна мусіў бы прыйсці: «Але ж не адракацца, не быць здраднікам, а любіць, шанаваць родную Бацькаўшчыну павінен, доўжан...» Хаця пытанняў пасля гэтага не менш: «Люблю... ці ж я не люблю?.. А страшна яно, роднае... чым?»

Глыбокі сэнс набываюць заключныя радкі твора:
«– Ці не захварэла твая галава, Клім, пасля лазні? – спытаўся бацька.
– Палепшае, – адказаў сын».
«Палепшае...» Гэта тычыцца не аднаго Кліма Шамоўскага, а, безумоўна, і ўсёй Беларусі, пра заўтрашні дзень якой турбаваўся М. Гарэцкі ўжо ў самым пачатку свайго творчага шляху. Шукаючы ўласныя тэмы, прыглядаючыся да сваіх герояў, якія б імпанавалі яму адраджэнскімі настроямі, бачыліся тымі, хто можа і павінен павесці за сабой народ, абудзіўшы яго ад нацыянальнага нігілізму. Клім жа Шамоўскі – як правафланговы ў страі, у які хутка стануць героі іншых твораў, напісаных у тым жа годзе і па настраёвасці, узнятых праблемах, аўтарскай пазіцыі блізкіх да апавядання «У лазні».

Калі Клім Шамоўскі хацеў у перспектыве пабачыць вёску «цвярозай, светлай, здаволенай жыццём ды сумленнай», дык студэнт-медык Архіп Лінкевіч («Роднае карэнне») марыць аб тым часе, калі «доктарам будзе служыць на Беларусі і будзе збіраць матэрыялы аб духоўным жыцці свайго народа». Яшчэ больш акрэсленыя памкненні героя-апавядальніка ў навеле «Стогны душы». Як ні ў адным з ранніх твораў, тут угадваецца сам аўтар, які – каторы раз – шукае выйсце. Для сябе і для народа. Жадаецца яму выкараскацца з путаў абыякавасці, гаротнасці, той самай тутэйшасці, якая не дазваляла беларусу быць беларусам, разумець – роўны ён з іншымі народамі, а ў нечым – у сваёй спакойнасці, працавітасці, разважлівасці – і паперадзе іншых ідзе.

Пазней крыху, у апавяданні «Рунь» (яно было напісана ўжо ў 1914 годзе) герой будзе жадаць «словам адраджаць чалавека ў беларусе». I ў «Стогнах душы» – памкненні канкрэтныя: «Я жыць хачу вольным жыццём – жыццём радасці, добрага, вясёлага смеху і ўсяго таго, што побач з другім творыць гармонію жыцця. Я хачу новага, лепшага жыцця. Я крэпка, усімі сваімі сіламі жадаю яго! Бо нездаволен, вельмі нездаволен... Як толькі стаў я мець сваё сумленне, маю вялікую ахвоту, думку сэрца, як бы выпаўзці самому і другіх вызваліць з гэтага жыцця. Бо ў ім навакол адны аграмадныя, гібкія камы бруду, бруду дрэннага, гнойнага... Я не хачу трываць! I не вытрываю, бо нельга вытрываць».

«Страхаццё», «Красаваў язмін», «У панскім лесе»... Таксама апавяданні першага года пісьменніцкай працы М. Гарэцкага. Як тут не паўтарыць услед за М. Кенькам: «Такая «раптоўная» творчая сталасць і сёння ўражвае. Здаецца дзіўным, як мог дваццацігадовы юнак так хутка ўвабраць у сябе вопыт створанага ў літаратуры да яго і як дакладна вызначыў ён для сябе сваю мэту, змог хутка знайсці свой голас. Аднак было менавіта так».

Дадамо: інакш і быць не магло, бо заяўляў аб сабе талент не абыякі, а богам дадзены. Заяўляў спяшаючыся, каб хутчэй выказаць набалелае. З думай аб Бацькаўшчыне пісаў М. Гарэцкі. Бацькаўшчына, калі глядзець шырока, і станавілася свайго роду героем яго твораў. Бацькаўшчына, што апынулася на ростанях і лепшыя яе сыны, што тарылі сваю, іншымі няходжаную дарогу. Гэтая хада па цаліку вымагала неймаверных высілкаў. Патрабавала і пераацэнкі некаторых поглядаў, канкрэтызацыі пазіцыі.

Максім Гарэцкі, разумеючы гэта, не толькі пісаў новыя творы, а і «не пакідаў у спакоі» сваіх ранейшых герояў. Пацвярджэнне – і далейшы лёс апавядання «У лазні». У 1914 годзе ў першай кнізе пісьменніка «Рунь», якая выйшла ў Вільні, поруч з іншымі творамі апублікавана і апавяданне «У чым яго крыўда?», герой якога Костусь Зарэмба па сутнасці ўспрымаецца «старэйшым» братам Кліма Шамоўскага. У лісце да таварыша ён дзеліцца тым жа набалелым: «Ці наўчыла нас, слухай, наша школа любіць сваё беларускае, шанаваць прыгажосць роднай прыроды, пранікнуцца гармоніяй родных з’яў? Чаму нас вучылі!» I працягвае: «О, трудна, брат Андрэй, нам, мужыцкім сынам. Мы выпаўзаем са сваіх хат і папраўдзе (толькі не смейся!) маем жа нейкую зямельную сілу ў сабе, гэта не мая навіна, але хаваемся са сваімі ідэаламі, нясмела азіраемся на новай дарозе, шукаем вачыма прыпынку і, не патрапіўшы і не даўмеўшыся з’яднацца і пайсці сваім шляхам, расплываемся патроху ў гнілым балоце згрызеных моллю чорных світак...»

Пройдзе час, і ў 1925-1926 гадах М. Гарэцкі вернецца да гэтых двух апавяданняў. Аб’яднае іх, дапрацаваўшы, увёўшы новыя сюжэтныя адгалінаванні, аб’яднаўшы Кліма Шамоўскага і Костуся Зарэмбу ў адзін вобраз. Так народзіцца аповесць «У чым яго крыўда?» з цэнтральным персанажам Лявонам Задумай. Лявона Задуму можна сустрэць таксама на старонках аповесці «Меланхолія», у дакументальна-мастацкіх запісах «На імперыялістычнай вайне», у рамане «Камароўская хроніка».

Герой гэты, бадай, самы аўтабіяграфічны ў творчасці М. Гарэцкага. Выказнік яго памкненняў і сумненняў, яго трывог і надзей. Герой, які належыць да найбольш заглыбленых і праўдзівых постацяў усёй нашай літаратуры.

Пачатак жа яму пакладзены ў апавяданні «У лазні», калі ўпершыню, роўна восемдзесят гадоў назад, у беларускае прыгожае пісьменства ўпэўнена прыйшоў нікому тады невядомы Максім Беларус. Прыйшоў, каб стацца ў ім класікам Максімам Гарэцкім.