АДЛЮСТРАВАННЕ ПЕРШАЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ Ў ТВОРЧАСЦІ МАКСІМА ГАРЭЦКАГА: ВАЙСКОВАЯ ЛЕКСІКА
У адмірала Сцяпана Макарава, героя руска-японскай вайны 1904—1905 гг., ёсць лаканічнае, але надзвычай ёмістае па сэнсе выказванне: «Памятай пра вайну». Пра вайну ці войны, якія некалі ішлі, і пра тыя, што, магчыма, будуць. Словы гэтыя актуальныя для нас, бо сёння напружанне паміж рознымі краінамі, «полюсамі сілы», толькі ўзрастае.
Памяць пра вайну не можа быць эпізадычнай — прымеркаванай да знамянальных дат. Яна павінна мець пастаянную «прапіску» ў свядомасці людзей і захоўвацца не толькі вайскоўцамі, а ўсім народам. У нас, беларусаў, такая памяць — базавая, яна вызначае асноўныя прынцыпы выхавання насельніцтва, асабліва моладзі, аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных пакаленняў.
Безумоўна, мы памятаем, перш за ўсё, Другую сусветную вайну, на якой загінуў кожны трэці беларус. I толькі ў 2014 годзе, у стагоддзе з пачатку Першай сусветнай, шмат загаварылі пра імперыялістычную вайну, аб якой ведалі мала і заўсёды ўспаміналі неяк сарамліва. Прычым не толькі ў Беларусі і на постсавецкай прасторы не любілі пра яе ўзгадваць, але і на Захадзе. Былі, відаць, падставы для глушэння памяці — шмат чаго з той вайны прарасло, стала гістарычнай тэндэнцыяй, выспела сусветным ліхам.
Адчуваецца нешта злавеснае, нават містычнае ў падзеях таго часу. Нібыта сышліся ўсе мінулыя і будучыя еўрапейскія праблемы. Першай сусветнай вайной закончылася эпоха небывалага росквіту навукова-тэхнічнага прагрэсу. Такога хуткага развіцця тэхнікі і тэхналогій да тых часоў на планеце яшчэ не ведалі. Чалавецтва атрымала выключна хуткасныя і эфектыўныя транспартныя сродкі ды сістэмы сувязі і нават пакарыла паветраную прастору. У шырокі ўжытак увайшлі радыё, тэлефон, пішучая машынка, швейная машынка, ровар, кінаапарат, грамафон. Меўся і такі від паветранага транспарту, якога мы не маем сёння, — цэпелін.
Але ўсе названыя і шмат якія іншыя адкрыцці паслужылі не толькі дабрабыту людзей. У хуткім часе яны сталі асновай для распрацоўкі ваенных тэхналогій, стварэння новых відаў зброі. А пасля Першай сусветнай, калі стомленыя вайной краіны толькі пачалі вяртацца да звыклага мірнага жыцця, па тэрыторыі Еўропы пракаціліся спусташальныя эпідэміі — спачатку ў 1918—1919 гадах іспанкі (разнавіднасці грыпу), а пасля ноны (летаргічнага энцэфаліту). Ахвярамі іспанкі стала больш людзей, чым пацярпелых ад ваенных падзей. Наступствы вайны — і знікненне з палітычнай карты свету чатырох імперый: Расійскай, Аўстра-Венгерскай, Германскай і Асманскай.
Найбольш поўным адлюстраваннем Першай сусветнай вайны застаецца ў беларускай літаратуры дакументальная аповесць Максіма Гарэцкага «На імперыялістычнай вайне». Кніга Гарэцкага — аўтабіяграфічная. У вобразе Лявона Задумы лёгка пазнаецца сам аўтар, які ўдзельнічаў у Першай сусветнай вайне ў складзе расійскага войска. Даследчык Міхась Кенька адносна названай аповесці піша: «Лявон Задума ў кнізе “На імперыялістычнай вайне” — гэта чалавек, які нагледзеўся на тое, што прынесла бессэнсоўная бойня ваюючым народам, які пераканаўся ў амаральнасці знішчэння народаў, набыткаў іх матэрыяльнай і духоўнай культуры. Па сваім антываенным пафасе, адмаўленні бессэнсоўнага знішчэння людзей у імя чужых ім інтарэсаў гэты твор Гарэцкага стаіць на ўзроўні блізкіх па часе напісання раманаў Э. М. Рэмарка і Анры Барбюса аб Першай сусветнай вайне».
У падзеях Першай сусветнай вайны шмат таямнічага, у поўнай меры не даследаванага. Звычайна лічыцца, што агрэсіўныя намеры Германіі выклікала абдзеленасць яе калоніямі. Да пачатку XX ст. свет, па сутнасці, быў падзелены паміж некалькімі еўрапейскімі краінамі. Нават маленькія Бельгія і Нідэрланды, не кажучы ўжо пра Вялікабрытанію і Францыю, валодалі каласальнымі абшарамі зямлі ў розных частках свету. У Германіі, сапраўды, аказалася менш захопленых тэрыторый, але яны былі. Прытым імператар Вільгельм, стрыечны брат расійскага цара Мікалая II, вайны, як быццам, не хацеў, а адносіны паміж Германіяй і Расіяй, у якую ў той час уваходзіла тэрыторыя Беларусі, вызначаліся плённымі сувязямі і сяброўствам.
Супраць вайны, што выспявала і паступова рыхтавалася ў Еўропе, выступалі самыя розныя аўтарытэты: прэм’ер Расіі манархіст Аркадзь Сталыпін, аўстрыйскі прынц Франц Фердынанд, французскі сацыяліст Жан Жарэс. Можна назваць яшчэ некалькі імёнаў актыўных праціўнікаў яе. I іх усіх забілі. З выстралу сербскага студэнта Гаўрылы Прынцыпа ў Фердынанда, які стаў для аўстрыйца смяротным, і пачалася Першая сусветная вайна. Праўда, паміж замахам серба і ўласна аб’яўленнем вайны Германіяй супраць Расіі прайшоў месяц, на працягу якога стрыечныя браты вагаліся, а Францыя актыўна інтрыгавала і такі ж уцягнула еўрапейскія імперыі ў барацьбу за свае інтарэсы. Такім чынам, адным з завадатараў агрэсіі выступала Францыя, якая, як мяркуецца, не магла дараваць Германіі свайго разгрому ў 1870 г.
Першыя ваенныя аперацыі праходзілі паміж Германіяй і Расіяй ва Ўсходняй Прусіі. Там наступалі дзве лепшыя рускія арміі — пад камандаваннем генералаў Рэненкампфа і Самсонава. Менавіта ва Усходняй Прусіі і адбываецца дзеянне аповесці Гарэцкага.
У той час, калі рускія войскі актыўна прасоўваліся на Кёнігсберг, германскія на заходнім фронце амаль падышлі да Парыжа. I ўсё ж узяць яго не здолелі, бо вымушаны былі перакінуць войскі на ўсходні фронт. Уласна наступленні рускіх і былі выкліканы патрэбай узяць агонь на сябе дзеля выратавання саюзнікаў — па іх настойлівых просьбах. Немцы хутка прагналі рускае войска са сваёй тэрыторыі. У асабліва неспрыяльных умовах аказалася армія Самсонава, бо складалася з неабстрэленых прызыўнікоў, такіх, як герой Гарэцкага, і вельмі дрэнна забяспечвалася харчам і снарадамі. Армія немца Рэненкампфа, які фармальна служыў Расіі, не прыйшла на дапамогу арміі Самсонава, што трапіла ў акружэнне, а сам праслаўлены генерал застрэліўся.
Значную частку аповесці Гарэцкага складае Дзённік героя. У ім ён згадвае імёны вышэйшых камандзіраў, але, просты беларус, хоць і адукаваны, ацаніць у поўнай меры стратэгію і тактыку ўласнага войска і арміі ворага не здольны. Ды і мала хто ў той час мог бы ўбачыць у хаосе наступленняў-адступленняў нейкую стратэгію і тактыку. Безумоўна, рускія аказаліся ў надзвычай цяжкай сітуацыі з-за глупства і няўмельства сваіх начальнікаў, перш за ўсё галоўнакамандуючага вялікага князя Мікалая Мікалаевіча, а таксама з-за жадання ўладаў выканаць свае абавязацельствы перад саюзнікамі, не задумваючыся, у якое палажэнне пастаўлена ўласная армія.
Лявон Задума не мог ацаніць агульную сітуацыю, але ён на ўласнай скуры адчуў сатанінскі жах сусветнай бойні. Твор цудоўна перадае тую атмасферу, у якой апынуліся неабстрэленыя салдаты. Страх смерці, адчай ад няўдач, холад і голад, страшэнная стомленасць — самымі рознымі негатыўнымі эмоцыямі жывуць персанажы аповесці.
У той жа час герой у сваім Дзённіку, а значыць, аўтар, надзвычай дакладны ў апісанні рэалій вайны. Для іх адлюстравання і служыць вайсковая тэрміналогія — прадмет нашага доследу.
У рэалістычных малюнках франтавога быцця, вербальна адлюстраванага ў аповесці, назвы ваеннай атрыбутыкі і паняцці ваеннай справы займаюць важнае месца як па сваёй ролі ў стварэнні адпаведных малюнкаў, так і па колькасці ўжывання. Семантычная інфарматыўнасць найменняў, звязаных з вайной і франтавым існаваннем, непасрэдна выражае іх важнасць і месца ў жыцці героя твора, Дзякуючы вайсковай лексіцы аповесць стала важнейшым мастацкім дакументам часу, прытым такім дакументам, які не страціў свайго пазнавальнага і навуковага значэння да сёння.
Словы, якія характарызуюць надзвычай складаную сітуацыю імперыялістычнай вайны з яе зменлівымі, рухомымі франтамі і няўстойлівай сітуацыяй, шырока раскіданы па ўсім тэксце. Прычым ваенная лексіка размеркавана па наступных прадметна-тэматычных групах:
- Словы, што абазначаюць асобу па родзе баявой дзейнасці (па адностах да падраздзялення, выкарыстоўваемай зброі, віду ваеннай службы і вайсковай спецыялізацыі): пісар, дзяншчык, ардынарац, канваір, тэлефаніст, пехацінец, феерверкер, сапёр, ездавы, вартаўнік, кашавар, разведчык, кананір, бамбардзір, гарматная прыслуга.
- Словы, якія кваліфікуюць службовае становішча ці пасаду ваеннаслужачых. Дадзеная група асабліва вялікая, што натуральна, Любое войска — гэта перш за ўсё іерархія: вайсковы міністр, вайскавы начальнік, палкаводзец, генерал-маёр, ад’ютант, капітан, штабс-капітан, паручнік, падпаручнік, юнкер, салдат, фельд-фебель, афіцэр, камандзір батарэі, узводны, аддзялённы, звыштэрміновыя служачыя, страявыя людзі, вальнапісаны, запасныя, казакі, дабравольцы.
- Словы, што абазначаюць віды вайсковых фарміраванняў: войска, брыгада, корпус, дывізіён, вайсковая школа, штаб. полк, рота, узвод, кавалерыя, рэзервы.
- Словы, якія абазначаюць баявую зброю і тэхніку, а таксама сродкі паражэння: аэраплан, артылерыя, арудзійны парк, гармата, вінтоўка, карабін, шашка, рэвальвер, кінжал, стрэльба, шрапнель, гільза, патрон, бінокль, патронны латок, гарматны шчыт-заслона, вугламер, зарадная скрыня, дула, пражэктар, кулямётная стужка, прыцэл.
- Словы, якія абазначаюць аператыўна-тактычныя паняцці баявой дзейнасці войскаў: бой, кананада, прыкрыцце, паход, тэлефанаграма, пазіцыя, левы фланг.
- Фартыфікацыйныя і іншыя, неабходныя для ваенных дзеянняў, збудаванні: граніца, казарма, лагер, канцылярыя, батарэя, пяхотная частка, дрот, акоп, наглядальны пункт, пантоны, зімовыя кватэры.
- Адзенне, абмундзіраванне: шынель, ранец, нашыўкі, каска.
- Паняцці, звязаныя з розньімі этапамі і эпізодамі вайны (паводле нашай уласнай класіфікацыг): абоз, мір, перамога, марадзёры, тыл, шпіён, забітыя, раненыя, перавязачны пункт.
- Адпаведныя ваенныя дзеянні, якія выражаюцца часцей заўсё дзеясловамі: кватараваць, аддаваць чэсць, наступаць, адступаць, прыняць прысягу, узнагародзіць, казыраць, замірэнне, разжалаваць, павысіць у чыне.
- Вітанні, загады: «здраў-жлаў, ва-скродзь!», «ваша дзіцтва», «рад старацца, ваша дзіцтва», «абамунічвай», «расхадзісь», «па конях!».
Класіфікацыя вайсковых паняццяў у навуцы яшчэ канчаткова не склалася. Мы ўзялі за аснову класіфікацыю А. Кожына, але дадалі і ўласныя пункты — адпаведна лексіцы, якая сустракаецца ў Гарэцкага.
Па-за класіфікацыяй засталіся вобразныя паняцці, якія ўжывае пісьменнік, напрыклад, «Малох вайны». Іх нельга аднесці да вайсковай тэрміналогіі, але яны добра характарызуюць стаўленне аўтара да ўсяго, што ён назіраў і перажыў.
Вобразна адзначаны і моманты бою: вінтоўкі зашпокалі, батарэя лупіла агнём, шрапнель сыпала гарохам або захвюкала.
Асаблівасцю кнігі Гарэцкага з’яўляецца і нярэдкае ўжыванне слецыфічных выразаў, слоганаў, што замацаваліся ў салдацкім асяроддзі. Напрыклад, замест «шпіён» — «шпег»; «прыняць прысягу» — «прысягненне»; пехацінцы, якія адсталі ад сваіх часцей, названы «шатунамі». Па-свойму называлі салдаты і баявую тэхніку, часткі зброі, напрыклад, замест «аэраплан» — «ераплант», замест «шпоры» — «банькі»; заднія часткі гармат — «хабаты».
Усе падобныя слоўцы і выразы надаюць кнізе своеасаблівы, у тым ліку нацыянальны, каларыт.
У цэлым тэрміналогія, ужытая пісьменнікам, — агульная з рускай мовай, а многія словы ўвогуле ўяўляюць сабою прыклады інтэрнацыянальнай лексікі. Натуральна, звароты і загады таксама прыводзяцца па-руску, але з вуснаў беларуса, што надае ім адметнасць, а таксама яны сустракаюцца ў скарочаным выглядзе, як звычайна выкрыкваецца агульнай масай ваяроў.
Некаторыя кавалкі тэксту літаральна насычаны адпаведнай лексікай. Напрыклад: «Батарэя скацілася з дарогі ўніз, к вузкай, але глыбокай і быстрай рэчачцы, за сажаняў сто ад дарогі. Перадкі батарэйныя кінуліся ўздоўж рэчкі, каб перабрацца на той бок; ездавыя кінжаламі секлі альшэўнік, каб хоць троху накідаць у рэчку мост-пераправу. Мы не паспелі ні выкапаць акопаў, ні правесці тэлефону ў дывізіён. Батарэя зараз пачала страляць, і я мусіў дрыжачымі ад раздражнёнасці і трывогі рукамі запісваць каманду. Камандзір узлез на перадок ува ўвесь свой вялікі рост — і з біноклем у руках камандаваў. Хацелася пакланіцца перад яго геройскай постаццю — гатовай мішэнню для ворага. Над намі закруціўся аэраплан і пачаў кідаць на нас нейкія бліскучыя ў паветры стужкі, паказваючы сваім, дзе мы. Калі я троху абдумаўся, гул ад бою — гарматнага, кулямётнага, вінтовачнага — заглушыў усё. Батарэя апынулася пад абстрэлам. Алыпэўнік гутаўся і крышыўся ад снарадаў, галлё сыпалася ў рэчку, з усіх бакоў гудзелі над галавою кулі, Потым зашпэкалі і зларадасна захвюкалі шрапнелі».
Адпаведныя лексемы — як кодавыя сігналы, як ліхтары, што высвечваюць сітуацыю. Прыведзены ўрывак надзвычай дынамічны і, дзякуючы ваеннай тэрміналогіі, яскрава і дэталёва, як і твор у цэлым, перадае атмасферу бітваў перыяду Першай сусветнай вайны.