Міхась КЕНЬКА

ДАКУМЕНТАЛІЗМ ПРОЗЫ
МАКСІМА ГАРЭЦКАГА

Пра дакументалізм, як і пра аўтабіяграфізм, прозы Максіма Гарэцкага даследчыкі пішуць ужо даўно. Я хачу паразважаць пра характар яго дакументалізму. У чым ён праяўляецца? Калі разумець дакументалізм як узнаўленне ў тэксце твора рэальных падзей, канкрэтных біяграфій, фактаў дэталяў, дык гэта ёсць амаль у кожнага пісьменніка. Усе абапіраюцца ў сваёй творчасці на тое, што ім вядома. Можа быць, М. Гарэцкі ў гэтым быў хіба толькі больш паслядоўны. Ён амаль ніколі не вёў сваіх персанажаў туды, дзе не пабываў сам. І вёска Мардалысава, куды прыехаў герой яго першага апавядання Клім Шамоўскі, і літоўскі хутарок, і акопы першай сусветнай вайны, дзе гіне Хомка, — усё гэта з жыцця самога Максіма Гарэцкага. Выключэнне складаюць хіба толькі апавяданні з цыкла “Люстрадзён”, “Амерыканец”, раман “Віленскія камунары” ды аповесць “Дзве душы”. Калі ж разумець дакументалізм як звядзенне да мінімуму творчага вымыслу за кошт выкарыстання цалкам ці ў фрагментах фактычнага матэрыялу і лістоў, дзённікавых запісаў, мемуараў, газетнай хронікі, службовых дакументаў і г. д., то такі дакументалізм для пісьменніка не быў характэрны. Яго проза арыентаваная на праўдзівасць, дакладная ў фактах, але мы нідзе ў яго творах не знойдзем мантажу і супастаўлення дакументаў, больш таго, не знойдзем іх саміх. Як ні імкнецца аўтар, напрыклад, у апавяданні “У чым яго крыўда?” пераканаць чытача ў сапраўднасці існавання пісем “яму” і “ад яе”, паставіўшы пэўныя даты, узнавіўшы нават выгляд і ўсе аксесуары “паштоўкі з абразлівай карцінкай на другім баку”, але ж гэта стылізацыя пад ліставанне, а не рэальныя пісьмы Гарэцкаму і ад Гарэцкага. Мы ведаем, што пісьменнік сабраў багата матэрыялаў, у тым ліку ўспамінаў, пра Віленскае паўстанне, але ў рамане “Віленскія камунары”, хаця ён і названы раманам-хронікай, не сустракаем ніводнага дакумента, урыўка з успамінаў. Запіскі “На імперыялістычнай вайне” напісаны паводле дзённікаў, якія вёў у акопах Максім Гарэцкі, але як мастацкі твор гэта “Запіскі салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы”, Мы зноў сустрэнемся з гэтымі запіскамі (дакладней, з урыўкамі з іх) у “Камароўскай хроніцы”, але і тут няма прозвішча Гарэцкага, ёсць Батура (або Задума). I, нарэшце, уся “Хроніка...” як быццам і пабудавана на строга дакументальным матэрыяле, але і пісьмы, і ўрыўкі з дзённікаў, нататак — усё гэта належыць асобам, якія, хаця і маюць прататыпаў, з’яўляюцца персанажамі мастацкага твора. Так, у многіх месцах сустракаюцца сапраўдныя імёны, назвы населеных пунктаў. Напрыклад, у дзённіку Пракопа (а на самай справе брата Максіма Гарэцкага — Парфіра) я прачытаў пра добра знаёмыя мне мясціны Куранец, Даўгінава, Глыбокае і нават сустрэў упамінанне пра маю родную вёску Верацеі. Але часцей за ўсё і назвы замяняюцца на выдуманыя; нават такія, як Масква — Кучкі, Мінск — Ксенем, Магілёў — Яма і г. д. Для чаго ж спатрэбілася ўвесь сабраны аўтарам матэрыял, пра існаванне якога вядома з успамінаў родных, “перапісваць”, “пераводзіць” на псеўданімы, выдуманыя прозвішчы, назвы і г. д.? Адказ можа быць самы просты. Тут і жаданне “аддаліцца”, “адасобіцца” ад канкрэтнага, каб прадставіць жыццё роду Батураў як хроніку не толькі адной сям’і, роду, але як хроніку, за якой паўстане гісторыя існавання народа. Тут і спосаб “схавацца” за вымысел там, дзе апавядалася пра падзеі не зусім даўнія, бо маглі быць канфлікты, абвінавачванні з боку канкрэтных людзей. Згадаем, чаго каштавала Міхасю Лынькову гісторыя з выведзеным пад уласным прозвішчам у дакументальна-мастацкай эпапеі “Векапомныя дні” партызанскім камандзірам Заслонавым.

Але найперш — тут тэндэнцыя ўсёй творчасці Максіма Гарэцкага, які, грунтуючыся на рэальным, існым, дакументальным, кожны раз прыходзіў да стварэння мастацкага і толькі мастацкага твора. Гэты прынцып добра праілюстраваць на прыкладзе з роднай вёскай. Мардалысава ў апавяданнях “У лазні”, “Цемналессе”, у аповесці “У чым яго крыўда?”, Асмолава ў “Ціхай плыні” ці Камароўка ў “Камароўскай хроніцы” — усё гэта родная Малая Багацькаўка, але нідзе яна ў мастацкім творы так і не названа сваім першародным найменнем.

Цікавы матэрыял дае тэкст “Камароўскай хронікі” і некаторых іншых твораў М. Гарэцкага, асабліва запісак “На імперыялістычнай вайне”, у супастаўленні з біяграфіяй аўтара. Мы не маем магчымасці супаставіць з імі яшчэ і рэальныя запісы, зробленыя ў акопах, але і ўрыўкі з “Лявонавага дзённіка” ў параўнанні з адпаведнымі сюжэтнымі момантамі з “Запісак...’’ паказваюць, што занатоўкі, зробленыя па свежых слядах падзей, разгортваліся ў цэлыя сцэны, служылі своеасаблівым каталізатарам памяці для пісьменніка, дапамагалі абудзіцца ўспамінам, прыводзілі ў рух яго творчую думку.

Звернемся да “Сібірскіх абразкоў” і цыкла “Люстрадзён”. Гэтыя рэчы засталіся незакончанымі, служаць у пэўным сэнсе ключом да творчай лабараторыі пісьменніка. “Сібірскія абразкі” цэментуе скразная лінія падарожжа па Транссібірскай магістралі. Разбіраючыся з імі пры падрыхтоўцы першага тома Збору твораў, мы з Галінай Максімаўнай Гарэцкай звярталіся нават да спецыяльнай карты, дзе адзначаны станцыі, каб па іх вызначыць, у якім парадку павінны ісці адзін за адным чарнавыя фрагменты, каб не парушаўся храналагічны парадак. Вось тут мы можам бачыць, як з “дзённіка падарожніка” нараджаюцца апаваданні. Некаторыя з абразкоў ёсць у неапрацаваным і апрацаваным выглядзе. Гэта “Перасяленцы”, “На вяселлі”, “Могільнік”, “Благавешчанскія абразкі”. Па іх можна меркаваць, як “дакументальнае” — гэта значыць, убачанае і запісанае па свежых слядах — уздымаецца да ўзроўню мастацкага, як “адсякаецца” прыватнае, дробязнае, неістотнае і застаецца значнае, змястоўнае, тыповае. А дзе яшчэ і ўказанне самому сабе:

“Уставіць: успаміны аб радзіме
як ехалі
як разжываліся
як змагаліся
радасць жыцця
і сум у тых, хто меў тую радзіму”.

Вось гэты план пацвярджае, што пісьменнік ужо меў на мэце пісаць не дакументальна, а па-мастацку. А першыя апрацаваныя абразкі — “Чорны лебедзь”, “Пабожны мешчанін”, “Фельчар Плакун” — ужо завершаныя навелы, такія, якімі сталі б і іншыя абразкі.

“Люстрадзён’’ — яшчэ адзін прыклад таго, якім чынам развівалася ад дакументальнай да мастацкай задума, заснаваная на сапраўдных гістарычных падзеях. М. Гарэцкі напісаў цыкл апавяданняў дзеянне якіх храналагічна “прывязана” да часу ад 23 жніўня да 30 верасня 1929 г. і кожны раз да канкрэтнага месца. Размяшчэнне апавяданняў гэтага цыкла тэкстолагам у дадзеным выпадку давялося рабіць паводле календара за 1929 г. Падзеі ж, верагодна, таксама былі рэальныя. Дакладна вядомыя, пакуль што, даты смерці і пахавання Паўлюка Труса (навелы “Смерць” і *Пахаванне”), але ў тагачаснай перыёдыцы можна, пашукаўшы, знайсці звесткі і пра пагранічны інцыдэнт на Амуры, і пра арышт яўрэйскіх камуністаў у Ерусаліме, і пра кірмашовае пабоішча ў мястэчку Крывічы ў Заходняй Беларусі. Прынамсі, навела “Асляпёны конь” дае прамы адрас публікацыі, якая паслужыла крыніцай сюжэта, — магілёўская абласная газета.

Цікава, што толькі ў двух месцах (на Амуры і на магіле П.Труса) мог быць сам аўтар, дзеянне ў астатніх апавяданнях цыкла адбывалася там, куды ён не мог патрапіць, – у Лондане, Ерусаліме, Крывічах.

Сам жа цыкл быў задуманы, відаць, як своеасаблівы “зрэз” падзей, што адбываліся амаль адначасова ў розных месцах. Якая была ідэя, “звышзадача” цыкла? Паказаць стан чалавечага грамадства на Зямлі ў адзін з момантаў яго гісторыі?

У каментарах да 1-га тома Збору твораў я пісаў, што ў М. Гарэцкага мелася ідэя і яшчэ аднаго “стрыжня” гэтага цыкла — вывесці ў кожным з апавяданняў некалькіх братоў Вышнявецкіх, якіх лёс раскідаў па свеце. Але, мусіць, гэта падалося яму занадта штучным, ненатуральным.

Вядома, што, працуючы над “Камароўскай хронікай”, пісьменнік “прымяраў” да яе напісанае раней — запіскі “На імперыялістычнай вайне”, асобныя апавяданні. А ці не была праца над цыклам “Люстрадзён” першай прымеркай да эпапеі пра лёс прадстаўнікоў адной сям’і? Згадаем, што “Люстрадзён” ствараўся ў 1929 — 1930 гг., а над “Хронікай...” аўтар пачаў працаваць у 1934 — 1935 гг. I “прымерка” гэта магла аказацца не ажыццёўленай якраз таму, пгго “дакументалізм” газетны, рэпарцёрскі аказаўся для яго чужым, нязвыклым, не выклікаў тых асацыяцый з перажытым, якія выклікалі ўсе ранейшыя творы.

Некалькі слоў пра дакументалізм “Камароўскай хронікі” ў дачыненні да асобы аўтара. Максім Гарэцкі хацеў, каб за лёсам роду Батураў (Задумаў) стаяў лёс усёй Бацькаўшчыны. Ці нё таму ён свядома не вылучаў свайго Кузьму (правобразам якога быў сам) з шэрагу іншых персанажаў, “прыглушаў” свой асаблівы статус як чалавека, надзеленага пісьменніцкім талентам.

Такім чынам, дакументалізм быў для Максіма Гарэцкага падмуркам, асновай для напісання мастацкіх твораў. Відаць, і “Камароўская хроніка” пасля апрацоўкі выглядала б інакш.