Радзім Гарэцкі
Расстрэл Максіма Гарэцкага
Як вядома, Максім Гарэцкі 19.VII.1930 г. быў арыштаваны ў Менску, а 10.IV.1931 г. асуджаны па так званай справе “Саюза вызвалення Беларусі” да высылкі на 5 год у Вятку (потым г. Кіраў), дзе адбыў тэрмін пакарання да 1935 г. Затым працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе г. Кірава (былая Пясочня) Заходняй (потым Смаленскай, а зараз Калужскай) вобласці. Тут 4 лістапада 1937 г. ён зноў быў арыштаваны, а 5 студзеня 1938 г. асуджаны.
На многія заявы, якія рабіла жонка М. Гарэцкага – Леаніла Чарняўская – у розныя інстанцыі і гарады, нарэшце 1 лістапада 1939 г. (прайшло 2 гады пасля арышту), праз Камендатуру НКУС г. Кірава (раней г. Вятка), быў атрыманы вусны адказ аб тым, што Максім Гарэцкі памёр 20 сакавіка 1939 г. у пас. Важаэль (Комі АССР). На запыт у Важаэль, ад чаго памёр М. Гарэцкі, адказу не было...
Толькі пасля смерці Сталіна, у час так званай “хрушчоўскай адлігі”, паўстала магчымасць узняць пытанне аб рэабілітацыі пісьменніка, бо ў яго невінаватасці ніколі не сумняваліся ні яго родныя, ні большасць знаёмых ды, я думаю, і многія супрацоўнікі НКУСа, якія некалі судзілі вялікую колькасць бязвінных...
3 студзеня 1957 г. дачка М. Гарэцкага – Галіна – паслала заяву ў Пракуратуру СССР з просьбай аб пасмяротнай рэабілітацыі бацькі. 17 лістапада гэтага ж года Вярхоўны Суд БССР перагледзеў справу: “постановление от 10 апреля 1931 г. в отношении Горецкого Максима Ивановича отменено и делопроизводством прекращено за недоказанностью обвинения”. Аб гэтым рашэнні 17 верасня 1958 г. была атрымана адпаведная даведка. Але поўнай рэабілітацыі няма, месца і прычына смерці невядома, таму Галіна Максімаўна зноў і зноў піша заявы... 7 лютага 1959 г. прыйшла даведка: “...постановление Тройки УНКВД по Смоленской области от 5 января 1938 года в отношении Горецкого Максима Ивановича... отменено и дело о нем производством прекращено за отсутствием состава преступления”.
На афіцыйны запыт з г. п. Важаэль было атрымана паведамленне, што ў спісках зняволеных М. Гарэцкага не аказалася. Здавалася, зусім абарвалася апошняя нітачка ў пошуках месца яго смерці. У “Пахавальнай”, якую выдалі Галіне Максімаўне ў 1958 г. у Ленінградзе, сказана толькі, што М. Гарэцкі памёр 20 сакавіка ад кровазліцця ў мозг. Такую дату смерці пісьменніка можна прачытаць ва ўсіх даведніках, энцыклапедыях, падручніках і іншых працах. Але гэтая даведка – яшчэ адзін здзек сістэмы з яе ахвяр, бо такі час і месца смерці былі чарговай хлуснёй...
3 дапамогай Генадзя Лавіцкага і Алеся Вераса (КДБ Беларусі), якім выказваю шчырую падзяку, я меў магчымасць азнаёміцца са справай № 13036. Яна была заведзена на Максіма Гарэцкага ў сувязі з яго арыштам у г. Кіраве у 1937 г., а ў маі 1992 г. па запыту КДБ Беларусі прыслана з г. Калугі Упраўленнем Міністэрства бяспекі Расійскай Федэрацыі па Калужскай вобласці.
Іду ў КДБ Беларусі. Вялікі будынак з магутнымі калонамі па праспекце Францішкі Скарыны. Масіўныя дзверы цяжка адчыняюцца, і ахоплівае трывога і нейкае хваляванне... Але страху няма. Уяўляю, чамусьці кожны раз па–рознаму, але заўсёды з жудасцю і страхаццём, малюнак, як прыводзілі ў падобны суседні будынак майго тату, дзядзьку і тысячы іншых пакутнікаў у тыя гады... Стараюся ўявіць іх стан і пачуцці, і холад прабягае па спіне... Іду па калідорах і думаю, а раптам пачуецца: “Грамадзянін! Тварам да сцяны!” Але, слава Богу, не! Ветлівыя падцягнутыя хлопцы і больш сталыя людзі, большасць у цывільным. Некаторыя вітаюцца, хаця і не ведаюць мяне (як у вёсцы), а гэта так дзіўна і вельмі прыемна. Як добра, што зараз няма той навалы дзяржаўнага гвалту, таго дзікага самадурства і бясконцага страху! Толькі за гэта можна пацярпець усе тыя нягоды, якія прынесла нам перабудова, і дзякаваць за тое, што яна ўсе ж прый шла...
Уважліва праводзілі ў пусты кабінет нейкага начальніка, які павінен быў пайсці з працы, бо цяжкасці сучаснага часу закранулі і КДБ: скарачэнне штатаў і інш. Пакідаюць мяне ў тым кабінеце аднаго. На сценах, як і ў іншых памяшканнях, партрэты Ф. Дзяржынскага і Ю. Андропава, — адзіных (апрача гэкачэпіста Кручкова) кіраўнікоў гэтай службы, якія не былі расстраляны, памерлі сваёй смерцю, і, відаць, засталіся кумірамі не толькі былых, але і сучасных супрацоўнікаў КДБ.
Перада мной справа № 13036 “по обвинению гражданина Горецкого Максима Ивановича по ст. 58 п. 10, ч. 1 УК РСФСР.
Начато 3 декабря 1937 г., окончено 22 декабря 1937 г.” Чаму такія даты пачатку і заканчэння, зусім незразумела, бо пачалася яна значна раней і закончылася пазней. Звычайная папка з кардону шэра–жоўтага колеру з пяццю нумарамі далейшых архіваў і апошні з іх — П–9470. У суправаджальнай паперы адзначана, што ў справе няма лістоў 1—6 і 15—16. I праўда іх няма! Адзін з супрацоўнікаў КДБ Беларусі, які перадаваў мне папку, гэта тлумачыць тым, што такія памылкі могуць быць пры перадачы з аднаго архіва ў другі ці пры згубе некаторых дакументаў. Але Таццяна Процька – гісторык, якая ўжо некалькі гадоў займаецца архіўнымі справамі такога толку і якая прысутнічала пры гамонцы, тут жа вызначыла: “Нехта хоча схаваць сляды!”
У справе 60 лістоў, у тым ліку і 8 згінуўшых. Найбольш стары па часе дакумент (ліст 10) – даведка аб заканчэнні адбыцця ссылкі М. Гарэцкага. Гэта – галоўны дакумент высланага, без якога нікуды... Даведка зроблена на дрэннай паперы са школьнага сшытка і выдадзена М. Гарэцкаму ў Кіраве начальнікам “УО УГБ НКВД по Кировскому краю” 21 ліпеня 1935 г “...В том, что он отбывал меру Социальной защиты в г. Кирове, и освобожден 21–го июля 1935 года по отбытии меры Соцзащиты. Видом на жительство служить не может. При утере не возобновляется”. Гэтым закончылася ссылка ў Вятку (Кіраў), дзе Максім Гарэцкі спачатку працаваў землякопам, потым чарцёжнікам, тэхнікам–каштарыснікам. У Вятцы год жыў адзін, а потым, з чэрвеня 1932 г., разам з сям’ёй (жонка і двое дзетак — Галя і Лёня). Жыццё быдо цяжкае. Каб пракарміць сям’ю, прыходзілася многа працаваць і часта браць працу дамоў. Але не займацца літаратурай ён не мог і аднекуль знаходзіліся час і сілы, каб апрацоўваць “Віленскіх камунараў” (у 1934 г. паслаў рукапіс у выдавецтва ў Менск), пісаў рускі варыянт “Виленские воспоминания”.
Л. Чарняўская ва ўспамінах “Памятка” (“Полымя”, 1990, № 1, с. 170—176) піша: “Жылося цяжка. Працавалі мы абое, многа, а дастатку не было. Стамляліся, нерваваліся... Суседзі па доме (двухпавярховым) адносіліся да нас добра, нават з паважаннем. У Вятцы прызвычаіліся да палітычных ссыльных. Ніхто не забараняў сваім дзецям гуляць і дружыць з Галяй і Лёнем. Такія ж адносіны былі да іх у школе. Але для Максіма становішча ссыльнага было маральна цяжкім. Штотыдзень ён хадзіў на рэгістрацыю ў камендатуру. Балюча калола сваё прозвішча ў спісках лішэнцаў у часе выбараў у мясцовыя Саветы...
Найбольш балела Максіму тое, што колькі ні прасіў, не мог атрымаць дазвол з’ездзіць у наведкі да бацькоў на Беларусь.
...Маці ніяк зразумець не магла: не сядзіць жа сын у вастрозе, ходзіць вольна, жыве з сям’ёй, працуе, нават часам грошы ім пасылае, а ўсё не едзе. Чакала, чакала і не дачакалася. Падняла цяжкі кошык з бульбай, надарвалася і памерла ў пачатку сакавіка 1935 года. Якім вялікім горам была гэтая смерць для Максіма.
...Нарэшце ён атрымаў пашпарт. Можна было падацца бліжэй да бацькаўшчыны, бліжэй да межаў Беларусі. Ехаць у Мінск шукаць там работы ён не адважыўся, бо ведаў адносіны некаторых пісьменнікаў да сябе. Аповесць “Віленскія камунары” ён паслаў у выдавецтва значна раней, але ніякага адказу не меў”.
У канверце (ліст 37 справы) ляжыць гэты пашпарт, выдадзены 22 ліпеня 1935 г. і сапраўдны на тры гады. Тут жа “Личная книжка запасного Рабоче–Крестьянской Красной Армии”, дзе сказана, што М. Гарэцкі – “рядовой, род войск — артиллерия, должностная квалификация – разведчик”.
У жніўні 1935 г. М. Гарэцкі паехаў у Смаленск. Там атрымаў накіраванне (ліст 18 у справе), якое напісана ад рукі на невялікім кавалку паперы ў клетку са школьнага сшытка і датавана 31.VIII.1935 г. “Заведующему Песочинским РОНО. На основании Вашей личной договоренности с тов. Горецким М. И. направляем его в Ваше распоряжение для использования в качестве учителя Песочинской средней школы. Зам. зав. школьным сектором” (подпіс няясны). На накіраванні стаіць рэзалюцыя “Зачислить в среднюю школу с 1.IX.35 г.” Так ён стаў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе гар. пасёлка Пясочня (пазней г. Кіраў).
Жонка пісьменніка ўспамінае: “Максім напісаў мне, каб мы рыхтаваліся да пераезду. Я і пачала патрошку збірацца, але, як на тое ліха, цяжка захварэла на дызентэрыю. ...Выклікалі тэлеграмай Максіма... У школе яго чакалі, ён забраў з сабою Лёню... У Маскве на вяземскі цягнік спазніліся. Заначавалі ў Уладзіміра Іванавіча Пічэты. Ён і жонка вельмі гасцінна прынялі Максіма з Лёнем, добра частавалі іх”. Акадэмік Пічэта таксама адбываў ссылку ў Вятцы і сябраваў з М. Гарэцкім. Незадоўга перад ад’ездам апошняга яму дазволілі пераехаць у Маскву.
Як успамінае Галіна Гарэцкая (“Наша сям’я”. Максім Гарэцкі. Успаміны, артыкулы, дакументы. Мінск. “Мастацкая літаратура”. 1984. С.21—58): “Школа была недалёка ад дому, на той жа вуліцы Леніна, бліжэй к цэнтру пасёлка. У самым цэнтры – чыгуналіцейны завод і заводскі клуб. Перад нашым домам раслі ў адзін рад некалькі старых высокіх таполяў. За дваром і агародамі пачынаўся балоцісты лес. З другога боку пасёлка, каля завода, вялікае возера. Навокал лясы. Рынак быў блізенька ад нас, па сцяжынцы ад калодзежа ўлева.
Мама пасля цяжкой хваробы часова не працавала. Бацька меў многа ўрокаў у школе, чытаў лекцыі па літаратуры ў заводскім клубе і чырвонаармейцам у ваенкамаце, вёў заняткі па лікбезу... Як мог не забываўся на выспу Патмос: пісаў “Камароўскую хроніку”... Арганізаваў літаратурны гурток. Сорак два вучні ўваходзілі (спісак захаваўся). Стараўся зацікавіць вучняў гісторыяй іх роднага краю”.
Л. Чарняўская: “З новага 1936 г. пасёлак Пясочня быў перайменаваны ў раённы горад Кіраў Заходняй вобласці. Так і трапілі мы з Кірава абласнога ў Кіраў раённы. Адчувалі мы сябе тут вельмі адзінока. Максім нават не меў часу заводзіць знаёмства з сем’ямі настаўнікаў, не ведаў, ці захочуць яны знацца з былым ссыльным”.
Улетку 1936 г. М. Гарэцкі разам з дачкою наведаў Багацькаўку.
Г. Гарэцкая: “18 чэрвеня а сёмай гадзіне сонечнай раніцы прыехалі ў Смаленск. Пайшлі ў горад. Падняўшыся на гару, ішлі па роўнай вуліцы, злева ўсцяж тратуара зрэдку зялёныя дрэвы. Насустрач групкамі і па адным чырвонаармейцы. Некаторыя мне падміргваюць: “Гэй, курносая!” Глянула сарамліва на бацьку, а ён ідзе справа побач, стройны, дужы, і ўсміхаецца. У сінім шавіётавым касцюме, белай летняй фуражцы. Вышэй сярэдняга росту быў, вочы карыя, даволі вялікія, хоць і глыбокія. Усмешка прыгожая, добрая. Сорак тры гады было яму, а мне пятнаццаць”.
3 Багацькаўкі М. Гарэцкі на адзін дзень завітаў у Мінск, каб даведацца аб лёсе рукапісу “Віленскіх камунараў”. Але была нядзеля і ён нікога не пабачыў, апрача Алеся Вечара, якога выпадкова сустрэў на вуліцы, і вярнуўся ў Кіраў у прыгнечаным настроі...
Г. Гарэцкая: “22 ці 23 жніўня 1936 года бацька, ужо з Лёнем, зноў прыехаў у Малую Багацькаўку. Мусіць, у тое лета запісаў ён “Камароўскі парад” — пералік усіх трыццаці пяці двароў у вёсцы і кароценькія звесткі аб гаспадарах і сем’ях іх”.
У кастрычніку ў госці на некалькі дзён прыехаў брат Гаўрыла Гарэцкі з жонкай, які к гэтаму часу вызваліўся з ссылкі (Беламорска–Балтыйскі камбінат). Браты не бачыліся больш за 6 гадоў. Гамонкам не было канца. Радасць вялізная! Л. Чарняўская: “Гэта была адзіная радасная падзея ў тагачасным нашым жыцці!”
Г. Гарэцкая: “Увосень 1936 года грыбы добра раслі. Бацька і Лёня прыносілі іх поўнымі кошыкамі, а мама саліла, сушыла, марынавала, смажыла... Дапамагала яна бацьку як магла ў яго працы: правярала вучнёўскія сшыткі, дапамагала рыхтаваць патрэбны матэрыял для ўрокаў. Пераклала маці на беларускую мову яго апавяданне “Дедушка”.
Набліжаўся 1937 год – сумнавядомы як год найбольшага ўздыму сталінскіх рэпрэсій. Раслі страх, недавер адзін да другога, нават да самых блізкіх сяброў, квітнелі даносы... Асабліва цяжкае становішча склалася ў былых ссыльных, бо яны адчувалі, як цёмныя хмары ходзяць над імі. Многія людзі стараліся быць далей ад іх, не ведаць іх (раптам трапіш у ранг тых, хто мае “сувязь з ворагам народа”), некаторыя, наадварот, надта цікавіліся мінулым. Былі створаны так званыя “тройки”, якія надзяляліся асобымі паўнамоцтвамі і выносілі канчатковыя прыгаворы.
У справе (ліст 17) — дакумент пад грыфам “Совершенно секретно” ад 9 студзеня 1937 г., які пасланы са Смаленска ад НКУС па Заходняй вобласці: “Начальнику Кировского РО УНКВД лейтенанту Госбезопасности тов. Карасеву. Предлагаем немедленно исполнить наш № 7524/5 от 16.XII.36 г. о Горецком.
Нач. 4 отдела УГБ ст. лейтенант Гос. безоп. (Малыгин)
Нач. 5 отделения 4 отдела УГБ лейтенант Гос. безоп. (Левинсон)
Ужо ў канцы таго ж месяца (28.1.1937 г.) па тым жа адрасе ад тых жа начальнікаў ідзе папера (ліст 20): “В четвертый раз просим исполнить наш 4524/5 от 16.ХІІ.36 г. о Горецком. Несвоевременный ответ по такому важному делу мы расцениваем, как Вашу оперативную немощь. Если Вы не в состоянии выполнить наше задание в отношении Горецкого, сообщите, мы выделим оперативного работника на место, который это сделает”.
У чым сэнс “нашага 7524/5 от 16.XII.36 г.” (нумар у другой паперы – 4524/5, відаць, памылковы), можна толькі здагадвацца. Таксама застаецца невядомым, чым выкліканы гэтыя загады. Разгадка, можа, у тых знікнуўшых лістах 1—6?
Наступная па часе выканання папера (ліст 7) – гэта пісьмо з рэдакцыі газеты “Правда” ад 19.III.1937 г. пад грыфам “секретно” на адрас Абкома ВКП(б) тав. Румянцаву за подпісам члена– рэдкалегіі Бегавога.
“Пересылая Вам письмо Васильева П. П. “Киров, Западной обл., Ленина, 78), сообщаем, что устно Васильев рассказал следующее.
В средней школе в Кирове, где работал Васильев в качестве преподавателя математики и физики в январе 1937 г. на вечере памяти Ленина докладчик преподаватель литературы Горецкий М. И. назвал троцкистско–зиновьевскую банду оппозицией и сказал, что в нашем обществе еще имеется эксплоатация человека человеком.
Что имеется такая эксплоатация говорил на этом же вечере в вводном слове член ВЛКСМ – преподаватель истории Азаров (члены партии – в том числе парторг школы Якушенко — на вечере не присутствовали).