Максім Гарэцкі: Лёс i трагедыя
Шырыня і шматграннасць яго творчых інтарэсаў, а калі дакладней - наогул талент гэгага чалавека - не могуць не ўражваць. Пісьменнік, драматург, публіцыст, літаратуразнаўца, перакладчык, крытык, фалькларыст, мовазнаўца, гісторык... I ўсё гэта ён - Максім Гарэцкі. У кожнай з гэтых галін «чалавеказнаўства» Максім Іванавіч не проста «адзначыўся», а пакінуў след..
Свой след - адметны і непаўторны!
Такім быў і яго лёс, яго, Максімава, доля…
Долю, кажуць у народзе, не выбіраюць: яе дае Усявышні. Мабыць, так яно і есць. Бо калі б меў Максім Гарэцкі мажлівасць выбраць свой жыццёвы лёс, ён пайшоў бы той дарогай, тым сапраўдным бальшаком, які абраў - адзін раз і назаўсёды! - і далей, і глыбей. А значыць, ашчаслівіў бы нас, сваіх суграмадзян, яшчэ больш значнычі, вартымі яго Боскага дару Творамі з вялікай літары.
Так было б! Было б абавязкова!
Ён бачыў жыццё ўвачавідкі - ва ўсіх яго шматлікіх і самых неверагодных праявах і выпрабаваннях. А галоўнай сваёй мэтай Максім лічыў паказ гэтага іншым. Ён сам бачыў святло ў цемры. разумеў і адчуваў вялікую духоўную моц беларуса, яго нераскрытую маральную сілу... Сам жа ішоў-крочыў па тым жыцці шляхам, які ён вызначыў сам для сябе як шлях «мастацкай праўдзівашнасці (так у арыгінале. - Заўвага А.М.) - найлепшай дарогай літаратуры нашай...».
На дварэ быў 1914-ы... Вось-вось пачнецца першая сусветная вайна. Здавалася: ці да заклікаў, ці да лозунгаў?! Аднак ён, 20-гадовы Максім Гарэцкі з вёскі Малая Багацькаўка, што на Магілёўшчыне, звяртаецца не да канкрэтнай асобы і нават не да свайго часу, я да юнай па ўзросту роднай беларускай літаратуры: «...Прозы, прозы, добрай, мастацкай прозы беларускай дайце нам!».
Звяртаўся, а найперш жа сам імкнуўся «даць» прыклад, паказаць, як тое трэба рабіць: у тых рэальных умовах, адпаведна часу і таму, што чакаў чытач - найперш у тагачаснай глыбінцы. Той глыбінцы, якуіо Максім ведаў вельмі і вельмі добра: сам жа выйшаў адтуль... I напісаў тады Гарэцкі драматызаваную аповесць «Антон», роўную, як высвятляць потым даследчыкі, не толькі па манеры і задуме «Братам Карамазавым» Фёдара Дастаеўскага, але і па самым вартым і прызнаным - імкненні паказаць сапраўды вялікія зрухі ў жыцці сучаснага яму грамадтва, пэўную новую «філасофію» дня і будучыні... Жорсткая праўда пра беларуса – нашага земляка штодзённым быцці - была сказана Гарэцкім у 1910-я гады адным з першых у нашай нацыянальнай літаратуры.
Так што і артыкул «Думкі і развагі», выраз з якога прыведзены вышэй, напісаў ён у тым жа 1914-м зусім не выпадкова: меў на гэта Максім Гарэцкі самае сапраўднае маральнае права...
Такім чынам, у літаратуру - вялікую і сапраўдную - ён не ўвайшоў, а ўварваўся ў прамым сэнсе гэтага слова. Хоць і былі ў ёй насцеж расчыненыя, дзверы: калі ласка, пішы, заяўляй пра сябе, выдавай кніжкі... На поўную моц тварылі ўжо Янка Купала і Якуб Колас, Максім Багдановіч і Ш. Ядвігін, Цішка Гартны і Алесь Гарун, але ж колькі ніш (чытайце: тэм) заставалася нераскрытых, некранутых і таямнічых - такіх патрэбных беларускаму грамадству!
Каб паўней зразумець вытокі талентав Максіма Гарэцкага, першакрыніцы яго майстэрства, трэба, несумненна, хоць бы на момант зазірнуць у жыццёвы летапіс будучага пісьменніка, згадаць яго карані, першыя крокі па самастойнай жыццёвай дарозе… Аднак перад гэтым нялішнім, думаецца нам, будзе прывесці вось такія словы таго ж 20-гадовага Максіма:
«Я жыць хачу вольным жыццём – жыццём радасці, добрага вясёлага смеху і ўсяго таго, што побач з другімі творыць гармонію жыцця. Я крэпка, усімі свамі сіламі, жадаю яго! Бо незадаволен, вельмі незадаволен... Як толькі стаў я мець сваё сумленне, маю вялікую ахвоту, думку сэрца, як бы выпаўзці самому і другіх вызваліць з гэтага жыцця Я не хачу трываць! I не трываю, бо нельга вытрываць. I скіну, сарву ланцугі свайго старага жыцця і зраблю жыццё новае. Зраблю! Парву ланцугі спрадвечнай гульні-лені, ланцугі глуму, шальмоўства і страшэннай. аграмаднай цемры векавечнай, тыя ланцугі, што робяць з чалавека скаціну, быдлё, што твораць «паноў» і «мужыкоў». Няможна! Няможна! Гэтак не павінна быць і не можа быць...»
У «Нашай Ніве» за 1913 год апублікаваны ім гэтыя радкі. Сповяд душы і сэрца Максіма! I не толькі сповяд, бо сама назва артыкула гаварыла і гаворьіць сёння пра ўсё - «Стогны душы»!
I міжволі падумалася: і тады, падчас першага прачытання гэтага высокадушэўнага твора, і зараз, праз многа гадоў пасля знаёмства з нашаніўскім допісам Максіма Гарэцкага: а хіба можа ўжо ў дваццацігадовым узросце стагнаць душа?! Няхай сабе і таленавітага, Богам памечанага маладога чалавека?! Ці не зарана яшчэ? Наперадзе ж ЖЫЦЦЁ: поўнае задум, планаў, нарэшце - здзяйсненняў...
Але ж стагнала душа Максіма...
Жыць вольным жыццём ён захацеў адразу ж, як толькі стаў на ногі!
18 лютага 1893 года ў глухой, забытай Богам і людзьмі беларускай вёсачцы Малая Багацькаўка (дарэчы, па-мясцоваму яна звалася Меншай Багацькаўкай. - Заўвага А.М.) у сям’і беларускага селяніна Івана Гарэцкага ўпершыню прагучаў танюсенькі галасок немаўляці, якога неўзабаве назвалі Максімам. Глуша неймаверная: да бліжэйшай чыгуначнай станцыі Орша без малога сотня кіламетраў... Ды не кіламетрамі вымяралася тады шчасце: у лепшую, чым у сваіх, долю дзяцей верылі-спадзяваліся таты і мамы, маліліся за гэта Усявышняму. I словы таго малення, мабыць, даходзілі па прызначэнні: Максімава доля пачала складвацца больш-менш удала…
У 16-гадовым узросце ён узяў першы ў жыцці бар’ер: перамог у вялікім конкурсным адборы і стаў навучэнцам Горыгорацкага каморніцка-агранамічнага вучылішча. Чатыры гады вучобы праляцелі хуткакрылай птушкай: дзяржаўная стыпендыя плюс пражыванне ў інтэрнаце дазвалялі з галавой - акунуцца ў вучэбны працэс, у спасціжэнне вялікіх таямніц самых рознмх дысцыплін. І не толькі каморніцка-агрзанамічных: у вучылішчы і не спрыялі, але ж і не праследавалі за схільнасці да роднай беларускай мовы і літаратуры. Менавіта тады юны Максім упершыню ўзяў у рукі «Нашу Ніву» прачытаў творы, падпісаныя Януком Купалам, Тарасам Гушчам (Якубам Коласам), Алаізай Пашкевіч (Цёткай)… Іх вершы і апавяданні плюс багаты беларскі фальклор ды яшчэ непаўторны «народны» твор «Тарас на Парнасе» і прымусілі спачатку задумацца, а потым і беспаваротна «накіравалі» яго на святую і праведную сцяжынку, імя якой - творчасць. Калі ж убачыў на старонках «Нашай Нівы» сваё імя пад першымі пробамі пяра, шчасцю, радасці і задавальненню не было межаў!
На працу па спецыяльнасці, гэта значыць каморнікам, яго накіравалі вельмі і вельмі далёка ад Бацькаўшчыны - ажно ў Літву. Далёка, аднак у вельмі спрыяльнае асяроддзе – у самым што ні ёсць эпіцэнтр тагачаснага беларускага нацыянальнага жыцця. Там, у Вільні, выдавалася «Нашай Нівы», там жа жылі і на ўсю моц шчыравалі Купала і Бядуля, Ластоўскі і Луцкевічы - Антон і Іван. Часцяком бываючы ў горадзе, Максім пазнаёміўся і на ўсё жыццё моцна пасябраваў з гэтымі неардынарнымі, таленавітымі, шчырымі беларусамі.
Менш за год папрацаваў Гарэцкі каморнікам у Літве. Пачалася першая сусветная вайна «і ў самым канцы чэрвеня ... ехаў я ў бязлюдным вагоне трэцяга класа па знямелых ад пякоты і пылу і такіх убогіх жмудскіх палях у Н-скую артылерыйскую брыгаду, што кватаравала ў глухім і невядомым недалёчка ад нямецкае граніцы», - напіша пазней у сваіх «Запісках салдата 2-й Н-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы» Максім Гарэцкі - аўтар сусветна вядомага сёння дакументальнага твора «На імперыялістычнай вайне».
Такім чынам, жыццё ўзяло яго ў самыя жорсткія і нечалавечыя па пакутах выпрабаванні - выпрабаванні вайной. Узяло адразу і беспаваротна, зусім яшчэ юнага па ўзросце Задуму-Гарэцкага. I там у самым сапраўдным пякельным кашмары вайны, ён не разгубіўся, не кінуўся ў роспач ці адчай, а наадварот: разабраўся ў гістарычнасці сітуацыі і пры першай жа магчымасці пачаў занатоўваць яе самыя, на першы погляд, непрыкметныя і нязначныя штрыхі ў дзённіку... «Факт. рэальная падзея, дакладная фраза, лік, дата - усё гэта запісвалася Максімам Гарэцкім так, быццам загадзя адчуваў пісьменнік эстэтычную радасць ад факта, які паступова стане гісторыяй і, адфактураны часам, набудзе раптам эстэтычнае гучанне» - вось так проста, аднак даволі дакладна ўлавіў Максімавы задумы падчас першай сусветнай вайны вядомы даследчык беларускай нацыянальнай літаратуры Алесь Адамовіч.
Стаць пісьменнікам-дакументалістам наканавана далёка не кожнаму творцу. Нават таленавітаму, ад Бога. Тым жа, каму лёсам «вырашана» радаваць свет дакументалістыкай, самым, на нашу думку, чалавечым матэрыялам, зазвычай не даецца іншае, такое ж, як і дар, патрэбнае - час.
Менавіта Часу і не хапіла Максіму Іванавічу Гарэцкаму для таго. каб сказаць Яе Вялікасць Праўду пра, даруйце за таўталогію, яго Час, Той, у якім Гарэцкі жыў, у якім удзельнічаў, дзейнічаў. I калі б час дазволіў, ён пакінуў бы пасля сябе яшчэ не адзін па-сапраўднаму геніяльны твор!
А так...
Замест панарамнай эпапеі жыцця на мяжы са смерцю засталіся толькі фрагменты, эскізы, эцюды. Застаўся найвыдатнейшы па ўнутраным змесце і напружанні думкі чалавечы Матэрыял, на падставе якога (мы асабіста ў гэтым ніколькі не сумняваемся!) яшчэ будзе створаны кім-небудзь са спадкаемцаў і аднадумцаў Гарэцкага сапраўдны геніяльны твор!
Будзе створаны абавязкова! Бо накірункі думкі, арыенціры ўжо ёсць - у Максіма Іванавіча:
«...Кулі засыпаюць наш дамок, Вецце на дрэве напалову пасечана. Камандзір толькі хрысціцца пасля кожнае каманды. Батарэя б’е і б’е бесперастанку. Я баюся... Наўкол перабягаюць пехацінцы. «На вышкі!» - грозна раўкнуў на мяне камандзір, і ўсё ён хрысціцца. Зноў паўзу на вышкі, як загіпнатызаваны: смерць дык смерць, абы не мучыцца гэтак. О не! не! Жыць хачу! Госпадзі, памілуй мя, грэшнага! - і хочацца хрысціцца, як камандзір, але рэшткі розуму сцюдзёна шавеляцца. А пехацінцам жа ў сто разоў горш...
Гэта яго, Гарэцкага, герой Лявон Задума - ды не, гэта сам Максім у экстранеардынарнай сітуацыі на полі бою імперыялістычнай вайны разважае-аналізуе сітуацыю, сваё, практычна безвыходнае, становішча, выдаючы ўнутраны стан душы…
Вось з такіх, тонка прыкмечаных, таленавіта пададзеных эпізодаў увесь твор «На імперыялістычнай вайне» - «родны брат» «Севастопальскіх апавяданняў» і «Вайны і міру» Льва Талстога, аповесцей і раманаў А. Барбюса, А. Цвейга, Э.-М. Рэмарка і іншых таленавітых і непаўторных майстроў вайсковай прозы.
Праўда аб чалавеку на вайне - перад выбарам жыцця і смерці, перад рэальнасцю масавай гібелі такіх жа, як ты, людзей, - самая жорсткая, нечаканая, неверагодна балючая праўда. У адрозненне ад многіх папярэднікаў і спадкаемцаў па літаратуры, што чулі пра яе з вуснаў іншых, бачылі ў кіно ці на тэлеэкране, Максім Гарэцкі прапусціў гэту праўду праз сябе: бачыў яе, чуў, адчуваў - штохвілінна і на працягу не аднаго дня! – сам, на ўласныя вочы, вушы, душу... I прапусціў усё тое, у дадатак, праз сваё таленавітае сэрца:
«…Нервы супакойваюцца. Пашын (герой твора. - Заўвага А.М.) вярнуўся. Але на вачах слёзы: ездавому (не ведаю прозвішча), яго блізкаму земляку, паднасіўшаму набатарэю снарады, вялікі асколак распароў жывот і выпалі кішкі.
-Дзе ж ён твой зямляк? – па-дурному пытаюся.
-Ці ж не бачыш?
Ай-ай, ля самага ж акопа фельчар з чырвоным крыжам на рукаве і сам той параненны піхаюць сінія брудныя кішкі назад пад гімнастерку. Пашын з сілаю швігае ў акоп жоўтую скураную торбачку з прыладамі для звязвання кабеля і хапаецца туды, дзе ў яго земляка вывальваюцца кішкі. Але няшчасны ўжо скаручыў нямытыя рукі на грудзях і відзіма-нявідзіма сінее, чарнее...»
Нагледзеўшыся вось такога, такой бязлітаснай праўды аб трагедыі, акопнай праўды аб вайне, будучы вялікі пісьменнік ужо не мог, не меў на тое маральнага права не расказаць пра гэта нам...
Моцна паранены, але, на шчасце, не скалечаны маральна, душэўна, вярнуўся Максім Іванавіч з мперыялістычнай бойні. Вярнуўся, каб сказаць усім нам, незалежна ад таго, на якім баку акопа былі нашы папярэднікі: задумайцеся, людзі, над спрадвечна невырашальнай праблемай жыцця і смерці...
Пад уплывам Гарэцкага-творцы сфарміраваліся як пісьменнікі Кузьма Чорны і Міхась Зарэцкі. Яго ж запіскі «На імперыялістычнай вайне» шматлікія апавяданні ваеннай скіраванасці далі старт у сапраўдную літаратуру Васілю Быкаву. Быкаўская вайна ўгадваецца ў запісках Максіма Іванавіча... Іван Мележ і Янка Брыль, Міхась Стральцоў і Іван Навуменка, Іван Чыгрынаў і Янка Сіпакоў, Анатоль Кудравец і Алесь Жук пайшлі ў беларускую нацыянальную літаратуру тым шляхам, першаадкрывальнікам якога быў ён. Шматфарбнасць і шматграннасць менавіта іхняй прозы і паставілі нашу літаратуру ў рады найлепшай у Еўропе.
I гэта зусім не перабольшанне!
Калі б былі ў яго творчай спадчыне толькі запіскі «На імперыялістычнай вайне», ён ужо стаў бы нашым нацыянальным класікам, Але ж была яшчэ ў Максіма Іванавіча «Камароўская хроніка» - сапраўдная эпапея беларускага сялянскага жыцця. Аб’ектыўнасць рэчаіснасці, аўтарская споведзь тут таксама на першым, галоўным плане. Як і ў многіх іншых яго творах, у «Камароўскай хроніцы» выразна, на ўсю веліч паўстае вобраз... самога Гарэцкага: чалавека: праглівага да працы, дзейнага, бескарыслівага, гатовага аж да самаахвяравання. На вялікі жаль, засталася гэта хранікальная эпапея - сапраўдны летапіс роднай яму Малой Багацькаўкі - незакончанай...
«Пішу, што чуў ад старэйшых людзей, што бачыў сам, што пісалі мне ў лістах, што апавядалі, калі прыязджаў (маецца на ўвазе ў родную вёску. - Заўвага А.М.). I ад «я». Вось і ўся «сістэма». Як можна карацей, але паўней. I пра тое, што ў другім месцы не будзе... », - дзяліўся пісьменнік сваімі творчымі сакрэтамі. Дзяліўся сам з сабой - у сваіх дзённікавых запісах, тых, з якіх. уласна кажучы, і «выйшлі» і «На імперыялістычнай вайне», і «Камароўская хроніка», і «Віленскія камунары», ды і ўсе іншыя творы мастака слова.
...Вернемся яшчэ раз у 1913-ы: калі 20-гадовы Максім Гарэцкі пачаў стала працаваць у літаратуры. Герой яго тагачаснага апавядання «У лазні» нібы ненарокам задае пыганне: «Беларусь, Беларусь, чым ты была і чаго ты, во, даждала?.. I што з табою будзе?». I адказвае - сам сабе: «Але ж не адракацца, не быць здраднікам, а любіць, шанаваць родную Бацькаўшчыну павінен...
Амаль сто гадоў назад напісаны твор. А як актуальна, непадробна гучыць сёння!
Прарок? Так, ды яшчэ які:
Свой адметны след пакінуў Максім Гарэцкі і ў гісторыі беларускай журналістыкі. У 1917 годзе працаваў у газеце «Известия Смоленского Совета... » у 1918-1919 гадах быў супрацоўнікам газеты «Звезда» (тады яна выходзіла на рускай мове - Заўвага А.М.), друкаваў на іх старонках артыкулы, фельетоны, пераклады сваіх аповесцей і апавяданняў. Быў рэдактарам-выдаўцом газет «Наша думка», «Беларускія ведамасці». Напрыканцы кастрычніка 1923 года яго сям’я пераехала ў Мінск, і Максім Іванавіч выкладаў на рабфаку Беларускага дзяржаўнага універсітэта. На працягу 1926-1928 гадоў працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, потым - вучоным спецыялістам Інстытута беларускай культуры ў Мінску.
А ў сярэдзіне ліпеня 1930-га грымнула навальніца з яснага неба: Максіма Гарэцкага арыштавалі разам з іншымі выдатнымі людзьмі Бацькаўшчыны і абвінавацілі ў прыналежнасці да няіснага, міфічнага «Саюза вызвалення Беларусі»... Прысуд: высылка на 5 гадоў у горад Вятку.
Пасля адбыцця тэрміну надуманага пакарання ён выкладаў рускую літаратуру і мову ў пасёлку пясочня на Смаленшчыне, але праз два гады - у жудасным 1937-м. падчас новых масавых рэпрэсій - зноў быў арыштаваны.
5 студзеня 1938 года на несправядлівы па тым часе свет Боскі з’явіўся «дакумент»: «Протокол № 85 заседання Тройки УНКВД Смоленской области», у якім адзначалася і наступнае:
«Слушали:
Дело № 13036 Кировсктго РО УНКВД… по обвинению Горецкого Максима Ивановича, 1938 года, уроженец д. Малое Бочачково (так у арыгінале. – Заўвага А.М.), Мстиславского района, БССР, из крестьян-середняков, служащего, судимого.
Постановили:
Горецкого Максима Ивановича расстрелять…»
Потым яго сям’я атрымала паведамленне, што Максім Гарэцкі памёр 20 мая 1939 года ў Комі АССР. На справе ж Максіма Іванавіча, як было ўстаноўлена даследчыкамі, расстралялі 10 лютага 1938 года ў 15 гадзін у Вязьме…
Накануй яму Усявышні болей жыцця (пражыў жа Максім Іванавіч усяго толькі 45), і ён стварыў бы яшчэ не адно панарамнае палатно беларускай рэчаіснасці. Размах творчасці, глыбіня аналізу, тонкасць светаадчквання ў яго былі на ўзроўні Льва Талстога – не менш! Бацькаўшчыну ж ён любіў бязмежна, тонка: з болем у душы і светлай верай у будучыню ў сэрцы – адначасова…