Таццяна Дасаева,
загадчык кафедры замежнай журналістыкі
і літаратуры факультэта журналістыкі
Інстытута журналістыкі БДУ,
доктар філалагічных навук, прафесар.

Галіна Гарэцкая – захавальніца духоўных скарбаў
роду Гарэцкіх

Сям’я Максіма Гарэцкага і Леанілы Чарняўскай нядоўга была шчаслівай. Ім і іх дзецям, Галі і Лёню, быў наканаваны цяжкі лёс. Суровыя выпрабаванні паўплывалі на фарміраванне характару Галіны Гарэцкай. Яна рана стала дарослай. Галі не споўнілася яшчэ і года, калі ў Вільні, дзе жыла сям’я Гарэцкіх, з 19 на 20 студзеня 1922 г. польскімі ўладамі быў упершыню арыштаваны яе бацька Максім Гарэцкі - пісьменнік, журналіст, грамадскі дзеяч. Памятаць пра гэта яна не магла. Пазней пачула ад матулі, прачытала ў бацькавым творы “Камароўская хроніка”.

Наступныя арышты бацькі ўрэзаліся ў памяць назаўсёды. Галі было толькі дзевяць гадоў, калі у Мінску (сюды пераехала сям’я Гарэцкіх у канцы кастрычніка 1923 г.) з 18 на 19 ліпеня 1930 г. М. Гарэцкага зноў арыштавалі. Фактычна тады і скончылася яе дзяцінства.

Па сфабрыкаваным абвінавачванні пісьменніка асудзілі на пяць гадоў і выслалі ў Вятку. Жыццё сям’і рэпрэсаванага было складаным як у маральным, так і ў матэрыяльным плане, але дарослыя і дзеці трымаліся мужна. М. Гарэцкі дасылаў лісты і супакойваў сям’ю, што ў яго ўсё добра. Пра цяжкасці амаль што не пісаў. У ім жыло адчуванне віны перад жонкай, дзецьмі. Ведаў, што драматычныя жыццёвыя абставіны не даюць магчымасці Леаніле Усцінаўне забяспечыць дзяцей добрым харчаваннем, вопраткай, наладзіць нармальны побыт. Клопатам пра сям’ю прасякнуты кожны ліст да жонкі: “Між радкоў твайго пісьма прачытаў я грашовы клопат… Мне казалі, што вы мерзлі ўзімку, купляючы па паленцу возіку дроў і мяркуючы па паленцу на дзень» з ліста ад 11.07.1931 г.; Вятка).

Ужо з той пары Галя Гарэцкая адчула цяжар выпрабаванняў, якія выпалі на долю горача любімых ёю бацькоў і малодшага брата, і стала першай памочніцай маці. Так было ўсё жыццё, пакуль яны былі разам. У лістах, звяртаючыся да дачкі М. Гарэцкі пісаў: “Маладзец, што ты пасабляеш маці і насіла заказную бандэроль” (ліст 01.1932 г.). Пяшчотай прасякнуты і наступныя радкі: “Галінка, дачушка мая любая! Што ж гэта ў цябе плечкі няроўныя? Можа мы вінаваты, а можа, ты сядзіш у школе няправільна. Старайся сядзець, пішучы і чытаючы, роўненька. Але нічога, не клапаці. У мяне правае плячо ніжэйшае - жыву. Што ты зробіш... I ты, Лёня, галубок, старайся сядзець роўненька. Сумна мне, падумаўшы, што не магу памагчы вам нічым” (з ліста ад 26.02.1932 г.).

“Бацька адмаўляў сабе ва ўсім і пасылаў з Вяткі грошы нам і бацькам у вёску, хоць мама і прасіла не трывожыцца за нас... Колькі сілы мела маці! Хадзіла на працу, пісала апавяданні, нарысы, пераклады. А дома дзеці. Трэба накарміць, дагледзець. Калодзеж не блізка, дроў мала, прадуктаў не хапае... I ўсё ж спяваць любіла, толькі песні сумныя пяяліся”- напісала праз многа гадоў ва ўспамінах “Наша сям’я” Галіна Максімаўна, захапляючыся мужнасцю бацькоў.

Менавіта ў гэтым дакументальна-мастацкім творы расказана пра перажытае сям’ёй Гарэцкіх. Трагічнае светаадчуванне выявілася ў Г. Гарэцкай вельмі рана, таму такой абвостранай была яе памяць, якая захавала да драбніц усё тое няўлоўнае для старонняга вока і дарагое для яе, звязанае з бацькам, якога гвалтоўна адарвалі ад сям’і, творчай працы; і маці, якая раздзяліла з мужам усе выпрабаванні, паехала да яго разам з дзецьмі летам 1932 г. у месца высылкі, каб не быў ён адзінокім, каб дзеці раслі і выхоўваліся ў поўнай сям’і, адчувалі любоў і клопат бацькоў. За ўсё гэта Галіна Максімаўна была ўдзячная ім абаім.

Нягледзячы на голад, неўладкаванасць побыту, там, у Вятцы, яны былі шчаслівымі, бо былі разам, адчувалі ўзаемную падтрымку, вялікую любоў адно да аднаго. Лаканічна і стрымана, іншы раз нават з гумарам, пісала Галіна Максімаўна пра цяжкасці. Затое вельмі падрабязна, з цеплынёй і пяшчотай, апавядала пра хвіліны, калі побач быў бацька. Успаміны пра гэтыя імгненні сагравалі яе ўсё жыццё. Бацька вадзіў Галю і Лёню на прагулкі, любіў фантазіраваць, расказваў цікавыя гісторыі пра марсіян. Аднойчы прыдумаў з Лёнем марсіянскую песню, якую потым спявалі ўдвух. Іграў на скрыпцы, балалайцы, зімнімі марознымі вечарамі паказваў дзецям сузор’і і зоркі, вучыў знаходзіць найбольш вядомыя.

Максім Гарэцкі прывучаў дзяцей да самастойнасці, падтрымліваў іх творчыя здольнасці: развіваў схільнасці Лёні да канструявання, малявання, спорту; Галі раіў пісаць невялікія сачыненні, настойліва прасіў весці дзённік. Леаніла і Максім Гарэцкія цешыліся, што іх дзеці добра вучацца, удзельнічаюць у грамадскім жыцці. “Як я цяпер разумею, - заўважыла Галіна Максімаўна, - радавала бацькоў маіх, што лёс, які выпаў сям’і нашай, не перашкодзіў належнаму выхаванню дзяцей, не адбіўся на ім”.

Пасля адбыцця пяцігадовага тэрміну пакарання М. Гарэцкі не вярнуўся з сям’ёй у Беларусь, застаўся ў Расіі. Жылі ў пасёлку Пясочня Кіраўскай вобласці. Аднак выпрабаванні на гэтым не скончыліся. З 3 на 4 лістапада 1937 г. М. Гарэцкага зноў арыштавалі. 16 гадоў было тады Галі, Лёню - 15. Дзеці бачылі свайго бацьку апошні раз. Леаніла Усцінаўна пабачыла мужа яшчэ 21 снежня 1937 г., калі М. Гарэцкага разам з іншымі арыштаванымі перавозілі з Кірава-Пясочні ў Вязьму. 8 студзеня 1938 г. яна прыехала ў Вязьму, каб атрымаць дазвол на перадачу мужу. Дазвол атрымала, перадалак бялізну, цукар, махорку. У адказ М. Гарэцкі даслаў апошнюю кароценькую запіску (яе захавала Галіна Максімаўна).

У лютым 1938 г. Леаніла Усцінаўна вярнулася ў горад Кіраў (былую Вятку). Крыху пазней, у гэтым жа годзе, Галя і Лёня паехалі ў Ленінград, паступілі на вучобу: Галя ў Ленінградскі педінстытут імя А. I. Герцэна, Лёня - у Ленінградскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум.

Толькі 1 лістапада 1939 г. на шматлікія запыты Леанілы Усцінаўны пра лёс мужа ёй далі вусны адказ, што ён памёр 20 сакавіка 1939 г. у пасёлку Важаэль Комі АССР.

Калі пачалася вайна, Леаніла Усцінаўна жыла ў горадзе Кіраве (былая Вятка), а яе дзеці знаходзіліся ў Ленінградзе, вучыліся. Вайна перапыніла іх вучобу. Лёню Гарэцкага адразу ж мабілізавалі. 3 яго лістоў да родных можна ўзнавіць ход далейшых падзей. “Зараз ад’яджаю з Ленінграда ў часць РККА. 3 Галяй не бачыўся з пачатку вайны”, - пісаў Лёня матулі (з ліста ад 07.08.1941 г.)

Лісты Лёні сведчаць пра надзвычай цёплыя ўзаемаадносіны з сястрой. Знаходзячыся на фронце, Лёня клапаціўся, каб сястра закончыла навучанне ў інстытуце. “Галі абавязкова трэба здаць экзамены, я не давучыўся, няхай давучыцца яна”, - пісаў Лёня маці (з ліста ад 03.12.1941 г.).

“Я рады, Галя, што ты добра здаеш дзяржэкзамены і хутка атрымаеш дыплом” (з ліста ад 06.06.1942 г.). Лёня чакаў лістоў ад сястры, бо яна ўмела знайсці патрэбныя словы, каб падтрымаць яго маральна, падбадзёрыць. А была яна толькі на год старэйшая за брата. “Атрымаў сёння ад цябе ліст. Ён здаўся мне вясёлым і поўным надзей”, - пісаў Лёня сястры ў лісце ад 06.06.1942 г. 3 ліста да маці ад 30.11.1942 г.: “Няхай піша Галя, яна заўсёды ўмела стварае ўражанне, што жыве добра і не цяжка, але я ведаю. Мы жывем намнога лепш за вас, мы сытыя і апранутыя”. Лёня добра ведаў сястру і разумеў, што яна не напіша праўду, як ёй даводзіцца перажываць ліхалецце. Не напіша яна пра гэта і пазней, у сваіх успамінах. Не палічыць патрэбным, кіруючыся, відаць, тым, што вайна – выпрабаванне для ўсіх. Я ўдзячная Галіне Максімаўне, што яна даверылася мне ў лісце ад 13.07.1997 г.: “Мне цяжка вайна далася. Летам 1941 года прабыла на акопах пад Ленінградам, а ў канцы 1943 - пачатку 1944 года працавала (у школе) блізка ад лініі фронта (пад Вялікімі Лукамі). Многа чаго нагледзелася, нацярпелася”.

Гарэцкія... Яны ўмелі падтрымаць, супакоіць адно аднаго ў цяжкія перыяды жыцця, а калі адбывалася непапраўнае, мужна пераносілі страты. Аб смерці брата Галіна Гарэцкая даведалася з ліста Леанілы Усцінаўны ад 21.04.1944г.: “Галя, забіты наш Лёня. Адна ты ў мяне засталася. Беражы сябе. Потым напішу падрабязней. Ён забіты 18 лютага, любы мой сыночак. Цалую цябе і абдымаю моцна. Не можам мы і паплакаць разам”. Цяпер у сям’і Гарэцкіх Галіна стала галоўнай. Было ёй тады толькі 23 гады. У пасляваенны перыяд яна “была настаўніцай, а пасля цяжкай аперацыі працавала рэгістратарам у паліклініцы” . У 1947 г. Леаніла Усцінаўна пераехала да дачкі ў Ленінград.

3 студзеня 1957 г. Галіна Максімаўна паслала заяву ў Пракуратуру СССР з просьбай пра пасмяротную рэабілітацыю М. Гарэцкага. Яна робіць спробу даведацца пра месца і прычыну смерці бацькі. На афіцыйны запыт у пасёлак Важаэль атрымлівае паведамленне, што ў спісках зняволеных М. Гарэцкага няма. У 1958 г. у Ленінградзе ёй уручылі пасведчанне аб смерці ад 2 ліпеня, дзе паведамлялася, што М. Гарэцкі памёр 20 сакавіка 1939 г. ад кровазліцця ў мозг. Пасля незваротных страт (смерці бацькі і брата) галоўнай справай жыцця Галіны Максімаўны стала ўпарадкаванне і падрыхтоўка да выдання творчай спадчыны М. Гарэцкага. Спачатку яна займалася гэтым разам з маці. Разам прынялі рашэнне перадаць на захаванне матэрыялы сямейнага архіва ў аддзел рукапісаў і рэдкай кнігі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа.

26 верасня 1976 г. Леаніла Усцінаўна Чарняўская, восем гадоў прыкутая да ложка, памерла. Галіна Максімаўна засталася адна.

Агульнымі намаганнямі Галіны Максімаўны, Гаўрылы Іванавіча, Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкіх, а таксама Алеся Міхайлавіча Адамовіча, Міхася Іосіфавіча Мушынскага і многіх іншых у Беларусі на дзяржаўным узроўні было прынята афіцыйнае рашэнне аб выданні творчай спадчыны Максіма Гарэцкага. Галіна Максімаўна пачала актыўна супрацоўнічаць з Інстытутам літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, дзе група тэкстолагаў прыступіла да вывучэння архіўных матэрыялаў М. Гарэцкага. У складзе гэтай групы пашчасціла быць і мне. Я рыхтавала да выдання “Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцка”. Вось тады, на пачатку 1980-х, упершыню сустрэлася з Галінай Максімаўнай. Яна стала для мяне блізкім і дарагім чалавекам. Галіна Максімаўна была цікавым і ўважлівым суразмоўцам. Усё, пра што яна апавядала, захапляла, бо было напоўнена яркімі дэталямі, вызначалася змястоўнасцю і глыбінёй. Ад яе я шмат даведалася, многаму навучылася. Пачаліся сустрэчы і перапіска.

Галіна Максімаўна прыязджала ў Мінск. Мы гадзінамі сядзелі над тэкстам “Летапісу…” удакладнялі ўсё да драбніц. Спачатку быў складзены першы, скарочаны яго варыянт, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння М. Гарэцкага. Пры падтрымцы Янкі Сіпакова “Летапіс...” упершыню быў апублікаваны ў часопісе “Маладосць” (1983, № 2). Потым рыхтаваўся варыянт для 4-га тома Збору твораў М. Гарэцкага і, нарэшце, асобнае выданне “Летапісу.. ”, прымеркаванае да 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.

Праца наша працягвалася і падчас перапіскі. Іншы раз у лістах Галіна Максімаўна адрасавала непасрэдна мне толькі пару абзацаў. Усё астатняе тычылася “Летапісу...”. Як лейтматыў гучалі словы ўдзячнасці за зробленую працу і пажаданне ўнесці праўкі ў падрыхтаваны тэкст. «Прагледзела я “Летапіс” у 4-м томе. Шчыра дзякую Вам за ўсё, што Вы зрабілі і яшчэ зробіце, каб быў ён поўным, цікавым і дакументальна бездакорным», - пісала яна ў лісце ад 26.11.1987 г. Далей ішлі праўкі, удакладненні і новыя факты. Усё гэта я потым уключала ў “Летапіс...”. Я многаму навучылася ў Галіны Максімаўны, але дасягнуць той дасканаласці ў тэксталагічнай працы, якой валодала яна, было проста немагчыма.

Па волі лёсу мы сталі сведкамі знамянальнай падзеі. Дзякуючы працэсам дэмакратызацыі, якія адбываліся ў грамадстве, пляменнік пісьменніка Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі атрымаў магчымасць азнаёміцца са справай № 13036, якая была заведзена на М. Гарэцкага ў сувязі з яго апошнім арыштам у г. Кіраве. У пасведчанні аб смерці, выдадзеным у 1992 г., пазначана, што М. I. Гарэцкі памёр 10 лютага 1938 г. Прычына смерці - “расстраляны”. Месца смерці - “невядомае”. На падставе архіўных дакументаў Радзім Гаўрылавіч напісаў і апублікаваў у газеце “Літаратура і мастацтва” (1992; 9, 16 кастрычніка) артыкул “Расстрэл Гарэцкага”. Як бачым, сапраўдная дата смерці Максіма Гарэцкага стала вядомай толькі праз 54 гады пасля таго, як ён пайшоў з жыцця. Дачцэ пісьменніка яшчэ раз давядзецца перажыць смерць бацькі, даведацца пра падрабязнасці апошняга арышту, допытаў, жахлівага прысуду. Душэўнае ўзрушэнне, боль ад перажытага былі настолькі моцнымі, што па стане здароўя Галіна Максімаўна не змагла прыехаць з Ленінграда на святкаванне 100-годдзя з дня нараджэння М. Гарэцкага, якое адбылося ў Горках у лютым 1993 г.

Як няйвялікшую каштоўнасць захоўваю лісты Галіны Максімаўны. Люблю перачытваць іх. Мне здаецца, што ў лістах яна адкрылася мне найбольш поўна. Сустрэчы з Галінай Максімаўнай былі не такія частыя, як нам хацелася, а ў лістах адлюстроўвалася тое, што жыло ў нашых душах.

За ўважлівыя адносіны да творчай спадчыны М. Гарэцкага, да роду Гарэцкіх Галіна Максімаўна не стамлялася выказваць удзячнасць, як, напрыклад, у наступных фрагментах з лістоў да мяне: «Найвялікшы Вам дзякуй за “Летапіс...” і цікавы, сардэчны, падрабязны ліст ад 03.03.93 г. А яшчэ - за ўдзел у Гарэцкіх чытаннях, за ўніверсітэцкія лекцыі пра Максіма Гарэцкага і арганізацыю прагляду кінафільма “Максім Гарэцкі” (з ліста ад 30.03.1993 г.). “Вельмі ўдзячная, што слухалі Вы па радыё перадачу пра кнігу “Народныя песні з мелодыямі”, пра бабулю маю Ефрасінню Міхайлаўну. Шкада, што не задалося нам больш пагаварыць, што не пачула я Ваш болей падрабязны расказ пра гэтую перадачу. А не напішы Вы, я нічога пра яе і не ведала б. Колькі Вы мне радасці прынеслі, суцяшэння!” (з ліста ад 18.03.1998 г.)

Галіна Максімаўна вяла аскетычны лад жыцця: строгае адзенне някідкіх колераў (галоўнае, каб было зручным, практычным); простая стрыжка (звычайна хадзіла з грабеньчыкам у валасах); харчаванне як неабходнасць (не да прысмакаў было). На ўсіх этапах свайго жыцця Галіна Максімаўна ведала, што такое нястача, нават голад, абмежаванасць у матэрыяльных сродках, таму жыла сціпла, эканомна, мела толькі самае неабходнае. Пра матэрыяльныя цяжкасці ўласнага побыту нідзе адкрыта не пісала, іншы раз пра гэта можна было прачытаць толькі ў яе лістах: “Цэны ў нас шалёныя. У магазіне за адну тысячу рублёў можна купіць хіба што дзесятак яічак і літр малака. Адно суцяшэнне, што час ад часу павышаюць пенсію, так што жыву патроху” (з ліста ад 10.12.1993 г.).

Моцна перажывала, калі не магла аддзячыць за аказаную ёй паслугу, нават самую нязначную: “Пра тое, што Вам і Тэрэзе дорага каштавалі пасылкі, стараюся не думаць. Каб жа магла хоць нечым аддзячыць, ды не выходзіць” (з ліста ад 30.03.01998 г.).

На пытанне, хто ёй дапамагае, адказала так: “Дапамога мне пакуль што не патрэбна. Жыву дружна з нашчадкамі дзядзькі майго - Івана Гарэцкага, а таксама з сяброўкамі маімі старымі. Есць з кім падзяліцца, сустрэцца. Спраўляем дні нараджэння, праведваем блізкіх сваіх на могілках, сустракаемся на святы, часам і ў буднія дні. На вялікі жаль, наш дружны калектыў пачаў радзець: у апошнія гады некалькі чалавек памерлі ад розных хвароб” (ліст ад 10.10.1995 г.).

У выяўленні пачуццяў Галіна Максімаўна была стрыманай, а калі адкрывалася - колькі ў ёй было маладога тэмпераменту, рамантычных усплёскаў эмоцый! Стрыманасць зыходзіла ад яе самой. Яна нібыта рабіла ўстаноўку: немагчыма быць шчаслівай, калі столькі пакут выпала на долю яе родных і блізкіх. За стрыманасцю хавала несціханы боль. Адкрывалася не кожнаму, а толькі тым, да каго адчувала давер, прыязнасць.

Дабрыня, спагадлівасць спалучаліся ў Галіны Максімаўны з прынцыповасцю, бескампраміснасцю. Першае выяўлялася ў адносінах да людзей, якіх яна добра ведала, якім давярала, якіх любіла. Другое - да тых, з кім разыходзілася ў поглядах на жыццё, творчасць, маральныя нормы. 3 апошнімі не хацела мець ніякіх стасункаў. У гэтым бачыцца спадчынная рыса Гарэцкіх. Па словах Галіны Максімаўны, Максім Гарэцкі, “з тымі нямногімі, хто не падабаўся яму, ніякіх адносін не меў. Да апошніх гадоў гэтай рысе свайго характару не здрадзіў. Людзей шанаваў, добра адносіўся да ўсіх, з кім прыходзілася жыць, працаваць, сустракацца”. Літаратурны талент Галіны Максімаўны адзначалі ўсе, хто яе ведаў. Ён выявіўся ў яе ўспамінах, артыкулах, нарысах, тэксталагічных каментарыях, нарэшце, у яе лістах. Гэта была таксама спадчынная рыса па бацькоўскай і мацярынскай лініях. Як трапна заўважыў Максім Лужанін, Галіна Максімаўна “чуе на гук і на вобмацак роднае слова і так яго падае, што возьмеш скупыя радкі ўспамінаў і не адарвешся”.

У калейдаскопе жыццёвых малюнкаў, адлюстраваных ва ўспамінах “Наша сям’я”, Галіна Максімаўна вылучае постаці бацькі, маці, брата. Асабліва бацькі. Дакладнымі, выразнымі мазкамі стварае яна партрэт М. Гарэцкага, раскрывае яго духоўны свет. Кожнае яе слова напоўнена пяшчотай, замілаваннем. Напрыклад, у эпізодзе, дзе згадваецца, як у чэрвені 1938 г. Максім Гарэцкі з дачкой ехаў у Багацькаўку: «Раніцай прыехалі ў Смаленск. Пайшлі ў горад... Насустрач групкамі і па адным чырвонаармейцы. Некаторыя мне падмігваюць: “Гэй, курносая!” Глянула сарамліва на бацьку, а ён ідзе справа побач, стройны, дужы і ўсміхаецца. У сінім шавіётавым касцюме, белай летняй фуражцы. Вышэй сярэдняга росту быў, вочы карыя, даволі вялікія, хоць і глыбокія. Усмешка прыгожая, добрая. Сорак тры гады было яму, а мне пятнаццаць». I яшчэ пра адно наведванне Багацькаўкі: “3 канца саду ішоў да мяне бацька, энергічны, любы мне”.

Вялікая любоў да бацькі дазваляла Галіне Максімаўне адчуваць яго настрой, прадугадваць душэўны стан. Увасобленыя ў мастацкім слове, гэтыя пранікнёнасць, заглыбленасць асабліва ўражваюць. “Помню заўважаны мною, дзяўчынкаю, міг усхваляванасці ў бацькі. Цвіў у Вятцы бэз, і выдаўся цёплы сонечны вечар. Я прынесла аднекуль пышны букет фіялетавага бэзу. Тата ўсё падыходзіў да яго, не гаварыў нічога, а быў неяк радасна ўсхваляваны. Можа, успомніў што ці проста вясну адчуў” - пісала Галіна Максімаўна.

Менавіта дзякуючы ўспамінам Галіны Максімаўны, разам з успамінамі іншых людзей, постаць Максіма Гарэцкага паўстае ва ўсёй шматграннасці. I самыя тонкія грані, глыбінныя рысы характару раскрыла менавіта дачка пісьменніка. Тое ж можна сказаць і ў дачыненні да паказу духоўнага свету Леанілы Усцінаўны Чарняўскай, Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага, брата Лёні.

У дакументальна-мастацкай прозе Галіны Гарэцкай праступаюць і адметныя рысы самой аўтаркі: паэтычнасць натуры, здольнасць адчуваць навакольны свет ва ўсім багацці фарбаў, адценняў, гукаў, як, напрыклад, у фрагменце ўспамінаў, дзе Галіна Максімаўна перадае дзіцячыя ўражанні, што засталіся ад Горак. Там сям’я Гарэцкіх пражыла два шчаслівыя гады: “Запомніліся Горкі мноствам кветак. Адзін раз хадзілі з бацькам туды, дзе іх было цэлае мора, чырвона-барвовае… Каля дома нашага, як выйсці, ад ганка справа і злева за дом - вялікі кветнік быў. Луг насупраць дома бываў ружовы ад маргарытак, і ў летні ясны ранак я ўлоўлівала ў паветры над імі ледзь чутную дзівосную музыку”.

Адчуванне хараства прыроды, паэтычнасць у самыя цяжкія хвіліны жыцця вярталі Галіне Максімаўне душэўную раўнавагу, надавалі моц яе характару.

Стылю літаратурных твораў Галіны Максімаўны ўласцівы лаканізм, дакладнасць, яркасць мастацкай дэталі, ёмістасць слова, лексічнае багацце, адметны сінтаксіс. Сама Галіна Максімаўна адмяжоўвала сябе ад паняццяў літаратурны талент, творчасць, літаратуразнаўчая праца, тым больш ад прызнання яе заслуг. А яна ж была бібліёграфам, тэкстолагам, літаратуразнаўцам, мовазнаўцам, фалькларыстам, празаікам у адной асобе. Галіна Максімаўна катэгарычна адмовілася ад прапановы ўступіць у Саюз пісьменнікаў Беларусі. У гэтым выявіліся яе неверагодная сціпласць, вялікая патрабавальнасць да сябе - спадчынныя рысы роду Гарэцкіх.

Яна была вельмі далікатнай і, разам з тым, магла сказаць у вочы не вельмі прыемныя, але справядлівыя словы, выказаць сваё меркаванне публічна ў друку. Абурэнне Галіны Максімаўны выклікалі, напрыклад, публікацыі, якія тычыліся яе бацькоў, дзе былі дапушчаны недакладнасці, памылкі, скажэнне фактаў. Аднойчы яна напісала мне: “Радзім прыслаў 2-гі том “Энцыклапедыі Беларусі”, дык там маці мая прадстаўлена як мужчына. У артыкуле пра Бягомльскі музей народнай славы (с. 159) сказана: “Сярод экспанатаў музея матэрыялы пра беларускіх пісьменнікаў П.Панчанку, Ю. Свірку, А. Ставера, Л. Чарняўскяга... У пачатку 70-х гадоў мы паслалі, па просьбе загадчыка музея, некаторыя матэрыялы для экспазіцыі. Спадзяюся, што ператварэнне Л. Чарняўскай у Л. Чарняўскага адбылося толькі ў энцыклапедыі” (ліст ад 10.10.1995 г.).

Права на такую крытыку Галіна Максімаўна заслужыла дакладнасцю, выверанасцю ўласных матэрыялаў, падрыхтаваных ёю для апублікавання.

Разважаючы пра спадчынныя рысы роду Галіна Максімаўна найперш успамінала бацькаву маці, “любую бабу багацькаўскую”. “Бацька лічыў”, - пісала яна, - што моц духоўную ў цяжкім жыцці прыдавала Ефрасінні Міхайлаўне не вера ў бога, а паэтычнасць яе душы, веданне столькіх песень, народных абрадаў, здольнасць адчуваць хараство іх і хараство прыроды”.

Паэтычнасць натуры ўласцівая ўсім Гарэцкім. Іх аб’ядноўвае любоў да народнай творчасці, мастацтва, адчуванне хараства прыроды. Гэта не толькі аснова іх духоўнай і фізічнай моцы, але і выдатных прафесійных дасягненняў, літаратурнага таленту.

Галіна Максімаўна ганарылася прыналежнасцю да роду Гарэцкіх, падтрымлівала цесныя сувязі з роднымі. Асабліва любіла бацькавага брата Гаўрылу Іванавіча і яго сям’ю. Гаўрыла Іванавіч таксама прайшоў праз рэпрэсіі (цудам застаўся ў жывых), а яго сям’я зведала цяжкія выпрабаванні. Сем’і братоў Гарэцкіх сябравалі, падтрымлівалі адна адну. Пасля смерці Максіма Гарэцкага Гаўрыла Іванавіч, па сутнасці, быў для яго дзяцей, Галі і Лёні, як родны бацька. Варта толькі прачытаць лісты Лёні Гарэцкага з фронту да дзядзькі, і ўсё адразу становіцца відавочным.

Галіна Максімаўна прысвяціла Гаўрылу Іванавічу Гарэцкаму - акадэміку АН БССР, сусветна вядомаму вучонаму ў галіне геалогіі - твор “Дзядзька Гурык”, у якім раскрыла сваю любоў да дзядзькі і Максіма Гарэцкага да брата. Кожнае слова тут прасякнута павагай да роднага чалавека. Чаго варты адзін толькі сказ: “Імя Гурык так і засталося за ім для блізкіх яго на ўсё жыццё. Каму – дзядзька Гурык, каму быў проста Гурык, а найбліжэйшыя і цяпер скажуць – Гурэечка”.

Галіна Максімаўна апавядала, як у 1951 г. разам з матуляй “выправілася з Ленінграда ў Растоў-на-Доне, долей плылі двое сутак на параходзе”, каб трапіць у станіцу Раманаўскую пагасцяваць у сям’і дзядзькі. Відаць, Гаўрыла Іванавіч хацеў, каб вандроўка хоць на пэўны час адцягнула ўвагу дарагіх яго сэрцу людзей ад перажытага, якое балела і яму. Па словах Галіны Максімаўны, “кіраваў ён тады інжынерна-геалагічнымі вышукваннямі, што папярэднічалі будаўніцтву Цымлянскага гідравузла, а таксама Цымлянскага вадасховішча”. Падчас той вандроўкі Галіне было толькі 30 гадоў. Маладая, прыгожая, разумная дзяўчына, за плячыма якой столькі гора і роспачы. Але трэба было стрымліваць пачуцці, каб незнарокам не патрывожыць матулю, засцерагаць яе ад цяжкіх успамінаў.

У творы “Дзядзька Гурык” ёсць невялічкая пейзажная замалёўка, напоўненая глыбокім падтэкстам. Яна не толькі перадае душэўны стан Галіны Гарэцкай, але і вытлумачвае “загадку” духоўнай моцы Гарэцкіх. “Хмурным днём выйшлі ўпершыню ў данскі стэп, і раптам я пабегла. Расхінула пахучае травамі паветра, пакуль не здавалілася. Адчула стэпавы прастор. Цудоўнае было паветра, гаючае. Можа і яно прыдавала дзядзьку Гурыку нястомныя сілы”, - пісала Галіна Максімаўна. Новыя мясціны, бязмежнасць стэпу, уражанні ад незвычайнай, поўнай рамантыкі і таямнічасці працы дзядзькі Гурыка, які здабываў “скарбы зямлі” - усё гэта вярнула Галіне Гарэцкай душэўную раўнавагу, надало фізічнай моцы, абудзіла новыя пачуцці. Яна наблізілася да дзядзькі Гурыка: глыбей спасцігла яго чалавечую сутнасць, праніклася яго працай, адчула яго трывалую сувязь з “родным карэннем” (гэтая рыса ўласцівая ўсім Гарэцкім).

Галіна Максімаўна раскрыла багаты духоўны свет Гаўрылы Іванавіча: “Я чула, што дзядзька Гурык дае паэтычныя, як кажуць, былінныя назвы некаторым прарэкам. Вось і скажу пра любоў яго да народных спеваў, у прыватнасці, да беларускіх.
Будзе слухаць песні па радыё, на канцэртах, будзе сачыць за ўсімі беларускімі фальклорнымі зборнікамі і таму яшчэ, што неабыякавы да творчасці народнай, і таму, што амаль у кожным з іх ёсць песні, запісаныя калісьці ад яго маці - Ахрасінні Міхайлаўны”
.

Вось яны, вечныя крыніцы творчасці, - матуля, родная зямля, духоўныя скарбы народа. I ўсе Гарэцкія стаялі ля вытокаў гэтых крыніц.

Апавядаючы пра геалагічныя экспедыцыі Гаўрылы Іванавіча, Галіна Максімаўна з захапленнем адзначала: “Колькі чарговых адпачынкаў выкарыстоўваў дзядзька Гурык для ўсё новых і новых геалагічных пошукаў. Міжволі ў гэтым параўноваю яго з бацькам маім. Так жа і бацька мой ездзіў, шукаў, ахвяруючы для навукі, для сваёй творчасці кожную часіну. I, мусіць, такая апантанасць, як у іншых, падобных ім, самаадданых сваёй справе людзей, толькі ўзмацняе духоўныя і фізічныя сілы”.

Шматграннасць асобы Гаўрылы Іванавіча Галіна Максімаўна дапоўніла яшчэ адным істотным штрыхом: “Ён не ўяўляў сабе паўнацэннага творчага жыцця ў галіне навукі без жывейшай цікавасці ў пытаннях літаратуры і мастацтва”.

Саму Галіну Гарэцкую падчас незабыўнай вандроўкі ўразілі ўнікальныя знаходкі геолагаў: Адзін жаночы бранзалет здзівіў. Варажылі, на чыёй жа такой тонкай руцэ быў ён? 3 найцікавейшых знаходак - багатая, з унікальнымі каштоўнасцямі, магіла качэўнай жанчыны-воіна, пахаванай разам з канём. Такая рэакцыя на ўбачанае яшчэ раз засведчыла паэтычнасць натуры Галіны Гарэцкай.

Галіна Максімаўна - яркая прадстаўніца двух родаў: Гарэцкіх і Чарняўскіх. Асабліва выразна выявіліся ў ёй спадчынныя рысы Гарэцкіх, найперш духоўная моц, адданасць роду, высокая чалавечая годнасць, любоў да Бацькаўшчыны, роднай мовы, народнай творчасці, глыбокая ўнутраная культура, літаратурны талент, вытанчанасць пачуццяў, паэтычнасць натуры, мужнасць, прынцыповасць, стрыманасць, любоў да людзей.

Успаміны “Наша сям’я”, якія ўбачылі свет у 1984 г., завяршаюцца наступнымі словамі Галіны Максімаўны: “Літаратурная спадчына бацькоў маіх засталася жыць. Франтавыя лісты брата былі апублікаваны ў часопісе “Маладосць” № 9 за 1974 год і “Юнасць” № 4 за 1975 год”. Колькі за гэтымі словамі перажытага, выпакутаванага. Колькі падзвіжніцкай працы і вялікай радасці, шчасця ад пачуцця выкананага абавязку.

Наперадзе ў Галіны Максімаўны былі яшчэ два дзесяцігоддзі напружанай працы разам з тымі, хто прычыніўся да выдання творчай спадчыны Максіма Гарэцкага. У 1984 г. завяршылася выданне чатырохтомнага Збору твораў Максіма Гарэцкага, потым выйшлі “Творы” (1990), “Гісторыя беларускае літаратуры” (1992), тамы выбраных твораў Максіма Іарэцкага на беларускай і рускай мовах, яго дзённікі і многае іншае. У кожным выданні - неацэнны ўнёсак Галіны Максімаўны, яе самаахвярная праца.

13 сакавіка 2011 г. споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння Галіны Максімаўны Гарэцкай, а 20 верасня 2011 г. - 5 гадоў з таго дня, калі яна пайшла з жыцця. Але яна жыве ў творчай спадчыне бацькоў і брата, ва ўласных літаратурных творах. Жыве ў нашай памяці як дарагі і блізкі чалавек, як захавальніца духоўных скарбаў роду Гарэцкіх.