ТЭКСТЫ МАКСІМА ГАРЭЦКАГА

НА СТАРОНКАХ «НАШАЙ НІВЫ»

ПРАЗ ПРЫЗМУ ЎСПРЫНЯЦЦЯ ЖУРНАЛІСТЫКІ

Мастацкія творы ранняй пары Максіма Гарэцкага ўжо дастаткова даследаваны, а вось яго дзейнасць як карэспандэнта (менавіта «нашаніўскага» часу) прыцягвала ўвагу літаратуразнаўцаў у меншай ступені. Добра вывучана публіцыстыка смаленскай і віленскай пары. Гэтаму перыяду творчасці пісьменніка прысвячалі свае працы М. Мушынскі, Т. Дасаева, В. Скалабан, Т. Голуб і інш. Грунтоўна прааналізавана публіцыстыка газеты «Наша ніва»: да гэтай тэмы звярталіся навукоўцы ўсіх філалагічных дысцыплін. На гэтым фоне «нашаніўскі» перыяд публіцыстычнай дзейнасці М. Гарэцкага, што складаецца з дзясятка артыкулаў (сюды не ўваходзяць апавяданні ранняй пары, што друкаваліся на старонках гэтай газеты), канешне, падаецца не самым значным.

Аднак варта пагадзіцца з Д. Бугаëвым: «Карэспандэнцыі і нататкі, надрукаваныя Гарэцкім на старонках «Нашай нівы», таксама нямала могуць сказаць даследчыку. Не маючы ўласнай мастацкай каштоўнасці, яны, аднак, дазваляюць прасачыць, адкуль чэрпаў свае жыццëвыя фарбы рэалізм маладога пісьменніка, якое кола праблем цікавіла яго ў гэты перыяд. Нярэдка ў іх апісваюцца жыццëвыя факты і нагляданні, якія пазней будуць шырока выкарыстаны ў апавяданнях аўтара».

«“Наша ніва” — гэта люстро душы, думак і патрэб Беларусі…Усе, каму

дорага і блізка справа жыцьця і адраджэньня Беларусі і беларусоў, выпісывайце, чытайце і шырце беларускую газету “Нашу ніву”», — такімі радкамі пачынаецца першы нумар газеты за 1912 год. Менавіта з гэтага часу М. Гарэцкі далучаецца да асяроддзя «нашаніўцаў» як у якасці карэспандэнта, так і пісьменніка.

Гісторыя ж самой газеты мае больш глыбокія карані і звязана з адозвай «Да інтэлігенцыі», датаванай лютым 1903 года. Па меркаванні Юрыя Туронка, яна «была апрацаваная пры непасрэдным удзеле Вацлава Іваноўскага, бо закладзеныя ў ëй ідэі засталіся галоўнымі арыенцірамі яго далейшай шматгадовай дзейнасці». Змест адозвы зводзіўся да вельмі эмацыйнага і доказнага закліку, звернутага да інтэлігенцыі, — ствараць сваю ўласную культуру, распавесці пра самабытнае мінулае, несці асвету ў народ. Дастаткова прывесці вытрымкі з гэтага дакумента, каб адчуць ступень адчаю аўтара: «Адцятыя ад люду чужамоўным выхаваннем, вы не здолелі стварыць уласнай самастойнай культуры для вашай жменькі і пайшлі ў паняверку да суседзяў. І слушна — бо не адважыліся на тое, на што адважыліся стакроць меншыя лікам літоўцы, балгары, сербы, харваты і г.д.

Дайце народу асвету, але дайце яе на роднай мове. Інакш яна ніколі не прасочыцца ў нізы. Розум дзіцяці, які з цяжкасцю авалодвае агульнымі паняццямі, мае падвойную працу, робячы гэта на чужой мове. Адсюль недакладнасць, хаос, боязь навукі. Родная мова — гэта ж выраз душы, яе пачуццяў, думак. Урад ведае, што робіць, калі падае жабрачыя аб’едкі асветы па-расейску: ëн ці ўвогуле адбівае ахвоту да навукі, ці стварае блытаніну паняццяў, парывае кроўную еднасць з народам самых здольных, робіць іх слугамі, што мысляць па-расейску, у зародку нішчыць нацыянальную самастойнасць, затрымлівае развіцце беларускай культуры… Дайце народу спазнаць мінулае. Чалавек, які не памятае таго, што рабіў, чуў, думаў, які не можа скарыстаць нават уласны досвед, не ведае, як кіраваць сабой, робіцца лялькай, людскім пасмешышчам. Ён толькі можа існаваць. Гэта ледзь не быдла. І гэта — лëс народа, які не памятае гісторыі продкаў. Дык вы сталі нявольнікамі не толькі таму, што вас зламалі паразы — вы сталі нявольнікамі праз свае душы — вы верныя падданыя маскоўскага цара…».

У атмасферы такіх заклікаў і пракламацый зараджаліся ідэі нацыянальнага адраджэння Беларусі, планаваліся спосабы іх практычнай рэалізацыі. «Наша ніва», першы нумар якой выйшаў 10 (23) лістапада 1906 года, пазіцыянавала сябе як «першая беларуская газета с рысункамі» і мела выразна акрэсленую мэтавую аўдыторыю: сялянства, вясковая і дробная гарадская інтэлігенцыя. Зразумела, публікацыі выдання адрасаваліся простаму люду, і гэтая акалічнасць значна паўплывала на падыходы ў фарміраванні ідэалогіі нацыянальнага руху.

Перш за ўсё, трэба было абгрунтаваць гістарычную і лінгвістычную самастойнасць беларускага народа, далей — акрэсліць сацыяльную канцэпцыю руху, і, безумоўна, растлумачыць важнасць адмежавання ад «заходнярускай» і польскай прапаганды. Гэтыя падыходы закладзены і ў фарміраванне рубрык выдання (усяго іх 21): 1) Дзеянні ўрада; 2) Палітычны агляд; 3) Жыццë вёскі; 4) Жыццë горада; 5) Фельетон; 6) Найноўшыя творы беларускай літаратуры; 7) Што чуваць на Белай Русі; 8) З Літвы; 9) Па Расіі; 10) Карэспандэнцыі; 11) З-за мяжы; 12) Што трэба і чаго не трэба чытаць; 13) Літаратурны дадатак; 14) Новыя кнігі; 15) З мінулага Беларусі; 16) Паштовая скрыня; 17) Сельская гаспадарка; 18) Практычная медыцына; 19) Прыкладная механіка; 20) Сумесь; 21) Абвесткі.

Безумоўна, цягам часу рубрыкі мяняліся, але не змяняліся іх задачы — працаваць над фарміраваннем нацыянальнай самасвядомасці народа; асвятляць жыццë як беларускіх сялян, так і даваць панараму быту замежнага і, самае галоўнае — быць пляцоўкай для распаўсюджвання беларускага слова.

Максім Гарэцкі, непасрэдны ўдзельнік літаратурнага працэсу пачатку ХХ ст., адзначаў наступнае: «За ўвесь час свайго жыцця, да восені 1915 года, «Наша ніва» гуртавала ля сябе ўсю сведамую Беларусь, і на яе старонках выраслі літаратурныя імëны ўсіх выдатнейшых сучасных беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Хоць «Наша ніва» і не магла паказаць у поўнай меры свой сацыяльны характар, аднак яна была самая левая газета ў краі, стульна звязаная з сваім сялянствам. ˂…˃ После, як беларускі рух стаў буйна ўзрастаць, з’яўляліся новыя выдавецтвы, друкаваліся новыя часопісы, але скрозь увесь час да вайны давала тон усяму руху, выдавецтву і літаратуры — Вільня і «Наша ніва»…У нашаніўскую пару развівалася наша публіцыстыка і з часам навуковая літаратура. Агульны характар літаратурнае дзеяльнасці ў нашаніўскую пару быў нацыянальна-адраджэнскі і пераважна класава-сялянскі».

У якасці аўтара (карэспандэнта) газеты М. Гарэцкі пачаў выступаць з 13 (26) верасня 1912 года. Яго матэрыял выходзіў у пастаяннай рубрыцы «З Беларусі і Літвы» і даносіў весткі з Горак. Актыўнасць супрацоўніцтва лепш уявіць праз гэтую табліцу:

Дата выхаду

Рубрыка

«З Беларусі Літвы»

Рубрыка

«Найноўшыя

творы бел. літ.»

Рубрыка

«Наш

фельетон»

№ 37

13(26).09.1912

«Г. Горкі» (Беларус)

   

№ 43—44

2(15).11.1912

«Г. Горкі» (Беларус)

   

№ 2 10.01.1913

«Шамоўская воласць…»

(М. Беларус)

   

№ 4 25.01.1913

 

«У лазні» (М. Беларус)

 

№ 5 1.02.1913

   

«Нашы»

(Максім

Беларус)

№ 6 7.02.1913

«Магілёў»:

«Таварыство цьвярозасьці»,

«Не глядзелі-б вочы»

(М. Б.)

   

№ 8 20.02.1913

 

«Атрута» (Кароткі

жалобны абразок).

(Максім Беларус)

 

№ 9 01.03.1913

 

«Атрута» (Кароткі

жалобны абразок).

(Максім Беларус)

 

№ 20 16.05.1913

 

«Стогны душы»

(Максім Беларус)

 

№ 21 23.05.1913

«Могілеу:

Весткі з Горак» (Гарэцкі);

«Краіна добрых абычаеў»

(М. Б.)

   

№ 26-27

5.07.1913

Могілеу: «Навіны з Горэк»

(Беларус)

   

№ 30

26.07.1913

Могілеу: «Модные абычаі»

(Максім Беларус);

«Адзінадцатуха» (М. Б);

«Жывая нябошчыца»

(Максім Беларус)

   

№ 31-№ 33

01.08.1913—

16.08.1913

 

«Родные карэні»

(Максім Беларус)

 

№ 39 28.09.1913

 

«Красаваў язмін»

(М. Г.)

 

№ 43 24.10.1913

 

«Страхацьце» (Г. М.)

 

№24 20.06.1914

«З Могіëушчыны»

(Хадзяка)

   

№ 19—20

22.05.1915

 

«Дзегаць» (М. Горецкі

12/ІV-1915)

 

№ 1–4

28.10.1920

16.11.1920

 

«Прысяга» (М. Гарэцкі)

 

Відавочна, што М. Гарэцкі сумяшчаў публіцыстыку з заняткам літаратурнай творчасцю, і гэта абсалютна лагічна: па-першае, назіраючы за праявамі рэчаіснасці, ён знаходзіў сюжэты для сваіх апавяданняў, па-другое, рэалізоўваў пастаўленую перад «нашаніўцамі» задачу азнаямлення чытачоў з літаратурнымі навінкамі на беларускай мове; па-трэцяе, выкарыстоўваў газету як пляцоўку для выказвання сваëй грамадзянскай пазіцыі.

Публіцыстычныя матэрыялы, напісаныя М. Гарэцкім для «Нашай нівы», звычайна пазначаны як «нататкі», аднак, калі разгледзець іх не з пазіцыі літаратуразнаўцы, а журналіста, жанравая разнастайнасць формаў значна пашыраецца, ды і акцэнт на мастацкай вартасці робіцца іншы.

Для падобнага аналізу скарыстаем наступныя паняцці: «характар камунікатыўнага задання», «жанравыя прыметы», «жанравая форма» і «тып тэксту».

Характар камунікатыўнага задання фарміруецца мэтавай аўдыторыяй, да якой звернуты фармат выдання. Як згадвалася вышэй, «Наша ніва» арыентавалася на вясковае насельніцтва і інтэлігенцыю, што вызначала мэты і задачы карэспандэнтаў:

  • ● Паведаміць пра падзею (знешнепалітычную або ўнутрыпалітычную);
  • ● Прааналізаваць падзею, выказаць свае адносіны;
  • ● Даказаць пэўную ідэю;
  • ● Канстатаваць факт здзяйснення нечага і выказаць ацэнку.

Зразумела, што характар камунікатыўнага задання ўплывае на фарміраванне жанравых формаў газетнай публіцыстыкі.

Па тэме закранутага пытання Т. Маракуліна ў калектыўнай манаграфіі «Мова “Нашай нівы”» адзначае наступнае: «У залежнасці ад камунікатыўнага задання, якое стаіць перад аўтарам, можна правесці наступную дыферэнцыяцыю жанравых формаў (ці камунікатыўных тыпаў) газетных паведамленняў. У мове «Нашай нівы» вылучаюцца, у першую чаргу, два асноўныя тыпы газетных тэкстаў, у якіх паведамляецца пра факты і падзеі міжнароднага і ўнутранага жыцця краіны: І) тэксты-інфармацыі; ІІ) тэксты-разважанні. Асобна вылучаецца трэці тып — мастацка-публіцыстычныя тэксты («Думкі ў дарозе» (1906), «Зоркі-анёлы» (1907), «Ліпы» (1907), «Музыка» (1907) і інш.), якія знаходзяцца на мяжы публіцыстычнага і мастацкага стыляў».

Акрамя гэтага даследчыца падкрэслівае, што «найбольш паказальнымі і

актуальнымі для газеты з’яўляюцца публіцыстычныя творы першага камунікатыўнага тыпу», да якіх належаць «1) тэксты, у якіх абмяркоўваюцца актуальныя, надзëнныя падзеі грамадска-палітычнага жыцця. Публіцыстычнасць такіх тэкстаў забяспечваецца заданнем сфарміраваць грамадскую думку вакол закранутых пытанняў, падзей у выглядзе «чыстай» інфармацыі. ˂…˃. 2) тэксты, асноўнымі камунікатыўнымі мэтамі якіх з’яўляюцца не толькі «падача» інфармацыі, але і выказванне адносін, выражэнне пэўных эмоцый аўтарам (станоўчых або адмоўных) да канкрэтных асоб, фактаў, падзей (унутры краіны ці за яе межамі)».

Першая публікацыя М. Гарэцкага ў «Нашай ніве» — невялікая нататка ў рубрыцы «З Беларусі і Літвы» пра «прыëмную пару» ў Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча. З аднаго боку, гэта тэкст-інфармацыя, у якім акцэнтуецца факт — адбыўся набор у вучылішча. Дастатковая ўвага надаецца лічбам: «У гэтым гаду у дзьверы тутэйшаго каморніцка-агранамчнага вучылішча стукалося 250 хлапцоў, калі не лічыць тых, каторые не эгзамінаваліся пасьля дохтарскаго агляду. 232 хлопцы прасіліся у першу падгатавіцельну клясу, а рэшта у першу спэціальну. З гэтага ліку хлапцоў залічэны вучнямі усяго 36…» (№ 37, 1912). Аўтар паведамляе пра заснаванне вучылішча, аналізуе геаграфію прытоку студэнтаў.

Аднак тэкст нельга назваць «чыстай» інфармацыяй, бо прыхаванае аўтарскае «я» чытаецца між радкоў. Так, напрыклад, чыста інфармацыйным падаецца сказ: «Вучылішчэ атчынено ў 1909 гаду, і за апошніе гады, у сярэднім на 30 мейсц просіцца да 300 чэлавек». Але ж ніжэй бачым рэальны прыхаваны аўтарскі каментарый: «І с кожнаго боку выгодна вучыцца тут дзецям вясковых небагатых гаспадароў, бо ў падгатавіцельну клясу прымаюць тых, што акончылі двуклясную народную школу, а калі хлопчык патрапіць у вучні, дык яму, калі ëн сам мала мае грошы дзеля пражыцьця у Горках і добра вучыцца, даюць стэпэндію». Відавочна, што мэтай М. Гарэцкага было не толькі праінфармаваць, але і заахвоціць хлопчыкаў з вясковай беднаты ісці вучыцца. Заўважым, што і аргумент заахвочвання (стыпендыі, фінансаванне) адпавядаў інтарэсам мэтавай аўдыторыі.

Як бы ні намагаўся літаратар М. Гарэцкі глядзець на свет вачыма журналіста, імкнучыся да аб’ектыўнай фіксацыі факта, вобразнае слова і мастацкі погляд на рэчаіснасць выяўлялі ў ім выдатнага публіцыста з відавочным пісьменніцкім ухілам.

Ужо ў другой публікацыі (№ 43—44 ад 12 (15).11.1912г.) пад традыцыйнай рубрыкай «З Беларусі і Літвы» змешчаны чарговы матэрыял з «г. Горкі Магілеўск. губ.», у якім распавядаецца пра штогодні кастрычніцкі кірмаш. Па сутнасці гэта ўжо сінтэзаваны рэпартаж з дакладна выяўленым адлюстраваннем падзей, аналізам і адкрытымі ўласнымі каментарыямі. Менавіта такія крытэрыі, на думку Б. Стральцова, вызначаюць вышэй згаданы жанр. «У сінтэзаваным рэпартажы могуць скарыстоўвацца функцыянальныя прыëмы і вобразна выяўленчыя сродкі ўсіх жанравых формаў — інфармацыйных, аналітычных, мастацка-публіцыстычных. Аднак у аснову тэксту павінна закладацца скразное аператыўнае адлюстраванне дынамічнай падзеі [курсіў. — В. Г.]. Гэта абавязковае патрабаванне, і калі ад го адступіцца, дык тэкст пазбаўляецца сваëй асноўнай жанравай прыкметы (дакладна, выразна і дынамічна маляваць ход падзеі праз непасрэднае спрыманне аўтара) і страціць права звацца рэпартажам».

Такім чынам, звернемся да тэксту М. Гарэцкага. Штогадовы кастрычніцкі кірмаш — тая дынамічная падзея, якая скразной тэмай праходзіць праз матэрыял аўтара. Ён быў непасрэдным удзельнікам гэтага мерапрыемства і стварыў «вобраз падзеі» па гарачых слядах. Спачатку чытач уводзіцца ў атмасферу гэтай падзеі: расказваецца, што кірмаш не заладзіўся ад самага пачатку, адбываецца спроба высветліць магчымыя прычыны дрэннага гандлю: «У гэтым гаду з’езд сялян быў малы; і кірмаш выйшоў зусім дрэнны. Вінаваціць трэба пагоду. У нас ад пачатку месяца жніўня і аж да самага кастрычніка ішлі дажджы і было сцюдзена. Дарогі папсуваліся і меж сялян мала хто пацікавіўся паехаць на кірмаш. Дый таго, хто паехаў, турбацыя была дарэмна, бо ў самы кірмашовы дзень пайшоў дождж, зрабілася гразь — дык які ўжо тут торг…»

У прынцыпе, першая палова тэксту — звычайная канстатацыя, характэрная для справаздачы, аднак другая яго палова змяняе наша меркаванне, бо аўтар нечакана раскрывае іншы бок сялянскага быту: «Але ж што-што, а гарэлку пілі на кірмашы, як усягды, калі ня лепей. Народ навакал жывець небагата, бо землі мала, а фабрычна-заводскаго промыслу ці якого іншаго німа і да жялезнаго шляху далёка, а гарэлкі пьець тутэйшы селянін надта многа». Зноў аўтар звяртае ўвагу на праблему пьянства. Становіцца зразумелым, што асноўная тэма, якой будзе прысвечана журналісцкая дзейнасць М. Гарэцкага — гэта выкрыццё пьянства і агітацыя да навукі, адукацыі, асветы. Якой бы ні была скразная падзея, аўтар робіць акцэнт на «сваіх» праблемах. Гэта граматны прома-ход: па сутнасці аўтар стварае свой «нашаніўскі» вобраз «горыцкага асветніка-праўдаруба».

Але ж М. Гарэцкі-аналітык настолькі глыбока спрабуе засяродзіцца на прычынах неўладкаванага сялянскага жыцця, што ўводзіць у рэпартаж яшчэ адну тэму — казëнных «культуртргероў», якія, па сутнасці, павінны займацца выхаваннем вяскоўцаў: «Агулам кажучы, шырокае поле дзеля працы есць тут сеўбітам прасьветы сярод цемнага беларускага сялянства. Ды не якім-небудзь, а сьведомым сеўбітам-беларусам, што выйшлі з вëскі, знаюць яе і не адракліся роднай вëскі. Ато ў Горках здаўна эсць шмат казенных “культуртргероў”, бо калісь тут быў інстытут, а цяпер тры сярэдніх вучылішчы для адукацыі на гаспадарцы…», саркастычна заўважаючы, што ««культура» нешта далей Горак ў нашых мейсцах ня йдзе». Гэты прыëм цалкам прыдатны да жанру рэпартажу, больш за тое, вельмі папулярны ў сучаснай журналістыцы. Як адзначае Б. Стральцоў: «Рэпартаж прыдатны для адлюстравання падзей не толькі пазітыўнага, але і негатыўнага плану, можа мець крытычную скіраванаць. Для такіх выпадкаў больш падыходзіць сінтэзаваная форма рэпартажу — пры фіксацыі негатыўных момантаў узнікае неабходнасць разабрацца ў іх прыродзе, даць каментарый і ацэнку…Таленавітыя рэпарцëры часам пішуць крытычныя рэпартажы ў фельетоннай танальнасці, скарыстоўваючы выразныя сродкі сатыры і гумару — ад гратэска, гіпербалы, да іроніі, насмешкі». Калі ўлічваць гэтыя асаблівасці рэпартажу, варта адзначыць, што М. Гарэцкі відавочна быў на подступах да фельетона.

Дарэчы, і ў гэтым жанры паспрабуе сябе пісьменнік. Ужо ў № 5 за 1913 год з’явіўся фельетон «Нашы», у якім сатыра накіравана на выкрыццë заганаў «нашых» беларусаў, якія выбіліся ў людзі. Як вядома, фельетон грунтуецца на факце, а ў яго аснове заўсëды ляжыць пэўны канфлікт. Яшчэ адным элементам фельетона з’яўлецца наяўнасць устойлівага вобраза аўтара, які не дазваляе чытачу аналізаваць канфлікт, а сам робіць выснову.

Максім Гарэцкі тут не адышоў ад нормаў: у аснове фельетона — канфлікт паміж чалавекам і грамадствам, калі больш дакладна — у барацьбе чалавека са сваімі заганамі, якія знаходзяць урадлівую глебу для выяўлення ў соцыуме. Фактам для напісання твора сталі некалькі артыкулаў з расійскай прэсы пра беларусаў, якія не ўбераглі душу ад спакусы палепшыць дабрабыт любымі сродкамі. У тэксце дакладна прачытваецца аўтарскае «я», яно ахінае чытача сваімі эмоцыямі з першых радкоў і не адпускае да апошніх. Больш за тое, аўтар не дае магчымасці чытачу самастойна паразважаць над фактамі.

Фельетон пачынаецца клічнымі сказамі захаплення (своеасаблівая гульня з чытачом):  «Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах!...Ёсць ешчэ дзеткі у Маткі-Беларусі, ëсць ешчэ у нас людзі-арлы, клëкат каторых чуцен і ня токма на ціхіх спрадвеку абшарах Бацькаўшчыны, але далетае ен нават да сенцоў, пэўне задніх сенцоў вялікіх паноў, бліскучых паноў Пецербурга. Весяліся, скачы, маë беларускае сэрцэ!» Аднак праз некалькі радкоў становіцца відавочным, што тэкст мае вострую сатырычную скіраванасць, выкліканую аўтарскім незадавальненнем рэчаіснасцю. А незадаволены Гарэцкі тым, што ў адной з расійскіх газет надрукавана: «Сын незаможнага бацькі, папа-беларуса, трапіў у Пецярбург у Дух. Акадэмію і адразу “праявіўся”».

Безумоўна, балюча ўспрымаў падобныя «навіны» беларус Гарэцкі (дарэчы, фельетон падпісаны псеўданімам «Максім Беларус»), бо стаяў на чале нацыянальнага адраджэння і добра разумеў, як складана даюцца беларусам нават самыя маленькія перамогі. Усведамляў і тое, што вораг не спіць, і нават за дробны промах расплата будзе вялікай, што, уласна кажучы, і ўбачыў праз друкаванае слова (расійскія выданні са смакам распавядалі пра «праявы» беларусаў). Таму ў фельетоне з горыччу ўзяўся выкрываць нядбайных суайчыннікаў. Удала выкарыстоўваючы гратэск, М. Гарэцкі стварае мастацкі вобраз ворага беларушчыны: «На пагляд-такі войстрачок дохленькі, куды прасцей галубка, але ў глыбіне душонкі сваей быў мудрэй уселякае вужакі, толькі нельга зычыць нікому гэтай яго “жыцьцëвай” мудрасьці, бо надта-ж брудна. Ня грэбаваў нічым, каб зарабіць грошы, каб проста набіць чэрава, але прастаўляўся, што працуе “высокім ідэям” і ўрэшці быў “сваім чалавекам” у о. рэктара». Сваю вялікую непрыхільнасць да такіх людзей пісьменнік выказвае па-мастацку саркастычна: у паняцці «свой чалавек», «высокая ідэя», «балотны агонь» наўмысна набываюць супрацьлеглае значэнне. І ўсë для таго, каб падкрэсліць, як лëгка можна памыліцца ў палітычна нестабільны час, вызначаючы маральную мяжу недатыкальнасці паміж сваім і чужым, высокім і нізкім.

Невыпадкова фельетон падпісаны псеўданімам «Максім Беларус», дзе «Беларус» прапісана з вялікай літары. Назваць сябе беларусам у той час мог чалавек, надзелены вялікай адвагай, разуменнем адказнасці за свае дзеянні і ўчынкі, і канешне, прасякнуты шчырымі патрыятычнымі пачуццямі. Таму беларус М. Гарэцкі не дае нават мінімальнай магчымасці чытачу для ваганняў, для спробы паразважаць пра апраўданне ўчынкаў «нашых» складанымі ўмовамі быту. Ён заканчвае гісторыю выклікамі: «Сорам, сорам!» Каментарый М. Гарэцкага носіць рэзка адмоўны ацэначны характар і гучыць ультыматыўна. Аднак гэта яшчэ не ўсë.

У фельетоне ëсць і іншая гісторыя, прынесеная Максіму Беларусу «Биржевыми Ведомостями»: «Пан Лукашэвіч (хто хочэ, ніхай чытае Солон, ці як інакш), сын свайго беларусскаго народа, перш быў вучыцелем, потым… валасным пісарам, далей пралез у чыновенства, зрабіўся газэтным пісакам за “тые” грошы, скрабецца і ў Г. Думу, таксама працаваў “і нашым і вашым”. Як тое кажыць: — на усе кепствы — майстра лепшы». Аўтарскае «я» публіцыста выражана адкрыта і эмацыянальна, носіць назідальны характар:  «А сколькі ешчэ, хто ведае, поўзае гэткіх “нашых”, буйнейшых і драбнейшых, па зямлі, удварэ, дома ці сярод чужынцоў у сьвеці! Крый, Божэ, барані…» Заканчваецца ж фельетон па-журналісцку вострым перыфразам: «І калі-ж мінець нас гэтае дрэннае — дажджлівае лета, бо шмат развялося чарвей; каб ня зьелі яны нашу капусту».

Такім чынам, і жанр фельетона падуладны Максіму Беларусу. Малады пісьменнік таленавіта скарыстаў мастацкае слова для публіцыстычнай неабходнасці, бо фельетон — той жанр, дзе мастацкія сродкі толькі завастраюць тэкст. Ад першага іранічнага слова назвы «Нашы» да апошняга перыфраза — тэкст прасякнуты дынамічным пульсам думак, эмоцый і спадзяванняў аўтара.

Нават з разгляду трох публікацый відавочна, што аналіз публіцыстыкі М. Гарэцкага «нашаніўскай пары» — справа не такая ўжо і другарадная, бо менавіта ранняя публіцыстыка, творчасць таго часу, калі пісьменнік не быў яшчэ зацятым прыхільнікам ніякай іншай ідэалогіі акрамя справы нацыянальнага станаўлення, дае магчымасць зразумець, як фарміраваўся яго светапогляд, як выточвалася ідэалагічная пазіцыя, як слова і думка публіцыста з часам ператвараліся, вырасталі ў слова пісьменніка.