“ЭХ! ПАЙСЦІ I СІЛУ СВАЮ НА ЎВЕСЬ СВЕТ ПАКАЗАЦЬ...

ПЕРАКЛАДЫ ТВОРАЎ МАКСІМА ГАРЭЦКАГА

Пяць гадоў таму ў мястэчку Вейсеяй пад Вільняй сабраліся з усяго свету аматары міжнароднай мовы эсперанта, каб прысутнічаць на адкрыцці помніка ідэалісту-стваральніку гэтай штучнай мовы- Людвіку Заменгофу. Некаторы час ён жыў у Вейсеяі, тады невялікай вёсцы ў глухім месцы на беразе круглага, як зямны шар, возера.

На той сустрэчы мне пашчасціла пазнаёміцца і абмяняцца адрасамі для перапіскі з прадстаўнікамі Літвы, Латвіі, Польшчы, Швецыі, а таксама з сівавалосым дзядулем мсье Жанам з Францыі - тыповым пенсіянерам-вандроўнікам... У адным з лістоў падчас нашай сяброўскай перапіскі я неяк згадала імя славутага беларускага пісьменніка Максіма Гарэцкага, якога літаратуразнаўцы параўноўваюць з Анры Барбюсам, Антуанам дэ Сэнт-Экзюперы. Помню, мсье Жан расчуліў мяне лістом у адказ. Маўляў, пытаўся ў знаёмых і ў мясцовай бібліятэцы (у мястэчку на самай мяжы з Іспаніяй!), але, на жаль, нічога з твораў Гарэцкага не знайшоў, а так хочацца пачытаць “Чырвоныя ружы”!..

I ўсё-ткі яны існуюць, пераклады твораў Максіма Гарэцкага на французскую мову!

Прайшоў час, і, зацікавіўшыся гэтай тэмаю, я пачала збіраць падрабязныя звесткі пра тое, як шырока і звонка (а ці - глуха, і чаму?) гучыць у свеце роднае мастацкае слова. Захацелася пачуць, як яно звініць-вібруе над вадою не такой, як здавалася, ужо і вялікай нашай планеты - блакітнай і круглай, як тое возера пад Вейсеяем.

Усяго творы Максіма Гарэцкага перакладаліся на 11 еўрапейскіх і азіяцкіх моў: балгарскую, латышскую, літоўскую, мангольскую, нямецкую, польскую, рускую (сама болей), украінскую, французскую, чувашскую і яўрэйскую. Сюды ўваходзяць публікацыі асобнымі кнігамі, а таксама ў зборніках мастацкай прозы, анталогіях, альманахах і часопісах (усё - мастацкія творы і працы літаратуразнаўчага характару).

Так, у анталогіі “Беларускія апавяданні” (Сафія, 1968) на балгарскай мове можна прачытаць апавяданне Максіма Гарэцкага “Смачны заяц” у перакладзе Хрыста Бярберава, які перастварыў творы 31 аўтара гэтай выдатнай анталогіі - Змітрака Бядулі, Якуба Коласа, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Міхася Стральцова... Выданне - у прыгожай зялёнай супервокладцы.

У 1978 г. у Рызе выйшла кніга Максіма Гарэцкага “На імперыялістычнай вайне. Віленскія камунары” на латышскай мове ў перакладзе Т. Руліса.

Дарэчы, раман “Віленскія камунары” на літоўскай мове пабачыў свет нашмат раней - у 1968 г. Кніга багата аздоблена ілюстрацыямі Васіля Шаранговіча. Аўтар перакладу - А. Жукаўскас.

Апавяданне М. Гарэцкага “Генерал”, перакладзенае на мангольскую мову Д. Улгійсайханам, надрукаванае ў далёкім Уланбатары ў 1984 г. (яно падаецца ў біябібліяграфічным слоўніку “Беларускія пісьменнікі”, т. 2).

Тры апавяданні Максіма Гарэцкага, пераствораныя па-нямецку, можна знайсці ў вялікай, блакітнага колеру кнізе “Буслы над балотам” (Берлін, 1971). На яе вокладцы - мініяцюрны малюнак: хата, буслянка, стажок, два дрэвы... Нядзіва: адзін з абразкоў М. Гарэцкага мае назву “Літоўскі хутарок”. Пераклады зрабіў Норберт Рандаў. А ўвогуле ў гэтай анталогіі беларускага апавядання пададзена шмат твораў беларускіх пісьменнікаў, гэтаксама, як і перакладчыкаў (апошніх я налічыла каля дзесяці!). Акрамя берлінскага было і мюнхенскае выданне падобнага кшталту - “Беларуская анталогія” (1983), дзе ёсць апавяданне “Досвіткі”

М. Гарэцкага ў перакладзе на нямецкую мову Фердынанда Нойрайтара.

На польскай мове ў 1921 г. у Вільні выйшаў “Кароткі нарыс беларускай літаратуры”, які сёння з’яўляецца бібліяграфічнай рэдкасцю.

Як ужо адзначалася, найбольш перакладаў Максіма Гарэцкага на рускую мову: “Красные розы” (1976), Избранное” (1988), “Виленские коммунары” (1966), а таксама (у маскоўскіх зборніках прозы) “Повести” (1970), “Берёзы на шляху” (1980). Іх перастваралі Леў Салавей, Ірына Клімашэўская, Аляксандр Гатаў.

У Кіеве ў 1969 г. у перакладзе Галіны Вігурскай на ўкраінскую мову выйшаў раман-хроніка “Віленскія камунары” з малюнкамі В. Шаранговіча. А ў 1979 г. у зборніку “Беларускае савецкае апавяданне” пабачыла свет апавяданне М. Гарэцкага “Досвіткі”. Досвіткі па-ўкраінску... Да гэтага шмат гадоў раней у літаратурным альманаху “Нова Білорусь” (Харкаў, 1929) быў надрукаваны пераклад апавядання “Панская сучка”, зроблены Л. Кардзіналоўскай.

На французскую мову было перакладзена апавяданне “Генерал”. Яно пабычыла свет у невялічкім па фармаце (але ў 400 старонак!) зборніку “Сучасныя беларускія пісьменнікі”, выдадзеным у 1977 г. у Францыі клопатам выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Перакладчык М. Гарэцкага - Сцяпан Батура. (Вось гэтую кніжку і можна было б рэкамендаваць для чытання шаноўнаму мсье Жану!..)

Апавядання “Генерал” на чувашскай мове, выдадзенага ў зборніку з доўгай незразумелай назваю кірыліцкімі літарамі (Шупашкар, 1985), на жаль, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адшукаць не ўдалося. Гэтаксама, як і кароткі агляд “Беларуская літаратура” на яўрэйскай мове ў часопісе “Штэрн” за 1929 г. (№ 1). Гартаючы падшыўкі 1920-х гп, кранаючы крохкія жоўтыя лісты, усё думала: «Ці зайшло за рысу далягляду, няўмольную і жорсткую, як бег часу, “сонца беларускай прозы” - Максім Гарэцкі? Новы век будзе з ім ці без яго?..»