Уладзімір Чарота

Дантэ Аліг'еры i беларуская літаратура

На старонках “Роднага слова” (1996, № 2) быў апублікаваны артыкул Лявона Баршчэўскага «Літаратура эпохі Адраджэння: Італія. Пачатак: эпохі Рэнесансу: Дантэ Аліг’еры і яго “Боская камедыя”. У ім аўтар робіць агляд як эпохі ў цэлым, так і творчасці слыннага фларэнційскага паэта: у грыватнасці, аналізуе яго шэдэўры — “Новае жыццё” і “Боскую камедыю”. Лявон Баршчэўскі не пакідае без увагі і пытанне прысутнасці італьянскага паэта ў беларускай літаратуры, але даследчык прыводзіць толькі некаторыя факты ўзаемадзеяння нашай літаратуры з італьянскай праз асобу Дантэ Аліг’еры. Згадваюцца, а часам і цытуюцца вершы “Быў у чысцы” Францішка Багушэвіча, “Апошняя песня Дантэ” Уладзіміра Караткевіча, “Аднойчы я ішоў з Дантэ…” Максіма Танка, санет “Дантэ Аліг’еры” Язэпа Пушчы і цыкл “Наследванні Дантэ” Алега Мінкіна. Але гэтым уздзеянне італьянскага паэта на айчынных мастакоў слова не абмяжоўваецца, таму мы і вырашылі працягнуць справу Лявона Баршчэўскага: грунтоўна разглядзець пытанне “Дантэ Аліг'еры і беларуская літаратура”.

Перш за ўсё звернемся да такой формы існавання твораў Дантэ Аліг’еры ў іншых літаратурах, як пераклад. Іх у беларускай літаратуры некалькі: у 1965 г. перастварыў фрагмент “Боскай камедыі” (Песня ІІІ з раздзела “Пекла”) Язэп Семяжон; праз 28 гадоў пасля яго Алег Мінкін пераклаў Песню I “Пекла”; потым асобныя часткі “Боскай камедыі” (Песні I і III з “Пекла”, Песня XXX з “Чыстца” і Песня XXXIII з “Раю”) з’явіліся ў перакладзе Лявона Баршчэўскага, і нарэшце ў 1997 г. Уладзімірам Скарынкіным зроблены поўны пераклад “Боскай камедыі”, а нядаўна некалькі санетаў Дантэ перастварыў Яўген Міклашэўскі. У артыкуле “Дантэ гаворыць па-беларуску” сцвярджаецца: “...Любы, нават самы геніяльны твор, пакуль ён не перакладзены на мову карэннага, свайго народа, у той краіне нібыта адсутнічае, яго нібыта ўвогуле не існуе ў свеце”. Паводле такой логікі, засваенне Дантэ беларускай літаратурай пачалося толькі з перакладаў фрагментаў Я. Семяжонам, а то і з поўнага перакладу У. Скарынкіным “Боскай камедыі”.

Але гэта не азначае, што да 1960-х гг. беларусы зусім не былі знаёмыя з творчасцю вялікага італьянца. Згадаем, што адну тэрцыну з “Боскай камедыі” пераклаў у свой час Максім Багдановіч. Есць звесткі, што Дантэ на беларускую мову перакладалі і ў XIX ст. Так, аўтарытэтны гісторык літаратуры Генадзь Кісялёў сцвярджае, што гэтым займаўся Альгерд Абуховіч, але тэкст яго перакладу страчаны.

Знаёмства беларусаў са спадчынай Дантэ было магчымым і ў арыгінале, калі браць пад увагу тое, што з часоў Сярэднявечча многія выхадцы з Беларусі атрымлівалі адукацыю за мяжой, у Італіі ў тым ліку. Акрамя таго, трэба памятаць, што ў Гродзенскай тэатральнай школе Тызенгаўза разам з іншымі прадметамі выкладаліся французская і італьянская мовы.

Нам падаецца вельмі цікавым паведамленне вядомага дантазнаўцы І. Бэлзы: “Паводле распараджэння прызнанага правадыра кальвіністаў Рэчы Паспалітай вялікага канцлера літоўскага Мікалая Радзівіла (Чорнага) робіцца копія з партрата Дантэ, заказанага ў XV ст. будаўнікамі кафедральнага сабора Santa Маrіа del Fiore ў Фларэнцыі мастаку Даменіка Мікаліна…”. Такім чынам, пра вялікага фларэнційца на беларускіх землях ведалі — прынамсі, некаторыя асобы — яшчэ ў XVI ст.

Так ці інакш, пачатак распаўсюджвання твораў Дантэ Аліг’еры ў свеце, і ў тым ліку на землях Беларусі, можна датаваць часам публікацыі альбо зусім блізкім да яго. А канкрэтна: “Камедыя” сышла з друкарскага варштата ў горадзе Фалінья ў 1472 г. і вельмі хутка набыла папулярнасць. Адзначым, што два пераклады былі зробленыя яшчэ да выдання паэмы: адзін - на лацінскую мову, другі - на іспанскую. Значыць, галоўны твор Дантэ Аліг'еры ад самага пачатку распаўсюджваўся не толькі на радзіме аўтара. Пад канец XIX ст. ён быў перакладзены, акрамя названых, на два дзесяткі моў, сярод якіх руская і польская. У сукупнай рэцэпцыі ніяк нельга ігнараваць значэнне перакладаў на іншыя мовы, перш за ўсё роднасныя і блізкія беларусам гістарычна.

Мы разгледзелі магчымыя шляхі твораў фларэнційскага паэта да беларускіх чытачоў, а цяпер звернемся непасрэдна да аспекту “Дантэ і беларускія пісьменнікі”. Пачнем са сцвярджэння Івана Саверчанкі пра тое, што беларускія публіцысты 2-й паловы XVI - XVII ст. цытавалі Дантэ Аліг’еры, калі ім патрабаваліся эфектыўныя аргументы. Але канкрэтных звестак пра гэта няма.

У гісторыі айчыннага прыгожага пісьменства пачатку XX ст. ёсць асоба, якая ў розных планах можа суадносіцца з Дантэ. Гэта - Максім Багдановіч. Як вядома, ён неаднаразова згадваў пра італьянскага генія ў літаратурна-крытычных працах. Так, у артыкуле “Белорусское Возрожденне” паэт пісаў: “Однако эти ценности (истннные ценности в художественном творчестве) сразу же начали создаваться, когда писатели (во главе с Дантом) обратились к народным европейским языкам - итальянскому, английскому, испанскому, языкам грубым, необработанным, но живым. Конечные результаты этого движения налицо: единая для всех стран, общекультурная литература исчезла, а ее место заняли основные европейские литературы, обозначившие областями своего распространення границы нескольких наиболее значительных культур”.

У дадзеным выпадку для М. Багдановіча быў важны перш за ўсё аўтарытэт Дантэ як асобы, якая прадвызначыла запачаткаванне прафесійнага мастацтва слова і гісторыю італьянскай літаратуры, а таксама нацыянальных літаратур і культур увогуле. Нездарма ў артыкуле пра ўкраінскага паэта Уладзіміра Самійленку не абмінаюцца яго пераклады дзесяці песняў “Пекла”, якім асобна даецца высокая ацэнка. Дантэ як неспасцігальная для навукі і крытыкі вяршыня сусветнага прыгожага пісьменства згадваецца і ў чарнавым накідзе артыкула “Стремление найти метод научной критике…”.

У эцюдзе “Мадонна” выяўлены іншы пункт гледжання: “Дело в том, голубь мой, что преклонение перед женщиной, которое чуть ли не всегда крупнейшим двигателем было, в те времена, можно сказать, до особенного обострения дошло. Трубадуры эти, суды любви... ну, и иное прочее... много всяческого было... Или хоть вот Петрарку с Дантом возьмите”. Тут звернута ўвага на адну з вечных тэм сусветнага мастацтва — жаноцкасці ў яе асноўных праявах і ў ідэале. Але зноў-такі Дантэ паўстае як найвышэйшы аўтарытэт, а яго творчасць як узор.

Нават па гэтых некалькіх згадках зразумела, як ставіўся М. Багдановіч да слыннага італьянца. Адзначым, што Максім Багдановіч непасрэдна праз Дантэ ўпершыню ўвёў у беларускую паэзію вершаваную форму тэрцыны. Гэта, уласна, пераклад фрагмента з “Боскай камедыі”, выкарыстаны ў якасці эпіграфа да цыкла “У зачарованым царстве”. Эпіграф падаваўся на мове арыгінала, а ў зносцы М. Багдановіч даў свой па-майстэрску выкананы пераклад:
О вы, разумныя, зірніце самі,
І кожны настаўленне зразумее,
Схаванае за дзіўнымі радкамі.

Гаворачы пра тэрцыну як запазычаную ў Дантэ форму верша, адзначым, што заключны твор Багдановічавага цыкла “Старая спадчына” - якраз “Тэрцыны”.

Дачыненні Максіма Багдановіча з Дантэ Аліг’еры маюць розныя формы і аспекты. Таццяна Ганчарова-Цынкевіч сцвярджае, што “беларускі паэт шмат часу вучыўся ў знакамітага еўрапейскага пісьменніка выкарыстанню ў сваёй мастацкай творчасці вобразаў-сімвалаў, колернай і светлавой сімволікі, зыходзячы, вядома, са сваіх творчых задум, з нацыянальнай спецыфікі беларускага паэтычнага слова”. У гэтым няцяжка пераканацца, звярнуўшы ўвагу на тое, што абодва паэты ў цэнтр мадэлі быцця ставілі вобраз “вечнай жаноцкасці”. У Дантэ Аліг’еры гэта вобраз Беатрычэ, які праходзіць праз усю яго творчасць. Каханай прысвечаны раман “Новае жыццё” і раздзел “Рай” у “Боскай Камедыі”. У Максіма Багдановіча вечную жаноцкасць увасабляе Мадонна. Яна - сімвал хрысціянскай духоўнасці, маральнасці і гуманізму. Прыгадаем верш “У вёсцы” з цыкла “Мадонны”: Артысты-маляры схіляліся прад ёй,
Жадаючы з’явіць цераз свае халсціны
Пачуцці мацеры у вобліку дзяўчыны.
Красы тэй сімвалам, Маць-Дзева, стала ты, —
І глянулі твае з-пад пэндзаляў чэрты
.

Абодва паэты засяроджвалі ўвагу на зямным быцці, не ўяўлялі чалавечага жыцця без адзінства з жыццём прыроды, часта звярталіся да матыву смерці і вобразаў зор, месяца. У “Боскай Камедыі” кожны раздзел заканчваецца радком, прысвечаным свяцілам:
...І ў рэшце рэшт мы ўбачылі свяцілы (Пекла, Песня XXXIV);
...І вартым узнясення на свяцілы (Чысцец, Песня XXXIII);
...Любоў, якая рухае свяцілы (Рай, Песня XXXIII).

І Багдановічаву відавочную схільнасць да вобразаў зор і месяца няцяжка праілюстраваць нават назвамі ці першымі радкамі, якія ўтвараюць загалоўкі многіх яго вершаў: “Блішчыць у небе зор пасеў...”, “Глянь, як зорка у цемні ляціць... (С. Е. Палуяну)”, “Добрай ночы, зара-зараніца!”, “Рандо” (“Узор прыгожы пекных зор...”), “Зіянне месяца”, “Месяц выплыў над змрочнай, заснуўшай зямлёю...”, “Месяц круглы ўстаў на небе...” і інш. У Дантэ асаблівае значэнне мае вобраз сонца, дамінантны сэнс якога ў наступным:
Пасля пачуў: “Аддзяч, аддзяч Тварца,
Чыё святло і прамяні спрыялі
Табе ўзляцець да гэтага вянца”
(Рай, Песня X; 16, 359).

У Багдановіча таксама выяўляецца падобнае разуменне, але ў фармальна менш рэлігійных паняццях і асацыяцыях. Беларускі паэт зазвычай асацыяваў сонца з надзеямі на лепшае, услаўляў як сімвал абуджэння:
Не згасла сонца? Сонца гляне,
Усіх падыме ада сна.

Кінь вечны плач свой аб старонцы!..

Пра ўплыў творчасці Дантэ Аліг’еры на светаўспрыманне і светаадлюстраванне Максіма Багдановіча дапушчальна весці гаворку як у адзначаных, так і ў іншых момантах.

Падобны ўплыў зазнаў і Янка Купала. У кнізе “Перачытваючы “Спадчыну” Янкі Купалы” Валянціна Гапава правільна заўважыла, што “не застаецца ў баку і ўздзеянне рэнесанснай культуры, асабліва Дантэ, як ранняга яе прадстаўніка, на фарміраванне светапогляднай сістэмы вялікага песняра”. Увогуле Купалава лірыка з характэрнымі для яе маштабнай метафарычнасцю, гіпербалізмам, візіянерствам відавочна блізкая дантаўскай традыцыі як найбольш паказальнай у творчых дасягненнях Рэнесансу. Янка Купала арганічна ўводзіў у паэтычныя карціны алюзіі з Дантэ. Удакладнім: алюзія (ад лац. allusio - намёк, жарт) - намёк на агульнавядомы факт гістарычнага ці побытавага характару. Прычым у некалькіх выпадках гэта зусім не патрабуе ўскосных доказаў, бо мае непасрэдна тэкстуальны характар і прамыя “адсылкі”. Напрыклад, у Купалавым вершы “Над Іматрай” ёсць такія радкі:
Зірнуць, ззіхануцца, сыпнуцца на скалы,
Ўсім дантаўскім процьмам на здзіў...

Якім канкрэтна творам і вобразам Дантэ выклікана такая характарыстыка прыроднай з’явы, няма асаблівай патрэбы высвятляць. Тут істотна іншае: для Я. Купалы паэзія Дантэ - пэўная мадэль светаадлюстравання, і беларускі пясняр лічыў вызначальным у ёй тое, што можна назваць універсалізаванай візіяй сіл, якія супрацьпастаўляюцца гармоніі “гэтага свету”.

Купалава рэцэпцыя Дантэ аналагічна выявілася таксама ў вершы “Смейся!..”:
Смейся смехам-сычэннем праз скрогат
Перадсмертны зубоў і рассейся
Ў гразь жыцця, ў пекла Дантава рогат!

Тут зноў-такі ў якасці апазнавальнага знака дантаўскага светаадлюстравання Я. Купала акцэнтаваў засяроджанасць на тым свеце, і створаная італьянскім паэтам карціна апраметнай служылы мастацкім правобразам для Купалавай фантасмагорыі жыцця. Адзначым, што сувязь паміж беларускім і італьянскім творцамі не абмяжоўваецца толькі такога роду алюзіямі.

Другі даследчык спадчыны Янкі Купалы, Уладзімір Конан, адзначае, што “было б нацяжкай шукаць у іх творчасці непасрэдныя стылістычныя і светапоглядныя аналогіі”, але ён бачыць шмат агульнага на ўзроўні глабальных праблем жыцця, міфалагічных біблійна-хрысціянскіх архетыпаў творчасці і ў асабістым чалавечым, і ў пісьменніцкім лёсах.

Ведучы гаворку пра архетыпы Раю і Пекла, якія шматаспектна ўвасоблены ў “Боскай камедыі”, У. Конан слушна заўважае, што яны займаюць значнае месца і ў творах Янкі Купалы, яскравым прыкладам чаго з’яўляецца паэма “Курган”, дзе курган “як мадэль сусвету спалучае гэты яго вертыкалі - Пекла (царства нябожчыкаў), Зямлю і Неба”.

Некаторыя паралелі можна выявіць і пры параўнанні “Боскай камедыі” (уласна, першай яе часткі) яшчэ з адным купалаўскім творам - драмай “Раскіданае гняздо”, на што таксама звярнуў увагу У. Конан. Нагадаем: дантаўскі герой ідзе праз Пекла ў Чысцец і Рай; на пачатку шляху ён трапляе ў дрымотны лес; яму пераходзяць дарогу пантэра, леў, ваўчыца (Пекла, Песня I). А цяпер згадаем тое месца драмы “Раскіданае гняздо”, дзе Зоська расказвае свой сон:
“…Мінулі мы гэта балота вужачае, ідзём, — ажно ўвайшлі мы ў цёмны-цямнюсенькі, дзікі лес. Вецер у галінах трашчыць і свішча, звяр’ё ўсялякае вые, зубамі ляскоча, на нас кідаецца.

Цяжка не пагадзіцца з У. Конанам, які лічыць, што Зосьчын сон — таленавітая літаратурная стылізацыя на фальклорны манер асноўнай канвы падарожжа з Пекла ў Рай Дантавага Я-героя ў “Боскай камедыі”, у якой няма прамога цытавання і пераймання, бо наш паэт абапіраўся на беларускую фальклорную традыцыю, хоць, зусім верагодна, добра ведаў твор геніяльнага італьянца. Знаёмства з творчасцю італьянскага паэта пацвярджаецца прысутнасцю ўжо загаданных намі алюзій.

Калі названыя вышэй беларускія пісьменнікі цанілі Дантэ перш за ўсё і больш за ўсё як паэта, адчуваючы і прымаючы пэўны ўплыў гэтай іпастасі, то М. Гарэцкі і У. Жылка засяроджвалі ўзвагу на культурна-гістарычным значэнні яго асобы, на здольнасці ўвасобіць у індывідуальным універсальнае.

Так, Максім Гарэцкі ў артыкуле «Беларуская літаратура пасля “Нашай Нівы”» асэнсоўваў залежнасць творчых здзяйсненняў пісьменніка ад таго, “як яго індывідуальнасць успрымае катастрофу, і ад таго, у якой меры катастрофа зачапіла яго асабістае, класавае і нацыянальнае жыццё”, і ў якасці найбольш яскравага прыкладу называў Дантэ Аліг’еры.

Не менш цікавы і погляд Уладзіміра Жылкі, для якога Дантэ – alter ego героя “Боскай камедыі” ў яго выпрабаваннях: “Литература знает Данте, прошедшего ад, и встреча с Беатриче была ему должной наградой”. Вялікі італьянец становіцца для беларускага паэта сімвалам настойлівасці, мужнасці як адданасці сваёй каханай, дзеля спаткання з якой можна прайсці нават Пекла.

Да спадчыны Дантэ Аліг’еры неаднаразова звяртаўся Язэп Пушча (Іосіф Паўлавіч Плашчынскі), для якога слынны фларэнціец быў неаспрэчным аўтарытэтам і найвышэйшым узорам. Скарыстоўваючы менавіта яго як самы доказны прыклад, беларускі паэт разважаў пра сутнасць кантактаў паміж мастакамі слова, пра значэнне творчай пераемнасці, даказваючы, што няма нічога кепскага ў выкарыстанні досведу папярэднікаў, спадкаванні ім, бо “нават такі, як Дантэ, і то выбраў сабе Вергілія ў правадыры, заблудзіўшыся ў страшным лесе паэзіі і жыцця...”.

У вершы “Красуйце вечна, кіпарысы...” Я. Пушча маляваў Дантэ ўвянчаным славаю:
...Шумяць дубы, каштаны, клёны,
Здаецца мне: ў плашчы зялёным
Ідзе прысадамі, дубровай
Сам Дантэ у вянку лаўровым,
3 ім поплеч па шляху жыцця
Нясе Купала родны сцяг…

Цікава, што беларускі паэт канкрэтна назваў колер адзення Дантэ. Ці выпадкова гэта? Калі не, дык чым абумоўлена? Верагодна, тым, што ў “Боскай камедыі” Беатрычэ паўстала перад Дантэ “адзетая ў пунсовыя тканіны і ў плашч зялёны...” (Чысцец, Песня XXX). Прыняўшы такую гіпотэзу, можна меркаваць, што Язэп Пушча не проста чытаў, а мэтанакіравана вывучаў творчасць вялікага фларэнційца. Але вернемся непасрэдна да тэматыкі верша.

Язэп Пушча ўслаўляў неўміручага Дантэ, які ідзе праз вякі дзеля таго, каб сабраць вакол сябе тых, хто блізкі яму паводле паклікання, прадвызначанай ролі ў духоўна-культурным развіцці чалавецтва.

Шэраг названых твораў істотна дапаўняецца санетам Я. Пушчы “Віно паэзіі” з такой вось алюзіяй:
Каханнем трапятаў санет Пятраркі,
І Дантэ пасылаў яго да любай.
Вышэй паднімем, хлопцы, ўгору чаркі!
Віно паэзіі мы п’ем і любім...

Не заглыбляючыся ў каментар, падкрэслім, што ў гэтых радках выяўлена спроба асэнсаваць значэнне паэзіі ў жыцці.

Як вядома, Язэп Пушча звяртаўся да праблемы літаратурнай творчасці і яе рухальнай сілы ў артыкуле “У абарону маладой паэзii”. Хутчэй за ўсё, гэты тэкст пісаўся пад прымусам альбо ўціскам абставінаў, аднак варта прасачыць логіку яго зместу. Ацэньваючы свае “Лісты да сабакі”, Я. Пушча прызнаў, быццам бы, што гэта плён “не зусім здаровых настрояў” — “гэткая балючая, надрыўная паэзія”, якая “нічога не мае агульнага з нашай радаснай, мужнай і вялікай творчасцю эпохай”. Сімптаматычна, што вытокі такой творчасці Я. Пушча звязваў з чорнымі нетрамі душы паэта. Больш за тое, ён і напісанне “Боскай камедыі” тлумачыў тым самым: “Гэтымі лістамі я збочыў на сцежку, якая ўцякае ад жыцця ў чорныя нетры жахлівых настрояў душы паэта; гэта тая сцежка, па якой ішоў і Верхарн у зборніках “Манахі” і “Чорныя паходні”, гэта тая сцежка, па якой і Дантэ зайшоў аж у Пекла”. Так што беларускі паэт прызнаў (вымушаны быў прызнаць) не толькі свае творы, але і “Боскую камедыю” вялікага фларэнційца не адпаведнымі настроям савецкай эпохі паводле пафасу і накіраванасці. Гэта быў першы выпадак, калі геніяльны дантаўскі твор ацэньваўся з пазіцыі актуальнасці, прычым у катэгарычна адмоўным сэнсе.

У сучаснай беларускай літаратуры таксама ёсць шэраг значных і паказальных фактаў рэцэпцыі дантаўскай спадчыны. У прыватнасці, даследчыца італьянскай літаратуры Аксана Данільчык слушна адзначае: “Дантэ як ніякі другі пісьменнік згадваецца ў творах на тэму Другой сусветнай вайны, і, дарэчы, у крытычнай літаратуры таксама. П. Леві, А. Маравія, Л. Мегела, В. Казько, М. Тычына — вось толькі некаторыя аўтары, што звяртаюцца да яго творчасці”. І гэта няцяжка вытлумачыць уздзеяннем дантаўскай мадэлі светаадлюстравання, у якой універсальна ўвасобіліся калізіі быцця, а разам з тым і перакананне, што свет уладкаваны справядліва: часовае - нішто перад вечнасцю; ліха абавязкова будзе пакаранае; кожны атрымае па заслугах. Так што Дантэ, як бы там ні было, заўсёды абуджаў ці вяртаў надзею, а якраз гэта было надзвычай важна для свядомасці людзей у перыяд Другой сусветнай вайны з яе пякельнымі выпрабаваннямі.

У артыкуле Міхася Тычыны “Дыялог пакаленняў” чытаем: “Паказваць крывавае аблічча вайны - не толькі актуальная, але і складаная задача. Нават вялікі Дантэ не адважыўся адзін прайсці ўсе кругі пекла і ўзяў у праваднікі Вергілія, самую антычную класіку”. Для Міхася Тычыны, як і для Язэпа Пушчы, Дантэ Аліг’еры — неаспрэчны аўтарытэт у падмацаванні думкі пра значэнне творчай пераемнасці і ўвогуле доказ таго, што няма нічога заганнага ў выкарыстанні вопыту папярэднікаў. Аднак калі Я. Пушча меў на ўвазе гэтую пераемнасць у шырокім сэнсе, то М. Тычына яе канкрэтызуе, гаворачы пра мастацкае ўвасабленне “крывавага аблічча вайны”.

Між тым, беларускія пісьменнікі звярталіся да творчасці Дантэ Аліг’еры не толькі ў сувязі з тэмай Другой сусветнай вайны. Разважаючы на тэму актуальнасці тых ці іншых твораў сусветнай літаратуры, аўтар артыкула “Лётайце самалётам?..” спыняецца на пытанні: “У чым сучаснасць “Іліяды”, “Боскай камедыі”, “Страчанага раю”, “Фаўста”, “Маленькіх трагедый”, “Карамазавых”? — І дае такі слушны адказ: — У тым, што гэтыя творы, якія належаць да свайго часу, досыць дакладна паказвалі тое, як чалавек іх эпохі біўся над глабальнымі праблемамі быцця”.

Вельмі паказальны той факт, што менавіта ў прозе Уладзіміра Караткевіча неаднаразова згадваецца вялікі фларэнціец і яго спадчына — двойчы, напрыклад, у аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”. Першы раз — пры апісанні лесу вуснамі галоўнага героя: “...і дрэвы, якім было ніяк не менш за сотню год, зрабілі мясцовасць толькі трошкі больш прыемнай, чым славуты лес у Дантэ”.

Але навошта было звяртацца да імя фларэнційца ў творы? Няўжо гэта не нясе ніякага дадатковага сэнсу? Хутчэй за ўсё, Уладзімір Караткевіч згадваў пра дантаўскі лес для таго, каб даць як мага больш поўную характарыстыку галоўнаму герою, падкрэсліць яго адукаванасць.

Аднак далей у тэксце мы знаходзім не менш цікавую інфармацыю: “На хаду я скінуў куртку, шапку, выкінуў з кішэняў залаты партабак і кішэнькавае выданне Дантэ, якое заўсёды насіў з сабою”. Атрымліваецца, для героя У. Караткевіча, беларуса (!), Дантэ быў настольнай, дакладней — “кішэнькавай” кнігай, і гэта своеасабліва тлумачыць стаўленне беларускага пісьменніка 2-й паловы XX ст. да італьянскага паэта Адраджэння.

Пры распрацоўцы ваеннай тэмы, хоць і меней разгорнута, з Дантэ “ўсталёўваў сувязь” Алег Лойка - у вершы “Балада пра жывы крыж”. Каб даць уяўленне пра неймаверна жахлівае становішча чалавека, якога катуюць ворагі-захопнікі, беларускі паэт адзначыў: “Такое не сніў нават Дантэ...”.

Увогуле, у беларускай літаратуры італьянскі геній усвядомлены як асоба з выключным асабістым вопытам і не менш выключнымі здольнасцямі ўвасобіць гэты вопыт як універсальны, агульначалавечы — так яго вылучалі нават з плеяды карыфеяў сусветнага мастацтва.

Дантэ “прысутнічае” і ў айчыннай паэзіі найноўшага часу сваімі асноўнымі матывамі. Напрыклад, у вершы Людмілы Рублеўcкай “Партрэтаў цёмных ясныя абліччы...”:
Я ўсё блукаю ў тым бясконцым лесе,
Дзе Дант знайшоў сабе правадыра.
А цёмныя партрэты ў паднябессі
Мне пазначаюць шлях да алтара.

Вернемся яшчэ раз да тэрцыны. Яе ўвядзенне ў паэзію лічыцца адной з заслуг Дантэ, а тэрцыну, акрамя згаданых ужо М. Багдановіча і У. Караткевіча, перанялі і “абеларушчвалі”, узбагаючы фонд нацыянальнага вершаскладання, таксама Кастусь Кірэенка (“Пасля навальніцы”), Янка Сіпакоў (“Наручнікі”), Анатоль Грачанікаў (“Нам свецяць”) і, што цалкам зразумела, Уладзімір Скарынкін (“Песня перакладчыка” і “Заключная песня перакладчыка” прысвечаныя “Боскай камедыі” і яе перастварэнню).

Цікавае тое, што амаль усе беларусы, якія спрабавалі перакладаць вялікага фларэнційца, захапляліся яго спадчынай, не спыняліся на перакладзе аднаго твора і нават стваралі нешта сваё, прысвечаннае Дантэ. Так, Язэп Семяжон з’яўляецца аўтарам перакладаў фрагментаў з “Боскай камедыі” і санета “На смерць Беатрычэ”, а Уладзімір Скарынкін пасля поўнага перакладу “Боскай камедыі” пачаў пераствараць санеты з “Новага жыцця”, і праца над перакладамі твораў Данте Аліг’еры дала яму імпульсы для арыгінальнага напісання ўжо згаданных “Песні перакладчыка” і “Заключнай песні перакладчыка”. Пра падобную з’яву ў паэзіі Алега Мінкіна згадвалася ў артыкуле Лявона Баршчэўскага.

Вядома, гэта не ўсе факты, якія тычацца прысутнасці ў беларускай літаратуры і ўплыву на айчынных мастакоў слова Дантэ Аліг’еры. Вялікі фларэнційскі паэт быў і застаецца (хоць гэта выяўлялася не ў дастаткова выразнай форме) дзейсным фактарам беларускага літаратурнага працэсу.