Максім Гарэцкі і праблема “другога” ў яго творах
Ідэйнае і мастацкае станаўленне беларускай літаратуры ў першай трэці XX ст. адбывалася ў цесным кантакце з іншымі, больш сталымі, літаратурамі. Прысутнасць “іншага” позірку, “позірку збоку”, прычым не заўсёды зычлівага і ўважлівага, адчуваецца ў многіх творах нацыянальнай класікі. У Янкі Купалы, напрыклад, амаль у кожным вершы ў розных варыянтах сустракаюцца слоўныя спалучэнні “на свет цэлы”, “увесь свет”, “усе людцы”, “там” і “тут”, “мы” і “яны” і г. д.
Гэта, напэўна, асаблівасць кожнай нацыянальнай літаратуры, якая ўваходзіла ў абшар сусветнай культуры. У класіка ўкраінскай літаратуры Паўла Тычыны таксама часта сустракаецца адрасат - “іншы”: "Не бував ти у наших краях! Бо відтіль не таким би вернувся!.. Тебе ж завжди я бачу в сльозах... - Не бував ти у наших краях”. У яго сучасніка Уладзіміра Сасюры параўнанне з “іншымі” ёсць нават у інтымнай лірыцы: “Так ніхто не кохав. / Через тисячі літ / лиш приходе подібне кохання... / Я – поет робітничий останній...” .
Паняцце “позірк збоку”, як і паняцце “свайго” і “чужога”, “другога”, станавілася прыкметай самой паэтыкі, уплывала на сюжэтабудову і выяўлялася ў мастацкай структуры тэксту. У прозе гэта з’ява заўважная ў асаблівай цікавасці да “другога я”, што ў якасці мастацкага прыёму шырока выкарыстоўвалася спачатку Міхаілам Лермантавым, а потым было паглыблена Львом Талстым, да “двайніка”, які ўпершыню з’явіўся ў творах Фёдара Дастаеўскага.
Нашы класікі, маючы на мэце іншую праблематыку і грунтуючыся на нацыянальным матэрыяле, заўсёды памяталі пра вялікіх папярэднікаў і ўлічвалі набыты імі творчы вопыт. Так, Андрэй Лабановіч, герой трылогіі “На ростанях” Якуба Коласа, шукаючы свой шлях у жыцці, кіруецца не толькі мужыцкім здаровым розумам, але і атрыманымі ў настаўніцкай семінарыі, засвоенымі ў час чытання класікаў ведамі. Менавіта таму ён так часта ўспамінае імёны пісьменнікаў і вучоных, якія былі на слыху ў яго эпоху. Рэфлексія, патрэба ў самааналізе і самакантролі дапамагаюць маладому настаўніку не разгубіцца ў жыццёвым хаосе і не страціць пэўныя маральныя арыенціры. У тэксце аповесці “У палескай глушы” частыя павароты сюжэта: “На кароткі міг ён як бы адлучыўся ад сябе самога і зірнуў на сябе збоку, як старонні, другі чалавек...”; “...яму хацелася хоць на момант стаць тым самым палешуком, што сядзеў поруч з ім, каб зірнуць яго вачамі...”; “Іншы на яго месцы знайшоў бы дваццаць зачэпак, каб звярнуцца да яе...”; “Але і другая думка зараз жа зачала сваю работу ў яго галаве і як бы клікала паглядзець на гэту справу іначай” і інш.
“Раздваенне” асобы героя, прадстаўніка нацыі, звычайна інтэлігента, - аб’ект асаблівай увагі Максіма Гарэцкага. Так, літаратура Новага часу выявіла сваё разуменне праблемы чалавека і грамадства, нацыянальнай інтэлігенцыі і народа, унікальнага і ўсеагульнага. У самым крайнім, дэфармаваным гісторыяй выяўленні спалучэнне “і іншыя” ўспрымаецца як слоўны штамп, што з абурэннем адзначыў у аднайменным вершы Максім Танк: «Хто гэта - “іншыя”? / Бо сярод іх / Павінны быць / I новыя Капернікі, Бетховены, Купалы, / І. Гагарыны, / І... іншыя».
Сляды “іншага ” ў мастацкім тэксце частыя ў творчасці Максіма Гарэцкага. У першых апавяданнях празаіка зварот да класікі, нацыянальнай і сусветнай, ідзе ад начытанасці і кніжнасці, зразумелай, калі помніць, што перад намі зусім малады чалавек, які заканчвае каморніцкае вучылішча і знаходзіцца на жыццёвым раздарожжы. Ён прымервае да сябе ўзоры высокай культуры і прыгожага пісьменства і разам з тым цяжка перажывае ўбачанае ў час пабыўкі дома: “Думкі плылі, чапляліся адна за другую, роем мітусіліся ў галаве. “Беларусь, Беларусь, чым ты была і чаго ты, во, даждала? ” - звінела ў адньім баку. “I што з табою будзе? ” – плыло ў другім”. У памяці Кліма Шамоўскага, “казённага стыпендыята”, героя апавядання “У л а з н і”, гучаць радкі Якуба Коласа: “Мой родны кут, краса мая, / З табой навек расстаўся я!.. А спяваецца яму іншае: “З табою век не ўзгодзе я... ”. У памяці ўзнаўляюцца радкі: “Мой родны кут, як ты ж (таку М. Гарэцкага. - М. І.) мне мілы, Забыць цябе не маю сілы... ”, А на думкі прыходзіць нечаканае: “Ўцяміць цябе не маю сілы... ”. І адразу ўдакладняецца: “Эге ж, уцяміць, пазнаць, зразумець ніколі не здолееш ”. Няўмольная рэальнасць увесь час нагадвае пра сябе, умешваецца ў ход думак, змяняе іх характар і кірунак. Урэшце, малады герой спыняецца на тым, што фіксуе галоўнае ў сваёй свядомасці: “Мой родны кут, люблю цябе безмеры!”.
Зыходным пунктам разваг маладога героя Гарэцкага з’яўляецца паняцце “саматоеснасць асобы”. Эмацыйна-пачуццёвага прыняцця самога сябе такім, які ён ёсць, інтэлігентам “у першым пакаленнг, яму мала, бо рэальнае жыццё беларускага люду змушае героя шукаць шляхі прымірэння з сабою. Разлад паміж аб’ектыўнай рэальнасцю і рамантычным ідэалам вядзе да небяспечнай рэфлексіі духу, калі “еgо” супрацьстаўляе сябе “alter еgо”. Праўда, Архіп Лінкевіч, герой апавядання “Роднае карэнн е”, па прафесіі медык, а таму яго роздум над феноменамі людскога біялагічна-псіхалагічнага быцця адбываецца ў межах нормы, хоць пытанні, якія ён задае сам сабе, наіўныя: “Чаму чалавек расце-расце гадоў так да дваццацёх, а далі, як ты яго ні кармі, у росце не прыбаўляецца... Што за прычына? ”. Вера ў тое, што “ў кніжках усё ёсць, кніжкі ўсё раскажуць”, хутка развеялася, хоць “папраўдзе, знайшоў такія і гэткія адказы, але ж — Божа? - пэўнасці аніякай няма, няма”. А адказы на “праклятыя”, “шалёныя” пытанні даюцца амаль у стылі старазапаветнага Сакрата: “Нічога не ведаем, не ведалі і ведаць не будзем... ”, Юнака больш уражвае тое, што такія пытанні задаюць сабе не толькі “людзі далікатныя, чуткія, не запрацаваныя ад цяжкай працы ”, аднак жа і «народ просты, народ, каторага лаюць “цёмным”».
Менавіта ў момант цяжкай развагі прыходзіць на дапамогу думка пра “іншых”, тых, хто жыве “інакш”: “Як многа слаўнага ў нашых вёсках, сёлах, а тым часам як яны непарушна-мёртвыя ў жыцці. Час ідзе - угары, у воздусі лётаюць аэратаны, дырыжаблі... усё ідзе шпарка ўперад, толькі нашу вёску, як абросшы мохач камень каля шляху, з мясціны не скранеш... I Яхім, “сівы разумны дзед”, які вязе на фурманцы Архіпа на станцыю, спадзяецца на змены, бо ёсць на каго раўняцца: “Ты ж паглядзі, недалёчка хадзіць, упачякоў у латышоў, што тутэйшыя фальваркі пакуплялі: жывуць, нельга казаць, штоб па вячікіх кавачках, а жывуць неяк чысцей, і газеты чытаюць, і дзетак парозных гімназіях ды гаспадарскіх вучылішчах вучаць... Радні не адракаюцца, братнюю руку заўсёды дзержаць і йшчэ пляменнікаў ды пляменніц за сабою ў людзі цягнуць. Асабістае “Я” ў дыялогу з “Ты” (“Ён”, “Яны”) глыбей і выразней усведамляе самога сябе, лепш уяўляе магчымы кірунак руху. Пачынаючы працэс роздуму з сябе, наша “Я” ўрэшце вяртаецца да сябе, але ўжо ўзбагачанае вопытам пройдзенага шляху, убачанага ў працэсе параўнання сябе з “іншымі”, перажытага і абдуманага. “Я” ў працэсе зменаў захоўвае сваю тоеснасць, але ўжо ў трансфармаваным выглядзе.
Розныя высновы робяць розныя персанажы Максіма Гарэцкага ў працэсе супастаўлення таго, што ёсць, і таго, што павінна было б быць. Уладзімір З., герой апавяданняў “Р у н ь” і “Д а с а м о г а с я б е”, малады і крыштальна чысты сябра апавядальніка, пра якога ён піша, нічога не выдумляючы, “яўна парушаючы законы пісьменства краснага”, як запісалі ў паліцыі, “прапаў без вестак”. Сцвярджаць сябе, сваё “Я”, індывідуальнае і нацыянальнае, ва ўмовах страты гістарычнай памяці і разбеларушвання, вельмі цяжка, а Уладзімір З. “чытаў шмат кніжак, паспрабаваў пісаць, яго карэспандэнцьіі і невялічкія абразкі, найчасцей пад рознымі псеўданімамі, а то і зусім без подпісу, друкаваліся ў “Нашай Ніве” даволі частаў 1909 - 1911 гадах”. У “знікненне” Уладзіміра З. і Ядзі К., яго каханай, не паверыў апавядальнік Л. Задума (ці не першая згадка пра аўтабіяграфічнага героя Лявона Задуму ў творчасці М. Гарэцкага), бо ў дзённіку Уладзіміра З. знайшоў словы: “Мы яшчэ паваюем, і справа наша не загіне, не цешцеся, ворагі, без пары!” - а ў яго лісце намёк на тое, што Уладзімір З. разам з каханай эміграваў у Амерыку або ў Аўстралію: “Мы ідзём долю каваць за моры, акіяны”. Гэтыя словы дадаюць веры і імпэту і самому Л. Задуму, апавядальніку: “Мы - рунь, якая прабіваецца страшэннымі дажджамі і халадамі, але мы яшчэ некалі, як спелыя качасы на добрай ніве, закрасуем народнай зяті нашай... ”.
У апавяданні “У ч ы м я г о к р ы ў д а ?” студэнт Кастусь Зарэмба перажывае “горкую долю сялянскага хлопца, што вучыцца”, бо сярод “сваіх” ён “пан”, а сярод “паноў” (“паркалёвьіх людзей”) - “чужы”. Апынуўшыся ў стане чалавека, які глыбока задумаўся над сваім рэальным становішчам у свеце (“Ці выкараняй роднае карэнне і адракайся роднай хаты, ці ўцякай ад панскай апраткі і цягайся за прымітыўнаю дзедаўскаю сахою... ”), Кастусь у роспачы гукае: “Каб нам, ведаеш, свой беларускі прарок, каторы б прамыў нач вочы, у чым наша істота, паэзія жыцця, прыгажосць жыцця”. Па сутнасці, малады герой Гарэцкага адмаўляецца ад картэзіянскай формулы самапазнання “мыслю, значыць, існую”, каб самавыявіцца і самасцвердзіцца ў грамадска карыснай дзейнасці: “Працаваць і вучыцца!.. Што тач хавацца, будзем самі сабою, будзем самі здабываць сваё жыццё і долю. Працаваць і вучыцца”.
У аднайменнай аповесці, дзе больш глыбока распрацаваны вобраз галоўнага героя, прысутнасць “другога”, “іншага” навідавоку. Адносіны паміж “Я” і светам, у працэсе якіх “Я” героя (у творы ён атрымаў новае імя - Лявон Задума: “Да-а і фамілію вам к-гасподь дал... задумываться...”) раскрываецца ў сваёй самабытнасці, рэалізуюцца як быццё ў свеце “іншых”. Пералік “знакаў цывілізацыі”, які даецца ў пачатку твора (царква, валасная канцылярыя, чыгунка, манаполька)у іранічна-здзеклівым плане, падкрэслівае не толькі тое, “як далёка жыў Лявон Задума ад культурных асяродкаў”, але і тое, што ён быў сынам свайго часу, “часу між дзвюх эпох, калі багі старых бацькоў трацяць свой аўтарытэт. Асаблівасць “Я” героя, які супрацьстаўляецца “іншасці", “чужасці” навакольнага асяроддзя, засяроджваецца ў яго свядомасці, замкнёнай на сабе, занятай выключна сабою, сваімі рэакцыямі, рэфлексамі, псіхааналізам, пошукамі сэнсу ўласнага існавання. “...ён цэлы час глядзеў у кніжкі. Такое там было і чытанне: больш таго зласлівага, але ж бястоднага думання і наракання, бо ўсё наўкол не так, як яму хочацца... трапілі ж яму да рук “Песні жальбы” - Якуба Коласа і “Жалейка” — Янкі Купалы, а гэтыя-то кнігі многіх той парою зусім збілі з даўнага тору, а некаторых, прынамсі, звялі з яго на ўбочныя дарожкі і працягнулі іхнае блуканне на тых убочынах на значна большы час, як тое магло быць у перадгэтую эпоху”. Гэтак блукае і сам Задума, “вучоны хлопец, з сваім высока ўзнятым ідэалам над нізка апушчаным жыццём”, выяўляючы сваё захапленне зробленым адкрыццём у амаль дзіцячай дураслівасці: “Бег і пяяў наўсю сілу:
А хто там ідзе, а хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?!
Беларусы!!!
Слова “беларусы” крычаў ён што ёсць духу, дзіка, прарэзліва, быццам склікаючы другіх падобных неўрастэнікаў на страшэнны гвалт”.
У эпіграфе да аднаго з раздзелаў аповесці прыводзяцца словы Янкі Купалы: “Вучыся, нябожа, вучэнне паможа / Змагацца з нядоляй, з няволяй...”. Лявон Задума прыходзіць да разумення ролі “людскога ведання” ў руху да “залатой пары”. На жаль, заўважае апавядальнік, “Лявон жыў у малакулытурную эпоху”. Вучоба ў сельскагаспадарчай школе мала давала вясковаму хлопцу ў яго пошуках ісціны. Ад лекцый па жывёлагадоўлі ў памяці застаўся толькі “кастрамецкі спосаб вымаўлення - о, о, о: корова, солома, молоко…”, бо выкладчык Пашкін быў родам з глыбіннай Расеі і старшынёю мясцовага гуртка эсперантыстаў, далёкім ад беларускіх праблем, якімі жыве Задума. Рускую літаратуру ў школе выкладаў Дуб-Дубовіч, “беларус папоўскага або шляхецкага карэння, а з пераконанняў заядлы вялікарасійскі патрыёт”, які на працягу 45 хвілін расхвальваў як мог дзяржавінскую оду “Бог”. Заўважыўшы, што Задума ў гэты час шамацеў пад партаю апошнім нумарам “Нашай Нівы”, выкладчык высакамерна пракаментаваў: “З пэўнага поваду я прымушаны дадаць, што на мовах некультурных ці такіх, прыкладам, як... (ён тут асабліва націснуў)... як беларуская падгутарка паўдзённа-вялікарускай гутаркі ў мове адзінага вялікага расійскага народу выказаць магутнасць, веліч хараства, патужнасць гэтае слаўнае оды слаўнага паэта - немагчыма! ”.
Слухаючы гэтых і іншых выкладчыкаў (“другіх”) і думаючы пра тое, што яго каханая, “бедная Лёксачка засталася без навукі і нават невядома, ці здолее прачытаць яна і яго ліст”, Задума міжволі прыходзіў да радыкальных высноў: “Будзьце вы прокляты ўсе, хто ў чарнасоценскім “Саюзе рускаво народа”. Хай жыве сацыялізм!”. У такіх і падобных рэфлексіях героя асобнае месца займае “сусветная гісторыя” (“-Гу-гу-гу! - пяяла там сусветная гісторыя ў сугалоссе з яго ўласнымі думкамі”.
Максім Гарэцкі - адна з ключавых постацяў беларускага Адраджэння, якая ўражвае шматграннасцю асобы, шырынёй творчага дыяпазону. Вакол яго імя ўвесь час кіпелі страсці, але пісьменнік так і не дачакаўся аб’ектыўнага разгляду сваёй творчасці. Пераважалі палітычныя падыходы, між тым як творчая спадчына Гарэцкага не толькі палітычная публіцыстыка, але найперш мастацкая проза (раманы, аповесці, апавяданні), якая ўсё яшчэ чакае свайго ўважлівага чытача. Максім Гарэцкі і сапраўды крыху “чужы”, “іншы” ў беларускай літаратуры XX ст. Уласны свет ён ствараў дзякуючы франтальнаму пераасэнсаванню нацыянальных традыцый, абапіраючыся ў гэтым на вынікі свайго вывучэння беларускай старажытнай літаратуры і творчага засваення сусветнай спадчыны.
Пісьменнік бунтаваў супраць павярхоўна зразуметага “беларусафільства”, і ў гэтым яму дапамагала адчуванне прысутнасці “друтога”, які ўвасабляў больш сучасны погляд на свет. Як мастак слова Максім Гарэцкі нарадзіўся, адштурхоўваючыся ад народніцкай рамантычна-этнаграфічнай стылістыкі, пра што сведчаць шматлікія спробы аспрэчыць некаторыя ўяўленні папярэднікаў і сучаснікаў (гэта лёгка заўважаецца не толькі ў артыкулах пісьменніка, але і ў мастацкіх творах). У яго прозе побач з каларытнымі беларускімі тыпамі, паказанымі ў звычайных побытавых абставінах, заўсёды знаходзяцца героі-інтэлігенты, якім уласцівыя напружанасць унутранага маўлення і дыялогаў, пафаснасць бясконцых спрэчак пра “народ”, яго духоўны заняпад і пошукі новых шляхоў у будучыню. Такіх спрэчак, прамых і ўскосных, шмат у аповесцях “На імперыялістычнай вайне”, “Дзве душы”, “Меланхолія”, “Ціхая плынь”.
У аповесці “Дзве душы” (1919) выявіла сябе не толькі псіхалогія знаходжання “на ростанях”, уласцівая беларусам, але і бінарная апазіцыя “Я - Другі” як адна з цэнтральньтх філасофскіх праблем нашага часу, на якую інтуіцыйна “выйшаў” празаік. Менавіта ў дыялогу з “іншым”, “другім” магчымы рух да спасціжэння сэнсу зямнога існавання, да цэласнага ўспрымання навакольнага свету. “Дваістасць” самаадчування ў сітуацыі паміж цывілізацыямі, канфесіямі, класамі, партыямі дапамагае Ігнату Абдзіраловічу, галоўнаму герою аповесці, апрабаваць, абгрунтаваць і ацаніць іерархію каштоўнасцяў, якія ў часы грамадзянскай вайны значна пераасэнсаваліся і трансфармаваліся. У якасці асноўнага крытэрыю сапраўднасці сваіх ідэй Абдзіраловіч прызнае традыцыйную этыку, народную, хрысціянскую, гуманістычную. Гэта дапамагае герою годна выйсці з заблытаных сітуацый, у якія заводзяць яго ўласныя жаданні, хада падзей і сам лёс. Ігнат Абдзіраловіч паказаны не толькі як “прыродная істота” з уласцівай ёй фізіялогіяй і псіхалогіяй, не толькі як “гістарычны чалавек”, які з’яўляецца сынам сваёй эпохі, нацыі, класа, партыі, але перш за ўсё і больш за ўсё ў якасці суб’екта, што ўсведамляе сваю “чалавечую сітуацыю” ў вялікім свеце, робіць свой экзістэнцыйны выбар і падпарадкоўваецца законам маральнага абавязку і адказнасці. У выніку ён прыходзіць да эпахальнага адкрыцця, якое мы не асэнсавалі як след ажно да апошняга часу: клопат пра чалавечы род і пра ўласны этнас не мае ніякага сэнсу і перспектывы без першачарговага клопату пра асобу. Самае вялікае наша багацце - гэта другі чалавек, “другі”, “іншы”, як наша “другое Я”, магчымы варыянт нашай непаўторнай існасці. Адзіны магчымы шлях вырашэння супярэчнасцяў зямнога быцця - гэта пераадоленне ўласнага эгацэнтрызму, амбіцыйнасці, самалюбства і канцэнтрацыі сваёй увагі на “другім”.
У беларускай літаратуры першай трэці XX ст. усяго некалькі такіх - па таленце, па шырыні мастацкага мыслення, па адносінах да нацыянальнага пытання, па цікавасці да псіхалагічных глыбіняў асобы і міфалагічных таямніц гісторыі і беларускага менталітэту. па варунках асабістага лёсу і інш. - пісьменнікаў, як Максім Гарэцкі. Яго творчасць перажывала найвялікшы ўзлёт у 1910 - 1920-я гг., і гэта збліжае яго з найлепшымі паэтамі і празаікамі таго часу. Праўда, Максім Гарэцкі, у адрозненне ад нешматлікіх сваіх сучаснікаў, не меў магчымасці разгарнуцца ў беларускага “ўсясветнага пісьменніка”, аб прыходзе якога марыў і якім сам меў усе падставы стаць, а яго грандыёзная задума напісаць мастацкую гісторыю беларускага народа так і засталася незавершанай, як незавершана яна ў творчасці Кузьмы Чорнага, Івана Мележа, Вячаслава Адамчыка, Івана Чыгрынава, што ўжо само па сабе заклікае да роздуму і трывогі.
Максім Гарэцкі ствараў у беларускай літаратуры новы тып мастацкай прозы, які адрозніваўся ад папярэдняй “народнай літаратуры”, улічваў набыткі псіхалагічнай прозы XIX ст. і арыентаваўся на творчы досвед мадэрнісцкіх кірункаў. Адсюль вынікала задума пісьменніка паказаць, што такое “вайна, рэвалюцыя і ўсялякія вялікія катастрофы ў жыцці людзеіі”, яго свядомая арыентацыя на “вялікія прыклады ад Дантэ і да нашых дзён”, адсюль яго “паралельны” рух з пошукамі прадстаўнікоў “страчанага пакалення”, “плыні свядомасці”, “міфалагічнага рэалізму”, “дакументальнай прозы” і інш. Ужо ў самых першых апавяданнях празаіка нацыянальная рэчаіснасць убачана вачыма інтэлігента “ў першым пакаленні”, “чалавека збоку”, які ўвесь час параўноўвае, супастаўляе блізкае яму жыццё і побыт беларусаў і цывілізаваную Еўропу, робіць адпаведныя тэарэтычныя і практычныя высновы, адмаўляе “ўсякае плаканне і стагнанне” з прычыны “недахваткаў” і шукае шлях для вы- рашэння надзённых праблем. У яго творах эмацыйнае ўспрыманне свету спалучаецца з рацыянальным, а малюнкі, вобразы суседнічаюць з думкамі, развагамі - адсюль такая таўталагічная назва артыкула “Развагі і думкі”, па сутнасці, літаратурнага маніфеста Максіма Гарэцкага, разлічанага на кожнага “свядомага беларуса”. Творчы эксперымент у розных жанрах і стылях (аўтабіяграфічная, дакументальная, псіхалагічная, лірычная, міфалагічная, гістарычная, сацыяльна-побытавая і інш. проза) завяршыўся стварэннем унікальнага ў сусветнай літаратуры рамана-дзённіка “Камароўская хроніка” (1930 - 1932) і дзённіка-евангелля “Скарбы жыцця” (1932 - 1935, 1937?) - усё гэта сведчыла пра пошукі пісьменнікам “новага слова” ў літаратуры.
Проза Максіма Гарэцкага па сваім характары эксперыментальная, палемічная, нават свядома правакацыйная. Палеміка становіцца ў яго, як і ў многіх калегаў па пяры, асяродкам сюжэта: палемічныя дыялогі герояў, палемічнасцю прасякнуты іх маналогі, бо ўвесь час адбываюцца спрэчкі з уяўнымі ці рэальнымі апанентамі, аналіз, ацэнка і пераасэнсаванне ўбачанага, перажытага. Максіму Гарэцкаму блізкае характэрнае выказванне выдатнага ўкраінскага празаіка Уладзіміра Віннічэнкі: “Я знарок прыводзіў у сваіх працах прыклады, якія рэзка парушаюць звыклыя паняцці маралі. Ці нашкодзіў я сабе гэтым, ці не, цяжка меркаваць. Я хацеў толькі на гэтых прыкладах патлумачыць свой метад стаўлення да жыццёвых з’яў”. Падобны творчы ход ахвотна выкарыстоўваў і Максім Гарэцкі: у драме “А н т о н” сюжэт будуецца менавіта на прынцыпе размежавання жыццёвай з’явы і яе “тэарэтычнага” асэнсавання, якое здзяйсняюць Маскоўскі Дэмакрат, Польскі Публіцыст і Беларускі Аўтар. У. Віннічэнка таксама вымушаны быў у друку, у спецыальна напісаных для гэтага артыкулах, тлумачыць змест некаторых сваіх твораў (напрыклад, артыкула “Аб маралі пануючых і аб маралі прыгнечаных”). Праўда, украінскі празаік любіў такія “выхады” да публіцыстыкі, у той час як беларускі празаік карыстаўся імі не так часта. Крытыка дакарала У. Віннічэнку за тое, што ён “дайшоў” да вызвалення чалавека ад усялякай маральнасці: радасць жыцця засляпіла яго. Жыццёвы факт, на якім заснаваны сюжэт драмы “Антон” М. Гарэцкага, таксама выклікаў непаразуменне і здаваўся вартым увагі хутчэй псіхалогіі і паталогіі, чым мастацкай літаратуры. Але ў абодвух пісьменнікаў у гэтым выпадку быў першаўзор - творчы прэцэдэнт Ф. Дастаеўскага (У. Віннічэнка ўжо адкрыта выкарыстоўваў філасофскі і псіхалагічны досвед Ф. Ніцшэ і З. Фрэйда).
Максім Гарэцкі, малюючы нацыянальную рэчаіснасць, заўсёды меў на ўвазе “вышэйшую рэальнасць”, пра якую ў свой час разважаў Фёдар Дастаеўскі, аргументуючы ўласнае разуменне рэалізму, адрознае ад традыцыйнага “жыццепадабенства”. Менавіта таму ён шукаў асаблівы тып мастацкага апавядання, які вёў бы чытача да думак пра глыбінны сэнс жыцця і яго праяваў, самых страшных і нязвыклых у літаратуры. Сумленнасць з самім сабою, адкрыты аўтабіяграфізм, строгі дакументалізм як паказчык новай, асаблівай ступені “шчырасці” ў мастацкай прозе - усё гэта пазначыла творчасць М. Гарэцкага ад першых допісаў і да апошніх дзённікавых запісаў. Галоўны герой яго прозы – непасрэдны ўдзельнік падзей, які сам апавядае пра сябе і намагаецца быць шчырым і праўдзівым. Аб’ектыўная рэальнасць апісваецца так дакладна і маляўніча, з такімі падрабязнасцямі, што ствараецца ўражанне, быццам гэта зроблена “з натуры”.
Прадметнасць, нагляднасць, рэчыўнасць апісанняў надзіва лёгка і натуральна пераходзяць у сферу ўмоўнасці, вылучаюць у рэальнасці іншую, віртуальную рэальнасць. Уяўнае і рэальнае ў апавяданнях Максіма Гарэцкага знаходзяцца побач, існуюць паралельна, увесь час пераходзяць з адной сферы быцця ў другую, ствараюць уяўленне пра загадкавасць чалавечага існавання і прынцыповую невырашальнасць “праклятых пытанняў”. Усё ў гэтым свеце, сцвярджаў М. Гарэцкі, вельмі адноснае: рэчы, каштоўнасці, паняцці, ідэі... А таму, падкрэсліваў празаік, трэба быць “сумленным з сабою”, да канца праўдзівым і прынцыповым, дадумваць усё дарэшты. Гэты творчы і жыццёвы прынцып рассеяў многія ілюзіі, што выношвалі яго сябры па адраджэнскай справе. Сацыялістычныя і ідэі цікавілі і Максіма Гарэцкага, які намагаўся паяднаць іх з нацыянальнымі праблемамі і рабіў гэта ў мастацкай і публіцыстычнай формах (напрыклад, у артыкуле “За камуністычную Беларусь”). Многія ў той час спадзяваліся, што “новая этыка” пасля перыяду эксперыментаў урэшце зменіць жыццё і свет, што рэвалюцыянеры глыбей засвояць праблему адпаведнасці сродкаў вялікай мэце (пра гэта пісаў яшчэ Карл Маркс). Нездарма М. Гарэцкі вярнуўся з эміграцыі ў Беларусь, каб садзейнічаць беларускай справе, пакуль бачыў магчымасць гэта рабіць.
Варта асобна адзначыць у прозе беларускага пісьменніка такую прыкметную, а ў многіх выпадках і вызначальную асаблівасць, як іранічнае стаўленне да аб’екта паказу. У Гарэцкага яно звычайна лірычнае, філасафічна-адцягненае, біблейска-ўзвышанае. Так празаікуспрыняў гегелеўска-марксаўскае паняцце “іронія гісторыі”: першы раз яна паўстае як трагедыя, а потым - як камедыя. Ен перажыў і трагедыю пагібелі сваіх ідэалаў, і камедыю людскога здрадніцтва, падступства, вераломнасці, прыстасаванства. Ён старанна, абдумана, творча будаваў сваю мастацкую мадэль “новай літаратуры”, якая, на жаль, заставалася невядомай да апошняга часу, а таму не ўплывала на літаратурны працэс у той ступені, у якой магла б уплываць і быць у творчых адносінах прадукцыйнай. У беларускай літаратуры 1920-1930-х гг. адкрыцці М. Гарэцкага выкарыстоўваліся вельмі фрагментарна і непаслядоўна ў творах К. Чорнага, Л. Калюгі, А. Мрыя і інш. Пісьменнік значна апярэдзіў свой час, увёўшы ў нацыянальную літаратуру вобраз інтэлігента, які жыве ў атмасферы найноўшых ідэй эпохі, сцвердзіўшы эстэтычныя магчымасці аўтабіяграфічнай і дакументальнай прозы, адкрыўшы перспектыву “іншай”, “новай” літаратуры, прадэманстраваўшы многія перавагі і хібы сучаснага мыслення, што прадугледжвае ў якасці абавязковай нормы варыяцыйнасць, шматзначнасць. супярэчлівасць чалавечых паводзін у свеце.