«ДАЙЦЕ НАМ НАШУ МЯСЦІНКУ ПАД НЕБАМ»: ДА 125-ГОДДЗЯ 3 ДНЯ НАРАДЖЭННЯ МАКСІМА ГАРЭЦКАГА
Класік беларускай літаратуры, даследчык, патрыёт
В. М. Губская,
загадчык кафедры беларускай і рускай моў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт
У лютым 2018 Г. спаўняецца 125 год з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Пакутлівы шлях выпаў на яго долю. Змагаючыся за права слова на роднай мове, ён страціў права на ўласнае жыццё, аднак паспеў пакінуць запавет нашчадкам: не шкадуючы сіл, рабіць усё магчымае і нават немагчымае ў высакароднай справе адраджэння нацыянальнай культуры, у распаўсюджванні ведаў пра беларускі край, пра яго выдатных сыноў, што прысвяцілі сваё жыццё служэнню Бацькаўшчыне.
Максім Гарэцкі адносіцца да ліку тых людзей, якія не губляюцца ў часе, а, наадварот, набываюць новую існасць, пражываюць другое жыццё, натхняюць на новыя літаратурныя сюжэты, выступаюць тым падмуркам, адштурхнуўшыся ад якога сучасныя літаратары, як тыя птушкі, робяць першы ўзмах крыламі і пачынаюць палёт у літаратурным небасхіле.
Прыхільнікам творчасці Гарэцкага ёсць чым ганарыцца. Па-першае, ужо другі раз на штогадовым найбуйнейшым кніжным кірмашы ў Лейпцыгу выстаўляецца яго аповесць «Дзве душы» ў перакладзе на нямецкую мову, зробленым Н. Рандау. У 2014 г. у Берліне аповесць стала першай у рэйтынгу кніг, апублікаваных па-нямецку выдавецтвам «Гугальц». Па-другое, варта згадаць галоўную падзею 2016 г. у сферы тэатральнай культуры – пастаноўку спектакля «Дзве душы» на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, зробленую рэжысёрам і мастацкім кіраўніком тэатра М. Пінігіным (інсцэніроўку прадставілі У. Ахроменка і М. Клімковіч). Улетку 2017 г. адбылася 25-я сустрэча даследчыкаў-гарэцказнаўцаў падчас Гарэцкіх чытанняў, якія праводзяцца штогод з 1992 г. па ініцыятыве пляменніка пісьменніка акадэміка НАН Рэспублікі Беларусь, геолага Радзіма Гарэцкага. Па сутнасці, Гарэцкія чытанні сталі трыбунай для новага пакалення даследчыкаў творчасці класіка літаратуры, якімі за чвэрць стагоддзя напісана больш за 500 навуковых артыкулаў. Гэты факт – пацвярджэнне таго, што імя Максіма Гарэцкага назаўсёды ўвайшло ў гісторыю культуры нашай краіны і заняло пачэснае месца побач з агульнапрызнанымі імёнамі Якуба Коласа і Янкі Купалы.
Сяброўства, абарванае часам
Сяброўства Янкі Купалы і Максіма Гарэцкага не было працяглым па часе, аднак Гарэцкі паспеў разгледзець у маладым паэце вялікі талент. Абодва літаратары друкаваліся на старонках «Нашай нівы», знаёмства ж іх адбылося ў ліпені 1913 г. на Віленшчыне. Пазней, у 1917 г., яны сустрэліся ў Смаленску: Купала працаваў агентам аддзела забеспячэння, а Гарэцкі – спачатку камендантам жыллёвага аддзела, потым супрацоўнікам газеты «Известия Смоленского Совета депутатов», загадчыкам розных аддзелаў газеты «Звязда».
Храналогія іх далейшых сустрэч выглядае наступным чынам. У кастрычніку 1918 г. Купала і Гарэцкі запісаліся слухачамі факультэта гісторыі мастацтваў на Смаленскае аддзяленне маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1923 г. Гарэцкі з сям’ёй пераязджае ў Мінск, дзе таксама сустракаецца з Купалам. У снежні Гарэцкі разам з Купалам, Коласам, Гартным, Бядулем, Чаротам накіроўваюць віншавальную тэлеграму В. Брусаву з нагоды 50-годдзя. У студзені 1925 г. Максім Гарэцкі разам з Янкам Купалам і Гаўрылам Гарэцкім увайшлі ў новы склад правадзейных членаў Навукова-тэрміналагічнай камісіі, часта сустракаліся і працавалі ў Інбелкульце, удзельнічалі ў рабоце Тэрміналагічнай і Літаратурнай камісій, Камісіі па складанні слоўніка беларускай мовы. У траўні-чэрвені 1925 г. адзначалася 20-годдзе літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы. Гарэцкі на ўрачыстым пасяджэнні падрабязна акрэсліў ролю паэта ў нацыянальна-культурным адраджэнні. У 1930 г. Максім Гарэцкі быў арыштаваны і высланы ў Вятку. Янка Купала разам з жонкай Уладзіславай Францаўнай дапамагаў сям’і Гарэцкіх у гэты складаны момант.
М. Гарэцкі ў сваіх літаратуразнаўчых працах, перш за ўсё ў «Гісторыі беларускае літаратуры», высока ацаніў творчасць Янкі Купалы. Ён аналізаваў творы паэта па наступных крытэрыях: прысутнасць ідэалогіі адраджэння, наяўнасць сацыяльнай тэматыкі, характар прыродаапісальнай лірыкі і лірыкі кахання, элементы сатыры ў паэзіі, эпічныя творы, драматычныя паэмы.
Прывядзём невялікія вытрымкі па вышэй акрэсленых пунктах. «Ідэалогія адраджэння – галоўная прымета не толькі лірыкі, але і ўсяе паэзіі песняра. Ужо ў першых сваіх выступах на літаратурнай ніве ён пачынае з словам мужык звязваць слова беларус» (для прыкладу прыводзяцца вершы «3 песняў а сваёй старонцы», «А хто там ідзе?», «Над сваёй айчызнай», «Песня сонцу», «Выйдзі», «Мая малітва», «Свайму народу»). «Сацыяльны элемент ёсць важная складаная частка ўсяе творчаці Купалы... Сацыяльны элемент творчасці Купалы разліт у большасці яго лепшых вершаў, асабліва ў бытавых апісаннях, апісаннях працы, а найпаўней ён выказан у такіх лірычных рэчах...», сярод якіх Гарэцкі вылучае «З песняў беларускага мужыка», «З песняў мужыцкіх», «Ах ці доўга...», «На польскую ноту», «Эй, восень, восень...», «Аб мужыцкай долі», «З песень беззямельнага» і інш. Прыроду, на думку Гарэцкага, Купала апісвае не як мастак чыстага слова, а як грамадзянін і адраджэнец. Для прыкладу дае вершы «Прыйшла зіма халодная», «Явар», «Пчолы», «Адцвітанне». Лірыку кахання характарызуе так: «Каханне ў кароткіх лірычных вершах Купалы таксама нагадвае сабою адцвітанне, нават «недацветы». Каханне тут адзначаецца смутным тонам, нясмелым аглядам мінулых летуценняў, нейкаю трывожлівасцю, прычым на першым плане стаіць не жыццярадасны пачатак, а зняможны канчатак кахання». Як прыклад дае вершы «Як у лесе зацвіталі», «З недацветаў», «З табою», «Заручыны», «Быў гэта сон». Сатыра, па разуменні Гарэцкага, «разліта ў многіх яго лірычных вершах, а ёсць сатыра і ў чыстым відзе», напрыклад верш «Беларускія сыны», эпіграма «На ўсе рукі». Як чысты эпік Купала, на думку Гарэцкага, не развіўся: «Да яго эпасу трэба залічыць байкі, абробкі народных пераказаў і легенд, вершаваныя апавяданні, а таксама драматычныя паэмы – «Адвечную песню» і «Сон на кургане», ідылічную паэму «Яна і Я» і інш». Сярод драматычных твораў Гарэцкі вылучае п’есы «Раскіданае гняздо», «Паўлінка», аднак у дачыненні да апошняй выказвае шкадаванне з-за адсутнасці трэцяга акта драмы.
Складана сабе ўявіць, як бы развіліся стасункі Купалы і Гарэцкага, каб лёс адвёў ім больш часу, каб не 1930 г. – перыяд сур’ёзных прад’яў да творчай інтэлігенцыі. Для Янкі Купалы гэта быў пераломны год, калі ён рашыўся на спробу самагубства, а затым быў вымушаны выступіць з «Адкрытым лістом» у газеце «Звязда» ад 14 снежня.
Пісьменніку Максіму Гарэцкаму трапілі ў рукі зусім іншыя «лісты прызнання». У студзені 1931 г. ён чытаў наступнае: «...дапытаць у якасці абвінавачанага... у прыналежнасці да нелегальнай к.-р. арганізацыі... аб чым аб’явіць яму пад распіску і даслаць адбітак гэтай пастановы да ведама пракурора». Ніжэй рукою Гарэцкага напісана: «Гэта пастанова мне аб’яўлена 14 студзеня 1931 г.».
3 хатыльком за плячыма, валенцамі пад пахай
10 красавіка 1931 г. рашэннем калегіі АДПУ быў вынесены прыгавор 86 асуджаным па справе Саюза вызвалення Беларусі (СВБ). Пад № 39 адзначана: «Горецкий М. Н. - 37 лет, белорус, белорусский писатель, ученый специалист БАН:
а) в период с 1924 г. по день ареста состоял в литературной группе к/р организацни «СВБ» и проводил задачи этой организации;
б) направлялся центром организации в Горки для работы по созданню филиала Горецкой СХА, т. е. совершил преступление, предусмотренное ст. 76, применительно к ст. 64 УК БССР (ст. 58-11, применительно к ст. 52-2 УК РСФСР). Виновным себя не признал». У выніку Максіма Гарэцкага асудзілі на 5 гадоў высылкі ў Вятку.
Гісторыя вяткаўскіх пакут вартая асобнага рамана, які, магчыма, калі-небудзь напішуць нашчадкі. Выпрабаванні былі цяжкімі і вельмі пакутлівымі не толькі фізічна, але і душэўна. Пісьменнік дакладна зразумеў (яшчэ ў перыяд знаходжання ў мінскай турме), што стаў абузай для сям’і, бо служкі сістэмы будуць пільна сачыць за роднымі, чыніць усялякія перашкоды жонцы, якая спрабавала, як ставала сілы, часам у шкоду сабе, дапамагчы мужу ў гэтай складанай сітуацыі. У лістах да сваёй любай Лёлі ён пісаў: «Я клапачу, што вам цяжка плата за кватэру, але рады ніякай даць не магу. Рабі, Лёля, так, як знойдзеш сама патрэбным. Наогул, я прашу цябе глядзець на нашы адносіны так, што я цябе абсалютна нічым і ні ў чым не звязваю. Ніякага незадавальнення з майго боку не будзе...» (Мінск, 20 сакавіка 1931 г.). Аднак Леаніла Усцінаўна ні на хвіліну не задумвалася аб расставанні з мужам, толькі рабіла ўсё магчымае, каб палегчыць яго душэўны боль, дасылала кнігі, пісала пра поспехі дзяцей і родных, падбадзёрвала, як магла. Муж цаніў яе клопат: «...Ты пішаш: «Ганю сум». Добра робіш. Не сумуй, трэба жыць, як прыходзіцца. Бывае горш, нічога не зробіш. А ў мяне прыемная навіна. З учорашняга дня ўзялі мяне на чарцёжную работу ў ФУП (фабрика учебных пособий), у аддзел капітальнага будаўніцтва. Будуюць новую фабрыку, сабралася вельмі многа чарцёжнай работы. Плату вызначаць пасля двухтыднёвага іспытання. Працаваць ад 9 да 4 1/2. Учора хадзіў у іхнюю сталоўку, вельмі смачна і танна паабедаў... Глядзі, беражы сябе, а то будзеш бегаць, справы, дык прастудзішся. Як Лёня і Галя? Што піша Гур[ык]? Я здароў. Жыву па-даўнейшаму. Цалую» (Вятка, 13 жніўся 1931 г.).
Асабліва захапляюць у сямейнай перапісцы лісты, што дэманструюць бацькоўскія пачуцці, якія не перарвалі ні адлегласць, ні жыццёвыя цяжкасці. Такому дыдактызму, прыроджаным педагагічным здольнасцям, уменню падабраць трапныя словы, з якімі пісьменнік звяртаецца да сваіх дзяцей, сёння можна толькі пазайздросціць: «Добры дзень усім! Нашто ж гэта вы, хлопчыкі, б’іцё Галю? Добра, калі гэтак толькі жартуеце, жартаваць можна, а дакучаць забараняецца. Ну, нічога, яна ўжо вам не здаецца. Дзякуй табе, Лёня, што пацешыў мяне сваімі лістамі і малюнкамі, а цяпер дзякую і табе, Галінка. Я быў дужа рад, што і ты адгукнулася. Маладзец, што пасабляеш маме і насіла заказную бандэроль. Гэта, мусіць, другую, што я ўжо атрымаў. Я па тых рукапісах напісаў цікавую гісторыю, калі-небудзь пачытаеце. Там пра Вільню, дзе вы радзіліся, і пра віленскіх камунараў. Вам будзе прыемна, бо вы ж ужо піянеры і шмат што разумееце. А якія ж ты кніжкі бярэш, Галя, у школьнай бібліятэцы? I якія ты, Лёнечка, чытаеш? – таксама напішы, як будзеш мець вольны час і захочацца напісаць...» (Вятка, 4 студзеня 1932 г.). Відавочна, што ў гэтым лісце Максім Гарэцкі згадвае раман «Віленскія камунары», які ён дапісваў у высылцы, спадзеючыся, што атрымаецца надрукаваць і даказаць савецкай уладзе чысціню сваіх памкненняў.
Аднак часам пісьменнік, якога па волі лёсу выкінулі з літаратурнага працэсу, паддаваўся дэпрэсіі. Як зняволеная птушка, як мастак, пазбаўлены права на слова, ён толькі ў думках мог па-сапраўднаму тварыць: «Добры вечар, Цярплівая Ласка! Добры вечар, парасткі малыя! Заўтра ў Задумекуса выхадны дзень. Зараз ляжа Задумекус у свой аблезлы човен і панясецца на выспу Патмос. У той дарозе, можа, спаткае любых сэрцу свайму, пабачыцца з імі, пагамоніць. Цёпла будзе блазеннаму, бо ў каморы ў яго сёння настрой Арктыкі і кіно-парад скарбаў жыцця перад задуманымі вачыма... Што яшчэ скажа ён Цярплівай Ласцы і сваім парасткам любым? Няхай пра яго не думаюць, няхай пра яго не клапоцяць. Каб не быў ён зубам, што ные і ные... Ну нічога: жыццё само палечыць, час усё загоіць. I тады не будзе таго лішняга наракання: чаму ён часцей не піша? – Як трэба – напіша. Як зможа – паможа. Толькі трэба менш пра яго думаць. Трэба ісці сваім шляхам...».
Вызвалілі пісьменніка ў 1935 г., два гады ён паспеў пабыць на волі, працаваў выкладчыкам рускай мовы ў пасёлку Пясочня, з новымі сіламі займаўся творчасцю. Аднак у лістападзе 1937 г. яго зноў арыштавалі. Абвінавачванне гучала так: «Будучи непримиримым врагом Советской власти, в течение ряда лет проводил контрреволюционную работу, высказывал террористические н контрреволюционные намерения, работая учителем школы, обрабатывал учеников в контрреволюционном духе». Зноў высылка ў Вязьму, зноў разлука з сям'ёй. Апошняе развітанне з мужам Леаніла Усцінаўнаўна апісвае так: «Падышоў цягнік на Вязьму. Развіталіся. Ён пацалаваў мае рукі, прасіў прабачэння за свой нервовы характар. Клапаціўся, што будзе з намі, як будзем жыць далей. Я з выгляду была спакойная. Пацяшалася, што абойдзецца добра, павінна так быць. Кароткі зімовы дзень канчаўся. Этап пастроілі і павялі па вагонах. Мы, праважаючыя, пайшлі следам на перон. Так і застаўся ў маёй памяці Максім Іванавіч Гарэцкі з хатыльком за плячыма, валенцамі пад пахай. Поезд крануўся, пайшоў паволі. I усё...».
У студзені 1938 г. адбылося пасяджэнне «тройкі». Выпіска з пратакола № 85 пасяджэння «Тройки УНКВД Смоленской области» выглядала так:
Слушали | Постановили |
---|---|
66. Дело № 13036 Кировского РО УНКВД с/о, по обвинению: Горецкого Максима Ивановича, 1893 г., уроженец д.Малое Бочачково, Мстиславского р-на, БССР из крестьян-середняков, служащего, судимого | Горецкого Максима Ивановича Расстрелять Лично ему принадлежащее имущество конфисковать |
Постановление Тройки УНКВД СССР
по Смоленской области
от 5 января м-ца 1938 г. о расстреле
Горецкого Максима Ивановича 1893 г. р.
приведено в
исполнение 10 февраля м-ца 1938 г.
в 15 час.
Секретарь Тройки УНКВД Смоленской области Антонов |
Апошнія радкі, якія Цярплівая Ласка атрымала ад свайго Задумекуса, былі такімі: «Спасибо за передачу. Получил всё. Отсылаю обратно корзинку и 2 рубашки. Заботьтесь о себе. Максим». Да свайго 45-годдзя Максім Гарэцкі не дажыў восем дзён.
Рэзюмэ аўтара
Трагічны лёс пісьменніка, жахлівы перыяд гісторыі нашай краіны – сур’ёзны заклік сённяшняму пакаленню зрабіць ўсё магчымае, каб не паўтарыліся памылкі мінулага. У артыкуле «Развагі і думкі» пісьменнік адзначаў: «Мы ж даходзім да праўды, толькі праўды, мы шукаем толькі таго, хто па праву належыць да нас, і чужога нам не трэба, няхай бачыць найвышні! Дык пакіньце перашкаджаць нам, пакіньце мучыць нас, дайце нам нашу мясцінку пад небам, а вашы скарбы – вашы, нам іх не трэба, хопіць нам свайго…». У змаганні за «сваю мясцінку пад небам» Максім Гарэцкі аддаў жыццё. Прайшло 125 год ад яго нараджэння і 80 год, як ён загінуў ад рук сталінскай машыны. Беларусы маюць сваю мясцінку пад небам… Засталося не страціць набытае, зберагчы той скраб, які нашы продкі здабывалі коштам уласнага жыцця.