Віталь Падстаўленка

"Не забі ў сабе добрае карэнне!"
жанрава-стылевы аспект гумарыстычна-сатырычных апавяданняў
Максіма Гарэцкага 1920-х гг.

Цікававай старонкай у беларускім літаратурным працэсе ХХ ст. стала развіццё і папулярызацыя жанраў гумару і сатыры ў першыя гады станаўлення савецкай дзяржаўнасці. Ёсць абгрунтаванне гэтай акалічнасці: на зломе эпох адбываеццв не толькі выразная дыферэнцыяцыя соцыуму па новых класавах прынцыпах і па ступені прыхільнасці да новай грамадскай маралі, але і ацэнка асобы на больш высокім — ўзроўні духоўнасці і маральнай чысціні. Таму ў мастацкім свеце як своеасаблівы вынік ідэйна-класавай канфрантацыі з’яўляюцца творы рознаўзроўневага плана: ад крытычных артыкулаў і “плакатнай” сатыры да высокамастацкай літаратурнай творчасці камічнага характару. Узоры першай групы (так званыя аднадзёнкі) не вымагаюць пільнай увагі літаратуразнаўцаў. А мастацкае спасціжэнне глыбіні праблематыкі і сутнасці канфліктаў найлепшых узораў камічнай прозы Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Кандрата Крапівы і іншых майстроў прыгожага пісьменства магчыма толькі пры ўмове аб’ектыўнага аналізу і актуалізацыі іх у сучасны момант гісторыі.

Гумарыстычна-сатырычная проза Максіма Гарэцкага самабытная па жанрава-стылёвых прыкметах і па-філасофску глыбінная, застаецца прыярытэтным кірункам даследчых пошукаў у рэчышчы канцэптуальнага вывучэння творчай спадчыны пісьменніка.

Аналітычны характар мастацкага засваення рэчаіснасці паслужыў, відаць, перадумовай для сінкрэтызму як базавай платформы аўтарскага стылю М. Гарэцкага. Нават у межах акрэсленай намі тэмы даследавання (гумарыстычна-сатырычная проза малой эпічнай формы 1920-х гг.) заўважаецца маштабнасць стылёвых рашэнняў:
праявы аналітычнага рэалізму (“Памылка”, “Апостал”, “Незадача”);
кантраставае спалучэнне звышэмацыйнасці, негатыўнай душэўнай узрушанасці і філасофскай сузіральнасціі (“Нявесткі сварацца”);
сінтэз рамантызму з прыпавесційнасцю і трагікамізмам (“Смачны заяц”);
сказавасць як галоўны прыём пры мастацкім узнаўленні аповеду (“Дурная галава”);
мемуарна-дакументальны характар апавядання ("Пабожны мешчанін”);
сумарнае аб’яднанне публіцыстычнасці з рэалізмам моцным камізмам саркастычнага гучання (“Ашуканы палітрэдактар”, “Прастуда містэра Рамзая”).

Адносна жанравай арганізацыі твораў заўважым, што ў гэты перыяд у гумарыстычна-сатырычнай прозе М. Гарэцкага назіраецца пераважная колькасць апавяданняў навелістычнай будовы, а творчыя эксперыменты прывялі да непаўторных здабыткаў у кірунку апавядальнай гісторыі, сказа і мастацкай публіцыстыкі (адпаведна “Пабожны мешчанін”, “Дурная галава”, “Прастуда містэра Рамзая”). Да камічнай плыні мэтазгодна аднесці і апавяданні “Смачны заяц”, “Апостал”. Іх праблемнае поле, асаблівасці падачы персанажаў і большасць мастацкіх сродкаў раскрыцця канфліктаў знаходзяцца за межамі ўласна гумарыстычна-сатырычнай прозы, між тым выразны камічны падтэкст выступае тут натуральным кампанентам стылю.

Працягваючы размову пра крытэрыі высокамастацкай сатыры, варта ўзгадаць думку расейскага тэарэтыка па пытаннях камізму Л. Яршова: “у сатыры вычварна спалучаюцца з’едлівая іронія і пачуццё чалавечай спагады, насмешка і глыбокае пранікненне ў тайнікі чалавечага сэрца, весялосць і смутак, тэндэнцыйнасць і строгая аб’ектыўнасць, лірычны пафас і навуковы аналіз”. Дэтэрмінізм гэтых пачаткаў і стварае непаўторнасць стылю пісьменніка.

Адметнасць камічнай прозы Максіма Гарэцкага — свядомае пашырэнне маштабу канфлікту ў апавяданнях. Творчы эмпірызм вёў празаіка ад раскрыцця інтравертнага (заглыблена-асобаснага) супярэчання ў душы герояў (“Памылка”, “Смачны заяц”, “Сон”) праз адлюстраванне ўнутрысямейнага, сваяцкага неразумення (“Нявесткі сварацца”) да аналізу вонкавага, класавага сутыкнення (“Апостал”) і да апісання знешнепалітычнай, міждзяржаўнай канфрантацыі (“Праўда містэра Рамзая”). Пры гэтым, нягледзячы на фармальнае сугучча з агульнай тэндэнцыйнасцю ў адборы канфлікту (асабліва ў двух апошніх варыянтах), пісьменнік здолеў захаваць нязменную аб’ектыўнасць і філасофска-духоўную напаўняльнасць вобразаў. На жаль, трэба канстатаваць, што на пачатку 1930-х гг. М. Гарэцкі напісаў твор - навелу-памфлет “Прастуда містэра Рамзая”, у якім пад націскам дзяржаўнай літаратурнай палітыкі з’явіліся рысы стылёвай непрапарцыйнасці, вымушанай арыентацыі на ідэалагічныя ўстаноўкі. Праілюструем на прыкладах жанрава-стылёвыя адметнасці мастацкай спадчыны празаіка.

Гумарыстычная навела “Нявесткі сварацца” пабудаваная на побытавым матэрыяле, што выяўляецца ў назве. Дынамізму фабулы спрыяе градацыйны рост эмацыйнасці аповеду. Майстэрства творцы дазволіла не толькі “пагасіць” негатыўнасць выпадаў персанажаў-антаганістаў, але і зрушыць адмоўны эмацыйны фон апавядання ў сферу камічнага. Элементы народнай смехавай культуры (інвектыўнага характару праклёны, абразы, параўнанні) надаюць поліфанічнасць стылю гэтай навелы. Твор прываблівае і адметным кампазіцыйным прыёмам, які грунтуецца на кантраставым адборы эпізодаў. Так, у прыватнасці, экспрэсія кульмінацыйнай сцэны змяняецца ў фінале твора філасофскай элегіяй - пейзажнай замалёўкай. I гэта невыпадкова, бо ў навеле прырода падаецца як вобраз-антыпод адносна свету людзей, што праз усведамленне хараства і гармоніі ў ёй набліжае да асэнсавання светапогляднай пазіцыі аўтара і павышае ступень эстэтычнасці апавядання.

Прыпавесційнасць, экзістэнцыйны аспект праблемы выбару ўласцівы маральна-побытавай навеле трагікамічнага характару “Смачны заяц”. (Твор датаваны 1921 годам, менавіта тады ў газеце “Беларускія ведамасці” пад назвай “Паншчына” ён упершыню ўбачыў свет.) Паводле ўспамінаў самога аўтара, апавяданне з’яўляецца літаратурнай апрацоўкай рэальнай гісторыі, што адбылася ў часы прыгону. Празаік ператварыў плён гістарычнай памяці ў абагульнена-мастацкую карціну з тыповымі абставінамі і персанажамі.

Пранікненне ў лабірынты душы, “цёмнае шуканне вечнага пачатку” паміж двума полюсамі Быцця - Дабром і Ліхам - стала пафасам многіх твораў пісьменніка. Вельмі добра на гэты конт выказаўся літаратуразнаўца Уладзімір Конан: “Прыкмета спецыфічнага для М. Гарэцкага мастацкага метаду - выяўленне палярызацыі і ўзаемапранікнення гарманічных, райскіх і дысгарманічных, пякельных пачаткаў у жыцці”. У навеле “Смачны заяц” праблема спасціжэння ментальнай існасці чалавека ў гранічна-абвостранай сітуацыі стала апірышчам для раскрыцця канцэптуальна-антрапалагічнага кола пытанняў па вызначэнні крытэрыяў маральнасці і сапраўднага гуманізму.

Рамантычны стыль твора характарызуецца дынамізмам, лапідарнасцю і максімальна скандэнсаваным эмацыйна-пачуццёвым фонам аповеду. Дыспрапарцыйнасць успрымання рэчаіснасці, звядзенне трагізму і камізму (праўда, з перавагай першага) у адзін клубок лагічна суадносяцца з яшчэ адным прыёмам, характэрным для рамантызму, - генералізацыяй як дамінантным прынцыпам пры абмалёўцы персанажаў. Падача вобразаў адбываецца ў двух планах:
— статычна: з паступовым раскрыццём герояў праз акцэнтаванне ўвагі на адной характаралагічнай лініі (Янучок, князь, служкі);
— дынамічна (супярэчліва): праз апісанне асобы, якая знаходзіцца паміж двума драматычнымі варыянтамі выбару (кухар).

Творчыя эксперыменты з мастацкім часам прывялі да ўмацавання ідэйнага стрыжня твора: экспрэсія першых частак навелы цэнтрабежна ўзрастае паралельна з асноўнай інтрыгай, а пачынаючы ад кульмінацыі дзеяння і да фінальнай сцэны рух часу запавольваецца, месцамі нібы замірае. Такім чынам рэалізуецца свядомая ўстаноўка пісьменніка на сутворчасць рэцыпіента па аналізаванні матывацыі дзеянняў персанажаў у трагікамічных абставінах. Сатырычна вырашаная асноўная калізія твора (прыгатаванне незвычайнай стравы) у адпаведнасці не толькі з законамі жыцця, але і з мастацкімі прынцыпамі трансфармуецца ў звышіранічны альбо звыштрагічны пафас апошняга эпізоду, у якім даводзіцца думка пра немагчымасць бязболевага рассякання гордзіева вузла, дзе перапляліся шчасце з няшчасцем.

Навацыяй стаў для М. Гарэцкага жанр сатырычнага сказа, які вяртае чытача ў мінулае, - “Дурная галава” (1922). Але асноўная мэта гістарычнага экскурсу - пашырэнне даследавання праблемы крытэрыяў маральнасці, узнятай яшчэ ў папярэдніх творах.

Герой-апавядальнік селянін Трахім - асоба неардынарная. За яго змрочнай арыгінальнасцю хаваецца непрыманне традыцыйнага ўкладу жыцця, амаральнасць, дэструктыўны характар дзейнасці і жаданне паказаць сябе мужным воінам. Апошняя рыса патрабуе расшыфроўкі. Цэнтральная падзея твора, звязаная з уціхамірваннем сялянскага паўстання, узнаўляецца суб’ектыўна, праз аповед героя, які меў на мэце зацікавіць суразмоўцаў, набыць дадатковую папулярнасць. Дзеля павышэння “забаўляльнасці” апавядальнік у працэсе маўлення ўносіць элемент эксцэнтрыкі: “смяяўся ён, пакручваючы наўкола галавы сваёй булдавешкай ”, “дзеля жарту з усяе бэхау... [ёю] па плоце”. Такога кшталту дапаўненні прыўносяць у сказ матыў найгрышу як жанравую прыкмету і сегмент характарыстыкі персанажа. У адпаведнасці з класіфікацыяй Б. Эйхенбаўма твор адносіцца да “ўзнаўленчага сказа”, бо адзнакай яго стала тэндэнцыя “мімічна і артыкуляцыйна ўзнаўляць словы”.

Вобраз Трахіма унікальны і тыповы адначасова, да таго ж пэўнае месца ў яго стварэнні, думаецца, мелі рэмінісцэнцыі, што бяруць вытокі яшчэ з усходнеславянскага фальклору (вобраз Анікі-воіна), або ён з’яўляецца нацыянальнай мадыфікацыяй гратэскава-сімвалічнага вобраза Асілка з аднайменнай казкі Міхаіла Салтыкова-Шчадрына.

У творчасці М. Гарэцкага заўважаецца свайго роду спадкаванне класікам рускай літаратуры (М. Гогалю, М. Салтыкову-Шчадрыну), але толькі ў плане засваення агульных мастацкіх прынцыпаў, у прыватнасці, у адборы відаў камізму. Так, напрыклад, беларускі празаік надаў гратэскавасць асобным назвам сваіх твораў (“Дурная галава”, “Дурны настаўнік”, “Пабожны мешчанін”), а гэта было пашыранай з’явай у згаданых пісьменнікаў (“Мёртвыя душы”, “Нос” М. Гогаля; “Дзікі памешчык”, “Арол-мецэнат”, “Самаадданы заяц” М. Салтыкова-Шчадрына).

Далейшыя творчыя доследы антрапалагічнага характару М. Гарэцкі працягнуў на матэрыяле савецкай рэчаіснасці. Выяўленню чалавечай сутнасці ў варунках сацыяльна-іерархічных адносінаў прысвечаны навелы “Незадача”, “Апостал” (абедзве 1921). Асоба і ўлада, стаўленне народа да новай улады - гэтыя мастацкія праблемы аўтар вырашаў аб’ектыўна, без апалагетыкі і сервілізму. Сатырычныя вобразы Батрачонка і Жабіна перадаюць крытычную пазіцыю пісьменніка да выяўлення ў кіраўніках новай эпохі двурушніцтва, фармалізму ў справах, прагі кардынальна-рэвалюцыйных метамарфоз, што ў выніку прыводзяць да знішчэння спаконвечных асноваў жыцця. Пяшчотна-спачувальны характар аповеду (асабліва ў “Апостале”) з’яўляецца душэўным адбіткам тугі празаіка з прычыны прадчування нацыянальнай катастрофы пасля няўдалага “крыжовага паходу ваяўнічага місіянерства”. Незвычайным момантам для ідэалагічна выхаванай літаратуры 1920 – 1930 гг. стала канстатацыя народнага погляду на савецкую ўладу як на д’ябальскую, дэструктыўную, чорную сілу. У гэтым ракурсе становяцца больш зразумелым непрыманне, ігнараванне кантакту: “Вёска не праяўляла ніякіх знакаў жыцця. Яна, яе драўляныя, нізкія, пад саламянымі стрэхамі будынкі, таксама як і поле, былі ціха-задуманыя ці нават бяздумныя, маўклівыя, шэрыя ”. Лёгка заўважыць, што апісанне вёскі пабудаванае на мастацкім прыёме антрапамарфізму, а гэта робіць больш празрыстай ідэю непадзельнасці чалавека і яго радзімы.

Горкая іронія саркастычнага гучання як асноўны сродак падкрэслівання сатырычнасці вобразаў “паноў у чорным” значна змяншае маштабнасць, аўтарытэтнасць негатыву і пераводзіць яго ў плоскасць камізму. Аўтар паспяхова выкарыстоўваў “гаваркія” прозвішчы для персанажаў:
у прозвішчы Батрачонак словаўтваральная аснова фігуральна паказвае на “пралетарскае паходжанне”, а суфікс выяўляе не толькі непрыхільнасць аўтара да персанажа але і іманентна характэрную несамавітасць, маральна-разумовую нявартаснасць вобраза;
прозвішча Курапа (як і "партыйная клічка Жабін") таксама выдае аўтарскую непрыязнасць і адчужальна-насмешлівы тон апісання героя.

Агульныя для персанажаў - матыў прыкідвання і жаданне выглядаць у вачах іншых носьбітамі дабрачыннасці.

У 1920-я гг. М. Гарэцкі напісаў міні-цыкл гумачна-сатырычных навел (“Неразгаданыя людзі”, “Сон”, “Чыстка”), які пры яго жыцці так і не быў надрукаваны, хоць планавалася ўключыць яго ў зборнік “Люстрадзён” (1929). Праблемнае кола гэтай групы апавяданняў застаецца традыцыйна шырокім: загадкавасць прычынаў трансфармацыі асобы пад уллывам вонкавых абставінаў.

Пратаганістам у гумарыстычнай навеле “Неразгаданыя людзі” выступае Адам Скарына - чалавек па-за грамадствам і над грамадствам. Менавіта яму адводзіцца роля аналітыка-псіхолага, што эмпірычным шляхам даследуе філасофію быцця і нечаканыя ракурсы чалавечай натуры. Перад яго вачыма праходзіць галерэя вобразаў-тыпаў. Паступова побытавая сітуацыя набывае маштаб эксперыменту глабальнай значнасці. У выніку гучыць папярэджанне чалавецтву са змененым цэнзам аксіялагічных крэтэрыяў, думка пра тое, шго людзі праходзяць па зямлі "як сляпыя, не бачачы свету’’.

Увесь цыкл вызначаецца агульнасцю кампазіцыйных рашэнняў:
хранікальная акрэсленасць узноўленых падзей (нават з дакладнай датай і часам);
падача пейзажнай замалёўкі, што павышае эмацыйна-экспрэсіўную насычанасць твора і з’яўляецца лагічным працягам асноўнай сюжэтнай калізіі;
дамінантнае месца ў архітэктоніцы навел адводзіцца яскравай характэрнай сцэне;
фіналу ўласцівыя недагаворанасць, адсутнасць дыдактыкі.

Мастацкая адметнасць камічнай прозы М. Гарэцкага - варыянтнасць тэмы “апостальства”. Так, у творах “Памылка” (1921) і “Пабожны мешчанін” (1928) сатырычна падсвечаная прага да святасці выдае натуры злачынцаў.

Безумоўна, самабытная з’ява ў літаратуры - навела-памфлет “Ашуканы палітрэдактар” (1929). Яна, па сведчанні крытыкаў, застаецца адным “з самых вострых, смелых і баявітых твораў той пары” (Дз. Бугаёў) і адначасова адным “з самых жартаўлівых” (Л. Корань). Такая высокая ацэнка правамерная і аб’ектыўная. Празаік, абапіраючыся на авантурны сюжэт, звязаны з прыгодамі паэта Трышкі Ласага, узняў глыбінны пласт ідэйна-грамадскіх супярэчнасцяў. На фоне агульнай праблемы суадносінаў мастака і часу заўважаецца занепакоенасць аўтара станам свабоды ў грамадстве, ідэйным кірункам палітыкі ў дзяржаве, лёсам нацыі, маральнай дэградацыяй, бюракратызмам і, урэшце, агульнай падпарадкаванасцю жыцця разумовай абмежаванасці і ідэалагічнаму ўціску. Кантраставае спалучэнне ўрачыста-афіцыйнай танальнасці аповеду з дэталёвым апісаннем побытавых сцэн робіць непаўторным стыль гэтага твора.

Пра вобразную сістэму навелы адзначым, што ўсе дзейныя асобы намаляваны камічнымі фарбамі. Трышка Ласы пададзены як гумарыстычны персанаж: пры агульнай станоўчасці героя аўтар падкрэсліў яго ліслівасць і авантурнасць. Астатнія вобразы сатырычныя. Для поўнага выкрыцця іх негатыўнай сутнасці М. Гарэцкі выкарыстаў маляўнічыя камічныя антрапонімы (Двубокі, Затыкевіч, Крыўляка, Гурочак-Сысуцкі, Тарабаркіна, Бязбожнікаў, Паніка, Правіцкі і інш.), у выніку чаго персанажы ўяўляюць з сябе вобразы-маскі. Ступень сатырычнасці навелы павышае майстэрскае ўжыванне моўных сродкаў: параўнанняў, каламбураў, алагізмаў, фразавай іранічнай двухсэнсавасці.

Як бачым, гумарыстычна-сатырычная проза малой формы Максіма Гарэцкага - з’ява адметная ў літаратурнай прасторы 1920-х гг. Філасофская глыбіня і злабадзённасць вызначылі праблематыку яго творчасці. Разнастайнасць жанравых мадыфікацый і стылёвае эксперыментатарства вылучаюць прозу пісьменніка ў найлепшыя здабыткі нацыянальнай літаратуры.