ВЕЛІЧЫНЯ ПЕРШАГА РАДУ

(Максім ГАРЭЦКІ)

Беларуская літаратура мае багата выдатных імён, якімі мы можам і павінны ганарыцца. Адно з самых буйных і самых яркіх сярод іх — Максім Гарэцкі.

Сёння спаўняецца сто гадоў з дня нараджэння пісьменніка. У такія высокія гістарычныя даты мы, натуральна, акідваем унутраным зрокам пройдзены юбілярам шлях, спрабуем разгледзець яго грамадзянскае аблічча, вызначыць яго месца ў нацыянальнай (а мо і сусветнай) культуры, яго ўрокі і запаветы для нашчадкаў, для новых пакаленняў. Вызначыць усё тое, за што мы выказваем удзячнасць і свята ўшаноўваем памяць.

У дачыненні да такой постаці, як Максім Гарэцкі, гэта зрабіць вельмі няпроста. Бо перад намі велічыня першага раду ў іерархіі дзеячаў культуры і навукі Краіны. Скажу больш: гэта велічыня еўрапейскага маштабу, гэта асоба незвычайна магутнай творчай моцы.

Максім Іванавіч Гарэцкі належыць да тых самаахвярна шчырых беларусаў, якія ў думах-клопатах пра Бацькаўшчыну бралі на сябе вельмі-вельмі шмат. Бо так было ім наканавана лёсам, такога ад іх вымагаў час. Бо паўставала да жыцця і нацыянальнага адраджэння Беларусь, якой надта ж былі патрэбны такія волаты духу, такія шматгранныя таленты.

Так, Максім Гарэцкі як творца — постаць рэнесансава шматгранная. Перш за ўсё гэта — вялікі пісьменнік, празаік і драматург, дасканалы майстар мастацкага слова, аўтар глыбокарэалістычных раманаў, аповесцяў, апавяданняў, нарысаў, абразкоў, а таксама — некалькіх п’ес, моцных сваёй драматургіяй, псіхалагічнай завостранасцю, гуманістычнай накіраванасцю. Максім Гарэцкі — непераўзыдзены майстар прозы мастацка-дакументальнай, адметнасць якой — стаўка на, так бы мовіць, дакументальна-дзённікавую непасрэднасць і дакладнасць. Яна ёсць узорам асэнсавання часу, падзей грамадскага жыцця, людскіх лёсаў і сябе самога ў часе. Асэнсавання — на самым высокім узроўні мастакоўскага інтэлекту і мыслярства. Гарэцкі валодаў дарам летапісца — старажытнейшай пісьменніцкай прафесіі — як, бадай, ніхто іншы з беларускіх літаратараў. Чытаць яго «летапісы», накшталт «Камароўскай хронікі», запісак «На імперыялістычнай вайне» ці толькі што апублікаваных у «Полымі» «Скарбаў жыцця» — незвычайна цікава. Геніяльнае чуццё часу, эпохі, варункаў грамадскага жыцця, у якія пастаўлены чалавек (хочацца сказаць: беларус!),— забірае душэўную ўвагу чытача даастатку.

Максім Гарэцкі — бліскучы публіцыст, што і не дзіўна для мастака-летапісца. Яго артыкулы «Наш тэатр», «Развагі і думкі», «Будем жить!», «Новая буржуазия» сёння, на добры лад, павінны быць настольнай кнігай для чытачоў з чуйным беларускім сэрцам. З якім разуменнем і з якім болем піша ён пра тое, што і сёння мы хочам зразумець, што і сёння нам баліць!

Нарэшце, Максім Гарэцкі — выдатны навуковец. Перадусім — літаратуразнаўца, гісторык і тэарэтык літаратуры, крытык, гісторык беларускага тэатра. Фалькларыст і мовазнаўца, лексікограф, аўтар слоўнікаў беларускай мовы. Ён жа — арганізатар нацыянальнай асветы і навуковага жыцця ў краіне. А яшчэ — настаўнік-педагог, выкладчык Віленскай беларускай гімназіі і дацэнт Горацкай сельгасакадэміі. Многія навучэнцы і студэнты яго сталі вядомымі і нават знакамітымі ў Беларусі людзьмі.

Сёння мы думаем пра яго як пра Беларускага Інтэлігента з вялікай літары. Яго інтэлігентнасць была не толькі ў шырокай адукаванасці, і не толькі ў вернасці нацыянальным традыцыям, нацыянальнай духоўнай спадчыне, але і ў вялікай унутранай культуры, у прыроднай сціпласці, у зайздроснай працавітасці. І ў грамадзянскай прынцыповасці, у чалавечай годнасці і мужнасці,— якасцях, рэдкіх у яго часы і яшчэ больш рэдкіх сёння. А без Інтэлігентнасці руху наперад няма і не будзе. На жаль, аксіёма.

Паўторым: Максім Гарэцкі — выдатны сын Беларусі, слава і гонар нацыі, краіны, дзяржавы. Невыпадкова ягонае імя ўключана ў сяголетні Каляндар ЮНЕСКО — каляндар юбілеяў вялікіх людзей у гісторыі чалавецтва.                                                                                             

1993

ЁН ВЕДАЎ СВОЙ НАРОД, ЯК МАЛА ХТО ІНШЫ

Слова на 5-х Гарэцкіх чытаннях

Шаноўная і дарагая Галіна Максімаўна, шаноўны і дарагі Радзім Гаўрылавіч, шаноўныя калегі і сябры!

Я не меў, на жаль, магчымасці падрыхтаваць навуковы даклад ці хоць бы паведамленне, таму некаторыя свае паасобныя разрозненыя думкі паспрабую выказаць у гэтым прывітальным да вас слове.

Хацеў бы пачаць з таго, што да Гарэцкага мы не выпадкова вяртаемся ўсё часцей і тым самым усё больш вяртаем яго ў наша жыццё. Відаць, усе мы даўно адчулі і зразумелі, што шлях Гарэцкага ў літаратуры, дакладней, яго творчыя прынцыпы і падыходы найбольш перспектыўныя і маюць вялікую будучыню. Вядома, мы яшчэ пра гэта на поўны голас не сказані, бо калі б сказалі і калі б перавялі сказанае ў практычную плоскасць,— маю на ўвазе вывучэнне Гарэцкага ў школе і ВНУ,— то гэта было б бачна. Сёння, пры ўсіх значных дасягненнях у вывучэнні Гарэцкага, у прапагандзе яго творчасці і яго асобы, мы яшчэ не можам сказаць, што ўжо зроблена вельмі шмат. Гадоў дваццаць таму Алесь Адамовіч, найбольш праніклівы, разумны даследчык творчасці Гарэцкага, сваю выдатную працу «Браму скарбаў сваіх адчыняю» кончыў так: пасля гэтай нашай працы — меў на ўвазе сваё грунтоўнае даследаванне — мы можам сказаць: «Гэта толькі пачатак». Думаю, што і пасля сённяшніх, ужо 5-х, чытан- няў Гарэцкага, мы таксама мусім будзем сказаць: «Гэта толькі пачатак».

Мусім, зыходзячы менавіта з таго, што вельмі ж вялікая перспектыва ў тых творчых прынцыпах, якія вызнаваў і якімі кіраваўся ён. Гарэцкі задумваўся над асновамі самога чалавечага існавання, грамадскага жыцця-быцця чалавека, над чалавекам як аб’ектам і суб’ектам гісторыі. Бадай, што ніхто з яго сучаснікаў, ды і наступнікаў, так глыбока не пранік у нацыянальны характар беларуса, у менталітэт, як зараз модна гаварыць, беларускага народа, як ён, Гарэцкі. Вядома, гэтым я зусім не хачу прынізіць дасягненні іншых нашых вялікіх і выдатных пісьменнікаў. Тым не менш, мне здаецца, што ўсё-такі на першым месцы тут трэба паставіць Максіма Гарэцкага, як пісьменніка агульналюдскога, агульначалавечага, які ўводзіў беларуса ў гэты вялікі чалавечы свет і ўводзіў вельмі пераканаўча.

Гарэцкі як мастак, як грамадзянін, як навуковец быў надзелены вялікай мужнасцю, і гэта дапамагала яму. Гарэцкі быў, бясспрэчна, адным з самых вялікіх інтэлігентаў у нашай літаратуры, быў і застаецца, і ў гэтым плане я паставіў бы побач з ім хіба што Максіма Багдановіча. У нас выдатных інтэлігентаў у літаратуры багата, але такой інтэлігентнасці, такога багатага духоўнага свету, такой выхаванасці, такой глыбіні разумення свайго пісьменніцкага, грамадзянскага абавязку і разумення абавязку ўсёй літаратуры,— бадай што зусім мала ў каго з нашых творцаў знойдзеш.

 Наконт інтэлігентнасці і разам з тым — наконт мужнасці і прынцыповасці Максім Гарэцкага хачу прыгадаць адзін вельмі красамоўны ў гэтым плане эпізод, пра які мне калісьці расказаў Юрый Паўлавіч Гаўрук. Эпізод адбыўся ў Горках, у сельгасакадэміі. Аднойчы туды запрасілі групу сталічных пісьменнікаў. Гарэцкі быў кіраўніком аргкамітэта, ініцыятарам гэтых запросін. Прыехала вялікая група літаратараў. Афіцыйна — на чале з Нішкам Гартным. І быў у складзе гэтай пісьменніцкай брыгады Янка Купала. Студэнты, выкладчыкі вельмі чакалі гэтай сустрэчы, рыхтаваліся да яе. І ўсё-такі яна не адбылася, сарвалася. Юры Паўлавіч, як і Максім Іванавіч, працаваў тады ў акадэміі дацэнтам, і быў непасрэдна сведкам таго, што сталася. Дык вось — тая сустрэча сарвалася з-за капрызнасці Цішкі Гартнага. Ён тады яшчэ моцна пачуваўся не толькі як літаратар, а, відаць, і як відны дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Яму не хапіла ў той сітуацыі сціпласці, і яго фанабэрыя стала прычынай, што сустрэча не адбылася. На Гартнага мог паўплываць толькі Янка Купала, і Максім Іванавіч прасіў Купалу пераўладзіць гэтую сітуацыю, каб сустрэча адбылася. «Не ведаю, з якіх меркаванняў,— сказаў Юрый Паўлавіч,— Купала не стаў дыктаваць сваю волю Гартнаму». З тым і паехалі, і вярнуліся ў Мінск пісьменнікі. Назаўтра Гарэцкі, у знак абурэння і пратэсту, адаслаў Купалу падпісаныя яму кнігі,— купалаўскім кнігі. Вось так — нават Купалу ён не дараваў тое, што, на яго думку, нельга было дараваць,— абразу студэнтаў і выкладчыкаў Акадэміі. Можна ўявіць, як яму лёгка было гэта зрабіць — вярнуць Купалу кнігі з аўтографамі. Але іначай ён бы не быў Гарэцкім.

У маладым зусім узросце, у 1914 годзе, Гарэцкі напісаў: «Беларуская літаратура будзе мець сусветнае значэнне». І патлумачыў чаму. Таму, што ёй суджана сказаць многае новае ў вобласці духу. Што новае? Я думаю, тое, што Гарэцкі адкрыў для сябе, а адкрыў ён душу беларускага народа, яго характар, яго ментальнасць, адкрыў беларуса ў такой меры, што зразумеў: якая вялікая можа вырасці літаратура, калі яна будзе па-мастацку даследаваць жыццё і лёс гэтага народа, жыццё і лёс беларуса.

Хачу вярнуцца да таго, з чаго пачаў: чаму нам так важна вывучаць і прапагандаваць і творчасць Гарэцкага і яго асобу. Ну вось звернем увагу на адзін пасаж у яго ранняй публіцыстыцы. Разважаючы пра новых сусветных і еўрапейскіх багоў, Гарэцкі кажа: «Гэта багі цела». Яны задавальняюцца не духоўнымі скарбамі, набыткамі, а прыдатнымі да цела. І падкрэслівае: «Гэтыя багі не надта падабаюцца беларусу». Я шмат разоў задумваўся над гэтым яго сцверджаннем. І вось цяпер, калі так шмат ідзе спрэчак, якім шляхам нам ісці, куды далучацца —-да захаду ці да ўсходу, з Расіяй ці з Заходняй Еўропай. Я не думаю, што тут можа быць адназначны адказ і лёгкае вырашэнне гэтага пытання. Гарэцкі ставіў для сябе пытанне і вось гэтым самым сведчаннем — багі цела не надта падабаюцца беларусам. Гарэцкі, карыстаючыся яго любімым словам, відаць, добра адчуваў тое нешта таемнае ў беларуса, у беларускім народзе, да чаго трэба падыходзіць вельмі асцярожна, і таму не спяшацца дыктаваць, якім шляхам яму, беларускаму народу, ісці, і хто павінен, і хто можа быць для беларуса богам, і якім багам мы павінны пакланяцца.

Калісьці, яшчэ ў канцы 50-х гадоў, я прачытаў у «Каляднай пісанцы» за 1913 год артыкул 20-гадовага Гарэцкага пра наш тэатр. І я быў ашаломлены. Я чытаў, перачытваў, і тады ўпершыню задумаўся над тым, хто ж такі Максім Гарэцкі і што ён значыць для ўсіх нас, для нашай літаратуры і культуры? Вылучу толькі адзін момант з гэнага яго выступлення ў друку: «Тэатр павінен стаць храмам нашага Адраджэння». Падкрэсліваю: на дварэ 1913 год! Перакінемся ў нашы дні. Ужо колькі гадоў мы кожны дзень толькі і гаворым пра наша нацыянальнае Адраджэнне. Ну і кім сёння ёсць наш беларускі тэатр? Давайце пакладзем руку на сэрца і спытаем: ці стаў ён храмам нашага нацыянальнага Адраджэння? Я не сказаў бы! Здараюцца ў тэатры рэчы, якія робяць мастацтву гонар, якія падтрымліваюць аўтарытэт тэатра, але сказаць, што наш беларускі тэатр стаў храмам нашага нацыянальнага Адраджэння, было б вялікім перабольшаннем. Вось і высновы. Вось і задачы, якія стаяць перад намі. Жывучы побач, часта кідаю позірк на рэпертуар Купалаўскага тэатра. Палавіна рэчаў у ім зусім не абавязковая. Але я не памятаю, каб п’есы нашага вялікага пісьменніка Максіма Гарэцкага выйшлі на сцэну нацыянальнага акадэмічнага тэатра. Не кажучы пра тое, што можна інсцэніраваць і выдатныя яго празаічныя творы.

 Нарэшце, пра тое, пра што я ўжо неаднойчы гаварыў,— пра мову Максіма Гарэцкага. Вы знаеце, што гэта ён — у першую чаргу ён — далучыў да нашай літаратурнай мовы агромністы масіў усходне-беларускіх, дакладней — усходнемагілеўскіх гаворак. Гэта надзвычайная яго заслуга. Асабліва важна помніць, што ён пры гэтым кіраваўся клопатам, каб пісьменнікі з іншых рэгіёнаў Беларусі карысталіся і лексікай, і фразеалогіяй і ўсімі фарбамі мовы ўсходніх пакралі Беларусі, і наадварот. Гэта вельмі і вельмі важна. Для ўзбагачэння агульнай скарбніцы мовы. Для мяне асабіста, калі я пачаў чытаць творы Гарэцкага, іх мова была радасным адкрыццём. Я адкрыў для сябе мову — такую ж цудоўную беларускую мову, як, скажам, у Коласа і Купалы, і ў той жа час — трохі не такую, трохі іншую. Помню, што сёе-тое ў ёй нечым мяне асабліва ўсхвалявала. Падам толькі адзін прыклад. У адной з самых маладых яго старонак ён успамінае сябе, маленькага пастушка, які з пугай у руцэ пасе свіней, і гэты маленькі пастушок бяжыць з разхрыстанымі абветранымі худымі грудзёнкамі. Прачытаў я — і знаеце... доўга маўчаў. У нас сказалі б «грудкамі». Ды і ў песні «Перапёлка», помніце — «у перапёлкі грудкі баляць». А тут, бачыце, хлапчанё з худымі абветранымі «грудзёнкамі». І вось такога ў мове Гарэцкага вельмі шмат. Гэта і ёсць мова таго краю.

Прабачце, што я троху сумбурна выказаў свае думкі. Я радуюся, што Гарэцкія чытанні сталі традыцыяй, якая, моцна веру, не перарвецца. А яшчэ хачу выказаць радасць, што вось, за выняткам нямногіх, у зале сядзяць маладыя навукоўцы. Значыць, у Гарэцкіх чытанняў ёсць перспектыва. Значыць, вывучэнне і прапаганда творчасці нашага вялікага, не пабаюся сказаць, геніяльнага пісьменніка будзе плённа прадоўжана.

1996

ПРЫВІТАЛЬНАЕ СЛОВА

на ХІ-х Гарэцкіх чытаннях

Беларусі пашанцавала: іменна ў той гістарычны час, калі надта было трэба, у нашым інтэлектуальным, духоўным жыцці з’явіліся такія постаці, як Купала, Колас, Багдановіч, Гарэцкі. Калісьці, яшчэ да 70-годдзя Багдановіча, я намагаўся ў сваіх артыкулах далучыць яго да двух волатаў, якімі ў нас звычайна лічыліся толькі Купала і Колас. Было, сцвярджаў я, тры волаты, а не два! А трохі пазней я зрабіў для сябе адкрыццё, што і не тры, а чатыры! І ўжо шмат гадоў, калі мне даводзіцца гаварыць пра самых вялікіх у нашай літаратуры, я абавязкова называю і Максіма Гарэцкага. Абавязкова!

Максім Гарэцкі адрозніваецца ад тых, хто ішоў побач (маю на ўвазе Купалу і Коласа) тым, што спалучаў у сабе выдатнага мастака і выдатнага навукоўца. Мы не можам гэтага сказаць ні пра Купалу, ні пра Коласа. Пра Багдановіча мы можам і абавязаны сказаць: ёсць вялікі мастак, і ў той жа час — навуковец. Не ўсім, хто хоча гэтыя дзве іпастасі спалучыць, шанцуе. Бывае, што навука забівае мастака, калі хто надта захопіцца ёю. Навука забівае мастака, і яго мова робіцца менш мастацкай. Гэта няшчасце не здарылася з Гарэцкім. І не магло здарыцца. Гэта не здарылася і з Максімам Багдановічам, бо таксама не магло здарыцца. Думаючы пра гэта, я заўсёды трымаю ў памяці адну, мне здаецца, апраўданую паралель, ці адзін аналаг. Гэта — Іван Франко ва ўкраінскай літаратуры.

Пасля вайны, недзе ў 60-я гады ці нават пазней, у Украіне выйшаў збор твораў Франко ў 50 тамах. Больш 30 тамоў — навука: гісторыя, мовазнаўства, літаратуразнаўства, фалькларыстыка і інш. Вось постаць! Украінская філалагічная навука, гістарычная навука даследуе, вывучае з удзячнасцю тое, што зрабіў Іван Франко. Думаю, гэта — справядлівая паралель. У нас такі Максім Гарэцкі — літаратуразнаўца, гісторык літаратуры, крытык, фалькларыст (не будзем забываць кнігу матчыных песень), і публіцыст — першакласны. Я, помню, быў проста ашаломлены, калі ўпершыню ў календары за 1913 г. прачытаў артыкул Гарэцкага пра беларускі тэатр. Ёсць усякая публіцыстыка. Есць такая, якая трымаецца перш за ўсё на надзённасці тэмы і на эмоцыях. У Гарэцкага іншая публіцыстыка. Таму, што ён мысляр-навуковец. У яго публіцыстыцы заўсёды ёсць навуковая аснова, навуковы грунт. Погляд навукоўца — гэта надзвычай важна, іначай публіцыстыка трошку слізгае па паверхні. Эмоцыямі можна запаліць, але гэтага недастаткова.

Я сказаў, што нам вельмі пашанцавала, што магутны род Гарэцкіх быў і, дзякуй Богу, працягваецца. Але і не пашанцавала, і пра гэта немагчыма, нельга не думаць, асабліва ў дзень нараджэння класіка! Як мала было адпушчана Максіму Гарэцкаму! Але што значыць «адпушчана»? Не тое слова. Як злачынна завінуліся антыбеларускія, антынацыянальныя сілы, ворагі беларушчыны адабраць у нас, у Беларусі, ад нашай культуры і літаратуры такога мастака і навукоўца. Думалі, назаўсёды, але пралічыліся. Маё пакаленне па сапраўднаму адкрывала Гарэцкага дужа позна — гадоў 30 назад. Ну, а сёння маладыя людзі адкрываюць своечасова. І гэта выдатна! Трэба ўсімі спосабамі дапамагаць і маладым людзям і ўсёй нашай грамадскасці зразумець, якія постаці ёсць у нашай культуры — постаці еўрапейскай вышыні, і што, трымаючыся за іх, гуртуючыся вакол іх, мы не загінем.                                                                                                   

2003