У МАЛУЮ БАГАЦЬКАЎКУ, ДА МАКСІМА ГАРЭЦКАГА

Вёска Малая Багацькаўка Мсціслаўскага раёна. Тут у 1993 г. адчынены музей слаўнаму сыну беларускага народа Максіму Гарэцкаму. Да гэтай невялікай вёскі можна даехаць двума шляхамі: або чыгункай да станцыі Цёмны Лес і далей пешшу, кіламетраў пяць да вёскі, дзе знаходзіцца музей, або па шашы Горкі- Мсціслаў.

I вось мы на радзіме М. Гарэцкага. Драўляная хата. Каля яе на бетонным падмурку трохкутнік-паказальнік з надпісам: “Музей-сядзіба М. Гарэцкага”. Побач калодзеж з жураўлём. Старажылы кажуць, што колькі існуе вёска, столькі ж стаіць тут і калодзеж. Ступім на ганак хаты і злева ўбачым мемарыяльную дошку (аўтар Эдуард Астаф’еў): невялічкі барэльеф з выявай М. Гарэцкага ў 1913 г., калі ён закончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча, і надпісам “Тут стаяла хата, у якой 18 лютага 1893 года нарадзіўся класік беларускай літаратуры Максім Гарэцкі”.

Літаратурны музей М. Гарэцкага пабудаваны на тым месцы, дзе знаходзілася хата сям’і Гарэцкіх. У ёй ён нарадзіўся і жыў, а потым часта наведваў на працягу ўсяго свайго шчаслівага і трагічнага жыцця. Шчаслівага, бо за кароткі час, які быў адмераны яму лёсам, шмат чаго зрабіў у беларускай літаратуры і літаратуразнаўстве і таму па праву лічыцца класікам беларускай літаратуры. Трагічнага, бо ўжо у 1930 г. быў арыштаваны і адарваны ад літаратурнай працы і ў няпоўных 45 гадоў стаў ахвярай таталітарнага рэжыму.

... Адчынім дзверы і ўвойдзем у хату. Змешчаныя тут шматлікія дакументы, матэрыялы і іншыя экспанаты даюць наведнікам магчымасць пазнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка.

Экспазіцыя першага стэнда пачынаецца з фотаздымка М. Гарэцкага ў форме выпускніка Горацкага каморніцка-агранамічнага вучылішча. Дарэчы, гэта першае вядомае фота Максіма Гарэцкага (фотаздымкі ў той час каштавалі даволі дорага і гэта было не па кішэні юнаку з не вельмі багатай сям’і).

Гаўрыла Гарэцкі ўспамінаў, што падчас навучання ў Горках Максім “... жыў у інтэрнаце, дзе стварылася невялічкае вучнёўскае таварыства аматараў маладой беларускай літаратуры”. Рукапіс Г. Гарэцкага “Слова пра брата і настаўніка” змешчаны на стэндзе. Успаміны, якія адлюстроўваюць розныя перыяды жыцця пісьменніка, выкарыстаны і на іншых стэндах. У 1913 г. М. Гарэцкі закончыў вучылішча, пра што сведчыць муляж атэстата № 3351, згодна з якім “по-становлением учебно-хозяйственного совета Горецкого землемерно-агрономического училища 29 июля 1913 года он, М. Горецкий, удостоен звання частного землемера-агронома”.

Увагу наведнікаў музея можа прыцягнуць фотаздымак г. Вільні, куды М. Гарэцкі быў накіраваны на працу, і фотакопія газеты “Наша Ніва”. Менавіта ў гэтую газету ў 1912 г. М. Гарэцкі пад псеўданімам Беларус пачаў дасылаць нататкі і допісы, у якіх апавядаў пра вучобу і побыт навучэнцаў, пра жыццё сялян у Горацкім і Мсціслаўскім паветах.

Юны Максім Гарэцкі спрабаваў пісаць вершы. На стэндзе - ксеракопіі рукапісаў верша і першай старонкі апавядання “У лазні”, упершыню надрукаванага ў “Нашай Ніве” 25 студзеня 1913 г.

У гэтую газету будучы пісьменнік дасылаў свае творы і пазней, калі працаваў каморнікам у Вільні. 9 жніўня ў “Нашай Ніве” быў змешчаны ліст ад рэдакцыі, у якім пісалася: «Максіму Беларусу. Дужа дзякуем за Вашы творы, што Вы нам дасылалі ў апошнія часы. Мы верым, кажучы словамі нашых прадзедаў, што праз Вас “памножана будзе слава Айчыны нашай”, калі толькі агонь, які гарыць у Вас, будзе далей разгарацца». I, як вядома, гэтае прароцтва спраўдзілася. Сваімі мастацкімі творамі, літаратуразнаўчымі працамі М. Гарэцкі сапраўды памножыў славу Айчыны.

У экспазіцыі змешчана ксеракопія газеты “Наша Ніва” за 18 верасня 1914 г., дзе ў рубрыцы “Нашы пісьменнікі грамадскія працаўнікі на вайне” ёсць фота з подпісам: “М. Гарэцкі, пісьменнік-містык, родам з Магілёўшчыны, каморнік (землямер)”. Ёсць і іншыя фотаздымкі ваеннага часу: М. Гарэцкі з братам Іванам, брат Іван з баявымі сябрамі. У час вайны М. Гарэцкі пачаў пісаць запіскі “На імперыялістычнай вайне”. Муляж гэтай кнігі, што ўпершыню выйшла асобным выданнем у 1926 г. у Менску, экспануецца на стэндзе.

Кастрычніцкую рэвалюцыю Максім Гарэцкі сустрэў у Смаленску. Ён працаваў камендантам жыллёвага аддзела Смаленскага гарадскога Савета, зноў шмат пісаў, друкаваўся ў газетах “Известия Смоленского Совета”, “Дзянніца”, “Вольная Беларусь”. Ксеракопіі асобных нумароў дзвюх апошніх газет ёсць у музеі. Гэтым часам разам з братам Гаўрылам Максім Гарэцкі выдаў “Руска-беларускі слоўнік”. Г. Гарэцкі пісаў: “Брат склаў і выдаў у Смаленску невялічкі руска-беларускі слоўнік, я дапамагаў яму, працуючы ў той час стэнаграфістам абласнога Саўнаргаса”. Наведнікі музея могуць убачыць муляж слоўніка і фотакопію ўспамінаў Гаўрылы Гарэцкага.

3 жніўня 1918 г. М. Гарэцкі працаваў у газеце “Звязда”, рэдакцыя якой спачатку пераехала ў Мінск, а потым, у сувязі са стварэннем Літоўска-Беларускай рэспублікі, у Вільню. Пачаўся другі віленскі перыяд у жыцці пісьменніка. У цэнтры экспазіцыі знаходзяцца муляжы кніг “Гісторыя беларускае літаратуры”, “Антон” (драматызаваная аповесць), якія выдадзены М. Гарэцкім у Вільні. Змешчаны і фотаздымак М. Гарэцкага 1923 г. У Вільні ён выкладаў на беларускіх настаўніцкіх курсах, у Віленскай беларускай гімназіі і працаваў рэдактарам-выдаўцом газеты “Беларускія ведамасці”. На стэндзе змешчаны фотаздымак “Першы выпуск Віленскай беларускай гімназіі”. Сярод выкладчыкаў - Максім Гарэцкі.

Той перыяд жыцця пісьменніка адметны, бо ў Вільні 16 ліпеня 1919 г. ён ажаніўся з Леанілай Чарняўскай (1893 - 1976), якая працавала настаўніцай малодшых класаў у Віленскай беларуекай гімназіі. Пазней Л. Чарняўская стала вядомай беларускай пісьменніцай, аўтарам кніг “Варка” (1928), “Андрэйка”, “Бяздзетуха” (1930), “Апавяданні” (1930, 2-е выд. 1983), “Жук” (1960), “Казёл Мэка і Кудла” (1979) і інш. А пачынала Л. Чарняўская са зборніка “Дзяціныя гульні” (1919), муляж якога ёсць на стэндзе. Тут і сямейныя фотаздымкі: Л. Чарняўская (Вільня, 1919), яна з дачкой Галінай.

Экспануюцца два фотаздымкі брата Гаўрылы (ён зняты ў г.Уфе ў 1919 г.) і сястры Ганны (1919), студэнткі Маскоўскага заатэхнічнага інстытута, якая 19 верасня 1922 г. трагічна загінула.

У 1923 г. М. Гарэцкі разам з сям’ёй пераехаў з Вільні ў Менск. Часопіс “Полымя” (1923, № 7-8) змясціў паведамленне: «У кастрычніку месяцы прыехаў з Вільні ў Менск вядомы беларускі пісьменнік Максім Гарэцкі. У Менску ён заняты выкладаннем беларусазнаўства на рабочым факультэце Беларускага універсітэта і асабіста працуе над складаннем новага курсу “Гісторыі беларускае літаратуры” па заказу Камісарыята Асветы. Максім Гарэцкі таксама рыхтуе да друку зборы сваіх белетрыстычных твораў».

Наведнікі могуць убачыць фота М. Гарэцкага (1923), Максіма Гарэцкага, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі сярод студэнтаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1925), тагачасных будынкаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта, Інстытута беларускай культуры. У студзені 1925 г. М. Гарэцкі быў зацверджаны правадзейным членам Інбелкульта, а з сакавіка таго года працаваў па сумяшчэнні навуковым сакратаром літаратурнай камісіі. Падчас менскага перыяду жыцця Максім Гарэцкі часта сустракаўся і супрацоўнічаў з пісьменнікамі Адамам Бабарэкам, Уладзімірам Дубоўкам. Іх здымкі змешчаны на стэндзе.

У 1925 г. у часопісе “Полымя” (№ 1 -2) пачалі друкавацца ўрыўкі з запісак “На імперыялістычнай вайне”, а ў 1926 г. выйшла кніга апавяданняў “Досвіткі” (экспануюццамуляжы часопіса і кнігі). Цікавыя і два фотаздымкі з сямейнага жыцця пісьменніка. На адным мы бачым М. Гарэцкага з маці Ефрасінняй Міхайлаўнай каля магілы Ганны Гарэцкай у Маскве (1923). На другім - М. Гарэцкі, яго маці, брат Гаўрыла са сваёй жонкай Ларысай Восіпаўнай і сынам Усяславам (1924).

Далейшы змест экспазіцыі вызначаюць словы М. Гарэцкага: “О, пашлі нам, доля наша, сваё жыццё, сваю культуру…”, размешчаныя ў цэнтры стэнда.

Па накіраванні Наркамата Асветы БССР М. Гарэцкі з 1 лютага 1926 г. пачаў працаваць дацэнтам, а потым загадчыкам кафедры беларусазнаўства Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Экспануецца фотаздымак М. Гарэцкага з братам Гаўрылам (1926). Побач выпускны здымак выхаванцаў акадэміі. Сярод выкладчыкаў - Максім Гарэцкі.

У цэнтры стэнда змешчаны яшчэ адзін цікавы здымак - Горацкая філія “Аршанскага маладняка”. Як вядома, М. Гарэцкі дапамагаў гэтай літаратурнай суполцы і пра творчасць многіх яе сяброў напісаў у кнізе “Маладняк за пяць гадоў. 1923 - 1928”. На кафедры беларусазнаўства акадэміі разам з Максімам Г арэцкім працаваў Юрка Гаўрук, пазней - вядомы паэт і перакладчык. Яго фотаздымак таксама экспануецца.

Вельмі плённым для М. Гарэцкага быў 1926 г., калі выйшлі з друку кнігі “Жартаўлівы Пісарэвіч”, “У чым яго крыўда?”, “Ціхія песні”. Муляжы іх вокладак можна ўбачыць у музеі.

У верасні 1928 г. М. Гарэцкі разам з сям’ёй пераехаў у Менск. Працаваў вучоным спецыялістам Інстытута беларускай культуры (пасля рэарганізацыі Інбелкульта ў Беларускую акадэмію навук застаўся на той самай пасадзе). У экспазіцыі пададзены здымкі двух будынкаў Беларускай акадэміі навук, а таксама вядомых літаратуразнаўцаў акадэміка Івана Замоціна і прафесара Яўгена Барычэўскага.

Выклікаюць вялікую цікавасць матэрыялы, прысвечаныя творчым суполкам “Маладняк” і “Узвышша”. Гэта - калектыўныя фотаздымкі ініцыятараў стварэння літаратурна-мастацкага аб’яднання “Узвышша” Кузьмы Чорнага, Уладзіміра Дубоўкі, Кандрата Крапівы, Адама Бабарэкі, Язэпа Пушчы (1927) і членаў аршанскай філіі “Маладняка” (1929). Філія яшчэ ў красавіку 1928 г. на агульным сходзе выступіла на абарону Максіма Гарэцкага і ў сваёй пастанове адзначыла: «Перадрукаваць ліст Максіма Гарэцкага, змешчаны ў газеце “Савецкая Беларусь” ад 7 красавіка 1928 г.

.. .Пара скончыць абзываць пісьменнікаў “мяшчанамі, борзапісцамі, контррэвалюцыянерамі” і г. д. з мэтаю ўтаптаць іх у гразь дзеля сваёй персанальнай альбо гуртковай выгады.

Трэба змагацца не лаянкай, а аб’ектыўным доказам, адкрыўшы твар перад масай, а не лякліва схаваўшыся за чужую спіну альбо псеўданім».

Напады на М. Гарэцкага з’явіліся спачатку ў друку, а 18 ліпеня 1930 г. ён быў арыштаваны па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. 10 красавіка 1931 г. рашэннем калегіі АДПУ вынесены несудовы прыгавор 86 асуджаным па справе СВБ. Максім Гарэцкі быў высланы на 5 гадоў у Вятку.

На стэндзе - фотаздымак з асабовай справы М. Гарэцкага і ксеракопія яго запіскі з Мінскай турмы, якую ён перадаў родным 14 студзеня 1931 г. Гэтыя радкі нельга чытаць без хвалявання: “Добры дзень! Адсылаю навалачку і хустачку. Усё ваша атрымаў, вельмі ж дзякую, але не пасылайцемне столькі, думайце пра сябе... Я здароў. Крэпка цалую маму на ад ’язджанне, няхай перадасць нізкі паклон і прывет тату і ўсім родным. Цалую вас усіх моцна. Прасіў пабачыцца з табой ці з мамаю - пакуль нічога ням”.

У Вятцы М. Гарэцкі працаваў землякопам на будоўлі, тэхнікам на заводзе навучальнага абсталявання, тэхнікам-калькулятарам у трэсце “Вяткабуд”, тэхнікам у землятрэсце. У 1932 г. да яго прыехала жонка Леаніла Усцінаўна з дзецьмі - дачкой Галінай і сынам Леанідам (экспануецца здымак “Максім Гарэцкі з сям’ёй у ссылцы. 1934 г.”).

Аднак, нягледзячы на цяжкія жыццёвыя абставіны, М. Гарэцкі знаходзіў час для творчай працы над раманам “Віленскія камунары” (кніга, выдадзеная ў Мінску у 1965 г., змешчана на стэндзе), аповесцю “Камароўская хроніка”.

18 ліпеня 1935 г. закончыўся тэрмін ссылкі М.Гарэцкага і яму выдалі пашпарт (фотакопія дакумента - на стэндзе). Пра той час жонка пісьменніка ўспаінала: “... Нарэшце ён атрымаў пашпарт. Можна было падацца бліжэй да бацькаўшчыны, бліжэй да межаў Беларусі. Ехаць у Мінск шукаць там работы ён не адважыўся, бо ведаў адносіны некаторых пісьменнікаў да сябе”.

Вядома, што ў верасні 1935 г. М. Гарэцкі ўладкаваўся працаваць настаўнікам рускай літаратуры ў пасёлку Пясочня Смаленскай вобласці (з 1936 г. - г. Кіраў), куды ў лістападзе прыехала яго сям’я.

Але праз два гады, 4 лістапада 1937 г., Максіма Гарэцкага зноў арыштавалі...

У цэнтры апошняга стэнда першай залы літаратурнага музея змешчаны артыкул “Расстрэл Максіма Гарэцкага”, надрукаваны ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” (16.10.1992). Яго аўтар - Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі, акадэмік, віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, пляменнік пісьменніка. Вывучыўшы судовую справу М. Гарэцкага ў архіве КДБ Беларусі, аўтар падрабязна знаёміць чытача з апошнімі момантамі жыцця М. Гарэцкага, які па ілжывым даносе быў абвінавачаны ў тым, што “... будучи непримиримым врагом Советской власти в теченне ряда лет проводил контрреволюционную работу, высказывал террористические и контрреволюционные намерения. Работая учителем школы, обрабатывал учеников в контрреволюционном духе”.

5 студзеня 1938 г. адбылося пасяджэнне тройкі УНКУС Смаленскай вобласці, на якім была прынята пастанова “... Горецкого Максима Ивановича расстрелять”. 10 лютага 1938 г. у 15 гадзін прыгавор быў выкананы... Восем дзён пісьменнік не дажыў да свайго 45-годдзя.

Над артыкулам Р. Гарэцкага змешчаны фотаздымак Леаніда, сына Максіма Гарэцкага, і яго ліст ад 31 траўня 1943 г. да дзядзькі Гаўрылы. Вось вытрымка з таго ліста: “И я не пойму, почему же судьба нанесла отцу смертельный удар. За что она отомстила человеку, справедливей, честнее которого я не видел. Человеку с открытой и прямой душой, лишенной всяких мелких чувств и заполненной большими чувствами любви и  заботы к своей Родние и народу...”. [Леанід загінуў на фронце 18 лютага 1944 г. Яго франтавыя лісты былі надрукаваны ў часопісах “Маладосць” (1974, № 9), “Юность” (1975, № 4), у кнізе “Максім Гарэцкі. На імперыялістычнай вайне. Леонид Горецкий. Письма с фронта” (1987).] Побач з лістом фотаздымак жонкі пісьменніка Леанілы з дачкой Галінай (1968).

Астатняя частка стэнда прысвечана брату пісьменніка - Гаўрылу Гарэцкаму і яго сям’і. На адным фотаздымку ён разам з пісьменнікам У. Дубоўкам (1970), на другім - з братам Парфірыем і сынам Радзімам (1974), на трэцім - з сынам Радзімам у час навуковай экспедыцыі (1976). Тут жа прымацаваны перакідны каляндар. На ім дата 20 лістапада 1988 г. У гэты дзень памёр Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі, акадэмік АН Беларусі, вядомы вучоны-геолаг.

Каля апошняга стэнда ў музеі стаіць невялічкі стол, накрыты абрусам. На ім у шклянцы маленькі букецік засушаных здрыжнікаў - любімых кветак Максіма Гарэцкага. Іх падарылі літаратурнаму музею навучэнцы Мінскага цэнтра экалагічнага выхавання. Побач са сталом - драўляная этажэрка, на якой - палатняны мяшэчак з зямлёю з месца расстрэлу рэпрэсаваных у г. Вязьме, падарунак дэлегацыі гэтага горада ў дзень адкрыцця Літаратурнага музея. На трох паліцах этажэркі - кнігі Максіма Гарэцкага, Леанілы Чарняўскай, Гаўрылы Гарэцкага, падарункі ад наведнікаў музея. Пры выхадзе з першай залы на вешалцы - асабістыя рэчы Гаўрылы Гарэцкага - плашч-дажджавік і фетравы капялюш.

Другая частка музея - этнаграфічна-побытавая экспазіцыя, якая ўяўляе з сябе інтэр’ер сялянскай хаты, тыповы для вёскі Малая Багацькаўка. У хаце дзве палавіны, пасярэдзіне - сенечкі. У “цёплай палавіне” аформлена этнаграфічна-побытавая экспазіцыя пра сям’ю Гарэцкіх.

На жаль, мемарыяльных рэчаў сям’і амаль не захавалася, таму выкарыстаны аналагічныя, сабраныя на Мсціслаўшчыне і перададзеныя ў музей з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Магілёўскага абласнога краязнаўчага і Мсціслаўскага гісторыка-археалагічнага музеяў.

Пры ўваходзе ў залу прыцягвае ўвагу стэнд, змешчаны паміж двума вокнамі. На ім беларускія вышываныя паясы, фотаздымкі маці пісьменніка Ефрасінні Міхайлаўны (1863-1935) і маці з бацькам Іванам Кузьмічом (1856-1945). Як вядома, сям’я Гарэцкіх жыла небагата, але бацькі імкнуліся вучыць дзяцей. У гэтай хаце любілі песню, музыку, кнігу. Ефрасіння Міхайлаўна ведала шмат народных песняў, прыгожа спявала. У 1923-1927 гг. Максім Гарэцкі запісаў ад яе 318 песняў, многія з якіх увайшлі ў зборнік “Народныя песні з мелодыямі” (1928, з А. Ягоравым). Бацька пісьменніка з маладых гадоў служыў у паноў, потым працаваў на сваёй гаспадарцы.

У цэнтры залы - вялікая сялянская печ, засланая посцілкамі з геаметрычным арнаментам. Каля яе стаяць лапата для хлеба, чапяла, трое вілак, качарга і сякач, дзежка і коўш для вады, два каромыслы. Злева ад печы, на паліцах, - рэчы, без якіх не абыходзілася ні адна гаспадыня на вёсцы: спарышы, глякі, гаршкі, міскі, макацёр. Пад паліцай стаіць кухонная шафка. Справа ад печы, на шастку, вісяць вышываныя мужчынскія і жаночыя кашулі, ручнікі, ільняны фартух, саматканая спадніца. Унізе - палок. На ім - сяннік, накрыты посцілкай. Побач з палком вісіць дзіцячая люлька. На ёй саматканы абрус, а сама люлька ўбрана саматканым палатном. На покуці - абраз, упрыгожаны самаробным набожнікам. Збоку на сцяне - скрыпка. У экспазіцыі ёсць таксама балалайка і жалейка. Як вядома, Максім Гарэцкі добра граў на гэтых музычных інструментах.

Да столі прымацаваны газавая лямпа і саламяны павук. У тыя часы такія павукі ўпрыгожвалі ўсе сялянскія хаты. Тут жа стаіць стол, засланы даматканым абрусам. На ім - самавар, конаўка, драўляная міска з лыжкай. У куце хаты рамесніцкія інструменты. Як вядома, шмат чаго з адзення, абутку, хатняга начыння выраблялася ў кожнай сялянскай сям’і. Тут жа рабіліся і рамантаваліся прылады для апрацоўкі зямлі і збору ўраджаю. На паліцах і лаўцы наведнікі музея могуць убачыць гэблік, уторнік, калёўку, скоблю, пілу-нажоўку, цыркуль, свердзел, драчку, тры гэблі, верацяно, сукала, металічныя нажніцы, чаўнок, бязмен, калаўрот.

У сенцах размешчаны бабка для кляпання касы, дымакур, саламяны вулей, піла-двухручка, драўляныя вілы, прыстасаванне для вырабу торфу і шчапы, ступа з таўкачом, хамут, каса, цэп, сярпы, лапці і лыка, грабёнка для падбіўкі саломы на страсе.

Вось і скончылася завочная экскурсія па Літаратурным музеі Максіма Гарэцкага, пісьменніка, якому, на думку Алеся Адамовіча, належыць месца “…адно з важнейшых: месца класіка беларускай літаратуры. Побач з Купалам, Коласам, Багдановічам”.

Беларускі народ шануе памяць пра свайго слаўнага сына. Яго імя носяць вуліцы ў Мінску, Горках і Мсціславе. Помнік Максіму Гарэцкаму пастаўлены ў Мінску, дзве мемарыяльныя дошкі - у Горках, мемарыяльны знак - у Вязьме. Яго імем названа Горацкая раённая бібліятэка, а ў навучальным корпусе № 4 Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі працуюць кабінет-музей, аўдыторыя імя Максіма Гарэцкага, а таксама ўстаноўлены бюст знакамітаму земляку.