Таццяна Дасаева
Якуб Колас i Максім Гарэцкі
Якуб Колас і Максім Гарэцкі – шматгранныя творчыя асобы. Яны ўвайшлі ў гісторыю нацыянальнай культуры і як літаратары (класікі прыгожага пісьменства), і як навукоўцы, грамадскія дзеячы. Асаблівай увагі заслугоўваюць іх педагагічныя і навуковыя набыткі, а таксама чалавечыя ўзаемаадносіны.
Пасля заканчэння ў 1902 г. Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі К. Міцкевіч працаваў школьным настаўнікам на Палессі. Малады педагог адчуваў патрэбу ў стварэнні беларускіх школ і забеспячэнні іх падручнікамі. За ўдзел у настаўніцкім з’ездзе і рэвалюцыйнай барацье К. Міцкевіча пазбавілі права працаваць настаўнікам. 1 верасня 1906 г. газета “Наша Доля” змясціла верш “Наш край” - першы друкаваны твор Я. Коласа. Зімой 1906 - 1907 гг. ён жыў у леснічоўцы Смольня, дзе нелегальна адкрыў прыватную школу. Тут ён рыхтаваў “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” (выйшла ў 1907 г. у Пецярбургу).
3 1907 да 1908 г. Я. Колас працаваў у газеце “Наша Ніва” ў Вільні, загадваў літаратурным аддзелам, змяшчаў і ўласныя творы (вершы, публіцыстыку). У допісе “Беларуская мова ў казённай школе” Я. Колас ставіў пытанне: “...як беларусам далі права гаварыць і пісаць на сваёй мове і як паявілася першае беларускае пісанае слова, багата знайшлося праціўнікаў беларускай мовы. ...Адкуль жа гэтакія нападкі на беларускую мову? Што іх парадзіла? Чаму беларуская мова “мёртвая” мова? Чаму рэжа яна вушы нават таму ж самаму беларусу, каторы выйшаў з простага народа, інтэлігенту-беларусу?”. Я. Колас шукае адказ, выяўляе вытокі з’явы: “Маленькі хлопчык-беларус вучыцца ў школе... Ці чуе ж ён там сваё роднае слова? Не, ён чуе адну толькі насмешку над сваёю моваю; а забудзецца часта, вырвецца ў яго сваё роднае слова, тое слова, каторым прывык ён ад пялёнак гаварыць з таткаю і з маткаю, - вучыцель, а за ім і ўсе вучні, падымаюць яго на смех”.
Турэмнае зняволенне, Першая сусветная вайна, служба ў арміі, Аляксандраўскае вайсковае вучылішча, удзел у ваенных дзеяннях на Румынскім фронце надоўга адарвалі Я. Коласа ад творчай і педагагічнай дзейнасці, разлучылі з Беларуссю.
У 1921 г. Я. Колас вярнуўся на Радзіму, выкладаў у Беларускім педагагічным тэхнікуме і БДУ. У 1923 г. па даручэнні Наркамасветы БССР чытаў лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы на настаўніцкіх курсах у Слуцку. Неўзабаве падрыхтаваў і апублікаваў падручнік “Методыка роднай мовы” (1926) для настаўнікаў пачатковых і педагагічных тэхнікумаў. У прадмове чытаем: “У той час, калі наша беларуская школа пераходзіць на выкладанне ў роднай мове і пробуе стаць на свае ўласныя ногі, паяўленне кожнага падручніка для школы, кожнай кнігі для школьнага ўжытку, - адным словам, кожная новая педагагічная літаратура як для вучняў, так і для настаўніка набывае асаблівае значэнне”. Я. Колас раскрывае велізарныя магчымасці, якія дае навучанне дзяцей на роднай мове: “Гэтае навучанне робіцца крыніцай новых і глыбокіх выхавальных уплываў на ўвесь псіхічны стан вучняў: чытанне пашырае кругагляд дзіцяці, узбагачае ўспрымальную душу яго яркімі вобразамі і малюнкамі незнаёмага яму дагэтуль жыцця. Цераз кнігу дзіця набывае многа розных ведаў з розных навук. Скрозь адчыненыя дзверы роднай мовы льецца ў школу шырокая, магутная плынь, плынь асветы, людкуючы розум і пачуцці дзяцей”.
10 лютага 1921 г. утварылася Навукова-тэрміналагічная камісія, дзе пачаў працаваць Я. Колас. 20 лютага 1922 г. на яе базе адчынілі Інстытут беларускай культуры. Я. Колас непасрэдна ўдзельнічаў у гэтым працэсе. У лісце да Я. Карскага ад 24/ХІ 1921 г. ён пісаў: “У нас открывается Институт белорусской культуры, составляется штат, вырабатывается устав, подыскывается помещение...”. А 13 кастрычніка 1928 г. пастановаю Савета Народных Камісараў БССР Інбелкульт быў рэарганізаваны ў Беларускую акадэмію навук. 3 1928 г. Я. Колас - акадэмік АН БССР, з 1929 г. - член Прэзідыума і віцэ-прэзідэнт АН БССР. У 1944 г. Я. Коласу прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі.
Максім Гарэцкі прыйшоў у літаратуру пазней за Я. Коласа. Друкавацца пачаў з 1912 г. Праз два гады ўжо меў зборнік апавяданняў “Рунь”. Бурныя падзеі пачатку XX ст. уварваліся і ў яго жыццё. У 1914 г. пайшоў “вольнапісаным” у армію. У хуткім часе пачалася Першая сусветная вайна. У кастрычніку 1914 г. М. Гарэцкі атрымаў цяжкае раненне. Доўга лячыўся ў шпіталях. Пасля заканчэння Паўлаўскага вайсковага вучылішча ў Петраградзе адправіўся ў Іркуцк, потым у Гжацк. Зноў трапіў на фронт. Потым лячыўся ў Маскве і Жалезнаводску. Услед за рэдакцыяй газеты “Звезда” пераехаў на пачатку 1919 г. у Мінск, потым у Вільню.
У кастрычніку 1923 г. М. Гарэцкі вярнуўся з сям’ёй у Мінск. Паводле сведчання Галіны Гарэцкай, дачкі пісьменніка, “у лістападаўскі вечар 1923 г. прыйшоў да нас упершыню Якуб Колас, пазнаёміўся з мамай, запрасіў яе і бацьку ў тэатр на “Машэку” Я. Міровіча”. “Бацькі і Якуб Колас, - успамінала Г. Гарэцкая, - былі ў шчырых адносінах, хадзілі адзін да другога ў госці, чыталі свае творы, даравалі свае кніжкі”. У 1924 г. М. Гарэцкі пазнаёміў з Я. Коласам і брата Гаўрылу, які толькі што закончыў у Маскве Ціміразеўскую акадэмію.
Асветніцкія ідэі, цікавасць да фальклору, клопат пра лёс беларускай мовы Я. Коласа былі блізкімі М. Гарэцкаму, які захапляўся яго творчасцю з юнацтва. У ранніх артыкулах “Наш тэатр” (1913), “Развагі і думкі” (1914) пры абмеркаванні важных пытанняў, звязаных з нацыянальным адраджэннем, М. Гарэцкі ўздымаў і праблемы развіцця беларускай літаратурнай мовы. Ён пісаў: “У нас жа так многа нарэчый, гутарак, асаблівасцей фанетыкі, што калі з часам з усяго гэтага паднімаецца нешта суцэльна-стройнае, то што гэта будзе за хараство, што гэта будзе за багацце, што гэта будзе за цікавасць, ой!”. М. Гарэцкі выказваў меркаванне, што беларусы забылі сваю старажытную мову, яго хвалявала, што “шмат дзе цяпер беларусы гавораць прыкрай мешанкай слоў беларуска-польска-рускіх”. Ён заклікаў дзеячаў тэатраў, настаўнікаў, літаратараў “дбаць аб гучнасці і чыстаце сваёй мовы”. “Сумна, калі ўсенародна калечыцца наша мова, сэрца весяліцца, калі чуем мову слаўную, правільную”,- пісаў М. Гарэцкі.
Гаўрыла Гарэцкі ў артыкуле “У вянок памяці Максіма Гарэцкага” напісаў: “Мой брат рупіўся аб пашырэнні беларускай мовы ў практычным ужыванні і выдаў некалькі кароткіх слоўнічкаў руска-беларускіх і беларуска-рускіх”. “Руска-беларускі слоўнік” (1918, Смаленск) Максім Гарэцкі падрыхтаваў разам з братам Гаўрылам.
3 1918 да 1926 г. М. Гарэцкі выдаў сем слоўнікаў. Ён шмат зрабіў для выпрацоўкі нормаў беларускай літаратурнай мовы, узбагачэння яе лексічнага складу, удасканалення стылістыкі, станаўлення і развіцця апавядальнай культуры нацыянальнай прозы, выпрацоўкі сістэмы вобразных сродкаў айчыннай публіцыстыкі.
Як і Я. Колас, М. Гарэцкі ўсведамляў пільную патрэбу беларускіх школ у стварэнні падручніка па гісторыі беларускай літаратуры. Ён склаў першы падручнік “Гісторыя беларускай літаратуры” (чатыры перавыданні, кожнае дапоўнена новым матэрыялам: 1920, 1921, 1924, 1926 гг.), падрыхтаваў і выдаў “Хрэстаматыю беларускай літаратуры. XI век - 1905 год” (1922).
Займаўся М. Гарэцкі і педагагічнай дзейнасцю. Працаваў выкладчыкам беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні і адначасова ў 1-й Віленскай беларускай гімназіі. Выкладаў беларускую мову і літаратуру на рабфаку БДУ, у Камуністычным універсітэце БССР (1923 - 1926), Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках (1926 - 1928).
16 студзеня 1925 г. пастановай Наркамасветы БССР быў зацверджаны новы склад правадзейных членаў Інбелкульта, у які ўвайшлі Я. Купала, Я. Колас, Ц. Гартны, 3. Бядуля, М. Чарот, М. Гарэцкі і інш.
Уваходзячы ў склад правапісна-тэрміналагічнай камісіі, дзе працавалі К. Міцкевіч (Я. Колас), Я. Лёсік, М. Азбукін, потым узначальваючы слоўнікавую (разам з М. Байковым), мовазнаўчую і літаратуразнаўчую камісіі, М. Гарэцкі часта перасякаўся па службовых справах з Я. Коласам. Пра гэта сведчаць пратаколы пасяджэнняў Прэзідыума Інбелкульта, Навуковай рады, агульных сходаў і секцый.
28 мая 1925 г. адбылося ўрачыстае пасяджэнне літаратурнай секцыі Інбелкульта, прысвечанае 20-годдзю літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы. 3 дакладам пра ролю Янкі Купалы ў беларускім нацыянальна-культурным адраджэнні выступіў М. Гарэцкі. Я. Колас прачытаў казку “Ноч, калі цвіце папараць”. М. Гарэцкі, як і Я. Колас, сябраваў з Я. Купалам.
Навуковае супрацоўніцтва Я. Коласа і М. Гарэцкага дапаўнялася сумеснай педагагічнай дзейнасцю. Летам 1925 г. яны некаторы час у Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме чыталі лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы на курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў.
Калі ў 1926 - 1928 гг. М. Гарэцкі два гады жыў у Горках, дзе ўзначальваў кафедру беларускай мовы і літаратуры Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, ён перапісваўся з Я. Коласам, часам бачыўся. У лісце ад 14 верасня 1926 г. Марыя Міцкевіч (жонка Я. Коласа) паведамляла мужу, які адпачываў у Есентуках: «3 тыдзень таму назад захадзіў Максім Гарэцкі і пакінуў табе на памяць “На імперыялістычнай вайне”, толькі што выйшаўшую з друку”.
У 1927 г. Я. Колас пабываў у Горках. Наконт прыезду ён паведаміў жонцы М. Гарэцкага Л. Чарняўскай у лісце ад 17.04.1927 г.: “Глыбока-паважаная Ляонія Вусцінаўна! ...Я думаю прыехаць у Горкі 24.04., бо іншага часу выбраць мне трудна. Выеду ў суботу 23.04. у 10 г. 50 м., а ў Горках буду 24 раніцаю. Прывітанне дзядзьку Максіму і мілым жанчынам-беларускам”.
Галіна Гарэцкая ўспамінала: “У красавіку 1927 наведаў Горкі Якуб Колас. У акадэмічным клубе была яму добрая сустрэча. На адной з вечарын спяяла мама Якубу Коласу дзве песні: “Не жаніўся я” і “Зара мая вячэрняя”. Прыемна было ёй успомніць праз многа год аб гэтым”. 3 задавальненнем успамінаў пра сустрэчу і сам Я. Колас у лісце да Л. Чарняўскай ад 09.11.1927 г.
З верася 1928 г. сям’я М. Гарэцкага зноў жыве у Мінску. 2 кастрычніка М. Гарэцкі “прызнавачан вучоным спецыялістам Інстытута навуковае мовы Інстытута беларускае культуры. Пратакол ІБК № 44 ад 2.10.1928. У студзені 1929 г. з рэарганізацыяй Інстытута беларускай культуры ў Беларускую акадэмію навук застаўлены на той жа самай пасадзе пры Беларускай акадэміі навук”
Цесныя творчыя і чалавечыя стасункі Якуб Колас да апошніх дзён жыцця меў з Гаўрылам Гарэцкім. Асабліва часта яны сустракаліся ў час працы ў Інбелкульце і ў Беларускай акадэміі навук. Г. Гарэцкі, як і яго брат Максім, у 1925 г. быў абраны правадзейным членам Інбелкульта (толькі па прыродазнаўчых навуках), з’яўляўся членам Управы і Навуковай рады гэтай установы (1927-1928). Паводле слоў яго сына Радзіма Гарэцкага, шмат асабістых намаганняў прыклаў Г. Гарэцкі і пры стварэнні Беларускай акадэміі навук. Дастаткова сказаць, што менавіта ім быў напісаны праект яе структуры... Ужо ў 28 гадоў Г. Гарэцкі - у ліку першых - зацверджаны акадэмікам Беларускай акадэміі навук. Ён стаў самым маладым акадэмікам за ўвесь час яе існавання!
У 1930 г. па сфабрыкаванай справе СВБ (Саюз вызвалення Беларусі) была арыштавана вялікая колькасць беларускіх інтэлігентаў. Не абмінула гэта і братоў Гарэцкіх, а таксама многіх з тых, з кім яны працавалі, сябравалі. М. Гарэцка арыштавалі ў Мінску ў ноч з 18 на 19 ліпеня, Г. Гарэцкага - 24 ліпеня ў Хосце. Пры арышце Г. Гарэцкага на яго кватэры быў праведзены вобшук, канфіскавана перапіска, шэраг кніг. Сярод іх падораныя М. Гарэцкаму Я. Коласам “Сымон-музыка” з надпісам “Дарагому другу Максіму Гарэцкаму ад аўтара. Мінск. 12.09.1925 г”,“Казкі жыцця” з надпісам “Міламу Максіму Гарэцкаму ад Якуба Коласа. Мінск. 15.11.1928 г.” іінш.
Якуб Колас застаўся на волі, але і яму як віцэ-прэзіденту Беларускай акадэміі навук, народнаму пімьменніку і проста грамадзяніну, чалавеку давялося перажыць нямала. Сярод арыштаваных яго калегі, адзінадумцы, сябры, сваякі.
Як віцэ-прэзідэнт Я. Колас прысутнічаў на пасяджэннях Прэзідыума Беларускай акадэміі навук, а яны ўсё больш нагадвалі разгляд судовых спраў. Так, напрыклад, 13 жніўня 1930 г. слухалася пытанне пра “заарыштаваных” навуковых спецыялістаў У. Бялькевіча і М. Грамыку (пратакол № 20) і пра зняцце з адказных пасад у БАН акадэмікаў С. Некрашэвіча, Я. Лёсіка, В. Ластоўскага (пратакол № 21).
А 19 кастрычніка 1930 г. адным з пытанняў чарговага пасяджэння Прэзідыума БАН было: “Аб пераводзе аспіранта т. Бэндэ ў навуковыя супрацоўнікі”. Пастанавілі: “Прымаючы пад ува- гу, што т. Бэндэ да самастойнай навуковай працы падрыхтаваны, перавесці т. Бэндэ з 1 лістапада ў навуковыя працаўнікі па кафедры літаратуры без існуючага ў Акадэміі парадку пераводу” (пратакол № 28).
Як бачым, навукоўцы павінны былі прымаць рашэнні пра звальненне акадэмікаў і прыняцце на працу ў Беларускую акадэмію навук такіх, як Л. Бэндэ, чые артыкулы пра многіх беларускіх пісьменнікаў паслужылі падставай для іх арышту.
Самога Я. Коласа ў 1930-я гг. прадстаўнікі вульгарна-сацыялагічнай крытыкі (у тым ліку і Л. Бэндэ) беспадстаўна абвінавацілі ў нацдэмаўшчыне, ідэалагізацыі кулацтва, хутарской гаспадаркі, апяванні месіянскай ролі інтэлігенцыі. Сваякі Я. Коласа Я. Лёсік (дзядзька па мацярынскай лініі), А. Каменскі (родны брат жонкі Марыі Дзмітрыеўны) былі арыштаваны. Пагроза арышту вісела і над Я. Коласам.
Пасля арышту братоў Гарэцкіх Я. Колас падтрымліваў адносіны з іх сем’ямі, дапамагаў маральна і матэрыяльна, нягледзячы на тое, што гэта было небяспечна.
Дачка М. Гарэцкага з удзячнасцю ўспамінала: “Якуб Колас, даведаўшыся ад мамы ў 1931 годзе, што бацька наш паедзе на пяць гадоў у горад Вятку, стараўся суцяшаць, наведваў нас. Прыходзілі жонка яго Марыя Дзмітрыеўна і брат яе Аляксандр Дзмітрыевіч, Ванда Лёсік (Лявіцкая)”.
Галіна Гарэцкая таксама засведчыла, што Леаніла Усцінаўна пісала ў Вятку мужу: “Кланяецца табе Жыта і ўсе краскі палявыя” (Жыта - Якуб Колас). Канстанцін Міхайлавіч прыносіў яблыкі з свайго саду, чытаў маме “Адшчапенца”.
Калі Леаніла Усцінаўна прыняла рашэнне пераехаць разам з дзецьмі да мужа ў Вятку, сярод тых, хто праводзіў яе ў далёкі шлях, была і жонка Я. Коласа Марыя Дзмітрыеўна. Вядома, што Л. Чарняўская перапісвалася з сям’ёй Я. Коласа. Пра гэта сведчыць ліст Марыі Міцкевіч ад 24.11.1932 г.: “Дарагая Леаніла Юстынаўна! Вельмі прыемна было атрымаць ад вас ліст якраз 4-га лістапада, усё роўна як бы мы ў гэты дзень былі разам з вамі... Дзякуем за памяць і шчырыя пажаданні... Шкада, што Максім Іванавіч не надта здаровы, неяк гэтым часам усе падаліся здароўем. Колас улетку зусім было заняпаў... толькі цяпер пачынае прыходзіць да нормы...
Пакуль што пажадаю вам з найменшымі цяжкасцямі перажыць вяцкую зіму. Прывітанне і шчырае дзякуй ад Коласа, ад брата і дзяцей. Хочацца ўбачыць Максіма Іванавіча здаровым і бадзёрым”.
Відавочна, Леаніла Усцінаўна ад імя сям’і павіншавала Я. Коласа з днём нараджэння.
Надзвычай ярка адметныя чалавечыя якасці Я. Коласа і М. Гарэцкага раскрыліся ў асабістым жыцці: яны стварылі трывалыя сем’і, выхавалі цудоўных дзяцей.
Высокая культура пачуццяў, узвышанае стаўленне да жанчыны ўласцівы былі сапраўдным беларускім інтэлігентам. Іх дзеці раслі ў атмасферы любові. Бацькі развівалі іх творчыя здольнасці, закладвалі маральна-этычныя асновы. Пра гэта можна даведацца з лістоў Я. Коласа і М. Гарэцкага, адрасаваных сем’ям.
Знаходзячыся на настаўніцкіх курсах у Слуцку, Я. Колас у лісце ад 23.07.1923 г. пісаў: “Мілая, слаўная Марусечка і сыны! Цяпер я больш-менш з дакладнаю пэўнасцю магу сказаць табе, калі я прыеду ў Мінск да вас, мілыя дзеткі і слаўная жонка...
Юрачкін подпіс чытаў з прыемнасцю. Ах, Юрачка! Як ты хораша пішаш! Сёння твае літары пакажу ўсяму Слуцку - няхай ведаюць, як хораша піша наш Юрка. Вось што, брат Юрка: еш ты болей і меней балей. Я хачу, каб ты паправіўся за гэты час, бо калі не паправішся, то не будзе як узяць цябе ў лес грыбы збіраць. А Данілачка мой - гаспадар. Я чуў, што ты, Данілка, гатуеш козам корм на зіму. Вось малайчына!”.
Лісты М. Гарэцкага да жонкі і дзяцей, дасланыя з Вяткі, месца высылкі, прасякнуты любоўю, пяшчотай і глыбокай трывогай, адчуваннем віны, што ён па волі жорсткага лёсу не разам з імі, а таму не можа дапамагчы ім пераадолець цяжкія абставіны. Жонку ён называў Цярплівай Ласкай, а дзяцей - парасткамі малымі.
У лісце ад 26 лютага 1932 г. М. Гарэцкі пісаў: “Галінка, дачушка мая любая! Што ж гэта ў цябе плечыкі няроўныя? Можа, мы вінаваты, а можа, ты сядзіш у школе няправільна. Старайся сядзець, пішучы і чытаючы, роўна. Але нічога, не клапаці. У мяне правае плячо вышэйшае - жыву. Што ты зробіш... I ты, Лёня, галубок, старайся сядзець роўненька. Сумна мне, падумаўшы, што не магу памагчы вам нічым. Калі вам гаворыць хто што-небудзь брыдкае, благому навучае, - вы не слухайце і пра ўсё маме расказвайце. Не бойцеся і не саромцеся, мама заўсёды зразумее вас і зробіць тое, што трэба для вас, для вашага ўзгадавання”.
Пасля адбыцця тэрміну высылкі 21 ліпеня 1935 г. М. Гарэцкі быў вызвалены. 3 верасня ён працаваў выкладчыкам мовы і літаратуры ў поўнай сярэдняй школе г. Пясочні (з 1936 г. Кіраў Смаленскай, цяпер Калужскай вобласці). У ноч з 3 на 4 лістапада 1937 г. М. Гарэцкага зноў арыштавалі і асудзілі, а 10 лютага 1938 г. расстралялі ў Вязьме.
Вялікае гора аб’яднала сем’і Я. Коласа і М. Гарэцкага. На пачатку вайны прапаў без вестак сын Я. Коласа Юрый. Апошні ліст з фронту прыйшоў ад яго 20 верасня 1941 г. Леанід Гарэцкі загінуў у 1944 г. Пра гэтую страшную страту Я. Коласу напісаў Гаўрыла Гарэцкі (ліст ад 11 чэрвеня 1944 г.): “Дарагі Кастусь Міхайлавіч! Злы лёс не пакідае сям’ю Максіма. Адзіны сын яго, Леанід, 17 лютага 1944 г. забіты на Ленінградскім фронце, каля в. Косткава Шымскага раёна. Лёня загінуў ад кулі снайпера. Пахавалі яго ў лесе, у брацкай магіле на высокім беразе ракі Шалоні. Меў ён толькі 21 год. Скончыў вайсковую школу, быў лейтэнантам. Увесь час імкнуўся Лёня на перадавыя пазіцыі, загінуў на 4-ты дзень побыту на фронце”.
Якуб Колас да канца дзён падтрымліваў цесную сувязь з Гаўрылам Гарэцкім. Вёў перапіску, сустракаўся, дапамагаў яго сям’і, а таксама дачцэ і жонцы Максіма Гарэцкага.
Архіўныя матэрыялы, эпісталярная спадчына нашых класікаў і іх родных узбагачаюць наша ўяўленне пра Якуба Коласа і братоў Гарэцкіх, а таксама пра той няпросты час, у якім ім давялося жыць.