Да 70-годозя Перамогі

Нона ШАНДРОХА

"Я ВЕРУ Ў ЛЕПШЫ ЧАС..": РЫТАРЫЧНЫ АСПЕКТ ФРАНТАВЫХ ЛІСТОЎ-СПОВЕДЗЯЎ ЛЕАНІДА ГАРЭЦКАГА

Чаму вайна здараецца, чаму?
Святога для людзей няма нічога,
Непадуладна розуму майму,
Што злыя людзі – падабенства Бога.

Стварыў усё Бог: і неба, і зямлю,
Зямля – як рай, ласкава сонца свеціць,
Высновы паступова я раблю:
Не ўсё зрабіў Бог правільна на свеце.

Анатоль Балуценка.

Сёлета Беларусь адзначае 70-годдзе Перамогі ў Другой сусветнай вайне. Яна забрала сярод многіх юнацкіх жыццяў жыццё цудоўнага прадстаўніка тагачаснай моладзі, сына беларускага пісьменніка Максіма Гарэцкага – Леаніда Гарэцкага. Жывым увасабленнем веры ў праўду, дабро і справядлівасць застанецца назаўсёды малады лейтэнант Леанід Гарэцкі ва ўдзячнай памяці пакаленняў. А ягоная да болю шчымлівая і спавядальная франтавая перапіска з роднымі ўвайшла ў скарбніцу эпісталярнага жанру як выдатны ўзор красамоўства. Хацелася б, каб Лёневы пісьмы сталі ўзорам мыслення для вучняў старэйшых класаў, сучаснай моладзі, якая сёння жыве пад мірным небам і якой, магчыма, не да канца будуць зразумелыя духоўныя памкненні яе равесніка. Равесніка, што ў дваццаць адзін год аддаў жыццё, каб для нас і яшчэ многіх пакаленняў захаваць спакой і мір на Зямлі.

«Я веру ў лепшы нас... – так светла і рамантычна марыў малады Леанід Гарэцкі, думаючы пра блізкіх яму людзей, маладосць, Радзіму, жыццё... і ўдумліва, мужна прысягаў матулі яе ўдзячны сын-франтавік: – ...буду захоўваць бадзёрасць духу, каб перажыць лягчэй цяжкасці і не зваліцца з ног, каб не прапала марна праца дарагіх людзей, якія падтрымлівалі і падтрымліваюць дагэтуль маё жыццё. Мы не ведаем, што будзе з намі, але я хачу, каб ты не падала духам і верыла ў лепшы час, калі скончыцца вайна і мы будзем жыць разам». Але «жыць разам» не давялося. Сын Максіма Гарэцкага Леанід сумленна выканаў святы бацькоўскі запавет – быць вартым высокай годнасці чалавека, грамадзяніна і патрыёта. Ён пражыў на свеце няпоўныя дваццаць два гады і загінуў 18 лютага 1944 г. на Ленінградскім фронце, якраз у дзень нараджэння бацькі. Пахаваны ў брацкай магіле на ўсходнім беразе ракі Шалонь Шымскага раёна Ленінградскай вобласці.

На светлую памяць нашчадкам засталіся франтавыя лісты Лёні, адрасаваныя маці Леаніле Усцінаўне, сястры Галі і дзядзьку Гаўрылу Іванавічу Гарэцкаму, вядомаму беларускаму вучонаму-геолагу. Усяго захавана больш за 200 лістоў Л. Гарэцкага, напісаных у гады вайны. 107 з іх надрукаваны ў перакладзе на беларускую мову ў часопісе «Маладосць». Франтавыя лісты – не проста побытавая салдацкая перапіска, а «каштоўны дакумент эпохі» (М. Мушынскі). Больш за тое, гэта адна з рэальных праяў духоўнай пераемнасці пакаленняў. Франтавыя лісты яскрава сведчаць, што Леанід атрымаў у спадчыну ад бацькоў не толькі душэўную шчодрасць, інтэлігентнасць, але і мастацкі, красамоўны талент. Не сакрэт, што сіла ўздзеяння эпісталярнага маўлення цалкам залежыць ад аўтарскай арганізацыі яе рытарычнай прасторы. Найбольш відавочнымі для чытачоў і асабліва дзейснымі з пункту гледжання рытарычнай эфектыўнасці эпісталярнага маўлення зяўляюцца эпітэты, лексічныя паўторы, рытарычныя пытанні, воклічы і інш.

Леаніду гарэцкаму давялося спазнаць у дні вайны і холад. і голад, і цяжкую хваробу, але ён па-мужчынску стрымана і шчыра клапаціўся з сыноўняй любоўю пра маці і блізкіх: «…Мне зараз, як ніколі, хочацца з табой пагаварыць, пабачыць цябе. Зараз у нас была б дружная гаворка.»

«Шчасцем для мяне было б зараз пабыць з табой, з Галяй, з Гурыкам і Ларай. ...Вельмі хацеў бы пабачыцца з табой, пагаварыць (тут і далей вылучана мной. – Н. Ш.)». У душы юнака заўсёдным болем жыў вобраз бацькі, светлая памяць пра Максіма Гарэцкага: «Цяпер мне ўсё часцей успамінаецца жыццё з бцькам. Яно мне бясконца дарагое і роднае», «Як бы рады быў і цяпер пабачыцца, пабыць з бацькам! Але ява паўстае спакойнай сцяной, нібы кажучы: не вернеш таго, што адбылося, і толькі вельмі сумна становіцца ад успамінаў» У лісце ад 31 мая 1943 г. юнак імкнецца асэнсаваць ^гычыны трагізму лёсу бацькі: «...І я не магу зра зумець, чаму ж лёс нанёс бацьку смяротны ўдар. За што ён адпомсціў чалавеку, больш справядлівага і сумленнага за якога я не страчаў? Чалавеку з адктытай і прамой душой, пазбаўленай усялякіх дробязных пачуццяў і запоўненай вялікімі пачуццямі любові і клопату аб сваёй радзіме і народзе. Можа, за тое, што шмат праўды і ласкі тварыў ён...». Сыноўняя споведзь душы не можа не уздзейнічаць на чытача менавіта сваім рытарычна апраўданым прамоўніцкім майстэрствам: «Тата ўлажыў у мяне многа сваіх выдатных якасцей, ён перадаваў мне іх настойліва, і нешта ад яго ў мяне ёсць... Удар па сям’і, калі не стала таты, я змог пахаваць у далёкі куток душы».

Пасля смерці бацькі ідэалам адукаванасці, самаахвярнасці і працавітасці стаў для Лёні Гарэцкага ягоны родны дзядзька Гаўрыла Іванавіч, які быў яму духоўным настаўнікам і апекуном, ліставанне з ім прыносіла сапраўдную асалоду маладому франтавіку. Пра інтэлектуальнае суразмоўніцтва, сумесныя з дзядзькам шчырыя гутаркі юнак узгадваў у лістах да маці: «Шкада, што так далёка Гурык! Яго лісты заўсёды бадзёрылі, прыносілі радасць у жыццё...». Сам Гаўрыла Іванавіч па-бацькоўску любіў пляменніка, апекаваў Леаніда і вельмі цаніў яго, пра што ўспамінаў у лісце да сына Усяслава: «Я меў ад Лёні 102 лісты. Усе яны захаваліся. Гэта – найцікавейшыя сведкі Лёнінага жыцця, выключна каштоўныя дакументы. Я перапісаў апошнія лісты Лёні і паслаў іх Лёлі. Лёня вельмі любіў жыццё, але ён нібы прадчуваў немінучасць згубы, ён не верыў, што мы калі-небудзь убачымся, што сустрэнемся ў Багацькаўцы. Ён чакаў увесь апошні час адпраўкі на фронт, імкнуўся на перадавую...».

Калі чытаеш франтавыя пісьмы Леаніда Гарэцкага, то на першы погляд здаецца, што яны вельмі аптымістычныя, жыццярадасныя. Лёня з уласцівым яму юнацкім максімалізмам марыць пра будучыню, жыве цёплымі ўспамінамі і верыць у блізкую Перамогу: «Вельмі, мама, я хачу перажыць гэты час і дачакацца сапраўднага жыцця..», «Я чакаю перамогі, канца вайны... Зноў зазелянеюць спаленыя вёскі. Віхура вайны мінецца, скора ці не скора, а гэта наперадзе – несумненна», «Кім бы я быў, калі 6 жыццё маё працягвалася нармальна? Я ўпэўнены, што быў бы высокім чалавекам. Я мог бы быць кампазітарам, і не халтуршчыкам, альбо архітэктарам ці канструктарам. ...Люблю я багатую прыроду нашу, яе прастор, прыгажосць, люблю кіпучае жыццё краіны, яе здаровых і сумленных людзей і ўсё мастацтва, створанае чалавекам».

Але, на жаль, калі перачытаць некалькі разоў франтавыя пісьмы Л. Гарэцкага і паглыбіцца ў іх змест, то ўлоўліваецца штосьці трагічнае і зашыфраванае. Гэта асэнсаванне рэальнай праўды вайны і адначасова ўласнае прадбачанне хуткай смерці. Рытарычнае слоўнае майстэрства пераконвае нас у юначым максімалізме і смеласці прыняць суровую рэчаіснасць: «Але я пайду наперад, смерць можа вырваць мяне з эпохі, ды, пакуль жыву, маіх памкненняў не спыніць ніякі недалёкі чалавек...», «Смерці я не баюся. I калі здарыцца, што нас акружаць, у палон возьмуць толькімой труп». Сустракаючы апошні год жыцця, Лёня ў лісце ад 31 снежня 1944 г. пісаў: «...Не верыцца мне, што давядзецца калі-небудзь наведаць Багацькаўку і яшчэ раз пабачыцца з усімі. Гэта мара. Не верыцца, што будуць у нас яшчэ спакойныя дні жыцця». I прадчуванне самага жудаснага, што праклятая вайна магла зрабіць з чалавекам, чытаем у апошнім Лёневым лісце да дзядзькі, лісце за пяць дзён да смерці: «Ужо даўно не чуў я нямецкіх кулямётаў і мін... Жадаю Вам, цётцы Лары і Радзіку здароўя і ўдачы!»

Нельга без слёз прачытаць словы апошняга духоўнага развітання Гаўрылы Гарэцкага з любым пляменнікам. Колькі тут душэўнага болю, роспачы і пачуцця безвыходнасці! Гэта сапраўдны ўзор красамоўства, рэалізаваны ў заслужана велічным звароце да Леаніда на «Ты», дубітацыі, частых запытальных паўторах без адказаў: «Бывай, бывай навек, мой мілы хлопчык, мой Гайавата, мой сынуля родны. Не ўбачыш Ты роднае краіны, не прыйдзеш радасны ў сваю Багацькаўку, не пасмакуеш медунічак, не пагамоніш з дзедам, з роднымі, не заменіш бацьку. Аб чым былі Твае апошнія думкі, мой родны? Ці пранесьліся перад Тваімі вачыма сьцені родных? Ці ўбачыў Ты іх вобраз? Ці разьвітаўся з Зямлёю? Цяжка было Табе пакідаць яе? Ці лёгка была Табе сьмертухна? <...> Вось і канец Тваім гераічным імкненьням, Тваім вялікім марам, Твайму шчасцю. <...> Будзь роднай матуляй, зямелька чужая, майму хлопчыку, прытулкам яго, прылашчы, пахавай яго ціха, ціха, будзь яму ўсім, яго любай каханкай, яго новым адвечным родам. Бывай жа, бывай, мой дарагі, мой любы...».

Падагульняючы адзначанае, заўважым, што ваенная тэматыка, на жаль, пастаянная ў літаратуры. Разам з тым інфармацыйны выбух, які адбыўся ў канцы XX – пачатку XXI ст., разбурыў ранейшы погляд на мінулае і адкрыў прастору для новых фактаў пра вайну – як падзею ўсеагульнага знявечання і разбурэння. У названым рэчышчы вайна – гэта смерць, разбурэнне, скалечаныя лёсы і, самае страшнае, страта ўсякай ахвоты жыць. Ваенны час змусіў і творчую інтэлігенцыю спазнаць суровыя выпрабаванні.

Успаміны пра вайну можна лічыць своеасаблівым помнікам загінулым. Франтавыя ўспаміны паглыбляюць памяць і ўяўленне пра вайну, паказваючы яе ва ўсёй праўдзівасці перажытага і выпакутаванага народам. Вайну цяжкую, непасільную, поўную болю, расчараванняў, пакут і здзекаў. Гэта сапраўдная, непадробная праўда вайны і праўда пра вайну.

Нона Эдмундаўна Шандроха - дацэнт кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Кандыдат педагагічных навук (1998). Закончыла філалагічны факультэт гэтай навучальнай установы (1992) і аспірантуру пры Нацыянальным інстытуце адукацыі (1996). Аўтар дапаможнікаў «Экспрэсіўны сінтаксіс» (2002), «Прафесійнае маўленне гісторыка: камунікатыўны аспект» (2007), «Рыторыка: тропы і фігуры маўлення» (2009), «Педагагічная практыка студэнтаў па беларускай мове і літаратуры» (у суаўтарстве) (2010). Даследуе праблемы красамоўства, экспрэсіўнай стылістыкі, маўленчай камунікацыі і методыкі выкладання беларускай мовы.