Мікалай Караткоў

Беларус у апавяданні “Роднае карэнне”
Максіма Гарэцкага

У “Паштовай скрынцы” “Нашай Нівы” за 9 жніўня 1913 г. паміж усяго іншага быў змешчаны і такі ліст да Максіма Гарэцкага: “Максіму Беларусу. Дужа дзякуем за Вашы творы, каторыя Вы нам прыслалі ў апошнія часы. Мы верым, кажучы словамі нашых прадзедаў, што праз Вас “памножана будзе слава слаўнай айчызны нашай”, калі толькі агонь, каторы гарыць у Вас, будзе далей разгарацца”. Цяжка сказаць дакладна, якія менавіта “прысланыя ў апошнія часы” матэрыялы меліся на ўвазе, аднак факт застаецца фактам - рэдакцыя газеты надзвычай высока ацаніла магчымасці маладога мастака слова, убачыла ў ім новую зорку, здольную ўзысці і заззяць на небасхіле не толькі нацыянальнай, але і сусветнай літаратуры.

Ці не занадта смелы прагноз, ці не задужа вялікі аванс для пачаткоўца, які на той момант меў апублікаванымі (у “Нашай Ніве”) усяго тры з паловай невялікія мастацкія творы? Так, і смелы, і шчодры, з яўным жаданнем заахвоціць да далейшай працы. Але разам з тым - і не абсалютна беспадстаўны, бо нават самыя першыя апавяданні М. Гарэцкага (“У лазні”, “Роднае карэнне”) праблематыкай, тыпам героя, стылем вылучаліся на фоне тагачаснай беларускай прозы, пераважна побытавай па змесце, і, па сутнасці, адкрывалі перад ёю новыя далягляды мастацкага даследавання рэчаіснасці.

Знешне названныя творы выглядаюць надзвычай простымі, ды толькі гэтая простасць, як слушна заўважыў Алесь Адамовіч, уяўная, бо форма, як вядома, адпавядае зместу, а пра яго беднасць у дадзеным выпадку гаварыць не даводзіцца. На падкрэслена, здавалася б, побытавым матэрыяле аўтар па-мастацку асэнсоўваў шэраг найважнейшых для літаратуры кожнага народа праблем: асаблівасці нацыянальнага характару, сучаснае жыццё і гістарычны лёс роднага краю, інтэлігенцыя і народ, бацькі і дзеці, будова свету і інш. Адзначым, што гэта спрыяла станаўленню ўсяго беларускага прыгожага пісьменства як часткі сусветнай літаратуры.

Вядучую ролю ў раскрыцці зместу апавяданняў, безумоўна, адыгрываюць галоўныя героі, аўтабіяграфічныя паводле паходжання і адначасова тыповыя. У артыкуле “Развагі і думкі”, гаворачы пра перадавую нацыянальную інтэлігенцыю, да якой належаў і сам, М. Гарэцкі, у прыватнасці, зазначаў: “А ладныя маладзенькія беларусы, хлопцы і дзяўчаткі, хварэюць у сваім часе на адну больку: “Не ведаем, куды і як нам ісці, каб было найлепей...” Цяпер гэткі тып асабліва часта спатыкаем. I варта было б, каб ён паказаўся ў нашай літаратуры, пакуль ён ёсць ува ўсёй сваёй цікавасці; зараз яго і саўсім не будзе: расце беларуская маладзёж, свядомая ад малых гадоў!..”.

Менавіта да гэтага, адкрытага М. Гарэцкім, тыпу і належыць Архіп Лінкевіч, герой апавядання “Роднае карэнне”, як, дарэчы, і Клім Шамоўскі (“У лазні”), Кастусь Зарэмба (“У чым яго крыўда?”), Уладзімер З. (“Рунь”). Але калі ў большасці пералічаных твораў асноўны акцэнт робіцца на саміх ідэйных пошуках герояў, то тут не менш увагі аддаецца і пабуджальным матывам гэтых пошукаў, увогуле генезісу, “родным караням” такой з’явы, як перадавая народная інтэлігенцыя, што складалася пераважна з сацыяльных нізоў. Таму зварот да праблемы нацыянальнага характару ў апавяданні лагічна вынікае, апроч усяго іншага, і з названай акалічнасці.

Якім жа бачыў беларуса Максім Гарэцкі? Падкрэслім, што ўжо з самага пачатку ў творах пісьменніка выразна выявіўся гістарызм яго мастацкага мыслення. Усялякая з’ява рэчаіснасці разглядалася і адлюстроўвалася ва ўнутранай яе супярэчлівасці, у развіцці. Само жыццё народа асэнсоўвалася як гісторыя паступовага спасціжэння людзьмі аб’ектыўных законаў свету, таму і чалавек у паказе пісьменніка, кажучы фігуральна, адной нагой стаіць у цяперашнім часе, другой - яшчэ ў мінулым, між тым як пагляд яго скіраваны ў будучыню. Уяўленні пра свет, успрынятыя ад папярэдніх пакаленняў, змагаюцца ў яго свядомасці з вопытам і ведамі новага часу, выцясняюцца імі ў сферу падсвядомага, але пры пэўных акалічнасцях бяруць верх.

Так, дзед Архіпа “да смерці заўсёды крэпка маліўся богу і тым часам лашчыў, як можна, дамавых, лесавых, вадзяных”. Герой апавядання, яго ўнук Архіп - адукаваны чалавек, асветнік, але і ў яго падсвядомасці жывуць успадкаваныя ад дзядоў-прадзедаў перажыткі светапогляду ранейшых эпох. Так, паведамленне ў лісце ад бацькоў пра нячыстую сілу, што быццам бы завялася ў іх новай хаце, выклікае ў яго напачатку прыкрасць, нават злосны смех, але на нейкі момант, не ў стане неяк рацыянальна вытлумачыць гэтае “страхаццё”, ён трапляе пад уладу падсвядомага, становіцца такім, якім быў калісьці: “I ўспомніў старога дзеда Міхалку, на каторага ўсе казалі, што ён тры гады бегаў ваўкалакам. Сам Архіп некалі даваў гэтаму веры”. “Незразумела, уцяміць не можна, што за штуковіна такая”, — ламаў галаву медык, і на глыбіні яго душы пачалі капашыцца вобразы таемнага, страшнага, шчыра-беларускага...”. Яшчэ не раз “закапошацца” гэтыя вобразы пры сустрэчы са з’явамі, сапраўдных прычын якіх Архіп пакуль не ведае (падпаленыя ў полі бароны, ваўкі, што не здолелі з-за сціснутых голадам зяпаў зарэзаць коней).

Такая супярэчнасць патрабавала вырашэння: Архіпу проста карціць даведацца, як уладкаваны свет на самай справе, бо навука і народныя паданні, вераванні на пытанне “адкуль яно ўсё і што яно?” даюць узаемавыключальныя адказы, хоць яны, напэўна, маюць пад сабой нейкі грунт. Стаўленне героя і да навукі, і да фальклору неадназначнае. Захапленне прагрэсам спалучаецца з пэўным скептыцызмам: “I Архіп успомніў, як ён з вялікім жарам і шчырай ахвотай пачынаў вучыцца, бо думаў, ды што думаў - крэпка верыў, што ў кніжках усё ёсць, кніжкі ўсё раскажуць, не толькі як яно, але і адкуль яно.

I вось ён “укусіў” ад кніжнае мудрасці... Папраўдзе, знайшоў і такія і гэткія адказы, але ж - божа! - пэўнасці аніякай няма, няма”. Не шмат у яго веры і да пашыраных у сялянскім асяроддзі поглядаў на будову свету, памылковасць многіх з якіх для адукаванага чалавека відавочная.

Каб дасягнуць хоць бы адноснага адзінства ва ўласным светапоглядзе, герой М. Гарэцкага мусіць разабрацца ў сваіх супярэчлівых уяўленнях, вызначыць ступень іх ісціннасці. Гэта зрабіла яго канфлікт з рэчаіснасцю ўнутраным, вызначыла тыпаж героя як інтэлектуальны, прывяло да арганічнага ўключэння ў творы пісьменніка філасофскай праблематыкі, што істотна павышала ідэйна-эстэтычны ўзровень беларускай прозы і разам з тым служыла сцвярджэнню права беларусаў “людзьмі звацца”, бо ў самім імкненні вырашыць глабальныя агульначалавечыя праблемы быцця, у здольнасці стварыць арыгінальную філасофскую мадэль свету, якая адлюстравалася ў фальклоры, М. Гарэцкі рэзонна бачыў найважнейшы доказ высокай духоўнасці беларусаў, іх роўнасці з іншымі народамі.

Адзначаную вышэй акалічнасць пісьменнік палемічна падкрэсліваў і праз думкі галоўнага героя: “I то яшчэ дзіва: няхай бы людзі далікатныя, чуткія, не запрацаваныя ад цяжкай працы, няхай бы яны гібелі ад гэткай мукі; дык не, дык жа народ просты, народ, каторага лаюць “цёмным”, чаго ён, гэты шэры, аднатонны народ, па глухіх кутках, у лясах сваіх, сярод балот і пнёў, чаму ён мучыўся і мучыцца ад той жа болькі?”, і праз абмалёўку вобразаў другасных герояў, простых сялянаў, асабліва свата Яхіма, які слушна сцвярджае, што калі б “не было дано людзям гэтай загадкі, не было б чалавечага жыцця”. Бо, кажучы іначай, чалавек тады нічым не адрозніваўся б ад жывёлы. Не хлебам адзіным жыве “шэры на пагляд” беларус, сцвярджае М. Гарэцкі. I нездарма, відаць, у яго апавяданні гаворыцца пра захапленне “вучонага пана Бяляўскага” “мужыцкімі меркаваннямі пра божы свет”, імкненнем сялянаў “праўду знайсці ўва ўсім”.

“Беларус - гэта Хомка, што веры не дае. На слове ён быццам-то і згадзіўся, каб не скрыўдзіць каго, а тым часам, пакуль усяго сваімі вачамі не паглядзіць, датуль не дасць поўнай веры, датуль і не пераканаецца”, - сцвярджаў пісьменнік у артыкуле “Наш тэатр”. Архіп Лінкевіч у гэтых адносінах - тыповы беларус, які бачыць адзіны надзейны крытэрый ісціннасці ўсялякай тэорыі ў практыцы. То й не дзіва, што ён спрабуе высветліць эксперыментальным шляхам “адкуль яно ўсё і што яно?”: едзе дадому і ідзе начаваць у новую хату (дзе, па словах бацькоў, завялася нячыстая сіла), каб асабіста пераканацца, ёсць яна на самай справе ці не, і такім чынам, па сутнасці, развязаць “усяго толькі” асноўнае пытанне філасофіі, над якім ужо каторае тысячагоддзе беспаспяхова б’ецца чалавечая думка: што першаснае - дух ці матэрыя?

Ды якраз у часе Архіпавага “эксперыменту” ў хату ўдарыў пярун, і яна згарэла. Паводле народнага павер’я, маланкі - гэта вогненныя стрэлы, якімі Бог (ці прарок Ілля) нішчыць чарцей і іншую нечысць, таму, заўважым, сяляне нават і не думаюць тушыць пажар. Архіпу, чалавеку адукаванаму, прырода такой з’явы, як маланка, зразумела, уяўляецца іначай. Але ж чаму тады пярун пацэліў менавіта ў гэтую, а не ў якую іншую хату?

Такім чынам, усё яшчэ больш заблыталася, аднак жаданне раскрыць таямніцу быцця не знікла, наадварот, узмацнілася, не давала спакою. Бацька Архіпа нават трывожыцца, што “надта пачаў цікавіцца сынок незразумелым, таемным, страшным, незямным”. Іншая справа, што сам Архіп, відаць, крыху асцерагаецца задужа заглыбляцца ў гэтае пытанне, бо, па вялікім рахунку, да разгадкі існуе адзіны шлях, “шлях страшны і, галоўнае, няпэўны, няпэўны шлях, і гэты шлях — смерць”. Таму і хочацца часам браць прыклад з сялянаў: “Яны спакойны: яны ведаюць, што нячыстая сіла ёсць, але калі яна не дакучае, то і ім мала дзела да яе. Што ім даходзіць, адкуля яна?”. Ды не надта тое атрымліваецца, хоць часам і забываюцца “пытанні шалёныя” за працаю ці за чым іншым.

Ад “родных каранёў” у Архіпа не толькі непазбыўная прага ўведаць “адкуля яно ўсё і што яно?” але і любоў да жыцця, да роднага краю, да вясковага побыту, уменне бачыць прыгажосць прыроды, адчуваць задавальненне ад працы хлебароба, якая корміць-поіць увесь свет. З малаком маці засвоіў Архіп нормы народнай маралі, што вучыць шанаваць родных, не ставіць сябе вышэй за іншых, трымаць братнюю руку, не грэбаваць ніякай працай. Бацька Архіпа ганарыцца не толькі павагай да сына “самаго земскага”, а і тым, што “мужыкоў, сваіх людзей, сынок не цураецца, земляка, калі трэба, усюды абароніць і чужога не скрыўдзіць”.

У адрозненне ад Кліма Шамоўскага (“У лазні”) ці Уладзімера З. (“Рунь”), герояў ранніх твораў М. Гарэцкага, таксама звязаных з праблемай “народ і інтэлігенцыя”, ні далучэнне да больш высокага ўзроўню культуры, ні перспектыва пераходу ў іншы сацыяльны стан не прывялі Архіпа Лінкевіча да страты натуральнай сувязі з сялянскім асяроддзем, таму сваё, роднае, хоць у чымсьці і далёка не такое, як хацелася б, наўрад здасца яму ў нечым страшным — згадаем Кліма Шамоўскага. Не стане думаць Архіп і пра служэнне народу як пра абавязак інтэлігента. Народ — гэта ён сам, родзічы, аднавяскоўцы, і жадаць, дамагацца лепшай долі для сябе і іх — натуральна, як, скажам, дыхаць.

Якімі ж ідэаламі жывіцца душа героя апавядання? Найбольш выразна мары і імкненні, увогуле стаўленне Архіпа да рэчаіснасці выяўляюцца ў алегарычнай карціне яго сну, бо і ў снах не пакідае Архіпа, сялянскага сына, “спадчынная” мара пра “сялянскі рай”, што спрадвеку жыла ў народзе, а не пра ажыццяўленне нейкай іншай, “інтэлігенцкай” сацыяльнай тэорыі, як, напрыклад, у агульнавядомым чацвёртым сне Веры Паўлаўны, гераіні рамана “Што рабіць?” М. Чарнышэўскага. Але як ажыццявідь запаветную мару? Вось гэтая думка і не дае спакою, з няўмольнай логікай скіроўвае да праблемы светабудовы, бо толькі дакладнае веданне дало б магчымасць убачыць шляхі да ўсталявання гармоніі ў грамадстве.

Такім чынам, вытокі ідэйнага пошуку героя апавядання, як, відаць, і кожнага чалавека, — не толькі ў звычайнай чалавечай цікаўнасці, а перш за ўсё ў патрэбе надзейных арыенціраў у жыцці. Як вельмі слушна зазначае сват Яхім, “роднае карэнне глыбока сядзіць у ім (Архіпе. - М. К.). Ось і мучаць яго пытанні розныя: чаму я - пан, а брат мой, брат, каторы сто раз больш мяне працуе, пот лье, у каторага рукі ў мазалях і закарэлі, каторы век сумуе, ды гаруе, і ў гарэлцы душу топіць, думы залівае, гэты брат, родненькі сын мае мамачкі роднае, ён — мужык, мужык, эх! Во і мучаецца чалавек: чаго на свеце так папарадкувана? Далі-болі, адкуля свет, адкуля што. Бога шукаць пачынае, як той...”.

Не здолеўшы высветліць адказ на гэтае пытанне праз “эксперымент”, Архіп шукае прычыны цяжкага становішча сялянаў, пільна ўглядаючыся ў жыццё вёскі, і заўважае, што ў многім шкодзіць сам супольны лад, агульнасць землекарыстання, якая пры людской нязгодзе не дазваляе зрабіць нешта істотнае для паляпшэння гаспадаркі. У рэдакцыі апавядання, змешчанага ў зборніку “Рунь”, гаворыцца: “Людзей прадпрыімлівых, рухавых і здольных душыла жыццё абчэственскае. А ні палепшанне якое ў полі зрабіць, а ні лепшага сорту жыта пасеяць, а ні дабрэйшую жывёлу прыдбаць. Трэба было з аборкаў ваду спусціць у парыні: сяляне рупныя згадзіліся, а гультаі і тыя, што на сваёй зямельцы не жывуць, а пастухамі, батракамі, леснікамі ў паноў ды жыдоў жывуць, упнуліся, не далі праз свае шнуры канаў капаць. (...) “Возьмем уругу (пашу. - М. К.) у пана, братцы, - казалі добрыя гаспадары, — жывёла на парыні, як на бубачках, як на таку ходзіць, што яна з'есць там, якую трасцу?..” — “А на якое ліха мне твая ўруга, калі ў мяне адна карова? Дзень як-небудзь і на парыні прашлындае без пашы твае, а к вечару жонка мех травы з панскага лесу прынясе ды накорміць, і ўсё тут”, - разбіваюць увесь саглас вузкашнуровыя, адхожыя ды рохлі-гультаевічы”.

Беднасць, цар-голад, на думку Архіпа, робяць нават з найлепшых людзей “звяроў, сумлення не маючых”, і ад гэтага яму “горка і крыўдна”. Таму да хутарызацыі, якая праводзілася ў той час урадам і, па сутнасці, адмяняла супольнасць, герой апавядання ставіцца ў цэлым станоўча, бо лічыць, што яна “развяжа” рукі тым, хто хоча і ўмее гаспадарыць на зямлі, але не выказвае сваіх думак у гутарках з вяскоўцамі, якія ўжо пачалі “аб хутарах зюкаць”, баіцца, што яго западозраць у няшчырасці, таемных намерах, пачнуць папракаць бацькоў: “А, твой сын падбіў на хутары, панам зрабіўся, па-панску жыць захацеў; будзе доктарам, накалупае грошай і скупіць хутары гаспадароў бедных, заняпаўшых, будзе маёнтшчыкам, жывадзёрам”.

Як бачым, і Архіп разумее, што хутары - не панацэя ад усіх бедаў, але дзе ж выйсце? I зноў паўстаюць “пытанні шалёныя”, узнікаюць думкі, ці не дапытацца батрака, хто ж на самай справе кідаў яго з печы ў той, цяпер згарэлай, хаце, або пайсці на могілкі са стрэльбай начаваць, бо так хочацца неадкладна знайсці разгадку таямніцаў быцця, зразумець, як палепшыць жыццё - і сваё, і ўсіх.

Відаць, таму з такой вялікай увагай і ставіцца Архіп да думак дзеда Яхіма, які чаго ні раскажа, ні нагаворыць, “і ўсё разумна, к толку”, “не дарма ж назбіраў поўную багаўню богамаленных кніжак, не дарма ж і ў базыльянцаў некалі вучыўся ў Мсціслаўлі”.

Для раскрыцця зместу апавядання вобраз дзеда Яхіма ўвогуле вельмі важны. Яго галоўнае прызначэнне - падкрэсліць думку пра тое, што сярод “шэрых” беларускіх сялянаў, з якіх паходзіць і Архіп, нямала інтэлігентаў і складам мыслення, і чалавечай сутнасцю. Праз гэты вобраз выразней выявіўся погляд аўтара і на асобу галоўнага героя, і на сэнс яго пошукаў, і на праблему “народ і інтэлігенцыя” ў цэлым. Заўважым, што менавіта дзед Яхім выказвае вельмі слушныя думкі пра вытокі цікавасці Архіпа да “таемнага”, прычыны адрыву значнай часткі інтэлігенцыі ад “родных каранёў”, і ён жа дае наказ Архіпу, як жыць далей, каб не ашукацца, не расчаравацца і дасягнуць жаданай мэты.

Апроч таго, супастаўленне жыццёвых пазіцый Архіпа і дзеда Яхіма, прадстаўнікоў перадавой інтэлігенцыі і народа, дазваляла пісьменніку падкрэсліць думку пра іх непарыўную еднасць і адначасова спрыяла, калі можна так сказаць, “стэрэаскапічнасці” адлюстравання рэчаіснасці за кошт узаемадапаўнення, узаемаўдакладнення поглядаў герояў твора на адны і тыя праблемы.