МАКСІМ ГАРЭЦКІ «У ЧЫМ ЯГО КРЫЎДА?», «МЕЛАНХОЛІЯ», «ЦІХАЯ ПЛЫНЬ», «НА ІМПЕРЫЯЛІСТЫЧНАЙ ВАЙНЕ», «РОДНАЕ КАРЭННЕ»

Аповесці Максіма Гарэцкага на першы погляд могуць падацца маладому чытачу дужа лакальнымі па задуме і ўзнятых жыццёвых пластах. У першых двух аповесцях і ў дакументальна-мастацкіх запісках «На імперыялістычнай вайне» — адзін скразны герой Лявон Задума. Яго жыццёвая сфера — родны край, свая сям'я і аднавяскоўцы, знаёмыя і сваякі з іншых вёсак і мястэчка, вучылішча з выкладчыкамі і сябрамі, прыяцелямі, Лявонавы асабістыя настроі і перажыванні, хоць у іх і гучаць грамадскія матывы. Гэта і нязгода з векавечнай прыгнечанасцю вёскі, пакорай лёсу і цемраю, усведамленне сябе шукальнікам шляхоў да лепшай долі свайго народа. У аповесцях, асабліва ў другой і трэцяй, мала падзей, мала пакручастых паваротаў сюжэта, хоць і многа герояў, акрэсленых яскрава і запамінальна.

Гэта ўражанне па першым чытанні аповесцей. Калі ж пачынаеш удумвацца і ўглядацца ў рэчаіснасць, узноўленую Максімам Гарэцкім, адкрываецца складанасць задумы цыкла твораў і наватарскае яе вырашэнне. Шырокая панарама беларускай дакастрычніцкай вёскі намалявана каларытна, жыццёва.

«У ЧЫМ ЯГО КРЫЎДА?»

«...а там гарэла ціхае сялянскае
святло і гулялі святам людзі».

...Гадамі жыццё ішло сваімі звыклымі каляінамі, у ім мала што мянялася. Але вось пачынаюцца зрухі, мужыцкія сыны прагнуць асветы, іхнія бацькі з апошняга стараюцца вывесці сыноў «у людзі», вывучыць іх. І што ж? Трохі далучыўшыся да культуры, паглядзеўшы на свет, сялянскі сын Лявон Задума ўжо не можа па-ранейшаму згаджацца са звычайным ладам жыцця, ён перастаў быць мужыком-селянінам. І хоць панам ён стаць не імкнецца, тым не менш паміж ім і роднымі, аднавяскоўцамі ўзнікае нейкая мяжа, перайсці якую немагчыма. Свае рамантычныя парыванні, сваё ўзнёслае імкненне служыць народу і адраджэнню роднай Беларусі герой Гарэцкага ніяк не звязвае з рэальнасцю, яшчэ не ўмее гэта рабіць. Лявону здаецца, што ён намнога перагнаў у разуменні жыцця блізкіх і знаёмых. Аднавяскоўцы, на яго погляд, нецікавыя, грубыя людзі, вельмі далёкія ад яго рамантычнага ілэалу. На «вечарушках», куды маці раіць яму пайсці, «знайду ˂ думае ён ˃ тупагаловых дзевак, буяншчыкаў-хлапцоў, брыдкую лаянку, гульню на грошы ў карты, гідкае скалазубства, насміханне над маімі думкамі аб лепшым, зусім не гэткім жыцці».

Аповесць мае выразна пазначаны аўтабіяграфічны характар, але аўтар з самага пачатку аддзяляе сябе ад свайго героя, хоць глядзіць на яго са спачуваннем, а часамі і зліваецца з ім. Тым не менш у яго адносінах да героя адчуваецца нота іроніі, лёгкай усмешкі, нібы глядзіць старэйшы і разумнейшы брат на маладыя выбрыкі меншага, якому жыццё яшчэ не паказвала кіпці, не давяло пра свой холад і жорсткасць.

« — Сыночак!..

— Ну, што? — з ніяк няскрытай злосцю ў голасе перабіў пытанне сын...

— Прайдзіся ты на вечарушкі, пагуляй з людзьмі...

— Што я там знайду? — адказаў сыночак, мімаволі натапырыўшыся, як той індык».

На адзіноце, у час вандровак па наваколлю, Лявон то спрабуе выць па-сабачы, то падбрыквае, то бяжыць, «халяруючы», — паводзіць сябе як блазен. Аўтар усміхаецца, гледзячы на свайго героя.

Вось заснежанае поле. «Пустэльня цямнелася па-свойму гэтым вячэрнім часам ягоных пагулянак: цямнела яму ў вочы ціха і без дум. Яна не ведала, бо не чытала ў кнігах, што ёсць шырэйшы свет з вышэйшаю культураю». На гэтыя адзінокія пагулянкі ён апранае бацькаў кажух, а не сваё чорнае паліто з жоўтымі гузікамі і зялёным кантам, бо «на яго вучнёўскае паліто сабакі надта брэшуць». Увесь другі раздзел аповесці прасякнуты такой іранічнай інтанацыяй, якая настройвае чытача на ўспрыманне і наступных раздзелаў у тым жа ключы.

Асаблівая мішэнь гэтай іроніі — «жаданне перавярнуць на свой капыл усё жыццё гэтай пустэльні». Але жыцё яго не слухаецца, а ён і не хоча лічыцца з яго логікай. Таму для яго зусім неспадзяванай аказваецца рэакцыя Лёксачкі, бацькоў, аднавяскоўцаў на ліст да каханай дзяўчыны.

Драматычная гісторыя разбітага і абсмяянага кахання пададзена аўтарам без трагедыйных нот, але і без спрошчвання. Ніводзін з аднавяскоўцаў Лявона, нават сама Лёксачка, нават бацькі Лявона, не адчуваюць сябе жорсткімі людзьмі, разбуральнікамі чужога шчасця ці лёсу. Гэты ліст, словы кахання, непасрэдныя і шчырыя, — усё такое нязвыклае ў суровым побыце вёскі, дзе пра пачуцці не прынята гаварыць уголас. І таму ліст выклікае рогат, а ўсё з ім звязанае робіцца вясёлай падзеяй у аднастайным жыцці цёмналесцаў. Яны не прызнаюць, што чалавек мае права на незалежнае ад усіх жыццё, асабістыя справы і пачуцці, што духоўны свет чалавека недатыкальны. Асоба на вёсцы яшчэ не вылучылася з людской супольнасці. Грамадскі кантроль за паводзінамі кожнага — неад’емнае права гэтай супольнасці. Так не тое што думаюць усе — гэта няпісаны закон. А развітая асоба не прызнае і не церпіць над сабою такога кантролю. Ён яе абражае сваей бесцырымоннасцю. Для Лявона кантралюючая інстанцыя — яго ўласнае сумленне. Таму, абражаны і пакрыўджаны, ён некалькі гадоў не можа паказацца ў сваёй вёсцы.

Так рамантыку Лявону Задуме жыццё дало цяжкі ўрок. Аўтар і шкадуе яго, і спачувае яму, але пры гэтым добра разумее, што без такіх жорсткіх «навучанняў» нельга вызваліцца ад «рамантычнага туману» ягоных уяўленняў. Усё гэта Лявон перажывае вельмі цяжка. Прачытаўшы паштоўку з вёскі, ён «збялеў, ногі знямелі, а рукі марудна разарвалі канверт». Калі ж прабег вачамі ліст ад Лёксы, напісаны чужой рукой, «ад прыкрасці плюнуў, тады засаромеўся, схапіўся ад жалю і крыўды за галаву і глынуў паветра, як шчупак, выкінуты з рэчкі на сухі пясок». Само гэта параўнанне ўтрымлівае лёгкае пасміханне аўтара з свайго нешчаслівага героя. А яго сябар Максім Г., пад лістом да якога той падпісваецца «твой скрыўджаны жыццём — Лявон Задума», называе ўсю прыгоду трагікамедыяй. Лявону яшчэ трэба будзе навучыцца бачыць і прымаць жыццё такім, якое яно ёсць. Гэта зусім не значыць, што абавязкова прыйдзецца змірыцца з яго недарэчнасцямі. Ці магчыма ў холадзе і жорсткасці жыцця зберагчы свой духоўны свет, свае прынцыпы, застацца самім сабой? Вось адна з важных праблем аповесці. Другая: якія суадносіны паміж духоўным светам народнага жыцця і духоўным светам асобы? Як гэтыя два светы прывесці да адпаведнасці аднаго аднаму, да згоднага і зладжанага суіснавання?

Першы ўрок.

I. Жанр, стыль, кампазіцыя, праблематыка аповесці «У чым яго крыўда?».

Паводле жанравых адзнак твор з'яўляецца тыповай аповесцю з адным цэнтральным героем, які праводзіцца праз шэраг эпізодаў. Асаблівасць аповесці ў тым, што, акрамя галоўнага героя, у творы яшчэ ёсць апавядальнік. Яго прысутнасць добра праяўляецца не толькі ў тэксце першага і другога апавядальных раздзелаў, але і ў своеасаблівай інтанацыі іх, у іранічным, насмешлівым поглядзе на героя і на ўсё, што з ім адбываецца. У творы — і ў гэтым яго стылёвая адзнака — свабодна спалучаюцца эпічнае адлюстраванне жыцця вёскі і лірычнае выяўленне характару галоўнага героя з гумарыстычным поглядам аўтара-апавядальніка на ўсе здарэнні. I гэты погляд не супадае з светаадчуваннем героя ў тых жа эпізодах.

Кампазіцыйна аповесць пабудавана як чаргаванне апавядальных і выяўленчых раздзелаў, а VIII і IX амаль цалкам складаюцца з эпісталярнага матэрыялу, які не толькі пашырае лірычную плынь аповесці, але імкліва рухае сюжэт да развязкі, асвятляе гумарам усю трагікамічную калізію.

Кола праблем, пастаўленых аўтарам у аповесці, досыць шырокае і выяўляе глыбіню задумы твора. Адна з галоўных ліній тут — асоба і чалавечая супольнасць; народ у сваіх суадносінах з гарадскім прагрэсам, агульначалавечымі каштоўнасцямі, культурай. Мастак даследуе не толькі індывідуальную псіхалогію героя, які адрываецца ад звыклага сацыяльнага асяроддзя, але ў той жа час адданы яму, — адданы не з той прычыны, што тут, у вёсцы, нарадзіўся, а найперш таму, што рыхтуецца стаць яе заступнікам і змагаром за асвету, лепшую будучыню народа. Аўтар яшчэ пільна ўглядаецца ў твар чалавечай супольнасці на вёсцы, выяўляе галоўныя рысы грамадскай, сацыяльнай псіхалогіі.

II. Лявон Задума «як пэўны адраджэнец», «з сваім высока ўзнятым ідэалам над нізка апушчаным жыццем». «Ціхае сялянскае святло».

Пытанні да гутаркі:

1. Якія бакі аўтарскай задумы бачны ў супастаўленні «знакаў цывілізацыі», цёмналескага побыту і Лявонавага светаадчування? Дзе і чаму развагі аб суадносінах гэтых сэнсавых пластоў суправаджаюцца інтанацыяй то іранічнай, часам з'едлівай, то дабрадушна-ўсмешлівай?

2. Чаму аўтар сімпатызуе Лявону? Які свет яго думак, пачуццяў, ідэалаў? Як ён паводзіць сябе сам-насам (II раздзел), з бацькамі (III), у лазні (IV), у сватоў (V). Які ход яго думак і адчуванняў?

а) Які сэнс мае апошняя фраза II раздзела: «Як трошкі вінаваты, без злосці пазіраў на хаты, а там гарэла ціхае сялянскае святло і гулялі святам людзі»?

б) Чаму няма ўзаемаразумення паміж Лявонам і яго бацькамі? Як яны ставяцца да яго, ён да іх? Што іх раздзяліла? Ці любіць ён іх? Чаму адварочваецца ад сялянскай супольнасці? (III раздзел).

в) Чаму ён прыкра адчувае сябе ў лазні, адкуль злосць, смутак і боль у яго сэрцы? Як тут аўтар ставіцца да свайго героя? Якія трапныя, каларытныя дэталі і асобныя замалёўкі ствараюць жывую карціну? (IV раздзел).

г) Якая задума так маляўніча і дэталёва намаляваных сцэн у сватоў? Якімі людзьмі паказаны сваты? Якім аўтарскім поглядам асветлены гэтыя сцэны? Як пачувае сябе Лявон, як перададзены «душэўныя пералівы» ў яго настроі? Чаму гэты выпадак мяняе яго светаўспрыманне: ці справа ў тым, што ён захмялеў, ці ў чым іншым? Як цяпер глядзіць на яго аўтар? («Вось гэтак то і стаўся перакрут у думках»).

д) Якія новыя бакі характару і натуры Лявона адкрываюцца падчас скокаў і гульні? (Непасрэднасць і сарамлівасць, сапраўдная інтэлігентнасць і сціпласць у адносінах з дзяўчатамі; разуменне жартаў, уменне падпарадкавацца агульнаму тону гульні; адчуванне паэзіі жыцця і юнацкіх адносін.) Чаму раней ён паводзіў сябе інакш?

Другі урок. «Ен цяпер зусім другі чалавек». «Уся хата, як ёсць, палягла ад смеху».

I. Працяг гутаркі (VI раздзел).

1. Новая інтанацыя, сумная і гарэзная адначасова, у пачатку VI раздзела. Чаму да яе звяртаецца пісьменнік? («О, вы — шчаслівыя і нешчаслівыя дзянькі ў людскім жыцці! Няма рады ўсцерагчыся ад вас...» «На жаль, Лявон жыў у малакультурную эпоху...»)

2. Каларытныя партрэты выкладчыкаў пададзены ў гумарыстычным ключы. Чаму іх не магло быць на пачатку аповесці? 3 чыйго пункту гледжання яны намаляваны? Партрэты аднакашнікаў Лявона — таксама яскравыя замалёўкі. Пра якія бакі натуры Лявона гаворыць іх наяўнасць? Як тут перададзена аўтарам змена ў светаўспрыманні Лявона?

3. Два лісты Лявона да дарагіх яму людзей (раздзел VII). Якім чалавекам выглядае Лявон у гэтых лістах? Чаму ён піша, што стаў іншым чалавекам? («I тата разумее, што я новы, што я іншы, што я лепшы».) Як змянілася яго грамадзянская пазіцыя? Чаму раздзел з лістамі заканчваецца ўспамінамі і разважаннямі аб панскім балі?

II. Абмеркаванне VIII раздзела па пытаннях:

1. Чаму ліст Лявона да Лёксы так усіх насмяшыў? Чаму Лёкса сама не супраць, каб ліст чытаўся ўголас? Чаму за Лёксу і Лявона ніхто не заступіўся, не забараніў чытанне? «Лёксе сорам — не яму» — чаму так гаворыць маці Лявона? Ці ў Цёмналессі злыя людзі? Чаму ў гэту прыгоду аказаліся ўцягнутыя сваякі, дзеці?

2. Як выглядае ўся прыгода з лістом, дапоўненая спрэчкамі Лаўрынькі з дзяўчаткамі Ходкай і Просяй? (Здымае драматызм сітуацыі, прымушае бачыць не драматычны, а гумарыстычны бок.) Як намаляваны вобразы дзяцей? Як яны дапаўняюць агульную панараму жыцця вёскі?

3. Як намаляваны аднавяскоўцы Лявона — мужчыны, жанчыны, моладзь, дзеці? Якія гэта людзі? Як сябе паводзяць? Як ставяцца адзін да аднаго? Якія суадносіны паміж маральным кліматам вёскі і духоўным абліччам сына вёскі Лявона?

4. Яшчэ адзін герой у аповесці — Максім Г., сябар Лявона. Якім бачыць яго Лявон, як да яго ставіцца? Які мастацкі эфект ад увядзення гэтага пазасюжэтнага героя? (Лявон Задума не адзін, ён мае аднадумцаў, мілых таварышаў, у якіх вучыцца, з якімі шчыра сябруе. Максім Г. старэйшы за Лявона, лепей ведае жыццё, таму інакш, чым ён, успрымае ўсё, што адбываецца.)

III. Абагульняючая гутарка.

1. Як вырашана ў аповесці праблема адносін асобы і грамады, асобы і сям'і, «я» і калектыву? (Узнікненне калізіі дае штуршок да развіцця асобы, да ўсведамлення ёю і сваіх адносін да людзей, і паводзін людской супольнасці. Перад асобаю ўзнікае патрэба пераасэнсаваць свае дачыненні да грамады, выпрацаваць сваю пазіцыю ў новых абставінах, зрабіць маральны выбар. 3 сутыкнення пачынаецца духоўнае вызваленне Лявона ад рамантыкі, адарванай ад жыцця.)

2. Як вырашаецца пытанне аб асабістым гонары? Ці ёсць у цёмналесцаў пачуццё ўласнай годнасці? Як усё гэта бачна ў сутыкненні грамадскай і індывідуальнай свядомасці і псіхалогіі? (Індывідуальная свядомасць развітой асобы аказваецца значна вышэйшай. Моц стыхіі народнай свядомасці ў супадзенні, аднолькавасці пазіцый, у агульнасці іх для ўсёй грамады. Гэта надае кожнаму з грамады адчуванне ўпэўненасці. Тое, што не супадае з агульнапрынятым, грамада не прымае. Аўтар бярэ пад абарону індывідуальнасць.)

3. Якім малюецца народ, як падаецца нацыянальны характар беларуса? (Народ, якім пагарджаюць, мовы якога нідзе не чутно, які накіроўвае сваіх лепшых сыноў у навуку,— жыве, мае сваю філасофію жыцця, свае няпісаныя маральныя законы, свой гонар, сваю веру. Гэта чалавечы свет, свет сваёй культуры, сваіх жыццёвых ідэалаў. Гэты свет апаэтызаваны пісьменнікам. Нацыянальны характар добра бачны і ў самім Лявоне, яго бацьках, аднавяскоўцах, сваяках, таварышах і г. д.)

4. Чаму аповесць так называецца? За што аднавяскоўцы (ці жыццё, людзі наогул?) скрыўдзілі Лявона? (Як далей ішло духоўнае развіццё героя, відно з наступнай аповесці.)

5. 3 якой мэтай уведзены эпіграфы да кожнага раздзела? У чым іх мастацкая мэтазгоднасць? Як яны дапамагаюць здзейсніць аўтарскую задуму — апаэтызаваць народнае жыццё, сцвердзіць духоўны змест гэтага жыцця?

Заданні да аповесці «У чым яго крыўда?» (даюцца папярэдне ці да наступнага ўрока).

Папярэднія заданні:

1. Напісаць кінасцэнарый да наступных урыукаў (на выбар): а) у сватоў; б) скокі ў Задумаў; в) размова Лявона з Лёксаю.

2. Напісаць рэжысёрскі каментарый да мізансцэн (на выбар) у хаце Мікіціхі: а) размова жанчын пра Лявона; б) з'яўленне старасты і размова яго з жанчынамі; в) Лёкса з лістом і інш.

3. Напісаць каментарый да лістоў (на выбар) з VII ці IX раздзелаў.

Да першага ўрока:

1. У II раздзеле знайдзіце фразы ці асобныя выразы, якія перадаюць інтанацыю лёгкай іроніі ці з'едлівай усмешкі. Вызначце іх мастацкую ролю.

2. Знайдзіце маляўнічыя, яскрава-каларытныя фарбы і сцэны, якія выклікаюць зрокавыя вобразныя ўяўленні (раздзелы III, IV, V). Назавіце сцэны, асветленыя гумарам.

3. Сцэна ў сватоў, поўная руху і дзеяння. Звярніце ўвагу на падбор дзеясловаў, якія надаюць дынамізм усёй сцэне. Раскажыце аб суадносінах знешняга і ўнутранага дзеяння.

Да другога ўрока:

1. Складзіце характарыстыку вобраза Лаўрынькі.

2. Прасачыце, як каханне да Лёксачкі змяніла светаадчуванне Лявона.

«МЕЛАНХОЛІЯ»

У аповесці «Меланхолія» мы сустракаем Лявона Задуму ўжо пасталеўшым, больш спрактыкаваным у жыцці, з больш шырокімі поглядамі. Але ён такі ж ранімы, як і раней, так, як і раней, хваравіта ўспрымае разлад ідэалу з жыццём. I ўсё ж жыццё навучае яго больш спакойна ўспрымаць гэты разлад, яго непазбежнасць і разам з тым больш пільна ўглядацца ў жыццё, у людзей.

Вось яго патрон — стары каморнік, забулдыга, п'яніца, стары цынік. Гэты першы прысуд Лявона безапеляцыйны. 3 другога боку паглядзеўшы — адзінокі, няшчасны чалавек, які бароніцца жартам, выпіўкай ад аднастайнасці і трагічнасці жыцця. Гэта Лявон разглядзеў значна пазней. У яго асобе Лявон Задума бачыць горшы варыянт жыццёвага лёсу і для сябе: ад адзіноты і адчування бессэнсоўнасці жыцця і працы ён можа стаць такім жа, як гэты стары.

Раней Лявон быў засяроджаны на ідэі адраджэння і на сваім унутраным стане. Цяпер ён больш глядзіць наўкола, чымся ў сябе самога. Невыпадкова аповесць пачынаецца з «Сумных лістоў». Паэтычныя Лявонавы лісты набылі новыя якасці ў параўнанні з лістамі 1910 года. Замілаванне роднай Беларуссю, яе людзьмі, прыродай, паэтычнае ўспрыманне яе хараства раскрывае тонкасць душэўных перажыванняў, настрояў героя. У яго вельмі трапныя назіранні, ён імкнецца знайсці тых, каго лічыць сваім духоўным ідэалам, каб справу адраджэння шпарчэй рухаць наперад. Ва ўсім адчуваецца высакародны чалавек, паэт-рамантык, філосаф. Разам з тым ён вельмі імпульсіўны, з абвостраным пачуццём годнасці, заступнік за пакрыўджаных.

Але бяссэнсіца жыцця і каморніцкай працы, адзінота, немагчымасць ажыццявіць свае мары аб шчаслівай долі для Беларусі і беларусаў кідаюць Лявона ў вялікі сум і нават у адчай. Думка аб самагубстве выспявае паступова. Ен едзе дадому, падсвядома шукаючы ратунку ад свайго намеру і хочучы памерці сярод сваіх, дзе яго любяць і шкадуюць. Ен не думае, як будуць пасля яго жыць бацька і маці, другія блізкія людзі, меншы і такі дарагі брат Лаўрынька. Эгаізм маладосці і тут добра адчувальны.

Раздзел «На могілках», дзе адбываецца перакрут у думках і светаадчуванні Лявона, — адна з выдатных старонак аповесці. Падчас сустрэчы з дзедавай магілкай вялікі жаль і спагада агарнулі яго.

«Старая, з выкручанаю дзіркаю... пахіленая бяроза, і каля яе — шырокая, нізкая магіла, абкладзеная старым, гнілым церамком і з дошкаю згары пасярод. Дзедава, здаецца.

Хацелася кінуцца на яе ніц, прытуліцца блізенька грудзьмі і галавою і заплакаць. Выплакаць любенькаму, роднаму дзеду ўвесь жаль, усю крыўду, усю незадачлівую долю...

«Дзядулечка мой сляпенькі, ці чуеш ты, як ізноў шукаю твайго любага подалу, і ласкавай рукі, і пацехі ў жыццёвых незадачах?» «Прымі, дзед, унука свайго...».

Думка Лявона і аб тых, хто ляжыць побач з дзедам. «Тут ціха, супакойна... Вось ужо колькі іх тут ляжыць, што знайшлі сабе вечны прыпынак, вечны спакой.

Вечны. Якое страшнае і вяліка-спакойнае слова... Вечны спакой...

Ляжаць старыя і маладыя, дзяды і дзеці, мужчыны і жанчыны. Ляжаць ворагі і другі. Усе ляжаць тутака пад бярозамі, побач ляжаць». I гэта закінутае, убогае кладзішча, і хатка-каплічка з дзвярыма на адной завесе нібы мацуюць думку Лявона, што і ён неўзабаве ляжа тут з усімі.

Але дзед нібы з магілы дапамог унуку, даў яму моц перасіліць свае такія страшныя намеры. У гэтым жа раздзеле М. Гарэцкі малюе Лявонаву сустрэчу з панамі.

«— Вось яны, гаспадары краю, будзь яны прокляты! — горка падумаў Лявон. — Жывуць, замкнуўшыся ў сваіх гнёздах, а што ёсць вакол гэтых гнёздаў?.. А гэта ж іхная родная краіна! I як ім не сорамна жыць у такой краіне?..

I раптам з'явіўся ў яго складаны клубок пачуццяў, у якім была і пагарда да паноў, і крыўда за свой край і народ, і жаль да сябе самога...

Сорамна зрабілася, што ён, каго тут першага высунула спаняволеная і цёмная мужыцкая грамада бліжэй да волі і навукі, да правадырства і змагання, што ён ходзіць тут як непрыкаяны, наракае, тужыць і думае аб смерці.

«На каго ж я наракаю, хто ж мне вінаваты? — з балючай яснасцю праляцела думка. — Што мне такое зрабілася, адкуль гэтая хвароба?..»

Чалавечае жыццё паміж нараджэннем і смерцю, чалавечы лёс, ягоны лёс... Родная Беларусь. Так думкі Лявона набылі іншы кірунак. Жыць! Толькі жыць! I змагацца! Драматызм і прыгажосць жыцця, незваротнасць таго, хто пераступіў мяжу смерці, абавязак змагацца за свой край Лявон усведамляе цяпер нібы ўласнае адкрыццё. Перахварэў і застаўся жыць, перамог спакушэнне ўцячы ад цяжкіх пытанняў жыцця.

У наступнай частцы, «Калоніі», ужо другая танальнасць. Погляд героя цяпер скіраваны не ў самога сябе, а наўкола, на людзей. Ен у новым свеце бачыць свайго патрона, даруе яму хібы ў яго характары і паводзінах, і яны не здаюцца яму такімі ўжо вялікімі. Ен узіраецца ў навакольнае жыццё, бачыць чалавечы свет з яго вечнай бядою і скрухаю, вечнаю трагікамедыяй. А галоўнае, ён адкрывае для сябе, што і людзі з народа ўспрымаюць жыццё больш цярпліва, больш па-філасофску, а часам умеюць і пасмяяцца з сябе. Ен нібы вылечыўся ад рамантычнага эгаізму і засяроджанасці на сабе самім.

Вось гэтыя няшчасныя «жмогусы», што сварацца між сабою за зямлю, гэта Сымончыха з яе падранымі свіннёю ніткамі. Сваім лямантам над імі, як па нябожчыку, яна збірае ўсю вёску, а потым вёска кладзецца ад смеху з яе. Вось Казюк, які кожную раніцу перад каморнікам і Лявонам разыгрывае сваю камедыю, а потым смяецца разам з усімі. Лявон цяпер новы чалавек з рэалістычным поглядам на жыццё, ён бачыць людзей такімі, як яны ёсць, і любіць іх не менш, чым раней, таму што гэта чалавечы свет з яго непазбежнымі драмамі і трагікамедыямі, з непазбежнасцю шэрых будняў і незаўважнай цяжкай працы.

Такім чынам, у цэнтры аповесцяў «У чым яго крыўда?» і «Меланхолія» — рух і развіццё духоўнага свету героя ад рамантычнай узнёсласці і адарванасці ад рэчаіснасці — да разумення складанасці, супярэчлівасці і драматызму, трагікамізму жыцця. Аўтар па-мастацку даследуе станаўленне асобы, якая прагне яснасці, праўды, хараства, згоды са светам і з сабою. М. Гарэцкі пераконвае, што рамантычнае светаўспрыманне — неабходная ступень у развіцці высакароднага чалавека. А ўслед за ёю павінна прыйсці больш сталае, спакойнае ўспрыманне жыцця, яго драматычных калізій.

У вырашэнні праблемы, як адбываецца такое развіццё, якія яго стымулы і ступені, як канкрэтна выяўляецца асоба ў пераломныя моманты, ёсць і яшчэ адзін бок — гэта жывапісанне нацыянальнага характару. Рахмана-задуменны, удумлівы, поўны хутчэй унутранага дзеяння, чым знешняга, даверлівы і шчыры, сарамлівы юнак-рамантык аказваецца вельмі моцным духоўна. Ен здольны перажыць, перапрацаваць у самім сабе сваю драму, перапакутаваць і выйсці да разумення народнага філасофскага погляду на асновы жыцця, народнага характару, без чаго немагчыма плённая работа па ўдасканаленню рэчаіснасці. 3 рамантыка дрэнны перабудоўшчык. Ен увесь час злуецца на жыццё, на людзей, якія не паспяваюць за яго марай, ідэалам, ён схільны падганяць жыццё, людзей у іх нетаропкай хадзе.

Новы погляд Лявона на жыццё выяўляецца ў няспешнай манеры апавядання аб старым каморніку, гаспадыні і яе дочках Стэфці і Міхасі, аб Казюку і Стасюку, аб Сымончысе і яе старэйшым сыне Франаку, калі кожны чалавек цікавы сам па сабе. Вобразы іх, пластычныя, каларытныя, маляўніча акрэсленыя некалькімі фразамі, у адным-двух эпізодах. Пераканаўча даводзіць М. Гарэцкі думку аб самакаштоўнасці лёсу і жыцця кожнага чалавека. Кожны заслугоўвае ўвагі і шкадавання, спачування. Так перад чытачом устае гуманістычны ідэал аўтара, спроба ўзяць пад абарону і апраўдаць чалавека, раскрыць яго душэўнае хараство, нягледзячы на яго памылкі, хібы, смешныя ці недарэчныя бакі натуры. Гэты эстэтычны погляд на чалавечую прыроду адкрывае нам М. Гарэцкага як мастака-гуманіста.

Першы ўрок. «1 чаго ж смутна мне? Адкуль туга мая, адкуль жаль той па нечым немажлівым, недасяжным, ці то мінулым, ці то неўзваротным?»

I. Тлумачэнне назвы. Жанрава-стылявыя асаблівасці. Кампазіцыя аповесці. Праблематыка.

Назва. Меланхолія — хваравіта-прыгнечаны стан, туга, хандра. Меланхолік — чалавек, які пакутуе на меланхолію, схільны да смутку, да змрочных думак.

Жанр можа быць вызначаны як лірыка-філасофская аповесць.

Жанравая адзнака аповесці ў тым, што гэта твор у асноўным аднаго героя, псіхалогія якога даследуецца мастаком. У творы мала падзей, яны ў большасці побытавага плана.

Стылявыя асаблівасці знайшлі сваё ўвасабленне ў тым, што эпічныя карціны займаюць менш месца, чым у папярэдняй аповесці, затое пашыраны лірычна-псіхалагічны пласт праз лісты, а то і непасрэднае выяўленне перажывання, якое даецца як цэласная карціна ў руху, як працэс узнікнення і развіцця думкі, настрою. Жыццё душы героя малюецца з супярэчнасцямі, перападамі настрояў, перажыванняў.

Аповесць складаецца з сямі раздзелаў, аднолькавых па памеры.

Кампазіцыйны прынцып пабудовы аповесці той самы, што і ў папярэдняй: чаргуюцца лірычныя і эпічныя раздзелы, лірыка зліта з філасофскімі разважаннямі. Эпічныя раздзелы малююць рэальнае жыццё людзей, дзе філасофія жыцця растворана ў самой яго плыні і зразумець яе няпроста.

У аповесці працягваецца паглыбленая распрацоўка тых жа праблем, што і ў папярэдняй. Пераважаюць філасофскія праблемы, вечныя пытанні індывідуальнага існавання: у чым сэнс жыцця? дзеля чаго варта жыць? што такое жыццё? што такое гора ў жыцці? што такое смерць? якая наша сувязь з жывымі і адышоўшымі?

Трэба падкрэсліць, што масавае, грамадскае існаванне, стыхія народнага жыцця не ставіць гэтыя пытанні ў такім адкрытым выглядзе, але пакуль яны не вырашаны ў дачыненні асобы да самой сябе, не можа быць і сацыяльнага прагрэсу, таму што ён вызначаецца сацыяльным развіццём грамады, якая складаецца з асобных людзей. Прадоўжана тэма маральнага росту, узмужнення рамантыка-летуценніка, яго звароту да рэальнага жыцця. Адлюстраваны крызісныя моманты ў духоўным развіцці асобы і іх пераадоленне.

II. Пытанні да гутаркі, да абмеркавання:

1. Якое духоўнае аблічча Лявона малюецца ў раздзеле «Сумныя лісты»? (успрыманне навакольнага свету, планы на будучыню, адносіны да панскай і сваёй народнай культуры, да Беларусі, таварыскія пачуцці і г. д.). Чаму аповесць пачынаецца менавіта з «сумных лістоў»? Іх мастацкая мэтазгоднасць у агульным руху твора? Якім стаў Лявон? Што змянілася ў яго жыцці за два з паловай гады?

2. У раздзеле «На пошце» знаходзім пашыраныя апісанні наваколля, лёсу людзей, выпадковых спадарожнікаў і сустрэчных. Як адносіны да прыроды і да людзей перадаюць духоўны свет Лявона? Выпадак на пошце. Чаму Лявон так груба, дзіка, некультурна паводзіў сябе? Чым выкліканы такія паводзіны? Што яго збянтэжыла ў рэакцыі чыноўніка на яго выхадку?

Тут трэба звярнуць увагу на тое, што моцная крыўда Лявона за наведвальнікаў пошты, простых людзей, да якіх чыноўнікі паставіліся зняважліва, патрабавала нейкага выхаду, нейкага ўчынку. Ен потым перажывае за «гэтую брыдкую гісторыю», яму сорамна перад самім сабой, што ён так абразіў чалавека: «навошта было гэтак рабіць? Што я гэтым каму давёў, што я гэтым палепшыў? Паказаў толькі сваю азіяцкую натуру і некультурнасць...» Але ў рэакцыі чыноўніка на гэтую пстрычку па носе яму пачулася, што не самі гэтыя чыноўнікі вінаватыя, яны такія самыя безабаронныя перад грубым наскокам, як і наведвальнікі пошты. Не ў іх справа. Есць якаясьці сіла, што кіруе гэтымі людзьмі, дазваляе ці прадпісвае ім гэтак ставіцца да сялян. Хто вінаваты ў пагардлівых адносінах чыноўнікаў да простых людзей?

3. Чаму пакінуў свайго патрона каморніка? («Паварот»). Чаго хоча ад жыцця Лявон? Чаго ён шукае? Ці не хоча ўцячы ад сябе самога?

4. Чаму расчараваны сустрэчай з адраджэнцамі? Чаму там не знайшоў ні Купалы, ні Коласа, ні каго іншага з паважаных супрацоўнікаў «Нашай нівы»?

5. Як і калі ўзнікла думка скончыць жыццё самагубствам?

6. Сустрэча з бацькамі, братам («Прыехаў»). Чаму ён такі безуважны да іх? Ці ёсць у яго сумненні ў правільнасці, разумнасці свайго намеру?

7. Якое светаадчуванне Лявона перададзена ў раздзеле «Малацьба»? Якую тут ролю адыгрываюць успаміны? Гэта і карціны мінулага, і родныя людзі, асветленыя пачуццём Лявона. Што гэта за пачуццё?

8. Праца на гумне. Як яна намалявана? Сустрэча з Лёксаю. Як яна трымае сябе? Думкі і пачуцці Лявона (Т. 2. С. 100). «Але нейкі, перш надта маленькі і слабенькі, клубочак прыкрасці, нездаволення і жалю цяпер рос і ўзнімаўся вышэй. Лявон і сам не сказаў бы, адкуль гэтая крыўда і гэтая прыкрасць... Можа найбольш было жалю, што ён адарваны ад простага, роднага... Што ён мае гэтыя думкі, якія мучаць яго? Можа, хацелася скінуць з сябе той смутак, тую хваробу духа, каб быць здаровым чалавекам? Найлепей было б зрабіць сабе смерць, і нават там, на чужыне, не едучы дамоў; брыдка было, што і ў гэтай справе аказаўся ён такі непаважны, што і думку аб самагубстве зрабіў цяпер такою мізэрнаю, дурною думкаю. Пустота, пустота... Болей няма нічога. А некалі ж глыбока-глыбока адчуваў салодкасць жыцця, калі бывала скарадзіў папар...» Як можна пракаменціраваць гэты ўрывак? Якія тут відавочныя адзнакі глыбокага псіхалагізму?

Другі ўрок. «Вечны спакой...» «Ці ж я жыў? ЦІ ж я змагаўся? Ці ж я шукаў новых шляхоў, калі тыя, якімі ішоў дагэтуль, не вядуць да мэты?»

I. Працяг аналітычнай гутаркі папярэдняга ўрока.

9. Што адбываецца з Лявонам на могілках? Які ход яго думак і перажыванняў, успамінаў? Ці можна назваць увесь раздзел лірычным маналогам? Чаму? Як, калі, пад уплывам чаго Лявон «вылечваецца» ад сваёй хваробы «меланхоліі»?

10. Якая агульная танальнасць раздзела «Калоніі»? Які погляд на жыццё, якое разуменне ўсталявалася цяпер у Лявона? Які ў яго настрой, светаадчуванне?

11. Жыццёвыя гісторыі, лёсы людзей у адлюстраванні М. Гарэцкага («Калоніі»). Чаму цяпер гэта адлюстраванне больш аб'ектывізаванае, больш эпічнае? Чаму тут менш лірыкі, а больш гумару, трагікамічнасці?

II. Пытанні да заключнай гутаркі:

1. « Якая аўтарская пазіцыя ў адносінах да Лявона Задумы? Да іншых людзей?

2. Як вырашана праблема станаўлення асобы? Якія псіхалагічныя, сацыяльныя, філасофскія аспекты развіцця героя раскрыты аўтарам?

3. Якая аўтарская канцэпцыя народнага жыцця, народнага, нацыянальнага характару?

4. Як вырашаецца пытанне аб адраджэнні, аб барацьбе за свабоду?

Заданні да аповесці «Меланхолія»:

1. Пракаменціраваць і растлумачыць перапады настрою Лявона на пошце. Як намаляваны наведвальнікі пошты і адносіны Лявона да іх — да паштовых чыноўнікаў і іх гасцей? Зрабіць ілюстрацыі (на выбар).

2. Пракаменціраваць у раздзеле «Прыехаў» сустрэчу з маці, бацькам, Лаўрынькам. Знайсці і адзначыць партрэтныя і трапныя псіхалагічныя дэталі. Намаляваць ілюстрацыі (на выбар).

3. Сустрэча з Лёксаю. Вызначыць дэталі з псіхалагічным напаўненнем, якія перадаюць настрой і стан Лявона і Лёксы.

4. Прасачыць змены і пераключэнні ў настроі на могілках, у размове з дзедам.

5. Як у раздзеле «Калоніі» спалучаюцца драматызм і гумар? Як паказана аўтарам пераключэнне ўвагі Лявона з сябе і сваіх настрояў на драму народнага жыцця, на трагічныя рысы ў жыцці і стаўленні людзей да іх?

6. Чаму так многа тут партрэтных замалёвак, жыццёвых гісторый, асобных лёсаў, выкладзеных адной-дзвюма фразамі?

«ЦІХАЯ ПЛЫНЬ»

Трэцяя аповесць, «Ціхая плынь», у параўнанні з папярэднімі нібы стаіць асобна, не так моцна злучана з імі. Іншы герой, Хомка, гаротнае жыццё якога аўтар прасачыў ад маленства да заўчаснай пагібелі на вайне. Ва ўсёй аповесці бачна задума намаляваць тыповага беларуса, якіх многа палягло на імперыялістычнай вайне немаведама за што, такіх маладых, такіх безабаронных. Чытаючы апопесць, увесь час адчуваеш шчымлівае аутарскае пачуццё жалю, горычы, болю за свайго героя, спагаду яму. Гаротная Беларусь узгадавала яго, яшчэ ў дзяцінстве правёўшы праз зусім дарослыя драмы, пакінуўшы цяжкія сляды ў душы, падаравала рэдкія шчаслівыя хвіліны.

Ва ўнутраным і знешнім абліччы Хомачкі выступае нацыянальны характар беларуса з яго знешняй сціпласцю, без прэтэнзій на ўвагу і асаблівае месца. Але колькі паэзіі ў яго стаўленні да жыцця, чуйнасці да людзей і ўдзячнасці за дабрыню! Сапраўды, залатое сэрца!

Паэтызуючы свайго героя, хоць і такога някідкага, М. Гарэцкі сцвярджае духоўнасць як сутнасць чалавечай асобы і яе самую як найвялікшую ў свеце каштоўнасць.

Такім чынам, трэцюю аповесць з папярэднімі злучае агульная праблема выспявання нацыянальнага характару ў розных умовах вясковай Беларусі. Уражвае глыбіня агульнай задумы аповесцей, і ў прыватнасці «Ціхай плыні». Беларуская проза 20-х гадоў не мела яшчэ вопыту такой глыбокай псіхалагічнай распрацоўкі характару, пададзенага ў развіцці, у руху да свайго здзяйснення. Аўтар нібы заглянуў у таямніцы жыцця і адкрыў для сваіх суайчыннікаў незлічоныя духоўныя скарбы народа, багатыя россыпы каларытных народных характараў, някідкіх, не размашыстых, але сціплых, засяроджаных на сваім унутраным жыцці, прасякнутых дабрынёю і вераю ў дабро.

Ен сцвярджае, што народ заслугоўвае шчасця і свабоды, самастойнага нацыянальнага развіцця, што ідэя адраджэння мае грунт, абяцае вярнуць народу пачуццё нацыянальнай і чалавечай годнасці, узбагаціць духоўнае жыццё.

Праз эпічныя карціны, абмалёўку характараў дзеючых асоб відаць адметны аўтарскі пункт гледжання на жыццё, на чалавечыя лёсы, разуменне складанасці духоўнага існавання асобы. За гэтым досыць акрэслена бачна гуманістычная сутнасць твора, маральны і эстэтычны ідэал аўтара.

Заданні да аповесці (1, 2, 3 — да першага ўрока):

1. Вызначце, якімі стылявымі сродкамі ствараецца разгорнутая карціна сівой мінуўшчыны?

Вызначце рытм фразы, знайдзіце інверсію (I, II абзац), звярніце ўвагу на чаргаванне карцін (II абзац — краскі, III абзац — карціны). Якую ролю адыгрываюць замалёўкі цяперашняга жыцця?

2. Знайдзіце лірычныя адступленні, звароты да чытача ў раздзеле «Герой гісторыі». Вызначце іх ролю ў стварэнні своеасаблівага каларыту жыцця, агульнага гучання гэтага раздзела. (3 лірычнага адступлення, звароту да чытача пачынаецца II частка аповесці: «Ці даводзілася вам... », «Ці траплялася вам...», «Ці здаралася вам...», «Ах, гэтыя перашкоды ў вольнай творчасці...»

Эпічныя малюнкі сагрэты душэўнай цеплынёй аўтара-апавядальніка.)

3. Паспрабуйце зрабіць ілюстрацыі да раздзелаў «Герой гісторыі» і «Горкая прамудрасць» ці выберыце адну з карцін і апішыце яе вусна. Прасачыце за гукавым суправаджэннем вашай карціны.

4. Напішыце сцэнарый ці рэжысёрскі план-каментарый пастаноўкі «Выпадак на заезным двары» (аб прапажы падпінка).

5. Падрыхтуйце каментарый да аднаго (любога) з кірмашовых эпізодаў.

Першы ўрок. «Цяпер яно — забыта шумным светам і ціха спіць». «Гэта ўжо не плач — гэта песня роспачы...» «О, бірка, бірка! Колькі за цябе пралілося горкіх дзіцячых слёз...»

I. Жанравыя, стылявыя, кампазіцыйныя асаблівасці. Задума. Праблематыка.

Адрозненне гэтай аповесці ад першых дзвюх у большым стылявым адзінстве. Тут знікаюць прыкметы суб'ектыўнага, настраёвага апавядання. Эпічны малюнак з першых старонак твора набывае мноства фарбаў і рытмічных паваротаў. Велічная эпічная карціна сівой мінуўшчыны малюецца шырокімі павольнымі мазкамі. Старадаўнасцю з яе размеранай, няшпаркай хадой вее і ад сённяшняга Асмолава. Здаецца, волаты павінны вырастаць на гэтай зямлі. Але пісьменнік на шырокім, сапраўды эпічным фоне малюе жыццё занядбанай вёскі і гісторыю Хомачкі, гаротнага беларускага хлопца з трагічным лёсам. 3 ім звязаны і шматлікія лірычныя адступленні, якія надаюць суроваму эпічнаму палатну мяккасць і паэзію.

Гісторыя адразу набывае адзнакі абагульнення, тыповасці абставін і характару. Так складаюцца нібы тры слаі, тры гарызонты апавядальнага матэрыялу, тры яго плыпі — мінуўшчына, якая праглядвае ў пакінутых са старых часоў прыкметах старой культуры, сённяшняе Асмолава, гаротнае, жабрацкае, і чалавечы лёс, які не можа быць не трагічным у такім заняпалым, забытым богам краі. Але і сюды дацягваюцца рукі рэжыму, каб на вайну забраць моладзь, загубіць яе ў чужым далёкім полі немаведама за што.

Пра што аповесць? Пра лёс народа, пра лёс чалавека. Нейкая варожая сіла гне народ, вынішчае яго сыноў, Прадчуванне гэтай адгадкі мы бачылі ў М. Гарэцкага ў папярэдняй аповесці, калі Лявону адкрылася, што не самі людзі, канкрэтныя людзі, вінаваты ў такім ладзе жыцця. Так паступова перад чытачом адкрываецца задума аповесці-даследавання. Чаму такі трагічны лёс у Хомкі? Можа, характар героя яго прадвызначае? I пісьменнік даследуе характар, сацыяльныя ўмовы, псіхалогію не толькі самога героя, але і акаляючага чалавечага свету. Кампазіцыя раскрывае логіку гэтага даследавання.

«Герой гісторыі» — аб маленстве героя на фоне галечы;

«Горкая прамудрасць» — аб вучэнні ў бірцы;

«Школа жыцця» — праца з бацькам, заезны двор, гісторыя з падпінкам, знявага;

«Млявыя сненні» — цяжкае жыццё пастушка, патравы, сон, гнеў гаспадара;

«Кірмашовыя прыемнасці» — пра такія рэдкія шчаслівыя хвіліны ў жыцці Хомкі;

«Парогі» — дарога на вайну і пагібель.

Аўтар нібы сам праходзіць разам з Хомкам па жыцці, праз яго драмы. Як вынік мастацкага даследавання паўстае характар беларуса — безадказнага працаўніка, цярплівага гаротніка, у сэрцы якога дабрыня і паэзія, любоў і гатоўнасць цярпець і несці ўвесь цяжар жыцця. Разам з гэтым і спадзяванне на лепшае і жаданне шчасця і дабра. Апаэтызаваны вобраз Хомкі, атулены аўтарскай спагадай, жалем, вырастае ў чытацкім уяўленні ў маштабную фігуру. Гэта народ. Гэта душа народа.

Варта звярнуць увагу на кампазіцыйную зладжанасць і суразмернасць твора.

II. Работа над тэкстам аповесці.

Выступленні вучняў, якія загадзя рыхтавалі першае і другое заданні. Выразнае чытанне ўрыўкаў з раздзелаў «Забыты край» і «Герой гісторыі». Тлумачэнне малюнкаў (трэцяе заданне).

2. Гутарка па тэксце раздзела «Горкая прамудрасць». Як Хомка трапіў у школу? Вызначце, чым ствараецца пластычнасць сцэн у школе. (Выразныя дэталі, трапныя выразы, агульны настрой раздзела.) Дзе бачна, што пісьменнік з любасцю малюе дзіцячыя вобразы? Як раскрываецца ўбоства духоўнага свету настаўніка, яго рабская натура праз «метады выхавання і навучання»? Як ставіцца пісьменнік да «новага» метаду настаўніка? Дзе гэта асабліва пераканаўча паказана? Як пісьменнік раскрывае сэнс перавучвання дзяцей на чужую мову?

(У іх нішчаць павагу да блізкіх, да жыцця, што ўзгадавала дзяцей, стараюцца прывіць пагарду да «нялюдскай» мовы. Такім чынам нішчаць аснову, на якой і можа вырасці пачуццё ўласнай годнасці чалавека.)

3. Пытанні да гутаркі па раздзеле «Школа жыцця». Чаму раздзел пра падарожжа са спіртам і заезны двор названы «Школа жыцця»? Што гэта за школа? Як пісьменнік малюе адносіны паміж людзьмі? Як створана поўная драматычнага напружання сцэна пошукаў падпінка? Якія маральныя выдаткі жыццёвай навукі? (Усе людзі нядрэнныя, і спагадныя, і добрыя. Гэта і гаспадыня заезнага двара, і старыя сяляне, але ўсе чамусьці падпарадкаваліся больш злоснаму, нядобраму, удзельнічалі ў зневажэнні хлопчыка і яго бацькі. Вось псіхалагічная загадка. Чаму ніхто не заступіўся за пакрыўджаных, не дапамог? Што перажывалі Хомка і яго бацька?)

Абмеркаванне сцэнарыя ці рэжысёрскага плана (папярэдняе заданне).

Другі ўрок. «Сненні, поўныя бясконцага змагання, надзей і перашкод, паглынулі ўсю ўвагу, скавалі розум...» «Да ўсіх казаць нейкія найласкавейшыя словы, усім рабіць нешта найпрыямнейшае жадаецца яму».

I. Працяг гутаркі па тэксце раздзелаў: «Млявыя сненні», «Кірмашовыя прыемнасці», «Парогі».

1. Чаму нас агортвае вострае пачуццё жалю, спагады, калі чытаем «Млявыя сненні»? Як аўтар будуе гэты раздзел? Якія малюнкі сялянскай працы разгорнуты тут? Як яны чаргуюцца? Як у сненні ўрываецца рэальнасць? Чаму ў раздзеле шмат пейзажаў? Як яны дапамагаюць стварыць вобраз Хомкі?

II. Абмеркаванне каментарыяў да розных эпізодаў з раздзела «Кірмашовыя прыемнасці».

III. Пытанні да гутаркі:

1. Калі Хомачка адчувае сябе шчаслівым? Як ён ставіцца да людзсй? Як яго характарызуюць адносіны да Гануткі? Як на працягу ўсяго раздзела мяняецца настрой Хомачкі? Як пісьменнік гэта тлумачыць?

2. Чаму да апошняга раздзела «Парогі» ўзяты такі эпіграф? Якая агульная танальнасць гэтага раздзела? Адчуванні Хомачкі, яго думкі на вайне. Як намалявана трагічная карціна пагібелі Хомачкі?

3. Як у аповесці раскрываецца аўтарская пазіцыя, аўтарскае стаўленне да героя? Як малюецца маральны і эстэтычны ідэал пісьменніка?

IV. Падагульненне па трох вывучаных аповесцях.

1. Што, на ваш погляд, аб'ядноўвае тры аповесці ў цыкл? Якія агульныя стылявыя рысы вы адзначылі ў гэтых творах? ІІІто агульнае ў іх задуме, праблематыцы, героях, аўтарскай пазіцыі ў вырашэнні галоўных праблем твораў?

2. Асоба і народ, народ і яго духоўны свет, нацыянальны характар у яго сувязях з мінулым і цяперашнім. Як, на ваш погляд, вырашаны гэтыя праблемы ў аповесцях?

3. Якія традыцыі ў развіцці нацыянальнай літаратуры замацоўваліся ці нанова закладваліся М. Гарэцкім?

«НА ІМПЕРЫЯЛІСТЫЧНАЙ ВАЙНЕ»

Кніга «На імперыялістычнай вайне», арыгінальны твор, сапраўднае адкрыццё ў беларускай літаратуры 20-х гадоў, спалучае ў сабе адзнакі дакументальнасці і мастацкага ўвасаблення. Такая яго жанравая прырода. Ваенны дзённік салдата, удзельніка баёў, уключае ў сябе яскравыя, па-мастацку выпісаныя карціны ваеннага і мірнага жыцця, мноства каларытна намаляваных герояў, акрэсленых чалавечых лёсаў. У стылявых адносінах гэта ці кароткія нататкі з поля бою, з імклівай зменай падзей, пачуццяў, калі запісы рабіліся проста пад абстрэлам, ці замалёўкі, ці шырока разгорнутыя, спакойныя, аб'ектываваныя панарамы, апісанні, ці роздумы аўтара аб убачаным, перажытым, аб жыцці наогул сагрэтыя спагадай, болем за чалавека і яго трагічны лёс на вайне. Усе яны свабодна чаргуюцца, разгортваюцца перад чытачом, змяняючы адны адных. Падпарадкаваны гэтаму кампазіцыйнаму прынцыпу, а таксама храналогіі, матэрыял «Запісак» размеркаваны аўтарам па 20 раздзелах, памерам 5 — 10 старонак кожны. Чатыры апошнія — гэта ўжо не дзённік («Абоз», «Шпіталь», «Пабыўка», «Ліст»), а мастацкае ўзнаўленне складаных, супярэчлівых абставін жыцця, зробленае пісьменнікам-аналітыкам, які імкнецца даследаваць, зразумець маладаступныя таямніцы чалавечай душы.

Рознахарактарны, багаты матэрыял «Запісак» аб'яднаны асобай галоўнага героя салдата Лявона Задумы, а найбольш — адзінствам пункту гледжання, адзінствам маральнай пазіцыі аўтара-апавядальніка ў адносінах да ўсяго, што ён бачыць і перажывае, пазнае і разумее. Самы агульны сэнс гэтан пазіцыі — у гуманным стаўленні да чалавечай асобы. Адсюль пракляцце вайне і ўсім, хто яе распачаў. Інтэлігент-гуманіст не можа прыхільна ставіцца ні да ўра-патрыётаў, ні да шавіністаў, ні да тых, хто лічыць, што на вайне ўсё можна, быццам тут адмяняюцца ўсе агульна-чалавечыя законы. Таму ён шкадуе гэтых безабаронных пад абстрэлам пехацінцаў і ездавых, і «гэтых няшчасных жмогусаў»-бежанцаў, і бедных «гарохавых» дзяцей, і тых немаладых немцаў, маці і бацьку, што бягуць знясіленыя, шукаючы свайго 15-гадовага сына, якога павезлі рускія салдаты. Пакутаю працята яго душа, калі ён бачыць, як памірае чалавек, калі даведваецца, што загінулі маладзенькі афіцэр Сізоў і камандзір батарэі, якімі ён захапляўся. Агіду выклікаюць у яго рабаўніцтва, марадзёрства, амаральныя паводзіны Шалапутава. Не ўхваляе ён і бяздумнае захапленне, якое выклікае ў натоўпу паздаравеўшых георгіеўскі кавалер, што расказвае, як ён і двое казакоў па-маладзецку, як таму здаецца, абрабавалі краму і забралі з касы ўсе грошы, прыставіўшы да горла гаспадара шаблю. Усе разнастайныя праявы чалавечай натуры, ад самых высакародных да самых ганебных, праходзяць праз душу героя-апавядальніка. Гэты справядлівы і аб'ектыўны суд распаўсюджвае ён і на самога сябе, калі ганіць свае ўчынкі, прадыктаваныя страхам падчас страшэннага абстрэлу. У гэтым пачуцці справядлівасці, аб'ектыўнасці бачна жывое сумленне апавядальніка — зарука таго, што ўсё расказанае — чыстая праўда. Так па высокім рахунку забяспечваецца пэўнасць, дакладнасць усяго зместу «Запісак». Аўтар мог бы сказаць словамі Л. М. Талстога, які ў «Севастопальскіх апавяданнях» пісаў, што яго галоўны герой, які ёсць і заўсёды будзе найпрыгажэйшы,— праўда. Адчувальна, што традыцыя Талстога ў адлюстраванні вайны і чалавека на вайне была ўспрынята М. Гарэцкім і адыграла сваю ролю ў мастацкім адкрыцці і асваенні ваеннай тэмы у новай беларускай літаратуры.

Трагічная і горкая праўда аб вайне і чалавеку на вайне выступае як аснова зместу і галоўная праблема, якая па-мастацку даследуецца ў кнізе. Лявон Задума, вольны ад ура-патрыятызму, з самага пачатку бачыць фальш і дэмагогію, якімі суправаджаюцца прамовы аб вайне. «Я задумаўся і над прамоваю камандзіра. Няўжо ж можна намовіць салдата ісці на вайну з уздымам пачуцця, каб бараніць нейкую Сербію? «Адзінаверную», калі яна далёка не для ўсіх нашых батарэйцаў адзінаверная, бо ёсць мусульмане, іудзеі, каталікі» («Пачатак»). Ясны для яго і антынародны характар вайны: «Усё гэта цяпер згіне, як згіну, можа, і я сам... ва славу... ва славу... чаго? Вызвалення «малых» народаў? А ці вызваліцца мой народ? Што яму дасць гэтая вайна?» («Мост»). У другім месцы чытаем: «Салдаты крычалі «ўра». Я маўчаў» («Дзённік», 24 ліпеня). Калі пачынаюцца баі, то адзін салдат кажа пра «паганую вайну», то другі шле ёй праклёны. Мітусня і блытаніна, адсутнасць надзейнай сувязі прыводзяць да жахлівага: наша артылерыя «палажыла сваіх казакоў і пяхоту» («Роў», 5 жніўня, ранне). Дрэнныя вынікі першых месяцаў вайны тлумачацца тым, адзначае для сябе Лявон, што ў арміі ёсць «господа офицеры», ды няма палкаводцаў.

Вайна адлюстравана так, як яе бачыць радавы салдат. Няма ні яе ідэалізацыі, ні нагрувашчвання жахаў. Гэта бясконцае капанне акопаў, страляніна, жыццё на валасок ад смерці, голад, холад, процьмы вошай. I забітыя, забітыя, параненыя. «Груды светла-сініх нямецкіх трупаў! Расшарпаныя вопраткі, прадаўленыя каскі, паломаныя карабіны і вінтоўкі... Самыя розныя, страшней адна за адну, позы мёртвых: скручаныя, ніц, наўзнак з выстаўленымі ўгору, сціснутымі кулакамі: («Роў», 5 жніўня па абедзе). Праз колькі старонак чытаем: «Не пацяшае перамога. Сумныя малюнкі! Крыжы на полі, на краях лесу, ля дарогі за канаваю. Змывае дождж слабыя карандашныя напісы» («Катастрофа», 24 кастрычніка). Побач ці ў адной магіле пахаваны і немц, і свае. «Іншыя крыжы са звязаных кіёчкаў».

Усё гэта бачыць і занатоўвае Лявон Задума, інтэлігент-грамадзянін, гуманіст. 3 першых старонак «Запісак» узнікае пытанне аб асабістай пазіцыі і становішчы неваеннага чалавека ў войску, а «вальнапісанага» асабліва. «Камандзір з нейкаю няласкаю ці пагардаю павёў галавою ў мой бок.

— Здраўствуй!

— Здраўствуйце!

Ува ўсіх прабег смех, а ў фельдфебеля і прыкрасць. Хоць я быў яшчэ ў вольнай адзежы, для іх такі адказ камандзіру быў смешан і дзік» («Лагер»). А юнкер Шалапутаў, які потым, калі пачаліся баі, паказаў сябе сапраўдным баязліўцам, дэзерцірам, дае такія рады: «Кідайце, калега, сваё інтэлігенцтва! Ведайце, што з інтэлігента салдат, як з гразі куля». Але радуючыся, што навучыўся казыраць і выконваць каманды, Лявон імкнецца застацца самім сабою, не прыстасоўвацца, а зберагчы ў такіх умовах суверэннасць сваёй асобы. Вось падрыхтаваліся да бою. «Таварышам маім, тэлефаністам, прыкра, што я ў такі момант запісваю ў сваю кніжку. Не лайцеся, чорт вас дзяры! («Роў», 4 жніўня). Але праходзіць тры тыдні, і Лявон зазначае: «Я ўсё болей пазнаю сваіх батарэйцаў... Усе салдаты са мною добрыя і чым могуць аблягчаюць мне цяжар вайсковага жыцця на вайне. Яны думаюць, што мне, як навічку і вальнапісанаму, асабліва цяжка. Між «паноў» няма столькі вялікіх душ, колькі ёсць у «простым» народзе («Аленбург», 24 жніўня, нядзеля).

Учынкі і адчуванні Лявона нетыповыя для ваеннага часу. «Тут жа ў добрай, бліскучай, з вялікім залатым арлом, афіцэрскай касцы знайшоў я недапісаны ліст забітага... Мне запякло каля сэрца, зрабілася сорамна, цяжка. Я ўлажыў ліст у каску і скарэй кінуў яе, але абдумаўся і палажыў на грудзі трупу. I тады яшчэ бачыў, што наш батарэец Талстоў, слаўны хлопец, узяў аднаго забітага немца за руку, патрымаў яе, адубелую, і ціхенька палажыў. Нашто ён гэта рабіў? Мусіць, цікавіўся, што такое мёртвы» («Роў», 5 жніўня па абедзе). I Лявон, і Талстоў бачаць тут людзей, загінуўшых, хоць яны яшчэ сягоння былі ворагамі. Другія салдаты за рэчамі не адчуваюць людзей, «пруць рыжыя, касматыя нямецкія ранцы, поркаюцца ў іх. Цягнуць адтуль з нейкай радаснай прагавітасцю і быццам небяспекаю, алавяную лыжку, мыла, ручнічок, кавалачак белага хлеба» («Роў», 5 жніўня па абедзе). Зайшоў у дом. «Дзверы адчынены, пуста, але чую: у задняй цёмнай каморцы нешта робіцца. Схапіўся за кінжал, асцярожна гляджу: аж мізэрны пехацінец, з цыфрай 106 на пагонах, капаецца лапатачкаю ў зямлі. Цягне адтуль вялікае бярэма рознага рыззя, завязанага ў посцілку, і поркаецца ў ім. Сорамна і гідка: гэта шакал. Я яму нічога не сказаў і павярнуўся на мыснічках назад. Аж улятае аграмадны чорны бусайла (таксама 106) і клапатліва басуе на парозе: «А шчо, нэма часом хусточкы?" Паскудства» («Фарты», 17 жніўня). У раздзеле «Прывалы» ёсць такая сцэна. У беднай нямецкай хатцы «салдаты нашай батарэі параскідалі, параскідалі ўсё чыста і кінжаламі ламалі вялікую скрыню, дужа цяжкую, брудную. Ніяк не маглі зламаць замка. Я абазваў іх свіннямі і хуліганамі, марадзёрамі і саромеў іх, а ім хоць бы што. Аблаялі мяне па-расійску і назвалі «вальнашляючым». Я кінуў іх і пайшоў...» (13 жніўня). Праходзіць колькі часу, і салдаты і афіцэры прызнаюць Лявона за асобу, паважаюць, таму што за высакародныя ўчынкі людзі не могуць не паважаць.

Для чалавека на вайне, асабліва маладога, які толькі пачынае жыць і пазнаваць свет і самога сябе, першыя баі — вялікае выпрабаванне. Шчыра і праўдзіва апавядае М. Гарэцкі пра свайго героя, перадае яго адчуванні са ўсімі псіхалагічнымі нюансамі. «Батарэя б'е і б'е бесперастанку. Я баюся... Я нічога не бачу скрозь запыленае з другога боку акенца. Згіну без усякае карысці. Кулі пабілі акенца, калі я трошку адхінуўся. Хаваюся за комін, трасуся, атупеў. Над самаю страхою трахнуў снарад. Ахоплены дзікім страхам, засыпаны чарапкамі ад даху, бягу наніз. Камнем валюся ў акопчык. «Смерць прыйшла»,— шэпча адзін таварыш. Старшы гняўліва акідае яго вокам. А камандзір за тонкім дрэўцам стаіць, прыкуты ля трубы і вугламеру... Толькі хрысціцца часцей. Гэты чалавек мае нязмерную мужнасць. Я смялею. Кулі як бы трошкі сціхаюць. «Па наступаючай кавалерыі!» — прарэзлівым голасам крычыць камандзір, хоць мы за два метры ад яго. Жах вісіць у паветры. Батарэя грукоча з перабоямі: штось там папсулася,— о, няшчасце! «Другое аруддзе засыпана снарадам!» — чуем перарывісты голас па тэлефоне.— «У пятым збіт прыцэл». О, няшчасце, няшчасце!» <...> «На вышкі!» — грозна роўкнуў на мяне камандзір, і ўсё ён хрысціцца. Ізноў паўзу на вышкі, як загіпнатызаваны: смерць дык смерць, абы не мучыцца гэтак. О, не! не! Жыць хачу! Госпадзі, памілуй мя грэшнага! — і хочацца хрысціцца, як камандзір, але рэшткі розуму сцюдзёна шавеляцца. А пехацінцам жа ў сто раз горш... Успамінаю родных. Мыслі блытаюцца. Во яно, акенца-смерць... Разбіваю ўсё шкло са злосцю. Свежая відаль, «Нямецкая кавалерыя ўцякае за горку, снарады кладуцца па ёй!» — ашалелым, прарэзлівым голасам крычу ўніз. Чаму я рад?» («Варшлеген», 8 жніўня, пятніца).

М. Гарэцкі не баіцца сказаць пра свайго героя, што ён часамі не можа перамагчы страх, але гераізм камандзіра, абавязак перад людзьмі, таварыскасць дапамагаюць зберагчы мужнасць, застацца чалавекам, потым нават стаць героем. Сцэны звязвання пад страшэнным абстрэлам перабітага тэлефоннага дроту — адна з самых уражлівых мясцін кнігі, праўдзівая, па-чалавечы зразумелая.

«Хадзілі злучаць па чароду — усе пабылі на валасіначку ад смерці, бо звязваць прыходзілася на гладкім полі пад страшэнным абстрэлам. 3 Беленькім пасля пятага бегання злучаць парваны провад была істэрыка. Прыбегшы, ён кінуўся ў акоп на дно, ёрзаў на спіне і як бы хацеў урыцца ў зямлю, галасіў, крычаў, лаяўся. У гэты час аглушаючы ўдар цяжкага снараду... На гэты раз быў мой чарод шукаць, дзе парваўся кабель. Я пабрыў, паглядаючы на дрот, як абрэчаны. Ізноў бухнуў снарад — адзін спераду ў мяне, другі — ззаду, у 1-е аруддзе. Людзей размяло каго куды. Я таксама заваліўся, але чаго — не ведаю. I балазе так зрабіў: асколкі зазвінелі вышэй, над галавою; а два канцы дроту я ўбачыў перад самым маім носам» («Аленбург», 27 жніўня, ранне).

Пасля першых двух баёў і перажытага атупляючага страху ён адчувае, што назаўсёды мяжа аддзяліла ўчарашні і сённяшні дзень, змянілася яго светаадчуванне: «Я жыў, але ранейшага мяне навекі няма» («Варшлеген», 8 жніўня, пятніца). На яго вачах памірае чалавек. Смерць. Смерць аднаго з батарэйцаў, Талстова, выклікае ў душы Лявона цэлы пераварот. Ен нібы зазірнуў на той бок жыцця, за тую мяжу, якая аддзяляе жывых ад мёртвых, зазірнуў у таінства смерці. У яго ўзнікла асацыяцыя з калісьці бачанай карцінай смерці сабакі, што схаваўся ад людзей, каб яго ніхто не бачыў і не трывожыў. I ў далейшым, калі лёс зводзіць яго з паміраючымі, побач з вострым шкадаваннем, жалем у яго душы ўзнікае вострая патрэба назірання, ведання, спасціжэння, як гэта адбываецца. Ен заўважае сінюшнасць на твары, «вочы замітусіліся» і г. д. Верагоднасць і дакладнасць гэтых дэталей робіць на чытача вялікае ўражанне, узнікае эфект прысутнасці пры гэтым. I няможна не адчуць жах вайны, жах перад нябытам, у які нізрынуты нядаўна жывы, рухавы, такі мілы чалавек.

Гэтым адчуваннем каштоўнасці чалавечага жыцця, асобы, павагі Лявона Задумы да жыцця і смерці прасякнуты многія старонкі «Запісак». Пра ліст забітага мы ўжо прыводзілі ўрывак, пра магілы, дзе побач ляжаць нядаўнія ворагі. Смерць напомніла, што яны перш за ўсё людзі, і ўраўняла ўсіх. Такія адносіны героя твора да жыцця і смерці сцвярджаюцца не як нешта надзвычайнае, чым варта захапляцца, а як маральная норма, як тое агульначалавечае, на чым трымаецца ўвесь свет. Намаляваны ў кнізе і іншыя сітуацыі, якія Лявон успрымае як маральную норму. Міма афіцэра-артылерыста, што некалькі хвілін назад камандаваў агнём батарэі, вядуць да санітараў параненага палоннага немца. Рускі афіцэр яму выказвае спачуванне. I гэта таксама ўспрымаецца як норма чалавечых адносін. Пакуль стралялі — ворагі. Калі вораг паранены, узяты ў палон, ён ужо не вораг, а толькі чалавек, пакута якога дае яму права на спачуванне ўсіх людзей. Высокі маральны ўзровень героя, афіцэраў, пераважнай большасці салдат, патрабавальнасць да духоўнага свету асобы з'яўляецца па сутнасці выражэннем духоўных магчымасцей народа, духоўнага зместу народнага жыцця. Так герой М. Гарэцкага выступае і як сын свайго народа, і як прадстаўнік агульначалавечай культуры.

Для Лявона Задумы характэрна найвялікшае пачуццё асабістай адказнасці за ўсё, што адбываецца, за ўсё, у чым ён удзельнічае. Малюючы поле бою, заваленае пабітымі немцамі, прыводзячы дэталі гэтай карціны, Лявон занатоўвае і сваё ўражанне: «Дыханне сцінае мне ў горле, не магу глядзець... Можа, работа нашае батарэі» («Роў», 5 жніўня па абедзе). У другім месцы, асэнсоўваючы падзеі і свой удзел у іх, аўтар дзённіка піша: «А я ж пасабляю, не — не пасабляю, а сам разам з другімі старанна забіваю людзей. Забіваю такіх жа нявольнікаў, як сам. Што гэта я раблю? Пакуль што я не адчуў усёй глыбіні гэтага жаху! Не адчуў, а толькі думаў, што тут вялікі страх, і жудасную сутнасць гэтага страху я зразумею толькі некалі пасля...» («Стаім», 29 верасня).

Адна з важных праблем твора — што такое сапраўдны гераізм, хто сапраўдныя героі. Адказ у шматлікіх замалёўках і роздумах аўтара. Захапленне выклікае камандзір батарэі, што пад абстрэлам бясстрашна кіруе агнём гармат, капітан Смірноў, які заўсёды валодае сабой. Але вось георгіеўскія кавалеры. У роздуме пра іх многа супярэчлівага («Стаім», 29 верасня). Як тэлефаністы пад агнём злучалі дрот, мы ўжо бачылі. Гэта сапраўдныя героі. Але цяпер пра сябе, Беленькага і Пашына Лявон запісвае: «Мы, тэлефаністы, дасталі іх (георгіеўскія крыжы) за той бой, калі зазвычай далёка не па-геройску спіраліся: «Ты ідзі злучаць провад!» — «А сам?» — «А ты?» — «А чарод чый?» — «А я за цябе старшы: мусіш слухаць».

«Дык у чым жа праўдзівае геройства і ці шмат пад гэтымі крыжамі герояў? Ці я, можа, нядобра разумею слова «геройства»? На сучаснай вайне — усе героі ці, лепей кажучы, няма герояў, а ёсць больш ці менш дысцыплінаванае быдла». Нельга прайсці міма і такіх разважанняў, хоць тут аўтар супярэчыць самому сабе. У другім месцы ён кажа, што, каб не вайсковая дысцыпліна ды пагроза суда за непадпарадкаванне, хто б сядзеў ці страляў пад агнём? Дык хто ж тады героі? Вось у такіх супярэчнасцях б'ецца аўтарская думка, шукаючы ісціну. Ен падкрэслівае будзённасць гераізму як звычайнай з'явы. Карцінна-геройскага мала на вайне. Чэсна выкананы абавязак у такіх жудасных умовах ужо робіць чалавека героем. Так, тэлефаністы — героі, нягледзячы на сваё «спіранне». А тыя, што пасылалі ніжніх чыноў пад агонь, а самі хаваліся, канешне, не могуць быць прызнаны праўдзівымі героямі. Не можа быць герояў за чужы кошт. Тым не менш узнагародзілі крыжамі тых, хто адседжваўся ў акопах, а на ніжніх чыноў і ўзнагарод не хапіла. Такая справядлівасць на вайне.

М. Гарэцкім створаны вельмі прывабныя вобразы салдат і афіцэраў з іх непаўторнымі рысамі знешняга і ўнутранага аблічча, асаблівасцямі паводзін. Гэта сапраўдны чалавечы свет, шматфарбны і многагалосы. Людзі застаюцца ў памяці чытача, прывабныя сваёй сціплай высакароднасцю, цеплынёй сваіх таварыскіх адносін адзін да аднаго. У адзін з драматычных момантаў бою Лявон чуе, як камандзір батарэі звяртаецца да капітана Смірнова: «Антон Антонавіч!.. Бяда з правага боку... Чатыры гарматы стаўце пад простым кутам...» Я быў блізка і пачуў. Словы тыя абпяклі мяне. А камандзір, падхапіўшы полы шыняля, сам кінуўся да бліжэйшай гарматы і схапіўся за кола разам з усімі. Умомант адна палова батарэі страляла, як і дагэтуль, проста з фронту, а другая — у правы бок, пад кутом у 90°» («Катастрофа», пасля дзённіка). Пранікнёныя словы любові, павагі, часам захаплення ідуць у Лявона ад душы пра Гіршу Беленькага, Пашына, Талстова, падпаручніка Сізова.

Як ні цяжка на вайне, але і ў такіх абставінах герой М. Гарэцкага не забываецца на сваю родную Беларусь. I ў гэтых думках Лявон Задума бачны як сапраўдны адраджэнец-дэмакрат.

«За які родны край, і наогул,— за што? Ці ж Беларусь будзе мець нейкую палёгку ад гэтае вайны? А не здарыцца так, што, дастаўшы перамогу на фронце, расійская рэакцыя ўзмацуецца і загне нас у яшчэ горшы рог? <...>

Прыйшла і «Наша ніва» за 25 верасня. Колькі радасці прыносіць мне наша друкаванае «мужыцкае» слова! Нервы мае распускаюцца... Але чаго мне саромецца, што я тут, на гэтай праклятай вайне, з нежаданымі спазмамі ў горле і прыкрымі хваравітымі слязьмі на вачах цалую лісты з дому і «Нашу ніву» з Вільні? Чаго саромецца мне? Эх вы, слёзы, слёзы, дурныя вы слёзы: не засцілайце мне вачэй. I ты, дурное сэрца, не сціскайся болем і жалем» («Стаім», 2 кастрычніка). Пасля, ужо ў шпіталі,— тыя ж пачуцці, думкі, «што край наш бедны, край наш цёмны — хвойнік, мох ды верасок, што ў гэтую проклятую нешчаслівую гадзіну заліт ён скрозь слязьмі, спавіт галечай, абязвечан, абяздолен» («Шпіталь»).

Лагічным працягам «ваенных» раздзелаў здаюцца «мірныя», асабліва «Пабыўка», перш за ўсё таму, што ўсё ўзноўленае тут асветлена тымі ж адносінамі да чалавека і да жыцця, што і ў папярэдніх. I на вайне, у акопах, Лявон не раз успамінаў маці, шкадаваў яе. Цяпер дома яго душу запаўняе злосць і прыкрасць. «Думаю, што злосць такая таму, што маці стаіць уваччу пакорная і няшчасная, а люблю яе і шкода, што яна ў такіх растоптаных, кялматых лапцях.

І так трэба жыць усё жыццё, і мучыцца — няведама на што...» Думкі з дому лятуць туды, у акопы, да таварышаў. «Бедныя, любыя!» («Пабыука»).

У раздзеле «Пабыўка» ёсць і некалькі псіхалагічных загадак, якія аўтар дае магчымасць разгадваць чытачу, намякаючы часам на сапраўдныя прычыны нелагічных паводзін свайго героя. Злосць, прыкрасць Лявона, жорсткасць, якая для яго не характэрна, але тым не менш ўвайшла ў яго душу на вайне, знаходзіць выхад у расправе над галубком. Адразу ж і прысуд самому сабе: «зірнуў на апаскуджаную такім учынкам руку...» Пасля гэтага яму пялягчэла, працаваў, размаўляў з канем:

«— Канёк мой! Гнядзенькі мой! Усё добра будзе!»

Працяг гэтага матыву жорсткасці і злосці на жыццё і безабароннасці перад яго бязлітаснасцю знаходзім у наступных сцэнах, калі б'юць і выганяюць сабаку, сварацца з нявесткаю. Сцэны намаляваны так дакладна, з такімі каларытнымі дэталямі, што запамінаюцца, патрабуюць абдумвання, асэнсавання, уражваюць агульнай танальнасцю беспрасвецця: «нядобра, прыкра, цяжка...»

Апошні раздзел «Ліст» нібы злучае, у адзіны вузел звязвае і «ваенныя», і «мірныя» раздзелы, гучыць як апошні моцны акорд усіх «Запісак». Адначасова ён усмешлівы сваім пачуццём любасці і павагі да Лявона і драматычна, высакародна спакойны, як спакойныя гэтыя людзі, прыслаўшыя яго, адданыя на волю лёсу і гатовыя з ім змірыцца. Тэма чалавечага лёсу і моцы, непарыўнасці чалавечых сувязей, яднання людзей у няшчасці чуецца тут з вялікай сілай і ўзмацняе агульнае гуманістычнае гучанне кнігі.

Першы ўрок. «Вызваленне «малых» народаў?» «Забіваю людзей. Што гэта я раблю?» «Дык у чым жа праўдзівае геройства?»

(Адлюстраванне вайны. Чалавек і яго лёс на вайне. Лявон Задума як галоўны герой «Запісак».)

I. Жанр, стыль, кампазіцыя кнігі.

ІІ. Пытанні для абмеркавання:

1. Як з самага пачатку «Запісак» і далей у нататках выражаны адносіны да вайны? Як раскрыта яе сапраўднае жахлівае аблічча — у пакутах, смерці?

2. Паводзіны чалавека на вайне. Як яны адлюстраваны ў «Запісках» у розных сітуацыях боя ці зацішша?

Якія эпізоды асабліва ўражваюць, запамінаюцца? Якія дакладныя псіхалагічныя дэталі вы можаце адзначыць? Які аўтарскі пункт гледжання на гэтыя сітуацыі, учынкі?

3. Асоба галоўнага героя. Як мяняецца яго адчуванне, успрыманне вайны, што ў ім астаецца нязменным? Як ён бароніць свой духоўны свет? Яго адносіны з таварышамі, камандзірамі, выпадковымі знаёмымі. Як у паводзінах Лявона Задумы вырашаецца праблема асабістай адказнасці чалавека на вайне? Як вырашана праблема гераічнага? Аўтарскі пункт гледжання на яе. Якой выглядае ва ўмовах вайны ідэя адраджэння Беларусі? Ці можна савярджаць, што Лявон праз вайну праходзіць як дэмакрат-гуманіст. верны сваім ідэалам? Што пра Лявона мы даведваемся з раздзелаў «Абоз» і «Шпіталь»?

Другі ўрок. «Заб'юць цяпер... I к ліху новае жыццё... Ну і чорт яго бяры, такое жыццё,— не шкода...»

(Лявон Задума на пабыўцы.
Жыццё беларускай вёскі ў час вайны. )
I. Гутарка па раздзелах «Пабыўка», «Ліст».

1. Якая агульная танальнасць гэтага раздзела («Пабыўка»)? Чаму так цяжка на душы ў Лявона? Чаму няма (ці ёсць?) узаемаразумення з бацькамі, чаму ён на усё злуецца?

а) Якія новыя бакі вясковага жыцця адкрываюцца нам у эпізодзе ў Самусёвых? Як словы Самусіхі: «Пад'ясі, дзеткі... Ць! Без ялавічыны, ды на сваёй печы, то лепей, мой ты Панаська» перадаюць пагляд народа на вайну? А адказ Панаські: «Гаршы не будзе... Праваліся яна тут наскрозьдоння, свая печ!»?

б) Як зразумець і ацаніць учынак Лявона, калі ён забіў галубка? Як гэты ўчынак звязаны з «ваеннымі» і «мірнымі» сцэнамі?

в) У хаце. У чым прычыны агульнай незадаволенасці, зласлівасці? Чаму гоняць і б’юць сабаку, нявестка б'е дзяўчынку, усе сварацца? Якое ўспрыманне, разуменне прычын гэтага бязладдзя відаць у самім узнаўленні гэтых праяў жыцця? у роздумах Лявона аб іх?

2. Які агульны тон ліста таварышаў да Лявона? Чым дапаўняе ліст нашы ўяўленні аб лёсах людзей на вайне, аб адносінах салдат і афіцэраў адзін да аднаго, усіх іх да Лявона? Успомнім, як капітан Смірноў загадаў усе рэчы Лявона, у тым ліку кнігі, запісы, сабраць (гэта ў абставінах баёў!) і адвезці яму ў шпіталь.

II. Абагульняючая гутарка аб кнізе «На імперыялістычнай вайне».

1. Цэнтральная частка кнігі пабудавана як дзённік салдата з датамі, запісамі аб часе дня (ранне, па абедзе), аб дні нядзелі. Які мастацкі эфект гэтых дэталей?

2. У першых чатырох раздзелах («Лагер», «Пачатак», «Мост», «Дзённік») і апошніх чатырох («Абоз» «Шпіталь», «Пабыўка», «Ліст») няма баявых сцэн у 12 сярэдзінных — многа падзей, герояў. Ці выпадкова такое размеркаванне матэрыялу «Запісак»? Якія рысы М. Гарэцкага-мастака тут бачны?

3. Праблематыка і аўтарская пазіцыя ў кнізе. Якія з праблем кнігі маюць агульначалавечы змест, якія — прыватнае значэнне? якія вырашаны канчаткова, а якія трэба аднесці да «вечных»? Як і ў чым выяўлена гуманістычная пазіцыя аўтара ў дачыненні да свайго галоўнага героя, да іншых герояў, да розных праблем і сітуацый? Якія з праблем кнігі і аўтарскіх адносін трэба прызнаць надзённымі і ў наш час?

4. Сувязь з традыцыямі рускай літаратуры.

III. Падагульненне настаўніка па творчасці М. Гарэцкага.

1. Адметнасць мастакоўскага погляду на жыццё і чалавека. Пастаноўка самых «цяжкіх» і надзённых пытанняў эпохі. Лявон Задума як нацыянальны характар.

2. Мастацкая дасканаласць прозы М. Гарэцкага. Жанравая і стылявая навізна твораў. Кампазіцыйнае майстэрства аповесцей і «Запісак». Моўнае багацце.

Заданні да кнігі «На імперыялістычнай вайне»:

1. Прасачыце па ўсёй кнізе паводзіны і лёс якога- небудзь героя з салдат ці афіцэраў.

2. Пейзажныя замалёўкі ў «Запісках». Якую мастацкую ролю яны адыгрываюць у раскрыцці тэмы вайны, у перадачы светаадчування герояў?

3. Сны Лявона. Іх ідэйна-мастацкая роля.

4. Ідэйна-мастацкае значэнне такіх вобразаў, як юнкер Шалапутаў, афіцэр Пупскі, падпалкоўнік Гноеў.

5. Чаму ліст таварышаў Лявона пастаўлены аўтарам у канцы кнігі, а не раней, напрыклад, пасля раздзела «Шпіталь»? Якія вашы асабістыя назіранні над кампазіцыйнай зладжанасцю кнігі «Запісак» у цэлым ці асобнага раздзела? Якая тут мастацкая логіка і мэтазгоднасць?

Урок пазакласнага чытання. Апавяданні «Літоўскі хутарок», «Рускі», «Габрыелевы прысады», «Стары прафесар» ці інш.

«РОДНАЕ КАРЭННЕ»

У апавяданні «Роднае карэнне» Максім Гарэцкі ўзнаўляе жыццё дакастрычніцкай вёскі ў жывых, рухомых, шматфарбных малюнках побыту, працы, задушэўных гутарках герояў. Перад чытачом разгортваюцца рэальныя карціны з мноствам мастацкіх дэталей, якія дапамагаюць дадумаць цэлае, здагадацца пра тыя бакі жыцця і людскіх стасункаў, што пазначаны гэтымі дэталямі.

«— Ну й пісара знайшоў бацька сабе,— уголас загаварыў Архіп, ніяк не могучы разабраць словы ў пісульцы.

Ен (...) вылаяў у думцы пісаку, што, нягледзячы на добры сялянскі пачастунак і пяць капеек, так дрэнна піша пісьмы, саўсім нечытэльна...»

У некалькіх радках перад чытачом паўстае скрозь непісьменная вёска і адзіны «пісака» ў ёй, якога яшчэ трэба пачаставаць ды заплаціць яму, ды і той не дужа які майстар пісаць пісьмы.

«Архіп спаў доўга і смачна. Ноччу сніў нешта, хто яго знае якое, але, прачнуўшыся, нічагусенька не помніў. У хаце нікога не было, толькі чутна — у прысценку за дзвярмі маці ляпала ў качарэжніку вілкамі. Блінамі пахла... Сонейка гуляла снапамі па настольніку і па старэнькіх абразах. У куце гарэла лампадка. На вуліцы, чутна, гаманілі, седзячы на бярвенні, старыя і хлопцы».

А вось адчуванні ў роднай сям’і, асяроддзе, у якім натура героя павінна раскрыцца паўней.

«Радавалася сэрца старога бацькі яго, як пойдуць на сенакос яны: хлапец-работнік Восіп, сын і сам стары Нупрэй.

Сала возьмуць, бліноў матка напячэ, вады ў біклажцы набяруць, выйдуць утрох на дзесяціну ў Дуброўках, у паноў дзе сенакос купілі.

Восіп уперадзе, а студэнт ззаду, не паддаецца, гонар мае. Толькі й чутно: ўжык-ўжык-ўжык...

Скіне студэнт і брыль з галавы, і расшпіліцца, і расперажацца, хоча плячо ў плячо з работнікам харошьш ісці.

Вясёла! Вецер сарочку паддувае, халадзіць. Скакунцы — стрык-стрык-цырр...— песеньку пяюць. Пад кустом жупаны ляжаць, і пясчанка з бруском стаіць, і Разбой іх сцеражэ, звіўся там».

Усё багацце вясковага асяроддзя пададзена праз успрыманне галоўнага героя Архіпа Лінкевіча, студэнта-медыка, які едзе ў родныя мясціны з яўна «асветніцкай» мэтай — развеяць забабоны, разагнаць туман чартаўні, што запанавала ў новай бацькавай хаце.

Душа галоўнага героя, чуйная да прыгажосці прыроды, адклікаецца на змену пейзажу.

«Лес кончыўся. Выехалі ў поле. Дарога пайшла роўная. Архіп залюбаваўся прыгажосцю летняга вечара. Сэрца ласуна да красы забілася дужэй у маладых грудзях яго. Наўкруг было так ціхамірна і так па-нябеснаму святочна і прыгожа. Цямнела. На захадзе гарэла зара...

Абапал дарогі было жыта ў копах і на карэнні, што не паспелі яшчэ зжаць. 3 аржанішча нёсся прыемны жытні пах. 3 логу ціхі, цёплы ветрык тхнуў сенам. На небе паказалася зорачка, другая, трэцяя...

Праехалі мосцік, ярына пайшла, а на полі цямней ды цямней. Усё неба зорамі гарыць, дзіўнае, пекнае!

Чароўнае хараство разліта ў ім...»

Як відаць, пейзаж зліты з адчуваннем героя.

Асаблівай увагі заслугоўвае натуральная жывая інтанацыя твора, сціплая, без прэтэнцыёзнасці або ўяўнай шматзначнасці. Проста і ясна разгорнута ў апавяданні жыццёвая рэальнасць, у якой толькі неспакушонаму розуму ўсё можа здацца да канца зразумелым і вытлумачальным. Сутыкнуўшыся з таямнічымі з'явамі, герой М. Гарэцкага імкнецца не толькі іх разгадаць. Яго розум і душа звяртаюцца да ўсеагульных загадак чалавечага існавання. I тады за ўяўнай прастатой і немудрагелістасцю падзей чытачу адкрываецца глыбіня аўтарскага мастацкага, філасофскага асэнсавання жыцця і чалавечай асобы. Робіцца бачным маральна-этычны і эстэтычны ідэал пісьменніка.

Задума і праблематыка. У апавяданні «Роднае карэнне» (1913) выкладзена філасофія чалавечага жыцця, не якія-небудзь асобныя яго пытанні, а цэласны погляд на свет, на прызначэнне чалавека, на сэнс яго існавання на зямлі. Духоўныя асновы народнага жыцця, гарманічная сістэма каштоўнасцей народа пададзена аўтарам праз нескладаныя побытавыя сітуацыі, праз самабытныя характары вяскоўцаў, галоўнага героя — студэнта-медыка Архіпа Лінкевіча. Асабліва цікавы пункт гледжання аўтара на крыніцы духоўнасці. Не студэнт-медык — адукаваны чалавек — нясе духоўнасць у вёску, а сам ён вучыцца ў вёскі, убірае ў сваю душу багаты духоўны і маральны вопыт народа. Гэта не толькі высновы і гатовыя сфармуляваныя запатрабаванні і думкі, да якіх прыходзяць людзі з народа, але гэта і пакутлівы роздум над вечнымі загадкамі жыцця і смерці, і шлях да асэнсавання свайго чалавечага прызначэння, да ўсведамлення ўсеагульных сувязей чалавека з сусветам.

Паэтыка назвы апавядання раскрываецца перад чытачом не адразу. Сувязь з родным карэннем — з роднымі, з вёскай, з яе людам, з яе паўсядзённым жыццём, з яе духоўным грунтам — добра адчуваецца героем. Але ў пачатку апавядання ўсе загадкі вясковага жыцця здаюцца Архіпу простымі, варта толькі за іх узяцца адукаванаму чалавеку. Сутыкнуўшыся з імі бліжэй, ён разумее, што не ўсё так проста. Адгадкі знайсці не ўдаецца. I не толькі таму, што чартаўня часам лёгка тлумачыцца, як у выпадку са спаленымі баронамі. Есць нешта больш таемнае, магутнае, што не падуладна чалавечаму розуму. Але чалавек працуе, паўсядзённыя клопаты аб хлебе не даюць часу на доўгія засяроджаныя пошукі дзівосных разгадак. Жыццё, жыццёвы вопыт навучае чэснаму, адказнаму стаўленню да сябе, сваёй справы, свайго прызначэння, А загадкі чалавечага існавання застаюцца. Аўтар сцвярджае, што яны пакутлівыя не толькі для адукаваных, інтэлігентных людзей, а і для простага мужыка, які, меўшы розум, таксама пытае: «Што яно? Нашто яно?» і пакутуе над імі, але ўголас рэдка калі заводзіць гутарку аб іх.

Такім ходам мастакоўскай думкі пісьменнік у духоўным маштабе нібы ўраўноўвае адукаваных і неадукаваных і высоўвае іншую мерку для ацэнкі асобы — здольнасць ці няздольнасць пакутаваць гэтымі загадкамі чалавечага існавання, адчуваць складанасць і неразгаданасць сусвету ці ўяўляць усё гранічна проста, як вучыць Балазевіч: «Бога няма, памрэш, згніеш, вось табе і ўсё...» Дзед Яхім проста ацэньвае такі пункт гледжання: «Ну ці не дурны! А здаецца, і дзяцюк нічога сабе, рахманы». Так, калі рахманы, то здаецца яшчэ і разумным, і разважлівым, але спрашчэнства і грубы матэрыялізм неяк не стасуюцца з розумам і разважлівасцю.

У гэтай шматзначнай заўвазе старога Яхіма пісьменнік бачыць яшчэ адзін вельмі важны, на яго думку, прынцыповы падыход. Стыхійны матэрыялізм народнага светаўспрымання ўжо пакінуў ззаду грубае і прымітыўнае тлумачэнне сусвету, жыцця і смерці, сутнасці чалавечай асобы і яе існавання. У народным светапоглядзе матэрыялізм як аснова жыццёвай гаспадарчай практыкі суіснуе з разуменнем і адчуваннем, што духоўнасць чалавечага жыцця — яго найвышэйшая ступень і мера. Ці не на гэтым грунтуецца і перакананне, да гэтага часу яшчэ жывое ў народзе, што сумленнасць — мера духоўнасці. А тады, у пачатку веку, яшчэ цяжка было ўявіць, што, адкінуўшы ўсе загадкі чалавечага існавання, цэлае грамадства кінецца па дарозе прымітыўнага тлумачэння жыцця і смерці і выраўнуе сваю жыццёвую практыку згодна з гэтым уяўленнем...

«Сівы разумны дзед», вясковы філосаф, пераконаны ў тым, што роднае карэнне глыбока сядзіць у кожным сялянскім сыне, калі ён «у людзі наўчоныя выходзіць». «Бо трудненька такому адразу прырасці ў іншым стане людзей, паркалёвых людзей...» «Ось і мучаць яго пытанні розныя...» Дзед мае свае меркаванні наконт таго, як роднае карэнне дапаможа такому «наўчонаму» збе- рагчы сваю душу і розум. «Перша-наперша трэба, каб бацькі ўкладвалі ў галаву гэтым хлопцам-вучням тое, што няхай яны не саромяцца нашых мужыцкіх меркаванняў пра божы свет слухаць. Няхай сабе мы на пагляд шэры, а, браце, душа можа быць і пад шэрым жупаном не шэрая». I ўспамінае пана Беляеўскага з Пецярбурга, які казаў: «У вас, сялян, усе кіруюцца праўду знайсці ўва ўсім. Пастух які-небудзь, слова прамовіць з панам не можа — забіт ці ўжо натура такая ў яго да схоўкі прыхільная,— а каб пабачыў яго душу пісьменнік які, ці там архірэй, ці хто такі, ён бы здзівіўся і пазайздраваў».

Цікава прыгледзецца да мастацкага спалучэння філасофскага і бытавога пластоў у апавяданні. Вельмі яскравыя, каларытныя замалёўкі побыту, шматзначныя дыялогі ў натоўпе, мастацкія дэталі перадаюць подых вясковага жыцця, атмасферу вёскі, сям'і Лінкевічаў, іх сацыяльнага статусу сярод сялян. Сумяшчэнне бытавога і філасофскага планаў пачынаецца з першых старонак твора — з ліста пра новую хату, у якой нельга жыць. Побытавыя падрабязнасці пра адсутнасць мэблі, пра зэдлік пад акном, пра грубку, на якой спаў батрак,— усе гэтыя дэталі ўяўляюць бытавы фон, на якім з'яўляецца таемная сіла, а потым, у часе навальніцы,— маланка, пажар: «пярун чорта забіў», як кажуць сяляне.

«Немалыя клубкі дыму чорна-сівага выбіваліся праз страху новую саламяную, чырвоныя язычкі полымя з хцівасцю і прагавітасцю рупліва лізалі бярвенне, кідаліся ўбок і наводзілі сваёй маўклівай і незразумелай руплівасцю-рухавасцю думку аб вечным і безадказным, думку: адкуля ўсё і што яно?» Так філасофскае пытанне нараджаецца з назірання жывой, рухомай карціны.

Далей, калі малюецца здарэнне з ваўкамі, Архіп думае, што стары Яхім чараўніцтвам ці гіпнозам адвёў небяспеку. Але дзед раскрывае больш празаічную прычыну і тым расчароўвае студэнта. Дзівы дзіўныя здаюцца таму, хто не ведае жыцця прыроды... Але і ведаючы, дзед Яхім кажа пра меру чалавечай цікаўнасці: «...колькі трэба ведай, а ў вялікае не залазь, а то каб шыю, бывае, не скруціць. I не думай, што яно такое простае... Што няма нічога...» «Адно астанецца людзям навекі святою загадкаю — гэта тварэц наш найвышні. Каб не было дано людзям гэтай загадкі, не было б і чалавечага жыцця... Прапалі б людзі».

У кантэксце спалучэння бытавога і філасофскага пластоў твора толькі і можа быць зразуметы сэнс трох наказаў старога Яхіма Архіпу Лінкевічу. У іх — гуманістычны, агульначалавечы сэнс, цэлая праграма бескарыслівага служэння вялікай справе, праграма лёсу працаўніка-асветніка. «Першае, што кажу я табе, гэта — чытай, галубец, у кніжках і ў разумных людзей пытайся, як жылі раней нашы тутэйшыя людзі... Споўніш гэты загад — у жыцці не ашукаешся, будзеш ведаць, што рабіць трэба. I ніякая, братка, чартаўня, ніякія думы чорныя не змогуць цябе. А другое: часцей у роднае гняздзечка залятай, дык не будзе яно здавацца табе страшным, і не пабяжыш ты, спужаўшыся, уцякаць ад яго, калі, часам, пачуеш ад каго дурнога або цёмнага і скрыўджанага нараканні няправедныя, нахабшчыну на справу і працу тваю. А яшчэ дадам: не забывай ты ў горадзе, дайжа ў добрай таварыскай бяседзе за салодкімі напіткамі ды смачнымі дарагімі стравамі, не забывайся ты запытаць у сябе: «А можа, цяпер у каго скарынкі хлеба няма?» I ведай тады, што адным енкам ды стагнаннем бядзе людской не паможаш... Помні, каб другога вызваляць, трэба самому крэпкім быць, на сілы не ўпадаць, а то і самога затопчуць...»

...Ехаў Архіп Лінкевіч, медык-матэрыяліст, каб разгадаць чартаўню і пасмяяцца з цемры і забабонаў, а спаткаўся з такімі невырашальнымі праблемамі, што сам пасталеў, стаў іначай глядзець на свет, у яго з'явілася тое, што можна было б назваць гістарызмам мыслення. У пачатку апавядання, чытаючы бацькава пісьмо, Архіп сумуе з прычыны адсталасці вёскі ад усясветнага прагрэсу.

«Як многа слаўнага ў нашых вёсках, сёлах, а тым часам яны непарушна-мёртвыя ў жыцці. Час ідзе — угары, у воздусі лётаюць аэрапланы, дырыжаблі;...усё ідзе шпарка наперад, толькі нашу вёску, як абросшы мохам камень каля шляху, з мясціны не скранеш...Сумна, сумна». Так і закрадаецца думка, каб паскорыць яе рух да прагрэсу!

У канцы апавядання чытаем: «Памысліў студэнт і замаркоціўся...» Але ўжо з іншае прычыны.

«I трыста і чатырыста гадоў назад таксама дуў ён тут, ветрык, і таксама калыхаў-цалаваў траўку сумную і маўклівую... толькі цуда-машыны не было». Ход жыцця Архіп Лінкевіч цяпер ужо ўспрымае як нястрымны паступовы працэс, а тэхнічныя цуды не закранаюць яго свядомасці.

Так даволі выразна выступае перад чытачом аўтарская канцэпцыя жыцця і чалавека. Сапраўды, чалавек робіцца інтэлігентам, калі б'ецца над «праклятымі» пытаннямі і глядзіць не толькі наперад, але і добра ведае мінуўшчыну. Тады ў яго не з'явіцца самаўпэўненасць, што ён адзіны такі на свеце, лепшага і разумнейшага няма, не было і не будзе, ён першы ўсё зразумеў і адкрыў. Гуманістам, кажа пісьменнік, можа быць толькі чалавек з гістарычным мысленнем, які, усведамляючы сваю прыналежнасць да чалавецтва, імкнучыся да прагрэсу, думае і пра маці, заўважае, «якая яна спрацаваная, вочы ўваліліся, уся быццам шчапіна, а ўсё капашыцца, клапоціцца...» А ў вясёлую хвіліну запытацца ў сябе: «А можа, цяпер у каго скарынкі хлеба няма?»

У кампазіцыі апавядання выразна адбілася задума твора. 3 сямі частак у першых пяці разгортваецца сюжэт пра таямніцы і малюецца жыццё вёскі.

I. Ліст і рэакцыя Архіпа на звесткі з дому.

II. Дарога дадому з балаголам, успрыняцце пейзажаў.

Таямнічыя агні.

III. Раніца ў хаце і разгадка тайны агнёў.

IV. Ноч у новай хаце. Думкі Архіпа пра навуку і жыццё. «Праклятыя» пытанні.

V. Сны Архіпа пра цуды, павер'і. Навальніца. Пажар. Размовы вяскоўцаў аб чараванні.

Сюжэт спачатку пачынае разгортвацца як бытавое апавяданне з таямнічасцю і неспадзяванымі адгадкамі. Філасофскі план апавядання намячаецца яшчэ ў чацвёртай частцы, у роздумах Архіпа аб жыцці, дасягненнях навукі і «праклятых» пытаннях «не толькі як яно, але і адкуль яно».

«Мы не ведаем, што будзе пасля нашае смертухны, а на гэтым свеце на ўсё адгадкі знайсці не можна, шукай ні шукай... I гора, вялікае гора таму, хто захоча хоць на адзін момант, адным вокам зазірнуць на той бок заслоны! Яму адзін шлях к разгадцы, шлях страшны і, галоўнае, няпэўны, няпэўны шлях, і гэты шлях — смерць».

У пятай частцы падаюцца сны Архіпа як адгалоскі павер'яў, забабонаў, як адбітак векавечнага імкнення народа да праўды-справядлівасці, як адбітак веры ў перамогу свету над цемраю. Разам з тым і як пранікненне за тую заслону, што зачынена для жывых.

У шостай і сёмай частках філасофская праблематыка апавядання робіцца галоўнай, але не губляе сувязі з сялянскім побытам, з паўсядзённасцю, на якой трымаецца вясковае жыццё. У пачатку шостай часткі чытаем пра «грошы-страхоўку» за спаленую маланкай хату, пра зямельную рэформу. Тут знаходзім шматзначныя радкі, міма якіх у сённяшніх грамадскіх абставінах прайсці нельга:

«Людзей прадпрыімных, рухавых і здольных душыла жыццё абчэственскае. Ані паляпшэнне якое ў полі зрабіць, ані лепшага сорту жыта пасеяць, ані дабрэйшую жывёлу прыдбаць. <...> А за кожную драбніцу брэшуцца, за шкоду няўмысную і незаметную лаюцца, як агалцелыя.

Эх, бяднота, бяднота, бяднота! Да чаго ж ты даводзіш чалавека! I жалка, і горка, і крыўдна...

3 лепшых людзей робіць цар-голад звяроў, сумлення не маючых.

Пачалі сяляне варушыцца, аб хутарах зюкаць».

Далей даведваемся, што разважлівы і асцярожны Архіп гутарак з сялянамі наконт хутароў не заводзіў, каб не нашкодзіць бацьку. Потым ідуць даволі сціслыя малюнкі працы, у якіх пераважаюць настроі, адчуванні, думкі Архіпа і яго бацькі.

Цікаўнасць студэнта да таямніц і неразгаданых пытанняў ураўнаважваецца захапленнем жывым жыццём, жывымі людзьмі, любай вёскай. Роднае карэнне добра мацуе яго душу да жыцця, да яго скарбаў.

У той жа шостай частцы, відавочна, размова Нупрэя, свата Яхіма і кума Міхася падымаецца да сапраўднай філасофскай вышыні ў разуменні і вытлумачэнні з'яў рэальнага жыцця, канкрэтных лёсаў рэальных людзей — сыноў вёскі, што імкнуцца да навукі. Тэма родных каранёў як невычэрпнай крыніцы высакародства і творчых сіл асобы гучыць тут вельмі выразна і кідае свой адбітак на тыя раздзелы апавядання, што папярэднічаюць гутарцы вясковых філосафаў. Павага і любоў Архіпа да сваіх родных, да вёскі, жаданне служыць Беларусі асэнсоўваецца ў кантэксце гэтай сацыяльнай і філасофскай тэмы.

У сёмай частцы па-філасофску накіраваны розум дзеда Яхіма раскрываецца ў яго разуменні дапытлівасці студэнта, у наказах, звернутых да Архіпа. Стары нібы бласлаўляе хлопца на працу, на сумленнае служэнне народу як на справу ўсяго жыцця. Разам з тым філосаф аказваецца добрым знаўцам прыроды, чалавекам назіральным, вопытным, што добра відаць у прыгодзе з ваўкамі.

Назіранні за кампазіцыйнай пабудовай асобных мясцін можна было б пашырыць, паказаўшы вучням, як з чаргавання некаторых малюнкаў узнікае новы сэнс — падтэкст — тое, што не выказана проста, але ўспрымаецца чытачом, як, можа, і неўсвядомленае да канца адчуванне ці думка.

На пачатку сёмай часткі размова ідзе пра тое, як Архіп з дзедам Яхімам едуць па цёмным лесе на станцыю.

«Дзед ціхенька сцёрбаў пугаю і думаў, каб даў бог хутчэй перабрацца праз лес і выехаць па поле. За вярсты паўтары направа цягнулася Вялікая Патапеча: балота, мох, купнік, зараслі. Там яшчэ вадзіліся ваўкі, і ўвосень і ўзімку праязджаць без прыпасу было страшнавата.

Архіп думаў аб матцы. Праваджала яго... Дзяржалася доўга, але слёзы пацяклі самі... Буйныя-буйныя, як боб. «А можа ж, я і не ўбачу больш цябе, мой сынулечка, мой Архіпачка...» I ноччу, мусіць, плакала. Эх- хо-хэ!

— Гаў-ву-ву...— глуха і нема завыў хтось далёка на Патапечы.

— Дзедку! Чуеш? Выюць... Ваўкі?

— Ды не, не, сабакі дурэюць у Буліне; там вялікая вёска Буліно».

Тут кампазіцыйна ўдалае стыкаванне трох малюнкаў: думкі дзеда пра магчымую сустрэчу з ваўкамі, успамін Архіпа пра маці, з'яўленне ваўкоў — высякае, нібы агонь з крэсіва, думку ці адчуванне, што матчына любоў, дзедава дабрыня, асцярожнасць і вопытнасць выратуюць хлопца.

Стыль і мова апавядання заслугоўваюць асобнага разгляду. Каларытная, багатая інтанацыямі фраза будуецца з арыентацыяй на гутарковую мову.

« — Ну й коні ж твае! 3 крупадзёркі на шкуру прадалі, ці што? — запытаўся Архіп у балагольшчыка, дзівуючыся, што едуць яны — цішэй некуды».

«3-пад лесу нясецца-коціцца песня — жнеі ідуць ад Хаіма з падзёншчыны. I праца не бярэ маладых, красных на здароўе, круглавідых дзевак... О! песня; яны пяюць...»

«Стары Нупрэй сядзіць сабе на пні ды — кляп-клёп, кпяп-клёп — касу клепіць і радасна на сына пазірае: малады, вучоны, прыгожы і добры такі. Сам земскі, сам к яму з рукою здароўкацца першы падыходзіць. I мужыкоў, сваіх людзей, сынок не цураецца, земляка, калі трэба, усюды абароніць і чужога не скрыўдзіць...»

За адметнасцю інтанацыі прыкмячаецца адметнасць індывідуальнасці чалавека, а інтанацыйнае багацце робіць апавяданне населеным значна большым лікам людзей, чым гэта пазначана імёнамі. Чалавечы свет з яго разнастайнасцю — нібы мнагафарбны і многагалосы фон дзеяння і філасофскіх разважанняў. Такім чынам маштаб намаляваных карцін і пастаўленых у апавяданні праблем значна пашыраецца, і мы перагортваем апошнюю старонку твора з адчуваннем, што свет народнай душы адкрыўся і нам, што нацыянальны характар беларуса — рэальнасць.

***

Пытанні для абмеркавання на ўроку:

1. Як пабудавана апавяданне? Чаму яно раздзелена на некалькі частак, розных па зместу і па памерах? Дзе мы бачым замалёўкі побыту, у якіх частках сканцэнтраваны філасофскія разважанні і некаторае вырашэнне загадак? Дзе, у якіх частках выкладзены галоўныя аўтарскія думкі пра свет, пра жыццё, пра чалавечы лёс?

2. Якая мова апавядання? Ці звярнулі вы ўвагу на багацце інтанацый у творы? Падрыхтуйце для выразнага чытання ўрывак (памерам прыблізна паўстаронкі ці трохі больш), які вам здаецца асабліва багатым інтанацыямі ці асабліва выразным.

3. Як намалявана сялянскае жыццё, свет думак, перажыванняў, філасофскіх роздумаў? Чаму менавіта ў сялянскім уяўленні нарадзілася думка аб родных каранях і гэтае выразнае вызначэнне праблемы? Якой праблемы?

4. Архіп Лінкевіч. Што ён за чалавек? Як аўтар малюе яго характар у адносінах да розных загадак быцця, да родных, да працы, да вёскі і вясковых людзей? Як другія персанажы апавядання ацэньваюць Архіпа? Як аўтар ставіцца да яго?

5. Як вырашаецца праблема загадак чалавечага быцця ў роздумах Архіпа аб жыцці, навуцы, аб таямніцах? Якую ролю ў яе мастацкім вырашэнні адыгрываюць падрабязна апісаныя сны етудэнта?

6. Якая сувязь у творы паміж бытавым і філасофскім планамі? Як гэтая разнапланавасць дапамагае зразумець галоунага героя?