Максім Гарэцкі

(1893 – 1938)

Максімава доля

Шырыня і шматграннасць яго творчых інтарэсаў, а калі дакладней – наогул талент гэтага чалавека – не могуць не ўражваць. Пісьменнік, драматург, публіцыст, літаратуразнаўца, перакладчык, крытык, фалькларыст, мовазнаўца, гісторык... І ўсё гэта ён – Максім Гарэцкі. У кожнай з гэтых галін “чалавеказнаўства” Максім Іванавіч не проста “адзначыўся”, а пакінуў след...

Свой след: адметны і непаўторны!

І такім жа, уласна кажучы, быў і яго лёс, і яго, Максімава, доля...

Ён “бачыў” жыццё ўвачавідкі – ва ўсіх яго шматлікіх і самых неверагодных праявах і выпрабаваннях. А галоўнай сваёй мэтай Максім лічыў паказ гэтага іншым. Ён сам бачыў святло ў цемры, разумеў і адчуваў вялікую духоўную моц беларуса, яго нераскрытую маральную сілу... Сам жа ішоў-крочыў па тым жыцці шляхам, які ён вызначыў, сам для сябе, “мастацкай праўдзівасці – найлепшай дарогай літаратуры нашай...”.

На двары быў 1914-ы... Вось-вось пачнецца Першая сусветная вайна. Здавалася: ці да заклікаў, ці да лозунгаў?! Аднак ён, 20-гадовы Максім Гарэцкі з вёскі Багацькаўка, што на Магілёўшыне, звяртаецца не да канкрэтнай асобы і нават не да свайго часу, а да юнай па ўзросту роднай беларускай літаратуры: “... Прозы, прозы, добрай, мастацкай прозы беларускай, дайце нам!”

З такім зваротам-заклікам да роднай прыгожай пісьменнасці ён выступіў зусім невыпадкова: якраз тады Максім напісаў драматызаваную аповесць “Антон”, роўную, як высвятляць потым даследчыкі, не толькі па манеры і задуме “Братам Карамазавым” Фёдара Дастаеўскага, але і па самаму вартаму і прызнанаму – імкненню паказаць сапраўды вялікія зрухі ў жыцці сучаснага яму грамадства, пэўную новую “філасофію” дня і будучыні... Жорсткая праўда пра беларуса – нашага земляка ў штодзённым быцці – была сказана Гарэцкім у 1910-я гады адным з першых у нашай нацыянальнай літаратуры.

Так што артыкул Максіма Гарэцкага “Думкі і развагі”, выраз з якога прыведзены вышэй, напісаў ён у тым жа 1914 годзе зусім невыпадкова: меў на гэта аўтар самае сапраўднае маральнае права...

У літаратуру – вялікую і сапраўдную – ён не ўвайшоў, а ўварваўся ў прамым сэнсе гэтага слова. Хоць і былі ў ёй насцеж расчыненыя дзверы: калі ласка, пішы, заяўляй аб сабе, выдавай кніжкі... На поўную моц тварылі ўжо Янка Купала і Якуб Колас, Максім Багдановіч і Ядвігін Ш., Цішка Гартны і Алесь Гарун, але ж колькі ніш (чытай: тэм) заставалася не раскрытых, не кранутых і таямнічых – такіх патрэбных беларускаму тагачаснаму грамадству!

– Я жыць хачу вольным жыццём – жыццём радасці, добрага вясёлага смеху і ўсяго таго, што побач з другімі творыць гармонію жыцця! – напіша-паспавядаецца Максім Гарэцкі ў “Нашай ніве” за 16 мая 1913 года. А як дакладна назваў ён той свой сповед: “Стогны душы”!

Яму было ўсяго толькі дваццаць! А душа ўжо стагнала?! Яго, таленавітага маладога чалавека, памечанага Богам! Ці не занадта ранавата? Наперадзе ж ЖЫЦЦЁ: поўнае задум, планаў, нарэшце – здзяйсненняў.

Але ж стагнала душа Душа Максіма...

Жыць вольным жыццём ён захацеў адразу ж, як толькі стаў на ногі!

... У 16-гадовым узросце Максім Гарэцкі ўзяў першы ў жыцці бар’ер: перамог у вялікім конкурсным адборы і стаў навучэнцам Горы-Горацкага каморніцка-агранамічнага вучылішча. Там юны Максім упершыню ўзяў у рукі “Нашу ніву”, пазнаёміўся з творамі, падпісаннымі Януком Купалам, Тарасам Гушчам (Якубам Коласам), Змітраком Бядулем, Алаізай Пашкевіч (Цёткай)... А потым убачыў на старонках гэтай газеты і свае першыя “пробы пяра”...

Менш года папрацаваў Гарэцкі каморнікам у Літве. Пачалася Першая сусветная вайна, і ўжо напрыканцы чэрвеня 1914-га яго мабілізавалі ў дзеючую царскую армію. Уражанні вайны, прапушчаныя праз душу і сэрца творцы, знойдуць потым адлюстраванне ў дакументальным творы М. Гарэцкага “На імперыялістычнай вайне” – аповедзе аб самым нечалавечым выпрабаванні, у якім аказваецца чалавек. Твор пастаўлены крытыкай і даследчыкамі ў адзін рад з “Севастопальскімі апавяданнямі” і “Вайной і мірам” Л. Талстога, аповесцямі і раманамі А. Барбюса, А. Цвейга, Э.-М. Рэмарка і іншых таленавітых і непараўнальных сусветных майстроў вайсковай прозы.

Акрамя таленавітых і непараўнальных у мастацкіх і маральных адносінах запісак “На імперыялістычнай вайне”, Максім Гарэцкі стварыў таксама і такія арыгінальныя творы-палотны жыцця беларусаў, як “Камароўская хроніка”, “Віленскія камунары”, аповесці “Меланхолія”, “За што?” і іншыя.

Многія даследчыкі і вялікія знаўцы творчасці Максіма Гарэцкага не без падстаў сцвярджаюць, што самай галоўнай кнігай для яго самога павінна была стаць “Камароўская хроніка”. Цяжка, вядома ж, спрачацца з гэтым, тым больш, што закончыць твор пісьменнік не паспеў. І ўсё ж насамрэч, як адзначаў пісьменнік Міхась Стральцоў, “там быў матэрыял, назапашаны з дзіцячыхі юнацкіх гадоў, прасветлены сталым роздумам, зразуметы ў гістарычнай перспектыве рэтраспекцыі, ва ўсеўзбраенні немалога пісьменніцкага вопыту...” Пытанне: “Што гэта магло быць?” таксама задавалі і задаюць многія спецыялісты і аматары мастацкага слова Гарэцкага. І таксама выказваюць “прагнозы”: раман-хроніка, летапіс, а, можа нават, і сага, “адзначаная скрупулёзнасцю хронікі і мудрым, урачыста-наіўным ладам высокага летапісу” (М. Стральцоў)... Як бы тое ні было, “Камароўская хроніка” магла б стаць вялікім панарамным палатном беларускай нацыянальнай рэчаіснасці, тым творам, які б прынёс Максіму Іванавічу яшчэ адно – чарговае – самае сапраўднае сусветнае прызнанне.

Тым больш, што першы вопыт стварэння такога панарамнага палатна пісьменнік ужо меў: гэта была, вядома ж, хроніка “Віленскія камунары”...

... Напрыканцы кастрычніка 1923 года сям’я Гарэцкіх пераехала ў Мінск. Максім Іванавіч выкладаў на рабфаку Беларускага Дзяржаўнага універсітэта, актыўнічаў у літаратурным і грамадскім жыцці. На працягу 1926-1928 гадоў ён працаваў у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, потым – вучоным спецыялістам Інстытута беларускай культуры ў Мінску. Яшчэ раней – у студзені 1925-га – разам з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Цішкам Гартным і іншымі майстрамі беларускай нацыянальнай культуры – Максім Гарэцкі быў зацверджаны правадзейным членам (акадэмікам) Інбелкульта.

А ў сярэдзіне ліпеня 1930-га прагучала навальніца з яснага неба: Максіма Гарэцкага арыштавалі і разам з іншымі выдатнымі людзьмі Бацькаўшчыны абвінавацілі ў прыналежнасці да неіснаваўшага, міфічнага “Саюза вызвалення Беларусі”...

Прысуд: высылка на 5 гадоў у горад Вятку.

Пасля адбыцця тэрміну надуманага пакарання ён выкладаў рускую літаратуру і мову ў пасёлку Пясочня на Смаленшчыне, але праз два гады – у жудасным 1937-м, падчас новых масавых рэпрэсій – зноў быў арыштаваны.

5 студзеня 1938 года на несправядлівы па тым часе свет Боскі з’явіўся “дакумент”:

«Протокол № 85 заседания Тройки УНКВД Смоленской области», у якім адзначалася і наступнае:

«Слушали:

Дело № 13036 Кировского РО УНКВД... по обвинению Горецкого Максима Ивановича, 1893 года, уроженец д. Малое Бочачково (так у арыгінале. – Заўвага А. М.), Мстиславльского района, БССР, из крестьян-середняков, служащего, судимого.

Постановили:

Горецкого Максима Ивановича расстрелять...»

Потым яго сям’я атрымала паведамленне, што Максім Гарэцкі памёр 20 мая 1939 года ў Комі АССР. На справе ж Максіма Іванавіча, як было ўстаноўлена даследчыкамі, расстралялі 10 лютага 1938 года ў 15 гадзін у Вязьме...

Накануй яму Усявышні болей гадоў жыцця (пражыў жа Максім Іванавіч усяго толькі 45), і ён стварыў бы яшчэ не адно панарамнае палатно беларускай рэчаіснасці. Размах творчасці, глыбіня аналізу, тонкасць светаадчування ў яго былі на ўзроўні Льва Талстога – не менш! Бацькаўшчыну ж ён любіў бязмежна, тонка: з болем у душы і светлай верай у будучыню ў сэрцы – адначасова...