Марыя Студнёва

МАКСІМ ГАРЭЦКІ. АХВЯРУЮ СВАІМ «Я»

Спеліў шчымлівае слова,
Каб праўдаю высвеціць сказ,
Каб слова дыхнула жытнёва
I нам растлумачыла нас.
Алесь Пісьмянкоў


Імя класіка беларускай літаратуры Максіма Іванавіча Гарэцкага непарыўна звязана з Горкамі, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй. У 1909-1913 гг. ён вучыўся тут у каморніцка-агранамічным вучылішчы, у 1926-1928 гг. працаваў у акадэміі загадчыкам кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі. У акадэміі годна ўшанавана памяць нашага вядомага земляка - у 1993 г., калі адзначалася стагоддзе з дня нараджэння пісьменніка, на чацвёртым вучэбным корпусе была ўсталявана мемарыяльная дошка ў яго гонар, там жа быў адкрыты музей-кабінет М. Гарэцкага, ёсць спецыяльная стыпендыя яго імя, якую атрымліваюць замежныя студэнты за выдатныя поспехі ў вывучэнні рускай мовы. Штогод у лютаўскія дні супрацоўнікі бібліятэкі імя Д.Р. Новікава праводзяць куратарскія гадзіны, на якіх студэнты акадэміі больш падрабязна знаёмяцца з лёсам і творчасцю пісьменніка. Вядома ж, не быў выключэннем і гэты юбілейны год. Акрамя гутарак са студэнтамі, бібліятэка акадэміі разам з кафедрай лінгвістычных дысцыплін прыняла ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні прэзентацыі кнігі У. Ліўшыца «Максім Гарэцкі. Сцежкамі жыцця».

Прэзентацыя фотавыставы «Максім Гарэцкі. Ахвярую сваім “Я”», якая адбылася ў бібліятэцы імя Д.Р. Новікава акадэміі напярэдадні Дня бібліятэк, дала магчымасць зноў вярнуцца да асобы пісьменніка, патрыёта, грамадзяніна М. Гарэцкага.

Перасоўная выстава падрыхтавана Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры да 125-годдзя з дня нараджэння нашага славутага земляка, і неабходна адзначыць, што гэта музейная ўстанова вядзе вялікую плённую працу па вывучэнні жыцця класіка беларускай літаратуры, прапагандзе і папулярызацыі яго творчасці. Штогод праводзяцца Гарэцкія чытанні, у якіх бяруць удзел беларускія і замежныя навукоўцы, па матэрыялах канферэнцыі выпускаюцца зборнікі. Не лішне будзе заўважыць, што першыя Гарэцкія чытанні прайшлі менавіта ў Горках у 1992 г., дзякуючы ініцыятыве і руплівасці У.М. Ліўшыца, у той час дырэктара Горацкага раённага гістарычна-этнаграфічнага музея.

I вось адным з такіх праектаў, які набліжае да нас асобу пісьменніка, дазваляе пазнаёміцца з рэдкімі фотаздымкамі, архіўнымі дакументамі, штодатычаць Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх і з’яўляецца перасоўная выстава, і лагічна тое, што яна з’явілася ў Горках у акадэміі, бо тут фарміраваўся характар будучага пісьменніка, пачалася яго дарога ў вялікае літаратурнае жыццё. Падчас свайго жыцця ў Горках (1926-1928), пісьменнік часта наведваў бібліятэку акадэміі.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел даследчыкі жыцця і творчасці М. Гарэцкага, пісьменнікі, журналісты, студэнты і выкладчыкі БДСГА, супрацоўнікі музеяў і бібліятэк.

Кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры міжкультурнай камунікацыі прыватнай установы адукацыі «Інстытут сучасных ведаў імя А.М. Шырокава» А.С. Гурская ў сваім выступленні пазнаёміла прысутных са старонкамі жыцця пісьменніка, паказала месца і ролю М. Гарэцкага ў станаўленні мастацкай прозы ў межах агульнай беларускай літаратуры. Яна падкрэсліла і той факт, што пісьменнік з’яўляецца адным з першых літаратуразнаўцаў, аўтарам падручніка «Гісторыя беларускай літаратуры», які доўгі час быў адзіным.

У сваю чаргу, даследчыца жыцця і творчасці М. Гарэцкага А.М. Чарнавокая звярнула ўвагу на асобу Л.У. Чарняўскай - вернай сяброўкі, паплечніцы пісьменніка. Выступоўца пазнаёміла прысутных з яе літаратурнай дзейнасцю, з якой зараз у нас ужо амаль ніхто не знаёмы.

Варта адзначыць, што на прэзентацыі выставы прысутнічаў і В. Шніп, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура», пісьменнік і паэт. Ён паведаміў пра кнігі, якія выйшлі ў выдавецтве ў юбілейны год пісьменніка, сярод іх «Максім Гарэцкі. Вернасць высокім ідэалам» (укладальнікі Р. Гарэцкі, В. Шніп) і «Максім Гарэцкі. Творы» (серыя «Залатая калекцыя беларускай літаратуры» (т. 12). Акрамя таго, В. Шніп пакінуў некалькі выданняў у фондзе бібліятэкі БДСГА, сярод якіх асабістае выданне «Заўтра была адліга», прачытаў свае творы, прысвечаныя пісьменніку.

Між тым, журналіст, рэжысёр, артыст беларускага радыё А. Вінярскі, голас якога нам усім добра знаёмы па перадачах, і К. Антановіч прэзентавалі два аўдыядыскі твораў М. Гарэцкага - «На імперыялістычнай вайне» і «Дыямант у пабітым шкле».

Дыскі дазваляюць пазнаёміцца з прозай пісьменніка ў мастацкім выкананні А. Вінярскага і ўяўляюць выдатны матэрыял для выкарыстання ў час правядзення гутарак аб яго жыцці і дзейнасці. На прэзентацыі артыст прачытаў невялікі ўрывак з прозы пісьменніка. Усе прысутныя з асалодай успрымалі яго высокамастацкае выкананне.

Сярод гасцей прысутнічаў і У. Ліўшыц. Ён расказаў аб стварэнні сваёй кнігі «Максім Гарэцкі. Сцежкамі жыцця», адзначыў вялікую ролю спадчыны пісьменніка і неабходнасць больш глыбокага яе вывучэння ў сярэдніх школах.

Аўтар выставы, вядучы навуковы супрацоўнік навукова-экспазіцыйнага аддзела музея гісторыі беларускай літаратуры П.М. Саўген правяла невялікую экскурсію па выставе, звярнуўшы ўвагу прысутных на цікавыя і рэдкія фотаздымкі і дакументы.

Загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела музея гісторыі беларускай літаратуры В.Б. Гулева, якая вяла праграму, падзякавала за цёплы прыём, за магчымасць прэзентаваць выставу менавіта на той зямлі, дзе пачынаўся літаратурны лёс пісьменніка. Ад Музея гісторыі беларускай літаратуры яна перадала бібліятэцы матэрыялы Гарэцкіх чытанняў, запрасіла ўсіх жадаючых у іх удзельнічаць.

У заключэнне загадчыца бібліятэкі акадэміі Л.І. Кухарава падзякавала аўтараў і арганізатараў выставы, выказала надзею на тое, што гэта першае сумеснае мерапрыемства пакладзе пачатак наступных агульных праектаў.

Разам з тым, у пачатку і напрыканцы мерапрыемства студэнты 4 курса БДСГА А. Маісееў (аграэкалагічны факультэт) і А. Кучынскі (эканамічны факультэт) прачыталі ўрывак з верша В. Шніпа і верш А. Пісьмянкова.

Сталічныя госці былі прыемнаўражаны прыгажосцю акадэмічнага гарадка, непаўторнасцю батанічнага сада і гасціннасцю гаспадароў. Трэба спадзявацца, што ў бібліятэкі акадэміі з’явіўся яшчэ адзін партнёр і перасоўныя выставы з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Тым больш, што праца з выставай, прысвечанай М. Гарэцкаму, была вельмі плённай - за 10 рабочых дзён яе наведалі 295 чалавек, сярод іх студэнтаў- 112, вучняў горацкіх школ - 79. Віртуальна пазнаёміліся з матэрыяламі аб выставе 1158 чалавек.

Акрамя таго, разам з дацэнтам кафедры лінгвістычных дысцыплін установы адукацыі Г.І. Малько і акадэмічным клубам творчай моладзі «Дэбют», які дзейнічае пры бібліятэцы акадэміі, па матэрыялах фотавыставы для студэнтаў было падрыхтавана літаратурнае падарожжа. Адбылося і сапраўднае, рэальнае падарожжа студэнтаў, удзельнікаў клубаў «Дэбют» і «Кліо» (пры музеі акадэміі) у літаратурны музей М. Гарэцкага на яго малую радзіму ў вёску Малая Багацькаўка Мсціслаўскага раёна. Падарожжа адбылося дзякуючы падтрымцы прафсаюзнага камітэта студэнтаў акадэміі (старшыня В.М. Сідзюк).

Хацелася б яшчэ раз выказаць шчырую ўдзячнасць супрацоўнікам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры за іх руплівую працу па збіранні і захаванні матэрыялаў як пра М. Гарэцкага, так і іншых прадстаўнікоў беларускай літаратуры, а наша агульная праца будзе спрыяць больш шырокай папулярызацыі творчасці нашых сейбітаў беларускага мастацкага слова.