Святлана МАЧУЛЬСКАЯ

ПРЫМАЧ У “ПАНСТВЕ” І ПАСЫНАК ВЁСКІ
ЭВАЛЮЦЫЯ ВОБРАЗА ГЕРОЯ–ІНТЭЛІГЕНТА Ў РАННЯЙ ТВОРЧАСЦІ МАКСІМА ГАРЭЦКАГА

Творчасць класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага з’яўляецца невычэрпнай крыніцай для літаратуразнаўчых даследаванняў. Ужо першыя спробы пяра маладога пісьменніка дазволілі меркаваць, што з’явіўся яркі самабытны талент з адметнай мастакоўскай манерай і вялікім патэнцыялам.

Ранняя творчасць Максіма Гарэцкага – гэта, бадай, адзіны перыяд з ўсёй яго літаратурнай дзейнасці, калі асоба аўтара была максімальна набліжана да асобы яго героя. Знешняе аўтарскае назіранне за персанажам тут яшчэ выразна не прасочвалася. А таму герой выступаў як носьбіт аўтарскіх поглядаў.

Пісьменнікам Максіма Гарэцкага зрабіла прага пошуку. Ад ранніх твораў яго героі імкнуцца наблізіцца да спасціжэння таго, пгго чалавеку ведаць, можа, і не дадзена, але што так адчайна ён прагне зразумець. Гэта ярка і пранікнёна выказана ў апавяданні “Ш т о я н о?" (1913): “Хто можа знаць, адкуль жыццё? Адразу было многа людзей ці з аднаго пайшло? Як? Чаму ён не пераказаў унукам, адкуль ён, першы, узяўся?” [1, 94]. Менавіта такія пытанні сталі зыходным пунктам пошуку М. Гарэцкага. Цяжкага і пакутлівага пошуку інтэлігента-адраджэнца, які нарадзіўся ў вёсцы, не дазволіў сапсаваць сябе гарадскім выхаваннем і абраў нялёгкі шлях да абуджэння роднай Беларусі.

Кажуць, ёсць штось містычнае ў беларусах. Адкуль у іх гэта? Ці то ад былін-казак, ці ад прымхаў і паданняў пра ўсялякае “страхаццё”? А можа, той містыцызм – з адсутнасці веры ў нешта іншае, адрознае, што пакажа шлях да лепшай долі і вызвалення ад ілюзій? Шматлікія пытальнікі характарызуюць раннюю творчасць празаіка.

Герой Максіма Гарэцкага таго перыяду вельмі неадназначны па сваёй сутнасці. Яго духоўны свет напоўнены адначасова светлымі марамі пра будучыню і змрочнымі пакутамі ад сучаснасці. У пазнейшай эпічнай творчасці пісьменніка такі вобраз юнака-інтэлігента стаў менш схематычным, больш разгорнутым, поўным, асэнсаваным: герой пачаў знаходзіць адказы на пытанні, якія раней толькі ставіліся перад ім.

У снежні 1912 г. Максім Гарэцкі напісаў першае апавяданне – “У л а з н і ”. І менавіта яно сведчыць пра пачатак фармавання свядомасці пісьменніка-псіхолага. Ён з дакладнасцю малюе партрэт юнака, выхадца з вёскі, які, павучыўшыся ў горадзе, успрымае сваю вёску па-іншаму . Чалавек, жывучы ў брудзе, сам не заўважае таго бруду. І як маладому інтэлігенту, які дзякуючы адукацыі падняўся на прыступку вышэй, патлумачыць гэта звыкламу да такога жыцця селяніну? Як давесці, што можна жыць інакш, калі па законах псіхалогіі чалавеку цяжка паверыць у тое, чаго ён сам не бачыў: “некалі ім займацца панскім дзелам” [1, 50]. Назіраючы, як у душы Кліма расце абурэнне, заўважаем, што звычайныя побытавыя фактары выклікаюць у героя думкі сацыяльнага зместу: “Жывуць жа людзі, – думаў ён. – Лес пад бокам, жыды ў пана адваявалі яго за даўгі і прадаюць колькі гадоў... маюць лазню... каб яна, даруй Божа, згарэла на чыстым полі гэткая” [1, 50].

Кароткая гісторыя. Але яна яскрава абазначае вельмі важную праблему. Лазня – гэта толькі “зачэпка”. А такіх “зачэпак” у Кліма і падобных да яго інтэлігентаў – процьма. Простыя людзі не прымаюць яго навукі, кажуць, што “запанеў” ён. «І лацвей ім, – думаў Клім далей, – страляць у вочы “запанеў", ведаючы вагу свае векавечнае працы мужыцкае, а хай бы яны пабачылі боль сэрца і смутак душы ў мяне, прымача ў “панстве” і пасынка вёскі, і яны лепей паехалі б з сахою на родныя палеткі, чымся, адарваўшыся ад дзядоўскіх сяліб, вісець у новым і невыразным паветры...» [1, 51]. Увогуле, гэты першы твор нібы папярэджваў і прадказваў будучыя шуканні аўтара, які ўжо склаў сваю эстэтычную праграму, прасякнутую патрыятызмам: “Але ж не адракацца, не быць здраднікам, а любіць, шанаваць родную Бацькаўшчыну павінен, доўжан...” [1, 53].

Светапогляд героя мяняўся паралельна з тым, як мянялася ўспрыманне жыцця самім аўтарам. М. Гарэцкі ва ўзросце свайго героя падзяляў яго шчырую веру ў тое, што ідэі Адраджэння будуць убірацца ў моц і жыццё ў яго краіне будзе мяняцца да лепшага. Свядомасць пісьменніка расла не без дапамогі яго папярэднікаў у літаратуры. Бо ці не згадваў ён Коласавы “Казкі жыцця” [2], калі вуснамі навучэнца пансіёна Кастуся Зарэмбы ў апавяданні “У чым яго крыўда?” (1914) зазначаў: “Толькі мы гадуемся на чужым грунце і забываемся добра разумець свой грунт”? [1, 121]. Як і М. Багдановіча, М. Гарэцкага апаноўвалі тыя самыя мары, і ён горача і шчыра прамаўляў: “Каб нам, ведаеш, свой беларускі прарок, каторы б прамыў нам вочы, у чым наша істота, паэзія жыцця, прыгажосць жыцця... Ці наўчыла нас, слухай, наша школа любіць сваё беларускае, шанаваць прыгажосць роднай прыроды, пранікнуцца гармоніяй родных з’яў? Чаму нас вучылі!” [1, 121]. Прамаўляў, не ведаючы, што ён сам стане для Беларусі такім самым прарокам, як і Якуб Колас, і Максім Багдановіч, але ўжо тады прадчуваў, што шлях гэты цяжкі і пакутлівы. Сімвалічны ў гэтым сэнсе фінал апавядання “У лазні”:

“— Ці не захварэла галава твая, Клім, пасля лазні? — спытаў бацька.

— Палепшае, — адказаў сын” [1, 53].

Але ці хутка палепшае? Бо далейшая творчасць М. Гарэцкага сведчыць пра тое, што жыццё не раз япгчэ заводзіла яго героя ў, здавалася б, безвыходныя тупікі:

“— Пуста на сэрцы... і нічога не ведаю. I няма ўжо чаго рабіць... Думкі мае, летуценні мае, ідэалы мае... Скончылася дарога, няма куды бегчы-хапацца... Куды ісці далей? Нічога й нікога няма ў мяне...” [1, 92].

Яшчэ неаднаразова прыходзіў малады пісьменнік разам са сваімі героямі да ўсведамлення таго, што “страшна яно, роднае”. 3 падобнымі думкамі пісаліся і апавяданні “С т р а х а ц ц ё” (1918), “П а т а ё м н а е” (1913).

Апавяданне “Патаёмнае” нагадвае своеасаблівую псіхалагічную медытацыю. Спачатку адбываецца нагнятанне трывогі. У самой прыродзе, у наваколлі тоіцца нейкі страх, нейкая жудасць, што напаўняе паветра, авалодвае свядомасцю. Здавалася б, вяселле ў вёсцы – радасць. Але ж не: “змрочыць на небе – цёмная ноч на зямельку ідзе”, сабакі выюць “немаведама на каго”, куры непакояцца – “ці не чуюць што ды нядобрае?” [1, 53]. Аўтар выбірае для апісання над вячорка самую трывожную фарбу – чорную: “І каровы з поля ідуць – вядзе перад чорная”; “На захадзе хмара чорная, незвычайная, павісла, вісіць, узнімаецца...”; “І сунецца ночухна нейкая несупакойная, трывожная...” [1, 53 — 54]. Чаму ноч так палохае людзей? Бо тут абмалявана не проста ноч, не звычайнае апісанне яе надыходу, а псіхалагічны стан аўтара, прадчуванне чагосьці нядобрага. Гэты традыцыйны, сімвалічны вобраз спрадвеку вызначаў у фальклоры штосьці трагічнае. Жудасна-трывожнае гучанне ўзмацняецца, калі ў другой частцы апавядання з’яўляюцца старцы – таксама традыцыйны фальклорны вобраз, да якога ў свой час звярталіся Янка Купала і Якуб Колас. І, нарэшце, наступае кульмінацыйны момант – сон маладухі, якая едзе на возе разам з мужам з вяселля. Зноў адзначым, што апісанне чыйго-небудзь прароцкага сну таксама часта выкарыстоўвалася ў народнай творчасці, а ўслед за ёй – і ў літаратуры, напрыклад, у паэме “Сон на кургане” Я. Купалы [3, 34 — 111]. Але і Я. Купала, і М. Гарэцкі пакідаюць сны сваіх герояў неразгаданымі. Тут варта было б успомніць прагматычнага Зігмунда Фрэйда, які на філасофска-навуковым грунце імкнуўся вытлумачыць значэнні снабачанняў; але ж у беларусаў свая філасофія, нашыя літаратурныя класікі не спяшаліся даваць тлумачэнні, а дазвалялі зрабіць гэта чытачам.

Між тым матыў “патаёмнага” пераходзіць у М. Гарэцкага з апавядання ў апавяданне. У адным з іх – “Ц ё м н ы Л е с” (1913) – аўтар чарговы раз спрабаваў прыадхінуць тую фіранку, што ўтойвае ад нас, людзей, сэнс гэтага “патаёмнага”. Словы “Цёмны Лес” М. Гарэцкі пісаў з вялікіх літар не толькі таму, што яго радзіма – Цемналессе, а яшчэ і таму, што Лес для яго – загадкавы сімвал “старонкі гэтае патаёмнае”. Апавяданне вельмі меладычнае па гучанні. Яно ўяўляе з сябе маштабную карціну, адметную гістарызмам, працягласцю ў часе: “Любуешся ты, любата мая!

Ніколі ж не налюбавацца табе бясконцай і неабгляднай удоўжкі і ўшыркі істужкай палёў гэтых рознакалёрных, гэтых лясоў зялёна-сініх, гэтых рэчак ціхаводных, што вербалозам ды ціхімі краскамі абраслі...” [1, 56]. Усё, да чаго звяртяўся аўтар, паўстае адухоўленым, і найперш – сам Цёмны Лес. Гэта зноў вельмі нагадвае Коласавы “Казкі жыцця”. Тут і настальгія па мінулых часах, па былой велічы, увасобленая ў думках-пачуццях дуба – “старога дзеда лесавога”, якога хоча скарыць шалёны вецер. Ды не так проста вынішчыць былое, памяць, гісторыю: “– Ня руш! Не чапай! – толькі і прамовіў магутны, дуб. Кінуўся на адзін момант да багны і ўзноў выпрастаўся. Абправіў сваё каравае суччо – і ўзноў задумаўся аб старадаўніх часах, калі аквячалі яго людзі славай і хвалай, і шукалі пад ім адказу на свае загадкі, і клятвы пад ім давалі.

Мінулася, прайшло...” [1, 56].

І зноў кароткае апавяданне, а ў ім – цэлая гісторыя краю, глыбокая філасофія, разнастайная сімволіка. Стары дуб – сімвал велічы гэтага краю. А як жа пісьменнік маляваў сучаснасць? “Скрыпаюць дрэвы хворыя, бахаюць вобзем з гукамі жудкімі. Стогнуць старыя дзяды лесавыя. Рыскаюць спуджаныя звяры ды яшчэ болей смуцяць глухі, смутны лес.

Стогне лес.

Зарастае багна – дарма што пільна так беражэ яго <...> вечная да часу астатняга – зарастае багна!” [1, 57]. Але не загінуў яшчэ аптымізм. Жывыя пакуль “лесавыя цурочкі, цуркі і цэлыя ручаі сцюдзёныя”. “Не зусім яшчэ падаўся Цёмны Лес...” [1, 57].

Сімвалічны ў творы і прыход вясны, якая абуджае жыццё ў Цёмным Лесе. Жывыя тут і старыя казкі, легенды, паданні. Пра шэрую маці-зязюлю, што да скону дзён не прычакае страчанага сына, пра спакушальніц-русалак, якія зводзяць са свету “мужчын слабавольных”, пра птушак незвычайных, дзівосных. I, што адметна, – ва ўсім адчуваецца прысутнасць чалавека: “Страшна там у восень цёмную, калі пушча стогне, а ваўкі выюць, а скігоча немаведама што, быццам душаць каго, быццам хто ведае што... Жуда вялікая на сэрцы ўзнімаецца” [1, 57]. Ці не ўгадваецца за гэтым апісаннем лёс Бацькаўшчыны, яе гісторыя і вялікая трывога за будучыню?

Найбольшую моц набывае гучанне гэтай тэмы ў навеле-мініяцюры “С т о г н ы д у ш ы” (1913). У ёй зноў пошук гармоніі, жаданне жыць па-новаму, інакш, імкненне да таго, па чым “стогне” душа мастака. Гэта гімн, малітва, боль. Такія матывы ў нечым збліжаюць Максіма Гарэцкага з Фёдарам Дастаеўскім. Але М. Гарэцкі не мог абмежавацца толькі канстатацыяй таго, што свет змрочны, “бо ў ім навакол адны аграмадныя, гідкія камы бруду, бруду дрэннага, гнойнага...” [1, 58]. Ён не толькі казаў пра сваю незадаволенасць гэтым светам, але і даводзіў, што так жыць няможна: “Гэтак не павінна быць і не можа быць!..” У адрозненне ад Ф. Дастаеўскага М. Гарэцкі сцвярджаў, што хоць яму і нудна, але ён не хварэе “ўсясусветнай журбой-жудою” [1, 58]. Адчай, імкненне і, нарэшце, упэўненасць авалодваюць аўтарскім двайніком: “Я не хачу трываць! I не вытрываю, бо нельга вытрываць. Я скіну, сарву ланцугі свайго старога жыцця і зраблю жыццё новае. Зраблю!” [1, 58]. І сапраўды, як завецца тая хвароба калі “сыну краю свайго баляць усе болькі ягонай зямлі”? Гэтыя матывы і перажыванні выліліся пазней у драме “А н т о н” (1914).

У ранняй творчасці Максім Гарэцкі, як ужо адзначалася, пераважна задаваў пытанні, не даючы на іх адказу, бо ён, як і яго героі – шукальнікі ісціны – такога адказу не меў: «Мы не ведаем, што будзе пасля нашае смертухны, а на гэтым свеце на ўсё адгадкі знайсці не можна, шукай ні шукай. I шчасліў той, хто мірыцца лёгка з гэткім будаваннем жыцця, або хто бадай што не думае аб гэтых “шалёных” пытаннях ці ў беганні за кавалкам хлеба забывае аб іх, шчасліў ён. I гора, вялікае гора таму, хто захоча хоць на адзін момант, адным вокам зазірнуць на той бок заслоны! Яму адзін шлях к разгадцы, шлях страшны і, галоўнае, няпэўны, няпэўны шлях, і гэты шлях – смерць» [1, 66], – робіць выснову студэнт-медык Архіп Лінкевіч у апавяданні “Р о д н а е к а р э н н е” (1913).

Максім Гарэцкі глыбока закранаў праблемы, якія паўставалі перад беларускай моладдзю на шляху да свядомасці і навукі. Праблемы гэтыя маюць маральна-філасофскі характар, і іх асвятленне дазваляе паказаць, якім чынам адбываўся паступовы духоўны рост герояў. Наватарства Гарэцкага-пісьменніка ў тым, што ён здолеў адысці ад звычайнага бытаапісання, яго больш цікавіла духоўная сфера жыцця чалавека, яе эвалюцыя. Творы М. Гарэцкага вылучаюцца тым, што яго героі найчасцей шукаюць пазітыўнага вырашэння ўсіх жыццёвых праблем.

Апавяданні “Што яно?”, “У лазні”, “Стогны душы”, “Роднае карэнне”, “Цёмны Лес” і іншыя дэманструюць розныя стадыі развіцця светапогляду маладога чалавека, які сур’ёзна задумваецца пра сваё прызначэнне ў жыцці і з цягам часу пачынае разумець, што яго асабісты лёс непарыўна звязаны з лёсам Радзімы. Герой М. Гарэцкага выяўляе ў сабе якасці лідэра, ён верыць, што можа быць карысным для сваёй Радзімы і натхняць на пазітыўныя дзеянні іншых. Пры гэтым ён усведамляе, што, каб дапамагчы іншым, трэба быць моцным самому. М. Гарэцкі паказаў, што беларуская моладзь мае багаты патэнцыял сіл і здольнасцяў, і асвятленне пісьменнікам паступовага духоўнага росту героя дае магчымасць меркаваць пра пэўныя асаблівасці беларускага нацыянальнага характару.