Траццяк, З.

ВАЙНА I БЕЖАНСТВА: МАТЫВЫ ПРОЗЫ МАКСІМА ГАРЭЦКАГА Ў ІНТЭРПРЭТАЦЫІ ВІКТАРА КАРАМАЗАВА

Артыкул прысвечаны параўнальна-гістарычнаму вывучэнню прозы М. Гарэцкага і В. Карамазава. Акцэнт зроблены на дзвюх тэмах (вайны і бежанства), што на працягу XX ст. хвалявалі айчынных мастакоў слова. Падкрэсліваецца, што В. Карамазаў працягнуў галерэю вобразаў уцекачоў, распрацаваную М. Гарэцкім, уключыўшы ў раман “Бежанцы” аповеды пра рэпрэсаваных у 1930-я гг., выгнаннікаў часоў Вялікай Айчыннай вайны і Чарнобыльскай катастрофы. Праводзяцца паралелі ў мастацкім асэнсаванні імагалагічных праблем у творах абодвух пісьменнікаў.

Ключавыя словы: бвларуская літаратура, ваенная літаратура, тэма бежанства, параўнальна-гістарычнаелі- таратуразнаўства.

Напрыканцы XX ст. нацыянальная гісторыя чарговы раз стала крыніцай вобразаў і сюжэтаў для айчынных мастакоў слова. Надыход новага стагоддзя (ды і тысячагоддзя) натхняў літаратараў на спасціжэнне складанай хады падзей, калі ў адзіны комплекс (кантынуум) знітаваліся дзве сусветныя вайны, рэвалюцыі, узброенае грамадзянскае супрацьстаянне, узнаўленне гаспадаркі пасля кожнай з навал, грамадска-палітычныя эксперыменты: пабудова інтэрнацыянальнай еднасці савецкіх людзей, калектывізацыя, індустрыялізацыя, тэхнагенныя катаклізмы.

Раман “Бежанцы” Віктара Карамазава вызначаецца арыгінальнай спробай распавесці пра навалу-кантынуум. Яна разгледжана празаікам праз прызму архетыпавых для беларускага прыгожага пісьменства матываў і вобразаў: выгнання (бежанства), шляху, вяртання да вытокаў і роднага дому, пошукаў уласнай і нацыянальнай ідэнтычнасці, страчанага маленства. Паводле П. Васючэнкі, “страшная рэч - згубіцца ў незнаёмым, жорсткім сусвеце... Так, мусібыць, сталася з нацыяй беларусаў, чые пісьменнікі гэтак часта ўжываюць вобраз-сімвал бежанства (уцёкаў) як увасабленне драматычнага лёсу Бацькаўшчыны поруч з “тутэйшасцю”, “паяз-джанствам” ды іншымі праявамі супярэчлівага “беларускага шляху”.

Віктар Карамазаў скарыстаўся магутнай плынню памяці, якая лёгка пераносіла апавядальніка ў розныя часавыя пласты, робячы іх адзіным надзённым цэлым. Дадзены прыём, на наш погляд, дазваляў акцэнтаваць бясконцасць і ўзаемапранікальнасць асноўных гістарычных падзей. Мастак слова быццам бы нагадваў чытачу, што падцэнзурныя часы скончыліся і надышоў момант, калі неабходна пазбавіцца ад міфаў савецкага перыяду, перагледзець адносіны да асноўных этапаў айчыннай гісторыі, прыгадаць біяграфіі рэпрэсаваных беларускіх грамадска-палітычных дзеячаў. Як адзначана вышэй, пісьменнік падаў нацыянальнае быццё праз прызму скразной для беларускай літаратуры (асабліва XX ст.) тэмы бежанства-выгнання: “.. .адна людская хваля кацілася ад мірнага берага на захад, дзе вораг, яму насустрач, у агонь, і другая хваля ад таго самага берага рушыла на ўсход. Абедзве дарогі не новыя, пратораныя няведама ад якіх часоў, ад варагаў ці крыжаносцаў, татараў ці шведаў, ад тых, калі пачаліся войны, бо ваўсе часы не кожны могузяць урукі зброю, і той, хто гэтага нерабіў - жанчыны, старыя, дзеці, хворыя, - павінен быў сваім шляхам мацаваць людскі строй і род”. Пісьменнік падкрэсліваў, што ўцёкі ад ворага катастрафічна адбіваліся на дзвюх катэгорыях людзей: сялянах і дзецях (“... па чужых дарогах бяда найчасцей ганяла сялян і дзяцей. Калі бачыў, як жыццё адрывала ад зямлі, гнала па свеце селяніна, спакою не давала думка: ці знойдзецца каму карміць хлебам свет і што будзе з дзецьмі, хто іх накорміць? Бачыў у бежанскіх натоўпах дзяцей - думкі скіроўваліся ў іншы бок: што будзе з зямлёю, калі жыццё растрасе дзяцей па дарогах? Даўно заўважыў, што лёс сялянства і лёс дзяцей знітаваны вельмі моцна).

Выгнанне, паводле пісьменніка, акрамя відавочных негатыўных наступстваў (нівеляванне вартасці чалавечага жыцця, руйнаванне сям’і, звыклага ладу жыцця, духоўных і матэрыяльных каштоўнасцей), усё ж мела асобныя станоўчыя вынікі: “дарогі шмат чаму навучылі, і найперш - слухаць і бачыць чужое, разумець чужое галавою і сэрцам як сваё, ды і ў свае думкі-мары паглыбляцца, сваю душу слухаць”. Ідучы па шляху бежанца-ўцекача, здольная да рэфлексіі і самакрытыкі асоба атрымлівала прышчэпку ад шавінізму, стэрэатыпнага мыслення і самазахаплення. Новае навакольнае асяроддзе і людзі вымушалі персанажаў-інтэлігентаў В. Карамазава перагледзець стаўленне да ўласнай персоны, сваіх патрэб і свайго народа. У такіх умовах яскравей паўставалі і пазітыўныя рысы характару, і заганы.

Празаік недвухсэнсоўна згадаў вытокі, што падштурхнулі яго да мастацкіх пошукаў у рэчышчы навалы-кантынууму. Напрыклад, жыццё і творчасць класіка нацыянальнай літаратуры Максіма Гарэцкага запрашалі да роздумаў. Прываблівала і галерэя (своеасаблівая тыпалогія) персанажаў-бежанцаў: у мастацкай сістэме папярэдніка былі і сяляне-выгнаннікі, што пачалі пакутны шлях у часы Першай сусветнай (“Літоўскі хутарок”, асобныя “Сібірскія абразкі”, эпізоды ў дакументальна- мастацкіх запісках “На імперыялістычнай вайне”, “Камароўскай хроніцы”), і бежанцы-інтэлігенты, што, у першую чаргу, пачувалі сябе ўнутранымі эмігрантамі ў межах Расійскай імперыі, а пасля і Краіны Саветаў (“Жартаўлівы Пісарэвіч”), і шукальнікі лепшай долі на чужыне, хто верыў, што зможа зноў апынуцца на Радзіме (“Хадзяка”, “Амерыканец”), і салдаты, якія беглі з упарадкаванай і багатай чужыны дадому (абразок “Палонны”), і беларуская моладзь, якую вабіў шырокі, але нядобразычлівы свет з безліччу магчымасцяў, аднак іх урэшце скасоўваў трагічны збег абставін (гісторыя Марынкі з “Камароўскай хронікі”).

На наш погляд, В. Карамазаў адчуваў, што М. Гарэцкі свядома абмінаў шлях у нікуды раскулачаных і рэпрэсаваных (выключэнні - постаць Лявоніуса Задумекуса, асобныя персанажы “Камароўскай хронікі”). Можа, таму напрыканцы XX ст. аўтар рамана “Бежанцы” звярнуўся да багатага гістарычнага матэрыялу па гэтым пытанні. Тым больш, што сталі вядомымі новыя архіўныя крыніцы, якія вярнулі з нябыту шэраг шакавальных фактаў. Празаіка цікавіў сыход з родных і абжытых месцаў і рэвалюцыянераў, і грамадска-палітычных дзеячаў, якія выступалі за нацыянальнае адраджэнне і высылаліся ўладамі за межы радзімы, і сялян, што ў пошуках сродкаў для існавання імкнуліся ў Сібір, на Далёкі Усход, у Паўночную Амерыку, і “чужых”, хто ў часы грамадзянскай вайны свядома не мог ці не імкнуўся ўгрунтавацца на глебе Краіны Саветаў, і так званых кулакоў поруч з іншымі гіпатэтычнымі “ворагамі народа”.

Найбольш багаты на дэталі малюнак уцекачоў-бежанцаў звязаны з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, што зрушыла з абжытых месцаў вялізныя масы насельніцтва. Услед за Ф. Скарынам В. Карамазаў параўнаў абжытыя месцы з гнёздамі: “Тыя дні людзі не спяшаліся пакідаць свае гнёзды, чагосьці яшчэ чакалі, усё не верылі, што з імі, з кожным, можа гэтакае стацца: жыў-быў чалавек, абрастаў хатамі, хлявамі, жывёлаю, птушкамі, рэчамі, звычаямі, знаходзіў, не заўсёды хай разумна і лёгка, сваё месца паміж людзьмі, і вось на табе - кідай усё, што ў хаце ды хлявах, як чужое, непатрэбшчынў”.

Зыходзячы са стаўлення персанажаў да матэрыяльных каштоўнасцей, празаік, на наш погляд, умоўна падзяліў іх на два тыпы: дзейныя асобы, падобныя да Ільі Асташонка, што вымяраў дабрабыт у грашова-рэчыўным эквіваленце, і Захара Падабеда, які часцей за ўсё імкнуўся да душэўнай гармоніі і забываўся на побыт і нястачы. У адпаведнасці са спецыфікай светаўспрымання персанажы па-рознаму пераносілі бежанскі лёс. Былі тут і своеасаблівыя філасафізм, стаіцызм і пакора, жаданне дапамагчы такому ж выгнанніку, што проціпастаўляліся хвалям абурэння, хваравітым росшукам вінаватых, адстойванню выключна ўласных інтарэсаў.

Пасля тэктанічнага зруху чэрвеня 1941 г., як сведчыў В. Карамазаў, беларусам зноў давялося выправіцца ў выгнанне ўжо ў 1986 г. Услед за прататыпамі з рэальнага жыцця сталыя персанажы рамана параўноўвалі першыя месяцы пасля выбуху на ЧАЭС і пачатковы этап Вялікай Айчыннай вайны: у абедзвюх сітуацыях асоба сутыкалася з экстрэмальнымі абставінамі існавання, што адбіваліся на светапоглядзе кожнага чалавека і аксіялагічнай сістэме нацыі. Пасля Чарнобыльскай катастрофы, у адрозненне ад ужо выпакутаваных навал мінулага, шанец на вяртанне зводзіўся да мінімуму, станавіўся нечым прывідна-гіпатэтычным для некалькіх (дзясяткаў?) пакаленняў. Заканамерным, хоць і не выказаным непасрэдна ў творы, было знакавае пытанне “за што?” адказаць на якое спрабаваў яшчэ Хомка Шпак з аповесці “Ціхая плынь” М. Гарэцкага. Такім чынам, «“Чарнобыль” разумеўся... як цэлае вязьмо самых злых і разбуральных для беларусаў сіл, прычым на працягу ўсяго XX стагоддзя». Апошняя падзея, паводле пісьменніка, успрымалася як апафеоз зласлівага лёсу, што аб’яднаў і волю выпадку, і абсурднасць і імперсанальную жорсткасць гісторыі.

Акрамя ўласна тэмы бежанства, В. Карамазаў адчуваў адмысловую повязь з традыцыямі адлюстравання вайны, закладзенымі ў новай беларускай літаратуры М. Гарэцкім. Напрыканцы XX ст. маладзейшы пісьменнік імкнуўся давесці, што проза пра першую ў гісторыі чалавецтва сусветную вайну заставалася актуальнай і напярэдадні новага тысячагоддзя. В. Карамазаў падаў каларытны дыялог двух галоўных персанажаў, каб прыцягнуць увагу да праблемы чытач - творца - час:

- Памятаеш, Ілья, яку Гарэцкага юнкер Шалапутаў? У занатоўках Лявона Задумы. Хоць Шалапутаў і хлюст, але навабранчыкаў называў дакладна: шпакамі, шэрымі, шляпамі.

Асташонак матлянуў галавою:

- Не чытаў. Не ведаю.

- Чытаў. Забыўся. Я табе кнігу даваў, ты яе паўгода ў спальні на тумбачцы трымаў. Ілья пачаў хрумстаць гурком:

- У кнігах брахня.

- Не кажы, Ілья. Сам прасіў у мяне Гарэцкага, калі дазнаўся, што з мужыкоў і наш сусед - мсціслаўскі. Не можа быць, казаў, каб наш мужык, калі ўзяўся пісаць, збрахаў. Казаў гэтак?

Асташонак змоўчаў. ...

- А можа, і не чытаў. Паляжала ў цябе кніга паўгода, а ты яе не чытаў. Такую кнігу! Яе трэба чытаць кожнаму, хто ідзе на вайну. I хто чакае чалавека з вайны”. Ухвала спадчыны М. Гарэцкага выглядала натуральна, але ў цытаце ўвага звернута менавіта на выбіральную няпамятлівасць. Так В. Карамазаў у алюзійнай форме згадваў пра лёс кніг папярэдніка, на якія выпадкова ці наўмысна “забыліся” пасля таго, як яны трапілі ў спецсховішчы, бо імя іх аўтара асацыявалася з нацдэмаўшчынай.

Паказальна, што ў рамане “Бежанцы” М. Гарэцкі выведзены не як недасягальны класік, а як асоба, што падзяліла нялёгкую долю выгнанніка з суайчыннікамі. Яго жыццёвы шлях звязаны і з перыпетыямі Першай сусветнай вайны, і з падзеямі рэвалюцыі, і з палітычнымі рэпрэсіямі. Як і персанаж В. Карамазава Захар Падабед, знакаміты пісьменнік, літаратуразнаўца і грамадскі дзеяч пакутаваў у тым ліку і ад даносаў нядобразычліўцаў. Можа, менавіта таму ў рамане “Бежанцы” паўстаў эпізод з выпадкова згубленымі ў часы Вялікай Айчыннай вайны афіцыйнымі паперамі, што назбіраліся за адносна кароткі тэрмін існавання Краіны Саветаў. В. Карамазаў даводзіў: “Колькі тут было людскога болю ці крывадушнай жорсткасці, у залежнасці ад таго, скардзіўся чалавек ці даносіў, шукаў праўду ці закопваў праўду ў яму, сеяў дабро ці зло, спадзяваўся на закон ці беззаконне. З паперак дыхала жыццё, кожная сведчыла, як на судзе, пра час”. I празаік, і апавядальнік разважалі, што ж павінна стацца з гэтымі дакументамі, што адначасова выглядалі і як спецыфічны састаў злачынства, і як адмысловае абвінавачванне. Падабед не ведаў, ці то захаваць паперы, ці то дазволіць вайне знішчыць іх як нешта непатрэбнае, як тое, што аджыло свой век. У апошнім выпадку разам з недаўгавечнымі носьбітамі інфармацыі магла знішчыцца і чалавечая памяць. Падобны вынік пужаў героя-настаўніка, які разумеў, што ў такім разе жахі мінулага лёгка маглі адрадзіцца ў самай звыродлівай форме.

Творы, так ці інакш звязаныя з ваеннай тэматыкай, вызначаліся пільнай увагай да постаці ворага. Перш за ўсё мастакоў слова цікавіў механізм ператварэння свайго ў чужога: напрыклад, апавяданне “Рускі” М. Гарэцкага, апавяданне “Адна ноч” і аповесці “Сотнікаў” і “Знак бяды” В. Быкава, раман “Карнікі” А. Адамовіча і інш. В. Карамазаў таксама паспрабаваў выкласці генезіс падобнай варожасці: “.. .за частаколам - нос-трэсачка. Ні твару, ні вачэй, ні таго жыцця, што абавязкова... павінна існаваць на твары, проста нос-трэсачка, ражонца танклявае, а пазнаў - ён, злыдзень. Спачатку разгубіўся: чаму - злыдзень? чаму мы з ім ворагі? чаму ўсе мы... - яго ворагі? ці ворагам нарадзіўся? чаму падлеткам-стрыгунком пайшоўу банду? таму, што раскулачылі і вывезлі бацьку? за што вывезлі? за тры мяхі збожжа, схаванага ад улады?”. Пытанняў у персанажа было нашмат больш, чым адказаў: асабліва таму, што Захар Падабед мог з лёгкасцю прыгадаць практычна ідэнтычную сітуацыю з гісторыі ўласнай сям’і. Брат персанажа - Сідар - раскулачаны, але Падабед (некалькі разоў трапляў у поле зроку НКУС) чамусьці не дазволіў сабе пайсці па шляху помсты. У такім выпадку колькасць пытанняў толькі памнажалася б: “...а за штораскулачылі браценніка Сідара, калі той настаўнічаў у вёсцы, не меў ні каня, ні каровы? можа, і той васькавіцкі гарбун, бацька носа-трэсачкі, не большы кулак, як Сідар? можа, і яго, Захара Падабеда, трэба было, як Сідара, раскулачыць - абодва ж настаўнікі? і тады - чаму з ім, Захарам, атрымалася наадварот - сам пасабляў выяўляць схаванаеў кулакоў збожжа?”. У выпадку “носа-трэсачкі” спрацавала, верагодна, схільнасць да “непрадвызначанага здрадніцтва”. Эпізадычны персанаж захлынуўся ў адмоўных эмоцыях, дазволіўшы ім забіць парасткі гуманізму. Захар Падабед, паводле В. Карамазава, заўсёды спрабаваў змадэляваць свае паводзіны ў тых ці іншых абставінах, таму ён не збіраўся адразу ж папракаць “ворага”, навешваць ярлыкі. Некаторыя ўчынкі (удзел у раскулачанні), што здаваліся натуральнымі ў Краіне Саветаў 1920 - 1930-х гг., ужо ў наступныя дзесяцігоддзі сталі нечым анамальным, вартым не гонару, а сораму.

Віктар Карамазаў доказна сцвердзіў умоўнасць падзелу на сваіх і чужых: насуперак прапагандысцкім лозунгам, масавым поглядам на ворага, звычайная нямецкая жанчына дапамагла Захару Падабеду выратавацца з няволі. Тыпалагічна гісторыя з рамана “Бежанцы” нагадвае абразок “Палонны” М. Гарэцкага. Акрамя таго, Захар Падабед адчуваў, што ён надзвычай добра разумеў псіхалогію тых асоб, якія лічыліся бясспрэчнымі ворагамі савецкай улады (але не ворагамі гуманістычнага). Такое адкрыццё хавалася ад чужых - суграмадзян, якія свядома, а часцей за ўсё вымушана, падзялялі афіцыйны курс улад.

Раман “Бежанцы” Віктара Карамазава - твор, што годна працягнуў нацыянальныя традыцыі адлюстравання тэмы бежанства. Мастак слова звярнуўся да вопыту Максіма Гарэцкага, які ўжо ў 1920 - 1930-я гг. распрацаваў цэлую галерэю персанажаў-уцекачоў. Досвед папярэдніка ў значнай ступені дапамог пісьменніку знітаваць падзеі ўсяго XX ст. у адзінае цэлае. У рамане прасочваюцца паралелі паміж перажытым у Першую сусветную і Вялікую Айчынную войны, у часы Чарнобыльскай катастрофы. Сімптаматычна, што В. Карамазаў акрамя адмоўных праяў бежанства падкрэсліў і тое станоўчае, што магло нарадзіцца ў складаных жыццёвых абставінах. Асаблівая ўвага празаіка звернута на імагалагічныя росшукі: напрыклад, размежаванне свайго і чужога ў кантэксце наступстваў класавай барацьбы і рэпрэсій. Акрамя таго, у рамане прысутнічаюць разважанні пра аксіялагічныя змены, выкліканыя навалай-кантынуумам.