Вольга Губская
Дзве сусветныя вайны і... каханне
26 чэрвеня ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі прайшлі ХХІІ Гарэцкія чытанні, прысвечаныя жыццю і творчасці Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх. Скразной тэмай канферэнцыі былі гістарычныя даты: 100-годдзе Першай і 75-годдзе Другой сусветных войнаў.
Мерапрыемства наведалі даўнія сябры: даследчыкі творчасці Максіма Гарэцкага, пісьменнікі і дзеячы культуры. Прывіталі прысутных паэт Анатоль Вярцінскі і галоўны рэдактар выдавецтва «Тэхналогія» Зміцер Санько, падзяліліся досведам даследавання Таццяна Дасаева, Таіса Грамадчанка, Зінаіда Драздова, Міхась Кенька, Сяргей Запрудскі, Вольга Козіч ды інш. А старшынствавалі на пасяджэнні акадэмікі Радзім Гарэцкі і Міхась Мушынскі. Прыемна адзначыць, што былі сярод гасцей і маладыя даследчыкі. Гэта яшчэ раз пацвярджае: творчасць класіка беларускай літаратуры М. Гарэцкага не толькі тэматычна актуальная ў наш час, але і недастаткова даследаваная.
Хаця ці магчыма цалкам растлумачыць, раскрыць творчасць такога ўзроўню? Мы можам толькі наблізіцца да разумення пісьменніка праз чытанне яго твораў, ліставанне і непасрэдны кантакт з яго роднымі — дзякуй Богу, яшчэ ëсць такі шанц. Знаёмства з Радзімам Гарэцкім — пляменнікам пісьменніка, акадэмікам НАН Беларусі — дае магчымасць уявіць, якім быў М. Гарэцкі.
Прыемна ўразіла прэзентацыя кнігі Р. Гарэцкага «Лісты жыцця і кахання», якая адбылася падчас мерапрыемства. Выступоўцы падкрэслівалі актуальнасць і своечасовасць яе з’яўлення сëння, у час, калі інстытут сям’і перажывае глыбокі крызіс. Кніга і сапраўды даволі інтымная, як адзначыў сам аўтар, бо там сабраныя лісты яго бацькоў, вядома ж, напісаныя не для агульнага прачытання. Сын вырашыў апублікаваць іх і не памыліўся: водгукі самыя лепшыя. Не дзіва, бо дзе сëння можна сустрэць такія шчырыя, сапраўдныя, цëплыя пачуцці, сабраныя ў кнігу! Гаўрыла і Ларыса Гарэцкія вымушаны былі давяраць свае пачуцці паперы — такім быў збег абставін. Кожны ліст — старонка жыцця, кахання і роспачы, трапяткога клопату і болю ад немагчымасці нешта змяніць. А колькі ў іх слоў пяшчоты, не вядомых сучаснай моладзі…
Вядома, закраналіся і перспектывы развіцця гарэцказнаўства, папулярызацыі імя Максіма Гарэцкага ў сферы культуры. М. Мушынскі слушна адзначыў недастатковую даследаванасць драматычнай спадчыны класіка, публіцыстыкі (якую можна наблізіць да журналістыкі), нявывучанасць тэмы «Гарэцкі ў літаратурнай крытыцы».
Р. Гарэцкі падкрэсліў, што беларускія тэатры маглі б звярнуць увагу на драматычныя творы пісьменніка і такім чынам пашырыць беларускамоўны рэпертуар.
Вось так, у разважаннях пра вайну і каханне, дасягненні і перспектывы праходзілі Гарэцкія чытанні сёлета. Да наступнай сустрэчы ў гісторыкаў, філосафаў, журналістаў, літаратуразнаўцаў і проста прыхільнікаў дзейнасці Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх ëсць магчымасць сустрэць новых сяброў і пакінуць уласны след у гарэцказнаўстве.