"СЛОВА ПРА ПАХОД ІГАРАВЫ"
Ў ПЕРАКЛАДЗЕ МАКСІМА ГАРЭЦКАГА
У артыкуле аналізуецца пераклад Максіма Гарэцкага "Слова пра паход Ігаравы". Вызначаюцца асаблівасці перакладу, яго спецыфіка і адметнасць. Звяртаецца ўвага на ступень вывучанасці твора.
Ключавыя словы: Максім Гарэцкі, гісторыя, міфалогія, дыялектызмы, песні, паданні, гутарковая мова, старажытнарускі тэкст, фальклорныя вытокі, мастацкі твор.
Праблематыкай, высокай мастацкай культурай і ідэйна-эстэтычным пафасам творчасць Максіма Гарэцкага зрабіла вялікі ўплыў на беларускую літаратуру. Пісьменнік захапляўся і старажытнай усходнеславянскай літаратурай. Таму некаторыя яго творы стылізаваны пад мастацтва сівой даўніны ("Патаемнае", "Лірныя спевы").
У 1922 г. убачыла свет складзеная М. Гарэцкім "Хрэстаматыя беларускай літаратуры: XI век – 1905", дзе было змешчана "Слова пра паход Ігаравы" ў перакладзе аўтара і старажытнарускі тэкст. Пераклад звяртае ўвагу значна большым, у параўнанні з іншымі тэкстамі "Хрэстаматыі", памерам (10 старонак). Станоўчай ацэнкі заслутоўвае і імкненне данесці гэты твор да беларускіх чытачоў, бо са старажытным тэкстам можна было пазнаёміцца толькі па рускіх даследаваннях.
Максім Гарэцкі хацеў зрабіць "Слова пра паход Ігаравы" даступным і зразумелым. Дзеля гэтага ён падаваў паралельна амаль даслоўны пераклад, рабіў у дужках і зносках тлумачэнні сэнсу.
Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага |
---|---|
Тогда при ОльзҌ Гориславличи… [9; с. 376] | Тады пры Алегу Гараслаўлічу* [3, с. 14] *Алег Святаслаўліч празываецца тут Гараслаўлічам, затое што пры ім было шмат гора |
Перакладчык захаваў асаблівасці мовы аўтара, стылістычны каларыт арыгінала (русічы, славу, ракаталі, вояў і інш.).
Калі тлумачэнні "цёмных месцаў" здаваліся непераканальнымі, М. Гарэцкі вольна перадаваў у дужках сваё разуменне сэнсу і рабіў пры гэтым купюры ў тэксце і перакладзе.
Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага |
---|---|
Усобсица княземъ... рекоста бо брать брату: "Се мое..." [9, с. 378] | Міжусобіцы князёўскія... (губілі народ). Сталі казаць (князі) брат брату: Гэта маё..." [3, с. 15] |
Перакладчык імкнуўся знайсці лексічныя і фразеалагічныя эквіваленты ў беларускай мове (в щий Боянь [9, с. 372] – чарадзей Баян [3, с. 10], въ сьдло кощиево [9, с. 378] – сядло нявольніцкае [3, с. 16] і інш.); часта выкарыстоўваў клічныя формы назоўнікаў (салавею, Баяне, браце, княжа, Яраславе, Мсціславе і інш.), формы парнага ліку (вачыма), формы інфінітыва на -ці (неўваскрасіці, прыкрыці і інш.).
Максім Гарэцкі пазбег небяспекі падрадковага перакладу.
На наш погляд, апісанне другой бітвы ў М. Гарэцкага атрымалася. Ён скрупулёзна працаваў, падбіраючы кожнае слова для перакладу.
Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага |
---|---|
Земля тутнеть, рҌкы мутно текуть, пороси поля прикрывають, стязи глаголють... [9, с. 376] | Земля тужыць, рэкі мутна цякуць, порась-пыл поле пакрывае, сьцягі гавораць-шумяць... [3, с. 13] |
Для разумення старажытнарускага тэксту перакладчык выкарыстоўвае не даслоўны, а мастацка-тлумачальны пераклад (поросы – порась-пыл, глаголють – гавораць-шумяць). Дзеясловы гавораць-шумяць вельмі ўдала перадаюць атмасферу трывогі ў рускім стане. Але, на думку М. Булахава, ужытае М. Гарэцкім слова тужыць не адпавядае значэнню слова тутнеть у старажытнарускім тэксце. Яго лепш перадае слова гудзе. Маецца на ўвазе, што зямля гудзе пад капытамі конніцы, якая ідзе ў бой. Такой пазіцыі прытрымліваліся Я. Купала, Р. Барадулін, I. Чыгрынаў, В. Дарашкевіч, а таксама Д. Ліхачоў, Л. Дзмітрыеў, А. Арлоў.
Каб перадаць атмасферу сівой даўніны, фальклорныя вытокі старажытнага твора, М. Гарэцкі ў перакладзе шырока ўжывае словы гутарковай беларускай мовы, дыялектызмы, паэтычная стыхія народных песень, паданняў.
У перакладзе "Слова.. " М. Гарэцкага вылучаюцца словаформы, уласцівыя Мсціслаўшчыне. Гэта формы дзеясловаў 3-й асобы адзіночнага ліку на -ець\ вядзець, пасець, едзець, жджэць.
Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага |
---|---|
Стоять стязи въ ПутивлҌ, Игорь ждеть мила брата Всеволода [9, с. 372] | Стаяць сьцягі ў Пуціўлі, Ігар жджэць мілага брата Усевалада... [3, с.11] |
Сустракаецца Амсціслаў замест Мсціслаў, зялеза замест жалеза, пяяць замест пець.
Звернемся яшчэ да аднаго ўрыўка, у якім ёсць прыклады ўжывання дзеепрыслоўяў, прыклады дзекання, звароты.
Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага |
---|---|
А бы ты сиа плъкы ущекоталь, скача словсию, по мыслену древу, летая умомъ подъ облакы, свивая славы оба полы сего времени, рища в тропу Трояню чресъ поля на горы! [9, с. 372] | Вось каб ты апяяў гэтыя палкі, бегаючы, салавею, па дрэву думак, лятаючы арлом пад ваблокамі, зьвіваючы, салавею, абедзьве часьці гэтага часу (мінулае і сучаснае), рыскаючы Траянаваю сьцежкаю цераз поле на горы [3, с. 11] |
Мы бачым, што ў сваім перакладзе М. Гарэцкі адступіў ад старажытнарускага тэксту, напісаў арлом замест умомъ. М. Булахаў лічыць, што гэта магло быць зроблена пад уплывам фразы ў пачатку помніка "шызымъ орлом подъ облакы" [2, ч. 1, с. 67].
Пры аналізе твора нельга абмінуць урывак, у якім гаворыцца пра сон Святаслава. Паэтыку сну ў творах шырока выкарыстоўвалі А. Міцкевіч, Я. Чачот, Т. Зан, Ф. Савіч, Я. Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч. Пра сон у мастацкай сістэме твора пісала ў сваім дысертацыйным даследаванні "Паэтыка снабачанняў у літаратуры Беларусі XIX стагоддзя" 3. Тычына. "Сон – гэта жыццё душы, якая, вызваленая ад цяжару цела, мае мажлівасць засяродзіцца на самой сабе, паглыбіцца ў сябе і спасцігнуць сутнасць свайго існавання і сутнасць рэальных мінулых, сучасных і будучых падзей, выйсці за рамкі штодзённасці" [10, с. 99], – адзначае даследчыца.
Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага |
---|---|
А Святъславъ мутенъ сонъ видҌ въ КиевҌ на горахъ. "Синочи съ вечера одЪвахуть мя, рече – чръною пополомою на кровати тисовҌ, чръпахуть МИ синее вино съ трудомъ смҌшено, сыпахуть МИ тъщими женчюгь на лоно, и мЪгуть мя" [9, с. 378] | А Сьвятслаў відзіў нядобры сон. "На гарах у Кіеве, гэтай ночы з вечара, акрывалі, кажа, мяне чорнаю посьцілкаю на цісавым ложку; чэрпалі мне зялёнае віно, зьмешанае з муцьцю; сыпалі з мізэрных каўчаноў (палавецкіх) буйны жомчуг мне на ўлоньне, песьцілі" [3, с. 16] |
Усе прамыя значэнні слоў ва ўрыўку выяўляюць чорна-журботны колер (тисовъ – звязаны з жальбай, тъщими – звязана са значэннем кораня журба, трудъ – немач, гора) [5, с. 225]. Журботны фон урыўка завяршае слова жамчужына – сімвал тугі, смутку і слёз. Замест синее вино М. Гарэцкі ўжыў зялёнае віно. Сімвалічнае значэнне гэтых выразаў аднолькавае, бо ў старажытнарускай мове зелёный магло абазначаць жоўты, зялёны, блакітны і ўсялякае светлае, яркае адценне гэтых колераў [5, с. 220]. Не вельмі ўдалая, на нашу думку, замена перакладчыкам старажытнарускага слова трудъ (гора) на муць.
Вялікае значэнне ў мастацкай сістэме твора мае "залатое слова" Святаслава. Д. Ліхачоў слушна адзначыў: «Нерухомы вялікі князь Святаслаў Кіеўскі, але яго "залатое слова" звернута з Кіева "на гарах", дзе ён сядзіць, да ўсіх рускіх князёў» [7, с. 54].
Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага |
---|---|
Тогда великий Святъславъ изрони Златослово, слезами смҌшено, и рече: "О, моя сыновъя, Игорню и Всеволоде! Рано еста начала Половецкую землю мечи цвҌлити, а себъ славы искати. НҌ нечестно одолҌсте, нечестно бо кровь поганую пролиясте. Ваю храбрая сердца вҌ жестоцемъ харалузҌ скована, а въ буести закалена. Сели створисте моей серебреней сҌдинҌ!" [9, с. 380] | Тады вялікі Святаслаў сказаў са слязьмі залатое слова: "0 Мае пляменьнікі, Ігару і Ўсеваладзе! рана вы пачалі сячы мячамі палавецкую зямлю, шукаючы сабе славы; ды бяз славы зрабілі; бяз славы паганскую кроў разьлілі. Вашы храбрыя сэрцы ў нязломнай скованы сталі, а ў буйнай адвазе загартаваны. Што ж вы зрабілі маёй сівізьне сярэбранай!" [3, с. 17] |
Слова сыновъя М. Гарэцкім перакладзена як пляменънікі. Я. Купала ў вершаваным перакладзе напісаў сыны. Апісальна (буйнай адвазе) перадае М. Гарэцкі лексему буести. Што тычыцца старажытнага цвпьлити, то перакладчык падабраў яму беларускі адпаведнік сячы. Такім чынам, пераклад урыўка атрымаўся творчым. Перакладчык змог перадаць боль, трывогу, смутак, якія былі ў сэрцы Святаслава.
Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага | Старажытнарускі тэкст, змешчаны ў"Хрэстаматыі/' М. Гарэцкага |
---|---|---|
Тогда по Русской земли рЪтко ратаевҌ кикахуть, нъ часто врани граяхуть, трупиа себҌ дҌляче, а галици свою рҌчь говоряхуть, хотять полетҌти на уедие [9, с. 376] | Тады па рускай зямлі рэдка пяялі аратаі, а часта каркалі груганы, хацеўшы ляцець на пажыву [3, с. 14] | Тогда по руськой землі редко ратаеве кыкахуть, н'часто врані граяхуть, хотять полететь на уедие [3, с. 14] |
У прыведзеным старажытнарускім тэксце, якім карыстаўся М. Гарэцкі, і перакладзе з "Хрэстаматыі" зроблена недакладнасць. Паміж словамі граяхуть і хотять павінна стаяць шматкроп'е, якое адпавядала апушчанаму ўрыўку "трупиа себпь дпьляче, а галици свою рпьчъ говоряхуть". Л. Зарэмба заўважыла, што ў 1925 г. пісьменнік аднавіў прапушчаны ўрывак у наступным прачытанні: "трупіа себе деляче, а галіці свою речь говоряхуть" пераклаў "трупы міжсобку дзелячы, ды галіцы сваю размову вялі" [4, с.213].
Можна ўбачыць у перакладзе М. Гарэцкага некаторыя несупадзенні са старажытнарускім тэкстам "Слова пра паход Ігаравы".
Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага |
---|---|
На седъмомъ вҌцҌ Трояни връже Всеславъ жребий о дҌвицию себҌ любу [9, с. 382] | На сёмым Баянавым веку кінуў Ўсяслаў жэрабе аб любай сабе дзяўчыне [3, с. 19] |
У старажытнарускім тэксце чытаем “на седъмомъ впьцпь Траяни”, а ў перакладзе “на сёмым Баянавым веку”.
Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага |
---|---|
А всядемҌ, братие, на свои брҌзыя комони да позримъ синего Дону [9, с. 374] | Усядзем жа, браты, на сваіх шыбкіх коні ды й пабачым сіняга Дону [3, с. 11] |
Замест старажытнарускага брҌзыя, што характарызуе прадмет, які рухаецца, М. Гарэцкі ўводзіць свой прыметнік шыбкія. На думку М. Булахава, гэта сінанімічныя прыметнікі, яны адрозніваюцца паходжаннем і ўжываннем [2, ч. 1, с. 69].
Чырвоны, белы і чорны колеры ў старажытнарускім тэксце звязаны з агнём, вадой (паветрам) і зямлёй.
Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага |
---|---|
Чръна земля подь копыты костъми была посҌяна, а кровию польяна... [9, с. 376] | Чорная пад капытамі зямля касьцьмі пасеяная, а крывёю палітая... [3, с. 14] |
Адпаведна вызначаем, што косці – белыя, кроў – чырвоная, зямля – чорная. М. Гарэцкі прытрымліваецца старажытных прынцыпаў і пры перакладзе пераважна не адыходзіць ад тэксту "Слова...".
На думку Д. Ліхачова, калі мы прыгледзімся да тэксту "Слова пра паход Ігаравы", то адразу ж заўважым, якое значнае месца ў ім маюць святло і цемра [7, с. 261]. Ігар – увасабленне святла. Для яго характарыстыкі ў творы выкарыстаны сінонімы свпьть свпьтлый [9, с. 372] – съвет светлы [3, с. 11]. Такую назву князь Ігар атрымаў таму, што ён супрацьстаіць чорнай сіле полаўцаў. Ён заступнік і выратавальнік рускай зямлі.
Вялікую ролю ў творы адыгрывае сонца – сімвал святла. Паводле народных уяўленняў, Сонца – вялізнае касмічнае ("Божае") вогнішча, якое "грэе неба, каб там было цёпла". Пры гэтым яно выступае найвышэйшым увасабленнем касмічнага агню ўвогуле. У пазнейшай інтэрпрэтацыі Сонца мае круглую форму таму, што Бог паставіў перад ім з боку зямлі вялікае круглае павелічальнае шкло [1, с. 479].
У сваю чаргу Д. Ліхачоў адзначае, што ў "Слове..." ёсць два месцы, з якіх відаць, што сонца – крыніца не толькі святла, але і цемры [7, с. 262].
Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага |
---|---|
Тогда Игорь възрҌ на свҌтлое солнце и видҌ отъ него тьмою вся своя воя прикрыти... [9,с.374] | Паглядзеў тады Ігар на светлае сонца і бачыць, як пакрыла яно цемнатою ўсіх яго вояў [3, с. 14] |
Максім Гарэцкі таксама звярнуў на гэта ўвагу і знайшоў удалыя адпаведнікі.
Старажытнарускі тэкст | Пераклад М. Гарэцкага |
---|---|
Солнце ему тьмою путь заступаше, ноіць стонуццы ему грозою птсічь узбуды, свсість звҌрілнь вьеста, збсіся Діівь клычеть врьху древа... [9, с. 374] | Сонца яму цемнатою дарогу заступала; ноч стагнала яму гразою і птушак узбудзіла; свіст звярыны... птушка лесавая паверх дрэва клікае [3, с. 12] |
Слова дывь М. Гарэцкі пераклаў тлумачальным спосабам лесавая птушка. Калі Я. Купала замяніў свысть на выццё, то М. Гарэцкі меркаваў, што ўсха- піліся ўсе звяры, а не толькі тыя, якія свішчуць. Пісьменнік перадаў таксама душэўную трывогу чалавека ў хвіліны прадчування страшнай небяспекі.
Неабходна звярнуць увагу і на заключныя радкі "Слова пра паход Ігаравы": «Пеўшы песьню старым князём, пасьля пеці маладым славу: Ігару Сьвятслаўлічу, буй-туру Ўсеваладу, Уладзімеру Ігаравіну: "Хай жывуць князі і дружыньнікі, змагаючысь за хрысціянаў з палкамі паганскімі! Слава князём і дружыньнікамі. Амін!» [3, с. 22].
Заключныя радкі твора – урачысты гімн, слава перамозе. Нягледзячы на гібель Ігаравай дружыны, руская зямля радуецца вяртанню Ігара з палону і заклікае князёў да адзінства і згоды.
Такім чынам, Максім Гарэцкі хацеў пазнаёміць чытача са старажытным арыгіналам і адначасова зрабіць "Слова пра паход Ігаравы" даступным і зразумелым. У перакладзе ўжыты клічныя формы назоўнікаў, формы парнага ліку, формы інфінітыва на -ці, формы дзеясловаў 3-й асобы адзіночнага ліку на -ець, прыклады дзеепрыслоўяў, прыклады дзекання, звароты, падаўжэнне зычных, памякчэнне зычнага перад наступным мяккім. Перакладчык шырока выкарыстоўвае словы гутарковай беларускай мовы, дыялектызмы, паэтычную стыхію народных песень, паданняў. Максім Гарэцкі захаваў асаблівасці мовы аўтара, стылістычны каларыт арыгінала, імкнуўся даць больш-менш паглыблены эстэтычны разгляд "Слова...", даволі падрабязна перадаў змест твора, разгледзеў яго мастацкія вартасці, фальклорныя вытокі.
Спіс літаратуры
1. Беларуская міфалогія : энцыклапедычны слоўнік / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч [і інш.]. – Мінск : Беларусь, 2004. – 592 с.
2. Булахаў, М. Г. "Слово о полку Игореве" і Беларусь: Да 200-годдзя першага выд. "Слова о полку ИгоревЪ" : манаграфія: у 2 ч. / М. Г. Булахаў; Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка. – Мінск : БДПУ, 2000.
3. Гарэцкі, М. Хрэстаматыя беларускае літаратуры. XI век – 1905 / М. Гарэцкі. – Вільна, 1922.
4. Зарэмба, Л. I. Я. Купала і М. Гарэцкі – перакладчыкі "Слова аб палку Ігаравым" / Л. I. Зарэмба // Полымя. – 1985. – № 4. – С. 207-214.
5. Колесов, В. В. Свет м цвет в "Слове о полку Мгоре- ве" / В. В. Колесов // "Слово о полку Игореве": 800 лет. – М., 1986. – С. 215-230.
6. Купала, Я. Збор твораў : у 7 т. / Я. Купала. – Мінск, 1974. – Т. 5. – С. 248-280.
7. Лихачёв, Д. С. "Слово о полку Игореве" и культура его временн / Д. С. Лихачёв. – Ленинград, 1985.
8. Майхровіч, С. К. Слова аб палку Ігаравым / С. К. Майхровіч. – Мінск, 1968.
9. Памятники литературы Древней Руси. XII век. – М., 1980. – С. 372-387.
10. Тычына, С. М. Паэтыка снабачанняў у літаратуры Беларусі XIX ст. : дыс. ... канд. філал. навук : 10.01.01 / С. М. Тычына. – Мінск, 2007. – 115 л.
Вольга БУЙНОЎСКАЯ,
спашукальнік кафедры гісторыі беларускай літаратуры
філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта