Яраслаў Клімуць

Анталогія літаратурнай Магілёўшчыны
Раздзел вядзе Яраслаў КЛІМУЦЬ

Максім Гарэцкі

Дваццатае стагоддзе пачыналася абуджэннем рэвалюцыйнай барацьбы, што спрыяла станаўленню нацыянальнай самасвядомасці. Інтэлігенцыя пачынае цікавіцца гэтымі праблемамі. Але, як і раней, у асноўным прадстаўнікі вёскі папаўнялі рады дзеячаў культуры, абуджалі нацыянальны рух, садзейнічалі паскарэнню літаратурнага працэсу. Так ужо сталася, што ніводзін з беларускіх пісьменнікаў, што працавалі ў XIX стагоддзі, не дажыў да пачатку новага адраджэння. Застаўся толькі Ядвігін Ш., які ў канцы мінулага стагоддзя надрукаваў першыя творы на рускай мове. На пачатку ХХ-га ён становіцца адным з вядучых празаікаў. Неўзабаве пачынае набываць сілу і звонкасць заклікальны верш Цёткі. А за імі загучаў набатны голас нашых волатаў літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Першая рэвалюцыя нарэшце прабіла бар’еры маўчання і забарон, і беларусы атрымалі магчымасць выдаваць сваю газету. Рэдакцыя «Нашай долі», а затым «Нашай нівы» стала цэнтрам згуртавання маладых літаратурных сіл. Тут пачынаюць дэбютаваць паэты і празаікі, якія сталі класікамі беларускай літаратуры: Змітрок Бядуля, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі.

Максім Іванавіч Гарэцкі нарадзіўся ў вёсцы М. Багацькаўка на Мсціслаўшчыне 18 лютага 1893 года ў сям’і бедных сялян. Пасля сельскай школы паступіў у Горацкую каморніцка-агранамічную школу. Ужо тут ён спрабуе пісаць, задумвацца над лёсам беларускага інтэлігента першага пакалення, яго пэўнай непрыкаянасцю. Пачынаючага пісьменніка трывожыла тое, што вёска быццам адразала ад сябе кожнага, хто хоць колькі спрабаваў выйсці з межаў устаяўшыхся звычак: бацька-гаспадар, затым становяцца наследнікамі яго сыны і г. д. Тыя, хто адыходзілі ад спрадвечных установак, шукалі свайго самастойнага шляху, тым больш, калі яны станавіліся адукаванымі, рабіліся ізгоямі. Вёска такіх людзей успрымала з насцярогай, відаць, памятаючы, што самы страшны пан — з мужыкоў. I як пісьменнік, Гарэцкі будзе даследаваць стан душы такога чалавека, шукаць адказу на шматлікія пытанні «чаму»? I ў час працы каморнікам у Віленскай акрузе, і службы ў арміі, а затым і як удзельнік імперыялістычнай вайны ён будзе дабівацца разгадкі гэтых чалавечых адносін. У першых апіавяданнях, што склалі зборнік «Рунь», героі таксама імкнуцца вырашаць гэтыя праблемы.

Максім Гарэцкі ставіў перад сабой і літаратурай вялікую задачу нацыянальнага абуджэння. Ён тэарэтычна абгрунтаваў у артыкуле «Думкі і развагі» неабходнасць стварэння нацыянальнай празаічнай традыцыі, патрэбу з’яўлення беларуса-Гогаля, які б усяму свету змог паказаць нацыянальныя тыпы. Што ж, без перабольшання можна сказаць, што гэту задачу пачалі выконваць яшчэ ў дакастрычніцкі час Якуб Колас і сам Максім Гарэцкі.

Максім Гарэцкі, як ні адзін з прызнаных майстроў беларускай прозы, надзвычай аўтабіяграфічны. Ён піша як бы канцэнтрычнымі кругамі, зноў і зноў звяртаючыся да тых жа праблем, але ўжо твор узбагачаны жыццёвым вопытам, уздымае прозу да новых філасофскіх вышынь.

Аб гэтым сведчаць матывы апавяданняў «Стогны душы», «Роднае карэнне», «Што яно», «Літоўскі хутарок», «Генерал», «Рускі» і інш. У больш эмацыянальна-філасофскай форме разгорнецца аўтабіяграфічнасць у аповесцях «У чым яго крыўда?», «Меланхолія», «Ціхая плынь», «Дзве душы» (дарэчы, апошні твор амаль семдзесят год замоўчваўся і толькі ў 7-м нумары часопіса «Полымя» за гэты год апублікаван паўторна), «На імперыялістычнай вайне».

Як супрацоўнік «Звязды», ён у 1918 годзе аказаўся ў Вільні, адкуль не змог выехаць своечасова з-за наступлення бела-палякаў. Актыўна займаецца навуковай, літаратурнай і грамадзянскай дзейнасцю. Працуючы ў Віленскай беларускай гімназіі, узяў на сябе абавязак напісаць «Гісторыю беларускай літаратуры» (выдадзена ў Вільні ў 1920 годзе). Тры дапрацаваныя выданні яе ў Савецкай Беларусі сталі асноўным падручнікам для сярэдняй і вышэйшай школ дваццатых гадоў. У 1922 годзе быў арыштаван польскімі ўладамі, а пасля выслан з Вільні. У 1923 годзе пераехаў у Савецкую Беларусь, працаваў на рабфаку БДУ. У 1926—1928 гадах выкладаў беларускую літаратуру ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, а ў 1928—1930 — супрацоўнік Інбелкульта. У 1930 годзе трапіў у першую хвалю рэпрэсій і быў выслан у Вятку.

Далёка ад роднай зямлі ён праяўляе завідную працавітасць. У такіх умовах піша свае галоўныя кнігі «Віленскія камунары» і «Камароўскую хроніку», і зноў жа надзвычай аўтабіяграфічныя.

Афіцыйна лічыцца, што Максім Іванавіч Гарэцкі памёр 20 сакавіка 1939 года, але ёсць меркаванне, што яго жыццёвы лёс завяршыўся ў Курапатах.

Стогны душы

...Шумяць галіны на бярозах, шуміць-гудзе вецер, кідаецца ён мякка — неслухмяны — ка мне ў акно i рве на стале паперы. Звініць недзе муха, звініць, быццам увосень перад смерцю... Верабей хутка пратрос пад страхою сваю песню... А мне ізноў нудна, нудна, нудна... Я не хварэю ўсясветнай журбой-жудою, не, не — я хварэю нечым іншым, але чым?

Я жыць хачу вольным жыццём — жыццём радасці, добрага, вясёлага смеху і ўсяго таго, што побач з іншым творыць гармонію жыцця. Я хачу новага, лепшага жыцця. Я крэпка, усімі сваімі сіламі жадаю яго. Бо нездаволен, вельмі нездаволен... Як толькі стаў я мець сваё сумленне, маю вялікую ахвоту, думку сэрца, як бы выпаўзці самому і іншых вызваліць з гэтага жыцця, Бо ў ім навакол адны аграмадныя, гідкія камы бруду, бруду дрэннага, гнойнага... Я не хачу тры- ваць! I не вытрываю, бо нельга вытрываць. Я скіну, сарву ланцугі свайго старога жыіця і зраблю жыццё новае. Зраблю! Парву ланцугі спрадвечнай гульні-лені,. ланцугі глуму, шальмоўства і страшэннай, аграмаднай цемнаты векавечнай, тыя ланцугі, што робяць з чалавека скаціну, быдлё, што твораць «паноў» і «мужыкоў». Ланцугі гэтыя выдумаў хіба сам Люцыпар, скаваў, скаваў іх у сваёй кузні і скрыўдзіў імі ўсіх людзей усяго свету, што жылі і паўміралі, што мадзеюць і цяпер, хварэючы ад гэтых ланцугоў... Няможна, няможна! Гэтак не павінна быць і не можа быць!

1913 г.

Максімава зязюля

Пуста мне ў дарозе. Ні душы...

Лес і лес. Кедры, лісцвянкі, бярозы, малады параснік, кусты каля балот.

I не сказаць, каб усё гэта было вельмі пышна, густа ці наогул прыгожа. Звычайны лес, часам даволі рэдкі і нават дробны.

А галоўнае — нейкая адвечная маўклівая нуда пануе тут і гняце думкі і пачуццё. І птушак не чуваць. Толькі зрэдку тарабаніць жаўна.

Вось я выходжу на большы прагал, зелянейшы ад бяроз на яго ўскрайках, — дзесьці далёка і неяк асабліва сумна закукавала сібірская зязюля.

— Ку-ку! Ку-ку!

I мне ўспомніліся яго сумныя вершы:

— Не кувай ты, шэрая зязюля!..

Ці прылятае яна, шэрая, там, у Крыме, пакукаваць яму?

I дзе будзе маё апошняе прытулішча?

Можа, тут, у Сібіры, — як і яму, на далёкай чужыне?

І колькі, колькі нас, хадакоў і перасяленцаў, слухалі тут гэтае сумнае кукаванне, прыгадваючы сабе бары, мілае далёкае бацькаўшчыны?

1926 г.