Максім Гарэцкі. Наш тэатр

І

Беларус – гэта Хомка, што веры не дае. На слове ён быццам-то і згадзіўся, каб не скрыўдзіць каго, а тым часам, пакуль усяго сваімі вачамі не паглядзіць, датуль не дасць поўнай веры, датуль і не пераканаецца. Беларус любіць жывы прыклад. [...] Нахіл к прыстаўленню хаваецца ў беларуса ў яго душы і выяўляецца ім у жыцці на кожным сігу. Ад маленства, як на ногі стане, колькі розных гульняў перагуляе беларус! І ці мае яшчэ хоць адзін народ на зямлі столькі гульняў і жартаў, як беларусы? Беларус па псіхіцы сваей – дабрадушны гумарыст. [...] Але беларус прыхілен таксама і да вострай сатыры. Хто ведае народ беларускі, таму пэўне знаёмы перчык і солька беларускай мовы народнай: беларус, дзе варта, крэпкім словам, што бізуном, дасць. [...] Кожнае што-якое беларус любіць адзначыць прыказкай, прыслоўем. [...] Каб прыдумаць і сказаць ладную беларускую прыказку, трэба мець мастацкую і глыбокую душу, трэба быць артыстам, відзячым чалавека і жыццё наскрозь з аднаго погляду. [...] У гэтым беларус мае нешта супольна-жалобнае з прафесіянальным мастаком-акторам, катораму таксама трапляецца скакаць і скаліць зубы пад рогат таўпы, хаця ў самога на сэрцы жыццёвы цяжар, а з вачэй то і глядзі пакоцяцца буйныя слёзы. Беларус ад прыроды ўжо такі, што любіць паглядзець на цікавую з'яву, яго цягне к ёй. Заўважым, што і музыка ў вялікай пашане ў беларусаў.

ІІ

Адным словам, беларус дужа любіць ―прыстаўленне, і тэатр яму замянілі ― вярцепы‖, хадня з мядзведзем, жоравам ды казою, хадня на каляды ў масках, улетку карагоды, узімку ігрышчы і шмат чаго іншага. Дык, па-мойму, тэатр беларускі, народны тэатр, у беларускім адраджэнні – надта важная справа. [...] Пакажыце беларусу са сцэны, хто ён, чым ён быў, што ён цяпер, чым ён мог быць, гукніце яго са сцэны да новага жыцця, ён знойдзе здольнасці парваць ланцугі рабства, патрапіць крыкнуць: ―Жыве Беларусь!

IV

А трэба паказаць беларусу са сцэны, што так жыць, як ён жыве, няможна, гэткага жыцця няможна трываць. [...] І трэба яшчэ паказаць беларусу са сцэны, што ён – чалавек, і што ён павінен мець свой чалавечы гонар, і павінен дзетак сваіх гадаваць з сумленнем. І трэба яшчэ сказаць беларусу са сцэны, што калі ён праваслаўны, то няхай не лае свайго брата каталіка-беларуса ― паляком‖, і калі ён каталік, дык няхай лічыць сябе беларусам, а беларуса-праваслаўнага сваім братам, і абодва беларусы, каталік і праваслаўны, няхай шануюць веру і добры светапогляд адзін другога і веру ўсякага сумленнага чалавека ўсякай нацыі.

І трэба паказаць беларусу са сцэны, што ён мае слаўнае прошлае, што яго дзядоўшчына нараўні з крапчэйшымі старонкамі пад сонцам была і што карані нашы родныя беларускія не згнілі, трывалы і цягучы, маюць жывы сок і жывую сілу і ўжо добрыя адросткі к небу гоняць, а з часам над імі крэпкія, высокія, прыгожыя дрэвы закрасуюцца. [...] І трэба паказаць беларусу са сцэны, што за чалавек той, каторы спіць без канца-краю, якой вартасці такі чалавек і што жджэць яго ў будучыні. [...] І трэба паказаць, у які бок кіравацца беларусу, па якому ― шляху жыцця‖ пайсці і якім чынам сілы фізічнай і духовай набрацца. [...]

V

Тэатр наш павінен стаць Храмам Нашага Адраджэння. Тэатр гадуе маладых байцоў за праўду і дае грамадзянскую моц людзям у пары, але заняпаўшым, ён абгладжвае на добры лад характары людзей і народаў. Трэба памятаць, што тэатр – дамаская сталь, вострая з абодвух бакоў. У тэатры можна прыносіць жэртвы Духу Чыстаты і Праўды, можна пакланяцца і Ваалу з Астартай. Вот мы цяпер, калі адрадзіліся, і павінны будаваць свой тэатр па-чалавечы, добра, каб ён быў Храмам, а не бруднай стайняй Аўгія, і не памяшчэннем злога бога Арымана, і не кутом дурнога скалазубства.

VI

[...] Наш тэатр не павінен закідаць шлях мастацкі, ён нават павінен задаволіць як людзей, каторыя гавораць: ― Лепш здабудзь гаршчок юшкі, чым дарма траціць час на вершык, так і людзей, што даводзяць: ― Мастацтва для мастацтва.

Бо ведама ўсім, якое вялікае значэнне мае тэатр у жыцці і што чалавеку, апрача паўміска юшкі, патрэбна і страва для душы. Значыць, тэатр наш, калі пачне развівацца далей, пэўне будзе мець і шырэйшую дарогу, будзе здавальняць людзей з рознымі бажаннямі. Кірунак нашага маладога тэатра павінен быць жыццёва-мастацкі з дэвізам: ― Падняць беларуса да ідэальнага чалавека!

VII

[...] Тэатр наш павінен ачысціць, абяліць мову і паказаць прад вочы людзей яе гучнасць і гібкасць. [...] Дык і нам, беларусам, каторыя маем мову, што як родная і не горшая сястрычка мовы ўкраінскай, нам пры распачатку свайго тэатра трэба дбаць аб гучнасці і чыстаце сваёй мовы і аб той яе ў паўсёдным жыцці гумарыстычна-наіўнай сіле, што выдзяляе яе сярод усіх моў славянскіх.

[...] Пісьменнікі нашы павінны ведаць той багаты славесны скарб, што сабралі дагэтуль на нашай ніве шаноўныя за гэткую працу дабрадзеі: Насовіч, Шэйн, Раманаў, Карскі і др. Пісьменнікі беларускія! Пільней прыслухвайцеся к мове людзей нашых на рынку, на кірмашы і ўсюды-ўсюды, і тыя, што жывіцё на захадзе Беларусі, даведайцеся, як гавораць на яе ўсходзе, а ўсходнія пабывайце на захадзе. Як кругаварот крыві ў целе чалавечым дае здароўе арганізму, так гэты пераліў нашых сіл на Беларусі аджывіць арганізм яе і зробіць яго дужэйшым.

[...] Вы, настаўнікі красамоўства і прыгожай гаворкі, тое, што вы скажаце добра са сцэны, з вялікаю сілаю ўкладзецца ў душу беларускую. Гэта мае ой якую вагу цяпер, у нашы ўжо, дзякуй Богу, даволі развіднеўшыя досвіткі. Сумна, калі ўсенародна калечыцца наша мова; сэрца весяліцца, калі чуем мову слаўную, правільную. [...]

VIII

Цяпер украінская песня ў славе і пашане, пяюць яе далёка за межамі Украіны. А ці даўно тое было, што аб песні ўкраінскай шырокае грамадзянства і не чула. [...] Так і нам задурылі галаву, што песня наша аднатонна. Калі змяшаць многа колераў, то таксама выйдзе шэра. Ды і хто, папраўдзе, многа чаго ведае аб беларускіх ― аднатонных скоках і аб беларускай песні? Што дзівіць, ёсць беларусы, каторыя, вылецеўшы з роднага гнязда з яшчэ жоўценькай дзюбачкай і саўсім не ведаючы свайго гнязда, гавораць: ― Я – сам белорус, но, знаете ли, не могу скрыть, что белорусских песень очень мало, да и те неинтересны‖. Паночкі, калі спаткаеце гэткага блазнотку, дайце вы яму хаця ― Песни белорусские Насовіча, або Раманава, пакажыце яму нашы песні з нотамі, гукніце вы яго на беларускую вечарынку, няхай ён пераканаецца, што неахайна лжэць. А то прывядзіце яго к нам ў слаўную нашу Мсціслаўшчыну ці ў другі куток Магілёўшчыны, няхай ён пасмакуе, які пышны там культ свадзёбных песень, няхай ён пасядзіць у цікавейшай оперы – на беларускім вяселлі.

Дык вот трэба, каб са сцэны беларускага тэатра палілася беларуская песня, каб ад яе павеяла на людзей пахам беларускай народнай паэзіі. [...] І мы павінны самі смакаваць і людзей частаваць сваёй народнай песняй. І тут мне прыпомнілася звяртанне дзядзькі Раманава да ― дшчерей белорусских, каторых цяпер многа сярод вучыцелек, курсістак, чаму ж не пяюць песень родных пад музыку фартэпіяна, скрыпкі і так. [...]

IX

[...] Браты! Даволі ўжо, дось вам захадзіцца па плывучай, звычайна неглыбокай, сучаснай польскай і расійскай літаратуры і ўжываці нездаровага і не маючага карысці для Роднага Боку пэцкання паперы. Не трацце грошы на дзесяціграшовыя журналы пакалечанага жанру, гадуйцеся на чытанні класікаў і ўдыхайце свежае паветра народнай паэзі а маючы ў сабе карані гэтай паэзіі, тчыце праўдзіва-мастацкія ўзоры беларускага жыцця. [...] Паклапаціцеся аб тым, каб тэатр наш задаволіў мнагаможнага і бабыля, гарадскога чалавека і дзеравенскага, старога малога. [...] Шукайце брату свайму дарогу да праўды. І памятайце: не будзеце вы шукаць яе або станеце дрэнна шукаць, абы-як, Бог вас пакарае. А народ усё ж ткі знойдзе сваю праўду, бо Сам Хрыстос сказаў, што алчушчыя праўды насыцяцца.

  М. Гарэцкі ―Творы‖, 1990, с. 171–178.