«Памножана будзе слава Айчыны…»
Па просьбе нашых чытачоў змяшчаем артыкул Уладзіміра Ліўшыца пра Максіма Гарэцкага, які быў апублікаваны ў кнізе «Раскопкі вакол Горацкага Парнаса». Горкі. 2001 г. С.124-147.
Горкі ў яго жыцці
У жніўні 1913 г. рэдакцыя газеты «Наша Ніва», звяртаючыся да выпускніка Горацкага каморніцка-агранамічнага вучылішча Максіма Гарэцкага, пісала: «Дужа дзякуем за Вашы творы, каторыя Вы нам прыслалі ў апошнія часы. Мы верым, што праз Вас памножана будзе слава Айчыны нашай, калі толькі агонь, каторы гарыць у Вас, будзе далей разгарацца».
Гэтыя словы аказаліся прароцкімі. Пісьменнік, вучоны, літаратурны крытык, перакладчык Максім Гарэцкі ўнёс каштоўны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры беларускага народа.
Тыя адрэзкі жыцця, якія звязаны з Горкамі, займаюць асаблівае месца ў жыцці пісьменніка. У гады атрымання адукацыі ў каморніцка-агранамічным вучылішчы Максім далучаецца да літаратуры і піша свае першыя творы. Сюды прыязджае ўжо вядомым пісьменнікам і літаратуразнаўцам, тут стварае шматлікія творы і навуковыя працы.
Першыя крокі
Нарадзіўся Максім Гарэцкі 18 лютага 1893 г. у вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павета ў сям'і малазямельнага селяніна. Брат пісьменніка, акадэмік Акадэміі навук Беларусі Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі ва ўспамінах «Слова пра брата і настаўніка» пісаў: «Вялікая сялянская сям'я бацькі і дзядзькі Якава складалася з 12 душ, жыла ў адной цеснай хаце з замшэлай саламянаю страхою, з земляною падлогаю і маленькімі акенцамі на адну шыбу.»
...Але ў гэтай хаце маленькі Максімка быў на ўсё жыццё зачараваны дзівоснымі казкамі дзядзіны Хрысцёны, ціхімі песнямі сваёй матулі Ахрасінні, у казках і песнях пазнаў ён цяжкую гісторыю сацыяльна і нацыянальна прыняволёнага беларускага народа».
...Бацькі вырашылі, каб Максім вучыўся, сам выбіваўся ў людзі...
…Амаль цэлы год, яшчэ да паступлення ў вучылішча, М.Гарэцкі жыў у Горках на вуліцы Зялёнай. А дзе ж яна? Кінем позірк на план горада, фотакопію якога даслалі нам з Нацыянальнага гістарычнага архіва Украіны. Калі супаставіць яе з сучасным планам горада, то знойдзем, што гэта вуліца імя 40-год Кастрычніка. У 1993 г. яна перайменавана ў вуліцу імя Гарэцкага.
Пісаў па-беларуску
За гады вучобы ў Горках Максім Іванавіч не толькі атрымлівае спецыяльнасць, але і далучаецца да літаратуры. Як успамінае брат пісьменніка Гаўрыла Іванавіч, у вучылішчы пад кіраўніцтвам Максіма было створана «невялікае таварыства аматараў беларускай літаратуры». Выпісвалі «Нашу Ніву», чыталі «Тараса на Парнасе», вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Актыўнымі членамі гуртка былі А.Сухі, І.Аўчыннікаў і В.Белахвосцікаў.
Цікава, што А.Сухі яшчэ ў час вучобы ў вучылішчы надрукаваў у газеце «Наша Ніва» (N19-20, 1912, 10 мая) матэрыял аб горацкай версіі аўтарства «Тараса на Парнасе».
Літаратурны гурток існаваў і пасля таго, як М.Гарэцкі скончыў вучылішча. Аб гэтым сведчыць фотаздымак членаў гуртка, які датуецца 1915 годам (ён экспануецца ў музеі БДСГА). На здымку бачна – адзін з навучэнцаў трымае ў руках газету «Наша Ніва».
Члены гуртка не толькі чыталі «Нашу Ніву», але і пісалі туды невялікія допісы. Пісаў і Максім Гарэцкі. Вядома, што з гэтых невялікіх допісаў і пачынаўся яго літаратурны шлях. А ў 1913 годзе ў газеце «Наша Ніва» з'явілася яго першае апавяданне «У лазні».
На працы
Зноў Максім Гарэцкі прыязджае ў Горкі ўжо вядомым пісьменнікам і вучоным. Працуе ў сельскагаспадарчай акадэміі загадчыкам кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі.
Да гэтага часу (да 2012 г.) на тэрыторыі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі захаваўся дом, дзе жыла сям'я Гарэцкіх. Яго дачка, Галіна Максімаўна, ўспамінала: «Наш драўляны дом, двухпавярховы, жаўтаваты, стаяў каля хімічнага корпуса акадэміі, бліжэй к дарозе, за якой спускаўся луг да рэчкі...»
У фондах дзяржаўнага архіва Магілёўскай вобласці мы знайшлі асабістую справу пісьменніка (фонд 536, вопіс 2, справа 97).
Сярод іншага там навуковую цікавасць уяўляе спіс прац пісьменніка. Зусім верагодна, што там пазначаны такія работы, якія нам невядомы. Напрыклад, рукапісная работа «Беларускі этнаграфічны зборнік, песні і прымаўкі» (з нотамі), сабраныя па ўсёй Беларусі ў 1922-1926 гг.» і артыкул «Гісторыя беларускага тэатра ў першай палове XIX ст.» Апошні быў здадзены ў альманах беларускага дзяржаўнага тэатра ў 1924 годзе. Як нам вядома, гэты альманах быў не надрукаваны.
3 дакументаў і апытальных лістоў таксама відаць, што Гарэцкі свабодна валодаў польскай мовай, а ў армію пайшоў 1 ліпеня 1914 года і служыў у артылерыі, удзельнічаў у баях і быў цяжка паранены. Прымаў удзел у з'ездзе настаўнікаў беларускіх сярэдніх школ у Вільні ў 1922 годзе – дэлегат на краязнаўчай канферэнцыі ад Інбелкульта.
Летам для збору матэрыялу М.І.Гарэцкі ездзіў у Сібір і на Далёкі Усход. Па заявах, якія знаходзяцца ў асабістай справе, відаць, што ў кастрычніку 1926 г. Гарэцкі ездзіў на літаратурную канферэнцыю, арганізаваную Беларускім дзяржаўным універсітэтам, а з 5 па 12 чэрвеня 1927 года – у камандзіроўку ў Маскву.
ПРАЦЯГ ад 24 мая 2012 г.
Чужыя ўспаміны
Аляксандр Сцяпанавіч Вечар (затым акадэмік АН Беларусі) – адзін са шматлікіх студэнтаў акадэміі, што вучыліся ў Гарэцкага. Ён успамінаў: «…Лекцыі Максіма Іванавіча вызначаліся глыбокім зместам, вялікай эрудыцыяй, народным гумарам, папулярнасцю. Праз некаторы час на яго лекцыі пачалі прыходзіць студэнты з іншых курсаў і факультэтаў.
Як ніхто іншы, ён прывіваў нам любоў да беларускай літаратуры, якую я пранёс праз усё жыццё...»
Пісьменнік Юрый Паўлавіч Гаўрук, які працаваў разам з Гарэцкім на адной кафедры, успамінаў: «Я мала ведаў людзей, якія б так любілі сваю справу, так аддаваліся ёй усёй душой. Ён вельмі старанна ўсё вывучаў і імкнуўся зрабіць здабыткам мас. Усё, што рабіў, рабіў грунтоўна, укладваючы душу».
У гэтыя гады пры акадэміі актыўна дзейнічаў літаратурны гурток –Горацкая філія «Аршанскага маладняка». Адзін з былых гурткоўцаў –М.М.Ганчарык, у будучым член-карэспандэнт АН Беларусі, успамінаў, што Максім Гарэцкі аказваў заўсёды добразычлівую аўтарытэтную дапамогу «маладнякоўцам» філіі. А ў друкарні акадэміі выходзілі іх літаратурныя творы.
Працуючы ў Горках, Максім Іванавіч падтрымліваў сяброўскія адносіны з дырэктарам бібліятэкі сельскагаспадарчай акадэміі Дзям'янам Раманавічам Новікавым. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі ў 1973 годзе рассказваў аўтару: «...Максім Гарэцкі часта заходзіў у бібліятэку .Чытаў газеты і часопісы, навінкі літаратуры. Шмат кніг браў з сабой дахаты. Пры гэтым мяне заўсёды здзіўляла шырата яго далягляда і энцыклапедычнасць ведаў.
Папрацаваўшы гадзіну-другую, ён выходзіў на прагулку. Вельмі любіў гуляць па ліпавай алеі, што расла на горцы «Парнас».
Максім Іванавіч гаварыў: «Што не кажыце, але ж дзе лепей за ўсё адчувае сябе пісьменнік, як не на «Парнасе...»
...3 вялікай ахвотай, па маім запрашэнні, прыходзіў на літаратурныя вечары і канферэнцыі чытачоў, якія арганізоўвала бібліятэка. Цікава апавядаў аб гісторыі літаратуры, аб творчасці пісьменнікаў, чытаў і свае творы».
Горацкі перыяд жыцця быў вельмі плённым для Максіма Іванавіча і як для пісьменніка. Яго дачка, Галіна Максімаўна, пісала аўтару: «...У гэты перыяд мой бацька напісаў артыкулы аб творчасці Я.Коласа, М.Лынькова, З.Бядулі. У часопісе «Октябрь» быў змешчаны яго вялікі агляд беларускай літаратуры...»
У жніўні 1928 года М.Гарэцкі пакінуў Горкі – скончыўся тэрмін, на які пісьменніка і навукоўца камандзіравалі ў наш горад.
Справа №13036
Доўгі час лічылася, што Максім Гарэцкі памёр 20 сакавіка 1939 года ў пасёлку Важэль Комі АССЕ. Але ў 1993 г. быў зроблены запыт ва ўпраўленне Міністэрства бяспекі Расійскай Федэрацыі па Калужскай вобласці. Адтуль паведамілі, што справа «По обвиненню гражданина Горецкого Максима Ивановича по ст.58, п.10, ч.1 УК РСФСР» напраўлена ў КДБ Беларусі. Дарэчы, з ёй першым азнаёміўся пляменнік М.Гарэцкага – Радзім Гарэцкі, які ў газеце «ЛіМ» (9, 16 кастрычніка 1992 г.) надрукаваў вялікі артыкул аб гібелі М.Гарэцкага.
Звычайная папка з картону з датамі: пачата 3.ХІІ.1937 г. – закончана 22.ХІІ.1937 г. У ёй павінна было быць 60 аркушоў, але 8 зніклі.
Можа, па неахайнасці тых, хто захоўваў справу, але, хутчэй усяго, нехта не захацеў, каб ведалі ўсе падрабязнасці арышту і смерці пісьменніка.
Да таго ж, няма менавіта першых старонак. Што было на іх? Мы не ведалі гэта да таго часу, пакуль даследчык М.Ільюкевіч не знайшоў у архіве ФСБ Расіі гэтыя старонкі. На іх былі так званыя «аператыўныя» матэрыялы, якія накіроўвалі органы НКУС (НКВД) на «распрацоўку Гарэцкага» (гл. Н.Н.Ильюкевич. Максим Горецкий // «Край Смоленский». 1993, №9-10).
Невядома, але хутчэй за ўсё, Гарэцкі патрапіў пад нагляд НКУС ужо пасля таго, як адбыў пяцігадовую ссылку ў Кіраве і прыехаў у Смаленск, дзе атрымаў накіраванне на пасаду настаўніка рускай мовы і літаратуры ў гарадскі пасёлак Пясочня (пазней яго перайменавалі ў Кіраў).
Дарэчы, у справе (старонка 18) і падшыта гэта накіраванне ад 31.VІІІ.1935 г. Што ж, органы НКУС забараніць працаваць М.Гарэцкаму не маглі, бо гэта быў яшчэ 1935 год. Але пад свой нагляд узялі.
На такую думку наводзіць цікавы дакумент, што падшыты пад грыфам «Абсалютна сакрэтна». У ім начальнік 5-га аддзялення 4-га аддзелу НКУС па Заходняй вобласці 9 студзеня 1937 года пісаў начальніку Кіраўскага раённага аддзялення лейтэнанту Карасёву: «Прапануем неадкладна выканаць наш N7524/5 ад 16.ХІІ.1936 г. аб Гарэцкім» (ліст17).
I лістоў з такім зместам было некалькі. У адным з іх сустракаем такі нецярплівы тон: «Калі вы не ў стане выканаць наша заданне ў адносінах Гарэцкага, паведаміце, мы выдзелім аператыўнага работніка на месца, які гэта зробіць».
Але што хаваецца за гэтымі загадкавымі лічбамі? У чым была сутнасць таго таямнічага загада. I ці быў ён выкананы? Пакуль гэта невядома...
ПРАЦЯГ ад 31 мая 2012 г.
...I вось на наступных старонках «Справы №13036» мы бачым на бланку рэдакцыі газеты «Правда» за подпісам члена рэдкалегіі Бегавога пісьмо,у якім ён 19.03.1937 г. піша ў Смаленскі абкам ВКП(б) аб тым, што рэдакцыя газеты атрымала ліст настаўніка матэматыкі і фізікі П.П.Васільева, дзе ўскрываецца варожая дзейнасць настаўніка М.І.Гарэцкага. Яна выражалася ў тым, што «на вечары памяці Леніна дакладчык, выкладчык літаратуры Гарэцкі М. І. назваў трацкістска-зіноўеўскую банду апазіцыяй і сказаў, што ў нашым грамадстве яшчэ мае месца эксплуатацыя (так у тэксце) чалавека чалавекам.
Ён у мінулым беларускі нацыяналіст, які нядаўна вярнуўся з ссылкі. Вучні ў школе робяць контррэвалюцыйныя подпісы. На плакаце аб вечары памяці Леніна напісалі: уваход 1 рубель» (старонка 7).
Праз 20 гадоў, 5.ХІІ.1958 года, калі дачка пісьменніка Галіна Максімаўна напісала Генеральнаму пракурору СССР аб рэабілітацыі бацькі быў дапытаны У.Ф.Чугуноў, намеснік дырэктара па гаспадарчай частцы. Аб П.Васільеве ён паведаміў наступнае: «Ён працаваў у нашай школе нядоўгі час..., але паказаў сябе як хваст, які шмат гаварыў, але мала рабіў.
Акрамя таго, па сваіх паводзінах ён паказаў сябе з адмоўнага боку: у Кіраве ён пражываў адзін, без сям'і, на прыватнай кватэры і часта сабе на кватэру прыводзіў жанчын. На гэтай глебе ў яго былі скандалы з гаспадыняй кватэры. Увесь выкладчыцкі калектыў школы стараўся пазбавіцца ад Васільева, і хутка ён быў зволены і з Кірава выехаў невядома куды.
...Лічу, што запіска напісана ў выніку таго, што яго знялі з працы, а ён як хваст і кар'ерыст, напэўна, хацеў адпомсціць іншым выкладчыкам». Вось такі маральны твар меў чалавек, што напісаў пісьмо ў «Правду» на М.Гарэцкага.
Прайшло амаль шэсць месяцаў, і ў кастрычніку 1937 года органы НКУС вырашылі, што кампраметуючых матэрыялаў больш чым дастаткова і што трэба арыштаваць «ворага народа» М.Гарэцкага.
У канцы кастрычніка 1937 года матэрыялы на яго разглядаліся ў Смаленску, дзе 27 кастрычніка была прынята пастанова.
«Я, начальнік Кіраўскага РА НКУС сяржант Дзярж. Бяспекі Быстроў, разглядзеўшы матэрыял на грамадзяніна Гарэцкага Максіма Іванавіча, 1893 г. нараджэння Малая Багацьеўка Мсціслаўскага р-на БССР, па нацыянальнасці беларус. У1922 г. арыштоўваўся польскімі ўладамі, перабежчык. Судзімы да 5 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі белнацдэмаў, адукацыю мае вышэйшую, працуе настаўнікам сярэдняй школы ў гор.Кіраве.
Прымаючы пад увагу, што ён падазраваўся ў антысавецкай дзейнасці, а таму кіруючыся арт. 145 ГПК,
Пастанавіў:
Гр-на Гарэцкага Максіма Іванавіча арыштаваць і трымаць пад вартай гор. Сухінічы» (ст. 25).
Заўважым, што тыя, хто пісаў гэту пастанову, вельмі спяшаліся, бо памыліліся і ў месцы нараджэння, і нават у напісанні прозвішча. Да таго ж, у Кіраве змяніўся начальнік раённага аддзялення НКУС. Ім быў не афіцэр, а ўсяго сяржант. Відаць, што хваля арыштаў пракацілася ўжо і па кадрах НКУС.
Арыштаванага М.Гарэцкага, як успамінала яго жонка Л.Чарняўская («Памятка», // «Полымя», 1990, N1. С.174-175) трымалі ў падвале аддзела міліцыі горада Кірава. Чамусьці пастанова аб заключэнні яго ў турму горада Сухінічы не была выканана, а ў самім Кіраве турмы, відаць, не было.
У Кіраве пачаліся допыты. 3 іх пратаколаў (ст. 31-32) ад 6 лістапада 1937 года бачна, што акрамя звычайных пытанняў наконт прозвішча і месца нараджэння і г.д. М.Гарэцкі падрабязна адказваў на пытанне аб сваёй працы, пачынаючы з 1917 года. Тут даследчыкі жыцця пісьменніка знойдуць вельмі цікавыя факты з яго біяграфіі, якіх няма нават у падрабязным «Летапісу жыцця і творчасці».
Другі раз Гарэцкага дапыталі толькі 20 снежня 1937 года. Гэты допыт у архіўнай справе названы «Дополнительные показання обвиняемого» (ст. 34-35).
Са справы бачна, што ў следчых якраз ніякіх «дадзеных» аб тым, што М.Гарэцкі быў завербаваны для шпіёнскай працы, не было. Але ж у 1937 годзе абвінавачванне ў шпіянажы было ўжо штампам. Шпіёнамі былі і члены палітбюро ЦК ВКП (б), і буйныя военачальнікі.
У справе N13036 знаходзяцца таксама пратаколы допытаў двух сведак «варожай дзейнасці» М.Гарэцкага. Спачатку 15 снежня 1937 года быў дапытаны М.К.Мішуткін, сусед Гарэцкага па кватэры, старшы інспектар сельскагаспадарчага банка (ст. 11-12). Ён заявіў, што Гарэцкі ў размове з ім гаварыў: «Цяжка ўявіць, што Савецкі Саюз застанецца існаваць доўгі час. Міжнародныя абставіны склаліся так, што Савецкі Саюз непазбежна павінен быць пераможаны капіталістычнымі дзяржавамі...»
20 снежня 1937 года дапыталі другую сведку – П.А.Першыну, загадчыцу гаспадарчага аддзела Кіраўскай сярэдняй школы. Яна таксама «пацвердзіла» контррэвалюцыйную дзейнасць М.Гарэцкага і паведаміла, што ён адмовіўся, каб яго абралі ў мясцовы прафсаюзны камітэт школы, а акрамя таго «...Гарэцкі апрацоўваў вучняў у контррэвалюцыйным накірунку, прымушаў пісаць контррэвалюцыйныя вершы і пісьмы...»
Пазней гэтыя сведкі адмовяцца ад сваіх паказанняў. Але Гарэцкага тады ўжо не будзе ў жывых...
Уладзімір Ліўшыц