Адданы сын Беларусi
10 красавіка г. г. споўнілася 100 год з дня нараджэння беларускага геолага, географа, эканаміста, дэмографа, дзеяча беларускага нацыянальнага руху, акадэміка АН БССР, доктара геолага-мінералагічных навук, заслужанага дзеяча навук БССР Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага.
Свой шлях у навуку ён як і яго старэйшы брат, вядомы пісьменнік Максім Гарэцкі, пачаў з Горацкага каморніцка-агранамічнага вучылішча, у якое паступіў у 1917 годзе. Але ў гэты час вучылішча працавала з вялікімі перапынкамі ў сувязі з адсутнасцю сродкаў. Таму Гаўрыла вырашыў паехаць у Смаленск да свайго брата Максіма, пад уплывам якога ён пачаў блізка ўспрымаць беларускае нацыянальнае пытанне. Тут, у Смаленску, браты разам рыхтуюць і выдаюць “Руска-беларускі слоўнік”. Але трэба было вяртацца ў Горкі, каб скончыць вучылішча. Прыехаўшы ў Горкі, Гаўрыла Гарэцкі ўладкоўваецца на працу сакратаром-стэнаграфістам павятовага выканкама і яго прэзідыума. На ўсе павятовыя з’езды Саветаў яго абіралі прадстаўніком ад саюза вучняў Горацкага сельскагаспадарчага вучылішча. Усе выступалі па-руску, толькі Гаўрыла Гарэцкі прывітанне з’езду рабіў на беларускай мове. У мясцовай газеце “Луч Интернациолиста” змясціў шэраг артыкулаў, у тым ліку і па пытаннях нацыянальнай палітыкі. Арганізаваў беларускі драматычны гурток, які паставіў некалькі беларускіх спектакляў.
Пасля заканчэння вучылішча ў 1919 годзе Г. Гарэцкі атрымаў спецыяльнасць каморніка-агранома і быў накіраваны ва Уфімскі губземаддзел.
Прайшло 6 год. За гэты час Гаўрыла Іванавіч скончыў Пятроўскую (Ціміразеўскую) сельскагаспадарчую акадэмію; займаўся навуковай працай у аспірантуры Навукова-даследчага інстытута сельскагаспадарчай эканомікі, які быў пры акадэміі; выкладаў эканамічную геаграфію на беларускім аддзяленні Камуністычнага універсітэта; быў абраны правадзейным членам інбелкульта.
А ў верасні 1925 года Г. І. Гарэцкага запрашаюць на працу дацэнтам, загадчыкам кафедры эканамічнай геаграфіі ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Яго адразу прызначылі сябрам Праўлення Акадэміі і даручылі кіраваць выдавецкай справай. Гарэцкі старанна займаўся навуковай працай. Выйшла з друку яго вялікая манаграфія “Народны прыбытак Беларусі”. Гарэцкі вельмі цікавіўся і культурнымі падзеямі ў маладой рэспубліцы, яго хвалявала, у прыватнасці, беларусізацыя тэатра. Ён друкуе ў “Савецкай Беларусі” артыкул “Што нам павінен даць беларускі тэатр” пад псеўданімам Габрыэль Мсціславец.
У той час на Беларусі ішла вельмі вострая барацьба за беларушчыну і супраць яе. Не абмінула яна і Горацкую навучальную ўстанову. У гэту барацьбу ўключыўся і Гарэцкі, які стаў адным з самых актыўных дзеячоў “беларускай групоўкі”.
У 1925 годзе склалася такая сітуацыя, што ў Беларусі аказаліся два сельскагаспадарчых інстытуты – Горацкі ў Горках і Беларускі ў Мінску(пасля няўдалай спробы адлучыць ад Беларусі Магілёўскую губерню і асабліва Горацкі раён і далучыць да Смаленскай губерні РСФСР). Распачалася дыскусія, у якую быў уцягнуты і друк, на пытанне: пакідаць абодва інстытуты ці аб’яднаць іх ў адзін і дзе тады яго пакінуць – у Горках ці Мінску? Гарэцкі разам з аднадумцамі дабіваўся таго, каб зрабіць адзіную моцную сельскагаспадарчую ўстанову ў Горках. З гэтай мэтай ён друкуе шэраг артыкулаў. Адзін з іх у газеце “Савецкая Беларусь” называўся “Дзе быць беларускай сельскагаспадарчай акадэміі”. Як было вырашана гэта пытанне, вядома ўсім. Але Гарэцкаму не давалі працаваць у рэарганізаванай установе. Кафедры грамадскіх навук (у тым ліку і кафедра, загадчыкам якой быў Гарэцкі) аб’ядноўваюцца ў адну групу, вучэбныя планы складаюцца так, каб непатрэбны выкладчык атрымоўваў мінімальную колькасць гадзін, а значыць, і адпаведную зарплату. Таму ў 1927 годзе Г. Гарэцкі пераязджае ў Мінск, дзе яго прызначаюць дырэктарам Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі.
Неад’емны ўклад гэтага чалавека ў развіццё сельскагаспадарчай навукі і не меншы ў распаўсюджванне беларускай нацыянальнай ідэі. “Усяму жыццю Гаўрылы Гарэцкага ўласціва бязмежная любоў да сваёй Бацькаўшчыны, да мілай яго сэрцу роднай Беларусі, – піша яго сын, Радзім Гарэцкі ў кнізе “Ахвярую сваім “я” ... Максім і Гаўрыла Гарэцкія”. – Яна была ягоным болем і бядою, якія прыносілі многа цяжкасцей, крыўд і пакут, і ягоным вялікім шчасцем, якое давала сілы выжыць і перамагчы неверагодныя маральныя і фізічныя выпрабаванні. Больш за 25 (1930-1956) Гаўрыла Гарэцкі пражыў пад “дамоклавым мячом” кляйма “ворага народа”. Але ён цвёрда верыў у тое, што сваё жыццё павінен закончыць толькі ў Беларусі, у мяккую матчыну зямельку якой пакладуць яго стомленае шматпакутнае цела, а дух так і застанецца непераможным у сваёй нязгаснай любові да Радзімы”.
Н. Ермалаева, навуковы супрацоўнік
музея-кабінета Максіма Гарэцкага.