Ігар Шаладонаў
Тыпалогія праблемы свету i чалавека ў апавяданнях
Максіма Гарэцкага i Кузьмы Чорнага
Апавяданні Максіма Гарэцкага і Кузьмы Чорнага 1920-х гг. яднае адзіная ідэйна-эстэтычная зададзенасць іх творчай манеры - пільная, засяроджаная сканцэнтраванасць на даследаванні асобы, індывідуальнасці, упэўненасць у тым, што толькі праз духоўнае, маральнае абнаўленне кожнага чалавека магчымае адраджэнне нацыі.
Паслярэвалюцыйная рэчаіснасць была залішне пранізаная “комплексам непаўнавартаснасці” (паводле Адлера) у рэалізацыі прынцыпу барацьбы са светам пад лозунгам “жыццё ёсць барацьба”. Думкай пра тое, што чалавечае развіццё абавязкова звязанае з барацьбой (прыродна-выжывальнай, сацыяльнай, палітычнай, інтэлектуальнай), прасякнутая ўся гісторыя нашай цывілізацыі. Знакаміты трацейскі выраз “пераможцаў не судзяць” заўсёды даваў “індульгенцыю” на розныя формы радыкальных сацыяльных і іншых эксперыментаў, пасля якіх чалавеку потым доўга даводзілася шукаць сродкі нейтралізацыі.
Атмасфера 1920-х гг. шмат у чым нагадвала экстрэмальную грамадска-культурную сітуацыю, у якой нібы зняты ўвесь “верхні” пласт прычынна-выніковых, засвоеных традыцыяй народных сувязяў са светам. Грамадства нечакана апынаецца ў становішчы супрацьстаяння са светам, быццё якога ўжо не змяшчаецца ў былую практыку жыцця. Былыя механізмы ці “машыны культуры” (М. Мамардашвілі), паводле якіх упарадкоўваўся і спазнаваўся свет, разбураліся, ствараючы карціну сюррэальнасці. У выніку значна змянялася сістэма сэнсавых каардынатаў, адбывалася ракіроўка каштоўнасных прыярытэтаў. У такой сітуацыі ствараецца ілюзійнае мысленне: немагчымае здаецца магчымым, непамыснае - рэальным, нават пажаданым, забароненае - пажадліва жаданым і ажыццяўляльным. Свет знаходзіцца ў стане распаду ўсяго таго, што ў ім засталося ад папярэдняй эпохі, дзе масы людзей быццам знарок імкнуцца патрапіць у дагістарычны час, ператвараюць сябе ў апантаны натоўп, які страціў разуменне рэальнасці. Гэтаму, безумоўна, спрыяла і філасофска-рафінаваная, інтэлектуальна-багемная элексірызацыя ніцшэанскіх, фрэйдысцкіх ідэй і розных іншых мадыфікацый эгалітарнага характару, якія ўліваліся ў агульны шквал сацыяльна-ідэйных дактрынаў, знаходзілі сабе магчымасць рэалізацыі. Сюррэальнасць быцця стваралася і вузка рацыяналізаванай народніцкай погляднай сістэмай, якая пераконвала амаль стагоддзе ў тым, што праўда па-за чалавекам, што трэба схіляцца перад народам як перад найвышэйшай праўдай, што толькі народ жыве арганічным і гарманічным жыццём. Духоўныя пастыры рускай ідэі Ф. Дастаеўскі, Л. Талстой замацоўвалі і ўкаранялі думку пра “баганоснасць рускага народа”, у якой Л. Талстой рабіў спробу ліквідаваць як непатрэбныя зямныя і нябесныя іерархіі, пакінуць чалавека адзін на адзін, без надуманых пасярэднікаў, з Сусветам, знайсці новыя лініі звязанасці і спалучэння з Універсумам. Аднак у арыентаванасці на поўную і абсалютную “аголенасць” і “простасць” прэвалявала хутчэй жаданне вызваліцца ад духоўна-культурнай спадчыны мінулага, якая па кроплі назапашвалася векавой традыцыяй.
Паскораная перакуленасць свету, радыкальнасць працэсу сацыяльных зменаў не маглі не прывесці да вялікіх галоўных і маральных катаклізмаў. Самым выразным наступствам гэтага працэсу стала палітычна актыўнасць люмпенізаванай праслойкі, якая значна ўзрасла ў трывожныя і трагічныя часы дзвюх войнаў і трох рэвалюцый. Менавіта энергіяй гэтых людзей, іх думак і ўчынкаў сілкавалася актыўная “копка катлавана” (А. Платонаў) усеагульнай будучыіі. Тыя, каго рэвалюцыя вывела на верхні ўзровень сутыкнення з быційнымі праблемамі, павінны людзей ірацыянальных у шматлікіх сваіх непаразуменнях са светам станавіцца людзьмі разважлівамі, быційнымі. Толькі М. Гарэцкі і К. Чорны ў 1920-я гг. (не без цяжкасцяў) прыйшлі ў сваёй апавядальнай творчасці да той найважнейшай думкі, што спазнанне складанасці быцця патрабуе глыбокай самапазнавальнай працы, бо пашырэнне межаў асабістага досведу нараджала для новых гаспадароў жыцця задачу спасціжэння і сябе, іншага, і свету. Такі тып “новага будаўніка” М. Гарэцкі паказваў у апавяданні “Незадача”, “Апостал”, “На з’ездзе”, дзе хаос рэвалюцыі з яго штодзённай непрадказальнасцю і небяспекай, нечаканымі паваротамі падзей рабіў людзей недаверлівымі, замуроўваў шлях да ўзаемаразумення, што правакавала агрэсіўнасць, варожасць, прымушала паўсюдна шукаць і знаходзіць ворагаў. У павяданні“Незадача” малады матрос Батрачонкаў, камісар надзвычайнай камісіі, прыязджае да родных на самакаце. Ён не можа зразумець, чаму так змяніліся адносіны блізкіх людзей, бацькоў і суседзяў да яго. Але гэтая метамарфоза вельмі добра адлюстраваная аўтарам. Батрачонкаў, які нечакана стаў гаспадаром новых рэалій жыцця (ён сеў у самакат былога пана), аўтаматычна ператвараецца ў “пана”, але не заўважае гэтага. Псіхалагічна-сацыяльная зададзенасць паводзінаў яго блізкіх апраўданая і заканамерная. Трагічная рэальнасць рэвалюцыі з яе павышанай небяспекай для жыцця амаль кожнага чалавека вымагала халопскага імітавання добразычлівасць да розных прадстаўнікоў улады, якая вельмі часта мянялася. М. Гарэцкі па-майстэрску паказаў свет, які перажываў стан распаду ўсяго таго, што раней стварала аснову жыцця. У свеце павольна адбывалася расчалавечванне чалавека, аднак людзі вельмі цьмя разумелі гэта. Сацыяльная рэальнасць, дзе культурныя, маральныя і побытавыя нормы ўжо не адыгрываюць вызначальнай ролі, становіцца арэнай рознага выяўлення негатыўнасці, хамства, бесчалавечнасці. У ёй нават перастаюць дзейнічаць ранейшыя традыцыйныя моўна-сэнсавыя парадыгмы. Мова таксама ўжо падрыхтаваная для таго, каб стаць часткай агульнага хаосу. Чутка, якую разносіць суседка (што камісар Батрачонкаў хоча забіць папа і яго жонку), робіць сваю справу: матроса арыштоўваюць і судзяць рэўтрыбуналам.
Кузьма Чорны і Максім Гарэцкі часта прыкмячалі, што ў рэвалюцыі людзі нярэдка бачылі перш за ўсё магчымасць здзейсніць свае неўтаймоўныя жаданні. Не ў парніках гадаваныя, людзі вельмі часта мелі цьмяную грамадскую свядомасць, неразвітае пачуццё непаўторнасці асобы. “Новыя людзі” залішне эгацэнтрычна ўспрымалі рэвалюцыю як шанец на ўласную карысць, выгоду. Самазадаволенае пачуццё лучнасці да падзей грамадскай значнасці нярэдка рабілася наступствам іх ваяўнічых адносінаў да іншых людзей, што заўважна на прыкладзе герояў апавяданняў “Апостал”, “На з’ездзе” М. Гарэцкага, “Забойства”, “Усяму свой час” К. Чорнага.
На арэну жыцця выйшлі такія хімеры душы чалавека, як імаралізм і нігілізм. I самае страшнае, калі сутнасць душы чалавека складае нават не зло, а нешта больш жудаснае - поўная і абсалютная абыякавасць да дабра і ліха. Згадаем “філасофію” аднаго з герояў Ф. Дастаеўскага, які казаў: “Ці свету праваліцца, ці вось мне чаю не піць. Я скажу, што свету праваліцца, і каб мне чай заўсёды піць”.
Імаральнасць, памножаная на нігілізм (асабліва нігілізм у дачыненні да хрысціянскай традыцыі), стварала правалы ў духоўным пазнанні чалавекам свету. Памкненне герояў твораў “Пабожны мешчанін”, “Чарнічка”, “Дурны настаўнік” М. Гарэцкага, “Парфір Кіяцкі”, “Папоўскі вялікдзень”, “Трагедыя майго настаўніка” К. Чорнага знайсці выхад са светапогляднага канфлікту ў апірышчы на асабістую сумленнасць нярэдка становіцца яркім прыкладам таго, што ў чалавека адсутнічае ці не спрацоўвае “рэгулятар”, які прымусіў бы яго рабіць добра ці кепска. Спадзяванне на тое, што “сумленне большае за Бога”, нярэдка спараджала зніжэнне маральнасці, вяло да драматызму і трагізму. Пісьменнікі ў сваёй “малой прозе” 1920-х гг. імкнуліся давесці, што недастаткова вызначаць маральнасць праз вернасць сваім перакананням, трэба яшчэ правакаваць у героя ўнутранае пытанне: ці правільныя мае перакананні? I тут ідэальным арыенцірам можа быць толькі Хрыстос - выкрышталізаваны традыцыяй эталон духоўнасці.
У той час як разбуральны дух нігілізму, актывізму падначальваў чалавека сваёй уладзе, беларускія творцы-філосафы ўсяляк дамагаліся давесці, што маральна не ўсё, што служыць патэтызаванай ідэі пралетарыяту, а толькі тое, што служыць узвышэнню душы і духу чалавека. Празаікі яскрава засведчылі трагічны працэс вымывання чалавечнасці, што выразна выяўлена ў апавяданнях “Чыстка”, “Малы рызыкант” Максіма Гарэцкага і “Парфір Кіяцкі” Кузьмы Чорнага.