ВЕРБАЛЬНЫЯ СРОДКІ КАМІЧНАГА Ў ДРАМАТЫЧНЫМ АБРАЗКУ «ЖАРТАЎЛІВЫ ПІСАРЭВІЧ» МАКСІМА ГАРЭЦКАГА
Даволі значнае месца ў літаратурнай спадчыне Максіма Гарэцкага займаюць драматургічныя творы. Ужо на пачатку літаратурнай дзейнасці пісьменнік “не абмяжоўваўся якой-небудзь адной жанравай формай, а ахвотна спрабаваў свае сілы ў розных жанрах, у тым ліку – у драматычных”. М. Гарэцкі – аўтар п’ес "Антон" (1914), "Атрута" (1913), "Гапон і Любачка" (1914), "Салдат і яго жонка", "Свецкі чалавек", "Не адной веры", "Каменацёс", "Чырвоныя ружы", "Жалобная камедыя" (1922). Называючы свае п’есы "драматычнымі абразкамі, пісьменнік тым самым засведчыў іх жанравую спецыфіку, іх прыналежнасць да драматычнага і эпічнага родаў літаратуры".
Паводле М. Мушынскага, "сцэнкі" і "абразкі" М. Гарэцкага "ўспрымаюцца як пэўны цыкл, аб'яднаны аўтарскім пафасам выкрыцця маральных хібаў і заганаў, уласцівых чалавеку ці пэўнай сацыяльнай групе".
3 вяртаннем спадчыны і імя Максіма Гарэцкага ў літаратуру адрадзілася цікавасць і да яго драматургічнай творчасці. Баранавіцкім народным тэатрам пастаўлена "Атрута" (1981), Краснапольскім народным тэатрам – спектакль "Стогны душы" (1992) паводле аднаактовых п'ес "Салдат і яго жонка", "Свецкі чалавек" і "Атрута" (паказаны ў 1993 г. у Горках і ў Мінску на вечарыне з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка). На беларускім тэлебачанні ставіўся спектакль паводле п’есы "Салдат і яго жонка" (1980).
Драматургічны абразок "Жартаўлівы Пісарэвіч" напісаны ў 1922 г., упершыню апублікаваны ў часопісе "Полымя" (1925, № 8). "Шматок драмы" пад назвай "Жарты пана Пісарэвіча" быў змешчаны ў газеце "Наша будучыня" (8 снежня 1922 г.) пад псеўданімам А. Мсціслаўскі. Абразок надрукаваны ў кнізе: Гарэцкі М. Жартаўлівы Пісарэвіч: сцэнкі і размовы. Мінск, 1928. Датуецца 1922, 1927 гг. на падставе ["Храналогіі твораў"].
На долю Пісарэвіча выпалі неймаверныя жыццёвыя выпрабаванні бежанца-пакутніка, які ўдалечыні ад бацькаўшчыны марнее ў холадзе і голадзе, што дашчэнту падарвала яго здароўе. На адной са станцый беларускага прыгранічча, калі выпала мажлівасць вярнуцца дадому, Пісарэвіч, знясілены, памірае.
Адна з адметных асаблівасцей гэтага персанажа – вялікая сіла волі: нават будучы хворым, ён увесь час жартуе – не толькі з сябе, але і навакольнага свету. У п'есе багата жартаў, смешных эпізодаў, тым не менш яна ўспрымаецца як "камедыя-плач" – "па тых таленавітых, пісьменных, шчырых беларусах, якіх параскідаў лёс па розных канцах свету".
Драматычны абразок шмат у чым аўтабіяграфічны: як і Пісарэвічу, М. Гарэцкаму давялося зведаць горкую долю бежанца-выгнанніка.
Найважнейшыя вербальныя сродкі камічнага наступныя.
Іранізмы. На эфекце "падманутага чакання" пабудаваны наступны дыялог: спачатку Пісарэвіч нібы згаджаецца з Пані (Выбачайце: тут мяшкаюць панства Пісарэвічы?): Тут, тут... Аднак далейшы працяг яго рэплікі сведчыць пра адваротнае: хоць якое там панства! Быў конь, ды з'ездзіўся. Без скаргі, не адкрыта, а неяк прыхавана, у вобразнай форме, з дапамогай вылучанай прыказкі (гаворыцца пра таго, хто састарыўся ці страціў былое значэнне, уплыў і пад.) Пісарэвіч даў зразумець Пані, хто ён ёсць насамрэч (нямоглы, пазбаўлены свайго жылля, гаспадаркі...). Горкая самаіронія ўкладзена "панам" Пісарэвічам у сэнс ужытай ім прыказкі.
Іранічную афарбоўку могуць набываць словы персанажа, якія ўжываюцца як адмысловая ("разавая") яго назва: [Жонка (збітая з раўнавагі):] Дык гэта ж і ёсць сам пан Пшэпюркоўскі, лекар бяжэнскага камітэту. [Пісарэвіч:] А-а?! А чаму ж ты з ім не пазнаёмілася? Знаёмы і сам уцякач, гэта ж: "Пралетары ўсіх краёў, злучайцеся". [Жонка:] Не жартуй, Алесь! Якое ж цяпер у нас можа быць знаёмства з парадачнымі людзьмі? Сорам прызнацца, хто мы ёсць... Вылучаны выраз Пісарэвіч выкарыстоўвае ў дачыненні да лекара бяжэнскага камітэту, які, мабыць, нярэдка карыстаўся гэтым адным з першых самых вядомы камуністычных лозунгаў (ням. Ргоlеtагier alles Landег; vегеіnіgt еuсh!; упершыню быў выкаказаны Карлам Марксам і Фрыдрыхам Энгельсам у «Маніфесце Камуністычнай партыі").
Як іранізмы ўспрымаюцца радкі, якія неаднойчы спяваў Пісарэвіч дзеля суцяшэння сваёй і людской нядолі, – заключныя словы 1-й страфы міжнароднага пралетарскага гімна "Інтэрнацыянал" (1871) французскага паэта-песенніка Эжэна Пацье:
1) [Пісарэвіч:] Быў конь ды з’ездзіўся. Ну, нічога! Добра, усё добра! (Пяе, махаючы ад сцюжы рукамі – ботам і шылам.)
Хто быў ніным,
Той будзеўсім!
Хоць Пісарэвіч і суцяшае сябе (Ну, нічога! Добра, усё добра! ), але ягоныя словы ўспрымаюцца як прыхаваная іронія, пра што сведчыць жытая ім прыказка Быў конь, ды зездзіўся, а таксама радкі гімна.
2) [Пісарэвіч:] Ну, нічога, добра! (Пяе.)
Хто быў ніным,
Той будзе ўсім!
3) [Пісарэвіч:] Гэ, а чаго мне журыцца? Я шыю боты, жонка мяшкі выпыльвае, дзеткі ў школе… [Пані:] А ў якой школе? [Пісарэвіч:] У школе жыцця! [Пані:] Бальшавіцкай, значыцца? Многа яны там наўчацца! [Пісарэвіч:] Дазвольце вытлумачыць, грамадзянка! На станцыі стаіць эшалон з чырвонаармейцамі, што едуць на белых, на фронт. (Бярэцца за працу і адварочваецца.) Дык яны там цэльны дзень пільнуюць з місачкамі. Астаткі крупнічку, камочак кашы, скарыначка хлеба, селядцовы хвосцік – усё на патрэбу чалавевеку... <...> Нічога, усё добра будзе! (Пяе.)
Хто быў нічым
Той стане ўсім!
4) [Пісарэвіч (прыходзіць, пеючы "Хто быў нічым…”) А што, пайшла ўжо гэтая лялька [маладая, досыць прыгожая пані Ядвіга]? Няўжо і да сябе запрасіла? [Жонка (халяруе):] Змоўкні, змоўкні, змоўкні з гэтаю песняй! Ты ненармальны!
Пра дасціпнасць Пісарэвіча, здольнасць яго пра жыццёвыя нягоды сказаць не адкрыта, а іншасказальна сведчыць наступны дыялог: [Пісарэвіч:] Промысел – чым мы будзем жыць, і што мы будзем есці. Але, грамадзянка, не стойце ў дзвярах, праходзьце далей у нашы палацы! [Пані (нясмела заходзіць):] А хто вы такі? Ці сапраўды тут жывуць панства Пісарэвічы? 3 папярэдняй разгорнутай рэмаркі вынікае, што нашы палацы – гэта сцюдзёная няпаленая марознай зімою кватэра.
У функцыі іранізмаў могуць ужывацца выразы-эўфемізмы. Такія выразы выконваюць важную мастацкую нагрузку: не парушаючы прынцыпаў этыкі ў найменні рэалій, яны, аднак, сваім кампанентным складам камічна намякаюць на прамую назву: [Баба (прыбягае раз’юшаная):] Зладзеі вы!
3-пад чужой курыцы яйкі выбіраеце ды яешні сабе смажыце! Падумаеш, паны дужа вялікія! [Жонка:] Алесь, галубок, даражэнькі! Яна брэша, няпраўда, я не брала, я на рынку купіла... (Тупіць вочы, уцягвае галаву.) [Баба:] Купіла пад чужой курыцай! Тут выраз Купіла пад чужой курыцай!ужываецца са значэннем забрала з-пад чужой курыцы.
3 іранічным адценнем успрымаецца ацэнка-пахвальба Пісарэвічам сваіх хлопчыкаў: [Пісарэвіч:] Мае хлопчыкі? А нічога, нічога, дзякую! Аддалі былі іх у прытулак, – хоць Стася і дужа не хацела, але крута нам прыйшлося. Дык нічога! Красці троху няліся там, наўчыліся ад сяброў, а цяпер во з намі жывуць, бо прытулак зачыніўся, – нічога, добрыя хлопчыкі... Актуалізатарам іранічнага ўжывання словазлучэння (нічога), добрыя хлопчыкі з’яўляецца прэпазіцыйны вербальны кантэкст – красці троху няліся там, наўчыліся ад сяброў.
Алагізмы. Асновай камічнага можа быць алагізм – вербальна апісаны факт, які не адпавядае рэчаіснасці і разлічаны на тое, каб пацешыць суразмоўніка: [Пісарэвіч:] Го-го! Мы сабе з Масквы снег выпісваему а з Варшавы сананкі. Так і пакатаемся і паваляемся... го-го! [Мяшчанка:] Які вы жартаўнік, пан Пісарэвіч!
Алагізмы (як элементы першаснага маўлення – Пісарэвіча) могуць ужывацца ў рэпліцы іншага персанажа: [Мяшчанка:] Вы ж мяне павесяліце, пан Пісарэвіч. Як гэта вы казалі, што ў вас не так, як у нас, – не на дрэве, а на зямлі ігрушкі растуць... Хі-хі!
На скаргу Мяшчанкі (Насланнё мне з гэтымі ўцекачамі... Сцягнулі-ткі чурбанок!) Пісарэвіч "усур’ёз" супакоіў яе: Яны бачылі, дурныя, і думалі, што гэта кавалак мяса. Дык вось яны схапілі ўночы, а цяпер вараць... Зразумела, Мяшчанка не паверыла Пісарэвічу: Не сорам вам бажыцца, пан Пісарэвіч? Ці ж гэта можа быць тое, што вы кажаце? Каб пераканаць суразмоўніцу ў "ісціннай праўдзе", Пісарэвіч працягвае свой жарт, які імкнецца па-ранейшаму выдаць за праўду, і дае Мяшчанцы "слушную" параду: Можа, не зусім так, але каля таго; калі не імеце веры, дык вось, Мар’я Іванаўна... (Цягне з-за спіны чурбанок.) Трымайце! Я на ім боты рапараваў, а думаў сабе: пасля звару яго ды з’ем. Далібог, так думаў! Але неяксь пашкадаваў. Бярыце, Мар’я Іванаўна: мо калі голад будзе ў вашай губерні, – не вам, дык добрым людзём спатрэбіцца замест кавалка мяса... Нарэшце ўсё-такі дайшло да Мяшчанкі, што гэта жарты-выдумкі: Дык гэта ўсё вашы жарцікі, пан Пісарэвіч? А я спалохалася - дзе, думаю сабе, мой чурбанок? Ну і жартаўнік!
Як алагізм успрымаецца зварот, утвораны аб’яднаннем сэнсава несумяшчальных кампанентаў формулы маўленчага этыкету: [Пісарэвіч (тыцкаючы сябе пальцам у грудзі):] Вы, грамадзянка, бачыце перад сабою грамадзяніна ці, як вы кажаце дзеля старой сваёй прызвычаёнасці, пана, грамадзяніна-пана Пі-са-рэ-віна! Тут грамадзянін – тыповая форма афіцыйнага звароту да дарослага чалавека, пан – форма ветлівага звароту да асобы, якая належыць да прывілеяваных класаў.
Выслоўі. Дасціпныя, гумарыстычна афарбаваныя выразы даволі часта сустракаюцца ў маўленні Пісарэвіча. На папрок Жонкі (Апамятайся і людзей пастыдайся. Ледзьве ногі цягаеш, а скачаш, як малое дзіцянё) хворы Пісарэвіч сапраўды, як тое малое дзіця, прыпявае: Гуляй, хата, гуляй, печ! Гэтая пацешка-прыгаворка яскрава сведчыць, што і ў неймаверна цяжкім фізічным стане (блуканне па пакутах падарвала здароўе Пісарэвіча) ён працягвае жыць жартамі, якія сілкуюць яго волю, не даюць скарыцца перад нядоляй, заняпасці духам.
Некаторыя выразы (выдумлянкі) успрымаюцца як смех праз слёзы: [Пісарэвіч:] Я – хворы? Глядзі, якія здаровы! (Махае кулакамі.) Го-го! На мяне яшчэ маладзіцы заглядаюцца! Го-го! Ну, смейся ж, Стасенька! Чаго там плакаць? Го- го! Мы яшчэ... о-го-го!Адчуваючы, што яе муж жартуе праз сілу, Жонка са спачуваннем звяртаецца да яго: Не жартуецца табе, Алесь! Кінь...
Фразеалагізмы. Пачуўшы ад Дзяўчынкі: Я не брадзяга, – майго бацьку на вайне забілі за вас, праклятых, Пісарэвічава жонка адпрэчыла яе са злосцю: Ідзі, ідзі! (Бярэ яе [Дзяўчынку] за плечы і выводзіць.) Бач, распусціла язык, як карова.Вылучаны выраз у рэпліцы Жонкі ўжываецца з фразеалагічным значэннем (разм. няўхвальн. 'дазволіла сабе нагаварыць многа лішняга'). Пад уплывам падкрэсленага параўнання гэты выраз набывае больш зніжаную экспрэсію, паколькі Дзяўчынка ўскосна параўноўваецца з жывёлай.
Прыгаворкі-рыфмаванкі. Камічны эфект дасягаецца паўтарэннем аднолькавых слоў, якія не з'яўляюцца паўнацэннымі лексічнымі адзінкамі і ўжываюцца ў функцыі выклічнікаў: [Пісарэвіч (схаваўшы чурбанок з ботам за спіну):] Выбачайце, Мар'я Іванаўна, што вы не пастукалі: я ў хатнім выглядзе і боты сабе рапараваў. (Скача на адной назе.) Дылі-дылі, го-ца-ца! Дылі-дыліу го-ца-ца! [Мяшчанка:] Кіньце свае жарты, пан Пісарэвіч! Чурбанка няма. Ці не бачылі вы часам? Параўн.: выклічнік го-ца-ца і дзеяслоў гоцацца – разм. 'з шумам скакаць, падскокваць'.
Кантамінаваныя іншамоўныя ўкрапіны. Камізм выклікае нямецка-беларуская ўкрапіна цуруком, утвораная ад частковай нямецкамоўнай украпіны цурук (ням. zuruk' назад') з уласцівым беларускай мове канчаткам творнага склону -ом: [Немец:] Цурук! (Варочае яго назад.) [2-гі ўцякач:] Вярніся, хай ён падавіцца сваім цуруком.
Комплекснае ўжыванне вербальных сродкаў камічнага. У рэпліках персанажаў-суразмоўнікаў могуць ужывацца вербальныя сродкі камічнага розных тыпаў, што садзейнічае стварэнню насычанага камізму: [Пані:] Не, я-то ўжо бальшавікоў хваліць не магу. Галайстру гэтую, хвэ! I муж мой, доктар, цярпець іх не можа... [Пісарэвіч (устае):] Охо-хо... Выбачайце, грамадзянкі, але мне трэба выйсці за фізіялагічнай патрэбаю: гнілая бульба робіць часцейшы кругазварот. (Насвіствае і выходзіць.)
Хто быў нічыму
Той стане ўсім!
У функцыі камічнага ўжываюцца эўфемізм за фізіялагічнай патрэбаю, выраз, пабудаваны на канцылярскі лад (гнілая бульба) робіць часцейшы кругазварот, словы "Інтэрнацыянала": Хто быў нічым, / Той стане ўсім!
Вось якая размова адбываецца паміж Мяшчанкай і бежанцам Пісарэвічам, які шукае пакойчык, каб было хоць дзе прытуліцца: [Мяшчанка:] Маеце шмат чаго-о? Дык вы мне пакой згноіце, заставіўшы сваім дабром. [Пісарэвіч:] У нас яго зусім мала, панічка... [Мяшчанка (перабіваючы):] А вы ж казалі – многа. [Пісарэвіч:] Ды так... ні многа ні мала: ні кошыкам перанесці, ні пакой згнаіць. [Мяшчанка:] Гм! Вас таўкачом у ступе не зловіш... Вербальныя сродкі камічнага: досціп- гумарызм ні многа ні мала: ні кошыкам перанесці, ні пакой згнаіць, выраз вас таўкачом у ступе не зловіш (мае адценне жартаўлівасці і звычайна ўжываецца, калі гаворка ідзе пра каго-н. надта ўвішнага, спрытнага).
Такім чынам, камічны эфект у драматычным абразку дасягаецца ўжываннем як спецыялізаваных вербальных сродкаў (іранізмы), так і неспецыялізаваных (алагізмы, выслоўі, фразеалагізмы, прыгаворкі-рыфмаванкі, кантамінаваныя іншамоўныя ўкрапіны). Стварэнню насычанай камічнай экспрэсіі садзейнічае комплекснае ўжыванне вербальных сродкаў.
Васіль РАГАЎЦОЎ,
доктар філалагічных навук