Максім Гарэцкі: 120 гадоў. Факты, цытаты, творы

Сёлета – юбілей Максіма Іванавіча Гарэцкага (18 лютага 1893 – 10 лютага 1938), беларускага пісьменніка, крытыка, літаратуразнаўцы, лексікографа, фалькларыста. Яго жыццё было цесна звязана з Мсціслаўскай і Горацкай зямлёй.

А ці шмат мы ведаем пра гэтага творцу, які ўсяго пражыў 45 гадоў? Якія факты з жыцця можам успомніць? Што здольныя працытаваць? Што падзабылі ці яшчэ не прачыталі?

Факты

***

У 2013 годзе спаўняецца не толькі 120 гадоў з дня нараджэння Максіма Гарэцкага, але і 100 гадоў ад таго часу, як у газеце "Наша ніва" быў апублікаваны першы твор пісьменніка "У лазні".

100 гадоў таму Максім Гарэцкі скончыў Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча, куды змог паступіць па вялікім конкурсе.

***

Максім Гарэцкі – з сям'і доўгажыхароў. Яго дзед з бацькавага боку пражыў 100 гадоў (1801–1901 гг.).

Памятаў, як у Французскую вайну ад французаў у каноплі хаваўся". Прадзед маці М. Гарэцкага пражыў 115 гадоў.

***

Першы зборнік Гарэцкага "Рунь", які выйшаў у Вільні ў 1914 годзе, прафінансавала княгіня Марыя Магдалена Радзівіл.

***

Маці Гарэцкага Ефрасіння Міхайлаўна вельмі любіла спяваць і ведала шмат песень. Пры дапамозе вядомых кампазітараў М. Аладава і А. Ягорава, Максім запісаў ад яе болып за 300 народных песень і выдаў іх асобным зборнікам. Пазней М. Аладаў уключыў некалькі з запісаных песень у свой квінтэт і оперу "Тарас на Парнасе".

***

Сам пісьменнік умеў граць на многіх музычных інструментах: балалайка, скрыпка, цымбалы, дудкі-жалейкі, гармонік.

***

Максім Гарэцкі паставіў у хаце бацькоў у Малой Багацькаўцы ў Мсціслаўскім раёне самае першае радыё. Многія вяскоўцы хадзілі слухаць тое радыё праз навушнікі.

***

М. Гарэцкі ў час Першай сусветнай вайны быў разведчыкам. Яго сын Леанід на Другой сусветнай вайне таксама служыў сяржантам-разведчыкам і загінуў на фронце.

***

Дачка Гарэцкага, Галіна, успамінала, што бацька быў вельмі жартаўлівым. Аднойчы “бацька прыводзіў у парадак вокны..., падпяразваў мамін фартух і павязваў на галаву вялікімі рожкамі пад падбародкам яе хустку ў буйныя чырвоныя кветкі. Няхай людзі думаюць, што гэта маладзіца!”

***

Гарэцкі быў чалавекам, цікаўным да сакавітага народнага слова. Захаваўся такі ўспамін ягонай дачкі: "Аднойчы захацелася мне падражніць старую Домну, што жыла ў канцы нашай вуліцы... Даволі было проста ўзірацца праз высокі паркан у Домнін сад. Выскачыла Домна з праклёнамі. Я зір у бок свае хаты, ці не выйшаў бацька. А ён стаіць непрыкметна і ...запісвае гэтыя праклёны ў кніжачку".

***

Калі Гарэцкі выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі, ягонай вучаніцай была будучая паэтка Наталля Арсеннева. Яе першы друкаваны верш "Восень" у газеце “Наша думка” змясціў менавіта Гарэцкі.

***

Многія літаратуразнаўцы адносяць аповесць "Дзве душы" да найбольш значных дасягненняў Гарэцкага ў галіне прозы. Аднак доўгі час гэта аповесць была забаронена. Надрукаваная ўпершыню ў 1919 годзе, яе перавыданне адбылося толькі ў 1990 г.

***

М. Гарэцкага "надзвычайна цягнула яшчэ і да кіно" – нават была думка замест рамана "Віленскія камунары" напісаць кінасцэнарый, аднак гэтая задума не спраўдзілася.

***

Даследчыкі творчасці пісьменніка лічаць, што кніга Максіма Гарэцкага "На імперыялістычнай вайне" (1926) "стаіць у Беларусі ля вытокаў жанру дакументальна-мастацкай літаратуры". Гэты твор параўноўваюць з такім сусветна вядомым раманам як "На заходнім фронце без перамен" Эрыха Рэмарка.

Цытаты

Пра жыццё

"Ай, каб не дарагоўля – памякчэў бы народ" ("Дзве душы").

"Быў малы, і часта здавалася тады, што дужа мне цяжка на гэтым свеце, а не ведаў, што тое гора дзяцінае будзе шчасцем здавацца цяпер" ("На імперыялістычнай вайне").

"Чытай у кніжках і ў разумных людзей пытайся, як жылі даўней нашы тутэйшыя людзі. Споўніш гэты загад – у жыцці не ашукаешся, будзеш ведаць, што рабіць трэба. I ніякія думы чорныя не змогуць цябе" ("Роднае карэнне").

Пра смерць

"Што тут асаблівага? Здаецца, нічога. А як уяўлю сабе тыя страшныя, мутныя, мёртвыя вочы, вывернутыя мазгі, кроў, сцягнутыя сутаргай і пастаўленыя ўгору адубеўшыя рукі са сціснутымі кулакамі, – тады толькі чую значэнне слоў "забіты чалавек" ("На імперыялістычнай вайне").

Пра людзей

"Каб другога вызваляць, трэба самому крэпкім быць" ("Роднае карэнне").

Перш-наперш ёсць сумленны чалавек, а потым ужо чалавек такой-та нацыі, такой-та веры і гэтак далей ("Мутэрка").

"Нашы салдацікі, калі бяруць – перша за ўсё бульбу" ("Літоўскі хутарок").

"3 лепшых людзей робіць голад звяроў" ("Роднае карэнне").

Пра будучыню

"Хочацца і тут "бачыць гэтыя зручныя, з прысадамі шосы, прыгожыя цагляныя хаткі..., але каб і наш прастор захаваць, паэтычную шырыню і волю лясоў, лужкоў. Ці гэта прызвычаенасць да свайго? Ці гэта дзве душы ўва мне – усходняя і заходняя?" ("На Імперыялістычнай вайне").

"...гаварылі... пра 2014 год ("рай будзе на зямлі")" ("На імперыялістычнай вайне").

Што пачытаць?

Што пачытаць са спадчыны Максіма Гарэцкага? Толькі пачніце – і вам будзе складана спыніцца.

Пра загадкавую беларускую душу

Апавяданне "Рускі" і аповесць "Дзве душы".

Пра вайну

Апавяданне "Літоўскі хутарок" і аповесць "На імперыялістычнай вайне".

Пра каханне

Аповесць "У чым яго крыўда?".

Пра нас з вамі

Творы-палотны жыцця беларусаў "Камароўская хроніка", "Віленскія камунары", аповесці "Меланхолія", "За што?".

Крыху біяграфіі

Максім Гарэцкі нарадзіўся 18 лютага 1893 года ў вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павета (цяпер там у адроджанай хаце пісьменніка – музей).

Быў аўтарам не толькі шэрагу празаічных твораў, але і першай гісторыі беларускай літаратуры, некалькіх беларуска-рускіх слоўнікаў.

3 1926 па 1928 гг. жыў і працаваў у Горках у мясцовым ВНУ. На жаль, дом, які доўгія гады захоўваўся ў нашым горадзе як памяць пра Гарэцкага, быў летась пад “Дажынкі” зруйнаваны.

У 1931 годзе Гарэцкага арыштавалі і асудзілі да высылкі на пяць гадоў у Вятку. А ў 1938 годзе расстралялі. I толькі праз 19 гадоў – 15 лістапада 1957-га Максім Гарэцкі быў апраўданы і рэабілітаваны.

Падрыхтавалі
Таццяна Трыфанава і Ілля Заранок