Нацыянальна-этычны канцэптуалізм “малой прозы” Максіма Гарэцкага

Мастацкая творчасць М. Гарэцкага пачыналася і працякала на плашчаніцы вялікага рэвалюцыйнага перавалу, той эпохі Вялікай Ломкі, калі ішоў грандыёзны працэс змены сацыяльных і духоўных каштоўнасцей, маральных і этычных установак, самога спосабу жыцця.

Напісаныя ім у гэты час апавяданні раскрывалі філасофію станаўлення сацыяльна і духоўна актыўнай, дзейснай асобы, асобы, якая імкнецца разабрацца ў анталагічных пытаннях быцця.

Героі твораў Гарэцкага, нягледзячы на вірушнасць і расхрыстанасць рэвалюцыйнай рэчаіснасці, дзе лёгка страчваюцца вера ў чалавека і надзеі на жыццёвыя перспектывы, не спяшаюцца знайсці забыццё ў светапоглядным, ідэалагічным ілюзіянізме сацыяльных, біялагічных, філасофскіх дактрын. Яны шукаюць свой шлях, на якім чалавеку хоць і нясцерпна дрыготка, балюча і страшна за сябе і наваколле, але дзе ўжо акрэсліўся накірунак на нейкі ўнутраны выток і вобраз, увасоблены ў самім чалавеку, аўтаномны ад знешніх аўтарытэтаў і павучанняў любой ідэальнай іерархіі.

Аўтар імкнецца паставіць свайго героя і працэс яго існавання адзін на адзін са светам, як, напрыклад, у апавяданні “Ідуць усе – іду я...”, без якіхсьці гарантый на знешнюю падтрымку. Дзеля дасягнення мэты мастак стварае вакол свайго персанажа адкрытую прастору, вакуум, дзе адкрэсліваецца толькі шлях героя, які ён павінен прайсці самастойна.

Інакш кажучы, М. Гарэцкі імкнецца ўвесці свайго героя ў “гістарычнае існаванне”, якое адрознае ад побытавага ці мастацка-пажаданага імкненнем дзейнічаць, а не пражываць, зададзенасцю быць, а не існаваць. У адным са сваіх артыкулаў пра творчасць М. Гарэцкага даследчык А. Рагуля зазначае: “У творах М. Гарэцкага і К. Чорнага чалавек паўстае з гістарычнага нябыту”, бо “...у беларускай літаратуры напярэдадні і пасля Кастрычніка раскрыліся заканамернасці станаўлення асобы чалавека”.

Зацікаўленнасць праблемай асобы чалавека назіраецца ў арабскай прымаўцы, паводле якой людзі больш падобны на свой час, чым на сваіх бацькоў. У гэтай арабскай мудрасці пры ўсёй яе разумнасці і дакладнасці ёсць адзін супярэчлівы, звужаны момант. Час, нягледзячы на сваю цякучасць і працягласць, заўсёды анталагічна адзіны. І чалавек, нягледзячы на сваю фізічную і псіхалагічную шматлікасць і шматформеннасць, анталагічна таксама адзіны. Чалавек не толькі вывучанае гісторыю, але знаходзіцца ў працэсе гісторыі. Ён заўсёды можа перажыць існасць любой гістарычнай эпохі (тым больш творца) у сваім часе. Таму згодна з думкай А. Рагулі, “філасофскае асэнсаванне праблем чалавека ў творах М. Гарэцкага арганічна звязана з філасофскім асэнсаваннем эпохі”.

Пры знаёмстве з апавяданнямі пісьменніка кідаецца ў вочы тая акалічнасць, што назвы іх, або канцоўкі, часта падаюцца ў форме пытальных сказаў: “Што яно?”, “У чым яго крыўда?”, “Думы мае, адкуль вы?”, “Прысады, прысады жыцця майго! Дзе вы?”.

Філасафічная завостранасць гэтых пытанняў на “вечных” праблемах жыцця відавочная. Мы заўважаем, што паглыблены псіхалагізм у звароце да унутранага свету чалавека трымаецца ў аўтара на цвёрдай упэўненасці, што ў жыцці нічога не памірае з таго, што аднойчы адбылося ці ўзнікла, ўсё якімсьці чынам захоўваецца і пры тых ці іншых абставінах можа зноў сябе праявіць. Адсюль ідуць гэтыя амаль сакральныя, эзатэрычныя адносіны скурпулёзнасці і дакладнасці да праблемы факта, нават самага дробнага, ва ўсіх яго творах.

На гэтым трымаецца яго гуманістычны, нацыянальны погляд на мастацтва і жыццё. Пісьменнік быў перакананы, што нацыянальнае быццё і стварэнне адбудзецца толькі ў адной форме – у форме панавання чалавечай свабоды, дзе свабода ёсць форма праявы любой рэчы ў свеце. Важна і тое, што М. Гарэцкі асновай усякага нацыянальнага характару лічыў чалавечую прыроду з яе бясконцымі духоўна-патэнцыяльнымі магчымасцямі, адна з якіх – магчымасць быць запатрабаваным, вартым свайго часу, сваёй эпохі існавання. Усё сказанае азначае, што трэба дасягнуць той формы, той праявы быцця – каб быць, а не існаваць у свеце. Датычыць гэта не толькі чалавека, але і нацыі, грамадства і чалавецтва ў цэлым і кожнага моманту іх існавання. Вось што на гэты конт кажа грузінскі філосаф М. Мамардашвілі: “Каб было ў свеце штосьці годнае таго, каб называцца прыгожым, справядлівым, добрым, павінны быць дасягнутыя, усвядомленыя станы духу. Унутры свету няма падобнасці ці якіхсьці набліжэнняў, любы стан аднолькава далёка і аднолькава памежна знаходзіцца ад бясконцасці”. Тэзіс філосафа на нашу думку, вельмі трапна схоплівае важнейшую мастацка-эстэтычную аснову мыслення М. Гарэцкага. Трымаецца яна на быційна-філасофскім роздуме над існым і пажаданым і праяўлена ў творчасці М. Гарэцкага ў форме праблемы “дзвюх душ”.

Амбівалентнасць чалавека мае шырокую палітру праяў душы, яго суверэннага права на пошук свайго шляхуў жыцці. Разам з тым амбівалентнасць герояў аўтара выступае і як вызначальны мастацка-творчы прыём у раскрыцці асноўнай задачы мастацтва – знайсці і выявіць той стан рэальнасці, дзе чалавек знаходзіць сваё права на існаванне, права цэласнасці. Пісьменнік далёкі ад той думкі, што цэльнасць ёсць штосьці ўраўнаважанае, фізічна і геаметрычна прапарцыянальнае, упарадкаванае. Не, цэльнасць для яго – гэта прарыў ва ўнутраны свет рэчаў, матэрыі, дзе духоўны свет герояў выступае толькі як магчымасць пробліску боскага чалавеку. Удала выкарыстаўшы біблейскі матыў дарогі, якая не можа быць шырокай для ўваходу ў рай, таму што яна заўсёды ёсць працэс індывідуальнай працы кожнай чалавечай істоты, М. Гарэцкі звяртаў увагу ў гэты крытычна абвостраны момант сацыяльных ператрусаў 1916 –1918 гадоў на духоўна-гуманістычны аспект роздумаў сваіх суайчыннікаў. Вобраз-сімвал дарогі, шляху, этапу, гасцінца – цэнтральны для многіх апавяданняз пісьменніка (“Усе ідуць – іду я...”, “На этапе”, “Габрыелевы прысады”, “Хадзяка” і інш.). Дарога з’яўляецца тым вобразам-квінтэсенцыяй, які бы генерыруе дыялектыку амбівалентнасці станаў галоўных герояў М. Гарэцкага. Дарога, з аднаго боку, ёсць вечны праект выбару, стварэння сваёй самасці, свайго я, з другога боку, дарога – вечная спакуса збівання на пратораны, шырокі тракт бляклай бясконцасці, шлях незнаходжання сябе ў свеце рэчаў. Цікавай падаецца тут праблема канфлікту ў апавяданні “Хадзяка”. Галоўны герой Янка Няпомняшчы, які больш за сорак год назад пакінуў родныя мясціны, вяртаецца пад канвоем у сваю вёску для апазнання. Але ўжо ніхто не можа апазнаць яго, хоць ён і дакладна ўказвае на ранейшыя гістарычныя факты з гісторыі вёскі. У апавяданні аўтар удала абмаляваў момант сходу вяскоўцаў, дзе яны заяўляюць:

“– Дык не прымаем цябе, чалавеча! Ідзі ты туды, дзе век свой жыў. Хто цябе ведае, хто ты такі.

– Я і сам у вас не астануся. – Не застануся, бо ўсё тут не такое, як было раней. І людзей тых даўно няма... А я думаў: во разжывуся, дасць Бог, намыю золата, царкву тут збудую, каб не хадзілі за дзесяць вёрст. А вы тут цяпер во якія”.

Але аказваецца, што за гэты час аднавяскоўцы збудавалі сабе новую царкву. Як бачым, аўтар імкнецца нам паказаць механізм глыбокай духоўнай метамарфозы, якая часта падпільноўвае людзей быццам бы і добрых, і сумленных, што ставяць перад сабой розныя высокія мэты, але на практыцы іх пажаданні і мары ёсць толькі знакі незнаходжання, непаразумення. Адбываецца працэс разрыву ісціны быцця і духоўных памкненняў героя, што стварае атмасферу пакрыўджанасці, зласлівасці. Разлад паміж існым і пажаданым ва ўнутраным свеце герояў з’яўляецца для М. Гарэцкага адным з галоўных акумулятараў і праектараў арыентацыі чалавека ў гістарычным жыцці. Для пісьменніка вельмі важна, каб энэргетыка гэтай звышмоцнай духоўнай рэакцыі знаходзіла маральна-этычную скіраванасць і праяўленасць, бо на гэтым і трымаецца свет, які знітаваны паняццямі-скрэпамі праўды, дабра, справядлівасці, прыгажосці.

У апавяданні “Габрыелевы прысады” аўтар стварае вобраз “грэшніка, баламута, п’яніцы, карцёжніка і гулякі”, якім лічылі героя людзі. Але М. Гарэцкі ўбачыў глыбока тонкую і ранімую, не прыняўшую шэрасць будзённага жыцця душу героя, які знайшоў годнае выйсце са свайго разладу з існым. Ён прысвяціў сябе, здавалася, сізіфавай працы-прыгавору – садзіць прысады на Кацярынскім шляху. Пісьменнік ужо ў 1916 годзе задаецца рытарычным пытаннем, якое хвалявала кожнага раздумнага, а таму і ўстрывожанага чалавека: “Прысады, прысады жыцця майго! Дзе вы?” М. Гарэцкі становіцца аднадумцам і суразмоўнікам свайго сучасніка і суайчынніка М. Багдановіча, які амаль у гэты ж час напісаў зварот у вершаваных радках: “Жыві і цэльнасці шукай, аб шыраце духоўнай дбай”.

Лепшая беларуская проза першага паслярэвалюцыйнага дзесяцігоддзя жывілася тужлівымі, самотнымі і меланхалічнымі думамі і настроямі таго цяжкага моманту ў жыцці чалавека. Свет для гэтых пісьменнікаў як бы згубіў сваю сэнсавую напоўненасць – страціў разуменне мэты, ісціны і справядлівасці.

Мары і спадзяванні на рэвалюцыю як панацэю ад усіх бед і праблем засталіся няспраўджанымі, нішто не змянілася ў лепшы бок, а, наадварот, усё стала яшчэ больш бессэнсоўным і песімістычным. Былі падарваны глыбінныя творчыя сілы народа, фанатычны энтузіязм той пары мог цяпер абаперціся толькі на моц і права сілы, большасці, прымусу. “У нашы часы могуць жыць у творчасці толькі фанатыкі з правага ці левага боку. Вялікі сум нашых дум перавышае патрэбу тварыць...” – так гучыць эпіграф да апавядання М. Гарэцкага “ Ідуць усе – іду я...”, надрукаванага ў часопісе “Беларускае жыццё” (1919, № 2). Назва гэтага твора з яе асноўнымі дэфініцыямі “ўсе”, “я” прымушае засяродзіцца на праблемах узаемаадносін паміж чалавекам і грамадствам, а таксама разгледзець узаемасувязь гэтых этыка-філасофскіх паняццяў з творчай практыкай пісьменніка.

У беларускім літаратурным працэсе гэтай пары выразна выявіўся канфлікт паміж крытыкамі і пісьменнікамі, што знайшло адлюстраванне ў розных дыскусіях, вечарынах, канферэнцыях, юбілеях, у рэцэнзіях і артыкулах газет і часопісаў. Не ўнікаючы ў канкрэтна-падрабязныя прэтэнзіі крытыкаў да мастакоў слова можна канстатаваць, што першыя шукалі агульнае ў літаратуры, а пісьменнікі ж, наадварот, як бы інтуітыўна баронячы творчую свабоду, найчасцей у сваіх творах паказвалі прыватнае, фрагментарнае, бытавое жыццё. Доказам гэтаму выступае тое, што асноўнымі празаічнымі жанрамі тых часоў з’яўляліся жанры “малой прозы”: апавяданне, імпрэсія, нарыс, замалёўка, мініяцюра, і гэта датычылася не толькі маладых, пачынаючых пісьменнікаў, але і тых, хто ўжо меў значны мастацка-творчы вопыт, напрыклад, Я. Колас, М. Гарэцкі, З. Бядуля. Перад літаратуразнаўцамі, мастакамі слова, філосафамі ўсё больш завострана і надзённа выступала патрэба вызначыцца з дылемай агульнага і прыватнага. У якой ступені чалавек (мастацкі вобраз) ёсць закон для самога сябе, а ў якой ступені ён частка чагосьці большага? Ці магчыма праз адну асобу (ці героя твора) зразумець існаванне чалавецтва ў яго ўсеагульнасці? Ад таго, які з прынцыпаў будзе пакладзены ў аснову вырашэння пытанняў, залежыць у многім погляд на саму сутнасць і прызначэнне літаратуры як культурна-мастацкай з’явы, а таксама філасофска-эстэтычную праблематыку пазнання і аксіялогіі быцця.

Зразумела, што такія пісьменнікі, як Я. Колас, М. Гарэцкі, З. Бядуля, знаходзячыся ў эпіцэнтры тых дыскусій, не маглі не заўважыць, што за шматлікімі філасоска-гістарычнымі ці літаратуразнаўчымі пражэктамі тых ці іншых філосафаў, палітыкаў, гісторыкаў і літаратуразнаўцаў прыхавана жаданне надаць літаратуры неспецыфічныя функцыі і ролі і тым самым пакрысе адабраць у мастакоў асноўную крыніцу натхнення і існавання – свабоду творчасці.

Адны тэарэтыкі даводзілі, што літаратура арганізуе ў выдумцы тое, што не арганізавана, а значыць, неадчувальнае ў жыцці (як казаў філосаф Лосеў – тое, што не мае сэнсу, не існуе), але патрэбна грамадству, да чаго яно мае зацікаўленасць. Іншыя ж адкрыта заяўлялі, што літаратура – зброя прапаганды, сродак дасягнення палітычных і сацыяльных мэт у больш мяккай форме.

Рабілася шмат перашкод у пошуку сапраўднага месца літаратуры ў жыцці чалавека, спазнанні яе мастацкага прызначэння. Гэта патрабавала ад людзей, адданых мастацтву па прыродзе свайго таленту і навучання, шмат вытрымкі і моцы духу.

Вядомы рускі крытык 20-х гадоў А. Варонскі, пазней рэпрэсіраваны, падчас адной са спрэчак па вызначэнні паняцця літаратуры выказаў слушную думку: “Літаратура ёсць адзіны сродак – “падымання завесы” фізічнай рэальнасці ці агульных ісцін. Калі шчасце і дабрабыт чалавека залежыць ад цвёрдага ўсведамлення ім гэтага свету, – пісаў крытык, – то літаратура – гэта самая “рэальная” яго дзейнасць”.

Вось гэта задача “падымання завесы” прыватных дэталей, каб заўважыць агульныя ісціны, была вызначальнай у метадалогіі творчасці М. Гарэцкага. У яго апавяданнях 20-х гадоў актыўна скарыстоўваецца мастацкі прыём, які М. Бахцін назваў “пераадольваннем матэрыялу”, бо сам твор застанецца толькі наборам слоў ці банальным павучаннем, калі не зможа свердзіцца як агульнасць, самадастатковасць, гарманічная напоўненасць. Гэтую напоўненасць аўтар знаходзіць не ў жаданні і падвесці сюжэт пад абагульненую канцэпцыю, патрапіць у густ новай вялікай ідэі, а праз уменне падсвяціць у цемры і змроку будзённасці сапраўдную рэальнасць – быццё. Кожны вобраз, кожная рэч у такой “падсветцы” атрымліваюць права на самарух, на самараскрыццё згодна іх ідэальнаму прызначэнню.

Так, у невялічкім апавяданні “Злосць”, напісаным у 1920 годзе, пісьменнік, здавалася, на дробным бытавым здарэнні раскрыў тэму праяўлення сусветнай злосці, якая імкнецца запоўніць душу аднаго чалавека, але падрыхтавана і гатова вырвацца, перарасці ва ўсеахопны шквал злосці і нянавісці.

Лютая злосць, якую спаганяе хутаранец Васіль Арцямінак на бедным парсюку з асабістага падворка, трапіўшага яму ў нядобрую часіну, набывае сімвалічнае значэнне.

М. Гарэцкі выдатна, псіхалагічна тонка падбірае парадыгму дробных непрыемнасцей героя, з’ядноўваючы яе з агульным роздумам аб існаванні і праяўленасці зла. Д’ябальскае, злоснае ў Васілю, на думку пісьменніка, не столькі мае характар містычнай праявы (“а чаму я гэткі нарадзіўся”), колькі раскрываецца як агульны фон жыцця чалавека, у якім ідзе вечная барацьба дабра і зла. Выразна мы адчуваем гэта ў паводзінах герояў. Адразу ж пасля жорсткай расправы з парсюком Васіль “схапіў сякеру і ішоў барджэй у ляда, да вечара, не еўшы, церабіць кусты і краіць сэрца за сваю нялюдскую злосць”. А яго жонка Васіліха тут жа пасылае малодшага сына з абедам да бацькі.

Аглядаючы літаратурную спадчыну М. Гарэцкага, заўважаеш, што аўтар як бы свядома ўхіляецца ці пазбягае буйных празаічных форм (рамана, эпапеі), пры, здавалася, вялізных творчых магчымасцях і назапашаным, матэрыяле. Чым гэта патлумачыць? Творчай манерай, неспрыяльнымі гістарычна-жыццёвымі праявамі лёсу – усё гэта так . Але нам здаецца, што за гэтым прыхавана прынцыповая мастацкая пазіцыя пісьменніка на зломе часу, дзе чалавеку адводзілася самае незайздроснае месца ў грамадстве – быць не гаспадаром жыцця, а вінцікам, дзе татальнае, агульнае ўшчэнт знішчала асобу з яе правам на сваё слова, сваё “я”, дзе парушаўся прынцып, вядомы яшчэ ў старажытнасці: “Эйдас рэчы не ёсць толькі абагуленасць яе асобных элементаў. Ён абавязкова яшчэ ёсць і нешта адзінкавае”.

У адным з апошніх пісем да жонкі Гарэцкі прызнаваўся: “Канчаю апрацоўваць “Камунараў...” Цяжка мне іх пісаць да друку, усё баюся, каб не зрабіць якой памылкі ў асвятленні”. Але ж гэтая “памылка” ў асвятленні была зроблена даўно, калі мастак слова не пажадаў упісвацца ў агульны кандуіт марксісцкага погляду на гісторыю, грамадства і чалавека, на канцэпцыю агульнага і прыватнага. Асноўны савецкі тэарэтык рэвалюцыйнага марксізму 20-х гадоў М. Пакроўскі так вызначаў ролю чалавека ў гісторыі: “Мы, марксісты, не можам разглядаць асобу як творцу гісторыі. Для нас асоба ёсць такі апарат, праз які гісторыя дзейнічае”. Адсюль вынікала, што пісьменнік павінен быць заўсёды настроены ў лад з вялікімі гістарычнымі ісцінамі, якія акумулююцца ў партыі, народных масах. Пісьменніцкі дар нізводзіўся да ступені рамеснага майстэрства, майстар слова не павінен быў адрознівацца ад любога іншага чалавека. Талент рабіўся буржуазным забабонам. Выразна гэта можа адчуць у апошняй прыжыццёвай рэцэнзіі літкансультанта Ільінскага на рукапіс “Віленскіх камунаў”, дасланай М. Гарэцкаму з рэдакцыі. Адной з парад, якую даваў літкансультант, было пісаць “не выпячивая роли автора в первом лице, а рассказывая, как было...”

Непрымальнай была творчасць М. Гарэцкага для марксісцкіх крытыкаў яшчэ па той прычыне, якую выказаў даследчык Г. Лелевіч: “Агульнае (змест) павінен першынстваваць над прыватным (формай). Зразумела, што знаходзіць ідэю цэлага ў канкрэтных вобразах магчыма толькі прааналізаваўшы ідэю”.

Рэчы, у тым ліку і мастацкі вобраз, і ўсё, што мае індывідуальную існасць, на думку такіх тэарэтыкаў, не павінны былі мець уласцівасцей самаруху, самаразвіцця. Рух індывідуальных, адзінкавых прадметаў мог адбывацца толькі пасля таго, як пройдзе працэс іх “арганізацыі”. Вельмі выразна гэты працэс можна разгледзець у довадах М. Бакуніна, у яго поглядзе на чалавека. “Індывідуальнасць павінна прайсці шлях, павінна знікнуць, каб стаць “асобай”, і гэты рух... ад прыватнага да агульнага адбываецца праз “справу”. Адсюль неабходна было зрабіць вывад, што рэальнае існуе і дзейнічае толькі там, дзе ёсць агульнае, “арганізацыя” прадметаў. У такім кантэксце зразумелыя трывогі М. Гарэцкага наконт свайго твора “Віленскія камунары”.

У адным з апавяданняў 20-х гадоў пад рытарычнай назвай “Апостал” М. Гарэцкі адкрыта палемізуе з такімі гора-тэарэтыкамі. Ён стварае вобраз “арганізаванага” чалавека, партыйнага агітатара Курапы (партыйная клічка Жабін). Аўтарам створана была пародыя на “агульнага” чалавека. На пачатку апавядання мы даведваемся, што Курапа збіраецца ехаць “усведамляць вёску”. Але з гэтага атрымаўся поўны канфуз. Бачна, што для гераізму такіх, як Курапа, няма месца. Уваход “апостала” ў любую канкрэтную сітуацыю і жаданне злучыць яе з якойсьці сістэмай паводзін, якая б заўсёды працавала на яго жаданні і думкі, прыносіць паразу галоўнаму герою, бо кожная такая сітуацыя і змена падзей патрабуюць новага тыпу паводзін, якія нельга прадбачыць і адрэпеціраваць. У большасці выпадкаў жаданне пісьменнікаў, якія свядома ўводзілі “новых людзей”, “людзей арганізацыі” ў твор, раскрыць агульныя ідэі, генеральныя кірункі часу ў сваёй абсалютнай большасці нізводзілася да спрошчаных, шаблонных канстатацый фактаў. Аднойчы трапіўшы ў свет агульных паняццяў, ці то літаратурныя героі, ці то пісьменнікі імкнуцца гаварыць на адной, шаблонна-спрошчанай мове. Вось гэтага найбольш і асцерагаўся ў сваёй творчасці М. Гарэцкі, аб гэтым папярэджваў і гэтаму ўвесь час супраціўляўся.

Пры разглядзе прозы М. Гарэцкага адразу ж на першы план выступае яго мастацка-стылявая рыса – канцэнтраваная здольнасць і ўменне спасцігнуць і выявіць глыбінную плынь жыцця. Адным з важнейшых сродкаў творчага мыслення аўтара з’яўляецца духоўна-маральная і практычная еднасць праекцыі гістарычна-быційнай спадчыны на сучаснасць – повязь пакаленняў і лёсаў. Яго самы загадкавы і манументальны твор, які, на вялікі жаль, застаўся незавершаны, – “Камароўская хроніка” – найбольш выразна і поўна вызначае гэтую творчую адметнасць, бо яна высвечвае глыбінную паэтыку таленту пісьменніка. Паставіўшы задачу апісаць гісторыю лёсаў жыхароў роднай вёскі, пісьменнік паралельна складае і біяграфічны слоўнік сваіх герояў. Навошта аўтару спатрэбілася выказаць яшчэ і сапраўднасць факта іх зямнога існавання? Напэўна, гэтым самым ён жадае падкрэсліць значнасць, самакаштоўнасць лёсу кожнага простага чалавека, які наведаў гэты свет. Пісьменнік-філосаф усведамляў, што чалавек заўжды мае скіраванасць на самасцвярджэнне і самацэннасць, таму сюжэтна-падзейная канва твора выступае ўжо як тыпізаваны сродак гэтай рэалізацыі, з праявамі падзення і ўзвышэння чалавечай духоўнасці. Тут праглядваецца апасродкаваная сувязь з класічнай сусветнай літаратурнай практыкай, прынамсі з творчасцю У. Фолкнера. Як вядома, выдатны амерыканскі пісьменнік У. Фолкнер стварыў свой выдуманы штат – Іокнапатафу, які тыпізаваў па аналогіі з той мясцовасцю і людзьмі, з якімі жыў. Гэтай задуме ён прысвяціў усё жыццё і стварыў шмат раманаў, аповесцей і апавяданняў пра Іокнапатафу. Аднак адрозненне паміж пісьменнікамі не толькі чыста вонкавае, знешняе, фабульнае, але ў большай меры стылістычна-сэнсавае. Фолкнера ў большай частцы займала і цікавіла сама задача літаратурна-мастацкага выяўлення жыцця роднай глыбінкі. М. Гарэцкага хутчэй за ўсё цікавіла пазнанне быційнай плыні, магчымасць знікнення той мяжы, дзе ёсць жыццё і дзе ёсць мастацтва і дзе атрымаў бы рэалізацыю найбольш поўны іх сінтэз па законах прыгажосці і сапраўднасці.

У сваёй аповесці пад назвай “Ціхая плынь”, якая створана на аснове апавядання “Меланхолія”, пісьменнік праз трагічны лёс галоўнага героя, Хомкі, паказвае экзістэнцыянальны стан адчаю ўсяго народа. Аўтару ўдаецца паставіць і раскрыць тут метафізічную праблему лёсу народа і чалавека ў эпоху сусветных, глабальных сацыяльных катаклізмаў: рэформ, сусветных войн і рэвалюцый. “ – У-у-у!... – Ма-ма! Страшная безвыходнасць, пакорлівасць лёсу, гранічная скаронасць чуецца ў гэтым плачы, у гэтым асеннім дажджы, у гэтай музыцы слабага. Гэта ўжо не плач, гэта песня адчаю”. У самым пачатку аповесці Гарэцкі праз шырокую і шматвобразную сімволіку перадае трагізм і безвыходнасць жыццёвай рэчаіснасці: “ Люлі-люлі-люлі, прыляцелі куры... Не куры, а коршуны прыляцелі ў хату...” “Вар’яты-прарокі”, коршуны – гэта сімвалы тых неўсвядомленых страшных сіл, якія ўрываюцца ў жыццё народа і кожнага чалавека. Таму нямы крык падлетка Хомкі – “За што?” – працінае ўвесь твор. Унутраны бунт героя цесна судакранаецца са знешнім дэманічным бунтам-хаосам пад лозунгам-заклікам “чалавек чалавеку вораг”. Для выяўлення ўнутранага бунту і ў нечым для яго нейтралізацыі пісьменнік знайшоў вельмі ўдалы, цікавы і даволі традыцыйны фальклорна-літаратурны прыём і спосаб – сон. Напэўна, аўтар скарыстаў і літаратурна пераўвасобіў казачную інтэрпрэтацыю сну. Нагадаем вядому казку аб “Спячай прыгажуні”, дзе гераіня перажывае час ліхалецця і палону, дзякуючы летаргічнаму сну. Існавала і літаратурная традыцыя паказу праз сон як мінулага, так і будучага жыцця грамадства. Добра вядомыя прыклады – сны Веры Паўлаўны з рамана М. Чарнышэўскага “Што рабіць?” ці паэма Я. Купалы “Сон на кургане”.

Сон у творы М. Гарэцкага выступае як спосаб захавання духоўнай энэргіі для таго, каб накіраваць і скарыстаць яе ў патрэбны момант. Але чаму ж сны Хомкі такія трывожныя, дрыготкія, неспакойныя? “Крычаць бабы наяве: – Хомка! Хомка! Шпак дурны... Крычаць на полі жнеі. – Прачніся, а прачніся! – шапочуць яму кусточкі лазовыя... Прачніся! Ага, будзе бяда!”

Трывожныя сны таму, што герой трапляе ў паскораную плынь віхурнага, неспакойнага часу, які робіцца ўсё больш незразумелым, злым і жорсткім. Напачатку цяжкае, гаротнае дзяцінства, паўсядзённая нястача і забітасць сямейнай і грамадскай долі селяніна-бедняка разумеецца героем і пісьменнікам як гістарычная наканаванасць, якая ўраўнаважваецца народнай традыцыйнай духоўнасцю, хрысціянскімі маральнымі законамі, успрыняццем жыцця селяніна як вечнай нядолі і пакуты, працы і самоты. Гэта дазваляе маленькаму хлопчыку па-мудраму зразумець тыя ці іншыя ўчынкі (не заўсёды дабрачынныя) свайго бацькі і іншых людзей. Яго чулая і ўражлівая душа знаходзіла ўнутраныя сілы для асэнсавання рэчаіснасці. І нават калі жыццёвыя абставіны пераўтвараюць героя-падлетка ў працаўніка-парабка, ён і тут не даводзіць “унутраны бунт” да знешняга “чалавек – чалавеку вораг”, імкнецца зноў жа па законах дабрыні і розуму засвоіць новыя рэаліі. У А. С. Пушкіна ў адным з вершаў ёсць такія радкі: “Глыбокія хвалі плаўна плывуць. Мудрыя людзі ціха жывуць”. Тут зашыфравана глыбокая філасофская сімволіка, якая нібы стасуецца з назвай і асноўнай думкай аповесці Гарэцкага. Аднак гэтую “ціхую плынь”, глыбінныя пласты быційна-сялянскай псіхалогіі пачынаюць разрываць сацыяльныя падзеі, глыбока ўсвядоміць, асэнсаваць якія не толькі герою, але і цэламу народу не пад сілу. А ў такія моманты апаноўвае чалавека настрой, які М. Гарэцкі вынес у першапачатковую назву – “Меланхолія”. Меланхолія – гэта той жа сон, яго разнавіднасць, толькі сон наяве. Гэта спроба асэнсаваць бурлівы час па свежых слядах, пакутлівы, журботна-адчайны працэс. “Хомка зусім выбіўся з сіл, ён еле цягнуў ногі, на прывалах валіўся на мокрую траву як падкошаны, і калі б не ласкава-насмешлівы прызыў таварыша ці лёгкі штурхель, не змог бы падняцца. Яму хацелася абдумаць усё з усіх бакоў, усё зразумець, што і як, шкадаваць яму сябе ці не? А ў голаву ўсё лезлі адрыўкі якіхсьці ўспамінаў...”

Меланхолія – адна з магчымых форм існавання чалавека перад набіраўшым сілу распадам тысячагадовай сялянскай земляробчай цывілізацыі. Сялянства, вёска – не проста эканамічныя катэгорыі. Гэта самастойны свет, цывілізацыя са сваім укладам, сваёй мараллю, эстэтыкай, этыкай, мастацтвам, са сваімі духоўнымі скрэпамі, якія трымалі яе ў космасе нацыянальных, сацыяльных працэсаў.

Вось чаму меланхолія – адзін з вызначальных этыка-псіхалагічных матываў творчасці Максіма Гарэцкага 20-х гадоў. У сваім пошуку аўтар ідзе не столькі ад спрадвечнай праблемы чалавечага існавання – неадпаведнасці існага і пажаданага, а найбольш – ад трывожнага роздуму над сучасным жыццём. Гэта таксама выяўляецца ў згаданым намі раней эпіграфе да апавядання “Ідуць усе – іду я”. Як вынікае з тэксту апавядання, рэвалюцыйныя падзеі ўспрымаліся М. Гарэцкім не як эксперымент над людской масай, а як пошук святога, вялікага, запаветнага, як шлях да шчырага жыцця, “дзе ёсць не фальшывая праўда, дзе не суціхае песня аб справядлівасці”. Быць несправядлівым для пісьменніка – гэта перш за ўсё рабіць людзям зло, незалежна, знарок гэта робіцца ці неўсвядомлена, выпадкова. Яшчэ старажытнагрэчаскі філосаф Арыстоцель заўважыў розныя погляды і падыходы да разумення справядлівасці: “Па думцы адных, справядлівасць звязваецца з дабрынёй, спагадай і добразычлівасцю, па думцы іншых справядлівасць заключаецца ў тым, каб кіраваў чалавек больш моцны”. Блізкасць поглядаў пацвярджае тое, што патрэбу ў справядлівасці маюць усе і ў любы час існавання. Гарэцкі ўсведамляў, што дадзенае пачуццё ёсць лепшы спосаб зберагчы ў сабе чалавека, знайсці дакладны жыццёвы арыенцір. І кожны, стаўшы на той ці іншы бок разумення справядлівасці, павінен несці цяжар адказнасці за погляды і ўчынкі.

У апавяданні “Усебеларускі з’езд 1917 года” герой-апавядальнік знаёміцца і вядзе шчырую размову з селянінам Кузьмой, які ўдзельнічаў ва Усебеларускім з’ездзе 1917 года. Кузьма падаецца ў творы як чалавек з абвостраным пачуццём праўды і справядлівасці, з цвёрдай перакананасцю ў сваёй праваце. Перакананасць гэта грунтуецца на ўдумліва-засяроджаным пранікненні ў сутнасць назіраемых падзей і фактаў, ад падтрымкі вяскоўцаў, ад веры ў высокую годнасць свайго народа. Вось як ён гэта тлумачыць спадарожніку: “А я хоць трошкі іх усведаміў. Самі захацелі назваць кааператыў наш “Беларусам”. Ды яны не такія, як можа, падумалі... Дружныя хлопцы... З мяне яны смяюцца, але каб вы ім, браце, што сказалі супраць беларусаў... пачулі б што іншае”.

Перашкоды і страхі, якія даводзіцца пераадольваць Кузьме ў абароне сваёй пазіцыі, звязаны з палітычнымі, сацыяльнымі метамарфозамі бурлівага рэвалюцыйнага часу. Пазіцыя героя – гэта паказчык захаванасці ў народзе глыбокага пачуцця сумленнасці, дабрыні, суперажывання, якое заўсёды супрацьстаіць пагардлівай, учэпістай сіле дыктату, у якой бы маскіроўцы яна ні выступала:

“– А як на вас глядзяць бальшавікі вашае воласці?

– А хай сабе глядзяць як хочуць, я іх не баюся! Якія там бальшавікі – гора адно. Я добрых бальшавікоў яшчэ не відзеў. А таго п’янага чарнамазага падлу, што з’езд наш разагнаў, каб дзе злавіў, то зараз бы яму каюк зрабіў, хоць душагубства не люблю.

– За што ж такая злосць?

– За тое, браце, што ён біў нашых людзей, дэлегатаў біў. Дзяўчына такая, што ён і ў падмёткі ёй не варты”.

Зразумела, чаму гэты твор доўгія дзесяцігоддзі не мог быць надрукаваны. Ён нёс некананізаваны позірк на падзеі Усебеларускага з’езда і рэвалюцыі ў цэлым, падрываў афіцыйную трактоўку разумення справядлівасці і гістарычнай праўды. Аднак “вечная песня справядлівасці”, як гэта падаецца ў апавяданні “Усе ідуць – і я іду” – усё ж такі прабівае сабе шлях, яе голас-звон зноў і зноў будзе запрашэннем да роздуму на кожным новым этапе гісторыі.

Талстоўская традыцыя ў літаратуры ўсё звяраць “думкай народнай” і для М. Гарэцкага з’яўлялася вызначальнай. Яго героі, асабліва ў малой прозе, хоць і не дасягаюць той эпахальнай гістарычнай шырыні і значнасці, як персанажы “Вайны і міру”, “Анны Карэнінай” і іншых раманаў Талстога, аднак падыходзяць да гэтага праз лакальны паказ судакранання з гісторыяй. Аднак гэтым не змяншаецца эмацыянальная і псіхалагічная глыбіня спасціжэння праўды жыцця.

Звернемся да вобраза героя апавядання “Незадача” Арцёма Батрачонкава. Матрос Батрачонкаў, часовы камісар надзвычайнай франтавой камісіі, трапляе пад суд “за спекуляцыю, п’янства і шкодную для службы адлучку для асабістых патрэб на казённым самакаце”. Несправядлівасць, якая напаткала камісара пры наведванні ім бацькоў у той момант, калі фронт наблізіўся да родных мясцін, вельмі тонка аналізуецца аўтарам. Робіць гэта Гарэцкі з аднаго боку шырока ўжываючы ўнутраны маналог і развагі героя, а з другога – раскрываючы паводзіны і адносіны аднавяскоўцаў, родных і блізкіх матроса.

Пісьменнік як бы сам застаецца ў баку ад вызначэння сваіх адносін да гэтага здарэння, надаўшы аповеду стылістычна-нейтральную назву “Незадача”. Думаецца, аўтару гэтым хацелася ярчэй падсвяціць дысананс і неадпаведнасць мараў і роздумаў Арцёма з рэальнымі жыццёвымі абставінамі. Неразуменне героем сапраўдных жыццёвых рэалій і ставіць яго ў трагікамічнае становішча, дзе на кожным кроку падсцерагае незадача. Радасць і эмацыянальны ўздым, які ахапіў героя пры хуткай сустрэчы з бацькамі і аднавяскоўцамі, натыкаецца на халодную адчужанасць і неразуменне. Справа ў тым, што герой ілюзорна і дзесьці з элементам самалюбства глядзіць на многія рэчы. І нават калі радасны настрой матроса нечакана перарываецца ціхім сумам, то ён хутчэй звязаны з ірацыянальным разуменнем складанасці той жыццёвай высновы, “што паноў ужо няма і ўсё зрабілася агульнай народнаю маёмасцю”. Падсвядома ён адчувае, што быццё, яго глыбінны сэнс не церпіць простых формул і рашэнняў, а патрабуе больш удумлівага, цвярозага і карпатлівага падыходу. Нельга, проста так перасеўшы ў “панскі самакат”, адначасна палічыць ужо сябе ўладальнікам ключоў ад зямнога раю. Таму пісьменнік і пераправярае погляды і мары Арцёма народным позіркам, які раскрываецца ў паводзінах аднавяскоўцаў, іх адносінах да героя.

Прыехаўшы да бацькоў, Батрачонкаў заўважае – усе з ім пачынаюць абыходзіцца як з панам, што яго вельмі маркоціць. Жадаючы здзівіць і ўзрадаваць сваіх аднавяскоўцаў новым становішчам камісара ЧК і атрыбутам улады – аўтамабілем, ён цьмяна ўсведамляе, што гэтым самым аддаліўся ад іх, бо ў іх уяўленні займеў іншы статус, які раней належаў пану Шальновічу. “Старыя дзяды, як змовіліся, казалі яму: “Вы, Арцёмка”, або “Вы, Халімонавіч”. І як вынік: “Ніхто ў яго нічога не спытаўся, хаця спрадвеку тут вялося, што ўсякага новага чалавека, салдата, “свецкага” нейкі час проста мучылі допытамі аб навінах”. Аўтар як бы задае іранічныя пытанні: “Чаму так здарылася? Баяліся ці не хацелі?”. Бацькі, сваякі, суседзі неўпрыкмет і быццам бы знарок выступалі для камісара “рэчамі ў сабе”, закрываліся, рабіліся незразумелымі і “цёмнымі”. Усё гэта добра паказвала псіхалагічны механізм скарыстання радыкальных, сілавых прыёмаў, бо падтрымлівала ілюзію хуткага “асвятлення” народа, а саміх “Батрачонкавых-камісараў” пераўтварала ў “апосталаў” распачатка працэсу.

Партрэт такога “апостала” выводзіць М. Гарэцкі ў аднаіменным апавяданні. Гэта агітатар Жабін. Пісьменнік у гэтым апавяданні блізкі да чэхаўскай іранічнай традыцыі, наследуючы ў чымсьці кампазіцыйна-сюжэтную манеру з папраўкай на час. М. Гарэцкі працягвае развіваць у новых умовах гуманістычны сэнс і пафас літаратуры, выражаючы пратэст супраць уціску і здзеку з чалавечай асобы, якія ў новых гістарычных умовах набылі яшчэ больш страшныя і жорсткія маштабы і формы. У чэхаўскім апавяданні “Смерць чыноўніка” малюецца карціна страшнага здрабнення і скажэння асобы ў выніку яе падпарадкавання пануючым норавам. У творы беларускага празаіка мы знаходзім той жа матыў, толькі ў варыяцыі з іншым апавяданнем Чэхава “Перасаліў”. Чэхаўскі землямер Глеб Гаўрылавіч Смірноў і Жабін – героі-двайнікі па сваёй сутнасці. Абодва яны спустошаныя, духоўна збяднелыя людзі, бо думкі іх працуюць толькі па стэрэатыпу, вузкай формуле. Адзін лічыць усіх сялян бандытамі і забойцамі, другі мяркуе, што можа з кожным знайсці агульную мову і адразу перавыхаваць на свой лад. “– Далоў паноў! Іх трэба біць, як сабак. Правільна, таварыш?” – крыкнуў ён над самым вухам хурману і з палёгкаю падумаў: “Ланцуг прыкрасці трэба рра-здзірраць адразу”. Гэтае “рр” выдае рычанне і незадавальненне нядаўняга царскага дробнага чыноўніка. Бездухоўнасць, недалёкасць розуму робяцца прычынай камічных сітуацый, у якія яны трапляюць. Аднак гэты камізм у большасці сумны і трагічны. Жабін – гэта той жа чэхаўскі чыноўнік, толькі змяніўся час. Час стаў больш жорсткі і непрадказальны, таму больш жорсткімі і непрадказальнымі сталі дзеянні і ўчынкі жабіных-смірновых. Калі Смірноў толькі палохае міфічнымі рэвальверамі фурмана Кліма, то Жабін ужо рэальна пускае ў ход зброю супраць сялян. “Толькі яны завярнулі за гумно, нейкі верхавы на злом карку кінуўся з-за стога саломы к лесу. Камуніст інстыктыўна схапіўся за похву рэвальвера... – Вязі на дарогу, я ім пакажу! – крыкнуў раззлаваны Жабін, і фурманка завярнулася назад”.

М. Гарэцкі добра праглядаў тую акалічнасць, што людзі, якія прапагандуюць ідэі жорсткімі метадамі падпарадкавання і гвалту, страчваюць чалавечы воблік. Губляюць яго нават тады, калі выступаюць пад лозунгам усталявання ўсеагульнай справядлівасці, роўнасці і братэрства. Наступае так званы час містыфікацыі і метамарфозаў, час чалавека-маскі. А. Блок пісаў: “Я сцвярджаю, нарэшце, што вынік барацьбы вырашаны і што рух да гуманнай цывілізацыі змяніўся новым рухам. У гэтым руху ўжо вызначаецца новая роля асобы, новая чалавечная парода: мэта руху – ужо не эстэтычны, не палітычны, не гуманны чалавек, а чалавек – артыст; ён, і толькі ён, будзе цяпер жыць і дзейнічаць у адчыненай эпосе віхурыі буры, да якой стрымгалоў памкнулася чалавецтва”. У апавяданні-трыпціху пад назвамі “Неразгаданыя людзі”, “Сон”, “Чыстка” пісьменнік імкнецца засяродзіцца на гэтай праблеме, уводзячы яе ў шырокі сутнасны кантэкст: Што ёсць чалавек? Што складае анталагічную аснову яго як асобы? Гэта тэма не новая ў літаратуры, але для М. Гарэцкага, тонкага псіхолага і аналітыка, яна набывае сваю адметнасць, тыя вартасныя рысы, звязаныя з разуменнем пераломнасці часу. Галоўны герой апавяданняў інтэлігент Старабыльскі перажывае трагедыю жыцця, не можа прыстасавацца да новых яго норм, бо яны патрабуюць злому маральна-этычных прынцыпаў, якія лічыліся асновай духоўнай цэласнасці асобы. Аўтар выразна паказвае, што надышоў час тых, для каго маральныя нормы набывалі рэлятыўны характар. Такія людзі праяўляюць найбольшыя здольнасці прыстасавацца да любых абставін, тым больш да тых, дзе нормы гэтыя былі найменш запатрабаваныя. У першым апавяданні “Неразгаданыя людзі” праз развагі жабрака і калекі Адама Скарыны даецца характарыстыка не толькі людзям, але і часу. “Ён (Адам Скарына. – І. Ш.) ведаў, што найчасцей падаюць яму людзі сярэдняга веку, мужчыны і жанчыны, калі яны ў беднай вопратцы. Мусіць яны пачынаюць думаць пра сваю старасць, пра свой канец”. Такімі якасцямі, як міласэрнасць, дабрыня, спагада, Адам Скарына прасвечвае і правярае многія саслоўі людзей. І вось да якой высновы прыходзіць герой: “І самая цяжкая справа было зразумець яму тых людзей, якіх ён ведаў, што яны важныя, усім вядомыя цяпер людзі”. Адам прыкмячае сутнасную рысу эпохі: “...у іх цяпер такі закон: ніколі нічога не даваць жабракам, каб яны не стаялі на вуліцы”. Стары заўважыў, што “некаторыя з іх ніколі і нічога яму не давалі. Нават знаёмы камісар Бацяноўскі, былы эканом графаў Чапскіх, у якіх слугой быў і сам Адам Скарына, “толькі злосна зірнуў на яго і пайшоў, нібы пакрыўджаны”. Выключэнне складае толькі прафесар-камуніст Старабыльскі. З двух наступных апавяданняў мы даведваемся, што нялёгка прыстасавацца да новага жыцця і гэтаму герою. Яго трывожныя сны звязваюцца з маючай адбыцца чысткай, пры якой Старабыльскага павінны зняць з працы. Але ж сны – гэта мастацкі прыём, алегорыя, на што намякае нам і сам аўтар. “Думаў я: вось які мой зямляк – здаецца, сур’ёзны працаўнік, культурны чалавек, добры партыец. П’е гарэлку, верыць у сны...” Страшныя сны – гэта ўнутраны, светапоглядны крызіс чалавека, немагчымасць апраўдаць уласную годнасць і давер іншых. Гэта найбольш выявілася ў апошнім апавяданні “Чыстка”. Мы даведваемся, што герой фармальна “чысты”, можа працаваць і заставацца ў партыі, толькі гэта не дапамагае яму. Ён адчувае, што яго здрада каханай дзяўчыне – нешта больш вызначальнае, чым увесь знешні лоск адданасці новым ідэалам, бо ён ёсць фармальны вердыкт сумленнасці і адданасці і не можа прымірыць Старабыльскага з яго сапраўдным разуменнем духоўнай, чалавечай чысціні.

Характарызуючы апавяданні М. Гарэцкага 20-х гадоў, важна адзначыць яго погляд на праблему подзвігу ў час рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Пісьменнік добра разумеў, што ў пераходны час фанатычная апантанасць і вера людзей заўсёды нараджае і герояў, і здраднікаў. Але аўтару хацелася найперш паказаць, як жыў просты, сярэдні чалавек, той, хто складае аснову народа – селянін, інтэлігент, што рабілася з ім, з яго псіхалогіяй, светапоглядам. Думка, чаму асоба застаецца высокай у сваім прызначэнні, нягледзячы на тое, што ўсё, здавалася, робіцца дзеля таго, каб знішчыць яе гонар, высакароднасць, простую павагу да сябе, чалавечнасць, прыцягвала і заварожвала мастака слова. Гэты матыў добра распрацаваны ў апавяданні “У 1920 годзе”. М. Гарэцкі выразна паказвае складаную сітуацыю, што вымагала ад кожнага чалавека, які ўсвядоміў сябе беларусам, амаль гераічных высілкаў і паводзін. Гераічнасць гэта не відавочная, яна штохвілінная, будзённая, вызначаецца ў першую чаргу барацьбой за чалавечую годнасць. Сюжэтная аснова твора пабудавана на дыялогу-гутарцы былых сяброў-аднапалчан, якія сустрэліся ў 1920 годзе на “нейтральнай тэрыторыі”. Героі расказваюць пра цяжкасці, якія напаткалі іх у гэты вірушны час, калі ім прыходзілася праяўляць розныя жыццёвыя выкрутасы, каб выжыць. Аднак аўтар і герой-апавядальнік вылучаюць галоўнае з гутаркі: “У нас увесь народ за беларусаў, хоць кожны другі дагэтуль і не ведаў, што ён таксама беларус. За беларусамі цяпер пойдзець кожны селянін, бо адіх толькі ён і спадзяецца добрага”. Гэта думеа гучыць тады, калі “з аднаго боку бальшавікі, з другога палякі”, і асабліва важная тым, што накіравана на стрыжнявую аснову любой супольнасці і дзяржавы – высакароднасць і самакаштоўнасць чалавека, які толькі і можа супрацьстаяць і супраціўляцца любому жорсткаму націску і сіле, любому вірушнаму часу.

Пры аналізе апавяданняў Максіма Гарэцкага 20-х гадоў неабходна адзначыць, што пісьменнік змог улавіць карэнныя праблемы сацыяльнага жыцця ў самых, здавалася, простых і звычайных праявах паўсядзённасці. Цікавасць аўтара да глыбіннага зместу дробязей жыцця рэалізуецца ў тонкім і вывераным аналізе характараў і сітуацый.

Раскрываемыя зменныя працэсы ў жыцці і заяўлены плённы рух грамадства да ісціны і праўды звязваліся пісьменнікам з духоўнай дзейнасцю асобы, якая не церпіць над сабой гвалту, прымусу, чужой волі і ў любым выпадку імкнецца заставацца самастойнай, незалежнай індывідуальнасцю.