Уладзімір МАРХЕЛЬ

“Гісторыя...” Максіма Гарэцкага i
“тыпова нашыя камбінацыі”

“Гісторыю беларускае літаратуры” Максім Гарэцкі пачаў пісаць, калі не мог яе не пісаць: мастацкія творы без гісторыі яшчэ не літаратура, а нібыта будоўля, дзе матэрыял нарыхтаваны, але дом не ўзведзены. За напісанне свае “Гісторыі...” М. Гарэцкі ўзяўся, галоўным чынам, як адраджэнец, а пасля ўжо як пісьменнік, гісторык, крытык - з асветніцкай мэтаю запоўніць інтэлектуальную лакуну ў нацыянальным самаспазнанні і з надзеяй пераадолець (магчыма, найперш у сабе) комплекс беларускай гістарычнай непаўнавартаснасці. Акрамя таго, напісанне “Гісторыі...” дазваляла аўтару прайсці шляхам папярэднікаў, тым шляхам станаўлення мастацкага слова Беларусі, на якім ён апынуўся сам, г. зн. глянуць на літаратурны працэс хоць і суперажывальна, але збоку, што, несумненна, было ў сугуччы з самаспазнаннем і самарэалізацыяй герояў яго празаічных твораў. А паколькі пісьменнік быў свядомым адраджэнцам, то яго праца над “Гісторыяй беларускае літаратуры” была, разам з тым, і спраўджваннем грамадзянскага абавязку.

Неабходнасць стварэння “Гісторыі беларускае літаратуры” востра ўсведамлялася М. Гарэцкім, выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі, дзе штодзённая практыка, несумненна ж, увідочніла пільную патрэбу ў школьным падручніку па беларускай літаратуры. Таму, працуючы над “Гісторыяй...”, пісьменнік арыентаваўся не меней як на дапаможнік шматфункцыянальнага характару. Гэта вызначыла універсальную стылёвую простасць падачы матэрыялу ў кнізе, адрасаванай самаму шырокаму колу беларускіх чытачоў, што, у сваю чаргу, павысіла запатрабаванасць “Гісторыі...” і паспрыяла яе неаднаразоваму перавыданню. Адбыліся тры віленскія выданні (1920, 1921, 1924), адно, значна дапоўненае ў параўнанні з апошнім віленскім, - маскоўска-ленінградскае (1924) і два мінскія (1926 г. - пашыранае найперш за кошт фалькларыстыкі; 1992 г. - паўтор маскоўска-ленінградскага выдання, дапоўненае змястоўным гістарычна-літаратурным каментарам). Апошняе перавыданне “Гісторыі...”, здзейсненае з ініцыятывы і пад апекаю Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай Акадэміі навук Беларуси яскрава пацвердзіла словы самога М. Гарэцкага, выказаныя ім у лісце да Яўхіма Карскага ад 30 красавіка 1927 г., дзе, у прыватнасці, напісана: «Мінаецца час, калі мусілі мы, няўчоныя беларускія працаўнікі, “перерабатывать, - праўду кажаце, - старую российскую науку на белорусской почве “... З прыемнасцю сведчу Вам, Яхім Фёдаравіч, сваю радасць з прычыны з’яўлення Вашай працы ў перакладзе на нямецкую мову. Пахвалу, якую ласкава выказваеце там, між іншым, маім кампіляцыям і некампіляцыям (“Гістор. белар. літар. ”), я ў большай яе частцы аддаю глыбокапаважаным аўтарам тых кніг, па якіх я меў магчымасць пазнаваць гісторыю мае роднае літаратуры. На мой заўсёды вялікі жаль, некоторым з іх, можа, найбольш заслужаным, я не мог у сваёй кнізе аддаць хоць ласкавым словам тое, што ім некалі аддадуць, нелицеприятно, нашы на потым будучыя, праўдзівыя, вучоныя гісторыкі”.

Знакавыя словы, сказаныя аўтарам ліста не так дзеля сціпласці, як з усведамленнем першаснасці свае працы і недастатковасці яе інфармацыйнага насычэння, а таксама з вераю ў тое, што з часам распачатае ім, аматарам, будзе прадоўжана прафесіяналамі.

Нельга сказаць, каб сучаснікі Максіма Гарэцкага не спрабавалі асвятляць шлях, пройдзены беларускай літаратурай, але іх намаганні былі скіраваныя на асобныя з’явы і перыяды літаратурнага жыцця, на пэўныя персаналіі або жанры і на пашырэнне фактаграфіі. Артыкулы, нарысы, бібліяграфічныя напрацоўкі Максіма Багдановіча, Яўхіма Карскага, Сяргея Палуяна, Антона Навіны (Луцкевіча), Рамуальда Зямкевіча і іншых хоць і насычалі інфармацыйнае поле, аднак праблему гісторыі беларускай літаратуры не вырашалі.

Яшчэ раней, у XIX ст., Рамуальд Падбярэскі ў артыкуле “Ян Баршчэўскі і Беларусь” (1844) і Аляксандр Ельскі ў энцыклапедычным матэрыяле “Беларуская літаратура і бібліяграфія” (1892) давалі адпаведныя сваёй інфармаванасці ўяўленні па гісторыі літаратуры Беларусі, а Аляксандр Рыпінскі ў апошняй чвэрці замінулага стагоддзя, назапасіўшы значны масіў крыніц, нават пачаў распрацоўку біяграфій пісьменнікаў, якія, паводле яго словаў, “або нарадзіліся на Белай Русі, або таксама пра яе пісалі на абедзвюх мовах нашай правінцыі, як польскай, так і русінскай”.

Пра гэтае пачынанне А. Рыпінскага М. Гарэцкі не ведаў, але ён быў знаёмы з артыкулам Р. Падбярэскага, названага ім “першым гісторыкам нашае літаратуры”, які, дарэчы, кіраваўся тымі самымі крытэрамі адбору пісьменнікаў, што і А. Рыпінскі. Між тым М. Гарэцкі за імі не пайшоў. Пішучы гісторыю беларускай літаратуры, а не літаратуры Беларусі, ён прыналежнасць пісьменнікаў вызначаў паводле мовы іх твораў. Гэта як быццам спрашчала, але не вырашала гістарычна-літаратурнай праблемы, пастаўленай самім існаваннем і развіццём беларускай літаратуры. З поля зроку выпадаў масіў лацінамоўных твораў, напісаных беларускімі аўтарамі, калі лаціна лічылася ў Еўропе агульнапрызнанай формай пісьменніцкага выяўлення, а таксама значны польскамоўны даробак білінгвальных аўтараў XIX ст. Праўда, у выпадку з Янам Баршчэўскім было зроблена выключэнне: побач з вершамі на беларускай мове разглядаліся і яго аповеды-прыпавесці са “Шляхціца Завальні”, напісаныя па-польску. М. Гарэцкі тым самым распачынаў вывучэнне білінгвізму як з’явы новай беларускай літаратуры, хоць гэта пярэчыла яго стратэгіі падачы матэрыялу ў кнізе. Разам з тым сваю стратэгію М. Гарэцкі парушыў і з іншага боку, не прысвяціўшы ў “Гісторыі беларускае літаратуры” асобнага артыкула Уладзіславу Сыракомлю і толькі мімаходзь назваўшы беларускамоўныя вершы паэта “Добрыя весці” і “Ужо птушкі пяюць ўсюды”, цалкам пададзеныя ў яго “Хрэстаматыі беларускае літэратуры: XI век — 1905 год” (1922).

Акрамя таго, М. Гарэцкі звярнуўся да выказвання У. Сыракомлі пры аналізе вершаванай аповесці “Гапон” В. Дуніна-Марцінкевіча і прывёў тыя словы вясковага лірніка, якія тычацца заўвагі наконт мастацкай праўды ў абмалёўцы вобраза Гапона, падкрэсліваючы не толькі эстэтычны сэнс заўвагі, але і прагрэсіўнасць аўтара выказвання. Зразумела, М. Гарэцкі быў знаёмы з водгукамі У. Сыракомлі на беларускамоўныя творы В. Дуніна-Марцінкевіча ў польскім друку, ды скарыстаў іх вельмі стрымана - і ці не таму, што іх аналіз у артыкуле пра У. Сыракомлю быў бы не менш дарэчны... Аднак такога артыкула для “Гісторыі...” М. Гарэцкі не напісаў. Чаму? Для прасвятлення гэтага пытання звернемся да адной з рэцэнзій на “Гісторыю беларускае літаратуры”, якая была напісана ў палемічным запале, выкліканым спрэчкай наконт прыналежнасці пісьменнікаў і іх твораў. У свой час мне даводзілася цытаваць названую рэцэнзію ў сувязі з беларускамоўнай творчасцю Уладзіслава Сыракомлі. Цяпер, думаецца, ёсць сэнс прывесці яе паўней: “Мечыслаў Карловіч, найзаконнейшы паляк, народжаны Сулістроўскай у прыазёрным свянцянскім Вішневе, напісаў музычную рапсодыю, названую “Літоўскай” і заснаваную на матывах народных песняў... беларускіх.

Вось гэта тыпова нашыя камбінацыі, краёвыя, этнаграфічна-гістарычныя, традыцыйна правінцыйная, якія выводзяць у поле найвыдатнейшыя замежныя розумы, дзякуючы якім тут у нас, дома, ліцвіны прымаюць Міцкевіча за свайго, паколькі ён вельмі выразна перад светам і гісторыяй усклікнуў: “Літва, мая айчына!” Але ж мы палякі, не можам яго нікому “саступіць”, а беларусы не вагаюцца сдвярджаць: “Ён наш!” - бо нарадзіўся на этнаграфічна беларускай тэрыторыі і паходзіць з дробнай шляхты, несумненна калісьці там беларускай. I Рагоўскі са сваёй “Беларускай сюітай” у гэтым вар’яцкім коле блытаніны... паняццяў. Можа, нават Манюшка...

Калі нядаўна ў прысутнасці аднаго з кіраўнікоў беларускага нацыянальнага руху я наўздагад разгарнуў толькі што выдадзеную “Гісторыю беларускае літаратуры” Гарэцкага і міжвольна жахнуўся, убачыўшы вялікі партрэт Вінцэнта Каратынскага, то атрымаў адказ:
- А як жа, а як жа! А два выданні “Гутаркі”, пазнанскае і парыжскае?
- Вершаваная, і то не арыгінальная рэвалюцыйна-агітацыйная брашура...
- Ён пісаў беларускія вершы.
- Тры, роўна тры вершы адшукаў, як я бачу, сам Гарэцкі. Не болей!
- Але ён вельмі цікавіўся беларускай літаратурай...
- Прыхільнікі не належаць да літаратуры, - адказаў я. - Мне самому, як мяне пан бачыць перад сабою, давялося напісаць беларускі верш. Даўно гэта было. Пасылаў я ў той час з вёскі, з-пад Вільні, ёмістыя карэспандэнцыі ў “Кurjer Warszawski” і, каб даць маім суайчыннікам з-пад Віслы ўяўленне пра беларускую мову, тут жа зрабіў на ёй вершаваны ўзор. Ну, і адгадай, дарагі пане, што праз добрых дваццаць гадоў сталася з маім родным вершам? - Адкуль мне ведаць!
- Сын Вінцэнта Каратынскага, пра якога мы толькі што гаварылі, пан Уладзіслаў, незвычайны эрудыт у літаратуры і гісторыі, прыпісаў мой верш... Сыракомлю і змясціў яго, слова ў слова, у пасмяротным зборы паэзіі неўміручага вясковага лірніка з патэтычнай дапіскай пра гарачыя пачуцці нашага паэта да беларускага народа. Я абвергнуў гэты пацешны ляпсус у пісьме ў “Кurjer Warszawski” і - смеху было многа.
Цяпер... беларуская літаратура не мае патрэбы збіраць крошкі ні з чыйго стала...”.

Архіўныя і бібліяграфічныя росшукі не далі ні прамога, ні ўскоснага пацвярджэння надзіва прыблізнай “інфармацыі” Чэслава Янкоўскага наконт якогасьці яго верша на беларускай мове, нібыта прыпісанага Сыракомлю. Тут, трэба думаць, у наяўнасці безадказная містыфікацыя, разлічаная на ўкараненне сумнеўнага стаўлення да беларускамоўных твораў, напісаных ці прыпісаных тым аўтарам, якія далучаны да польскай літаратуры. Творчая білінгвальнасць нараджэнцаў беларуска-ліцвінскага краю так ці інакш стварала прэцэдэнт этычнай нязручнасці перш-наперш яе прызнання, а тады ўжо прысваення і вызначэння яе двухпрыналежнасці. Не ў стане пераадолець стэрэатып непадзельнасці польскай літаратуры, Ч. Янкоўскі звёў размову да неправамернасці залучэння ў гісторыю беларускай літаратуры тых аўтараў, якія пісалі пераважна па-польску і пакінулі адзінкавыя прыклады беларускамоўнай творчасці. Да таго ж усякую (выказаную вусна ці ў друку) спробу зямляцкага прысваення творцаў, што паходзілі з краю, ён называе правінцыйнай хоць іх прыналежнасць толькі да польскай культуры лічыць недатыкальнай.

Можна, такім чынам, уявіць, якія сумненні і цяжкасці на ўзроўні грамадскай думкі і тагачасных стэрэатыпаў даводзілася пераадольваць М. Гарэцкаму пры назапашванні матэрыялаў і напісанні свае “Гісторыі...”, калі пасля яе выдання ў польскім віленскім друку папулярны журналіст нават спрабаваў дакараць (праўда, ускосна, праз імітаваны дыялог зацікаўленых асобаў) за тое, што ў “Гісторыю...” увайшоў Вінцэсь Каратынскі - адзін з тых аўтараў XIX ст., хто мог адпавядаць ідэальнаму вобразу беларускага пісьменніка, які ўяўляўся М. Гарэцкаму. Аднак апошні, вельмі верагодна, не ведаў пра сялянскае паходжанне В. Каратынскага, назваўшы яго сярод “новашляхоцкіх” пісьменнікаў, і нават памылкова лічыў, што ён родам з Віцебшчыны.

Інтанацыйна скептычны водгук на “Гісторыю беларускае літаратуры” ў “Gazecie Krajowej”, дзе, па сутнасці, ігнаравалася сама “Гісторыя...”, а рабіліся заўвагі на яе палях, надзвычай яскрава паказаў, наколькі хваравіта мясцовая палонія ставілася да ўспрымання творчасці беларуска-польскіх пісьменнікаў як супольнай з беларусамі спадчыны. Гэтага не мог не ведаць і не ўлічваць М. Гарэцкі. Таму, адвёўшы пэўнае месца ў сваёй "Гісторыі...” аналізу беларускамоўных вершаў В. Каратынскага (“Уставайма, братцы, да дзела, да дзела...”, “Далібог-то, Арцім...” і “Туга на чужой старане”), ён не падаў гістарычна-літаратуразнаўчага артыкула пра У. Сыракомлю, хоць пра яго жыццё і творчасць быў, па ўсім відаць, інфармаваны лепш і два яго вершы на беларускай мове (“Добрыя весці” і “Ужо птушкі пяюць усюды”) падаў у “Хрэстаматыі...”.

У “Гісторыі беларускае літаратуры”, узнятай на адраджэнскіх хвалях у рэвалюцыянізаваным грамадстве і напісанай з арыентацыяй на нацыянальна-беларускія прыярытэты, але з нарастаючай тэндэнцыяй сацыялагізацыі, праблема разгляду польскамоўнай творчасці аўтараў, якія пакінулі мастацкую спадчыну і на беларускай мове, відаць, не магла быць узнята (за выключэннем “Шляхціца Завальні” Яна Баршчэўскага), ад чаго даследаванне літаратурнага працэсу Беларусі, у якім адбывалася станаўленне новай беларускай літаратуры, не набыло дастатковай паўнаты і доўга заставалася на ўзроўні ігнаравання ўсяго польскамоўнага мастацкага масіву, пакінутага нам у спадчыну нашымі землякамі.