Уладзімір Ліўшыц,
дырэктар гісторыка–этнаграфічнага музея.

Справа № 13036

Да 100–годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага

Усяго 44 гады пражыў пісьменнік. Амаль 9 год яго жыцця было звязана з Горкамі. Шмат гадоў жыццё і творчасць пісьменніка вывучае дырэктар Горацкага гістарычна–этнаграфічнага музея У. М. Ліўшыц. Ён зрабіў запыт ва ўпраўленне Міністэрства бяспекі Расійскай Федэрацыі па Калужскай вобласці, і яму далі магчымасць азнаёміцца са справай “По обвинению гражданина Горецкого Максима Ивановича по ст. 58, п. 10, ч. 1 УК РСФСР”. Матэрыялы гэтай справы і пакладзены ў аснову артыкула.

Прычына арышту
Звычайная папка з кардону з датамі: пачата 3.ХІІ.1937 г. — закончана 22.XII.1937 г. У ёй павінна было быць 60 лістоў, але 8 прапала. Хутчэй за ўсё нехта не захацеў, каб ведалі ўсе падрабязнасці арышту і смерці М. Гарэцкага.

Органы НКУС забараніць працаваць М. Гарэцкаму не маглі, бо гэта быў яшчэ 1935 год. Але пад свой нагляд узялі. На гэтую думку наводзіць цікавы дакумент, што падшыты пад грыфам “Совершенно секретно”. У ім начальнік 5–га аддзялення 4 аддзела НКУС па Заходняй вобласці ў студзені 1937 г. пісаў начальніку Кіраўскага раённага аддзялення лейтэнанту Карасёву: “Предлагаем немедленно исполнить наш N 7524/5 от 16.ХІІ.1936 г. о Горецком”.

Прайшло менш месяца і ўжо ў вельмі сярдзітым тоне зноў Карасёў атрымлівае ліст: “В четвертый раз просим исполнить наш 7524/5 от 16.ХІІ.1936 г. о Горецком. Несвоевременный ответ по такому важному делу мы расцениваем как Вашу оперативную немощь. Если Вы не в состоянии выполнить наше задание в отношении Горецкого, сообщите, мы выделим оперативного работника на место, который это сделает”.

Насцярожваюць словы з пісьма: “...по такому важному делу...” Вядома ж, беларускі пісьменнік, “вораг народа”, асуджаны ў 1931 годзе ў Мінску па так званай справе “Саюза вызвалення Беларусі”, які адседзеў у ссылцы 5 год і раптам з’явіўся на тэрыторыі Заходняй вобласці. Ці ж маглі на гэта спакойна глядзець прадстаўнікі НКУС?

На наступных лістах “Справы N 13036” мы бачым на бланку рэдакцыі газеты “Правда” за подпісам члена рэдкалегіі Бегавога пісьмо, у якім ён піша ў Смаленскі абком ВКП (б) аб тым, што рэдакцыя газеты атрымала пісьмо настаўніка матэматыкі і фізікі П. Васільева, дзе ўскрываецца варожая дзейнасць настаўніка М. I. Гарэцкага. Яна выражалася ў тым, што “...на вечере памяти Ленина докладчик, преподаватель литературы Горецкий М. И. назвал троцкистско–зиновьевскую банду оппозицией и сказал, что в нашем обществе еще имеется эксплоатация (так у тэксце) человека человеком”...

Тут жа падшыта і “Докладная записка учителя средней школы П. Васильева” аб тым, што ў сваім дакладзе Гарэцкі дапусціў шэраг грубых выпадаў супраць партыі і радзімы.

Прайшло амаль шэсць месяцаў, і ў кастрыніку 1937 г. органы НКУС вырашылі, што кампраметуючых матэрыялаў больш чым дастаткова і што трэба арыштаваць “ворага народа” М. Гарэцкага.

Арышт і допыты
У канцы кастрычніка 1937 года матэрыялы на М. Гарэцкага разглядаліся ў Смаленску.

“...Горецкого Максима Ивановича, судимого к 5 годам лишения свободы за участие в контрреволюционной организации белнацдемов... арестовать и содержать под стражей гор. Сухиничи”.

Выдаецца ордэр на арышт М. Гарэцкага, які і быў праведзены ў ноч с 3 на 4 лістапада 1937 года. У час арышту ўпаўнаважаны Пруднікаў разам з памагатымі склалі “Протокол обыска”. 3 яго бачна, што ў Гарэцкага забралі асабістую перапіску на 282 лістах, 42 канверты, пашпарт і вайсковую кніжку.

На пратаколе вобыску М. Гарэцкі напісаў: “Претензий на производство обыска мною заявлено не было, но считаю, что взяты материалы, которые не могут быть названными и обнаруженными для доставления в НКВД”.

Арыштаванага М. Гарэцкага, як успамінала яго жонка Л. Чарняўская, трымалі ў падвале аддзела міліцыі города Кіраўска.

Пачаліся допыты. 3 пратаколаў ад 6 лістапада 1937 г. бачна, што акрамя звычайных пытанняў наконт прозвішча і месца нараджэння і г. д. М. Гарэцкі падрабязна адказаў на пытанне аб сваёй працы, пачынаючы з 1917 года. Тут даследчыкі жыцця пісьменніка знойдуць вельмі цікавыя факты з яго біяграфіі, якіх няма нават у падрабязным “Летапісу жыцця і творчасці” (М. Гарэцкі. Збор твораў у чатырох тамах. Том 4, Мн., 1986, с. 345–380).

Другі раз Гарэцкага дапыталі толькі 20 снежня 1937 года. Гэты допыт у архіўнай справе названы “Дополнительные показания обвиняемого”.

Са справы бачна, што ў следчых ніякіх “данных” аб тым, што М. Гарэцкі быў завербаваны для шпіёнскай працы, не было. Але ж у 1937 годзе абвінавачванне ў шпіянажы з’яўлялася штампам. Шпіёнамі былі і члены Палітбюро ЦК ВКП(б), і буйныя военачальнікі.

Як бачна з пратакола “...обвиняемый от подписи отказался и дальнейшие показания также давать отказался”.

У справе N 13036 знаходзяцца таксама пратаколы допыту двух сведак “варожай дзейнасці” М. Гарэцкага. Спачатку, 15 снежня 1937 года быў дапытаны М. К. Мішуткін, сусед Гарэцкага па кватэры, старшы інспектар сельскагаспадарчага банка. Ён заявіў, что Гарэцкі ў размове з ім гаварыў: “Трудно представить, что Советский Союз останется существовать долгое время. Международная обстановка сложилась так, что Советский Союз неизбежно должен быть побежден капиталистическими державами...”

20 снежня 1937 года дапыталі другую сведку – П. Першыну, загадчыцу гаспадарчага аддзела Кіраўскай сярэдняй школы. Яна таксама “пацвердзіла” контррэвалюцыйную дзейнасць М. Гарэцкага.

Але вернемся да справы N 13036. Як з яе бачна, следчыя больш не дапытвалі ні М. Гарэцкага, ні сведак. Відаць, ім і так было ўсё зразумела. Гарэцкі – “шпіён і контррэвалюцыянер”. I таму 21 снежня 1937 года яго пераводзяць у турму горада Вязьмы, дзе і адбыўся суд.

Суд, расстрэл і рэабілітацыя
На самой справе ніякага суда не было. Ён у тыя гады замяняўся пасяджэннямі “тройки УНКВД”. Але для таго, каб справу разглядала “тройка”, патрэбна было “обвинительное заключение”. Яно і было складзена 22 снежня 1937 года.

У частцы “Обвиняется” сказана: “Будучи непримиримым врагом Советской власти в течение ряда лет проводил контрреволюционную работу, высказывал террористические и контрреволюционные намерения, работая учителем школы обрабатывал учеников в контрреволюционном духе”.

Зыходзячы з гэтага, упаўнаважаны НКУС, які складаў абвінавачванне “полагал бы”: “Следственное дело N 13036 по обвинению Горецкого Максима Ивановича направить на рассмотрение в НКВД в несудебном порядке”.

Наступіў 1938 год – апошні год жыцця пісьменніка. 5 студзеня адбылося пасяджэнне тройкі.

“Слушали... Постановили...
Горецкого Максима Ивановича расстрелять.
Лично ему принадлежащее имущество конфисковать.
Секретарь тройки Антонов”.

Ці прысутнічаў Максім Іванавіч на гэтым пасяджэнні? Невядома. Хутчэй за ўсё – не. Калі ён азнаёміўся з прыгаворам – таксама невядома. Але з 5 студзеня ён апынуўся ўжо ў камеры смеротнікаў.

Якраз у гэты час у Вязьму прыехала яго жонка – Л. Чарняўская. Яна прынесла яму перадачу і ў адказ атрымала кароткую запіску “Спасибо за передачу. Получил всё. Отсылаю обратно корзину и 2 рубашки. Заботьтесь о себе. Максим”. Гэта была апошняя вестачка ад Гарэцкага.

А 10 лютага 1938 года яго не стала.

З успамінаў вязняў ГУЛАГа вядома, што расстрэльвалі, у асноўным, ноччу. Максіма Іванавіча Гарэцкага расстралялі днём. Відаць, ноччу не спраўляліся...

Прайшло 20 год. Увесь гэты час сям’я пісьменніка жыла надзеяй, што М. I. Гарэцкі можа яшчэ жывы і будзе рэабілітаваны. I калі пачалася “хрущевская оттепель”, дачка пісьменніка – Галіна Максімаўна, напісала заяву на імя Генеральнага пракурора СССР аб рэабілітацыі.

4 снежня 1958 года былі дапытаны сведкі, што давалі паказанні ў 1937 годзе. 21 студзеня 1959 года прэзідыум Калужскага абласнога суда прыняў пастанову, у якой адзначалася: “...показания свидетелей Мишуткина и Першиной были фальсифицированы...”

Абласны суд вырашыў: “Постановление Тройки УНКВД Смоленской области от 5.01.1958 г. в отношении Горецкого Максима Ивановича отменить, а дело производством прекратить за отсутствием состава преступления”.

Прайшло больш за 50 год, як трагічна загінуў М. Гарэцкі. 3 мэтай знайсці месца яго пахавання аўтар артыкула паехаў у Вязьму. Тут застаўся невялічкі кавалак зямлі былых турэмных могілак, дзе, на нашу думку, і трэба паставіць помнік нашаму славутаму земляку. Ён будзе помнікам усім ахвярам ГУЛАГа, што загінулі ў Вяземскай турме.

Помнік яму трэба зрабіць і ў Мінску, і на яго радзіме – у Мсціславе. I галоўнае, трэба вывучаць яго творы ў школе (зараз на вывучэнне творчасці пісьменніка выдзелена аж 2 гадзіны!).

Трэба прыкласці ўсе намаганні, каб выканаць рашэнне Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь аб стварэнні ў Горках, у кватэры, дзе пісьменнік жыў у 1926—1928 гг. мемарыяльнага музея–кватэры.