БЕЛАРУСКАЯ НАВЕЛА ПРА ВАЙНУ

“РУСКІ” МАКСІМА ГАРЭЦКАГА I “МЕМЕNТО МОRІ” ЯНКІ БРЫЛЯ

Відавочнымі асаблівасцямі беларускай прозы, звернутай да праблем чалавека на вайне, з’яўляюцца яе гераічная пафаснасць, эмацыйнасць, патрыятычная скіраванасць. Трывога за лёс Радзімы, яе будучыню вымушала пісьменнікаў засяродзіцца на адлюстраванні геройскіх учынкаў на вайне, узнёслай паэтызацыі воінскага абавязку, эмацыйным закліку да барацьбы. Гэта часта прыводзіла да таго, што розныя па стылёвай манеры пісьменнікі гаварылі амаль ва унісон. Такая з’ява ў пэўнай ступені заканамерная. Натхнёная публіцыстычная афарбоўка твораў у многім спрыяла мабілізацыі духоўных сіл народа ў барацьбе з ворагам. На сучасным этапе вялікую цікавасць выклікае літаратура, што па-мастацку аднаўляе жорсткія, часам экстрэмальныя, лёсавырашальныя сітуацыі, калі пер- санажы стаяць перад выбарам: захаваць жыццё ці па-геройску памерці. 3 пазіцый псіхалогіі ўспрымання мастацкай з’явы больш рэалістычнымі падаюцца творы, у якіх аўтары ставяць у апазіцыю паняцці гераізм і геройства, паказваюць псіхалагічныя падмуркі не толькі подзвігу, але і здрады. Падобныя сітуацыі могуць быць створаны і ў паэзіі, і ў прозе, і ў драматургіі. У жанравай разнастайнасці прозы найбольшым эмацыйным уздзеяннем і сітуацыйнай завостранасцю пры паказе паводзін чалавека на вайне вылучаецца навела.

У сучасным літаратуразнаўстве ўсур’ёз стаіць пытанне пра размежаванне жанраў навелы і апавядання. Пацвярджэннем таму – асобныя працы навукоўцаў, прысвечаныя тэарэтычнаму аналізу навелы як жанру (даследаванні I. Штэйнера, А. Макарэвіча, Г. Адамовіч і інш.), і дыспуты на старонках друку (Полымя, № 2, 2008). У сусветным літаратуразнаўстве гэтая праблема актуалізавалася ўжо даўно: да спрэчных пытанняў тэорыі малых формаў звярталіся нямецкія пісьменнікі і навукоўцы яшчэ ў XIX ст., на пачатку мінулага стагоддзя расійскія даследчыкі (Б. Эйхенбаўм, I. Вінаградаў, М. Пятроўскі і інш.) спрабавалі зацвердзіць за навелай статус самастойнага жанру, адрознага ад апавядання па многіх параметрах.

“Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў” М. Лазарука, А. Ленсу вызначае навелу як “кароткае апавяданне, якое расказвае пра незвычайны выпадак, здарэнне, эпізод з жыцця героя і мае нечаканую развязку” [1, с. 103]. Акцэнт на апошнім (нечаканы фінал, або пуант) робяць пры вызначэнні жанру навелы многія даследчыкі (I. Вінаградаў, А. Макарэвіч, Г. Паспелаў, Э. Шубін і інш.). Акрамя гэтага, жанравымі паказчыкамі навелістычнага твора выступаюць простая фабула, кампазіцыйная дакладнасць, дынамічны сюжэт, канцэнтрацыя зместу вакол адной сітуацыі, аднаго вострага канфлікту, драматызм дзеяння.

Прыведзеная характарыстыка дае падставы сцвярджаць, што навелістычная форма найболып прыдатная для адлюстравання гранічна завостраных трагічных сітуацый, эмацыйна насычаных канфліктаў, нечаканых і нават абсурдных малюнкаў вайны. Апавяданне выкарыстоўвае шырокі спектр мастацкіх сродкаў: творы могуць уключаць апісанні прыроды, знешнасці і адзення, прастора і час у апавяданнях не абмежаваны, дынаміка падзей часта зніжана за кошт перадачы думак і перажыванняў персанажаў. У аснове навелы ляжыць адзін эпізод, канфлікт, які развіваецца хутка, імкнучыся да нечаканай развязкі. Месца дзеяння вузка лакалізавана, час абмежаваны (гэта могуць быць некалькі хвілін з жыцця персанажа), пісьменнік выкарыстоўвае толькі важныя для характарыстыкі героя апісанні.

У залежнасці ад спосабу вырашэння канфлікту навелы падзяляюцца на гумарыстычныя, камічныя, драматычныя, трагічныя, гераічныя. Гераічная навела арыентавана на паказ геройскага ўчынку. Пуант у такіх творах – гэта момант, калі персанаж у барацьбе з жорсткімі абставінамі робіць вырашальны выбар, найчасцей ахвяруючы ўласным жыццём дзеля выратавання іншых ці дасягнення высокай, грамадска значнай мэты.

Да гераічных навел можна аднесці асобныя творы М. Гарэцкага, К. Чорнага, М. Лынькова, В. Быкава, Я. Брыля і інш. Нягледзячы на тое, што іх творы аб’яднаны ваеннай тэмай, кожны з аўтараў выказвае сваё бачанне чалавека на вайне: у амаль аднолькавых умовах персанажы выбіраюць розныя шляхі паводзін і “гераізм” іх таксама розны. Для параўнання разгледзім дзве навелы: “Рускі” М. Гарэцкага і “Меmento mori” Я. Брыля.

Гэтыя творы пазначаюцца ў хрэстаматыях як апавяданні, але, на наш погляд, ёсць усе падставы лічыць іх навеламі: кароткі змест, напружанае дзеянне, сканцэнтраванае вакол адной падзеі, факта, вузкае кола персанажаў і эканомная сістэма мастацка-выяўленчых сродкаў, нечаканы фінал. Пуантам у навеле “Рускі” з’яўляецца раптоўнае рашэнне Рускага забіць аўстрыяка-ўкраінца і драматычныя змены ў псіхіцы персанажа, выкліканыя гэтым учынкам. У “Меmento mori” нечаканая развязка – выбар печніка, які вырашае загінуць разам з аднавяскоўцамі, не скарыстаўшы дадзены яму шанец на жыццё. Вызначэнне пуанту ў навелах – рэч даволі суб’ектыўная. Тое, напрыклад, што ў вялікай колькасці твораў на ваенную тэму персанажы свядома ахвяруюць уласным жыццём дзеля значнай грамадскай мэты, з псіхалагічных падмуркаў інстынкту самазахавання і з сучаснага погляду мірнага жыхара можа падацца незвычайным і нават абсурдным. А ў час ваеннага ліхалецця, калі народ быў аб’яднаны памкненнем вызваліць Радзіму ад ворага, самаахвяраванне хоць і не лічылася заканамернасцю, але ўспрымалася як свядомы і лагічны крок чалавека-патрыёта. Тым не менш не кожны чалавек здольны на такі подзвіг.

У экзістэнцыяльнай псіхалогіі, напрыклад, існуе гіпотэза: “тып рэагавання на непазбежную смерць – гэта функцыя цесна звязаных паміж сабой фактараў” [2, с. 57]. Людзі па-рознаму ставяцца да смерці (асабліва свядома яе выбіраючы) у залежнасці ад такіх паказчыкаў, як рэлігія, узрост, пол, псіхалагічная падрыхтаванасць індывіда, спосабы вырашэння сітуацыі. Улічваючы ўмовы, у якіх апынуўся пячнік з навелы Я. Брыля, у прыведзены спіс фактараў можна дадаць і маральныя якасці чалавека. Героем Я. Брыля смерць разам з аднавяскоўцамі ўспрымаецца як непазбежнасць, у той час як стрэсавай сітуацыяй для яго будзе застацца жыць, пайшоўшы наперакор свайму сумленню. Пячнік зрабіў выбар, што дае падставы лічыць яго героем. У пэўным сэнсе гераічна паступіў і Рускі ў навеле М. Гарэцкага: ён забіў ворага і прынёс яго зброю да сваіх. Але падмуркі гераізму ў двух творах розныя, што бачна пры параўнанні навел.

Персанажы Я. Брыля і М. Гарэцкага – простыя людзі, сяляне: пячнік і звычайны земляроб з Магілёўскай губерні. I той, і другі ў свой час зрабілі дабро сваім ворагам: пячнік збудаваў цудоўныя печы зондэрфюрэру, Рускі з “аўстрыякам” пры сустрэчы прывіталіся “як даўныя сябры” разам перакусілі і выпілі, “закурылі па кручонцы з махоркі Рускага” [3, с. 319]. Розніца толькі ў тым, што пячнік рабіў сваю справу пад прымусам і ў страху за сям’ю, а Рускі – добраахвотна, нязмушана. Перад абодвума персанажамі паўстаў выбар. Печніку было прапанавана ўратаваць ад смерці сябе і сваю сям’ю, Рускаму “вораг-аўстрыяк” сказаў: “Чы веды менэ до Русіі, чы разойдэмся” [3, с. 319]. Магчыма, у свядомасці печніка на хвіліну і ўзнікла надзея на сапраўднае выратаванне, таму ён у нейкай задумёнасці працягвае пералічваць усіх, каго ўзяў бы з сабой з жудаснага пекла: жонку, дзяцей, унукаў, сваякоў, суседзяў. Але гэта быў толькі момант, стары зразумеў, што прапанова – не жэст міласэрнасці ці ўдзячнасці (як прынята ў народзе дабром плаціць на дабро), а выпадковае жаданне “звышчалавека” падкрэсліць уласную ўсёмагутнасць. Адчуўшы гэта, пячнік сам вырашае свой лёс: “Чалавек плюнуў пад ногі, тады павярнуўся і не тым няпэўным крокам, як сюды, пайшоў да варот адрыны” [4, с. 110].

Згодна з чалавечай мараллю напачатку паступіў і Рускі. Ён адпусціў “аўстрыяка” “да сваіх” і нават паціснуў на развітанне руку. Але М. Гарэцкі псіхалагічна дакладна паказаў, як змяніліся думкі персанажа і цёмнае ў яго душы ўзяло верх над чалавечым пачуццём. “Праз духоўную і інтэлектуальную нясталасць, праз страх перад начальствам і нежаданне быць западозраным у баязлівасці” [5, с. 390], суцяшаючы сябе думкай “Эх, што ж я за ваяка” [3, с. 319-320], ён забівае ціхамірнага “аўстрыяка”, стрэліушы яму ў спіну. Хоць герой Гарэцкага меў і іншы выбар: узяць палоннага, тым больш што і сам “вораг”, верагодна, быў не супраць здацца, бо, развітваючыся, ён “быццам трохі, нябачна, замаркоціўся” [3, с. 319]. Адным неабдуманым стрэлам Рускі пазбавіў чалавека жыцця і скалечыў уласнае. М. Гарэцкі паказвае, якім жудасным стала ўсведамленне зробленага, як апанавалі Рускага ў хуткім часе “цяжкая хвароба, і мука, і безнадзейнасць” [3, с. 318]. Салдат спрабуе знайсці сабе апраўданне і не знаходзіць. Слушна сцвярджае М. Мушынскі, што апантанымі воклічамі “Я рускі! Я рускі! Рускі, рускі!” у час, калі яго “забірае хвароба”, “хворы хоча далучыць сябе да тых, хто ваюе за Расею-матухну... хто бароніць яе інтарэсы” [5, с. 390]. Асабістая віна салдата як бы падзяляецца паміж усімі воінамі рускай арміі, становіцца віной калектыўнай.

У абедзвюх навелах створаны напружаныя лёсавызначальныя сітуацыі, у якіх выяўляецца сапраўдная сутнасць чалавека. У свой час філосаф Гегель адзначаў, што “сукупнасць жыццёвых абставін, дзеянняў, лёсаў... безумоўна, фарміруе індывіда, але яго ўласная прырода, сапраўднае ядро яго... здольнасцей выяўляецца незалежна ад іх, калі ён апынецца перад тварам адной вялікай сітуацыі і вялікага дзеяння” [6, с. 227]. Гэтае сцвярджэнне сугучнае з пастулатамі філасофіі экзістэнцыялізму, прадстаўнікі якога рабілі акцэнт на памежнай сітуацыі выбару, дзе кожны вызначае сваё існаванне (экзістэнцыю) сам. Так, напрыклад, вядомы прадстаўнік французскага экзістэнцыялізму Ж. П. Сартр у сваіх творах “паказвае не толькі палітычную, але і псіхалагічную і нават псіхічную “падкладку” тых ці іншых чалавечых спраў, пераконвае, што толькі ўчынкі гавораць пра асобу, і ўчынкі менавіта ў сітуацыі непазбежнага выбару” [7, с. 26]. Непазбежнасць выбару паўстала і перад героямі навел М. Гарэцкага і Я. Брыля, і кожны з іх абраў свой шлях. 3 той толькі розніцай, што пячнік “згарэў – адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць. I ён жыве” [4, с. 111]. А Рускі застаўся жыць, каб да канца жыцця “гарэць” пад цяжарам уласнага ўчынку.

3 пазіцый агульначалавечай маралі пячнік – герой, хоць, ідучы ў агонь, ён не думаў пра тое, каб праславіцца. У гэтай сітуацыі, аднак, ёсць і адваротны бок. Вязень з рамана “Іскра жыцця” Э. М. Рэмарка, напрыклад, сцвярджае, што “пры супраціўленні галоўнае – памятаць толькі пра тое, чаго дабіваешся ў выніку, а не як гэта выглядае збоку. Бессэнсоўная мужнасць – гэта самагубства” [8, с. 124]. Калі глядзець з прагматычных пазіцый, то, застаўшыся жыць, пячнік змог бы адпомсціць ворагу больш дзейснымі сродкамі. Іншая справа, што яго жыццё было б невыносным з думкай, што перад смерцю жыхары цэлай вёскі пасылалі яму праклёны як здрадніку. 3 гэтага ж пункту погляду Рускі выступае як герой, таму што тактыка вайны дыктуе прыдатнасць усіх сродкаў для знішчэння ворага і шкадаванню тут не павінна быць месца. Ці азначае гэта, што пячнік бессэнсоўна сябе загубіў, а Рускі, выконваючы воінскі абавязак, паступіў правільна? Верагодна, не. Вайна, як і жыццё, – гэта мільёны сітуацый і непрадказальных абставін, і кожны ў гэтых умовах робіць свой выбар, зыходзячы не толькі з пазіцый знішчэння ўсіх ворагаў без разбору, але і з улікам уласнага сумлення. Менавіта маральныя якасці не дазволілі печніку прыняць “міласць” зондэрфюрэра нават з дальнабачнай мэтай помсты. Тая ж мараль (усведамленне дысанансу паміж абавязкамі салдата і чалавека), няхай сабе і прыпозненая, зрушыла псіхіку Рускага.

Такім чынам, навелістычная форма арганізацыі матэрыялу аказалася найбольш плённай для адлюстравання гранічна завостраных сітуацый, у прыватнасці гераічных учынкаў на вайне. У жанры навелы пісьменнік можа дасягнуць надзвычай моцнага ўздзеяння на чытача за кошт сціплых выяўленчых сродкаў, лаканічнага аповеду, сэнсавай значнасці падтэксту, за кошт характарыстыкі персанажаў праз мову, жэст, міміку. Напружаны сюжэтны руху навеле цесна звязаны з раскрыццём логікі ўнутранага перажывання персанажаў, іх духоўнай сферы. Безумоўна, гэта ніякім чынам не зніжае значнасці вялікіх эпічных формаў у паказе народнага подзвігу. Так, напрыклад, у фінале аповесці “Сотнікаў” В. Быкава персанажы таксама аказаліся перад складаным выбарам: жыццё – смерць, здрада – гераізм. Але зроблены імі апошні крок – выбар псіхалагічна падрыхтаваны даволі працяглым апісаннем папярэдняга жыцця Сотнікава і Рыбака праз рэтраспектыўны паказ учынкаў персанажаў, у якіх вымалёўваюцца іх характары. У цэнтры навелістычнага жанру – адзін яркі факт, адна падзея, пра герояў паведамляецца толькі тое, што неабходна для развіцця сюжэта, дзеянне ў навеле дынамічнае, арыентаванае на нечаканы фінал. Максім Гарэцкі і Янка Брыль скарысталі мінімальныя мастацкія сродкі для стварэння выключнага эфекту ўздзеяння на чытача. Навелы “Рускі” і “Меmento mori” раскрываюць трагедыю чалавека як ахвяры вайны на мяжы непазбежнага выбару, дэманструюць неадназначнасць псіхічных рэакцый і псіхалагічных падмуркаў дзеянняў персанажаў у экстрэмальных абставінах, што дае падставы для дыскусійнага стаўлення да пытанняў гераізму і маралі.