БЕЛАРУСКАЯ ГІСТОРЫЯ Ў АПОВЕСЦІ МАКСІМА ГАРЭЦКАГА “ЦІХАЯ ПЛЫНЬ”
Літаратура і гісторыя непарыўна звязаны паміж сабой. Гэта сувязь выявілася ўжо на раннім этапе развіцця літаратуры, калі гістарычныя падзеі давалі імпульс для ўзнікнення літаратурных твораў. Спачатку іх змест зводзіўся да канстатацыі фактаў, але з цягам часу пісьменнікі сталі імкнуцца не толькі фіксаваць падзеі, але і спасцігаць іх прычыны, даваць ім сваю ацэнку. Такім чынам, праблемы гісторыі станавіліся праблемамі літаратуры, а літаратура, у сваю чаргу, давала (і дае) магчымасць убачыць час і сябе ў яе люстэрку, асэнсаваць яе. “Мы імкнёмся зразумець гісторыю як нейкае цэлае, каб тым самым зразумець і сябе. Гісторыя з’яўляеаца для нас успамінам, пра які не ведаем, але ў якім карані нашага жыцця’’, - адзначаў К. Ясперс у кнізе “Сэнс і прызначэнне гісторыі”.
Такую магчымасць “успамінаў” дае нам, сучаснікам, Максім Гарэцкі аповесцю “Ціхая плынь”, якая стваралася напрацягу 13 гадоў (з 1917 да 1930) і першапачаткова, калі мець на ўвазе беларускамоўны тэкст, называлася “Ціхія песні” (1926) - толькі ў 1930 г. яна выйшла пад усталяванай назвай.
У творы раскрываецца панарама жыцця звычайнай беларускай вёскі на пачатку XX ст. “Злевага боку Дняпра, за дзень летняе хады да яго, абнятае з трох бакоў балотамі ды хмызнякамі беднай Плёскі, прытулілася тое Асмолава пры вялікім некалі шляху з Вялікага княства Літоўскага на Масковію... Заглушэў зусім стары шлях..”. Максім Гарэцкі нездарма размясціў “тое Асмолава” менавіта пры шляху з Вялікага Княства Літоўскага: відавочна жаданне аўтара не толькі паказаць нязначнасць, эканамічную непатрэбнасць і забітасць вёскі, але і згадаць некалі слаўную гісторыю ВКЛ, якая ў дадзеным выпадку нібы маўклівы дакор сучаснікам творцы за тое, што не захавалі, не збераглі колішняй велічы - народ жыве ў адзічэнні, з аднаго боку, абыякавы да ўсяго, што адбываецца вакол, з другога, - спадзяецца на цуд. “Дзікай травою красуюць палеткі. Гніюць і правальваюцца стрэхі... Усё пільней кукобяць думку асмолаўцы аб нейкім дзіве - ці то аб зямлі, ці то аб волі. Вось нехта аб’явіцца і прынясе з сабою дзіва”. Аўтар хацеў, каб у кожнага чытача сэрца сціснулася ад болю не толькі за лёс галоўнага героя, але і за ўсю Беларусь.
Звернем увагу на кампазіцыю твора. Умоўна яго можна падзяліць на часткі: дзяцінства (“Герой аповесці”), юнацтва (“Горкая прамудрасць”), сталенне (“Школа жыцця”, “Кірмашовыя прыемнасці”) і завяданне (“Парогі”). Такая структура вельмі ўдалая, бо дае магчымасць убачыць не толькі перыяды жыцця героя, але і стадыі развіцця народа. Як адзначае расейская даследчыца В. Вятлоўская, “кожны народ, як і кожны арганізм, у сваёй звычайнай эвалюцыі праходзіць тыя самыя стадыі: дзяцінства, юнацтва, сталенне, і ўрэшце - завяданне. Гэтыя стадыі і абазначаюць перыядызацыю гістарычнага працэсу. Але ў той час, як адзін народ, мінуючы эпоху росквіту, зыходзіць у цень, другі ці другія, напоўненыя жыццёвымі сіламі, з’яўляюцца на сцэне сусветнай гісторыі ва ўсёй самабытнасці сваіх стыхій і непаўторных асаблівасцяў... На кожным этапе свайго гістарычнага шляху народ мог перажываць толькі гэтыя два станы - ці вольнага выяўлення сваіх асаблівасцяў, ці прыцяснення і падаўленасці, што перашкаджаюць яго натуральнаму росту”.
Дык што ж адбываецца з галоўным героем твора - Хомкам? На першы погляд можа падацца, што ніякіх перашкод існаванню хлопчыка няма, што яно нават больш чым натуральнае: “Зірніце на пол. Не, гэта не логава свінні, не птушатнік, куды садзяць кур ды гусак несці яйкі. Гэта ўсклычаная канапляная сувалка і салома, гэты чорны ад бруду, збіты, сплямлены і смярдзючы сяннік, гэты грудусякага шкумацця, засыпанага смеццем, з параю кінутых пялёнак, усё гэта — самая звычайная ложа для зманежанага працаю, спацелага мужыка... А вы зірніце на жывое. Яно сярод хаты, на земляной падлозе, збітай у ямкі і залітай пачыйкамі, сядзіць на кучы кійкоў і бляшанак, сядзіць, па-турэцку падтуліўшы ногі, сядзіць ля місы, у якой рулі з пастаячкі, хлеба, мух і смецця... Гэта — герой нашае аповесці Хомка. Гэта — яго дзіцячая пара”.
Аўтар не выпадкова напачатку пазбаўляе нас магчымасці давдацца, хто гэта - хлопчык ці дзяўчынка, называючы героя “яно”, каб паказаць цяжар становішча беларускіх сялян, для якіх “доля аднолькава”: аднолькава цяжкая, аднолькава безвыходная. “Гу-гу-гу…Мама!... Безвыходнасць цяжкая і пакора лёсу апошняя, крайняя - чуеццаў тым плачы, у тым восенным дажджы, у той музыцы бяссільнага. Гэта ўжо не плач - гэта песня роспачы. I наўчаюцца той песні ў забытым краі яшчэ пад сэрцам матак. Яна снуецца тут вякамі”. У гэтых радках відавочнае імкненне аўтара да абагульнення. Жыццё беларусаў – “гэта песня роспачы”, якую маткі з калысак спяваюць сваім дзецям. Але ж “і тут бываюць гульні і смех, іграшчы і вечарынкі <...> свае сярод сваіх весела гоцаюць “трасуху” і “лявоніху”; як праўдзівыя камары, таўкуць “мак”, мітусяцца ў “мяцеліцы””. Аднак нават у гэтай дынаміцы адчуваецца пасіўнасць, усё злаецца нейкім інертным, быццам не людзі, а механічныя лялькі жывуць на зямлі.
Пасля стварэння панарамнай характарыстыкі побыту сялян М. Гарэцкі зноў вяртаецца да Хомкі, каб паказаць яго ў развіцці, у пазнанні горкай прамудрасці жыцця. Лагічна думаць, што існаванне галоўнага героя не адрозніваецца ад існавання яго аднавяскоўцаў, але Хомка ўсё ж паводзіць сябе нетыпова. У школе ён не згаджаецца ламаць язык на “панскі манер”, хоць працэс навучання новай для сялян мове вельмі балюча адгукаецца ў душы хлопчыка. З дапамогай біркі, на якой былі выразаны найбольш частыя ў беларускай мове словы, дзяцей прымушалі вучыць новыя, “панскія”. Бірка ўручалася таму, хто называў адно з гэтых беларускіх слоў, і перадавалася наступнаму, хто памыліцца. Хомка быў не самым лепшым вучнем і зламаў ненавісную бірку. Няўжо хлопчык - настолькі моцная натура, што можа супрацьстаяць большасці? А можа, нарадзіўся новы герой, які абудзіць народ ад сну, спыніць гэтую “адвечную песню” жыцця? Аднак усё значна прасцей: гэта было спантаннае дзеянне, якога не чакаў і сам герой. Прырода такога дзеяння закладзена ў чалавеку ад нараджэння - рэакцыя ў адказ на боль, крыўду, прыніжэнне. І ўсё ж, падросшы, Хомка не страціў жадання заставацца самім сабой. У родзе героя амаль усе мужчыны былі “слаўнымі выпівакамі”, а ён не можа піць, душыцца ад гарэлачнага паху. Тое, што іншыя называюць “школай жыцця”, для Хомкі навука, як не трэба жыць. Тут відавочна свядомае жаданне нешта змяніць, выйсці з ненавіснага асяроддзя. Але ж Хомка не настолькі ўпэўненая ў сабе асоба, каб цалкам адмежавацца ад думак, закладзеных у генах. З цягам часу супраціўленне становіцца меншым. Згадаем, як Хомку абвінавацілі ў крадзяжы падпінка. Хлопчык дакладна ведае, што не браў яго, аднак большасць упэўнена ў адваротным, і пад уплывам асяроддзя яго таксама адольваюць сумненні. Значыць, чым менш чалавек упэўнены ў сабе, тым больш ён падуладны чужым думкам, нават і памылковым. У такіх выпадках страчваецца не толькі пачуццё асабістай значнасці, але і сэнс жыцця. У раздзеле “Кірмашовыя прыемнасці” Хомку ўжо хвалююць не толькі словы, але і позіркі, скіраваныя ў яго бок. У хлопчыка абвастраецца пачуццё непаўнавартасці, прапалае жаланне жыць: “Чаго цяпер жыць... Адно... памерці! Але і думка пра смерць праходзіла безуважна... Усё на свеце нічога не варта... А бадай жа праклята было!”.
У чым жа прычына страты жыццёвай актыўнасці і адсутнасці супраціўлення? Чаму ў юнацтве герой здолеў выявіць сябе, а ў перыяд сталення гэтага не здарылася? Адказ бачыцца ў асаблівасцях характару беларусаў, які фармаваўся пад уплывам неспрыяльнага сацыяльнага асяроддзя, сямейнага выхавання. Як адзначае Э. Дубянецкі, у беларусаў склаліся пераважна дыстомны і канформны тыпы характару, якія вызначаюцца недастатковай ініцыятыўнасцю, пасіўнасцю і схільнасцю да дэпрэсій, празмернай залежнасцю ад волі думак “вышэйстаячых”, комплексам непаўнацэннасці. Менавіта адсюль вынікае схільнасць персанажа аповесці да бесканфліктнага вырашэння праблем, да кампрамісу, датаго, каб заўсёды жыць у згодзе. Такія асаблівасці характару дазваляюць абставінам цалкам паглынуць героя, змяніць яго светапогляд, а потым і існаванне. Не выпадкова, што ён трапляе на вайну. Адправілі на два гады раней, па памылцы. Дзе ж справядлівасць? I ці датычыцца гэта паняцце простага народа, беларусаў, - чытаецца паміж радкоў твора. Шчасце Хомка бачыў толькі ў снах, у няшчасці ж ён жыў і памёр, так нічога і не зразумеўшы. “За што? - са слязьмі і так ціха, што не чуваць і сабе самому, пытаецца Хомка, - за што?! - шэпча ён усё цішэй. I глыбокая распачлівая крыўда кроіць яму сэрца!”.
А што ж народ? Народ маўчыць. Ніякага супраціўлення, ніякай барацьбы. Згадаем думку В. Вятлоўскай пра тое, што “не толькі слова, але і само маўчанне народа дастаткова красамоўнае, бо ў любым выпадку - крычыць ён ці маўчыць - народ з’яўляецца галоўнай дзейнай асобай гісторыі”. Толькі яго дзеянне можа быць ці актыўна-стваральным, як у перыяды нацыянальнага ўздыму, ці запаво
лена-пасіўным, калі страчваюцца жыццёвыя перспектывы і ўзнікае толькі балюча-роспачнае, як у Хомкі, пытанне: “За што?”.
Праз праўду жыцця вёскі Асмолава Максім Гарэцкі паказаў балючую праўду жыцця Беларусі: народ прызвычаіўся, жыве, покуль жывецца. Ён застыў у “ціхай плыні” існавання, а ў тых, хто жадаў парушыць яе, яшчэ не хапала сіл для барацьбы, але ў душы ўжо наспявала, няхай сабе кволае, але непрыманне, пакуль што “Хомкава”.
Пісьменнік хацеў паказаць чытачу, што кожны чалавек з’яўляецца творцам не толькі ўласнага жыцця, але і гісторыі. Працэс яе “тварэння” яшчэ не завершаны і адкрыты на кожным моманце нашага існавання. Тое самае і з нацыянальным характарам: ён удасканальваецца разам з няспынным рухам гісторыі і можа змяняцца ў залежнасці ад сілы і кірунку народных патрабаванняў.
Пакуль што “ў чорнай імгле блішчаць, іскрацца вострыя іголкі, тупеюць, знікаюць і зліваюццаў нішто ”. Герой памірае, і яго смерць з’яўляецца дакорам маўкліваму люду, які ціха плыве па сваім жыцці...