Кастусь РАДЗІМІЧ

КРОКІ ГАРЭЦКАЗНАЎСТВА

Максім і Гаўрыла Гарэцкія і іх грамадска-культурнае і навукова-творчае асяроддзе. Матэрыялы XV Гарэцкіх чытанняў. Мінск, 2008.

У зборнік «Максім і Гаўрыла Гарэцкія і іх грамадска-культурнае і навукова-творчае асяроддзе» ўвайшлі даклады XV Гарэцкіх чытанняў.

Сярод заяўленай на канферэнцыі тэматыкі можна адзначыць як аналіз твораў М. Гарэцкага, вывучэнне яго жыцця і дзейнасці, так і асобныя моманты сувязі Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх з іншымі дзеячамі беларускай навукі і культуры.

Як бачна з пададзенай у назве зборніка XV Гарэцкіх чытанняў тэмы, гэтая канферэнцыя прысвячалася менавіта іх грамадска-культурнаму і навукова-творчаму асяроддзю. Але з надрукаванага ў кнізе такіх дакладаў налічваецца ўсяго шэсць. Артыкул Ірыны Гоўзіч «Малая проза» Максіма Гарэцкага ў кантэксце літаратурнага працэсу XX стагоддзя» можна ўмоўна лічыць прыналежным да тэмы, бо кантэкстуальны аналіз, які вымагае параўнання з іншымі тагачаснымі аўтарамі (што і было зроблена даследчыцай), таксама фактычна выяўляе грамадска-культурнае, навукова-творчае асяроддзе, што існавала вакол пісьменніка. Артыкул Ганны Запартыкі «Педагагічная дзейнасць Максіма Гарэцкага ў высылцы» адлюстроўвае ўмовы жыцця і дзейнасці М. Гарэцкага ў той перыяд, калі ён быў высланы ў Вятку (Кіраў). Пазней пісьменнік жыў у сяле Пясочнае. Высылка – таксама грамадска-кулыурнае асяроддзе, бо ўплывала на агульны настрой пісьменніка, што ў значнай ступені звязана з тэматыкай яго апошніх твораў. Дарэчы, у рукапісным архіве М. Гарэцкага захоўваюцца матэрыялы, звязаныя з абставінамі жыцця класіка беларускай літаратуры ва ўмовах высылкі. Некаторыя з гэтых дакументаў цытуе ў артыкуле Г. Запартыка.

Зусім нечаканым падаўся артыкул Ганны Серэхан «Літаратурны «сваяк» братоў Гарэцкіх: асоба і творчасць Антона Гарэцкага». Рэч у тым, што паэт Міхал-Антон Гарэцкі жыў у ХІХ стагоддзі, і з братамі Гарэцкімі яго яднае аднолькавае прозвішча. Ён належыць да польскамоўнай плыні беларускай літаратуры. Ці з'яўляюцца яны дальнімі сваякамі з агульным продкам, які жыў, напрыклад, у XV, XVI стагоддзях? Цяпер пакуль на такое пытанне адказаць нельга. Але Г. Серэхан заўважае нават іх генетычную сувязь праз прозвішчы: «Літары прозвішча нагадваюць літары ў ДНК чалавека. Таму людзі з аднолькавымі прозвішчамі, без устаноўленай сваяцкай роднасці таксама маюць аднолькавы генетычны код. Акрамя таго, чалавечая падсвядомасць успрымае імя і прозвішча як сігнал да дзеяння. I падсвядомая частка мозга людзей з аднолькавымі прозвішчамі арыентавана на адну ідэю». Як прыклад, даследчыца паказвае факт існавання ў беларускай літаратуры такіх цёзкаў па прозвішчы, як Адам Міцкевіч і Якуб Колас (якога, як вядома, клікалі Кастусём (Канстанцінам) Міцкевічам), Цётку (Алаізу Пашкевіч) і Алеся Пашкевіча, Максіма Багдановіча і Ірыну Багдановіч. Але можна было б запярэчыць: у гісторыі сустракаліся розныя паводле ідэйных, палітычных, а значыць і філасофскіх перакананняў асобы, што мелі аднолькавае прозвішча. Такіх прыкладаў шмат. Разам з тым думка, якую праводзіць даследчыца, можа быць у пэўнай ступені слушнай, калі гаварыць пра псіхалагічны ўплыў імя і прозвішча на агульны настрой.

Заўважаецца, што амаль усе даклады секцыйных пасяджэнняў прысвечаныя М. Гарэцкаму. Акрамя артыкула Г. Серэхан, імя Г. Гарэцкага сустракаецца яшчэ ў матэрыяле С. Макарэвіча «Андрэй Сухі – сведка станаўлення асобаў Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх». Аўтар піша: «Кожны раз, як гаворка заходзіць пра род Гарэцкіх, то без выключэння называецца найперш таленавіты пісьменнік Максім Гарэцкі. Неяк у цяні застаецца яго родны брат Гаўрыла. I калі нехта ўзгадвае шаноўнага Радзіма Гаўрылавіча, то не праміне ўдакладніць, што ён пляменнік пісьменніка Максіма Іванавіча. Зусім несправядліва на другі план адштурхоўваецца асоба вядомага ў свеце навукоўцы Гаўрылы Гарэцкага».

Андрэй Сухі, пра якога ідзе гаворка ў дакладзе, – брат вядомага авіяканструктара Паўла Сухога – беларуса па нацыянальнасці. Андрэй пазнаёміўся з Гарэцкімі ў Горацкай каморніцка-агранамічнай вучэльні. А. Сухі публікаваўся ў «Нашай ніве» пад псеўданімам Мікола Мокры. Пазней, праз гады, пісаў успаміны пра свае сустрэчы. У артыкуле падаюцца даволі цікавыя факты іх знаёмства.

У большасці секцыйных дакладаў выступоўцы разгледзелі пытанні жыцця і творчасці М. Гарэцкага незалежна ад афіцыйна вызначанай тэмы канферэнцыі. Вось прыклады: Алена Белая – «Комплекс Праметэя» і праблема самаідэнтыфікацыі героя ў прозе М. Гарэцкага», Генадзь Кажамякін – «Максім Гарэцкі і яго творчасць у энцыклапедычных артыкулах», Ганна Навасельцава – Мастацкае асэнсаванне мінулага ў прозе М. Гарэцкага», Алена Шарапа – «Навелістычныя традыцыі ў «малой» прозе Максіма Гарэцкага». I гэта зразумела: яшчэ далёка не вычарпаныя шмат якія аспекты гарэцказнаўства, што вартыя разгляду на навуковай канферэнцыі.

Асобная тэма даследаванняў – мова Максіма Гарэцкага. Яна выяўленая ў дакладах Ларысы Кныш «Паралінгвістычныя сродкі гутарковай камунікацыі ў мастацкім тэксце (паводле прозы Максіма Гарэцкага)» і Святланы Сачанкі «Устойлівыя выразы ў рамане Максіма Гарэцкага «Віленскія камунары». Наконт мовы М. Гарэцкага трапна сказаў у прывітальным слове на пленарным пасяджэнні народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч: «Я заўсёды захапляўся сінтаксісам беларускай мовы ў Гарэцкага. Хай бы хто напісаў манаграфію ці дысертацыю «Сінтаксіс Максіма Гарэцкага». Як жа ён непадобны да сінтаксісу многіх і многіх сённяшніх аўтараў, у якіх сінтаксіс якісь ненатуральны, небеларускі, якісь куртаты, абрублены. Не адчуваеш, што гэта беларускі народ гаворыць. А ў Гарэцкага – што ні фраза – цуд жывога маўлення! Сінтаксіс – душа мовы».

Н. Гілевіч прапанаваў скласці і выдаць слоўнік мовы Максіма Гарэцкага. Трэба адзначыць, што сам М. Гарэцкі – беларускі лексікограф. Ён першы ў часе станаўлення беларускай дзяржаўнасці разам з братам Гаўрылам пачаў складаць і выдаваць беларускія слоўнікі. Першае выданне «Руска- беларускага» (пазней – «Маскоўска-беларускага») слоўніка выйшла ў 1918 годзе ў Смаленску. Несумненна, што ў прапанаванае Н. Гілевічам выданне мусіла б увайсці і ўключаная ў слоўнікі М. Гарэцкім лексіка беларускай мовы.

Прыемным фактам стаў удзел у канфернцыі школьнікаў. Юныя даследчыкі прапанавалі два даклады: Сяргей Клішэвіч – «Максім Гарэцкі і Міхась Чарот: на перакрыжаваннях лёсу», Аляксей Кляцкоў – «Праблемы экзістэнцыяльнага суб'екта ў беларускай літаратуры ў кантэксце традыцый еўрапейскага экзістэнцыялізму». Між іншым, праблемі экзістэнцыяльнага ў прозе М. Гарэцкага разглядаецца і ў некаторых іншых даклада канферэнцыі – напрыклад, у матэрыяле Т. Тарасавай «Максім Гарэцкі. «Дзве душы»: канфлікт экзістэнцыяльнага чалавека і сацыяльнай асобы ў адным лёсе».

Несумненна, Гарэцкія чытанні не толькі яднаюць прадстаўнікоў прафесійна-навуковага, студэнцкага і школьнага асяроддзя, але і плённа ўзбагачаюць айчынную літаратуру.