Зінаіда ДРАЗДОВА
СТЫЛЬ «КАМАРОЎСКАЯ ХРОНІКА» МАКСІМА ГАРЭЦКАГА
Апублікаваны толькі ў 1984 годзе няскончаны галоўны твор Максіма Гарэцкага аповесць «Камароўская хроніка» ў значнай ступені асэнсаваны даследчыкамі. Яго аналізавалі ў сваіх працах Алесь Адамовіч, Іван Чыгрын Валерый Атрашкевіч, Міхась Мушынскі. Гэтай «хранікальнай эпапеі», як назваў «Камароўскую хроніку» Міхась Іосіфавіч, хоць нячаста, але прысвячаюць артыкулы і сёння. Аднак, думаецца, што грунтоўны, аналітычны разгляд гэтага ўнікальнага твора чакае нас наперадзе.
Абраны намі ракурс даследавання — «мова, стыль, псіхалагізм» — вядома ж, надта шырокі для невялікага артыкула. Гэта асобная аб'ёмная тэма для далейшага ўсебаковага вывучэння «Камароўскай хронікі», тэма, якая можа істотна пашырыць уяўленні пра яе адметнасць. Але пачынаць аналіз «Хронікі» ў такім кірунку трэба, хай пакуль што і з асобных назіранняў над мовай і стылем, хараством псіхалагізму.
Тым больш, што да гэтага заклікаў нас і Алесь Адамовіч; «А колькі скарбаў у гэтай спадчыне, пакінутай М.Гарэцкім, яшчэ не разгледзелі мы, не вывучылі, не ацанілі па-сапраўднаму. Узяць хоць бы мову, стылёвыя багацці яго твораў!.. Без М. Гарэцкага багацейшая ўсходнебеларуская моўная стыхія так і не атрымала тых "правоў" у літаратурнай беларускай мове, на якія яна магла прэтэндаваць побач са слуцкай, мінскай і іншымі заходнімі і цэнтральнымі беларускімі гаворкамі».
Сапраўды, у штодзённай гаворцы герояў «Камароўскай хронікі» шмат русізмаў, дыялектных слоў. Гарэцкі адцяняе, робіць выпуклай спецыфіку гаворкі, так характэрнай для жыхароў Магілёўшчыны, перадае яе каларыт, пра што мы яшчэ будзем гаварыць далей. «Камароўская хроніка» Максіма Гарэцкага — гэта не мемуары, хоць у ёй і адбілася, паводле слоў Алеся Адамовіча, «усё, што адбывалася з сям'ёй, "родам" Гарэцкіх», адлюстраваны многія эпізоды з уласнага жыцця пісьменніка і жыцця яго блізкіх.
Пісалася пра вялікую любоў Максіма Іванавіча да «Баркулабаўскага летапсу», які захапляў яго красою эпічнага стылю, вобразнасцю апавядання, сакавітасцю малюнкаў, аўтарскай шчырасцю і цудоўна перададзеным каларытам часу. Гэтая хроніка здзіўляла яго і ўменнем намаляваць поўную і праўдзівую карціну жыцця Беларусі XVI стагоддзя — палітычнага, царкоўнага, вясковага, грамадскага, сямейнага, панскага і простых людзей. «Мова летапісі, — адзначаў Максім Гарэцкі, — незвычайна прыгожая і чыстая; яна маець якраз тыя асаблівасці, каторымі характарызуюцца і сучасныя магілёўскія гаворкі».
«Камароўская хроніка» змагла ўвабраць у сабе красу эпічнага стьлю летапісу, аўтар яе змог гэтак жа ўсебакова і праўдзіва ў дробязях перадаць палітычнае, вясковае, грамадскае, сямейнае, эканамічнае і нават царкоўнае жыццё Бацькаўшчыны, таксама Магілёўшчыны:
«Стахван жыў добра. Усе ў яго здаровы.
Гаспадарскія справы ў дварэ былі ў добрым стане. Хлеба было дазолі. Елі добра. Было сала, мяса, блінцы часамі, пірагі. I нават цукру трохі мелі, А малака дос-даволюхны. Мартын прывёў ад цесця карову ў пасаг. Лаўрын паглядзеў: здаеццаа троху метыс са швіцкім заводам, добрамалочная.
3 адзежай як і з ежай, не дрэнна. Крамніны было нават болей, чьм раней.
Плуг новы, жалезны; лепш зямля ўзорваецца.
Лубін засеялі — і на насенне, і на ўгнаенне, Трошку цімафейкі засеялі».
Гэта апісанне «гаспадарскіх спраў» 1923 г. А вось сад; «У садзе, Маці гаворьшь з Лаўрыкам, пацяшае: конік адзін, але добры. Мартын (ён жа Пракоп, ІІарфір. — Рэд.) аўсом часам падкармліваў. Дзве каровы і цёлка. Свінні здаровыя. Куры яек наняслі, хоць кожны дзень яечно пражы.
Сад цвіў добра. А дулька над усе гады красавала. "Сёлета достухны ўсяго ў садзе будзе”.
А Марылькі няма... I стрымала слёзы.
Бацька: сёлета смуродзіны краснай многа, ды куры аб'ядуць...»
Натуральна і арганічна гучаць у моўнай тканіне «Камароўскай хронікі» такія словы, як «дос-даволюхны», «достухны ўсяго». Ім папярэднічае слова «даволі» з літаратурнай мовы, але для іх не патрэбны тлумачэнні, бо яны выдатна перадаюць задаволенасць сям'і матэрыяльным дабрабытам, які, аднак, не можа кампенсаваць страту любімай дачушкі.
Любы мастацкі твор можна разглядаць з розных бакоў — сацыяльнага, пазнавальнага, выхаваўчага, эстэтычнага, рэлігійна-маральнага, эмацыянальнага, палітычнага і г. д. Прыгадаем вядомае выказванне Фрыдрыха Энгельса пра тое, што ён з раманаў Анарэ Бальзака «.. .нават у сэнсе эканамічных дэталей даведаўся больш (напрыклад, пераразмеркаванне рэальнай і асабістай уласнасці пасля рэвалюцыі), чым з кніг усіх спецыялістаў-гісторыкаў, эканамістаў, статыстыкаў гэтага перыяду разам узятых».
Такім чынам «Камароўскую хроніку» мы можам аналізаваць з самых розных пазіцый, адна з іх адлюстраванне своеасаблівасці сялянскага побыту — матэрыяльнага, духоўна-маральнага. I разглядаць, як праўдзівы дакумент-летапіс заможнасьці і мудрага гаспадарання бацькоў Максіма Гарэцкага ў прыватнасці ў 1923 годзе.
Алесь Адамовіч справядліва заўважаў, што для «Камароўскай хронікі» характэрна зліццё ў адно «эпічна-баркулабаўскай» і суб'ектыўнай, сямейнай інтанацыі інтымнасці «памінальніцы».
Добра вывучана пытанне аб прататыпах хронікі. Максім Гарэцкі выкарыстоўвае аўтабіяграфічны матэрыял для паглыблення псіхалагізму сваёй прозы: «Пішу, што чуў ад старэйшых людзей, што бачыў сам, што пісалі мне ў лістах, што апавядалі, калі прыязджаў. I ад "я". Вось і ўся "сістэма". Як можна карацей, але паўней».
У гэтых сваіх планах-накідах «Камароўскай хронікі» ён, па сутнасці, вызначыў стыль: твора, які арганічна ўключае ў сябе дзённікі і лісты братоў і сястры, лісты і апавяданні аднавяскоўцаў, уласна перажытае і перадуманае. Выявіў сваю схільнасць да талстоўскага «многоглазия». На людзей, падзеі, рэчы, з'явы чытач аповесці глядзіць не толькі вачыма Кузьмы, самога Максіма Гарэцкага, але і вачыма Лаўрыка, Марынкі, Пракопа, Ганны і інш. У мастацкай тканіне пастаянна прысутнічаюць галасы герояў, іх ацэнкі, іх светаадчуванне, погляды на свет.
Аўтар-апавядальнік нярэдка карыстаецца ўступным сказам ад сябе, каб пасля звярнуцца да цытавання: «1934 г. 9–19 лістапада быў у дварэ Лаўрык. Пасля ён апісваў свой прыезд так: "Я адчыніў дзверы ў хату — і ўбачыў тут жа пры дзвярох нагнулася старэнькая — мама, перабірала буракі. Адзенне нейкае заношанае, старое, на галаве закручана нейкая брудная шмата, нібы баляць зубы і хворая галава, На нагах лапці. Заскаруджаныя рукі, з глыбокімі зморшчкамі. Мама мяне спачатку не спазнала. А потым прыцягнула сабе на грудзі, пачала мяне хлопаць рукамі па спіне, і, нібы млеючы, казала спуджана-радасна: "Ай, ай, ай... ай, ай, ай... ай, ай, ай... А Лаўрынічка... ай, ай, ай..." I чулася ў гэтым голасе – такая страшэнная драхласць, такая струджанасць, такое доўгае чаканне, што мне стала страшна за маму... Але гэта быў момант. Мама хутка ператварылася. Нібы і не было тых 41/2 гадоў. I такая мама была ласкавая, радасная, столькі ў ёй было яшчэ жыцця і разумення. Мама лашчыла мяне, гладзіла сваёю агрубелаю рукою, гаманіла са мною, некалькі разоў паціхеньку пяяла. Не хапала толькі Кузьмы, каб мама была зусім-зусім бязмежна шчасліваю”».
Лаўрык з'яўляецца «аўтарам» гэтага жывога партрэта маці. I адначасова ён аўтапартрэт самога Лаўрыка з яго трывогай, спачуваннем і нават страхам за маці, яе пастаянныя, няскончаныя клопаты і вялікую стомленасць. Ён проста апісвае яе беднае адзенне, спыняе ўвагу на яе «заскаруджаных руках, з глыбокімі зморшчкамі», дае характарыстыку яе голасу — «спуджана-радаснаму», у якім чулася «такая страшэнная драхласць, такая струджанасць, і такое доўгае чаканне».
Аднак радасць ад сустрэчы з сынам дзівосным чынам мяняе спакутаваны твар жанчыны-маці, шчырай працаўніцы: «Яна была яшчэ вельмі бадзёраю, вочы былі светлыя-светлыя, чыстыя такія, неўміручыя, нястомныя. Не было ніводнага сівога воласа. Голас: быў гучны, чысты, малады. Можа, я памыліўся і прыняў той стан мамы, які яна набыла ў звязку з маім прыездам і чаканнем Кузьмовага безумоўнага прыезду, за яе звычайны стан».
Вобраз Ганны, прататыпам якой стала маці Максіма Гарэцкага, Ахрасіння Міхайлаўна, з'яўляецца адным з найбольш яркіх, светлых і абаяльных. «Партрэт» у творы адносіцца да канца 1934 года. На пачатку наступнага маці не стане. За пару дзён да смерці чытач убачыць яе ў бальніцы пасля аперацыі, убачыць вачамі сына Пракопа (Парфіра). I зноў у партрэце паўторыцца тая ж дэталь? – «вочы яе такія жывыя, зусім неўміручыя». Гэта беларуская жанчына ўяўляе сабой узор самаахвярнасці, любові і дабрыні. Яна адрозніваецца вясёлым ласкавым характарам. У творы акцэнтавана моц Ганнінай веры ў Хрыста, якая дапамагае перажываць разнастайныя беды і няшчасці, што сыпаліся на яе ў жыцці. «Вера ў Бога, у той свет, дзе яна яшчэ спаткаецца з Марынкаю, дапамагала ёй цярпець», — сказана ў «Камароўскай хроніцы» аб адной з самых галоўных схільнасцей яе сэрца: «Маці троху падужэла, сёння ўжо не ўцерпіла і пабыла ў горадзе ў цэркві...»; «Маці скучала, што няма служэння і яна не сходзіць»; «Бацькі поставалі. Маці хадзіла ў царкву, спавядалася і прычасцілася»; «Тата і мама пачалі поставаць. Я ўранні сказаў, што тата будзе злы ад посту».
Максіму Гарэцкаму ўласціва генетычнае разуменне чалавечага характару. Пісьменнік уважліва прасочвае, як фарміраваўся характар папярэдніх пакаленняў. Маладыя героі хронікі добра дасведчаны аб духоўнай і маральнай сувязі паміж бацькамі і дзецьмі. У творы нярэдка супрацьпастаўляюцца характары бацькі і маці. Так яны бачацца вачыма Лаўрыка: «Бацька пастарэў троху, пацішэў, але застаўся самім сабою. Гледзячы на яго, Лаўрык чуў крыўду і жаль, хоць частку бацькі ён чуў у сабе і ўва ўсіх дзяцёх; 3 паганаю часткаю хацеў Лаўрык змагацца, добрую – развіваць...
Маці ўсё клапаціла і ўнасіла ўва ўсё нейкі дым-флёр гаспадарнасці. Зморшчкі ў яе на твары паглыбелі, відаць было пражытае, а ў вачох –захаванае жаданне сабраць сям'ю ў кола, зрабіць сыты лад. "Добрая наша маці, — пісаў Лаўрык, толькі гэтая яе цярплівасць ды эксплуатацыя сябе дзеля агульнага ладу – няладны"».
У поглядзе Лаўрыка на прызначэнне жанчыны ляжыць водбліск новага часу, чужога хрысціянскаму духу, калі такія рысы, як пакорнасць, цярплівасць, самаахвярнасць, вернасць былі ўжо не ў модзе. Самаахвярнасць, цярплівасць, клопат пра іншых ужо называюцца «эксплуатацыяй сябе дзеля агульнага ладу». На арэну выходзяць іншыя жанчыны, якія адстойваюць сваю грамадскую вартасць і гасяць у сабе жаночае, пяшчотнае – жанчыны з «гендарнай свядомасцю». Да іх ліку імкнецца далучыцца Марынка, якой становіцца вельмі няўтульна ў бацькоўскай хаце, дзе чуюцца татавы крыкі і папрокі: «Слаўная мамачка! Як магла ты жыць столькі з такім чалавекам, як тата. Як хапіла ў цябе сілы і здароўя ўзгадаваць нас у такой катарзе?» — вылівае яна свае эмоцыі ў дзённіку, не разумеючы, як, дарэчы, і іншыя дзеці, што калі адняць ад Ганны гэты клопат пра іншых і забыццё, то яна адчуе сябе вельмі няшчаснай, бо гэта яе сутнасць — быць святлом, саграваць іншых цяплом, як тое сонейка. Недарэмна Максім Гарэцкі выкарыстоўвае пры абмалёўцы Ганнінага партрэта стылістычныя сродкі — эпітэты і метафары — са сферы светавых з'яў, як, напрыклад, у гэтым выпадку: «васільковыя вочы яе былі спакойны і іскрыліся».
Дзённік і лісты Марынкі — сумная споведзь юнага сэрца, ледзь не суцэльнае бачанне чарнаты, неўладкаванасці ўласнай душы, сямейнага і бытавога жыцця бацькоў-сялян, аднавяскоўцаў. Яна трывожна, няўпэўнена, але дапытліва спрабуе аналізаваць свае хістанні і імкненні: «Эх! братка, цяжка мне, а тут яшчэ ні адзінай душы роднай, піша яна ў адным з лістоў. — Капаюсь я ў сабе, ішчу хоць бы што-небудзь ды знайсці, што б магло цягнуць мяне да жыцця. Дык не, няма нічога. Тлею я, і болі нічога. Хацелась бы скарэй сатлець і рассыпацца, каб і пуху і праху не асталось. Ты прачытаешь і скажаш «глупая дзіця». Я і сама так калі думаю. Але чаго ж мяне з малых дзён не кідаіць туга, сум і ўсякая трасца. < >. Хто я, што я? Нішто. Хворая, пустая, хадзячая статуя».
I ў дзённіку Марынкі чытаем: «Перамены ў дварэ не бачу ніякія. Усё старое, усё гразна, непрытульна, таскліва».
У «зоне» Марынкі, як бачым, ацэначныя эпітэты, надзеленыя негатыўнай энергіяй. Можна падумаць, што частым паўторам падобных эпітэтаў аўтар хронікі падкрэслівае нешта ўстойлівае, нязменнае ў характары і светапоглядзе юнай гераіні. Вось зноў яе дзённік затрымлівае нашу ўвагу на аналізе пачуццяў Марынкі-атэісткі: «Хрэсьбіны ў Рамана. Была кумою. Як брыдка стаяць пад храстом і выконваць увесь абрад, не веруючы ў яго».
Аднак літаральна праз некалькі старонак перад намі паўстае іншая Марынка — жыццярадасная, светлая, летуценная, па-дзіцячы радасная. Яна хораша піша ў дзённіку пра самае галоўнае хрысціянскае свята, адчувае яго духаноснасць, што зусім забываюцца сказаныя пра яе словы Кузьмы, што яна «атэісткай сапраўднай пераконанай была». Працытуем радкі дзённіка «Вялікдзень. Свята — вясноўскае, прыгожае, добрае. Так радасна і спакойна на душы. Нідзе і ні на кім не відаць нуды. Дзеткі носяцца з красненькімі яечкамі, растуць, цвітуць, набіраюцца сілухны. Прыхадзілі хрыстосавацца, як крэпка я іх усіх расцалавала. Лаўрык зрабіў ім некалькі яец "Ванька-встанька". Рады»: I шмат яшчэ ў якіх месцах дзённіка раскрываецца мілая наіўнасць і даверлівасць, дабрня і любоў гэтай дзяўчынкі, такой чулай да чужых бед, чуйнай да хараства прыроды.
Майстэрства Максіма Гарэцкага-псіхолага не абмяжоўваецца толькі такімі прыёмамі і сродкамі раскрыцця псіхалогіі, як унутраны маналог, дыялог, партрэт. У яго прозе досыць добра прадстаўлена і «гогалеўская» лінія аб'ектыўнага псіхалагізму адлюстраванне ўнутранага душэўнага ладу героя праз быт, асяроддзе, прадметны свет, рэчы. Вось «ціхі пакойчык з белымі сценамі», у якім жыве Лаўрык, які заканчвае акадэмію ў Маскве. Пасля нядаўняй трагічнай смерці сястры Марыны (у верасні, а цяпер толькі-толькі наступіла зіма) «прыбіты, прыціснуты горам» брат патроху пачаў ажываць. Здаваў залікі, наведваў тэатр, уключыўся ў грамадскую дзейнасць, працаваў позна, ледзь не да раніцы: «Ціша... Вялікая сумная супакоенасць ахоплівала ўсяго. На белай сцяне партрэты... Вялікі ўсходні мудрэц, з глыбокімі, далёка-ўмкнёнымі вачыма, думае свае глыбокія думы... Паглядае сваім заўсёды сумна-скорбным і дзіцяча-радасным поглядам Марынка...».
Такое суседства ў пакойчыку партрэтаў вялікага мудраца і «трагічнай дзяўчынкі» Марынкі робіць як бы прадметна наглядным настрой Лаўрыка-студэнта. У душы якога жыве вялікая прага да ведаў і любоў да тых, хто спасціг таямніцы жыцця і засвоіў кніжную мудрасць, і адначасова шчыміць незагоеная рана па сястры, хоць ён усяляк дакарае сябе за тугу і смутак, бо, як лічыць, «пачуваць роспач неразумна...» Партрэты становяцца як бы своеасаблівымі субяседнікамі Лаўрыка. Прычым Марынчын не проста ўзнаўляе важныя рысы яе погляду, ён убірае ў сябе як бы цэлую гісторыю яе кароткага жыцця, душэўнага мітусення, вядомага чытачу з яе дзённіка і пісьмаў «Сумна-скорбны і дзіцяча-радасны погляд» Марынкі — гэтыя парныя эпітэты як не трэба лепш характарызуюць зменлівы ўнутраны стан дзяўчыны, якая так няўпэўнена адчувала сябе ў паслярэвалюцыйным жыцці.
Максім Гарэцкі нярэдка звяртаецца да парных эпітэтаў і ў іншых выпадках, калі апісвае няпростыя чалавечыя пачуцці, сумяшчэнне ў адзін момант розных адценняў: «Кузьма слухаў і трымаўся ветліва-сцюдзенавата»; «I сумна-зло зрабілася Лаўрыку. Вось яно жыццё:
Ни сказок о нём не расскажут,
Ни песен о нём не споют...»
Спалучэнне слоў «трымаўся ветліва-сцюдзенавата» гучыць мацней, чым блізкае па значэнні «трымаўся з халоднай ветлівасцю».
У другім выпадку «сумна-зло» зрабілася Лаўрыку, калі ён нечакана даведаўся аб смерці сябра дзяцінства Яхіма Смакуна, апынуўся на яго магілцы.
Малюючы фамільныя партрэты, пісьменнік падкрэслівае абумоўленасць тых ці іншых душэўных якасцей або страсцей законам спадчыннасці. Бо нашчадкі наследуюць як грахі, так і дабрадзейнасць бацькоў: «Міхалка (Вавіла, Рыгор), рыжавусы мужык яе, на лаве сядзеў, курыў Ласкавым словам і поглядам Лявону дагаджаў. I сябе гэтым паказаць хацеў: і ў свеце быў, і далікатнасць разумее. А што ён думаў? Ці здаволены жыццём сваім быў? Погляд у яго, мусіць, спадчынны: такі ж погляд, з шэра-блакітнымі, добра-наіўнымі і троху нясмела-хітрымі вачыма і ў Якава Хведасенкі палянкаўскага быў. Яны ж радня. Вавілаў бацька з Шалянкі ў Сачылава пераехаў».
Двайныя эпітэты сустрэнем і ў апісанні прыроды:
«Жоўта-павучынныя дні мінулі», — скажа Максім Гарэцкі пра змену надвор'я, і гэтыя эпітэты выклічуць у нашай памяці цудоўныя карцінкі залатой восені, цёплай і сонечнай.
Пейзаж у «Камароўскай хроніцы» ў большасці сваёй самастойны, успрымаецца як рэальны фон, на якім адбываюцца падзеі. Здавадася б, у сцэне паходу Лявона з маці да Хвядоса пейзаж па-коласаўску «аб'ектыўшы», зусім не рэагуе на пачуцці герояў, цікавы сам па сабе. Аднак пры больш уважлівым поглядзе ўбачым, што ён праецыруецца на настрой герояў, уплывае на яго, нават змяняе планы падарожнікаў: «Выйшлі з двара позна, сонца садзілася. П'янава перайшлі — цямнела, а ў бярэзнік, што ў Нівішчанскіх канцах, увайшлі, — зусім цёмна стала. Месца тут было для іх страшнае, частка Чорнай Пушчы, а Чорная Пушча цягнецца на дзесяткі вёрст. Тут ім трэба было перайсці лесам усяго кіламетры два, але месца такое — самы воўчы перасмык між палёў. I дробны асіннік, аграмадныя кусты арэшніку, непралажы ельнік-гушчэча. Уздоўж дарогі шмат балот, лазы, канаў з вадою. Дарога была ўся ў калюгах з вадою. Ганна баялася ваўкоў разбойнікаў, цямноты, лясных страхаў. Ішла і малілася. А Лявон, калі матка нагамі шыбка коўзь-коўзь, падтрымае, падвесяліць. Наўмысля голасна размаўляў. Хацеў нават песню запяяць. Але потым сціх: страшны лес прыгнёў і яго. Не пайшлі ўночы далей, а зайшлі к Адарцы...».
Максім Гарэцкі быў далёкі ад таго, каб паэтызаваць сялянскае жыццё, якое з-за пастаяннай працы не давала чалавеку часу палюбавацца навакольным хараством: «Непасрэднае змаганне з зямлёю — і няма насалоды, адпачыну, культуры. Жудасны быт», — чытаем мы ў Лаўрыкавых нататках 1924 года. 3 гэтымі думкамі былі згодны і Кузьма, і Марынка: «Шумела вясна, лес быў зялёны, і зязюлька кукавала... А Лаўрык, за працаю, не адчуваў гэтага вялікага хараства і разважаў: чаму гэта ўзімку так яно адчувалася, а цяпер не?».
Сустракаем у «Камароўскай хроніцы» і псіхалагізаваны пейзаж, які адбівае настрой чалавека, служыць нюансіроўцы яго пачуццяў. Адзін з прыкладаў — выпадак, калі асуджаны на доўгатэрміновую высылку на Поўнач Лаўрык, аглядае месца, дзе яму жыць: «Прыехаў Лаўрык, прыехаў тут жыць. Было яшчэ цёпла часам нават горача. Толькі тут бываюць рэзкія змены надвор'я ў адзін дзень. Раптам падзьме вецер, схаваецца сонца за хмары, зробіцца халодна. Бела-шэрыя морскія чайкі тады асабліва крычаць, плачуць-надрываюцца — самотныя над сцюдзёным, немашумлівым, бязмоўным морам. I сумна таму, хто ходзіць тут гэткі ж самотны, без цяпла і ласкі. Нязносна таму, хто ўпадзе ў роспач, страціць надзею: яму лепш памерці…».
У мастацкай тканіне «Камароўскай хронікі» ёсць, як правіла, невялікія па памеры ўнутраныя маналогі, спалучаныя з аўтарскім псіхалагізмам. У моўнай структуры твора выразна адбілася індывідуальнасць кожнага з персанажаў, яго бачанне свету і людзей. Па-рознаму героі сусветнай літаратуры гавораць пра хуткаплыннасць часу: «Летит жизнь, как резвый конь...» — скажа аб кароткасці жыцця Грыгорый Мелехаў з «Ціхага Дона» Міхаіла Шолахава, гледзячы, як на яго вачах сталеюць, вырастаюць, старэюць, паміраюць людзі і згодзіцца з мудрым і Натальчыным дзедам: «Мелькнула жизня, как летний сполох. Тут и так коротко отмерено человеку в жизни пройтись, а тут надо и этого срока лишаться». Не менш хвалююча і лірычна, хоць і без вобразнай лексікі, без уражваючых параўнанняў гучыць матыў бегу часу, успрыняцця страты яго ў «Камароўскай хроніцы»; «Было ёй 64 гады, і ніяк не магла яна прызвычаіцца, што ўжо старая, — "Ці даўно тое было? I калі ж гэта я старая стала?” — і смяялася і бедавала. Вываліўся ў яе зуб, і шапялявідь троху стала, дык саромілася, рукою часам закрывалася... — "Як была маладзенькая, хадзіла ў розавым плацці, дзве касы... А цяпер?.." і азіралася, на сябе, усміхалася. Дзіўна ёй было, што ўжо лічуць яе старою, "бабушкаю" ў вагоне называюць». За гэтымі словамі і жэстамі Ганны — уся яна з яе шчырасцю і сарамлівасцю, са здзіўленнем і даверам да людзей, са змірэннем і лёгкім смуткам, з уласцівымі ёй інтанацыяй і тонам.
У псіхалагічным плане Максім Гарэцкі выкарыстоўвае і сны герояў, якія нярэдка пранікнуты сімволікай і аказваюцца прарочымі. Персанажы не заўсёды разгадваюць іх правільна, таму не пазбягаюць пакут, а нярэдка, як у выпадку з Марынкай, і смерці: «Апошнія дні Марына была дужа цяжка засмучоная. Яна бачыла дзіўны і страшны сон», — так пачынае аўтар апісанне Марынчынага сну, які папярэджваў аб небяспецы, вяшчаў бяду.
Максім Гарэцкі пашырае сферу даследавання характару асобы яшчэ і за кошт уласцівых чалавеку містычных перажыванняў, за кошт пранікнення ў сферу загадкавых працэсаў чалавечай псіхікі ў асабліва важныя перыяды жыцця. Як сумленны даследчык чалавечай душы ён не мог не агаліць для чытача і тыя думкі, якія для тых, хто прывык мысліць гатовымі штампамі, здаюцца дзіўнымі, напрыклад, думкі аб сувязі, здаецца б, не звязаных паміж сабой прадметаў — выкапанага бацькам чалавечага чэрапа, які Лаўрык паставіў у сябе на этажэрцы і трагічнай падзеяй яго жыцця — асуджэннем да вышэйшай меры пакарання (пасля замененай высылкай у раён будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала). «О Лаўрык, Лаўрык! Няшчасце прынёс табе гэты чэрап...» — усклікае аўтар-апавядальнік, звязваючы ў сваёй свядомасці з'явы, якія, здаецца, не выяўляюць ніякай узаемасувязі.
Аналізуючы раннія творы Максіма Гарэцкага «Патаёмнае», «Цёмны лес» і інш., Міхась Мушынскі азначае, што яны «пазбаўлены асветніцкай скіраванасці, якую мы бачым, напрыклад, у «Родных карэннях», адсутнічаюць і выразныя аўтарскія меркаванні. Унутраны сюжэт тут пабудаваны на пісьменніцкім усведамленні складанасці жыцця, у якім шмат непазнанага, неразгаданага, таемнага.
Але сувязь паміж патаемным, неразгаданым і рэальным усё ж існуе, доказы таго пісьменнік сустракае на кожным кроку, бачыць у з'явах прыроды».
«Камароўская хроніка» — твор, які валодае вялікай прыцягальнай сілай, яшчэ чакае выяўлення даследчыкамі багацця і разнастайнасці «сакрэтаў» моўнай тэхнікі аўтара, сферы яго ідэй, галоўных прынцыпаў стылю, асаблівасцей мовы, непаўторнасці і ўнікальнасці мастацкага свету класіка нашай літаратуры, якасці яго псіхалагізму.