Перавыдадзены першы мастацкі твор
пра Першую сусветную


Першая сусветная вайна, якая сто гадоў таму называлася Вялікая вайна, віхураю пранеслася па нашых землях і прынесла беларускаму народу незлічоныя людскія страты, гора ды пакуты. Сотні тысячаў працаздольных беларусаў былі вымушаныя зведаць гаротную долю бежанцаў. Многія з іх так і не вярнуліся да роднага дому. Тэме вайны, тэме чалавека на вайне, гераізму і мужнасці салдатаў прысвечана нямала твораў рускай і еўрапейскай літаратуры. Сваё адметнае слова пра гэтую трагічную падзею сказалі і беларускія паэты і празаікі. Сярод іх — Максім Гарэцкі, аўтар выдатнага дакументальна-мастацкага твора «На імперыялістычнай вайне» з адметным выразным падзагалоўкам: «Запіскі салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы». Аповесць можнаразглядаць як надзейную крыніцу вывучэння гісторыі вайны 1914 — 1918 гг. Асоба аўтара, яго талент мастака-гуманіста служаць гарантамі суровай праўды, адлюстраванай у творы.


Ваенныя запіскі створаныя ў 1914 - 1919 гг., фрагменты друкаваліся ў часопісе «ІІолымя», першае асобнае і цэлае выданне выйшла ў 1926 г. Гэта адзін з першых у свеце мастацкіх твораў, напісаных пра тыя падзеі; раман Эрыха Марыі Рэмарка «На Заходнім фронце без пераменаў» выйшаў толькі ў 1929 г. Сёлета аповесць М. Гарэцкага пабачыла свет у выдавецкім доме «Беларуская навука». Прэзентацыя новага выдання адбылася 7 кастрычніка ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі ў рамках Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Першая сусветная вайна ў народнай памяці і мастацкім адлюстраванні», арганізаванай Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

У імпрэзе бралі ўдзел укладальнік выдання — кандыдат філалагічных навук Тэрэза Голуб, навуковы рэдактар член-карэспандэнт НАН Беларусі Міхась Мушынскі, акадэмік Радзім Гарэцкі, іншыя навукоўцы і знаўцы беларускай літаратуры.

З нагоды правядзення Міжнароднай навуковай канферэнцыі ЦНБ НАН Беларусі падрыхтаваная таксама выстаўка «Першая сусветная вайна — гістарычны час на старонках літаратуры». Арганізатары звярнуліся да літаратурных і гістарычных крыніцаў: мастацкіх твораў М. Гарэцкага, Кандрата Крапівы, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Алеся Гаруна і іншых, а таксама – да хронік, успанінаў і мкмуараў відавочцаў падзеяў той даўняй вайны.