Горацкія сябры Якуба Коласа

У суботу 3 лістапада споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. З кім у Горках сябраваў знакаміты паэт? Пра гэта – новы матэрыял горацкага гісторыка Уладзіміра Ліўшыца.

«Дарагому другу Максіму…»

Класік беларускай літаратуры Максім Іванавіч Гарэцкі, выхаванец каморніцкага вучылішча, а потым выкладчык БСГА, ведаў Якуба Коласа як аўтара надрукаваных вершаў у газеце «Наша ніва».

У ліпені 1913 г. Максім Гарэцкі скончыў вучылішча і працаваў каморнікам у Вільні. Вядома, што ён часта заходзіў у рэдакцыю «Нашай нівы», дзе і мог сустрэць Якуба Коласа. На жаль, аб гэтым няма дакладных сведчанняў.

Калі пачалася Першая Сусветная вайна абодвух прызываюць на вайсковую службу. Вядома, што 18 верасня 1914 г. у газеце «Наша ніва» ў артыкуле «Нашы пісьменнікі і грамадскія працаўнікі на вайне» былі змешчаны фатаграфіі Коласа і Гарэцкага. У артыкуле пісалася: «Пайшоў на вайну шчыры народны паэт Якуб Колас..., малады здольны пісьменнік Максім Гарэцкі…».

У час вайны, а потым Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый Я.Колас і М.Гарэцкі не сустракаліся, бо Гарэцкі да кастрычніка 1923 г. жыў па-за межамі Беларусі. Але ён пільна сачыў за творчасцю Якуба Коласа і ў сваёй кнізе «Гісторыя беларускай літаратуры», якая выйшла ў 1920 г. прысвяціў яму цэлы раздзел.

У кастрычніку 1923 г. Гарэцкі разам з сям'ёй вяртаецца ў Беларусь, жыве і працуе ў Мінску. Яго дачка Галіна Максімаўна ўспамінала. што «ў лістападзе 1923 г. у першы раз прыйшоў да нас Якуб Колас пазнаёміцца з мамай...»

Летам 1925 г. Коласа і Гарэцкага пасылалі ў Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум, дзе яны чыталі лекцыі па беларускай мове і літаратуры на курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў. А калі ў верасні гэтага года выйшла кніга Якуба Коласа «Сымон- музыка», аўтар падарыў яе Максіму Гарэцкаму з надпісам: «Дарагому другу Максіму Гарэцкаму ад аўтара. Менск. 12.XІ.1925 г.».

Як вядома, з лютага г. Гарэцкі працуе ў Горках загадчкам кафедры берусазнаўства сельскай гаспадарчай акадзміі. У гэты час ён некалькі разоў прыязджаў у Мінск. У верасні 1926 г. заходзіў да Коласа, аднак не застаў, бо той знаходзіўся ў Есентуках на адпачынку.

Жонка Якуба Коласа, Марыя Дзмітрыеўна, у лісце да мужа пісала: «3 тыдзень таму назад заходзіў Максім Гарэцкі і пакінуў табе на памяць «На імперыялістычнай вайне», толькі што выйшаўшую з друку».

17 красавіка 1927 г. Колас напісаў ліст жонцы Максіма Гарэцкага – Леаніле Усцінаўне, дзе паведаміў аб прыездзе ў Горкі. У лісце паэт перадаў «прывітанне дзядзьку Максіму». Так пачціва называлі сябры адзін аднаго.

Дачка Гарэцкага Галіна Максімаўна ўспамінала: «Калі мы пераехалі ў Горкі, бацька часта бываў у Мінску і ў адну з сустрэч з Коласам запрасіў яго да сябе ў госці. У клубе сельскагаспадарчай акадэміі яму была наладжана цёплая сустрэча, а вечарам ён гасцяваў у выкладчыка М.Ганчарыка».

Максім Гарэцкі ў гэты час працягваў вывучаць творчасць Коласа і ў кастрычніку 1927 г. надрукаваў у газеце «Звязда» артыкул «Якуб Колас пасля Кастрычніка».

У лістападзе 1927 г. грамадскасць Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі (так называлася у той час сённяшняя БДСГА) павіншавала Коласа з нагоды яго 45-годдзя.

3 верасня 1928 г. сям'я Гарэцкіх жыве ў Мінску, дзе пісьменнік працуе ў Інбелкульце.

Сустрэчы сяброў сталі больш частымі. Паводле ўспамінаў Г.М.Гарэцкай: «Бацька і Якуб Колас былі ў шчырых адносінах, хадзілі адзін да аднаго ў госці, чыталі свае творы, даравалі кніжкі...»

Вядома, што ў лістападзе 1928 г. Якуб Колас падарыў Гарэцкаму кнігу «Казкі жыцця» з надпісам «Міламу Максіму Гарэцкаму ад Якуба Коласа. 15.ХІ.1928 г.»

Праз год, калі выйшаў з друку другі том збору твораў Я.Коласа, ён падарыў кнігу Гарэцкаму з надпісам: «Максіму Гарэцкаму ад Якуба Коласа. 29.ХІ.1929».

У ліпені 1930 г. М.Гарэцкі быў арыштаваны, як «вораг народа», і сасланы ў Вятку. Працаваў на розных работах, а ў вольны час займаўся літаратурнай працай.

Тым часам жонкі пісьменнікаў не гублялі сувязь, ліставалі адна адной.

Летам 1936 г. М. Гарэцкі паехаў у Мінск, каб даведацца пра лёс пасланага ў выдавецтва рукапісу «Віленскіх камунараў». Зайшоў да Коласа, але той быў на дачы.

Больш сябры не сустракаліся.

Незабыўны прыезд у Горкі

Юрый Паўлавіч Гаўрук, пісьменнік і перакладчык, з 1925 па 1931 гады працаваў дацэнтам, загадчыкам кафедры беларусазнаўства сельскагаспадарчай акадзміі.

Ён пазнаёміўся з Коласам у 1926 г. у Мінску на адной з маладнякоўскіх літаратурных сустрэч. У сваіх успамінах «Ён чалавекам быў» Юры Паўлавіч пісаў, што Колас «…ставіўся да маладых пісьменнікаў добразычліва, цікавіўся іх творчасцю і на такія сустрэчы прыходзіў ахвотна. Ён не павучаў, сваю думку выказваў сціпла, асцярожна; тое, што падабалася, хваліў у меру, а калі не падабалася, цярпліва маўчаў». Вядома, што ў 1926-1935 гг. Ю.Гаўрук быў некалькі разоў у доме Я.Коласа ў Мінску, як ён пісау «…карыстаўся ласкавасцю яго гаспадароў…»

I калі вясной 1930 г. Якуб Колас прыехаў у Горкі, то спыніуся ў Ю.Гаўрука. Аб гэтай сустрэчы той успамінаў: «Незабыўным быў для мяне прыезд Я.Коласа ў Горкі, у сельскагаспадарчую акадэмію вясной 1930 г. Ён прыехаў неафіцыйна, проста так, па запрашэнню мясцовай секцыі навуковых працаўнікоў. Спыніўся ў мяне. Вечарам у клубе секцыі ў яго гонар наладжвалася сустрэча. Было холадна, яшчэ ляжаў снег, і Колас прыехаў у валёнках. Аднак на вечар палічыў нязручным з'яўляцца абутым па-зімоваму, і яму дасталі чаравікі.

Прыйшоўшы з лекцыі, я ўбачыў зборы Коласа. На табурэтцы стаялі чорныя кругланосыя чаравікі, уласнаручна ім адпаліраваныя. Адзежа была вычашчана, адпрасавана: ён не хацеў прыходзіць абыяк. Акуратнасць, пунктуальнасць, вернасць дадзенаму слову – тыповыя рысы характару Коласа...

Шчодры душой, Колас, як кажуць, трымаў сябе ў руках, не раскідваўся марна, з ранніх дзён падпарадкоўваў свае ўчынкі галоўнай мэце – змагацца за праўду за прагрэс, за правы працоуных.

Нельга абмінуць і коласаўскі гумар – здаровы смех вясёлага, шчырага чалавека. Поспех Коласа ў навуковых супрацоўнікаў сельскагаспадарчай акадэміі быў выключны. Яго акружылі, віншавалі Завязалася шчырая гутарка. Праводзілі мы Коласа ўрачыста. Паклалі ў яго малюсенькі чамаданчык тры бутэлькі лепшых ягадных він лабараторнага вырабу прадукцыі кафедры садоўвіцтва. Тады гэта была навінка. Пажадалі яму здароўя і творчых поспехаў».

Абставіны вымушаюць Ю.Гаўрука пераехаць у Магілёў, і з 1931 па 1935 гады Юрый Паўлавіч чытае курс замежнай літаратуры ў педінстытуце. А потым у яго жыцці наступіла пара цяжкіх выпрабаванняў. У 1935 г. Гаўрука арыштавалі, і да 1946 года ён быў вязнем Гулага. Але і там працягваў сваю творчую працу.

У 1946 г. дазволілі пабываць у роднай Беларусі, там Юрый Паўлавіч наведаў Каласа. У 1947 г. Ю.Гаўрук і Я.Колас ліставаліся наконт перакладу на беларускую мову трагедыі Шэкспіра «Атэла».

Скончылася ссылка. Юрый Паўлавіч здолеў перамагчы цяжкасці і пасля вызвалення да рэабілітацыі працаваў загадчыкам літаратурнай часткі беларускага тэатра імя Я.Купалы, займаўся перакладамі вершаў, драматургічных твораў, пісаў вершы, выдаў некалькі кніг.

У 1979 г. Юрыя Паўлавіча Гаўрука не стала.

Параіў пісаць

Леаніла Усцінаўна Гарэцкая, жонка Максіма Гарэцкага, дзіцячая пісьменніца, была добра знаёма з Якубам Коласам.

Пачалося знаёмства з лістапада 1923 г., калі Колас упершыню завітаў да Гарэцкіх. Сяброўства працягвалася і з пераездам Гарэцкіх у Горкі. Аб гэтым сведчаць два лісты. якія змешчаны ў 13-ым томе збору твораў Коласа. У першым лісце. які Колас даслаў 17 красавіка 1927 г., паэт піша, што хоча прыехаць якраз тады, калі распускаюцца бярозавыя лісточкі. Відаць, вельмі падабаліся яму горацкія сады ды гаі.

Як адзначаецца ў кнізе М.Мушынскага «Якуб Колас. Летапіс жыцця і творчасці», такая сустрэча ў канцы красавіка адбылася. Яна праходзіла ў студэнцкім клубе акадэміі. Потым выкладчыкі разам з жонкамі завіталі на кватэру Міхася Ганчарыка. Там Колас звоў чытаў свае вершы, а жанчыны, апранутыя ў беларускія нацыянальныя касцюмы, спявалі.

Ад гэтай сустрэчы засгалася цікавая фотакартка: «Якуб Колас сярод жанчын у беларускіх нацыянальных касцюмах». Злева ад Я.Коласа сядзіць Чарняўская, а справа – Паўліна Мядзёлка, адна з першых выкаваўцаў ролі Паўлінкі ў адвайменнай п'есе Я.Купалы.

Другі ліст да Чарняўскай датуецца 9 лістападам 1927 г. У ім Колас піша «Я не знаходжу адпавеных слоў, каб выказаць Вам, мілыя жанчыны-беларускі, маю радасць і маю падзяку за віншаванне. А таксама не магу звярнуцца да вас як бы гэта трэба было. Назаву хіба Вас гэтак: «Цвет і краса жанчын беларускай зямлі».

Гэтак пісьменнік выказаў падзяку за віншаванне да дня нараджэння. Паведамляў таксама і аб тым, што чакае выхаду з друку кнігі «У глыбі Палесся». «Тады кожнай з Вас прышлю па кнізе», – піша Колас.

У 1928-1930 гадах сям'я Гарэцкіх жыве ў Мінску і тады Л.Чарняўская часта сустракалася з Я.Коласам.

Яе дачка, Галіна Максімаўна, успамінала, што маці пакінула чарнавыя запісы пра знаёмства і сустрэчы з Я.Коласам, у якіх пісала: «У 1928 годзе выйшла мая першая дзіцячая кніга «Верка». Канстанцін Міхайлавіч параіў мне пісаць уласныя апавяданні для дзяцей, а не толькі перакладаць з чужой мовы і добрыя яго словы былі пэўным штуршком для мяне, як пісьменніцы».

У 1928-1930 гады выйшлі асобныя кнігі Леанілы Усцінаўны: «Кот-знайдзён», «Андрэйка», «Апавяданні», «Валуй» і іншыя. На жаль, яе пісьменніцкая дзейнасць у тыя гады прыпынілася, бо стала яна жонкай «ворага народа».

Аднак сувязь паміж ёй і сям'ёй Якуба Коласа не прыпынілася. Так, 24 лістапада 1932 г. жонка. пісьменніка Марыя Дзмітрыеўна (відавочна, Я.Коласу пісаць жонцы «ворага народа» было нельга) пісала: «Дарагая Леаніла Усцінаўна! Вельмі прыемна было атрымаць ад Вас ліст якраз 4-га лістапада ўсё роўна, як бы мы ў гэты дзень былі разам з вамі... Дзякуй за памяць і шчырыя пажаданні... пажадаю Вам з найменшымі цяжкасцямі перажыць вяцкую зіму. Прывітанне і шчырае дзякуй ад Коласа, ад брата і дзяцей...»

У ліпені 1944 г., калі войскі Чырвонай Арміі вызвалілі Беларусь, Леаніла Усцінаўна звярнулася да Я.Коласа, каб дапамог перавезці з Вяткі яе і дачку Галіну на педагагічную працу ў горад Мсціслаў. Колас паслаў ліст народнаму камісару асветы БССР, каб той хадайнічаў аб гэтым.

Праўда, працаваць у Беларусі не давялося. Леаніла Чарняўская памерла 26 верасня 1976 у Ленінградзе, пакінуўшы невялікія ўспаміны пра сустрэчы з народным паэтам.

Уладзімір Ліўшыц,
сябар Беларускага саюза пісьменнікаў