РОДНАЕ КАРЭННЕ МАКСІМА ГАРЭЦКАГА

ЭКРАННЫЯ МАКСІМАВЫ ПРЫСАДЫ

“Адно толькі застанецца людзям навекі святою загадкаю - гэта Тварэц наш найвышні, - кажа стары дзед свайму ўнуку-студэнту ў апавяданні Максіма Гарэцкага “Роднае карэнне”. - Каб не бы.ю дано людзям гэтай загадкі, не было б чалавечага жьіцця... Прапалі б людзі». У маладым сваім унуку дзед бачыць моцнае роднае карэнне, таму і дае яму перад смерцю духоўныя запаветы: у кніжках разумных чытаць, як жылі раней, даўней тутэйшыя людзі, часцей у роднае гняздзечка залятаць і памятаць, што каб другога вызваляць, трэба самому крэпкім быць. Гэтае апавяданне напісаў у 1913 г. дваццацігадовы пісьменнік, і, здаецца, ужо тады мудрыя дзедавы запаветы былі яго жыццёвымі прынцыпамі. Беларускі экран, звяртаючыся да біяграфіі і лёсу творцы, імкнецца паказаць пісьменніка-пакутніка ў мужным сутыкненні з лёсам, выявіць у яго асобе тыя самыя глыбінныя народныя карані. Першым з кінематаграфістаў вобраз Максіма Гарэцкага на экране ўвасобіў выдатны дакументаліст Ігар Калоўскі. Гэта быў рэжысёр з высокім болевым парогам, які блізка да сэрца прымаў лёсы і знакамітых творцаў, і простых людзей. У фільме “Хатынь” (1969) ім упершыню быў зняты Іосіф Камінскі з яго трагічнай споведдзю пра смерць сына і аднавяскоўцаў, спаленых гітлераўцамі жывымі. Тады фільм здаваўся такім трагедыйным, што не быў прыняты да паказу. Пасля ён стаў класікай кіно, дакументальным помнікам ваеннага часу. У 1980-я гг. Ігар Калоўскі стварыў шэраг фільмаў пра беларускіх пісьменнікаў, у якіх адышоў ад жанру так званага “параднага партрэта”: “Янка Купала. Паклон мой народу за песні” (1981), “Я не самотны. Максім Багдановіч” (1982), “Пятрусь Броўка. Голас сэрца” (1985). У гэтым своеасаблівым цыкле з’явіўся фільм “Максім Гарэцкі. Прысады жыцця” (1985, “Тэлефільм” Беларускага тэлебачання, сцэнарысты Арсень Ліс, Анатоль Вялюгін, аператар Леў Слобін). У адпаведнасці з сімвалічнай назвай стужка пачынаецца вобразам, які ўвасабляе дарогі-пуцявіны жыцця Максіма Гарэцкага (ён узяты з апавядання “Габрыелевы прысады”, прысвечанага “брату Гурыку”): “Прысады, прысады жыцця майго! Дзе вы?’’. Бярозавыя прысады, пасаджаныя некалі старым Габрыелем, шумяць сваю маркотную песню. Калі маленькі хлопчык Габрусік сніў-трызніў, ён усёй істотай адчуваў нешта аграмаднае, чорнае, з вострымі краямі, што, здаецца, складала ўвесь свет. Але вось “з невыслоўнай салодкасцю, момантамі кароткімі і бязмернымі” ўзнікала “нешта гарманічнае, музыкальнае, харошае і прыемнае незвычайна”. I тады, пераносячы гармонію з мараў у жыццё, Габрыель пачаў садзіць свае прысады. Іх псавалі, выварочвалі калёсамі. Ён ізноў садзіў дрэўцы. “Габрыелевы прысады выраслі, сплялі ўгару густа-густа вецце сваё <...> і шумяць-шумяць песню вечнасці...”, Гэта, як пісаў Максім Гарэцкі, “частка вечнае думкі і хараства. Ці ж не цудоўны паэтычны вобраз сэнсу жыцця і творчасці нават у самых жорсткіх жыццёвых умовах? У фільме Ігара Калоўскага “Максім Гарэцкі. Прысады жыцця” ён падтрымліваецца дакументальна: па старажытных прысадах (гэтамінскі “музей камянёў” ва Уруччы) ідуць двое - родны брат пісьменніка Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі і яго сын Радзім. Стварэнне “музея камянёў” - ідэя Гаўрылы Гарэцкага, які заўсёды адчуваў моцнае духоўнае ўздзеянне свайго брата Максіма. На экране - кніга М. Гарэцкага “Гісторыя беларускае літаратуры” - адзін з першых “камянёў” у падмурку летапісу прыгожага пісьменства. Далей тэлевізійным пасярэднікам-камунікатарам становіцца акцёр Віктар Тарасаў. Ствараецца ўмоўны вобраз “прысадаў жыцця” пісьменніка – “алея” вялізных здымкаў: партрэтаў родных, бацькоў, сям’і, а таксама славутых беларускіх пісьменнікаў. В. Тарасаў праходзіць па гэтых “прысадах”, згадваючы галоўныя старонкі жыцця Максіма Гарэцкага. Вось Вільня - 1914, 1919 гг. (там рабіліся натурныя здымкі). Вось архіўныя дакументы, газеты, артыкулы... Віктар Тарасаў надзвычай арганічны ў гэтым дваістым вобразе - ён, і апавядальнік, і alter ego пісьменніка, перажывае падзеі мінулага. Вайна 1914 г., уражанні, адноўленыя потым у дакументальна-мастацкіх запісках “На імперыялістычнай вайне”. Студзеньская ноч 1922 г., калі пісьменнік быў арыштаваны і зняволены ў Лукішскай турме. За кадрам чуецца бразгатанне металу: гукі, як і экранныя вобразы, - асацыяцыйныя. Фота М. Гарэцкага ў гэтым кантэксце пераводзіць дзеянне ў “аўтарскае выказванне”. Вельмі выразны, графічна канкрэтны партрэт Віктара Тарасава сугучны са станам душы пісьменніка ў тыя хвіліны. Гучаць словы пра каршуна, які задушыў птушачку. Раскрываюцца брамы ва ўнутраны двор. Чуецца голас за кадрам: “Гэты віленскі двор помніў асветнікаў - Францыска Скарыну, Пятра Мсціслаўца”. Адсюль Максіма Гарэцкага вывезлі ў чыстае поле, наставілі тры кулямёты ў спіну: “Ідзі”. Дэпартацыя...

І зноў на экране фота маладога Максіма Гарэцкага - круты высокі лоб, цвёрды падбародак, вялізныя чорныя вочы. Далей дзеянне ідзе фрагментарна, быццам памяць выхоплівае асобныя жыццёвыя абразкі-малюнкі. Яны ў болыпасці драматычныя. Жаночы голас чытае за кадрам урыўкі з “Камароўскай хронікі”. Гаўрыла Іванавіч каментуе падзеі: “Ён быў аптыміст, песімістам яго зрабілі”. Максім цяжка перажываў згубу Ганулькі - роднай сястры, якая загінула ў выніку няшчаснага выпадку. На экране яе фота - маладая прыгожая дзяучына у сукенцы з белым карункавым каўнерыкам. Экранны час вельмі сціслы, і таму В. Тарасаў нібы кідаў асобныя мазкі на карціну жыцця Максіма Гарэцкага - інтэлігента з вёскі, «прымака ў “панстве”» і “пасынка вёскі”. Пісьменнік любіў простых людзей - вясковых дзетак, жанчын. Ненавідзеў гразь, бруд вёскі. У яго творах няма ідэалізацыі, рамантычнага арэолу вясковага жыцця, але сам ён усё жыццё шукаў свае карані, свой ідэал чалавечнасці.

Вельмі коратка паказаны ў фільме “мінскі” перыяд жыцця М. Гарэцкага - 1923 - 1930-я гг. Рабфак, БДУ, Інбелкульт. Лекцыі, пісьменніцкая і навуковая праца... 1931 - 1938 гг. -трагічныя ў лёсе МаксімаГарэцкага: арышты, ссылкі. Нарэшце, 10 лютага 1938 г., - расстрэл у Вязьме. Тут аўтары фільма вельмі хутка гартаюць старонкі жыцця пісьменніка - боль і сум быццам адбіваюцца ў іх сэрцах. Твар Віктара Тарасава, узбуйнены на чорным фоне, атаясамліваецца з вобразам Максіма Гарэцкага: артыст перажывае яго думкі пра тое, ці не страчаны рукапісы, пра сям’ю, што засталася без бацькі.

Тут у фільм “уваходзіць” яшчэ адзін герой - пісьменнік Алесь Адамовіч. Ён гаворыць пра галоўнае - духоўны сэнс літаратурнай спадчыны Максіма Гарэцкага. Гэта мацярык, у якім вызначана аснова жыцця: дзіця, род, вёска. За кадрам нібы гучаць “сямейныя галасы” жонкі, сына Леаніда, які загінуў на фронце ў 1944 г. Раз’яднаная сям’я, паменшаная - гора. Віктар Тарасаў са смуткам ідзе па “алеі жыцця”, “прысадах” пісьменніка. На экране ўзнікаюць фотаздымкі сям’і роднай і “сям’і” пісьменніцкай, гучаць словы пра класіка беларускай літаратуры - празаіка, фалькларыста, асветніка Максіма Гарэцкага, імя якога стаіць у шэрагу такіх імёнаў, як Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч...

Фільм “Максім Гарэцкі. Прысады жыцця” - гэта і творчая “алея жыцця” кінарэжысёра Ігара Калоўскага, чалавека вялікага сэрца і сумлення, які так рана пайшоў з жыцця (калегі прысвяцілі яму фільм “Трансплантацыя душы”-“Тэлефільм”, 1989, рэжысёр Людгардас Гедравічус, аператар Леў Слобін, - расказаўшы пра вялікае чалавечае стаўленне мастака да сваёй прафесіі). Сцэнарыст фільма, вядомы беларускі фалькларыст Арсень Ліс, успамінаючы пра работу над стужкай, гаворыць, што драматычны лёс Максіма Гарэцкага ва ўспрыманні творчай групы фільма быў своеасаблівым адбіткам лёсу народа. Яны хацелі паказаць, што “Габрыелевы прысады” і сёння жывыя — яны гамоняць, даюць сілы для жыцця, іх карэнне моцна звязанае з роднаю глебаю...

У 1993 г. быў зняты яшчэ адзін фільм пра пісьменніка - “Максім Гарэцкі” (“Белвідэацэнтр”, сцэнарыст Юры Цвяткоў, рэжысёры Вадзім Купрыянаў, Юры Цвяткоў, аператар Вадзім Купрыянаў). У гэтым творы спалучаны жанравыя рысы кінарэпартажу і адначасова тэлевізійнага “тэатра факта”. Непасрэднай прычынай здымак стала адкрыццё музея Максіма Гарэцкага на яго радзіме - у вёсцы Малая Багацькаўка на Мсціслаўшчыне. Туды і паехала здымачная група, якая зняла землякоў пісьменніка, дом- музей, яго экспанаты. На экране шмат фотаздымкаў бацькоў пісьменніка, яго сям’і, пакой, рэчы, што падаравалі музею аднавяскоўцы (“Калі гэта Максіму - дамо”). Скрыпка на сцяне, агонь у печы зрабілі жывым пакой у вясковай хаце. Ларыса Грынько (сёння вядучая на БТ) - вельмі прыгожая, з агністымі вачыма - гаворыць пра тое, як Максімава маці спявала яму народныя песні, якія ён занатаваў ад яе. Стоячы ў натоўпе вяскоўцаў, Радзім Гарэцкі апавядае пра свайго дзядзьку, успамінае эпізоды з яго жыцця, з асаблівай эмацыйнасцю расказвае пра яго цікавыя плённыя творчыя перыяды. Вось яму толькі 26 гадоў, яшчэ малады, здаровы (серыя фотаздымкаў). Вось 1919 г. - асаблівы, яго напаткала каханне (шэраг здымкаў з жонкай Леанілай Чарняўскай). Так хацелася радасці Максіму! Нездарма ён пісаў у аповесці “Ціхая плынь” пра “залаценькія дзянькі” маленства, калі “пастаўкі ў сінім, чыстым, цёплым бяздонні купаліся і цвілі ж і яму тыя добрыя і простыя макі... Ды еў і ён салодкія яблычкі”. Але даймаў яго і сумны роздум: “Жыццё, жыццё! Мьі ўсе прыходзім на свет хто песняром, хто разьбяром, а хто і тым, і сім патроху. Мы ўсе ў гады прачнавання нашага розуму - рэфарматары нягоднага старога, будаўнікі лепшай сацыяльнасці, славутыя настаўнікі ці добрыя разбойнікі, але часта — часта жыццё нічагусянькі не пакідае нам і робіць жаласнымі старцамі без пары ” (“Ціхая плынь”).

Трагізм лёсу Максіма Гарэцкага ў фільме падаецца праз успрыманне Янкі Брыля. Ён расказвае, як пазнаёміўся з творчасцю пісьменніка яшчэ ў маладосці, па чытанках у школах Заходняй Беларусі. Тады Янка Брыль прымаў удзел у самадзейнасці. А калі прачытаў ваенную хроніку “На імперыялістычнай вайне”, яшчэ болей палюбіў яго, ён “пашырэў, паглыбіўся”. З горыччу і абурэннем Янка Брыль гаворыць пра расстрэл Максіма Гарэцкага: “Уявіце сабе, што расстралялі Чэхава ці Міцкевіча. Гэта немагчыма”.

У фільм “Максім Гарэцкі” ўведзены вельмі выразныя па пластыцы, мастацкім гучанні эпізоды, дзе ад імя пісьменніка выступае акцёр Уладзімір Шэлестаў, а ад імя яго жонкі Леанілы - Каця Дзямчук. Іх твары прыгожыя, адухоўленыя (яны знятыя ў заслаўскім музеі). Гэта - умоўная прастора, галоўнае тут - “размова душаў” (у тэксце ўзнаўляюцца радкі з перапіскі мужа і жонкі). Тэма размоваў - жыццё і смерць - адна з галоўных у творчасці Гарэцкага: “Усё жыццё праляцела, як адзін дзень. Цану жыцця пазнаў, навучыўся ім даражыць. I да смерці сябе рыхтаваць умею...

I адразу на экране - горад Вязьма Смаленскай вобласці, месца апошняга “кавалка жыцця” і смерці Максіма Гарэцкага. Тут стваральнікі фільма выйшлі за “рамкі” працы і непасрэдна ўздзейнічалі на жыццё. Здымачная група, як расказваў рэжысёр Вадзім Купрыянаў, перш чым выехаць у Вязьму, пазваніла гарадскім уладам. На шчасце, главой адміністрацыі аказаўся наш зямляк - беларус з Гомеля. Раней ён не ведаў пра Максіма Гарэцкага, але, даведаўшыся, зрабіў сапраўдны грамадзянскі ўчынак: за тыдзень у горадзе быў пастаўлены помнік - каменная стэла на месцы расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Беларуская кінаэкспедыцыя, прыехаўшы ў Вязьму, зняла набажэнства ля помніка - яго асвячэнне. На стэле ёсць надпіс пра загінулых тут людзей і асобна вылучана імя класіка беларускай літаратуры.

Заўчасную смерць чалавека пісьменнік параўноўваў з тым, як ссякаюць бярозку ў прысадах. Гэта азначала “знішчыць частку вечнае душы з хараства”. Але Максім Гарэцкі верыў, што родная краіна вартая лепшай долі. Ён пісаў: “Краіна мая родная! Мы, твае верныя сыны, яшчэ перабудуем цябе! Не будзеш ты такая сумная г ўбогая!

Беларускія дакументалісты мужна і мудра “высаджваюць” Максімавы прысады на экране. I ўсім нам трэба рабіць так, як рабіў Максім Гарэцкі, - саджаць кожнаму свае прысады, каб яны пусцілі карэнні, “вы раслі, стялі ўгару густа-густа вецце сваё... ”.