Радзім ГАРЭЦКІ

ЕЎФРАСІННЯ БАГАЦЬКАЎСКАЯ –
МАЦІ БРАТОЎ ГАРЭЦКІХ

У глухім кутку Мсціслаўшчыны ёсць вёска Курманава, дзе была сядзіба мясцовага пана, які высяляў сялян у суседнія лясы, каб стварыць тут больш палёў для пасеву. Так, каля 250 гадоў таму на беразе невялічкай рачулкі Віранкі з’явіліся вёсачкі Большая Багацькаўка, а потым і Меншая (пазней – Малая) Багацькаўка. Цяпер іх называюць адным імем – Багацькаўка. Панскі ткач Міхалка Папоў, які жыў у сяле Слаўнае, меў дачку Еўфрасінню – прыгожую дзяўчыну з дзвюма доўгімі русымі косамі, вялікімі блакітнымі вачыма. Яна нарадзілася на самае Купалле ў 1864 г., вылучалася добрым і спакойным характарам, вельмі любіла спяваць і ведала процьму песняў. Яе прадзед пражыў 115 гадоў. У Малой Багацькаўцы тады жыў Іван Гарэцкі – сын Кузьмы (той памёр у стогадовым узросце). Іван быў невысокага росту, чарнявы, вельмі рухавы, працавіты. Спачатку служыў у паноў з Курманава, а потым многія гады быў кухарам у пана Цэкерта ў Лонніцы, што каля пасёлка Краснае на Смаленшчыне.

Міхалка Папоў лічыўся досыць заможным (праўда, таксама ў лапцях хадзіў), таму прывабная Еўфрасіння была яшчэ больш жаданай нявестай. Многія сваталіся да яе, але з розных прычынаў да згоды не прыходзілі. Неяк Іван завітаў да Міхалкі, паглядзеў на нявесту – і яна спадабалася. Хадзілі пяць ці шэсць разоў сватацца, і ўсё не атрымоўвалася. Нарэшце заручыны згулялі. «А Ганна пасля заручын голасам выла, каб не ісці ёй у Камароўку, за Стахвана. Спаміж людзей ён – як камлыжачка, чорненькі, маленькі. Усе смяюцца: "Выбірала-выбірала, а каго выбрала"...

І справілі вяселле. Звянчаліся на Кузьму-Дзям’яна. Скамарохі былі – скрыпка і бубен. Гарэлкі многа было. Але ніхто не пабіўся, не пасварыўся... Прывязлі маладую ў Камароўку ўвечары. Увайшла яна ў іхную хату, дзе жыць ёй. Хата маленькая, столь высокінькая: “Як школка яўрэйская”. Без падлогі, на зямлі, і нічога не насыпана, дык з высокага парогу шалоп! Уніз, як у яму, і калодка нейкая пад парогам ляжала. І гразі па калена, аж цвякчыць. Бо хата маленькая, а свадзьба. Пасля свае хаты тут ёй страшна стала. Села яна на лаўку і заплакала дужа. <...> Пасаг Ганне далі: карову рабую рублёў на 15, дзве авечкі – рублі па 2 кожная; свінню – рублі на 4. Гэта тое, што ў агульную гаспадарку ідзе, і Саўка потым не раз прытыкаў, што багаты бацька каня Ганне не даў... З адзежы ёй далі: шубу белую на заборах і тулуп чырвоны, світку суконную чорную і світку суконную шэрую. Матка дала тры падушкі, коўдру суконную, дзяругу, 3 посцілкі, абрусоў, набожнікаў, рушнікоў. А грошы абяцаў Тамаш зяцю 500 рублёў, дый зацягнуў, не даў».

Калі адбыўся шлюб, жаніху было 28 гадоў, а нявесце – 20. Абое непісьменныя. Іван, які ўвесь час працаваў у паноў, стараўся і навучыўся размаўляць па-руску, непаважліва ставіўся да мовы мужыцкай; Еўфрасіння «гаварыць па-руску саромелася, што “па-панску”, і так і не наўчылася» (23). Пажыўшы троху ў хаце, Іван зноў паехаў служыць да пана Цэкерта. Узяў з сабою і Еўфрасінню, каб пані паглядзела. Тая сказала: «”Ты говоришь четко и хорошо, только не благородно”. А Ганна па-руску гаварыць не ўмела, гаварыла “па-дзеравенску”». Еўфрасіння да Івана ездзіла толькі ў госці, ды і то “зрэдку, што далёка, а коні слабыя” (26).

У Івана і Еўфрасінні Гарэцкіх нарадзіўся першы сын, якому далі імя Васіль, але трохі больш чым праз год ён памёр. Амаль праз два гады Еўфрасіння нарадзіла сына Івана. Наступнай была Марына, але хутка памёрла з водры.

«Памёрла Марынка перад Вялікаднем, а ў маі, месяцы прыгожым, а для Ганны ў тым годзе гэткім сумным, Ганна яшчэ зачала... Мінула лета, восень пачалася, – Ганна паспакайнела, цяжарная хадзіла. I палова зімы прайшло. Ужо блізка было радзіць ёй. Гэта – чацвёртым разам. Пасля Каляд, у канцы мясаеда, на Стрэчанне, яна яшчэ ў Харошым была. А пасля Стрэчання, на Масленку, у суботу, радзіла сына... У пятніцу ўвесь дзень мычкі мыкала, пражу матала. У лазню ўвечары схадзіла... I на печы з Алёнаю ляжала. Мучылася. Злезла з печы, пайшла ў другую хату, – ужо віднелася на дварэ. Прыходзіць туды Стахван: “Чаго тут мерзнеш?” А ў іх старая хата ўзімку халодная стаяла. – “Маўчы, бяжы па Алёну, дзіцёнак радзіўся...” Была Ганна не рада, што хлопец, а не дзяўчынка» (34 – 35). Так 18 лютага 1893 г. нарадзіўся Максім Гарэцкі.

У наступныя гады Еўфрасіння нарадзіла двайнятак – Парфіра і Панаса, але апошні памёр, пражыўшы чатыры тыдні. Праз чатыры гады, 10 красавіка 1900 г., нарадзіўся сын – Гаўрыла, а яшчэ праз два – Ганна. “Радзіўся Лаўрэн у месяцы марцы, Вялікім пастом, у сераду, як ідуць па Андрэева стаяніе. Кросны стаялі ў хаце. Ганна ткала. Увечары, дзеля свята, у хаце прыбралі. Ганна хадзіла па хаце, дужа мучылася, стагнала, плакала... Ужо цёмна было, як радзіўся. Якраз пад ставы, пад навой, выкаціўся. На другі ці на каторы дзень хрэсьбіны былі.

<...> Лаўрык дужа крыклівы быў. Ганна мала спала за ім. Раз – грады трэба палоць. І вочы ёй забалелі. Пайшла палоць. А ён крычыць, плача... I яна загаласіла, седзячы з ім у градзе. Пазней людзі наймаць наўчыліся – ці за хлеб, ці за пазыку. А ёй тады і ў галаву не прыходзіла, што магла ж бы наняць каго, што самой так цяжка з дзіцёнкам. Лячылі яго ад крыксаў” (40 – 41).

Засталіся ў сям’і Гарэцкіх чатыры браты – Іван, Максім, Парфір і Гаўрыла і адна сястра – Ганна. У цеснай хаце з саламянай страхою і земляной падлогаю разам жылі сем’і Івана, яго брата Якава (з жонкай Хрысцёнай і дачкой Гапкай) і іх сястры Праскоўі з сынам Панасам. Усіх набіралася 12 чалавек. Рабочых рук, асабліва мужчынскіх, было мала, бо Іван Кузьміч часта адсутнічаў, служачы лакеем у паноў, – таму яго сям’ю звалі крыўдным імем – Лакяёнкі. Якаў быў незадаволены, што даводзілася працаваць і за брата, увесь час стагнаў і жаліўся на цяжкае жыццё і таму атрымаў мянушку – Тужык. Каб не было спрэчак паміж братамі і папрокаў з боку Якава, Еўфрасіння Міхайлаўна старалася за некалькі чалавек і рабіла як жаночую, так і мужчынскую працу. Якаў быў вельмі скнары і нават хаваў па-ціхеньку грошы. Еўфрасіння некалькі разоў выпадкова знайшла яго хованкі, але нікому не сказала пра гэта. 3 часам Якаў паставіў сваю новую хату. Але ўсё роўна і пасля падзелу і Лакяёнкі, і асабліва Тужыкі жылі бедна.

Старэйшы брат Іван, а потым і Парфір павінны былі займацца гаспадаркай і таму пасля пачатковай школы не вучыліся. Максіму, Гаўрылу і Ганне з гэтага боку пашчасціла значна больш.

Дзяцінства і Максіма, і Гаўрылы, і ўсіх дзетак сям’і Гарэцкіх было шчаслівае, бо кожны крок, кожны кавалачак жыцця малых былі звязаны з іх ласкавай маці. Мама здавалася ім наймагутнейшай і найдаражэйшай істотай, нейкім вялікім стварэннем, якое заўсёды можа абараніць, якое любіць і шкадуе, корміць і вучыць, вядзе да ўсяго самага прыгожага, самага добрага.

Гаўрыла Гарэцкі ўспамінаў: «Зіма. Максім прыехаў з Вольшы на Каляды. Мама сядзіць на палку, ля акна, праз якое прабіваецца струменьчык сонца. Мама маладая, прыгожая, шые і пяе. На запечку сядзіць дзядзіна Хрысцёна і прадзе. Максім, Парфір, Ганначка і я прымасціліся каля мамы, слухаем яе песні, нам так добра...

А потым пачынаюцца другія гамонкі. Максім распытваецца ў мамы пра ўсіх родных, пра ўсе багацькаўскія сем’і, іх гісторыю, пра прыгон і падзеі пасля прыгону, пра панскіх казакаў і стражнікаў, бойкі з імі, падзеі 1905 года.

Зімовыя дні кароткія. І вось ужо вечар. На запечку сядзіць мама і дзядзіна Хрысцёна, прадуць. На палку каля іх уладкаваліся Максім, Ганначка, Парфір і я. Дзядзіна Хрысцёна расказвае нам казкі, адна цікавеій за другую. А мама пяе песні, пераважна сумныя, але і весялейшыя. Многа прыгожых песень ведала мама. Гарыць лучына, устаўленая ў светач. Бегаюць па сухой лучынцы вясёлыя зайчыкі агню, адвальваюцца адгарэлыя кавалачкі лучынкі на земляную падлогу і ў адмыслова падстаўлены цэбар, шыпяць у вадзе, кадзяць.

Парфір старанна сочыць за агнём, каб спрытна ўставіць у светач новую лучынку замест дагарэлай.

I ўзрастае шчасце ў дзіцячых істотах ад матчынай і дзядзінавай ласкі, ад пазнання свету, ад гарэзлівага агеньчыка на лучынах, ад крышталёвай паэзіі беларускіх песень і казак.

<...> Гамонкі Максіма з мамаю былі доўгія, ласкавыя, задушэўныя. Цяпер Максім пачаў запісваць маміны песні і казкі, а таксама апавяданні пра жыццё родных і знаёмых. Часта чытаў ён маме і нам, меншым, вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, газету “Наша ніва”, свае першыя беларускія допісы.

Максім часта граў на скрыпцы і дудах-жалейках, хораша граў. 3 вялікім захапленнем слухала ўся сям’я, асабліва мама, як пела і галасіла Максімава скрыпка.

<...> Сама манера апавядання ў “Камароўскай хроніцы” нагадвае просты расказ мамы, дзядзіны Хрысцёны, звычайнага багацькаўца. За гэтай прастатой хаваецца вялікае веданне жыцця, праўда яго, як у Баркулабаўскім летапісе, які так любіў Максім».

Алесь Адамовіч, калі працаваў над кнігай “Браму скарбаў сваіх адчыняю...”, запытаўся пра асобу Максіма ў Гаўрылы Гарэцкага і атрымаў на свой ліст такія адказы: “На фармаванне асобы Максіма вялікі ўплыў мела спадчыннасць ад бацькі і маці. Знешне Максім быў больш падобны да бацькі. Чарнявы, ладнай постаці, сярэдняга росту, з бліскучымі карымі вачыма, з прыгожым высокім ілбом, тонкімі вуснамі, цвёрдым падбародкам, акуратнымі стройнымі зубамі, спаміж якімі вылучаўся пасярэдзіне зубчык малых памераў.

Ад маці перадаўся Максіму крышачку курносы нос, некалькі павялічаныя скулы, нізкага тэмбру пявучы голас, вялікія вочы.

Па характары Максім пайшоў у бацьку. Яскравы сангвінік, з праявамі халерычнасці, надзвычайна жывы, рухавы, палкі, уражлівы, непасрэдны, актыўны, успрыімлівы. Але і ад маці многае перайшло ў характар брата. Выключная дабрата, цярплівасць, стрыманасць, разважнасць, невычэрпны аптымізм, летуценнасць, самаахвярнасць.

Супрацьлегласць характараў бацькі і маці праявілася і ў характары Максіма; бацькаў і матчын пачаткі змагаліся ў істоце Максіма ўсё жыццё, але матчына спадчына звычайна перамагала. Таму Максім здаваўся заўсёды лагодным, супакоеным, разважлівым, стрыманым, тактоўным. Выбухі бацькавай палкасці, няроўнасці і нецярплівасці здараліся ў Максіма толькі зрэдку”.

Асабліва цяжка жылося бацькам Гарэцкіх у час імперыялістычнай вайны , калі Іван, Максім і Парфір былі на фронце, а Гаўрыла вучыўся ў Горках. Ад Максіма доўга не было лістоў, і ўсе пачалі думаць, што ён забіты. “За работаю барзджэй праходзіў невясёлы, трывожны час. Ганна была дужа невясёлая, і плакала, і малілася Богу” (74). Браты заўсёды памяталі пра бацькоў, па магчымасці дапамагалі ім, дасылалі грошы ці пасылкі, стараліся хоць на кароткі час прыехаць дахаты і нешта зрабіць па гаспадарцы.

Гануля ў дзённіку 23 студзеня 1921 г. пісала пра жыццё ў дварэ: “...Татавы крыкі. Перад вачмі ўся драбязлівасць жыцця. Сэрца сціскаецца ад жалю, што людзі такія дробныя. Драбніцы нарэшце рэшт даводзяць мяне да слёз. Я плачу. Мама, добрая і мілая мама, умаўляе мяне, просіць не зварочваць увагі на ўсё гэтае мяшчанства, а ў самае слёзы так і сыплюцца. Слаўная мамачка! Як магла ты жыць столькі і з такім чалавекам, як тата. Як хапіла ў цябе сілы і здароўя ўзгадаваць нас у такой катарзе?” (160).

20 красавіка яна запісала: “...Тата не мяняецца. Ходзіць па-даўнейшаму хмуры, тасклівы, маўклівы, адзін з сваімі думкамі. Хацелася б ведаць, што яго мучыць. Мама заметна старэе, але весялосць, дабрата, ласка яе не пакідаюць, яна заўсёды з імі. Дзіўлюся, як гэта маглі жыць столькі гадкоў разам такія дзве супрацьлегласці, як тата і мама” (166).

Еўфрасіння вельмі сумавала па сваіх сынах і дачцэ, якіх армія, служба, вучоба раскідала па краіне. У чэрвені 1921 г. з Горак прыехаў Гаўрыла, якога маці папрасіла з яе слоў напісаць ліст Максіму ў Вільню. “...Маці казала, што пісаць. — Здароў, мой ты сыночак! Ці не можна табе і жоначцы тваёй нявіданай прыехаць у родны дварочак? Пабываць у нас. ...А прыедзь, паглядзі: можа, ты ўжо даўно не відзіў, як снапы возяць, дык прыедзь у самую пару, як снапы возяць. Хоць бы ты на гумне, на старонцы, на снапочках паляжаў і жоначку на гуменца ўзвёў, хоць бы мы на яе паглядзелі, хоць бы я тваю дачушку на руках падзяржала, а то, можа, мне й не даждаць, ужо я плоха стала... Дулькі ёсць, яблыкаў няма. Морква ёсць. Я для цябе дзве градкі пасадзіла. І бацька тож цяпер плох, няможна ўжо яму работаць, ад самага Вялікадня рука ў яго баліць” (177).

Гануля на Каляды пісала Максіму: “...У дварэ ўсё па-даўнейшаму, толькі тата і мама старэюць і старэюць, і ўсё больш пачынаюць клапаціць аб усіх нас” (192).

Вучань М. Гарэцкага ў Віленскай беларускай гімназіі Мар’ян Пецюкевіч успамінаў, як аднойчы на ўроку роднай мовы настаўнік тлумачыў: “Найдаражэйшая істота для кожнага чалавека, а нават і для жывёлы, – маці. ...Таму, што маці першая прамовіла для нас у роднай мове. ...Яна – маці – першая настаўніца нашай роднай мовы – найдаражэйшага скарбу. Дык ведайце, што той вялікі праступнік, які адкіне найдаражэйшы скарб, атрыманы ад роднай нашай маці. Шануйце сваю родную маці,родную мову”.

Польскія ўлады ў Вільні ў 1922 г. арыштавалі Максіма, а савецкія ў Маскве – Гаўрылу, які вучыўся там у Пятроўскай (Ціміразеўскай) сельскагаспадарчай акадэміі. Іх любая сястрычка Гануля, студэнтка Заатэхнічнага інстытута, несла перадачу да Гаўрылы ў Бутыркі, трапіла пад трамвай і ў хуткім часе памерла. Для братоў Ганны і асабліва для Еўфрасінні гэта была страшэнная згуба, вялікае гора, ад якога сэрца балела і душа ныла ўсё іх жыццё.

У 1923 г. Максім з сям’ёй пераехаў з Вільні ў Менск. Яшчэ ў Вільні Максім атрымаў пакет з Масквы ад Гаўрылы, у якім «толькі фатаграфіі з нейкім у труне... не хацеў прызнавацца: “Гэта яна, яна, даражэнькая сястрыца...”» (218 - 219). Пазней прыйшоў ліст, у ім Гаўрыла пісаў: “Няшчасце вялікае, як хмара цёмная, гразавая, абступіла двор наш... Не стала адзінай сястрыцы нашай, зязюлі лесавыя...” (219). “Страшны быў гэты ліст Кузьме. Вялікае і доўгае, ніяк не гаючае гора зрабіла яму Марынкіна смерць. Напісаў ліст Лаўрыку, каб падтрымаць яго. Напісаў дамоў, каб хоць троху прымірыць і з тым, што сталася, і прасіў Пракопа, бацьку і Рамана падтрымаць маці. Хадзіў, працаваў, жыў... Але вобраз Марынкі стаяў яму ўваччу” (219). У Багацькаўку “прыйшлі карткі – і жменька валасоў Марынкіных, – паліліся матчыны слёзы... Брала лупу і глядзела-глядзела на дачушку ў труне, гаравала... Богу малілася. Як першы раз паміналі, не магла ісці, ногі не слухалі” (217). Максім ведаў, як цяжка перажывае смерць адзінай дачушкі маці... Таму па прыездзе ў Менск Максім адразу паехаў у Малую Багацькаўку, вярнуўся ў Менск разам з маці і ў канцы лістапада павёз яе ў Маскву, каб наведаць магілку Ганулі. На вакзале іх сустрэў Гаўрыла разам са сваім найлепшым сябрам Уладзімірам Дубоўкам. Браты не бачыліся больш за тры гады – сустрэча была і радасная, і вельмі сумная...

“Вера ў Бога, у той свет, дзе яна яшчэ спаткаецца з Марынкаю, дапамагала ёй цярпець. У хаце як бы ўжо прызвычаіліся, што Марынкі няма, толькі маці не прызвычаілася. Яна заглушала свой боль працаю, гутаркаю, рэлігіяй. Пры Кузьме яна старалася ні разу не заплакаць. Кузьма быў маўклівы” (227).

“Натура ў яе была дужая: ніводнага сівога воласу не мела. 3 няшчасцем мірылася праз рэлігію, лёс” (230).

“Прыйшлі на магілку. Дробненькі снег ужо ляжаў, траўка павялая, памёрзлая, былінкі яшчэ з-пад снегу былі відаць. Маці стала на калені, памалілася. Не заплакала, утрымала слёзы – можа, пры людзёх... Спыталася, у які бок галоўкаю яе паклалі: бо звычайна хаваюць, галавою на захад, каб устаўшы – тварам на ўсход быць, а яны, можа, тут іначай зрабілі” (238).

У траўні 1923 г. Гаўрыла прыехаў у Багацькаўку разам са сваёй будучай жонкай Ларысай Восіпаўнай Парфяновіч – таксама студэнткай Пятроўскай акадэміі. «Увечары. Спаць кладуцца. Бацька: “Лаўрык тут ляжа, а дзе ж паненку пакладзем?” Маці: “Дзе Лаўрык, там і яна ляжа”. Бацька: “Што ты гэта? Паненка! Дзе яна з ім ляжа?” Маці: “Нічога, ляжа... Яна ж бы не ехала з ім”. ІІаслалі ў хаце старой ці пад павеццю. Там яны і спалі разам» (233).

Калі Максім і Гаўрыла жылі і працавалі ў Горках і Менску, яны часта прывозілі бацькоў да сябе ў госці на тыдзень, а то і на месяц; асобна ці ўсёй сям’ёй наведвалі двор, дзе стараліся дапамагчы па гаспадарцы. Максім выкарыстоўваў гэтыя сустрэчы для запісаў ад маці песняў, якія ён пачаў збіраць з 1925 г. разам з кампазітарамі Мікалаем Аладавым і Аляксандрам Ягоравым. У 1928 г. зборнік “Народныя песьні з мэлёдыямі” быў выдадзены Інбелкультам. У яго ўвайшло 318 песняў Еўфрасінні Міхайлаўны. Сярод іх шырокавядомая “Кума мая, кумачка”. Мелодыю гэтай песні М. Аладаў выкарыстаў у оперы “Тарас на Парнасе”, Пётр Падкавыраў – у 2-м скрыпічным канцэрце, Рыгор Пукст – у 2-й сімфоніі. Песню “Па гарохаўю, па ячанню” ўжыў Яўген Цікоцкі ў оперы “Міхась Падгорны”, М. Аладаў – у фінале “Квінтэта”; песню “Ты чырвоная каліна” – Міхаіл Крошнер у балеце “Салавей”, Я. Цікоцкі – у 1-й сімфоніі, Яўген Глебаў – у канцэрце для голасу з аркестрам. Кніга гэтая стала бібліяграфічнай рэдкасцю. Некаторыя песні Еўфрасінні Гарэцкай былі змешчаны ў шэрагу зборнікаў. Напрыклад, у “Анталогіі беларускай народнай песні” (укладанне Г. Цітовіча; Мінск, 1975) прыведзена 6 песняў, запісаных ад Еўфрасінні Гарэцкай, а ўвогуле са зборніка “Народныя песьні з мэлёдыямі” – 16. Вядомая беларуская этнамузыколаг Зінаіда Мажэйка адзначыла: “Зборнік унікальны дзякуючы мноству адценняў жывой, амаль вачыма адчувальнай дакументальнасці вялікага майстра гэтага жанру...”.

Нярэдка ў летнія месяцы дзеці Максіма і Гаўрылы – Галіна, Леанід, Усяслаў – жылі ў Багацькаўцы, дзе адчувалі вялікую ласку бабулі Еўфрасінні, якую яны вельмі любілі і з якой надзвычай добра і лёгка сябе адчувалі. Еўфрасіння Міхайлаўна мела вялікія здольнасці лячыць і загаворваць розныя хваробы, немачы. Мой брат Усяслаў успамінаў, як ён вострым нажом глыбока, аж да косткі пырнуў нагу троху вышэй за калена. Кроў фантанам палілася з раны. Ён вельмі спужаўся і пабег да бабулі. Тая спакойна аглядзела рану, нечым яе папырскала, павадзіла рукамі вакол, пашаптала – і вельмі хутка кроў перастала цячы і менш стала балець нага. Толькі досыць вялікі шнар, які застаўся на ўсё жыццё, нагадвае пра той выпадак і выклікае ўдзячныя ўспаміны пра нашу любую багацькаўскую бабулю.

“Сыны, стараліся не ўспамінаць ёй Марынку, каб не бярэдзіць ёй раны... Яна сама ўспамінала. Рада была, калі ўва сне яе сніла” (263). У чэрвені 1927 г. Максім разам з маткаю ездзіў у Маскву на магілу Ганны.

У 1930 г. Еўфрасінню чакала новае гора: арышты Максіма і Гаўрылы. Праз год сыны былі асуджаны і высланы: першы – у Вятку, другі – на Салаўкі.

Гаўрылу павезлі праз Оршу, дзе яму выпала сустрэцца спачатку з жонкай, а пазней – з маці і братам Іванам. Для Гаўрылы гэтыя сустрэчы былі зусім нечаканыя, але такія радасныя. Ён паглядзеў у добрыя і мужныя матчыны і жончыны сінія вочы, якія свяціліся любоўю і горам, ласкай і смуткам, прытуліў абедзвюх – і здалося, што з’явіліся новыя сілы, каб перанесці пакуты, што напэўна чакалі яго ў найбліжэйшай будучыні. Ён дзівіўся мужнасці жанчын, якія пры ім не пралілі ніводнай слязінкі. Трымаліся з усіх сіл, каб і яго падтрымаць, перадаць бадзёрасць і ўпэўненасць у лешпым лёсе.

“Калі маці праваджала Лаўрыка ў Варне, яна крапілася, васільковыя вочы яе былі спакойны і іскрыліся. Сваёю агрубелаю ад працы рукою яна гладзіла нясмела яго руку і калена. Але ўсё некуды спяшалася, турбавалася...” (279).

Пазней Максім і Гаўрыла змаглі досыць часта пісаць бацькам лісты і нават дасылаць грошы. Яны страшэнна хваляваліся пра здароўе і жыццё родных, сумавалі, а тыя – пра сыноў і іх сем’і. Маці ніяк зразумець не магла: не сядзяць жа сыны ў астрозе, ходзяць вольна, жывуць з сем’ямі, працуюць, нават грошы пасылаюць, а ўсё не могуць прыехаць. Матка ў кожным лісце прасіла, каб прыехалі. Найбольш балела сынам тое, што колькі ні прасілі, не маглі атрымаць дазволу з’ездзіць у наведкі да бацькоў на Беларусь. Так і прайшло больш за 4 гады.

Нарэшце ў лістападзе 1934 г. Гаўрыла Гарэцкі змог прыехаць, каб забраць сваю сям’ю ў пасёлак Мядзведжую Гару ў Карэліі, яго вызвалілі, але катэгарычна прапанавалі жыць і працягваць працу па інжынерна-вышуковай дзейнасці пад будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала.

«9 – 19 лістапада быў у дварэ Лаўрык. Пасля ён апісваў свой прыезд так: “Я адчыніў дзверы ў хату – і ўбачыў тут жа пры дзвярох: нагнулася старэнькая – мама, перабірала буракі. Адзенне нейкае заношанае, старое, на галаве закручана нейкая брудная шмата, нібы баляць зубы і хворая галава. На нагах лапці. Заскаруджаныя рукі, з глыбокімі зморшчкамі. Мама мяне спачатку не спазнала. А потым прыцягнула сабе на грудзі, пачала мяне хлопаць рукамі па спіне і, нібы млеючы, казала спуджана-радасна: “Ай, ай, ай... ай, ай, ай... ай, ай, ай... А Лаўрынічка... ай, ай, ай...” І чулася ў гэтым голасе – такая страшэнная драхласць, такая струджанасць, такое доўгае чаканне, што мне стала страшна за маму... Але гэта быў момант. Мама хутка ператварылася. Нібы і не было тых 4 1/2 гадоў. I такая мама была ласкавая, радасная, столькі ў ёй было яшчэ жыцця і разумення. Мама лашчыла мяне, гладзіла сваёю агрубелаю рукою, гаманіла са мною, некалькі разоў паціхеньку пяяла... Не хапала толькі Кузьмы, каб мама была зусім-зусім бязмежна шчасліваю.


...Яна была яшчэ вельмі бадзёраю, вочы былі светлыя-светлыя, чыстыя такія, неўміручыя, нястомныя. Не было ніводнага сівога воласа. Голас быў гучны, чысты, малады. ...Мама ўсё яшчэ працавала каля гаспадаркі. Паднімала цяжкія цугуны, я ёй не даваў рабіць гэтага пры мне, паднімаў і ўстаўляў у печку сам, – і гэта сапраўды былі цяжкія цугуны. Мама даглядала карову, парыла ёй бульбу, буракі, сама часамі цягнула цэбар з паранкамі, мы звычайна насілі цэбры на кіёчку, дык нават дваім і то цяжка. Па ваду мама ўжо не хадзіла, прыносіў звычайна бацьа, а ў часе майго побыту я. Дровы з-пад павецця прыносіла мама сама, а часам тата. Цяжкай для мамы працай было хадзіць у пограб. Я хадзіў з ёю разы тры. Пограб далекавата. А самае цяжкое – паднімаць карзіны з бульбаю і буракамі на гару. Гэта нават зусім здароваму цяжкавата. А мама заўсёды паднімала карзіны сама. Дый хто б яшчэ мог пасобіць? Бацька і сам стары, і яму цяжка» (302).

26 лютага 1935 г. Парфір напісаў Максіму ліст: “...Паведамляю вам вельмі жуткія весці. Мама наша яшчэ зараз жыва, а калі вы будзеце чытаць гэты ліст, то мамы не будзе, а будзе халоднае мёртвае цела. Прычына смерці наступная. У мамы была грызь, і ў гэтым месце, паміж косці, было зашчамленне кішкі, якая амярцвела і прарвалася. Няшчасце здарылася 21.ІІ. ...доктар сказаў, што ў яе заварот кішок, загадаў зараз жа везці ў Горад. 22.ІІ яе прывезлі ў бальніцу і аперыравалі. Доктар як браў на аперацыю, казаў, што мама нізашто не вытрымае аперацыі. Калі мама прачнулася і стала гаварыць, ён дзівіўся, што за крэпкае яе сэрца. ..Мама мяне адразу пазнала, вельмі была рада. Вочы яе такія жывыя, зусім неўміручыя, памяць здаровая. Яна мне расказала пра ўсе камароўскія навіны, пыталася пра Вас, Лаўрыка, ёй вельмі не хочацца ўміраць. Найбольшае яе жаданне – пабачыць усіх сыноў разам” (303).

У наступным лісце Парфір пісаў Максіму: “Мама наша памёрла 4.ІІІ у 2 гадзіны дня. Пахавалі яе ўчора, 6.ІІІ, у 5 гадзін вечару” (304).

Цяпер на месцы хаты Гарэцкіх у Багацькаўцы з ініцыятывы сакратара ЦК КПБ Аляксандра Кузьміна пабудаваны Літаратурны музей-сядзіба Максіма Гарэцкага, які адкрыты ў 1993 г. да 100-годдзя пісьменніка паводле эскізаў Гаўрылы Гарэцкага. Аўтар экспазіцыі – Міхась Пратасевіч. Спачатку музей даглядала Клаўдзія Шнарская – старэйшая дачка Івана Іванавіча Гарэцкага, а пасля яе смерці – яе нявестка Лідзія Шнарская.