Таццяна Дасаева

Максім Гарэцкі і Леаніла Чарняўская.
Гісторыя кахання

Каханне... Вечная таямніца, Божы дар, цуд.
Мы прывыкаем да гэтага цуду, паўтараем імёны тых, хто з’яўляецца сімвалам кахання для ўсяго свету: Трыстан і Ізольда, Дантэ і Беатрычэ, Петрарка і Лаура, Жыгімонт Аўгуст і Барбара Радзівіл... У адзін шэраг з імі можна паставіць імёны Максіма Гарэцкага і Леанілы Чарняўскай.

Мне даўно хацелася напісаць пра іх каханне. Яшчэ тады, калі пачала работу па складанні «Летапісу жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага» і з дазволу дачкі пісьменніка, - Галіны Максімаўны Гарэцкай, у аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Фундаментальней бібліятэкі імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР упершыню прачытала лісты М. Гарэцкага да жонкі і дзяцей, дасланыя ім з Вяткі, куды ён пасля арышту і беспадстаўнага абвінавачання быў высланы ў 30-я гады. Да публікацыі гэтых лістоў затавался яшчэ добры дзесятак гадоў. Я перажыла тады сапраўднае ўзрушэнне: не магла прачытаць без слёз ніводнага радка.

Пра іх каханне амаль нічога не напісана. Лісты Леанілы Усцінаўны да мужа не захаваліся. Асобныя звесткі пра іх узаемаадносіны ёсць у «Камароўскай хроніцы» М. Гарэцкага. І хоць гэта твор аўтабіяграфічны, тым не менш, як і належыць жанру хронікі, — тут зафіксаваны найперш факты. Ёсць яшчэ ўспаміны Леанілы Усцінаўны, Галіны Максімаўны, Лёні Гарэцкага, артыкулы Гаўрылы Іванавіча і Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкіх, але ў іх няма адкрытых выказванняў пра пачуцці Максіма Гарэцкага і Леанілы Чарняўскай. А калі нешта і згадваецца, то вельмі стрымана, лаканічна, далікатна.

...Сам Лёс некалі звёў іх. 1919 год. Вільня. Сюды, на пачатку года, разам з рэдакцыяй газеты «Звязда» пераехаў з акупіраванага Мінска М. Гарэцкі. На той час быў ён ужо вядомым пісьменнікам. Пабачыў свет і атрымаў прызнанне зборнік яго апавяданняў «Рунь». Малады пісьменнік прайшоў франтавымі дарогамі першай сусветнай вайны, быў паранены, а ў яго рукапісах ляжалі дзённікавыя запісы, зробленыя ў акопах, у перапынках паміж баямі. Запісы, якія будуць пакладзены ў аснову мужнай, праўдзівай кнігі «На імперыялістычнай вайне». Ужо былі напісаны і сталі неад’емнай часткай духоўнага жыцця беларускай інтэлігенцыі артыкулы М. Гарэцкага «Наш тэатр» і «Развагі і думкі» — праграма беларускага Адраджэння. А яшчэ жыла прага дзейнасці: літаратурнай, грамадскай і педагагічнай. Вялікія спадзяванні М. Гарэцкі ўскладаў на моладзь, да яе і звяртаўся ён з палымянымі словамі. Пісьменнік, педагог, ён добра разумеў, што грамадзянскія пачуцці трэба выхоўваць у людзей з маленства, каб разам з гукамі матчынай песні, а потым праз кнігу пранікаліся яны любоўю да роднага краю.

Не дзіўна, чаму так зацікавіла М. Гарэцкага вестка аб тым, што настаўніца Л. Чарняўская рыхтуе да выдання чытанку «Родны край», якая прызначалася для дзяцей 1-4-га гадоў навучання. Ці ведаў ён, калі вырашыў знайсці ўкладальніцу чытанкі, што яна маладая, прыгожая? Можа і ведаў. Ды, пэўна ж, не ведаў, што яна будзе вернай спадарожніцай яго жыцця, падорыць яму дачку і сына, будзе яго паплечніцай у творчай дзейнасці, а калі напаткае бяда (арышт, выгнанне) — падзеліць з ім усе нягоды. А пасля яго смерці здзейсніць жаночы і грамадзянскі подзвіг: захавае яго літаратурны архіў, а потым разам з дачкой Галінай зробіць усё магчымае і немагчымае, каб творчая спадчына М. Гарэцкага заняла пачэснае месца сярод класікаў нацыянальнай літаратуры. Не мог ён гэтага ведаць!

Леаніла Чарняўская. Сялянка па паходжанні, арыстакратка па духу, верная дачка сваёй Бацькаўшчыны. Асветніца. Пісьменніца. Уяўляю яе ў розныя перыяды жыцця. Юнаю, рамантычнаю, летуценнаю — у час вучобы ў Вышэйшым Марыінскім вучылішчы, куды яна, дзевяцігадовая дзяўчынка з вёскі Таргуны, што на Віцебшчыне, паступіла ў 1902 г. Не па гадах стрыманую, строгую ў час яе работы настаўніцай у вёсцы Залессе на Віленшчыне, дзе яна працавала пасля заканчэння вучылішча ў 1910 г. Засяроджаную, мэтанакіраваную, з акрэсленай грамадзянскай пазіцыяй — у Першай Віленскай гімназіі, куды Леанілу Чарняўскую запрасілі на работу ў пачатковых класах з моманту адкрыцця гэтай навучальнай установы, з 1 студзеня 1919 г. Маладая настаўніца пісала апавяданні для дзяцей (якраз у 1919 г. выйшаў яе першы зборнік «Дзяціныя гульні») і, як ужо згадвалася, збіралася выпусціць чытанку «Родны край».

Уяўляю іх першую сустрэчу. Яна ў закрытай блузцы з высокім каўнерыкам, у чорнай доўгай спадніцы. Стройная. Прыгожая. Строгая. Хвалюецца. Не дзіва! Вядомы пісьменнік сам завітаў да яе. Вось ён перад ёю — малады, натхнёны, апантаны ідэяй нацыянальнага адраджэння. Уяўляю душэўны стан Леанілы Усцінаўны пасля знаёмства з Гарэцкім. Радасць. Разгубленасць. Прадчуванне чагосьці невядомага. А потым прыйшло каханне. Вайна не перашкодзіла яму. У сваіх успамінах Галіна Максімаўна згадвае словы маці аб тым, як насіў ёй ружы Максім Гарэцкі, «не зважаючы на тое, што пасвіствалі на вуліцы і ў яе двары кулі». Неўзабаве «ў той неспакойны час яны абвянчаліся ў Віленскім Прачысцінскім саборы 16 ліпеня 1919 года».

У віленскі перыяд жыцця шчасце маладой сям’і было азмрочана. Дачушцы Галі яшчэ не споўнілася года, Леаніла Усцінаўна чакала нараджэння другога дзіцяці — але ў ноч з 19 на 20 студзеня 1922 года яе мужа, М. Гарэцкага, арыштавалі польскія ўлады і пасадзілі ў адзіночную камеру Лукішак, абвінаваціўшы «ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтай замаху на дзяржаўную ўладу», за што польскім Карным кодэксам прадугледжваўся смяротны прысуд ці, у лепшым выпадку, катарга. У ноч з 3 на 4 лютага М. Гарэцкага прывезлі з турмы дамоў для развітання з сям’ёй. Мужна і годна перанесла гэта выпрабаванне маладая жанчына. Аб гэтым напіша ў «Камароўскай хроніцы» М. Гарэцкі: «Развітанне было балючае, тым болей, што Міла была на пятым месяцы цяжарнасці. Трымалася яна добра, каб падтрымаць Кузьму, але ёй мроілася, што яго могуць павесці і расстраляць, і Кузьма потым шмат разоў думаў, як яна перанясе хвіліны гэтых страшных перажыванняў...». Не магла ведаць тады Леаніла Усцінаўна, што яшчэ двойчы давядзецца ёй перажыць страшныя імгненні, калі будуць арыштоўваць яе мужа.

На шчасце, суд тады не адбыўся...
У кастрычніку 1923 г. сям’я Гарэцкіх пераехала ў Мінск.

М. Гарэцкі актыўна працуе як выкладчык літаратуры, навуковец. Ён так ірваўся сюды, у Савецкую Беларусь. Бачыліся тут вялікія перспектывы ў творчай дзейнасці ў імя святога Адраджэння Бацькаўшчыны.

Хапала працы і Леаніле Усцінаўне. На ёй ляжаў клопат пра маленькіх дзяцей, дом, у які вельмі часта наведваліся госці. Прыязджалі родныя з Малой Багацькаўкі, заходзілі суседзі. Ды не толькі домам, сям’ёй жыла Леаніла Усцінаўна. Не забывала яна і пра здзяйсненне ўласных творчых задум.

Акрамя працы над апавяданнямі, яна па-ранейшаму шчыравала над выпускам чытанкі «Родны край». Перакладала ўрыўкі з твораў рускай, польскай, французскай літаратуры на беларускую мову спецыяльна для чытанкі. Шмат дапамагала свайму мужу, падтрымліваючы яго творчыя памкненні. Тут не было саперніцтва. Па сведчанню пісьменніка А. Якімовіча, «гэта была сям’я таленавітых літаратараў. I, відаць, не толькі Максім Іванавіч меў уплыў на сваю жонку. Было і наадварот». Гэта пацвярджае той факт, што М. Гарэцкі напісаў шмат апавяданняў і нарысаў для дзяцей, змешчаных у «Родным краі».

На пачатку 1926 г. сям’я Гарэціх пераехала ў Горкі. М. Гарэцкі даў згоду папрацаваць у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, узначаліў кафедру беларускай мовы і літаратуры.

Гэта быў адзін з самых светлых перыядаў у жыцці Гарэцкіх. Шчаслівая сям’я, добрае суседства з калегамі-педагогамі, прыгожая прырода — усё гэта надавала жыццю асаблівае хараство. Максім Іванавіч вадзіў дзяцей у дэндралагічны парк, а Леаніла Усцінаўна любіла хадзіць з імі «да невялікага возера за грачыным гаем». Відаць, гэта мясціна нагадвала жанчыне азёрны Віцебскі край, любую сэрцу вёсачку Таргуны.

Дачцэ Гарэцкіх запомніліся Горкі мноствам кветак. I не толькі тымі, што раслі на доследным участку сельскагаспадарчай акадэміі, але і кветкамі, пасаджанымі мамінымі рукамі.

Кветкі былі на вокнах у кожным пакоі, раслі каля дома. Леаніла Усцінаўна любіла ўсё прыгожае, і гэтай прыгажосцю, якую ўмела ствараць сама, яна хацела атуліць сваіх родных. Яна ўмела прыгожа спяваць, мела добры голас — лірычнае сапрана. У красавіку 1927 г. у Горкі прыехаў Якуб Колас. У акадэмічным клубе была наладжана яго сустрэча. У гонар шаноўнага госця спявала Леаніла Усцінаўна. У гады выпрабаванняў, якія яна раздзеліць са сваім мужам, песня будзе дапамагаць пераадольваць цяжкасці, захоўваць чалавечую годнасць, паказваць узор мужнасці сваім дзецям.

А яшчэ Леаніла Усцінаўна вельмі добра вышывала. Паводле слоў дачкі Гарэцкіх, яна «ўмела стварыць на палатне кветкі ці іншае з найпрыгажэйшымі тонкімі адценнямі. Хадзілі ў вышытым ёю адзенні дарослыя і дзеці; яе вышыўкі ўпрыгожвалі кватэру».

Уяўляю Максіма Гарэцкага ў такой рубашцы-вышыванцы. Відаць, вельмі прыемна яму было апранаць гэтую рэч, вышытую рукамі каханай, хораша думалася ў гэтыя хвіліны пра яе — прыгажуню, разумніцу, пяюху, майстрыху, што ўмела ствараць утульнасць, прыгажосць.

К 1 верасня 1928 г. Гарэцкія вярнуліся ў Мінск. Яшчэ шмат радаснага і прыемнага адбылося ў іх жыцці, але нарастала трывога. Адчувальна змянілася на горшае грамадска-палітычная атмасфера ў краіне. Пачаліся нападкі ў друку на М. Гарэцкага. Да трагічнага дня заставалася амаль два гады...

У ноч з 18 на 19 ліпеня 1930 г. у кватэру Гарэцкіх зноў пастукалі. Леаніла Усцінаўна ўжо чула такі стук у Вільні. Максіма Гарэцкага арыштавалі.

Іх разлучылі, але каханне, калі яно не згасае ў сэрцах дваіх, нельга, як чалавека, пасадзіць у турэмную камеру, знішчыць. Яно застаецца жыць — і ў выпрабаваннях становіцца яшчэ больш моцным і прыгожым. У светлыя хвіліны жыцця каханне акрыляе, натхняе, у драматычныя моманты — яно выратоўвае, дае сілу для жыцця. Так было ў Гарэцкіх.

Да 10 красавіка 1931 г. М. Гарэцкі знаходзіцца ў Мінскай турме, потым па этапу яго разам з іншымі асуджанымі адпраўляюць да месца высылкі — у Вятку.

Пачынаецца перапіска — летапіс іх кахання (лісты М. Гарэцкага да жонкі апублікаваныя ў кнізе: М. Гарэцкі «Творы», Мн., 1990). Зноў і зноў учытваюся ў радкі лістоў Максіма Гарэцкага да жонкі і дзяцей, і вось ужо здаецца, што я прачытала і лісты Леанілы Усцінаўны да мужа. Я трапляю ў свет іх пачуццяў, дзе між трывог і клопатаў штодзённага нялёгкага жыцця ў расстанні гучыць мелодыя іх кахання — непаўторная, шчымлівая, пяшчотная, чыстая, гаючая...

Мелодыя на два галасы: адзін з іх — мужны, стрыманы, кпапатлівы; другі — па-жаночы ўсхваляваны, трывожны, часам адчайны... Гэтыя два галасы, што ідуць з глыбіняў душы, нібы рукі закаханых, цягнуцца праз расстанне, каб злучыцца ў абдымках, каб падтрымаць адно аднаго ў цяжкую хвіліну, даць апірышча духу і веры ў лепшае. Гэта мелодыя на два галасы, напачатку ціхая, ледзь чутная, паступова набірае сілу, запаўняе прастору, і вось ужо два галасы, зліваючыся ў адзін, гучаць як гімн каханню — высакароднаму, узвышанаму, самаахвярнаму.

Кранае форма звароту Максіма Гарэцкага да жонкі. Да імён Лёля, Міла, Ласка дадаецца яшчэ адно: Цярплівая Ласка. Колькі глыбіннага сэнсу ў гэтых словах, колькі павагі і любові, шкадавання, што «па яго віне» выпала ёй і дзецям (іх «парасткам маладым», «галубянятам») столькі бяды; колькі стрыманай пяшчоты, замілавання і... удзячнасці!

3 лістоў М. Гарэцкага бачна, што, як толькі ён прыбыў у Вятку, Леаніла Усцінаўна адразу ж паставіла пытанне аб пераездзе разам з дзецьмі да мужа. Летам 1931 г. яна наведвае Максіма Гарэцкага ў Вятцы, а ў канцы чэрвеня 1932 г. сям’я Гарэцкіх зноў разам. Нялёгкія гэта былі гады. Жылі ў прахадным пакойчыку, памерам у дзевяць квадратных метраў, не хапала грошай. Было і голадна, і холадна. I ўсё ж яны былі шчаслівыя. Максім Гарэцкі Леаніла Чарняўская вельмі стараліся, каб драматычныя абставіны, у якіх апынулася іх сям’я, не азмрочвала жыццё дзяцей.

Бацька хадзіў з дзецьмі ў скверык ля сабора Аляксандра Неўскага, дома іграў на балалайцы ці расказваў цікавыя гісторыі, у марозныя вечары паказваў дзецям сузор’і і зоркі; майстраваў з сынам Лёнем з бамбуку і паперы авіямадэлі, ведаючы, што сын захапляецца маляваннем, авіямадэлізмам; вучыў дзяцей ляпіць з гліны розныя фігуркі людзей, жывёл; заахвочваў дачку пісаць дзённік, вучыў пісаць сачыненні, падтрымліваў яе захапленне гімнастыкай. Аб усім гэтым і многім іншым згадвае ва ўспамінах Галіна Максімаўна.

3 хваляваннем успамінае гэты перыяд жыцця і Лёня ў лістах да родных, калі таты ўжо не было ў жывых. У ліпені 1935 г. М. Гарэцкі адбыў тэрмін высылкі, атрымаў пашпарт, але ў родныя мясціны не вярнуўся. Сям’я Гарэцкіх пасялілася ў Пясочні (потым перайменаванай у г. Кіраў). У ноч з 3 на 4 лістапада 1937 г. Гарэцкага зноў арыштавалі.

21 снежня 1937 г. Леаніла Усцінаўна апошні раз бачыла свайго мужа, калі яго разам з іншымі арыштаванымі з Кірава-Пясочні перапраўлялі ў Вязьму. 8 студзеня яна прыехала ў Вязьму, каб атрымаць дазвол на перадачу мужу. Тады ж атрымала яна апошнюю запіску ад М. Гарэцкага. Як страшна пісаць гэтыя словы: апошняя сустрэча, апошні поціск рукі, апошнія словы, апошні развітальны позірк, апошняя запіска...

М. Гарэцкага расстралялі ў Вязьме 10 лютага 1938 г. у 15 гадзін. 3 таго страшнага дня прайшло 65 гадоў.

Пасля апошняй сустрэчы з мужам Леаніла Усцінаўна яшчэ пасылала на яго імя грашовыя пераводы, пасылкі, пісала ў розныя інстанцыі, каб даведацца, дзе знаходзіцца яе муж. I толькі 1 лістапада 1939 г. ёй паведамілі ў камендатуры, што муж яе памер 20 сакавіка ў Комі АССР, пасёлак Важаэль. Леаніла Усцінаўна так і не даведалася сапраўдную дату смерці мужа. Гэта дата стала вядомая толькі тады, калі пляменнік Максіма Гарэцкага Радзім Гарэцкі, азнаёміўшыся з дакументамі па справе М. Гарэцкага, надрукаваў у газеце «Літаратура і мастацтва» (9, 16 кастрычніка 1992 г.) артыкул «Расстрэл Максіма Гарэцкага».

Максім Гарэцкі і Леаніла Чарняўская. Разам яны былі 18 гадоў. У вечнай ростані са сваім каханым Леаніла Усцінаўна пражыла 34 гады. Яе мужа забілі, але засталося жыць іх каханне. Яно дало сілы гэтай мужнай жанчыне, каб выстаяць, каб гадаваць дзяцей, змагацца за чыстае імя Максіма Гарэцкага, захоўваць яго літаратурны архіў. Ужо без мужа, адной, давялося ёй перажыць смерць сына Лёні, які загінуў на фронце ў дзень нараджэння бацькі 18 лютага 1944 г.

I зноў мне чуецца мелодыя кахання на два галасы. Максім Гарэцкі сказаў аднойчы дачцэ пра Леанілу Усцінаўну: «Запомні: яна святая!». I паўтарыў: «Святая!». Незадоўга перад смерцю (1976 год) Леаніла Усцінаўна сказала дачцэ: «Ніколі, ні разу не пашкадавала, што выйшла замуж за Максіма, хоць і нялёгкім аказаўся мой лёс...».