Быў ён з моцнага і трывалага беларускага роду, але пражыў усяго 44 гады.

Заўтра, 18 лютага 1993 года, мы, беларусы, будзем адзначаць 100-гадовы юбілей свайго выдатнага сына, пісьменніка і навукоўца Максіма Гарэцкага. Толькі сорак чатыры гады пражыў на свеце гэты шчодра адораны талентамі чалавек, наш з вамі зямляк. А мог бы жыць яшчэ і сёння. Бо быў ён з моцнага і трывалага беларускага роду: продкі Гарэцкага жылі да 115 гадоў!

У незайздросны час выпала пражыць сваё кароткае, але яркае, як след бліскавіцы, жыццё, Максіму Гарэцкаму. Жорсткая і бяздушная машына таталітарнай дзяржавы хацела знішчыць Гарэцкага не толькі фізічна. Яго творчасць доўгія гады была схаванай ад уласнага народа, а многія дэталі лёсу і дасюль яшчэ патрабуюць свайго ўдакладнення і высвятлення.

Мы прапануем сёння вашай увазе тры кароткія гутаркі з нагоды юбілею.

Нашы карэспандэнты задалі пытанні:

Радзіму Гарэцкаму, пляменніку Максіма Гарэцкага, акадэміку АН Беларусі.

— Вы толькі што вярнуліся з Вязьмы - куды быў сасланы і дзе загінуў наш выдатны вучоны і пісьменнік. Раскажыце, калі ласка, пра свае ўражанні.

— Я і раней бываў у Вязьме. Але сёлетняя паездка была асаблівая. Мне паведамілі, што нарэшце знайшлі месца расстрэлу Максіма Іванавіча. А дасюль жа лічылася, што ён загінуў недзе у Комі ад крова- зліцця ў мозг.

Горад Вязьма стаіць на пагорках. Ён даволі сімпатычны, лясісты, азёрны, самабытны.

Жыве тут каля 60 тысяч жыхароў, сярод іх шмат беларусаў, якія збіраюцца утварыць сваю суполку.

На ўскраіне горада, недалёка ад таго месца, дзе ўзвышаюцца будынкі турмы (там сядзеў Максім Іванавіч) і дзе расстрэльвалі звычайна вязняў (гэта яшчэ памятаюць мясцовыя жыхары), на крутым абрыве, адкуль адкрываецца ўся мясцовасць, узвялі помнік. З гэтай нагоды быў наладжаны мітынг. На чорнай стэле з лабрадарыту выбітыя такія словы: «Верагодна, на гэтым месцы, дзе пахаваны сотні вядомых і невядомых людзей, ахвяраў рэпрэсій, знаходзіцца прах беларускага пісьменніка, вучонага, педагога Максіма Іванавіча Гарэцкага». Спонсарам усёй гэтай пачэснай справы стаў Вяземскі горна-ўзбагачальны камбінат Моспрамбудматэрыялы.

На мітынгу пры адкрыцці помніка да мяне падыходзілі людзі, расказвалі пра загінуўшых сваякоў, паказаалі фотакарткі. Далёка не ўсе яшчэ ведаюнь пра лёс, які спасціг іх родных і знаёмых, у часы таго жахлівага тэрору.

— Якія новыя факты з жыцця Максіма Гарэцкага сталі вам вядомыя апопінім часам?
- Усё тое, што стала вядома, апошнім часам пра яго смерць, было выкладзена мною летась у вялікім артыкуле ў «ЛіМе».
- Хочацца прыгадаць, што Максім Гарэцкі некаторы час працаваў у газеце «Звязда», пісаў для яе артыкулы...
- З самага пачатку заснавання «Звязды» Максім Іванавіч быў яе актыўным карэспандэнтам. І тады, калі яна выходзіла ў Смаленску, і калі выданне перавялі ў Мінск. Кнорын, які ў той час быў галоўным рэдактарам «Звязды», запрасіў Гарэцкага на сталую працу. Потым ён паследаваў за «Звяздою» ў Вільню. Калі горад у 1919 годзе захапілі бе- лапалякі, Максім Іванавіч не паспеў выехаць. Вярнуўся ён у Савецкую Беларусь толькі ў 1923 годзе, з вялікімі цяжкасцямі. Але якім трагічным было тое вяртанне!..

Міхасю Мушынскаму, доктару філалагічных навук, загадчыку аддзела выданняу і тэксталогіі Інстытута літаратуры імя Я. Купалы:

— Міхась Іосіфавіч, цяпер многіх цікавіць, наколькі блізкія да арыгіналу творы класіка нашай літаратуры, уключаныя ў апошні «савецкі» збор твораў?
— Напомню, што чатырохтомнік М. Гарэцкага выходзіў у 1984-1986 гадах. Мне давялося быць кіраўнікоім падрыхтоўкі яго да друку. Было крыўдна і балюча, што ў той час мы не маглі ўключыць у збор твораў ні аповесць «Дзве душы», ні цудоўную п'есу, якую любіў сам Гарэцкі «Жартаўлівы Пісарэвіч», ні класічныя апавяданні «Лірныя спевы», «Апостал», «Фантазія» і іншыя; нічога - з крытыкі, публіцыстыкі, перапіскі...

Толькі ў 1990 годзе ўсё гэта ўвайшло ў асобны том «Творы» і склала вялікую, больш чым на 600 старонак кнігу-кампенсацыю...

У лютаўскім нумары часопіса «Полымя», - які неўзабаве выходзіць, я, дарэчы, даю з каментарыямі публікацыю ўсіх купюр па раману «Камароўская хроніка».

— Ці не маглі б вы прывесці прыклады?
— 3 рамана напрыклад, цэнзурай была выкінута ўся сюжэтная лінія, звязаная з арыштам Гурыка (правобразам яго быў Гаўрыла Гарэцкі). Выключаны эпізод, калі чырвонаармейцы, трапіўшы ў палон да бела- палякаў, пачалі хаваць ці знішчаць свае партбілеты. Гэта цяпер мы разумеем, што куды важней жывы чалавек, чым яго білет і нечы прынцып...
— Гарэцкі большасці з нашых чытачоў невядомы са школы. 3 чаго б вы параілі пачаць знаёмства?
— Адкрыйце першы том згаданага ўжо збору твораў. Якія даступныя, шматслойныя апавяданні «У лазні», «Роднае карэнне». За лёгкім, часта з гумарам выпісаным побытавым малюнкам, - калі ўчытаешся - стаяць праблемы светабудовы, філасофія жыцця чалавечага. Можна пачаць і з апавяданняў, якія аўтар у 1926 годзе аб'яднаў у зборніку «Досвіткі» («Маці», «Прысяга», «Смачны заяц», «Дурны настаўнік», «У панскай кухні» і інш.). Тут таксама ідуць назіранні за станаўленнем нашага нацыянальнага характару: і падаюцца не ў лоб, а па-мастацку трапна.

А вазьміце яго празрыстую і глыбокую прозу — аповесці «Меланхолія», «Ціхая плынь», «У чым яго крыўда»... Запіскі ж «На імперыялістычнай вайне» крытыка яшчэ ў канцы шасцідзесятых называла лепшым, што напісана ў СССР пра вайну...

Гарэцкі, як кожны значны пісьменнік, валодаў дарам сацыяльнай прагностыкі. Учытайцеся у яго «Сібірскія абразкі», малюнкі жыцця сібірскіх беларусаў і пераканайцеся, што аўтар прадбачыў шмат якія трагічныя моманты ў жыцці нацыі. Або знайдзіце тое ж раней забароненае апавяданне «Апостал», дзе галоўным героем выведзены зацыклены на сваім пераўтваральным месіянстве камуніст Жабін...

— I ўсё ж: ці хутка творы пісьменніка дойдуць да школы?
— Інстытут літаратуры ўжо падрыхтаваў адпаведную аль- тэрнатыўную праграму для школ. Зацікаўленыя настаўнікі могуць знайсці яе ў часопісе «Роднае слова». Уладзіміру Пецюкевічу, загадчыку доследна-экспазіцыйнага аддзела Белдзяржмузея народнай архітэктуры і побыту:
— Заўтра ў Малой Багацькаўцы на радзіме пісьменніка адкрываецца адноўлены музей. Яму не шанцавала: раней хата двойчы гарэла. Як музейшчыкі выйшлі з такой сітуацыі?
— Двойчы ж хата і адбудоўвалася. Чарцяжы, малюнкі ў свой час зрабіў па памяці брат пісьменніка Гаўрыла Іванавіч. Мы абапіраліся таксама на ўспаміны пляменніцы Клаўдзіі Іванаўны Шнарскай.

Вялікая сям’я Гарэцкіх жыла ў сядзібе «вяночнага тыпу». А гэта - дзве хаты, злучаныя сянямі, гаспадарчыя пабудовы і брама, пакрытыя адной саламянай страхою. Былі ў гаспадарцы і добры агарод, склеп, гумно, сад з калодамі пчол. I хаця архітэктары падрыхтавалі ўжо макет рэстаўрацыі ўсёй сядзібы, да юбілею адчыняецца толькі асноўная яе частка «хата-сені-хата». Тут размяшчаюцца літаратурная і этнаграфічная экспазіцыі. Апошнюю якраз ладзіў наш музей. Яна склалася пасля цікавейшых вандровак нашых супрацоўнікаў па мсціслаўскаму краю.

— Як землякі, сваякі ўспамінаюць Гарэцкага?
— Прасветлена. Мы сапраўды адчувалі, якую трапяткую памяць пакінуў па сабе гэты чалавек. «Добры дужа быў, гаваркі, - казала нам яго дваюрадная сястра Марыя Канстанцінаўна Карабкова, якой ужо за дзевяноста. Частавала яблыкамі, успамінамі, падаравала музею тканыя рэчы і дадала: «Калі памру, забірайце для Максіма ўсё, што спадабаецца».

«Максіму», гэта значыць музею, землякі ахвяравалі і перадавалі найдаражэйшае. Так, Марыя Давыдзенка з вёскі Сычоўка перадала ў экспазіцыю даўнейшую, добра захаваную мэблю - стол, канапу, лаву, крэсла, а яшчэ і жорны... Нават у беднай удовінай хаце, дзе, здаецца, усяго і было, што сама гаспадыня, кот ды печ, адчынялася вечка запаветнага куфра...

Такая павага і ўдзячнасць - жывое адлюстраванне характару самога Максіма Гарэцкага. Выйшаўшы з вёскі, ён, як мог, усё жыццё клапаціўся пра яе, пра сваю радзіму...

Вось думаю, з якім добрым гумарам напісаў бы ён цяпер апавяданне пра тое, як з адкрыццём музея славутага пісьменніка дачакаліся, нарэшце, яго землякі і заасфальтаванага кавалка дарогі...