Гаўрыла Гарэцкі
ПРА ЯКУБА КОЛАСА
3 творамі Якуба Коласа пазнаёміў мяне ў 1912-1913 гадах мой брат, Максім Гарэцкі, які канчаў Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча, быў дапісчыкам «Нашай нівы» і захапляўся маладой беларускай літаратурай. Максім з натхненнем дэкламаваў вершы Коласа з першай кнігі пісьменніка «Песні жальбы», выдадзенай у 1910 годзе, чытаў апавяданні Тараса Гушчы – Якуба Коласа.
А з самім Коласам пазнаёміў мяне таксама брат у 1924 годзе ў Мінску. Канстанцін Міхайлавіч і Максім сябравалі, бывалі адзін у аднаго на кватэрах. Досыць часта сустракаўся я з Коласам у 1927-1930 гады пад час працы ў Інбелкульце і ў Беларускай Акадэміі навук.
Канстанціна Міхайлавіча цікавілі не толькі пытанні літаратуры навуковай тэрміналогіі, у распрацоўцы якой ён прымаў разам з Янках Купалам, вельмі актыуны ўдзел. Якуб Колас стаяў ля калыскі беларускай савецкай навукі, быў больш як 28 год віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук.
Канстанцін Міхайлавіч асабліва падкрэсліваў неабходнасць усебаковага вывучэння прыроды Беларусі, у тым ліку геалогіі ў мэтах пошуку карысных выкапняў. Пры сустрэчах са мною часта закранаў пытанні меліярацыі Палесся, палепшання сельскай гастадаркі Беларусі, геалагічных даследаванняў развіцця беларускай савецкай навукі і інш.
Сустракаўся я з Коласам і пад час Вялікай Айчыннай вайны, у Маскве, у 1943-1945 гадах. Аднойчы быў у Канстанціна Міхайлавіча ў Клязьме, пад Масквою, разам з сынам Усяславам. Наведалі ў той дзені свайго старэйшага друга Пятрусь Броўка і Пятро Глебка. Колькі радасць было ў той час і ў Якуба Коласа і ў яго гасцей, бо набліжалася поўнае вызваленне Беларусі.
Добра памятаю вечар 16 лютага 1945 года ў гасцініцы «Якар», дзе Якуб Колас сабраў на вячэру, у адзнаку паспяховай абароны мною доктарскай дысертацыі, сваіх сяброў і землякоў: Янку Маўра, Петруся Глебку, Аркадзя Куляшова, Антона Бялевіча, Канстанцыю Буйло, Алесю Александровіч, Міколу Міцкевіча і інш. Многа ласкавых слоў сказаў тады мне Канстанцін Міхайлавіч, запрошаны хутчэй ехаць на Беларусь.
Прыемна было мне бачыць Якуба Коласа ў прэзідыуме Усеславянскага кангрэсу, у Маскве, побач з Людвікам Свобадам.
Былі і сумныя сустрэчы з Коласам у Маскве, на кватэры яго знаёмых, у час цяжкай хваробы Марыі Дзмітраўны, якая ўжо не магла ўстаць з ложка...
Быў я з жонкай і на ўрачыстым пасяджэнні ў Маскве ў 1952 годзе, прысвечаным 70-годдзю народнага паэта. Настрой быў прыўзняты. Канстанцін Міхайлавіч ласкава гаманіў з намі. Але адчувалася стомленасць, адбітак частых хвароб на запаленне лёгкіх.
Запрасіў Колас мяне з жонкай у 1956 годзе наведаць яго ў Мінску. Гэта была наша апошняя сустрэча, знешне радасная, а ў глыбіні – сумная, развітальная: надта хворы быў напярэдадні Канстанцін Міхайлавіч і зноў на запаленне лёгкіх. Прыняў ён нас гасцінна ў сваім акадэмічным доме, апавядаў жартаўлівыя выпадкі з жыцця Акадэміі навук, чытаў жартоўныя вершы. Аднак паехалі мы з Мінска з трывожным прадчуваннем – у тым жа годзе памёр наш незабыўны Колас...
1982