НАШАНІЎСКАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ МАКСІМА ГАРЭЦКАГА:
АД КАРЭСПАНДЭНТА ДА ПІСЬМЕННІКА
«“Наша Ніва” – гэта люстро душы, думак і патрэб Беларусі… Усе каму дорага і блізка справа жыцця і адраджэння Беларусі і беларусоў, выпісывайце, чытайце і шырце беларускую газету “Нашу Ніву”», – такімі радкамі пачынаецца першы нумар газеты за 1912 г. Менавіта з гэтага часу беларускі пісьменнік Максім Гарэцкі далучаецца да асяроддзя «нашаніўцаў» у якасці карэспандэнта.
У якасці аўтара (карэспандэнта) газеты Гарэцкі пачаў выступаць з 13 (26) верасня 1912 года. Яго матэрыял выходзіў у пастаяннай рубрыцы «З Беларусі і Літвы» і даносіў весткі з Горак. Актыўнасць супрацоўніцтва з выданнем лепш будзе ўявіць праз ніжэй прыведзеную табліцу:
Дата выхаду |
Рубрыка «З Беларусі Літвы» |
Рубрыка «Найноўшыя творы бел. літ.» |
Рубрыка «Наш фельетон» |
№ 37 13(26).09.1912 |
«Г. Горкі» (Беларус) |
||
№ 43—44 2(15).11.1912 |
«Г. Горкі» (Беларус) |
||
№ 2 10.01.1913 |
«Шамоўская воласць…» (М. Беларус) |
||
№ 4 25.01.1913 |
«У лазні» (М. Беларус) |
||
№ 5 1.02.1913 |
«Нашы» (Максім Беларус) |
||
№ 6 7.02.1913 |
«Магілёў»: «Таварыство цьвярозасьці», «Не глядзелі-б вочы» (М. Б.) |
||
№ 8 20.02.1913 |
«Атрута» (Кароткі жалобны абразок). (Максім Беларус) |
||
№ 9 01.03.1913 |
«Атрута» (Кароткі жалобны абразок). (Максім Беларус) |
||
№ 20 16.05.1913 |
«Стогны душы» (Максім Беларус) |
||
№ 21 23.05.1913 |
«Могілеу: Весткі з Горак» (Гарэцкі); «Краіна добрых абычаеў» (М. Б.) |
||
№ 26-27 5.07.1913 |
Могілеу: «Навіны з Горэк» (Беларус) |
||
№ 30 26.07.1913 |
Могілеу: «Модные абычаі» (Максім Беларус); «Адзінадцатуха» (М. Б); «Жывая нябошчыца» (Максім Беларус) |
||
№ 31-№ 33 01.08.1913— 16.08.1913 |
«Родные карэні» (Максім Беларус) |
||
№ 39 28.09.1913 |
«Красаваў язмін» (М. Г.) |
||
№ 43 24.10.1913 |
«Страхацьце» (Г. М.) |
||
№24 20.06.1914 |
«З Могіëушчыны» (Хадзяка) |
||
№ 19—20 22.05.1915 |
«Дзегаць» (М. Горецкі 12/ІV-1915) |
||
№ 1–4 28.10.1920 16.11.1920 |
«Прысяга» (М. Гарэцкі) |
Відавочна, што М. Гарэцкі сумяшчаў публіцыстыку з заняткам літаратурнай творчасцю, і гэта абсалютна лагічна: па-першае, назіраючы за праявамі рэчаіснасці, ён знаходзіў сюжэты для сваіх апавяданняў, па-другое, рэалізоўваў пастаўленую перад «нашаніўцамі» задачу азнаямлення чытачоў з літаратурнымі навінкамі на беларускай мове; па-трэцяе, выкарыстоўваў газету як пляцоўку для выказвання сваëй грамадзянскай пазіцыі.
Публіцыстычныя матэрыялы, напісаныя М. Гарэцкім для «Нашай нівы», звычайна пазначаны як «нататкі», аднак, калі разгледзець іх не з пазіцыі літаратуразнаўцы, а журналіста, жанравая разнастайнасць формаў значна пашыраецца, ды і акцэнт на мастацкай вартасці робіцца іншы.
Для падобнага аналізу скарыстаем наступныя паняцці: «характар камунікатыўнага задання», «жанравыя прыметы», «жанравая форма» і «тып тэксту».
Характар камунікатыўнага задання фарміруецца мэтавай аўдыторыяй, да якой звернуты фармат выдання. Як згадвалася вышэй, «Наша ніва» арыентавалася на вясковае насельніцтва і інтэлігенцыю, што вызначала мэты і задачы карэспандэнтаў:
- ● Паведаміць пра падзею (знешнепалітычную або ўнутрыпалітычную);
- ● Прааналізаваць падзею, выказаць свае адносіны;
- ● Даказаць пэўную ідэю;
- ● Канстатаваць факт здзяйснення нечага і выказаць ацэнку.
Зразумела, што характар камунікатыўнага задання ўплывае на фарміраванне жанравых формаў газетнай публіцыстыкі.
Такім чынам, у № 37 (1912) газеты «Наша Ніва» з’явілася невялікая нататка Максіма Гарэцкага ў рубрыцы «З Беларусі і Літвы» пра «прыëмную пару» ў Горыцкае каморніцка-агранамічнае вучылішча. З аднаго боку, гэта тэкст-інфармацыя, у якім паведамляецца факт – адбыўся набор у вучылішча. Дастатковая ўвага надаецца лічбам» У гэтым гаду у дзьверы тутэйшаго каморніцка-агранамічнага вучылішча стукалося 250 хлапцоў, калі не лічыць тых, каторые не эгзамінаваліся пасьля дохтарскаго агляду. 232 хлопцы прасіліся у першу падгатавіцельну клясу, а рэшта у першу спэціальну. З гэтага ліку хлапцоў залічэны вучнямі усяго 36…» (№ 37, 1912). Аўтар дае інфармацыю пра заснаванне вучылішча, аналізуе геаграфію прытоку студэнтаў.
Аднак тэкст нельга назваць «чыстай» інфармацыяй, бо прыхаванае аўтарскае «я» відавочна чытаецца паміж радкоў. Так, напрыклад, чыста інфармацыйным падаецца сказ: «Вучылішчэ атчынено ў 1909 гаду, і за апошніе гады, у сярэднім на 30 мейсц просіцца да 300 чэлавек». Але ж ніжэй бачым рэальны прыхаваны аўтарскі каментарый «І с кожнаго боку выгодна вучыцца тут дзецям вясковых небагатых гаспадароў, бо ў падгатавіцельну клясу прымаюць тых, што акончылі двуклясную народную школу, а калі хлопчык патрапіць у вучні, дык яму, калі ëн сам мала мае грошы дзеля пражыцьця у Горках і добра вучыцца, даюць стэпэндію». Відавочна, што мэтай Гарэцкага было не толькі праінфармаваць, але і заахвоціць хлопчыкаў з вясковай беднаты ісці вучыцца. Заўважым, што і аргумент заахвочвання (стыпендыі, фінансаванне) адпавядаў інтарэсам мэтавай аўдыторыі.
Як бы ні намагаўся літаратар Гарэцкі глядзець на свет вачыма журналіста, імкнучыся да аб’ектыўнай фіксацыі факта, вобразнае слова і мастацкі погляд на рэчаіснасць выяўлялі ў ім выдатнага публіцыста з відавочным пісьменніцкім ухілам.
Ужо ў другой публікацыі (№ 43–44 ад 12(15).11.1912) пад традыцыйнай рубрыкай «З Беларусі і Літвы» можам чытаць чарговы матэрыял з «г. Горкі Магілеўск. губ.», у якім распавядаецца пра штогодні кастрычніцкі кірмаш. Па сутнасці гэта ўжо сінтэзаваны рэпартаж з дакладна выяўленым адлюстраваннем падзей, аналізам і адкрытымі ўласнымі каментарыямі. Штогадовы кастрычніцкі кірмаш – тая дынамічная падзея, якая скразной тэмай праходзіць праз матэрыял аўтара. Ён быў непасрэдным удзельнікам гэтага мерапрыемства і стварыў «вобраз падзеі» па гарачых слядах. Спачатку чытач ўводзіцца ў атмасферу гэтай падзеі: распавядаецца, што кірмаш незаладзіўся ад самага пачатку, адбываецца спроба высветліць магчымыя
У прынцыпе, першая палова тэксту – звычайная канстатацыя, характэрная для справаздачы, аднак другая змяняе наша меркаванне, бо аўтар нечакана раскрывае іншы бок сялянскага быту: «Але ж што-што, а гарэлку пілі на кірмашы, як усягды, калі ня лепей. Народ навакал жывець небагата, бо землі мала, а фабрычна-заводскаго промыслу ці якого іншаго німа і да жялезнаго шляху далека, а гарэлкі пьець тутэйшы селянін надта многа». Зноў аўтар звяртае ўвагу на праблему п’янства. Становіцца зразумелым, што асноўная тэма, якой будзе прысвечана журналісцкая дзейнасць Гарэцкага – гэта выкрыццё пьянства і заклік да навукі, адукацыі, асветы. Якой бы ні была скразная падзея, аўтар робіць акцэнт на «сваіх» праблемах. Гэта граматны прома-ход: па сутнасці, аўтар стварае свой «нашаніўскі» вобраз «горыцкага асветніка-праўдаруба».
Але ж Гарэцкі-аналітык настолькі глыбока спрабуе засяродзіцца на прычынах неўладкаванага сялянскага жыцця, што ўводзіць ў рэпартаж яшчэ адну тэму – казëнных «культуртргероў», якія, па сутнасці, павінны займацца выхаваннем вяскоўцаў: «Агулам кажучы, шырокае поле дзеля працы есць тут сейбітам прасьветы сярод цемнага беларускага сялянства. Ды не якім-небудзь, а сьведомым сеўбітам-беларуам, што выйшлі з вëскі, знаюць яе і не адракліся роднай вëскі. А то ў Горках здаўна есць шмат казенных «культуртргероў», бо калісь тут быў інстытут, а цяпер три сярэдніх вучылішчы для адукацыі на гападарцы… «саркастычна заўважаючы, што ««культура» нешта далей Горак ў нашых мейсцах ня йдзе». Гэты прыëм цалкам прыдатны да жанру рэпартажа, больш за тое, вельмі папулярны ў сучаснай журналістыцы. Як адзначае Б. Стральцоў, «рэпартаж прыдатны для адлюстравання падзей не толькі пазітыўнага, але і негатыўнага плану, можа мець крытычную скіраванаць. Для такіх выпадкаў больш падыходзіць сінтэзаваная форма рэпартажу – пры фіксацыі негатыўных момантаў узнікае неабходнасць разабрацца ў іх прыродзе, даць каментарый і ацэнку… Таленавітыя рэпарцëры часам пішуць крытычныя рэпартажы ў фельетоннай танальнасці, скарыстоўваючы выразныя сродкі сатыры і гумару – ад гратэска, гіпербалы, да іроніі, насмешкі». Калі ўлічваць гэтыя асаблівасці рэпартажа, варта адзначыць, што Гарэцкі відавочна на подступах да фельетона.
Дарэчы, пісьменнік паспрабуе сябе і ў гэтым жанры. Ужо ў № 5 за 1913 г. мы можам чытаць фельетон «Нашы», у якім сатыра накіравана на выкрыццë заганаў «нашых» беларусаў, якія выбіліся ў людзі. Як вядома, фельетон грунтуецца на факце, а ў яго аснове заўсëды ляжыць пэўны канфлікт. Яшчэ адным элементам фельетона з’яўлецца наяўнасць устойлівага вобраза аўтара, які не дае чытачу права аналізаваць канфлікт, а сам робіць выснову.
Гарэцкі тут не адышоў ад нормаў: у аснове фельетона ляжыць канфлікт паміж чалавекам і грамадствам, калі больш дакладна – у барацьбе чалавека са сваімі заганамі, якія знаходзяць урадлівую глебу для выяўлення ў соцыуме. Фактам для напісання фельетона сталі некалькі артыкулаў з расійскай прэсы пра беларусаў, што не ўбераглі душу ад спакусы палепшыць дабрабыт любымі сродкамі. У тэксце дакладна прачытваецца аўтарскае «я», яно ахінае чытача эмоцыямі з першых радкоў тэксту і не адпускае да апошніх. Больш за тое, аўтар не дае магчымасці чытачу самастойна паразважаць над фактамі.
Фельетон пачынаецца клічнымі сказамі захаплення (своеасаблівая гульня з чытачом): «Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах!.. Ёсць ешчэ дзеткі у Маткі-Беларусі, ëсць ешчэ у нас людзі-арлы, клëкат каторых чуцен і ня токма на ціхіх спрадвеку абшарах Бацькаўшчыны, але далетае ен нават да сенцоў, пэўне задніх сенцоў вялікіх паноў, бліскучых паноў Пецербурга. Весяліся, скачы, маë беларускае сэрцэ!» Аднак праз некалькі радкоў становіцца відавочным, што тэкст мае вострую сатырычную скіраванасць, выкліканую аўтарскім незадавальненнем падзеямі рэчаіснасці. А не задаволены Гарэцкі тым, што ў адной з расійскіх газет надрукавана: «Сын незаможнага бацькі, папа-беларуса, трапіў у Пецярбург у Дух. Акадэмію і адразу “праявіўся”».
Безумоўна, балюча ўспрымаў падобныя «навіны» беларус Гарэцкі (дарэчы, фельетон быў падпісаны псеўданімам «Максім Беларус»), бо стаяў на чале нацыянальнага адраджэння і добра разумеў, як складана даюцца беларусам нават самыя маленькія перамогі. Усведамляў і тое, што нават за дробны промах, няверны ход расплата будзе вялікай, што, уласна кажучы, і ўбачыў праз друкаванае слова (расійскія выданні са смакам распавядалі пра «праявы» беларусаў). Таму ў фельетоне з горыччу прыняўся выкрываць нядбайных суайчыннікаў. Удала выкарыстоўваючы гратэск, аўтар стварае мастацкі вобраз ворага беларушчыны: «На пагляд-такі войстрачок дохленькі, куды прасцей галубка, але ў глыбіне душонкі сваей быў мудрэй уселякае вужакі, толькі нельга зычыць нікому гэтай яго «жыцьцëвай» мудрасьці, бо надта-ж брудна. Ня грэбаваў нічым, каб зарабіць грошы, каб проста набіць чэрава, але прастаўляўся, што працуе «высокім ідэям» і ўрэшці быў «сваім чалавекам» у рэктара «Сваю вялікую непрыхільнасць да такіх людзей Гарэцкі выказвае па-мастацку саркастычна: у газетным тэксце паняцці «свой чалавек», «высокая ідэя» наўмысна набываюць супрацьлеглае значэнне. І ўсë для таго, каб падкрэсліць, як лëгка можна памыліцца ў палітычна нестабільны час, вызначаючы маральную мяжу недатыкальнасці паміж сваім і чужым, высокім і нізкім.
Невыпадкова фельетон падпісаны псеўданімам «Максім Беларус», дзе «Беларус» прапісана з вялікай літары. Назваць сябе беларусам у той час мог чалавек, надзелены вялікай адвагай, разуменнем адказнасці за свае дзеянні і ўчынкі, і вядома, са шчырымі патрыятычнымі пачуццямі.
У фельетоне ëсць і другая гісторыя, прынесеная Максіму Беларусу «Биржевыми Ведомостями»: «Пан Лукашэвіч (хто хочэ, ніхай чытае Солон, ці як інакш), сын свайго беларусскаго народа, перш быў вучыцелем, потым… валасным пісарам, далей пралез у чыновенства, зрабіўся газэтным пісакам за «тые» грошы, скрабецца і ў Г. Думу, таксама працаваў «і нашым і вашым». Як тое кажыць: – на усе кепствы – майстра лепшы». Аўтарскае «я» публіцыста выражана адкрыта і эмацыянальна, носіць павучальны характар: «А сколькі ешчэ, хто ведае, поўзае гэткіх «нашых», буйнейшых і драбнейшых, па зямлі, у дварэ, дома ці сярод чужынцоў ў сьвеці! Крый, Божэ, барані…». Заканчваецца ж фельетон па-журналісцку вострым перыфразам: «І калі-ж мінець нас гэтае дрэннае – дажджлівае лета, бо шмат развялося чарвей; каб ня зьелі яны нашу капусту».
Такім чынам, і жанр фельетона аказаўся падуладным Максіму Беларусу. Малады пісьменнік таленавіта скарыстаў мастацкае слова для публіцыстычнай неабходнасці, бо фельетон – той жанр, дзе мастацкія сродкі толькі завастраюць тэкст. Ад першага іранічнага слова назвы «Нашы», да апошняга перыфраза тэкст прасякнуты дынамічным пульсам думак, эмоцый і спадзяванняў аўтара.
Нават з разгляду трох публікацый відавочна, што аналіз публіцыстыкі Максіма Гарэцкага «нашаніўскай пары» – справа не такая жо і другарадная, бо менавіта ранняя публіцыстыка Гарэцкага, творчасць таго часу, калі пісьменнік не быў яшчэ зацятым прыхільнікам ніякай іншай ідэалогіі акрамя справы нацыянальнага станаўлення, дае магчымасць зразумець, як фарміраваўся яго светапогляд, як выточвалася ідэалагічная пазіцыя, як слова публіцыста з часам ператваралася, вырастала ў слова пісьменніка.