«Ды што нам той Гарэцкі!»
У спрэчцы зносіць ці не зносіць дом, у якім у Горках жыў, дарэчы, не толькі пісьменнік Максім Гарэцкі, але і яго брат, навуковец Гаўрыла Гарэцкі, нечакана ўзнікла яшчэ адна тэма. Сфармуляваць яе можна прыблізна так: “А што нам той Гарэцкі?!” Маўляў, не асабліва ён важная птушка, каб пра яго памяталі ды дом захоўвалі!
Такой пазіцыі прытрымліваюцца менавіта тыя, хто ўсяляк агітуе за знішчэнне адзінага захаванага дома, дзе жылі знакамітыя браты. I гэта не дзіўна. У сённяшняй Беларусі, на жаль, шмат недаацэненых герояў Гэта тыя асобы, якія для любога іншага народа былі б гонарам. Вось толькі для беларусаў яны - нішто.
Аднак не будзем пасыпаць галаву попелам. Лепей кінем на нашых цудоўных землякоў, якія жылі і тварылі ў Горках, аб'ектыўны позірк.
У чым яго талент?
Вось як пра творчую спадчыну Максіма Гарэцкага, які вучыўся і жыў у Горках, а таксама працаваў у БДСГА, выказваліся ў розныя часы культурныя дзеячы нашай краіны.
Васіль Быкаў: “...Я вельмі люблю Гарэцкага, лічу яго самым-самым з беларускіх празаікаў мінулага, вельмі шкада, што яго напаткала такая доля. Але што ж! Ніхто з нас не ведае, што чакае яго...”
Янка Брыль: “Вобраз Максіма Гарэцкага ідзе са мною з ранняй маладосці”.
Ніл Гілевіч: “...Вы ведаеце і разумееце, што значыць для мяне імя Максіма Іванавіча, яго творчасць, яго жыццёвая справа. Гартаў я гэтыя Вялікія Тамы і радаваўся, што яны выйшлі, што яны вернуты на народу, а душа тым часам плакала - як і заўсёды пры ўспаміне аб трагічным лёсе найслаўнейшых сыноў нацыі...”
Пімен Панчанка чытаў кнігі Максіма Гарэцкага яшчэ падлеткам. А ўжо ў сталым узросце так ацаніў творчасць нашага земляка: “Максім Гарэцкі даўным-даўно так хораша, так высокамастацкі пісаў, як у нас пачалі толькі нядаўна пісаць лепшыя беларускія празаікі (Мележ, Брыль, Быкаў). Для мяне гэта шчаслівае адкрыццё”.
Сяргей Грахоўскі: “Творы Максіма Гарэцкага - гонар нашага народа, слава беларускай літаратуры. Па яго падручніках я вучыўся любіць і шанаваць роднае слова, па творах - разумець глыбіню і шчодрасць народнай душы”.
Міхась Ткачоў: “Творчасць Максіма Гарэцкага - выдатная з’ява ў беларускай літаратуры... Спадчыну аўтара я асабіста вельмі высока ацэньваю. За многія яе якасці, у прыватнасці і за тое, што яна з эмацыянальным хараством даносіць моўную стыхію ўсходняй Магілёўшчыны”.
Анатоль Сідарэвіч: “Гарэцкі - постаць выключная, бясспрэчны класік прозы і літаратуразнаўства”.
Дык давайце цяпер падумаем і скажам сабе шчыра: ці разбурылі б у Франкфурце- на-Майне дом Гётэ? Ці давялі б да такога вартага жалю стану, як у Горках, жытло Чарльза Дзікенса ў брытанскім Портсмуце? Ці выступалі б гэтак жа горача, як у нас, чыноўнікі горада Таганрога за знос дома Антона Чэхава?
Скажаце, Гарэцкі - не Гётэ? Ну дык і Горкі - не Франкфурт-на-Майне. У кожнага горада свой маштаб і свае знакамітасці, ад якіх у цывілізаваных краінах - не адмаўляюцца.
Як Гарэцкі акадэмію ратаваў
Цяпер жа некалькі словаў пра Гаўрылу Гарэцкага.
Вось якія факты ў сваёй кнізе “Браты Гарэцкія” прыводзіць сучасны беларускі навуковец і грамадскі дзеяч Радзім Гарэцкі (сын Гаўрылы Іванавіча, пляменнік Максіма Гарэцкага).
У 20-х гадах мінулага стагоддзя ў Горках існаваў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут, які ўзначальваў М.Ц. Козыраў камуніст, малады ініцыятыўны арганізатар ды вораг беларушчыны. У яго каманду ўваходзілі такія відныя прафесары - вялікадзяржаўныя шавіністы, як У.І. Кіркор, У.У. Вінар, А.В. Ключароў. Іх актыўна падтрымліваў А.І. Крыніцкі - першы сакратар ЦК КП(б)Б (па сённяшніх мерках, лічыце, кіраўнік краіны) і намеснік наркамасветы П.І. Валасевіч.
Гэтая група імкнулася аддзяліць ад Беларусі яе ўсходнюю частку, а таксама Магілёўскую губерню і асабліва Горацкі раён, дзе знаходзіўся сельскагаспадарчы інстытут, і далучыць іх да Смаленскай губерні РСФСР. У процівагу гэтым дзеячам выступіла вялікая група маладой беларускай інтэлігенцыі. Сюды амаль цалкам увайшлі, напрыклад, супрацоўнікі Інбелкульту (цяпер Акадэмія навук).
Дзякуючы прынцыповай пазіцыі нашай інтэлігенцыі, Горацкі раён пакінулі ў складзе БССР. Такім чынам, у Савецкай Беларусі апынулася два сельскага-спадарчыя інстытуты: Горацкі ў Горках і Беларускі ў Мінску. Разгарнулася новая вялікая дыскусія: ці пакідаць абодва інстытуты, ці аб’яднаць у адзін? А калі аб’яднаць, дык дзе тады размясціць новую ўстановы - у Горках ці Мінску?
У гэтую барацьбу ўключыўся і Гаўрыла Гарэцкі, які стаў адным з самых актыўных удзельнікаў “беларускай групы”. Апошняя дабівалася, каб зрабіць адзіную моцную сельскагаспадарчую ўстанову ў Горках. Гарэцкі апублікаваў на гэтую тэму шэраг артыкулаў. Адзін з іх выйшаў у 1922 годзе ў газеце “Савецкая Беларусь”. Назва артыкула – “Дзе быць Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі”.
“Беларусі патрэбна свая Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія, якая б стаяла па навукова-навучэбнай каштоўнасці разам з заходнееўрапейскімі і расійскімі вышэйшымі сельскагаспадарчымі ўстановамі. <...> На Усходняй Беларусі няма адраджэнскай базы. Горкі такое месца, дзе Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія і магла б найлепш заснавацца”, - адзн.гму у сваім артыкуле Гаўрыла Іванавіч.
Тая даўняя дыскусія, як не складна здагадацца, скончылася перамогай “беларускага крыла”. Было вырашана спалучыць Горацкі і Беларускі інстытут сельскай гаспадаркі ў адзіную ўстанону Беларускую дзяржаўную акадэмію сельскай гаспадаркі імя Кастрычніцкай рэвалюціі з цэнтрам у Горках. Рашэнне было зацверджана пастановай СНК БССР ад 5 жніўня 1925 г.
Вось і выходзіць, што без гарачых старанняў Гаўрылы Iванавіча, не было зараз у Горках акадэміі, без якой наш горад – і не горад зусім. I не было б дзе працаваць некаторым з тых у цяперашняй БДСГА, хто хоча, каб ад дома Гарэцкага не засталося каменя на камні.